Ветры буйныя (1927)/III/Я дарую табе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Куды вецер вее Я дарую табе
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я ДАРУЮ ТАБЕ…

Зацьвілі…
Зацьвілі…
Завіліся!..
Жоўталісьцем асеньнія сьцежкі…
Я дарую табе, як калісьці,
За вясёласьць тваю і усьмешкі,
Я дарую табе, як калісьці!..

І былі ў тых усьмешках дакоры,
Вусны крыўдай твае паланелі…
Дык затое міноры… міноры…
Дакраналіся струн і зьвінелі
Ў маім сэрцы міноры… міноры…

І зьвінелі… зьвінелі… зьнячэўку!..
Мо‘ таму ў маіх песенных плынях
Успамінала ня раз ты Шаўчэнку
З „запавітам“ над стэп‘ю Ўкраіны.
Тараса ўспамінала… Шаўчэнку.

Буду зваць цябе любай дзяўчынай
Заадно, што ты шчыра й папросту
Беларусь называла краінай!..
Дзе цьвіце па асеньнему росквіт,
Дарагой называла краінай!..

Зацьвілі…
Зацьвілі…
Завіліся!..
Жоўталісьцем асеньнія сьцежкі!..
Я дарую табе, як калісьці,
За дакоры твае і усьмешкі,
Я дарую табе, як калісьці.

1926 г.