Перайсці да зместу

Васільковы россып (1929)/I/Сьцежкі павіліся

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Якімі словамі сказаць мне любай Сьцежкі павіліся
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
⁂ За вакном тры клёны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬЦЕЖКІ ПАВІЛІСЯ

Сьцежкі павіліся, сьцежкі зарасьлі,
Што у песьні выпяеш, дык пяройдзе ў слынь,

З поўначы на поўдзень залаты прастор,
Я-ж цяпер інакшы, я цяпер ня той.

Ці то ветры звоняць, ці шуміць аер:
Мне-б віліся косы русыя — твае.

Насустрэчу толькі туманы з балот…
Помню, як ты вышла ціха за сяло.

Туманы сінелі, не маглі зьвінець.
Ты сказала ціха: ня гукай мяне.

Ледзь шуршалі словы ў занізях калін.
Хто каму паверыў? — Вусны расьцьвілі…

Беласьнежны месяц па-над асакамі…
Шоўкавыя косы распляла рукамі.

І тыя туманы, і вярба за плотам.
Цалаваў на ростань позна ля варотаў.

Але тыя сьцежкі сёньня дзе яны?
Так-жа ціха бомкаюць медныя званы.

Так-жа сіньню веюць туманы з расой,
Дзе-ж цяпер ты, любая, з русаю касой?

Сьцежкі павіліся, сьцежкі зарасьлі,
Ды гуляюць ветры толькі ля калін.