Васільковы россып (1929)/I/Штрыхі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сінія завеі Штрыхі
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
⁂ Закрыю голаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШТРЫХІ

1

Што такое добрае мне сказаць ці выпяяць?
На лугох рассыпаны срэбраны цім‘ян,
І такая радасная сьніцца зноў мне Прыпяць,
І такі шаўковісты над берагам туман.

Думкі, бы лілеі, паплылі у хвалях,
Каля тых узгоркаў, каля тых лясоў,
Дзе стаяла любая, доўга дзе стаяла,
Там цяпер слядочкі загубіў пясок.

Там цяпер заранка расьцьвіла рабінай
І ліецца ў далі ды па верасох.
Яе дзень цалуе, песьціць ласкай сіняй,
Асыпае рукі залатой расой.

2

Вось сасонкі стромкія сталі ля дарогі,
Колькі іх знаёмых мне, і не знаёмых.
З песьняю-ж так радасна залатыя ногі
Блытаць па дарозе, ад нязнанай стомы.

Ў песьнях гэтак радасна вобразы раскінуць,
Як дзяўчына косы русыя ў жніво,
За такую песьню не шкада й загінуць,
Не шкада й расстацца з буйнай галавой.

3

Часта раніцою срэбраныя сьлёзы
Бачу на каменьні й залатым пяску,
Хто іх тут насеяў, сумны ці вясёлы
Хто і скуль?!

Сонным ўсплёскам вецьця мне ў адказ сасонкі:
— Цалаваў нас месяц, цалаваў туман,
Гэта ён пасеяў сьлёзаў тых бясконца,
Гэта ён рассыпаў на лугох цім‘ян.