Перайсці да зместу

Васкрасенне (1937)/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Частка першая Васкрасенне. Частка другая
Раман
Аўтар: Леў Талстой
1937 год
Арыгінальная назва: Воскресение (1899)
Частка трэцяя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ЧАСТКА ДРУГАЯ


I

Праз два тыдні справа магла слухацца ў сенаце, і к гэтаму часу Нехлюдаў збіраўся паехаць у Пецербург і, у выпадку няўдачы, падаць прашэнне на высачайшае імя, як раіў адвакат, які пісаў прашэнне. І ў выпадку, калі скарга не дасць вынікаў, да чаго, па думцы адваката, трэба быць гатовым, бо касацыйныя падставы вельмі слабыя, партыя катаржных, да якой належала Маслава, магла адправіцца ў пачатку чэрвеня, і таму дзеля таго, каб падрыхтавацца да падарожжа за Маславай у Сібір, — што было цвёрда вырашана Нехлюдавым, — трэба было цяпер-жа з‘ездзіць па вёсках, каб упарадкаваць там свае справы.

Раней за ўсё Нехлюдаў паехаў ў Кузмінскае, бліжэйшы вялікі, чарназемны маёнтак, які даваў голоўны прыбытак. Ён жыў у гэтым маёнтку ў дзяцінстве і ў юнацтве, потым ужо дарослым два разы быў у ім і аднаго разу па просьбе маці прывозіў туды аконама-немца і правяраў з ім гаспадарку, так што ён даўно ведаў становішча маёнтка і адносіны сялян да канторы, г. зн. да землеўласніка. Адносіны сялян да землеўласніка былі такія, што сяляне знаходзіліся, гаворачы пачціва, у поўнай залежнасці, а кажучы проста, — у рабстве ў канторы. Гэта было не жывое рабства, як тое, якое было адменена ў б1-м годзе, рабства пэўных асоб гаспадару, але рабства агульнае ўсіх беззямельных або малазямельных сялян буйным землеўласнікам наогул і пераважна, а часам і выключна тым, сярод якіх жылі сяляне. Нехлюдаў ведаў гэта, не мог не ведаць гэтага, бо на гэтым рабстве была пабудавана гаспадарка, а ён спрыяў упарадкаванню гэтай гаспадаркі. Але мала таго, што Нехлюдаў ведаў гэта, ён ведаў і тое, што гэта было несправядліва і жорстка, і ведаў гэта з часоў студэнцтва, калі ён спаведаваў і прапаведаваў вучэнне Генры Джорджа і на падставе гэтага вучэння аддаў бацькаву зямлю сялянам, лічачы ўладанне зямлёй гэткім-жа грэхам у наш час, якім было ўладанне прыгоннікамі пяцьдзесят год перад гэтым. Праўда, што пасля ваеннай службы, калі ён прызвычаіўся пражываць каля дваццаці тысяч у год, усе гэтыя веды яго перасталі быць абавязковымі для яго жыцця, забыліся, і ён ніколі не толькі не пытаў сам сябе аб сваім дачыненні да ўласнасці і аб тым, адкуль бяруцца тыя грошы, якія яму давала маці, але стараўся не думаць пра гэта. Але смерць маці, спадчына і неабходнасць распараджацца сваёй маёмасцю, г. зн. зямлёю, зноў узнялі для яго пытанне аб яго дачыненні да зямельнай уласнасці. Месяц перад гэтым Нехлюдаў сказаў-бы сабе, што змяніць існуючы лад яму не пад сілу, што кіруе маёнткам не ён, — і больш або менш заспакоіўся-б, жывучы далёка ад маёнтка і атрымліваючы з яго грошы. Цяпер-жа ён рашыў, што, хаця ён неўзабаве маецца ехаць у Сібір і стаіць перад складанымі і цяжкімі дачыненнямі з турэмным светам, для якога неабходны грошы, ён усё-такі не можа пакінуць справу ў ранейшым становішчы, а павінен, з стратай для сябе, змяніць яго. Для гэтага ён наважыўся не абрабляць зямлю самому, а, аддаўшы яе за недарагую цану сялянам, даць ім магчымасць быць незалежнымі ад землеўласнікаў наогул. Шмат разоў параўноўваючы становішча землеўласніка з уласнікам прыгоннікаў, Нехлюдаў прыроўніваў аддачу зямлі сялянам, замест апрацоўкі яе работнікамі, да таго, што рабілі рабаўласнікі, пераводзячы сялян з прыгону на аброк. Гэта не было вырашэнне пытання, але гэта быў крок да яго вырашэння: гэта быў пераход ад больш грубай да менш грубай формы прымусу. Так ён і наважыўся зрабіць.

Нехлюдаў прыехаў у Кузмінскае блізка поўдня. Ва ўсім рабячы прасцейшым сваё жыццё, ён не тэлеграфаваў, а ўзяў са станцыі параконную фурманку. Фурман быў малады хлапец у нанкавай, падпяразанай па складках ніжэй доўгага стану, паддзёўцы, які сядзеў па-фурманску, бачком, на козлах і тым ахвотней гутарыў з панам, што, пакуль яны гутарылі, разбіты, кульгавы, белы каранны і сухарлявы запалены супражны, маглі ісці крокам, чаго ім заўсёды вельмі хацелася.

Фурман расказваў пра аконама ў Кузмінскім, не ведаючы таго, што ён вязе гаспадара. Нехлюдаў наўмысля не сказаў яму.

— Шыкоўны немец, — гаварыў фурман, які пажыў у горадзе і чытаў раманы. Ён сядзеў, поўабярнуўшыся да седака, то знізу, то зверху перахапляючы доўгае пугаўё, і, відавочна, хваліўся сваёй адукацыяй, — тройку завёў салавых, выедзе з сваёй гаспадыняй — дык чаго ты варты! — працягваў ёй. — Узімку, на каляды, ёлка была ў вялікім доме, я гасцей вазіў таксама, з электрычаскай іскрай. У губерні гэткай на пабачыш! Нарабаваў грошай — страх! Што яму: уся яго ўлада. Гавораць, добры маёнтак купіў.

Нехлюдаў думаў, што яму ўсё-адно, як кіруе немец яго маёнткам і як карыстаецца. Але расказ фурмана з доўгім станам быў непрыемным для яго. Ён любаваўся цудоўным днём, густымі цемнаватымі хмарамі, якія часам закрывалі сонца, і яравымі палямі, па якіх усюды хадзілі мужыкі за сохамі, пераворваючы авёс, і густа зазеленай рунню, над якой узнімаліся жаўранкі, і лясамі, пакрытымі ўжо, апрача позняга дуба, свежай зелянінай, і лугамі, на якіх пярэста вылучаліся статкі і коні, і палямі, на якіх віднеліся аратыя, — і часам, яму ўспаміналася, што было нешта непрыемна, і калі ён пытаў сябе: што? — дык успамінаў расказ фурмана аб тым, як немец гаспадарыць у Кузмінскім.

Прыехаўшы ў Кузмінскае і заняўшыся справамі, Нехлюдаў забыў пра гэта пачуццё.

