Перайсці да зместу

Васільковы россып (1929)/I/Якімі словамі сказаць мне любай

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня аб клёне Якімі словамі сказаць мне любай
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Сьцежкі павіліся

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯКІМІ СЛОВАМІ…

Якімі словамі сказаць мне любай,
Якімі песьнямі праліцца мне,
Што я ня веру больш асеньняй згубе —
Красе пахованай на дне.
Якімі словамі сказаць мне любай?

Пяройдуць дні, краса завяне,
Пяском сырым засыплюцца лісты,
І зноўку холад панясуць туманы
Агнём апошнім адцьвісьці.
Пяройдуць дні, краса завяне.

Таму ніколі я так сэрца не карыў,
І пацалункамі яшчэ душы ня пляміў,
А клёны плачуць золатам зары,
Гавораць лісьцямі, гавораць над палямі.
Таму ніколі я так сэрца не карыў.

Спакойна хіляцца каліны ўвечары,
Люляюць кволымі рукамі цені.
Каго я ведаў тут, ўжо больш ня стрэчу:
Яны з туманам дзесь адшалясьцелі.
Спакойна хіляцца каліны ўвечары.

Цяпер я зноў адзін, ні суму, ні тугі,
Схіляюць вербы русыя галовы,
І скрозь туман здаецца ўсё другім,
У вопратках асеньня-новых.
Цяпер я зноў адзін, ні суму, ні тугі.

Стаю каля вакна, а там вялізны месяц,
І ледзь бялее за гарой сяло,
І мімаволі горнецца да сэрца песьня,
Каб вечна радаваць кустамі слоў.
Стаю каля вакна, а там вялізны месяц.

Якімі-ж словамі сказаць мне любай,
Якімі песьнямі праліцца мне,
Што я ня веру больш асеньняй згубе —
Красе пахованай на дне?
Якімі словамі сказаць мне любай?