Перайсці да зместу

Васількі (1914)/Гадунец

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Павук Гадунец
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Суд
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гадунец (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гадунец.


Каля крыжавых дарог пад узгоркам разрасліся кусьцікі: пад’яловец, сухадрэўка і лаза. Кусьцікі былі дробные. Гулялі ветры лютые і абрывалі лісточкі з іх; пралёталі навальніцы страшэнные і крышылі галінкі іх; каціліся паводкі глыбокіе і падмывалі карэнчыкі ім. Дрэнна, зусім дрэнна стала жыць кусьцікам…

Вось, у цёмные ночкі сталі шэптацца паміж сабой кусьцікі, каб як долю сваю паправіць. Раіліся, раіліся і ўрэшці прыдумалі узгадаваць паміж сябе такое вялізарнае дрэва, каторае-бы густымі лістамі сваімі ад ліхіх ветраў закрывала іх, вялікімі галінамі сваімі ад страшэных навальніц сьцерагло, тоўстымі карэньнямі сваімі ад глыбокіх паводак бараніла.

Траплялася не раз, — памяталі кусьцікі, — як паміж іх залеталі зерняты з вялікіх дрэў, але яны і ўвагі на іх не зверталі: паляжыць гэтакае насеньне, паваляецца і то вецер далей яго гоне, то яно засохне і згіне. Але цяпер — пасьля нарады — на першае зерне, якое да іх трапіло, сыпнулі кусьцікі сваімі лісточкамі і іголачкамі і, гэтак прыкрыўшы, сталі шанаваць і сьцерагчы яго. С пястуна на другі год — на вясну — паказаўся расток, і пагнала яго ў гару. Цешыліся кусьцікі і, каб даць выгоду свайму гадунцу, не жалеючы, патсыпалі і патсыпалі яму то лісточкаў сваіх, то іголачэк.

Шмат год прайшло с таго часу, але ўсё-ж ткі прыждалі кусьцікі, калі іх гадунец — дрэва разраслося на здзіў высокае, на здзіў шырокае, на здзіў густое. Надзея кусьцікаў, што вось-вось цяпер настане для іх новае, спакойнае, лепшае жыцьцё, цешыла іх бязмерна.

І праўда. Таўстое карэньня, вялікіе галіны, густые лісты баранілі іх ад ворагаў: паводак, навальніц, ветраў, — але гадунец гэты закрыў ім і… сонцэ.

І — пагінулі кусьцікі!