Ой, ня яснага сокала
крыльле, —
Праімчаліся дні-сонцавеі…
Мае вочы журбу утапілі
У кляновай, пажоўклай лістве.
Праімчаліся дні
сонцавеі,
І гаі адцьвілі, адзьвінелі…
Ветры буйныя сум паразьвеялі,
Як туман залаты па вясьне!
І гаі адцьвілі,
адзьвінелі,
Ціха журацца ў лісьці асеньнім…
Плачуць сосны ў нямым задуменьні,
А пад соснамі ў ветразі сьцені.
Ціха журацца ў лісьці
асеньнім
Саламяныя, шэрыя вёскі…
Зацьвілі, завіліся ў дасені
Маіх песень лісты і пялёсткі.
Саламяныя шэрыя
вёскі
Ой, ды просіньню восіні зьліты…
А ў душы кармазынавы росквіт,
Як і сьцежкі зарой апавіты!..
Ой, ня яснага сокала
крыльле, —
Праімчаліся дні-сонцавеі…
Мае вочы журбу утапілі
У клянова-пунсовай лістве…
1924 г.
|