Васількі (1914)/Сіло
← Вясельле | Сіло Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1914 год |
Павук → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сіло (Ядвігін). |
Сіло.
Ціснуў мароз, круціла мяцеліца. Паміж гумна і адрыны, дзе на гурбе стаяла, сіло, абсыпанае ўвакол мякінай с канаплямі, было крыху зацішней. Забраліся сюды сьнігір, верабейчык і сініца.
Сьнігір, важна насупырыўшы чырвоны свой валяк дый пасьвістываючы, як і ўвесь свой век рабіў, стаў падбірацца да канапель.
Дзюбануў раз, другі асьцярожна, але, разласаваўшыся, апанавала яго такая прагавітасьць, што ўзлез на самую сярэдзіну сіла ды давай малаціць, ажно пакуль петля не заціснула яму шыі.
— „Чык-чы-рык!“ усьцешыўшыся, пачала, здзекавацца над ім сініца, бо за сьнігіром сама баялася даступіцца да канапель. „Чык-чы-рык!“ крычала яна, ўвіхаючыся каля зернят, дый не агледзілася, як сама абедзьве нагі уплутала ў валасянку.
— „Чыў-жыў-жыў!“ адазваўся верабейчык, скачучы здалёку сіла́ і набіваючы мякінай свой валяк. „Жыў-жыў-жыў!“.