Векавечны хмуры бор…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Векавечны хмуры бор...
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html


 * * *

Векавечны хмуры бор
Горда ўзносіцца высокі.
Моцна пахне хвояў смоль
Ад пякучай ліпня спёкі.

Сонцам спалены чабор
І густыя смягнуць травы,
Гарачынню з блізкіх поль
Тхне ў паветры нерухавым.

Ў небе яснасць і прастор,
Даль празрыста і бясхмара;
Мляўкасць, парнасць і бязволь,
Думкі вялыя ад жару...

Ах, знайсці б між дрэў ля гор
Ручаінкі бег самотны,
Супыніць бы смагі боль
І спачыць на ймху вільготным.

(1923)