Прагляд канторскіх кніг і размова з прыказчыкам, які з наіўнасцю выстаўляў выгады малазямельнасці сялян і таго, што яны акружаны панскай зямлёй, яшчэ больш сцвердзіла Нехлюдава ў намеры прыпыніць сваю гаспадарку і аддаць усю зямлю сялянам. З канторскіх кніг і размоў з прыказчыкам ён даведаўся, што, як і было раней, дзве трэці лепшай раллі апрацоўваліся сваімі работнікамі ўдасканаленымі прыладамі, астатняя-ж трэцяя частка зямлі апрацоўвалася сялянамі наймам па пяць рублёў за дзесяціну, г. зн. за пяць рублёў селянін павінен быў тры разы ўзараць, тры разы заскародзіць і засеяць дзесяціну, потым пакасіць, звязаць ці зжаць і адвезці на гумно, г. зн. зрабіць работу, што па вольнаму таннаму найму варта самае меншае дзесяць рублёў за дзесяціну. Плацілі-ж сяляне работай за ўсё, што ім трэба было ад канторы, самыя дарагія цэны. Яны рабілі за лугі, за лес, за бульбянік, і ўсе амаль мелі запазычанасць у канторы. Так, за запольныя землі, якія аддаваліся ў наймы сялянам, бралася за дзесяціну ў чатыры разы больш таго, што цана яе магла даваць з разліку з пяці процантаў.

Усё гэта Нехлюдаў ведаў і раней, але ён цяпер даведаўся аб гэтым, як аб новым, і толькі здзіўляўся таму, як могуць усе людзі, якія знаходзіліся ў яго становішчы, не бачыць усёй ненармальнасці гэткіх адносін. Довады аконама аб тым, як пры перадачы зямлі сялянам нізавошта загіне ўвесь інвентар, які нельга будзе прадаць за адну чвэртку таго, чаго ён варты, як сяляне папсуюць зямлю, наогул, як багата Нехлюдаў згубіць пры гэткай перадачы, толькі яшчэ больш пераконвалі Нехлюдава ў тым, што ён робіць добры ўчынак, аддаючы сялянам зямлю і пазбаўляючы сябе большай часткі прыбыткаў. Ён наважыўся скончыць гэту справу цяпер-жа, у гэты свой прыезд. Сабраць і прадаць пасеяны хлеб, распрадаць інвентар і непатрэбныя будынкі — усё гэта павінен быў зрабіць аконам ужо пасля яго. Цяпер-жа ён прасіў аконама сабраць наступным днём сход сялян трох вёсак, акружаных зямлёй Кузмінскага, каб паведаміць іх аб сваім намеры і дамовіцца наконт цаны за зямлю, што прадавалася.

З прыемным адчуваннем сваёй цвёрдасці супроць довадаў аконама і гатоўнасці ахвяраваць для сялян, Нехлюдаў вышаў з канторы, абмяркоўваючы наступную справу, прайшоўся вакол дома па кветніках, запушчаных сёлета (кветнік знаходзіўся супроць дома аконама, па lawn-tennis‘у, які зарастаў цыкорыем, і па ліпавых прысадах, дзе ён звычайна хадзіў курыць сваю цыгарку, і дзе какетнічала з ім тры гады перад гэтым матчына госця, прыгожая Кірымава. Прыдумаўшы коратка прамову, якую ён скажа заўтра мужыкам, Нехлюдаў пайшоў да аконама і, абмеркаваўшы з ім за чаем яшчэ раз пытанне аб тым, як ліквідаваць усю гаспадарку, зусім заспакоіўшыся ў гэтай справе, якую ён збіраўся зрабіць для сялян, увайшоў у прыгатаваны для яго пакой вялікага дома, прызначаны для прыймання гасцей.

У невялікім чыстым пакоі гэтым з карцінамі відаў Венецыі і люстрам паміж двух акон стаяў чысты пружынны ложак і столік з графінам вады, запалкамі і гасілкай. На вялікім стале каля люстра ляжаў яго адкрыты чамадан, з якога віднеліся яго туалетны несесер і кнігі, узятыя ім з сабой: руская — спроба даследавання законаў злачыннасці, аб тым самым адна нямецкая і адна англійская кніга. Ён хацеў іх чытаць у вольныя мінуты ў час паездкі па вёсках, але сёння ўжо не было калі, і ён збіраўся класціся спаць, каб заўтра раней падрыхтавацца да гутаркі з сялянамі.

У пакоі ў кутку стаяла старажытнае крэсла з чырвонага дзерава з інкрустацыямі, і выгляд гэтага крэсла, якое ён памятаў у матчынай спальні, раптам узняў у душы Нехлюдава зусім нечаканае пачуццё. Яму зрабілася шкада і дома, які разбурыцца, і саду, які запусціцца, і лясоў, якія вырубяцца, і ўсіх тых абораў, стайняў, інструментавых памяшканняў, машын, коней, кароў, якія хаця і не ім, але — ён ведаў — заводзіліся і падтрымліваліся з гэткімі цяжкасцямі. Раней яму здавалася лёгка адмовіцца ад усяго гэтага, але цяпер яму зрабілася шкада не толькі гэтага, але і зямлі, і паловы прыбыткаў, якія маглі гэтак спатрэбіцца цяпер. І адразу-ж яму на дапамогу з‘явіліся разважанні, па якіх выходзіла, што неразумна і не варта аддаваць зямлю сялянам і знішчаць сваю гаспадарку.

„Зямлёй я не павінен валодаць. А не валодаючы зямлёй, я не магу падтрымліваць усю гэту гаспадарку. Апрача таго, я цяпер паеду ў Сібір, і таму ні дом, ні маёнтак мне непатрэбны“, гаварыў адзін голас. „Усё гэта так, — гаварыў другі голас, — але, па-першае, ты не пражывеш-жа ўвесь век у Сібіры. Калі-ж ты ажэнішся, дык у цябе могуць быць дзеці. І як ты атрымаў маёнтак у спраўнасці, ты павінен такім самым перадаць яго. Ёсць абавязак да зямлі. Аддаць, знішчыць усё вельмі лёгка, завесці-ж усё вельмі цяжка. Галоўнае-ж — ты павінен абмеркаваць сваё жыццё і вырашыць, што ты будзеш рабіць з сабой, і адпаведна гэтаму і распарадзіцца сваёй уласнасцю. А ці цвёрда ў цябе гэта вырашэнне? Потым — ці толькі перад сваім сумленнем учыніш так, як ты ўчыняеш, або робіш гэта для людзей, для таго, каб пахваліцца перад імі?“ пытаўся ў сябе Нехлюдаў і не мог не прызнацца, што тое, што будуць гаварыць аб ім людзі, мела ўплыў на яго рашэнне. І чым больш ён думаў, тым больш і больш узнімалася пытанняў і тым яны рабіліся невырашальней. Каб пазбавіцца ад гэтых думак, ён лёг на свежы ложак і хацеў заснуць з тым, каб заўтра, на свежую галаву, вырашыць пытанні, у якіх ён цяпер заблытаўся. Але ён доўга не мог заснуць; у адчыненыя вокны разам з свежым паветрам і месячным святлом уліваліся крактанне жаб, яно перабівалася чаханнем і свістам салаўёў далёкіх, з парка, і аднаго блізка — пад акном, у бэзавым кусту, які пачаў распускацца. Слухаючы салаўёў і жаб, Нехлюдаў успомніў аб музыцы дачкі сматрыцеля; успомніўшы аб сматрыцелі, ён успомніў аб Маславай, як у яе таксама, як крактанне жаб, дрыжэлі губы, калі яна гаварыла: „вы гэта зусім пакіньце“. Потым немец-аконам пачаў спускацца да жаб. Трэба было яго ўтрымаць, але ён не толькі злез, але зрабіўся Маславай і пачаў дакараць яго: „Я катаржная, а вы князь“. „Не, не паддамся“, — падумаў Нехлюдаў і прачнуўся і запытаў сябе: „Што-ж, добра або дрэнна я раблю? Не ведаю, ды і мне ўсёроўна. Усёроўна. Трэба толькі спаць“. І ён сам пачаў спускацца туды, куды палез аконам і Маслава, і там усё скончылася.


