ЛІСТ З ВЕСКІ
Ля вакон маіх
Вячорны сум,
Думы порхаюць, як матылі.
Распляпі-ж, віюга, белую касу,
Беласьнежныя палотны пасьцялі.
Ах, чаму-ж гэта
Такая золь,
Тэлеграфныя слупы ў агні…
Нехта срэбраную сыпіць соль
З недасяжнае той
Вышыні.
Спаць ня хочацца,
Такая ноч…
Конка вуліцай праплыла дзесьці.
Прада мною, у сінім задуменьні воч,
Прамінаюць дальнія
Глухія весьці.
Горад ціхне,
Горад змоўк,
Толькі мне чамусьці не заснуць.
Я сяло сваё успомніў зноў,
Дарагую сэрцу старану.
Там цяперака
Шумуе лее,
І вятры бягуць за сіні яр.
За Мазырскімі сьнягамі дзесь
Вёска родная
Стаіць мая.
Ей, далёкай,
Гэтага ня знаць,
Што аб ёй у горадзе нямала дум.
Не здарма жалезная рабочых раць
За вясковую,
За беднату.
На стале ў мяне,
Сярод газэт,
З вёскі прысланы учора ліст.
Словы простыя, як альфабэт,
У радках няроўных
Зацьвілі.
Пішуць мне яны:
— Здарова, брат!
Напісаць табе, што выпіць квас,
Прапішы-ка ты ў газэту нам
Пра вясковае жыцьцё
У нас.
А яшчэ, браточак,
Прапішы,
Старшыня ў нас, ведаеш, Сапрон,
Ён з „чужымі“ у начной цішы
Расьпівае заўжды самагон.
І каб ведалі
Ня толькі мы,
Напішы на першую старонку —
Школа новая ў нас ад зімы,
І чытальня,
Дзе была карчомка.
І калі… у добры час,
Маці рада за такога…
Прыяжджай, браток, да нас
Прыяжджай — свая падмога.
Ліст прачытаны,
Ціхая радасьць
Доўга ў мысьлях кружыла маіх.
.............
Вось ты дзе, саламяная праўда,
Гэткіх дальніх
Сярмяжных сваіх.
Старана мая,
Лес ды балота,
Вёска родная, можа таму
Твае словы, прапахлыя потам,
Даражэйшыя мне,
Чым каму.
І назаўтра
(З вясной напалову),
У скрутку газэтных папер,
Я прынёс у рэдакцыю новы,
Гэтак проста напісаны
Верш.
|