Перайсці да зместу

Ветры буйныя (1927)/I/Над возерам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Коціцца… коціцца Над возерам
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год
А ў палёх, палёх

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД ВОЗЕРАМ

Возера дрэмле…
Вербы зялёныя
стан пахілілі
на сонную гладзь,
ў постаці ціхай,
пад ночы апонаю,
сны старажытнасьці сьняць.

Ўдовы-бярозы
сваімі каралямі
горда глядзяцца
ў люстэрка вады,
зьяюць крыштальнымі,
дзіўнымі хвалямі;
сьцелюць на воду
адбіткі-сьляды.

Месяц-юнак,
круглаліцы, бялявы,
поглядам ніжа
вазёрную глыб,
косы спусьціўшы
на ўдумныя зьявы,
ціха плыве
над разлогам сяліб.

Зоры гараць
па-над возерам вольным,
човен цалуе
спакойную сінь,
плаўна калышыцца
ўзмахам павольным,
будзіць нямую,
застыўшую плынь.

1923 г.