II

Наступным днём Нехлюдаў прачнуўся ў 9 гадзін рання. Малады канторшчык, які прыслугоўваў пану, пачуўшы, што ён варушыцца, прынёс яму чаравікі, гэткія бліскучыя, якімі яны ніколі не былі, і халодную чыстую крынічную ваду і сказаў, што сяляне збіраюцца. Нехлюдаў саскочыў з ложка, апамінаючыся. Учарашняга пачуцця шкадавання аб тым, што ён аддае зямлю і знішчае гаспадарку, не было і следу. Ён з здзіўленнем успамінаў аб іх цяпер. Ён радаваўся той справе, якая стаяла перад ім, і міжвольна ганарыўся ёю. З акна яго пакоя відаць была зарослая цыкорыем пляцоўка lawn-tennis‘а, на якой, па загаду аконама, збіраліся сяляне. Жабы недарэмна кракталі ўвечары. Надвор‘е было хмарнае. Зранку ішоў ціхі, без ветру, цёплы дожджычак, які вісеў кропелькамі на лісцях, на галінах, на траве. У акне стаяў, апрача паху зеляніны, яшчэ пах зямлі, што прасіла дожджыку. Нехлюдаў некалькі разоў, апранаючыся, выглядаў з акна і глядзеў, як сяляне збіраліся на пляцоўку. Адны за аднымі яны падыходзілі, здымалі друг перад другам шапкі і картузы і станавіліся кружком, апіраючыся на кіі. Аконам, наліты, мускулісты, моцны малады чалавек, у кароткім пінжаку з зялёным пастаўленым каўняром і вялізнымі гузікамі, прышоў сказаць Нехлюдаву, што ўсе сабраліся, але што яны пачакаюць, — няхай раней Нехлюдаў, нап‘ецца кавы або чаю, і тое і другое прыгатавана.

— Не, ужо я лепш пайду да іх, — сказаў Нехлюдаў, перажываючы зусім нечакана для сябе пачуццё боязнасці і сораму ад думкі пра размову з сялянамі, што мелася быць.

Ён ішоў выканаць тое жаданне сялян, аб выкананні якога яны і не асмельваліся думаць, — аддаць ім за танную цану зямлю, г. зн. ішоў зрабіць для іх добры ўчынак, а яму было нечага сорамна. Калі Нехлюдаў падышоў да сялян, і агаліліся русыя, курчавыя, пляшывыя, сівыя галовы, ён гэтак збянтэжыўся, што доўга нічога не мог сказаць. Дожджычак маленькімі кроплямі працягваў ісці і аставаўся на валасах, бародах і на ворсе сялянскіх кафтаноў. Сяляне глядзелі на пана і чакалі, што ён ім скажа, а ён гэтак збянтэжыўся, што нічога не мог сказаць. Збянтэжанае маўчанне разбіў спакойны, самаўпэўнены немец-аконам, які лічыў сябе знаўцай рускага мужыка і вельмі добра, правільна гаварыў па-руску. Дужы, перакормлены чалавек гэты, таксама як і сам Нехлюдаў, уяўляў з сябе дзіўны кантраст у параўнанні з худымі, зморшчанымі тварамі і выстаўленымі з-пад кафтанаў худымі лапаткамі мужыкоў.

— Вось князь хоча вам дабро зрабіць — зямлю аддаць, толькі вы таго не варты, — сказаў аконам.

— Як не варты, Васілій Карлыч, хіба мы табе не рабілі? Мы дужа здаволены паняй-нябожчыцай, царства нябеснае, і малады князь, дзякуй яму, нас не пакідае, — пачаў рыжаваты мужык-красамоўца.

— Я затым і склікаў вас, што хачу, калі вы жадаеце гэтага, аддаць вам усю зямлю, — вымавіў Нехлюдаў.

Мужыкі маўчалі, нібы не разумеючы ці не верачы.

— У якім, значыцца, сэнсе зямлю аддаць? — сказаў адзін, сярэдніх год, мужык у паддзёўцы.

— Аддаць вам у наймы, каб вы карысталіся за невялікую плату.

— Разлюбезная справа, — сказаў адзін дзед.

— Толькі-б пад сілу плацёж быў, — сказаў другі.

— Зямлю чаму не ўзяць!

— Нам справа прывычная, — зямлёй кормімся!

— Вам-жа спакайней, толькі ведай — атрымлівай грошы, а то грэху колькі! — пачуліся галасы.

— Грэх ад вас, — сказаў немец, — калі-б вы працавалі ды парадак трымалі…

— Нельга нашаму брату, Васілій Карлыч, — загаварыў востраносы худы дзед. — Ты кажаш, навошта каня пусціў у хлеб, а хто яго пускаў: я за цэльны дзень, а дзень, што год, намахаўся касою, мабыць заснуў у начным, а ён у цябе ў аўсах, а ты з мяне скуру лупіш.

— А вы-б парадак вялі.

— Добра табе казаць — парадак, — сіла наша не бярэ, — адказаў высокі чорнавалосы, скрозь валасаты, нестары мужык.

— Дык я казаў вам, абгарадзілі-б.

— А ты лесу дай, — ззаду заступіўся маленькі, убогі мужычок. — Я хацеў летась агарожу зрабіць, дык ты мяне на тры месяцы затурыў вошы карміць у замак. Вось і зрабіў агарожу.

— Гэта што-ж ён гаворыць? — запытаў Нехлюдаў у аконама.

— Die erste Dieb im Dorfe[1], — па-нямецку сказаў аконам. — Кожны год у лесе яго лавілі. А ты навучыся паважаць чужую ўласнасць, — сказаў аконам.

— Ды мы хіба не паважаем цябе? — сказаў дзед. — Нам цябе нельга не паважаць, бо мы ў цябе ў руках, ты з нас вяроўкі ў‘еш.

