Адцьвілі і пападалі ніц
У пялёстках душы лятуценьні.
Прыпаду да радзімых крыніц,
Галавою адкінуўшы сьцені.
Не патрэбны мне гонар і слава, —
Я радзіўся зусім такі,
Каб на сьцежках, палыном усланых,
Цяжкай броняю засьціць вякі.
Я ніколі, ніколі ня змоўкну,
Ў соннай постаці згасьне звон,
Лепш вачэй расчыню свае вокны
Бачыць колеры будучых дзён!
Каб цяпер можа крыўду горкую
Піць гладышкаю сіняю дня,
Ці, як сосны, стаяць за узгоркам
І шумець, шалясьцець да відна.
І калі праліецца над лесам
Рань чырвоным віном на іржышча,
Павіюцца сьцяжынкі з Палесься,
Павіюцца і радасьць паклічуць.
А цяпер, хай пападалі ніц
У пялёстках душы лятуценьні.
Прыпаду да радзімых крыніц,
Галавою адкінуўшы сьцені.
|