Перайсці да зместу

Васільковы россып (1929)/III/Да дому

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ліст з вёскі Да дому
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
На вакацыі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да дому (Дарожны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА ДОМУ

Як стаміўся і як зморан,
Адпачыць-бы ля ракі,
На сінеючых вазёрах
Запяваюць трысьнікі.

Вее сінь туманам сьвежым,
Стома ўлеглася ля ног,
Пескавыя узьбярэжжы
Мне прыпомніліся зноў.

Да сяла ўжо недалёка,
Лёгкі дым ляціць з садоў,
Млын стары ўсё так-жа бокам
Пахіліўся над вадой.

Дзеравяная званіца,
Ды разьбітыя званы
(Ім пара ўжо разваліцца)
Стогнуць нудна ў цішыні.

Вось і нашыя вароты,
Адчыняю. Як даўно…
З брэхам „Бобік“ наш дваровы
Зноўку лашчыцца ля ног.

Вось ён добры мой прытулак,
Колькі год і колькі зім…
— Добры дзень, мая матуля,
Гэта я, Сяргей — твой сын.

— Ты, сыночак… Дагарае:
Колёр макавы зары,
І ўжо з радасьці старая
Больш ня можа гаварыць.

І ў расчыненую хату
Я іду, як новы госьць.
Як зьмянілася тут багата,
А ў старых звычайна пост.

— Ну расказвай-жа, матуля,
Ці здаровы сёстры, брат, —
Ува мне ‘шчэ не заснула,
Юных год мая пара.

Я ‘шчэ помню, добра помню
Тую ростань і той дзень,
Асыпала сонца промні
На зямлю і на людзей.

Я ішоў наўгад сьцягою,
Пад абозны скрып калёс…
Маці, маці… што з табою,
Не шкадуй, я перанёс…

Не шкадуй, такіх багата,
Хай ляціць, няхай яно…
На страсе і каля хаты,
Вераб‘і ўзьнялі садом.

І звычайная бяседа
Палілася за сталом:
— Заўтра трэба йсьці на сена,
А сягоньня жыта жном.

Ураджай хоць невялікі,
Але ўсё-ж, ты знаеш сам,
І ад ветру ў садзе ліпы
Галаву схілілі нам.

Маці змоўкла, пахмурнела,
Я панік ад звыклых дум,
Толькі слухаў, як зьвінелі
Песьні жніўныя сялу.

А назаўтра ‘шчэ паляны:
Ня ссыпалі росных сьлёз,
Пабудзілі мяне рана:
— Ў добры час —
На сенакос!