— Ну, браце, вас не пакрыўдзіш; вы-б толькі не пакрыўдзілі.

— Як-жа, пакрыўдзіш! Разбіў мне летась морду, гэтак і асталося.

— З багатым, відаць, не судзіся.

— А ты рабі па закону.

Відавочна, ішоў слоўны турнір, у якім удзельнікі не разумелі, як след, навошта і што яны гавораць. Можна было заўважыць толькі з аднаго боку злабу, якую стрымліваў страх, з другога — разуменне сваёй перавагі і ўлады. Нехлюдаву было цяжка слухаць гэта, і ён пастараўся вярнуцца да справы: вызначыць цэны і тэрміны плацяжоў.

— Ды як-жа наконт зямлі? Ці жадаеце вы? І якую цану прызначыце, калі аддаць ўсю зямлю?

— Тавар ваш, вы цану вызначайце.

Нехлюдаў вызначыў цану. Як заўсёды, не гледзячы на тое, што цана, вызначаная Нехлюдавым, была многа ніжэй, як тыя, якую плацілі вакол, мужыкі пачалі таргавацца і знаходзілі цану высокай. Нехлюдаў чакаў, што яго прапанову сустрэнуць з радасцю, але праявы задавальнення зусім не было прыкметна. Толькі з таго Нехлюдаў мог заключыць, што прапанова яго дае ім выгоду, што калі началі гаварыць аб тым, хто бярэ зямлю — ці ўсё вобчаства ці таварыства, дык пачаліся жорсткія спрэчкі паміж тымі сялянамі, якія хацелі выключыць незаможных і дрэнных плацельшчыкаў з удзелу ў зямлі, і тымі, якіх хацелі выключыць. Нарэшце, дзякуючы аконаму, вызначылі цану і тэрміны плацяжоў, і сяляне, шумна гутарачы, пайшлі пад гару, да вёскі, а Нехлюдаў пайшоў у кантору складаць з аконамам праект умовы.

Усё зрабілася гэтак, як гэтага хацеў і чакаў Нехлюдаў: сяляне атрымалі зямлю процантаў на 30 танней, чым аддавалася зямля ў акрузе, яго даход з зямлі зменшыўся амаль на палову, але яго было з лішкам дастаткова для Нехлюдава, асабліва з дадаткам сумы, якую ён атрымаў за прададзены лес і якую павінен быў атрымаць за продаж інвентара. Усё, здавалася, было вельмі добра, а Нехлюдаву ўвесь час было чамусьці сорамна. Ён бачыў, што сяляне, не гледзячы на тое, што некаторыя з іх дзякавалі яму, былі незадаволены і чакалі чагосьці большага. Атрымлівалася, што ён адабраў у сябе багата, а сялянам не зрабіў таго, чаго яны чакалі.

На другі дзень умова хатняя была падпісана, і Нехлюдаў, якога прышлі праводзіць абраныя дзяды, з непрыемным адчуваннем нечага недаробленага сеў у шыкоўную, як гаварыў фурман са станцыі, троечную каляску аконама і паехаў на станцыю, развітаўшыся з мужыкамі, якія здзіўлена і незадаволена ківалі галовамі. Нехлюдаў быў нездаволен сабой. Чым ён быў нездаволен, ён не ведаў, але яму ўвесь час чагосьці было сумна і чагосьці сорамна.


III

З Кузмінскага Нехлюдаў паехаў у атрыманы ў спадчыну ад цётак маёнтак — той самы, у якім ён пазнаёміўся з Кацюшай. Ён хацеў і ў гэтым маёнтку ўпарадкаваць справу з зямлёй таксама, як ён упарадкаваў яе ў Кузмінскім; апрача таго, даведацца пра ўсё тое, аб чым можна было даведацца пра Кацюшу і яе і свайго дзіцёнка: ці праўда, што ён памёр, і як ён памёр? Ён прыехаў у Панава ўранні, і першае, што здзівіла яго, калі ён заехаў на двор, быў выгляд запусцення і старасці, які мелі ўсе будынкі, асабліва дом. Жалезны, некалі зялёны, дах, даўно нефарбаваны, чырванеў ад іржы, і некалькі лістоў былі задраны ўгору, напэўна, бурай; дошкі, якімі быў абшаляваны дом, былі абадраны, месцамі яны лягчэй аддзіраліся, адварочваючы заіржэлыя цвікі. Ганкі — абодва, пярэдні і асабліва памятны яму задні — струхлелі і паламаліся, асталіся толькі перамёты; вокны некаторыя замест шкла былі забіты дошкамі, і флігель, у якім жыў прыказчык, і кухня, і стайня — усё было спарахнелым і шэрым. Толькі сад не толькі не пастарэў, але разросся, зросся і цяпер увесь квітнеў. З-за плота відны былі, нібы белыя воблакі, квітнеючыя вішні, яблыні і слівы. Агарожа з бэзу квітнела якраз таксама, як тады, чатырнаццаць год перад гэтым, калі за гэтым бэзам Нехлюдаў гуляў у гарэлкі з восемнаццацігадовай Кацюшай і, упаўшы, абстрыкаўся крапівой. Лісцвеніца, якую пасадзіла Соф‘я Іванаўна каля дома і была тады з кол, была цяпер вялікім дрэвам, годным на бервяно, усё адзетае жоўта-зялёнай, пяшчотна-пушыстай ігліцай. Рака стаяла ў берагах і шумела на млыне ў спусках. На лузе за ракой пасвіўся пярэсты змешаны сялянскі статак. Прыказчык, семінарыст, які не скончыў курса, усміхаючыся, сустрэў Нехлюдава на дварэ, неперастаючы ўсміхацца, запрасіў яго ў кантору і, усміхаючыся-ж, быццам гэтай усмешкай абяцаючы нешта асаблівае, пайшоў за пераборку. За пераборкай пашапталіся і замаўчалі. Рамізнік, атрымаўшы на чай, звякаючы бубянцамі, паехаў з двара, і зрабілася зусім ціха. Услед за гэтым міма акна прабегла босая дзяўчына ў вышытай кашулі з падвескамі на вушах, за дзяўчынай прабег мужык, грукаючы цвікамі тоўстых ботаў на ўтаптанай сцежцы.

Нехлюдаў сеў ля акна, гледзячы ў сад і слухаючы. У маленькае акно на дзве палавіны, злёгку паварушваючы валасамі на яго потным ілбе і запіскамі, што ляжалі на парэзаным нажом падаконніку, цягнула свежым вясновым паветрам і пахам раскапанай зямлі. На рацэ „трап-па-тап, трап-па-тап“ пляскалі, перабіваючы адзін аднаго, пранікі баб, і гукі гэтыя разбягаліся па бліскучаму ад сонца плёсу запруджанай ракі, і роўнамерна чулася паданне вады на млыне, і паўз вуха, спалохана і звонка зумкаючы, праляцела муха. І раптам Нехлюдаў успомніў, што якраз таксама ён некалі даўно, калі ён быў яшчэ маладым і нявінным, чуў тут на рацэ гэтыя гукі пранікаў па мокрай бялізне з-за роўнамернага шуму млына, якраз таксама вясновы вецер варушыў яго валасы па мокрым ілбе і лісткамі на зрэзаным скрозь нажом падаконніку, і якраз таксама спалохана праляцела міма вуха муха, і ён не толькі ўспомніў сябе восемнаццацігадовым хлапчуком, але адчуў такім самым, з той-жа свежасцю, чыстатой і напоўненым самымі вялікімі магчымасцямі будучыняй і разам з тым, як гэта бывае ў сне, ён ведаў, што гэтага ўжо няма, і яму зрабілася страшна сумна.

