Перайсці да зместу

Васільковы россып (1929)/III/Сіні шум

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Студэнт Сіні шум
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
⁂ Адцьвілі і пападалі ніц
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сіні шум.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СІНІ ШУМ

Сіні шум, ой, шаўковісты шум,
Прытуліліся ліст да ліста,
Хай цяпер перад кожным душу
Расчыняю я тут і там…

Я і гэтым цяпер задаволены,
Толькі-б слухаць бярозавы звон
Там, дзе поле, шырокае поле
І заўсёды зара ля вакон.

Сам я часта пад пышнымі клёнамі
Слухаў жнівень і шум васількоў,
І сьціскалася сэрца ў далонях,
Як у жней васількі пад рукой.

А ў палёх жыта з ветрам хіліцца,
Жоўтай коньніцай абступае сяло!..
Не змагло яму сэрцайка сіліцца
Песьняй іншай зьвінець, не змагло.

Мо‘ таму і хрысьцілася маці
На шляхі у шырокіх палёх,
Што я многа часінаю траціў,
Ды сябе-ж самаго не зьбярог.

Але ўсё-ж я і гэтым здаволен, —
У вячэрні ці ранішні змрок
Сядзеш ціха за беленькі столік
І да раніцы трызьніш пяром.

Ўзыдзе сонца, рассыплецца ў росах,
Аддымяцца туманы за гаем,
Толькі ты з пагаслай папяросай
Для кагосьці ўсё вершы складаеш.

У поэтаў заўсёды бяссоньніца,
Гэта слава прышла не з-за гор,
Нават неба над соннаю звоньніцай
Парассыпала ягадкі зор.

Скора дзень. Месяц болей ня сьвеціць
І ў дуброве замоўк салавей,
Толькі чуеш, як заспаны вецер
Каля тыну шуршыць ў крапіве.

Ай ты, вецер — надломаны шум,
Прытуліліся ліст да ліста…
Хай цяпер перад кожным душу
Расчыняю я тут і там…