Перайсці да зместу

Вершы (Падабед, 1926)/III/Пакінь, перастань галасіць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (У сэрцы радасьць…) Пакінь, перастань галасіць…
Верш
Аўтар: Язэп Падабед
1926 год
Ростань

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАКІНЬ, ПЕРАСТАНЬ ГАЛАСІЦЬ…

Мы знаем — наш шлях: іці мільёнамі,
І другіх нам шляхоў ня знаць.
Зацьвіце кветка — шчасьця колёніяў,
Зацьвіце кветкай шчасьця вясна!..

Сёньня сьвет наш — на двое раздвоены.
Куст, ракітавы куст, чуеш — бой!
Згінуць тым, чые сілы ня ўдвоены,
Чыё сэрца набракне журбой…

Мы знаем — уздым наш крыніцамі,
І ня скора змаганьню спын…
Ой, лозамі, лозамі ніцымі
Скрывавяць ня мала сагнутых ’шчэ сьпін!

І што-ж? Адплацім ня жартамі:
Можа хопіць у лесе асін?!
З барацьбой толькі прыдзем у Заўтра мы, —
Хто журбуе — пакінь, перастань галасіць!

Мы знаем — заўюцца ня раз ‘шчэ дарогі.
І загінуць мільёны. Ніхто з іх ня лішні!..
Эх! змаганьне нам сілы патроіць,
І апошні мы раз на устоі націсьнем…

Сонца зойдзе і сонца таксама ўзойдзе.
Сінь затопіць малінная чырвань.
І народ цьвёрдым поступам пойдзе,
К новым далям шагаючы шырай!..