Васількі (1914)/Суд
← Гадунец | Суд Апавяданьне Аўтар: Ядвігін Ш. 1914 год |
Важная фіга → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Суд (Ядвігін). |
Суд.
Эх, браточкі, кепска стала жыць на сьвеце, калі ўжо за курыцу сусед суседу анэгдысь калом галаву пашчэпаў, ды пасьля за гэтую самую курыцу (ведама, спусьціўшы адзін другому юху) будуць цягацца па сьледавацелёх, ды па судох. А што за шкоду зрабіла курыца? От, вырвала на гародзе бурачкоў на пядзі тры. А ім, гэтым задзіракам, колькі гэта курыца будзе каштаваць? Цэлаго патцёлка, калі ня больш! Німа цяпер памеж маладых дабра.
А вось паслухайце вы, якіе ў нас даўней былі суды. Нябошчык Янка (вечны пакой яго душы), „махляром“ што звалі, забраў са свайго аўса двох быкоў Рыгора Канцавога; праўда, аўса зьесьці — мала зьелі, але шмат стратавалі; дома пагадзіцца — не пагадзіліся, напісаў пахтар прашэньне і пайшло ў суд.
Цешыўся і я з гэтаго, бо ўжо колькі часу, як і на маіх шнурох пасьля ночы атава была стратавана — не іначэй, як гэта работа Рыгоравых Лысаго і Падласаго! Але, не злавіўшы за руку, не кажы, што злодзей. Шмат было гутаркі аб гэтых быкох у вёсцы, толькі мне Сталючонак патшапнуў, што, як у ночы хадзіў на рунь пільнаваць зайца, бачыў на маей атаве кабылу ўдавы Габрэліхі. Эгэ, думаю сабе, недачэканьне: злаўлю і я.
Павячэраўшы, зараз абуў лапці, насунуў кажух, дый ціхэнька шусць праз сенцы на гумнішчэ, гоцнуў праз плот, ды борздзенька на мяжу і бух!.. Ляжу… чэкаю…
Толькі першые пеўні прапеялі, як чую: едзе нехта на маю атаўку. Мусіць і аднэй малітвы не пасьпеў бы чэлавек прагаварыць, ходзіць ужо Габрэліхі кабылка па маей атаве і хрумшчыць, аж пена ідзе, а за аброць трымае ды водзіць сама Габрэліха. Здуру пагарачыўся я і, не пачэкаўшы, каб бліжэй мяжы падыйшлі яны, крыкнуў, скокнуў да кабылы. Але і Габрэліха, каб яе паралюш, спрытная была кабеціна: як бач, на кабылу ды ў скочку наўцёкі. Гнаўся я, гнаўся, але па ночы куды там!.. Назаўтра, чуць сьвет, узяў я старасту, двох панятых, і сьледам як раз давялі. Прызналася і Габрэліха, але заплаціць за шкоду не хацела. Падаў я на суд.
Праз якіх два тыдні прыходзяць нам павесткі: і Рыгору з Янкай, і мне з Габрэліхай — усім на адзін дзень. Паехалі. Міравы судзя быў у нашым вучастку немец, і надта цяжка было з ім разгаварыцца: мала нашай гутаркі ён разумеў, а мы яго ешчэ менш.
Выклікае на сам перэд Янку з Рыгорам і пытае:
— Ну, как біль?
— Не, — кажуць, — вашэ скородзе, далі-Бог, мы ня біліся…
— Балван, — закрычаў судзя, — я спрашываю, какой патрава?
Не, — кажэ Янка, — не па траве, а па аўсе, вашэ скародзе, хадзілі Рыгоравы быкі.
— Какой бік?
— Лысы і Падласы, вашэ скародзе.
— Больван, мошэннік! — ешчэ горш закрычаў судзя — в прошэні кафаріт воль, а теперь — бік! Сам не знаеш, хто імел потрава! Ідіте дамой! мне время нет! дело кончено!
Выйшлі Рыгор з Янкай, а я стаю і дрыжу: не іначэй, як пахтар наплутаў у прашэньні і замест быкоў упісаў валоў. Ах, каб яго ліха! А калі і ў маім прашэньні зьмяніў ды замест кабылы напісаў каня? Стаю, дрыжу і языка ў губе забыўся. Стаю, шапчу, каб ня збіцца, с панталыку: „кабыла, кабыла, кабы…“ А тут якраз клічэ мяне з Габрэліхай! Выйшоў я… стаю… дрыжаць калены (першы раз на суд папаў), бачу — і Габрэліха зьбялеўшы стаіць. „Кабыла, кабыла, кабы…“ шапчу я, аж тут трах! міравы і пытае:
— Ну, как?
— Кабыла, — кажу, вашэ скародзе.
— Как кабыла, кто?
— Габрэліха, — вашэ скародзе.
Але ўжо ані вочы мае не бачаць, ані вушы ня чуюць… стаю… дрыжу… як праз туман бачу — судзя сьмяецца, дый зноў пытае:
— Кто кабыла? кто?
— Удава, Габрэліха, Вашэ скародзе! Але ў вачох неяк весялей мне робіцца; мусіць справу выйграю, бо судзя замест Гневу сьмяецца, ды ізноў да нас:
— Ну вот і карашо: Ты, кажэ, хоць і мужчына, но маленькі, а она хоць і баба, но, правда, большая кабыла. Так вы лучше так… без суда. Зачем суд? помертесь!
Глянуў я на Габрэліху, зірнула яна на мяне. Стаім, чэкаем, што будзе.
— Но, ідіте, — кажэ, — в коррідор — помертесь! на то соседі — зачем суд?
Выйшлі мы ў калідор. Глянуў я на Габрэліху дый думаю сабе:
— Кепска будзе. Хоць віна і яе, але як прыйдзецца да меры, дык рады не дам — баба рослая!
Сталі мы гэтак бокам. Узняўся я на цыпачкі, і так на корх не хапае. Габрэліха, каб ёй дна не было, дагледзіла гэтую штуку, дый кажэ:
— Не, суседзе, гэта ня мера. Калі судзя сказалі памерыцца, дык трэба памерыцца, як мае быць. Судзя лепш ведае, што і як трэба да справы. Давай, плячыма станем.
Як сталі плечыма, а баба ешчэ ўчапілася за маю бравэрку, ды цісьне ў ніз, каб на цыпачкі не ўзняўся, — дык куды там! Бадай не на ўсю галаву ніжэй я росту. Уздыхнуў я, але што-ж зробіш — воля ! Вярнуліся ў камеру, а тут судзя і пытае:
— Ну, как?
— Памерыліся, — кажэм, — вашэ скародзе!
— Вот і хорошо! Ідіте, — кажэ, с Богом домой, дело кончено, я ошень рад!
Выйшлі мы. Толькі… але што там валаводзіць? Хочэце ведаць, які канец? Думаеце, што зараз, як цяпер вы, маладые, зараз у зьезд, у палату, у Пецярбург? Ані думаць! Да Бэркі трапілі і Рыгор з Янкай, і я з Габрэліхай. Што і як там было?.. ат, было, як было, але с таго часу ня ездзілі на суд.