— Калі загадаеце есці? — запытаў прыказчык, усміхаючыся.

— Калі хочаце, — я не галодны. Я пайду пагуляю па вёсцы.

— А ці не будзе вам прыемна ў дом прайсці, у мяне ўсё ў парадку ўнутры. Прашу паглядзець, калі знадворку…

— Не, пасля, а цяпер скажыце, калі ласка, ці ёсць у вас жанчына Матруна Харына?

Гэта была цётка Кацюшы.

— А як-жа, на вёсцы, ніяк не магу з ёй справіцца. Шынок трымае. Ведаю і выкрываю, і лаю яе, а калі акт складаць — шкада: старая, унукі ў яе, — сказаў прыказчык усё з той самай усмешкай, якая выказвала і жаданне быць карысным гаспадару, і ўпэўненасць у тым, што Нехлюдаў, якраз таксама, як і ён, разумее розныя справы.

— Дзе яна жыве? Я-б схадзіў да яе.

— У канцы слабады, з таго боку трэцяя хатка. На левай руцэ цагельная хата будзе, а тут за цагельнай хатай і яе хаціна. Ды я вас правяду лепш, — радасна ўсміхаючыся, гаварыў прыказчык.

— Не, дзякую вам, я знайду, а вы, калі ласка, загадайце абвясціць мужыкам, каб сабраліся: мне трэба пагаварыць з імі аб зямлі, — сказаў Нехлюдаў, наважваючыся тут скончыць з мужыкамі таксама, як і ў Кузмінскім, і, калі можна, сёння-ж увечары.


IV

Вышаўшы за вароты, Нехлюдаў сустрэў на цвёрда ўтоптанай сцежцы, на зарослым падарожнікам і клапоўнікам выгане, сялянскую дзяўчыну ў пярэстым фартуху і падвескамі ў вушах, якая хутка пераступала жоўтымі босымі нагамі. Варочаючыся ўжо назад, яна хутка махала адной левай рукой упоперак свайго ходу, а правай моцна прыціскала да жывата чырвонага пеўня. Певень, ківаючы сваім чырвоным грэбенем, здаваўся зусім спакойным і толькі закатываў вочы, то выпростваў, то падымаў адну чорную нагу, чапляючы кіпцюрамі за фартух дзяўчыны. Калі дзяўчына пачала падыходзіць да пана, яна спачатку суняла ход і перайшла з бегу на крок, параўнаўшыся-ж з ім, спынілася і, размахнуўшыся назад галавой, пакланілася яму, і толькі калі ён прайшоў, пайшла з пеўнем далей. Спускаючыся да калодзежа, Нехлюдаў сустрэў яшчэ бабульку, якая несла на згорбленай спіне і бруднай зрэбнай кашулі поўныя вёдры. Бабулька асцярожна паставіла вёдры і таксама, з размахам назад, пакланілася яму.

За калодзежам пачыналася вёска. Быў ясны гарачы дзень, і ў 10 гадзін ужо парыла, збіраліся хмары і зрэдку закрывалі сонца. Па ўсёй вуліцы стаяў востры, едкі і непрыемны пах гною; ён ішоў і ад калёс, якія павольна цягнуліся на гару па глянцавіта-ўбітай дарозе і, галоўнае, з раскопанага гною двароў, паўз адчыненыя вароты, каля якіх праходзіў Нехлюдаў. Мужыкі, босыя, у запэцканых гнойнай жыжай кашулях і нагавіцах ішлі за вазамі ўгору, азіраючыся на высокага тоўстага пана, які ішоў угору па вёсцы, цераз крок датыкаючыся да зямлі глянцавітым каленчатым кіем з бліскучым набалдашнікам, і шэры капялюш яго ззяў на сонцы сваёй шаўковай істужкай. Мужыкі, якія зварачаліся з поля, трасучы трушком на перадках пустых калёс, здымаючы шапкі, здзіўлена сачылі як незвычайны чалавек ішоў па іхняй вуліцы; бабы выходзілі за вароты і на ганкі і паказвалі яго адна адной, праводзячы вачыма.

Калі Нехлюдаў праходзіў паўз чацвертыя вароты, яго спынілі высока накладзеныя ўціснутым гноем з падкладзенай на яго рагожкай для сядзення калёсы, якія з рыпам выязджалі з варот.

Шасцігадовы хлопчык, усхваляваны чаканнем катання, ішоў за возам. Малады мужык у лапцях, шырока крочачы, выганяў каня за вароты. Доўганогае блакітнае маладое жарабя выбегла з варот, але, спалохаўшыся Нехлюдава, наскочыла на калёсы і, абіваючы ногі аб колы, прабегла ўперад маткі, якая вывозіла за вароты цяжкі воз. Яна занепакоілася і злёгку заіржала. Наступнага каня выводзіў худы бадзёры дзед, таксама босы, у паласатых нагавіцах і доўгай бруднай кашулі, з выпятымі на спіне худымі лапаткамі.

Калі коні вышлі на пакатаны шлях, пасыпаны шэрымі, нібы спаленымі шматкамі гною, дзед вярнуўся да варот і пакланіўся Нехлюдаву.

— Паненак нашых пляменнічак будзеш?

— Але, я пляменнік іхні.

— З прыездам. Што-ж, прыехаў да нас у госці? — загаманіў гаваркі дзед.

— Але, але. Што-ж, як вы жывеце? — сказаў Нехлюдаў, не ведаючы, што сказаць.

— Якое наша жыццё! Самае дрэннае наша жыццё, — як быццам са здавальненнем, нараспеў зацягнуў гаваркі дзед.

— Чаму дрэннае? — сказаў Нехлюдаў, уваходзячы пад вароты.

— Ды якое-ж жыццё? Самае дрэннае жыццё, — сказаў дзед, ідучы на ачышчаную да зямлі частку пад паветкай.

Нехлюдаў увайшоў за ім пад паветку.

— У мяне вось яны — 12 душ, — працягнуў дзед, паказваючы на двух жанчын, якія са ссунутымі хусткамі, потныя, падтыркнуўшы спадніцы, з голымі, да паловы запэцканымі гноевай жыжкай лыткамі, стаялі з сахарамі на прыступцы нявычышчанага яшчэ гною. — Што ні месяц, дык купляй 6 пудоў, а дзе іх узяць?

— А свайго хіба нехапае?

