Коціца… коціцца
туман па гары;
Ой, ды ў полі коціцца
туман па даліне…
........
І шуміць над соснамі
ў зялёным бары, —
Зялёнага дубу,
дубу верхавіньне…
Крыюцца… крыюцца
наквецьцю палі;
над вадою хіляцца
ў золаце рабіны…
І лятуць над возерам
ў вырай жураўлі, ды лятуць над Нёманам
ў прочкі на чужыну.
Журацца… журацца
ў верасьні сады…
Сьцелюцца кужалем
кволыя пялёсткі!..
І ня моўкнуць струны
ў сэрцы маладым…
І зьбіраюць думы
залатую россып!..
Сыплюцца… сыплюцца
пацеркі вады;
патанулі ў шэрані
шоўкавыя руні…
А лісты пажоўклыя
спавілі сьляды, —
Каб зьвінелі голасна
майго сэрца струны.
Коціцца… коціцца
туман па гары, —
ды з-пад яру коціцца
туман на вазёры…
Я прышоў на ростані
кветкі падарыць
Беларусі мілай
ў сьветла-сініх зорах!
1926 г.
|