Перайсці да зместу

Васільковы россып (1929)/I/Закрыю голаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Штрыхі ⁂ Закрыю голаў
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
⁂ Пальцы белыя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Закрыю голаў белымі рукамі,
Глядзець ня буду ў бэзавы прасьцяг.
Узьвеюцца, разыйдуцца туманы,
І веі з поўначы ізноў зашалясьцяць.

Няхай маўчаць палі пад белымі сьнягамі
І месяц сонную трывожыць глуш.
Да любай мне сягоньнячы ня йсьці на ганак
І кос шаўковістых не расплятаць імглу.

Другою ласкаю шасьцяць палёў тканіны
І песьняй іншаю таму душа зьвініць,
І толькі мкнуцца шэрыя у галаве ўспаміны,
Ня ведаю куды ў вячорнай цішыні.

Навошта-ж я тады журыў па ёй нязнана?
Навошта сумаваў па занізі рабін?
Пасеялася песьня й зьнікла з туманамі,
Разьвеялася ветрам на сьнягі далін.
...............
Але міналі дні, міналася — іх многа,
Стаялі вербы ў сьнезе белай чарадой.
Я вышаў з песьняю у дальнюю дарогу
Сьцяжынку сабе вытаптаць пад наскаю зарой.

І вось цяпер, калі ўсё тыя былі,
Ўсё тыя-ж зоры звоняць над акном,
Маю тугу разьвеяў полем быльнік,
І песьні з кветкамі зьвіліся у вянок.

Ну, а яна,
Яна другой пуцінай
Пайшла з тугой рабінавай,
З тугою у вачох.
Яна цяпер ня вернецца: ў тумане сінім
Сьляды пасеяны бялявых ног.

Таму закрыю голаў белымі рукамі,
Глядзець ня буду на блакітны сьнег.
Я ведаю, тугі нідзе не напаткаю,
Калі зазвоніць песьня
Толькі па вясьне.