Васількі (1914)/Павук
← Сіло | Павук Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1914 год |
Гадунец → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Павук (Ядвігін). |
Павук.
У ветку з дзіўна хітра сплеценых нітак папалася муха.
Сетку зрабіў і наставіў павук. Зрабіў і наставіў, — як рабілі і настаўлялі такіе-ж самые сеткі павуковы дзяды і прадзеды.
Папалася ў сетку муха, як пападаліся у такіе-ж сеткі яе бабкі і прабабкі. Як там было ў гэткіх сетках бабкам і прабабкам, муха чула і ведала, але цяпер, трапіўшы сама туды, як толькі наляцеў на яе павук с сваімі клюшнямі дый пачаў накідаць кандалы, сьцягіваючы і зьвязываючы імі крыльля з ножкамі, — яна заартачылася.
— Слухай ты, — кажэ, — крывапіўца: натуру тваю дасканальна знаю і ведаю, што дабра́ ад цябе не спадзевацца; дай-жэ хоць слова сказаць…
Э-э, — атказывае павук, — ведаю я гэтые гутаркі вашые — старая песьня! Кожная з вас, як толькі пападзецца да мяне, уселякімі тонамі галосіць: „павук крывапіўца!“ А ці-ж я адзін такі? Ці мала такіх-жэ крывапіўцаў паміж вашаго брата. Глянь на аваднёў, камароў: іх цэлые хмары! Ды і с твайго роду ёсць такіе, што калі ўрэжэ ў лытку…
— Не, павук, — перэпыніла, муха, — тое — дый ня тое: праўда, ссуць і яны кроў, але жыцьця не адбіраюць, а і то, праўду кажучы, хоць іншым разам і ім не даеш ты спуску, ўсё-ж такі лічым мы іх больш тваімі спадручнікамі, чым нашымі. Такіе, як я, нічога супольнаго з імі не маюць: мы жывём Божым дарам…
— Чым-бы вы там ні жылі, — ўжо злосна перэняў мову мухі павук, — гэта мне ўсё роўна; мне толькі абы была кроў, а пакуль ваш род не звядзецца, то і павуком крыві хваціць.
— А ці ведаеш-жэ ты, пракляты вісельнік, пачала муха, — што хоць згіну я, згіне мо ешчэ не адна такая, як я, але як зразу наляціць цэлы рой мух, ударыць у тваю сетку, тады ня толькі яна паляціць у ласкуткі, а бадай і ты жывым ня выйдзеш?! Здзекаваўся ты, пакуль па аднэй нас перэбіраў, але зыкну я толькі, і цэлая хмара…
— Ха-ха-ха! — зарагатаў павук і наляцеў ужо на галаву мухі. — Зыкнеш? Ты зыкнеш? Не дачэканьне! Не дачэканьне тваё!!.
І павук, запеніўшыся са злосьці, як бач прабіў галаву мусе і пачаў смактаць з яе кроў.
Ніколі, здавалася павуку, не смакавала так яму кроў, як гэтай мухі. Ніколі такой прагавітасьці ў яго не было, як вось цяпер. Вісеў ён над мухай, ажно пакуль што да капелькі крыві ня выссаў з яе, і тады толькі адбегся і глыбока заціснуўся ў сваю шчыліну.
Хоць і сыт быў, не спаў гэтай ночы павук. Неспакойные думкі налеталі на крывёй заліты павуковы мозг. А што, калі і праўда наляціць адразу цэлы рой мух? Ці утрымаецца сетка? Ці здалее ён даць усім адразу рады? І як гэта адважылася гэткая паганая муха такое слова яму, яму — павуку сказаць? Не адна муха мо’ не раз ужо і думала так, але каб сказаць?
Не спаў гэтай ночы павук, а на заўтрае, надумаўшыся, зрабіў і наставіў новых ешчэ дзесяць сетак…