ВЕЯНЬ
Зацьвітуць і асыплюцца ружы,
Вецер долам лісты замяце.
І на ўсім так, мой вораг ці дружа,
Ляжа восені жоўты цень.
Так заўсёды было і будзе,
І застанецца так навек,
Мо‘ затым сэрца палкае ў грудзях
Носіць кожны жывы чалавек.
Мо‘ з таго жнівень вострай касой
Сьцеле кветкі з травою ў пакос,
Каб у шуме асеньніх лістоў
Вецер скаргу лістамі разьнёс.
Каб у золаце сьцежкі й лугі,
Не тапталі вятры так часта,
І ў кляновыя строі тугі
Не магло заляйцацца шчасьце.
Расьцьвісьці толькі раз магчыма,
І ўславіць жыцьцё — толькі раз,
Вось чаму у адцьвіўшых лагчынах
Пад нагамі заўсёды гразь.
Вось чаму, колькі ты ні гадай,
Так заўсёды было і будзе,
І сьцяжынкі заўсёды у даль,
Па якіх адыходзяць людзі.
І чым болей шумуе вецер,
І крыжуюцца сьцежкі ля хвой,
Я іду весялейшым у сьвеце,
Вядучы сьцежкі долам травой.
Можа хто іх калі палічыць,
Можа ветры пяском занясуць,
А пакуль буду скрозь навальнічыць
І пажоўклую нішчыць красу.
Зацьвітуць і асыплюцца ружы,
Вецер долам лісты замяце,
Толькі я, мой далёкі дружа,
Буду болей яшчэ залацець.
Бо хачу не пялёсткамі падаць,
Ня схіляцца, губляючы ліст,
А цьвісьці, каб званіла радасьць,
І калосьсе аж нікла зямлі.
Мне ўсяго толькі дваццаць гадоў,
А здаецца вялікая ношка,
Бо ня мала таптаў я шляхоў
І губіў на зямлі валошак.
Мне шкада іх цяпер, але трэ‘,
Галавы не шкадуючы, йсьці,
Каб пад песьню сваю-жа згарэць
Ці іначай зусім расьцьвісьці.
І чым больш адцьвітае дуброва,
Тым ярчэй мае вочы гараць,
Тым званчэй на лісты каляровасьць
Рассыпае асеньняя рань.
Лес шуміць, а ці з лісьцем сустрэне
Верасьнёвы над полем звон,
Каб лісты разлажыць на карэньні
І пакорна схіліцца у сон.
Я ніколі ня стану карыцца
І хіліць галаву таксама,
Вось чаму, дарагая сястрыца,
Я заўсёды з разблытанымі валасамі.
Каб ад сквілу і прычэпак зрэбных
Завінуцца сьцягою ў пяскох,
Дзе ніколі ня пляміцца неба,
Дзе ў пагонях зьбіваецца мох.
Хай лістамі паляны варожаць
І заўсёды шуміць вербалоз,
Я іду стрэць дзяўчыну прыгожую
З навальніцаю русых валос.
Я іду рассказаць ёй, далёкай,
Што у сэрцы маім вясна,
Хоць і восень кілімы паблёклыя
Усьцілае на сьцежках нам.
У сэрцы хто нам супыніць кроў,
Хто жыцьцё, як лісты, разложыць?
Сонна жоўтыя травы ў вятрох
Залатымі лістамі варожаць.
Дык асыпайцеся, й ружы,
І бярозы губляйце ірдзень,
Каб вятры у халодныя сьцюжы
Паінакшаму славілі дзень.
|