— Свайго?! — з пагардлівай усмешкай сказаў дзед. — У мяне зямлі на тры душы, а цяперака ўсяго 8 коп сабралі, да каляд нехапіла.

— Дык як-жа вы жывеце?

— Так і жывём; вось аднаго ў парабкі аддаў, ды ў вашай міласці грошай узяў. Яшчэ да загавін усё забралі, а падаткаў не плаціў.

— А колькі падатку?

— Ды на мой двор рублёў 17 на трэць прыпадае. Ох, не дай бог, жыццё, і сам не ведаеш, як выкручваешся!

— А можна да вас зайсці ў хату? — сказаў Нехлюдаў, ідучы ўперад па дворыку і з ачышчанага месца ўваходзячы на некранутыя яшчэ і разгорнутыя сахарамі жоўта-шафранавыя пласты гною з моцным пахам.

— Чаму-ж, заходзь, — сказаў дзед і хуткімі крокамі босых ног, выціскаючы жыжку паміж пальцамі, выперадзіў Нехлюдава і адчыніў яму дзверы ў хату.

Бабы, паправіўшы на галовах хусткі і спусціўшы спадніцы, з цікаўным жахам глядзелі, як чысты пан з залатымі засцёжкамі на рукавах уваходзіў у іхні дом.

З хаты выбеглі ў кашулях дзве дзяўчынкі. Сагнуўшыся і зняўшы капялюш, Нехлюдаў увайшоў у сенцы і ў брудную і цесную, занятую двума кроснамі хату, якая пахла кіслай ежай. У хаце каля печы стаяла бабулька з закасанымі рукавамі худых, жылістых, загарэлых рук.

— Вось пан наш, да нас у госці зайшоў, — сказаў дзед.

— Што-ж, калі ласка, — ласкава сказала бабулька, адварочваючы закасаныя рукавы.

— Хацеў паглядзець, як вы жывеце, — сказаў Нехлюдаў.

— Ды гэтак жывем вось, як бачыш. Хата заваліцца хоча, яшчэ часам заб‘е каго. А стары кажа — і гэта добрая. Вось і жывем — пануем, — гаварыла жвавая бабулька, нервова торгаючы галавой. — Вось зараз абедаць збяру. Рабочы народ карміць буду.

— А што ў вас на абед?

— Што на абед? Страва ў нас добрая. Першая перамена хлеб з квасам, а другая — квас з хлебам, — сказала бабулька, ашчэрваючы свае з‘едзеныя да паловы зубы.

— Не, без жартаў, пакажыце мне, што вы будзеце есці сёння.

— Есці? — смеючыся сказаў дзед. — Страва наша не хітрая. Пакажы яму, старая.

Бабулька паківала галавой.

— Захацелася пану мужыцкую яду паглядзець? Цікавы ты, пане, пагляджу я на цябе. Усё яму ведаць трэба. Казала — хлеб з квасам, а яшчэ шчы, сныткі бабы ўчора прынеслі, вось і шчы, а пасля таго — бульба.

— І больш нічога?

— Чаго-ж яшчэ, забелім малачком, — сказала бабулька, пасміхаючыся і гледзячы на дзверы.

Дзверы былі адчынены, і ў сенцах было поўна народу; і хлопчыкі, дзяўчынкі, бабы з груднымі дзецьмі ціснуліся ў дзвярах, гледзячы, як дзіўны пан разглядае мужыцкую яду. Старая, відавочна, ганарылася сваім умельствам абыходзіцца з панам.

— Але, дрэннае, дрэннае, пане, жыццё наша, што казаць, — сказаў дзед. — Куды лезеце! — закрычаў ён на тых, што стаялі ў дзвярах.

— Ну, бывайце, — сказаў Нехлюдаў, адчуваючы збянтэжанасць і сорам, прычыну якіх ён не мог зразумець.

— Дзякуем вельмі, што завіталі да нас, — сказаў дзед.

У сенцах людзі, націснуўшы адзін на аднаго, прапусцілі яго, і ён вышаў на вуліцу і пайшоў угору па ёй. Услед за ім з сенцаў вышлі два босыя хлопчыкі: адзін, старэйшы, у бруднай, некалі белай кашулі, а другі — у благенькай абліняўшай ружовай. Нехлюдаў зірнуў на іх.

— А цяпер куды пойдзеш? — сказаў хлопчык у белай кашулі.

— Да Матруны Харынай, — сказаў ён. — Ведаеце?

Маленькі хлопчык у ружовай кашулі чамусьці сур‘ёзна засмяяўся, а старэйшы сур‘ёзна перапытаў:

— Якая Матруна? Старая яна?

— Але, старая.

— О-о, — працягла сказаў ён. — Гэта — Сямёніха, гэта ў канцы вёскі. Мы цябе правядзем. Гайда, Федзька, правядзем яго.

— А коні як?

— Ды нічога.

Федзька згадзіўся, і яны ўтрох пайшлі ўгору па вёсцы.


V

Нехлюдаву было лягчэй з хлопчыкамі, чым з дарослымі, і ён, ідучы, разгаварыўся з імі. Маленькі ў ружовай кашулі перастаў смяяцца і гаварыў гэтак-жа разумна і стала, і старэйшы.

— Ну, а хто ў вас самы бедны? — запытаў Нехлюдаў.

— Хто бедны? Міхайла бедны, Сямён Макараў, яшчэ Марфа дужа бедная.

— А Аніс‘я — тая яшчэ бяднейшая. Аніс‘я і каровы не мае — жабруюць, — сказаў маленькі Федзька.

— Яна каровы не мае, але іх усяго трое, а Марфа сама пятая, — адказаў старэйшы хлопчык.

— Усё-такі тая ўдава, — бараніў ружовы хлопчык Аніс‘ю.

— Ты гаворыш, Аніс‘я ўдава, а Марфа ўсё-адно, што ўдава, — працягваў старэйшы хлопчык. — Усё-адно — мужа няма.

— А дзе муж? — запытаў Нехлюдаў.

— У астрозе вошы корміць, — ужываючы звычайны выраз, сказаў старэйшы хлопчык.

— Летась у панскім лесе дзве бярозкі зрэзаў, яго і пасадзілі, — паспяшаўся сказаць маленькі ружовы хлопчык. — Цяпер шосты месяц сядзіць, а баба жабруе, трое дзяцей ды бабулька ўбогая, — стала гаварыў ён.

— Дзе-ж яна жыве? — сказаў Нехлюдаў.

— А вось гэты самы двор, — сказаў хлопчык, паказваючы на хату, супроць якой малюпасенькі белагаловы дзіцёнак, ледзьве трымаючыся на крывых, сагнутых уперад у каленях нагах, хістаючыся, стаяў на самай сцежцы, па якой ішоў Нехлюдаў.

— Васька, куды, непаседа, уцёк? — закрычала, выбягаючы з хаты ў бруднай, шэрай, нібы пасыпанай попелам кашулі баба і са спалоханым тварам кінулася ўперад Нехлюдава, падхапіла дзіцёнка і панесла ў хату, быццам яна баялася, што Нехлюдаў зробіць што-небудзь з яе дзіцёнкам. Гэта была тая самая жанчына, муж якой за бярозкі з лесу Нехлюдава сядзеў у астрозе.

— Ну, а Матруна — гэта бедная? — запытаў Нехлюдаў, калі яны ўжо падыходзілі да Матрунінай хаткі.

— Якая яна бедная: яна віном гандлюе, — рашуча адказаў ружовы худзенькі хлопчык.

Дайшоўшы да хаткі Матруны, Нехлюдаў адпусціў хлопчыкаў і ўвайшоў у сенцы і потым ў хату. Хатка старой Матруны была на шэсць аршын, так што на ложку, які быў за печчу, нельга было выцягнуцца вялікаму чалавеку. „На гэтым самым ложку, — падумаў ён, — раджала і хварэла потым Кацюша“. Амаль уся хата была занята кроснамі, якія ў той час, як увайшоў Нехлюдаў, бразнуўшыся галаваю аб нізкія дзверы, старая толькі што ўпарадкоўвала з сваёй старэйшай унучкай. Яшчэ двое ўнучат услед за панам старчком убеглі ў хату і спыніліся за ім у дзвярах, ухапіўшыся за прыталкі рукамі.

— Каго трэба? — сярдзіта запыталася старая. Яна была ў нядобрым настроі, бо з кроснамі нешта не ладзілася. Апрача таго, употайкі гандлюючы віном, яна баялася ўсякіх незнаёмых людзей.

— Я памешчык, мне пагутарыць хацелася-б з вамі.

Старая памаўчала, пільна ўглядаючыся, потым раптам уся змянілася.

— Ах ты, даражэнькі мой, а я, дурная, не пазнала: думаю, нейкі падарожны, — ненатуральна-ласкавым голасам загаварыла яна. — Ах, ты, сокал ты мой ясны…

— Як-бы гэта пагутарыць без народу, — сказаў Нехлюдаў, гледзячы на адчыненыя дзверы, каля якіх стаялі дзеці, а за дзецьмі худая жанчына з высахлым ад хваробы бледным дзіцёначкам у шапачцы з ласкуцікаў, які ўсё-такі ўсміхаўся.

— Чаго не бачылі, я вам дам, дай мне сюды кастыль! — крыкнула старая на тых, што стаялі каля дзвярэй. — Зачыні, ці што!

Дзеці адышліся, баба з дзіцёнкам зачыніла дзверы.

— А я думаю: хто прышоў? А гэта сам пан, залаты ты мой, прыгожы, даражэнькі! — гаварыла старая. — Куды зайшоў, не пагрэбаваў. Ах ты, брыльянтавы! Сюды садзіся, ваша сіяцельства, вось сюды, на конік, — гаварыла яна, выціраючы конік фіранкаю. — А я думаю, які чорт лезе, але гэта сам ваша сіяцельства, пан добры, дабрадзей, кармілец наш. Даруй ты мне, старой ды дурной, — аслепла.

Нехлюдаў сеў, старая стала перад ім, падперла правай рукой шчаку, падхапіўшы левай рукой востры локаць правай, і загаварыла пявучым голасам:

— І старым-жа ты зрабіўся, ваша сіяцельства, то як яблычка прыгожы быў, а цяпер што! Таксама клопаты, відаць.

— Я вось што прышоў запытаць: ці памятаеш ты Кацюшу Маславу?

— Кацярыну? Як-жа не памятаць — яна мне пляменніца… Як не памятаць; і слёз, слёз колькі я па ёй праліла. Я-ж усё ведаю. Хто, бацюхна, перад богам не грэшны, перад царам не вінаваты? Справа маладая, таксама чай-кофе пілі, ну і спакусіў д‘ябал, ён-жа дужы таксама. Што-ж зробіш? Каб ты яе кінуў, а ты як яе ўзнагародзіў — сто рублёў даў. А яна што зрабіла? Неразумнай была. Каб яна мяне слухалася, яна-б жыць магла. Ды хаця і пляменніца мне, а проста скажу — дзеўка неразумная. Я-ж яе пасля да якога месца добрага прыставіла; не хацела скарыцца, аблаяла пана. Хіба нам можна паноў лаяць? Ну, яе і прагналі, А потым зноў-жа ў ляснічага жыць можна было, ды вось не захацела.

— Я запытаць хацеў пра дзіця. Яна-ж у вас радзіла? Дзе дзіцёнак?

— Дзіцёнка, бацюхна мой, я тады добра абмеркавала. Ёй дужа цяжка было, не спадзяваліся, што ачуняе. Я і ахрысціла хлопчыка, як трэба, і ў выхаваўчы дом накіравала. Ну, ангельскую душу што-ж марынаваць, калі маці памірае. Іншыя гэтак робяць, што пакінуць дзіцёнка, не кормяць, — ён і памрэ; але я думаю: што не гэтак, лепей пастараюся, пашлю ў выхаваўчы дом. Грошы былі, ну і завезлі.

— А нумар быў?

— Нумар быў, але памёр ён тады-ж. Яна казала: як прывезлі, а ён і кончыўся.

— Хто яна?

— А самая гэтая жанчына, у Скародным жыла. Яна гэтым займалася. Маланняй звалі, памерла яна цяпер. Разумная была жанчына, — яна-ж вось як рабіла. Бывала прынясуць да яе дзіцёнка, яна возьме і трымае яго ў сябе ў хаце, прыкармлівае. І прыкармлівае, бацюхна ты мой, покуль на адпраўку збярэ. А як збярэ траіх або чацвярых, адразу і вязе. Так у яе было разумна зроблена: гэткая люлька вялікая, як двухспальная, і туды і сюды класці. І білца прыроблена. Вось яна іх пакладзе чацвярых, галоўкамі паасобку, каб не стукаліся, ножкамі разам, так і вязе адразу чацвярых. Соскі ім у роцікі панатыркае, яны і маўчаць, сардэчныя.

— Ну, дык што-ж?

— Ну, гэтак і Кацярынінага дзіцёнка павезла. Ды яшчэ тыдні са два ў сябе трымала. Ён і змарнеў у яе яшчэ дома.

— А добры быў дзіцёнак? — запытаў Нехлюдаў.

— Гэткі дзіцёначак, што трэба было лепей, ды няма як. Ну, увесь у цябе, — дадала бабулька, падміргваючы старым вокам.

— Чаго-ж ён змарнеў? Напэўна, дрэнна кармілі?

— Які там корм! Для блізіру толькі. Вядомая рэч, не сваё дзіцё. Абы давезці жывым. Расказвала, давезла толькі да Масквы, так у той час і памёр. Яна і пасведчанне прывезла, — усё як трэба. Разумная была жанчына.

Толькі і ўсяго мог даведацца Нехлюдаў пра свайго дзіцёнка.


VI

Ударыўшыся яшчэ раз галавой аб двое дзвярэй у хаце і ў сенцах, Нехлюдаў вышаў на вуліцу. Хлопчыкі: белы, дымчаты і ружовы чакалі яго. Яшчэ некалькі новых далучылася да іх. Чакалі і некалькі жанчын з груднымі дзецьмі, і сярод іх была і тая худая жанчына, якая лёгка трымала на руцэ бяскроўнага дзіцёнка ў шапачцы з ласкуцікаў. Дзіцёнак гэты ўвесь час дзіўна ўсміхаўся ўсім сваім старэчым тварыкам і ўсё варушыў напружана пакрыўленымі вялікімі пальцамі. Нехлюдаў ведаў, што гэта была ўсмешка пакуты. Ён запытаў, хто была гэта жанчына.

— Тая самая Аніс‘я, што я табе казаў, — адказаў старэйшы хлопчык.

Нехлюдаў звярнуўся да Аніс‘і.

— Як ты жывеш? — запытаў ён. — Чым харчуешся?

— Як жыву? Жабрачу, — сказала Аніс‘я і заплакала.

Старэчы-ж дзіцёнак увесь расплыўся ва ўсмешку, выгінаючы свае, як чарвячкі, тоненькія ножкі.

Нехлюдаў дастаў кашалёк і даў 10 рублёў жанчыне. Не паспеў ён зрабіць два крокі, як яго дагнала другая жанчына з дзіцёнкам, потым бабулька, потым яшчэ жанчына. Усе гаварылі аб сваёй галечы і прасілі дапамагчы. Нехлюдаў раздаў тыя шэсцьдзесят рублёў дробнымі паперкамі, якія былі ў яго кашальку, і з страшным сумам на сэрцы вярнуўся дамоў, г. зн. у флігель прыказчыка. Прыказчык, усміхаючыся, сустрэў Нехлюдава з паведамленнем, што мужыкі збяруцца ўвечары. Нехлюдаў падзякаваў яму і, не ўваходзячы ў пакой, пайшоў хадзіць у сад па абсыпаных белымі пялёсткамі яблынёвых кветак зарослых сцежках, абмяркоўваючы ўсё тое, што ён бачыў.

Спачатку каля флігеля было ціха, але потым Нехлюдаў пачуў, як у прыказчыкавым флігелі два ўзлаваныя жаночыя галасы перабівалі адзін аднаго, з-за якіх толькі зрэдку чуўся спакойны голас прыказчыка, што ўсміхаўся. Нехлюдаў прыслухаўся.

— Сіла мая не бярэ, што-ж ты крыж з шыі цягнеш? — гаварыў адзін узлаваны бабскі голас.

— Ды толькі-ж забегла, — гаварыў другі голас. — Аддай, жажу. А то што-ж мардуеш і скаціну і дзяцей без малака?

— Заплаці ці адпрацуй, — адказаў спакойны голас прыказчыка.

Нехлюдаў вышаў з саду і падышоў да ганка, каля якога стаялі дзве ўскудлачаныя бабы; адна з іх, відавочна, была цяжарная на апошнім месяцы. На сходнях ганка, склаўшы рукі ў кішэні парусінавага паліто, стаяў прыказчык. Убачыўшы пана, бабы змоўклі і пачалі папраўляць хусткі на галовах, а прыказчык выняў рукі з кішэняў і пачаў усміхацца. Справа была ў тым, што мужыкі, як гэта гаварыў прыказчык, наўмысля пускалі сваіх цялят і нават кароў на панскі луг. І вось двух кароў з двароў гэтых баб злавілі на лузе і загналі. Прыказчык патрабаваў з баб па ЗО капеек з каровы або два дні адпрацоўкі. Бабы-ж сцвярджалі: па-першае, што каровы іхнія толькі зайшлі, па-другое, што грошай у іх няма, і, па-трэцяе, хаця-б і за абяцанне адпрацоўкі, патрабавалі безадкладнага звароту кароў, якія стаялі з ранку ў загародзе без корму і жаласліва рыкалі.

— Колькі папраўдзе прасіў, — гаварыў прыказчык, з усмешкай азіраючыся на Нехлюдава, быццам запрашаючы яго ў сведкі, — калі прыганяеце а поўдня, дык пільнуйце сваю скаціну.

— Толькі пабегла да малога, а яны пайшлі.

— А не адыходзь, калі ўзялася пільнаваць.

— А малога хто накорміць? Ты яму цыцку не дасі.

— Каб сапраўды нарабілі шкоды на лугах, і жывот-бы не хварэў, а то толькі зайшла, — гаварыла другая.

— Усе лугі патравілі, — звярнуўся прыказчык да Нехлюдава.

— Калі не спаганяць, зусім сена не будзе.

— Эх, не грашы, — закрычала цяжарная. — Мае ніколі не пападаліся.

— Ну, а папаліся, аддай ці адпрацуй.

— Ну, і адпрацую, адпусці карову толькі, не муч голадам, — злосна пракрычала яна. — І так адпачынку няма ні ўдзень ні ўначы. Свякруха хворая. Муж зап‘янстваваў. Адна паспяваю ва ўсе канцы, а сілы няма. Каб ты падавіўся сваёй адпрацоўкай.

Нехлюдаў папрасіў прыказчыка адпусціць кароў, а сам пайшоў у сад дадумваць сваю думу, але думаць цяпер ужо не было чаго. Усё гэта было яму цяпер гэтак ясна, што ён не мог дастаткова здзіўляцца з таго, як людзі не бачаць і ён сам гэтак доўга не бачыў таго, што гэтак відавочна ясна.

„Народ вымірае, прызвычаіўся да свайго вымірання. Сярод яго стварыліся спосабы жыцця, уласцівыя выміранню, — паміранне дзяцей, надмерная работа жанчын, недахоп харчу для ўсіх, асабліва для старых. І гэтак пакрысе прыходзіў народ у гэта становішча, што ён сам не бачыць усяго жаху яго і не скардзіцца на яго. А таму мы і лічым, што становішча гэтае натуральнае і гэткім і павінна быць“.

Цяпер яму было ясна, як дзень, што галоўная прычына народнай беднасці, якую разумеў і заўсёды выстаўляў сам народ, была ў тым, што ў народу землеўласнікі адабралі тую зямлю, з якой адной ён толькі і мог карміцца. А тым часам зусім ясна, што дзеці і старыя людзі паміраюць таму, што яны не маюць малака, а няма малака таму, што няма зямлі, каб пасвіць жывёлу і збіраць хлеб і сена. Зусім ясна, што ўсе пакуты народу або, прынамсі, галоўная бліжэйшая прычына народных пакут у тым, што зямля, якая корміць яго, не ў яго руках, а ў руках людзей, якія, карыстаючыся гэтым правам на зямлю, жывуць працай гэтага народу. Зямля-ж, якая гэтак неабходна для яго, што людзі паміраюць ад адсутнасці яе, абрабляецца гэтымі-ж даведзенымі да жабрацтва людзьмі для таго, каб хлеб з яе прадаваўся за граніцу, і землеўласнікі маглі-б купляць сабе капелюшы, кіі, каляскі, бронзу і т. д. Гэта было для яго цяпер гэтак-жа ясна, як ясна было тое, што коні, загнаныя ў агарожу, дзе яны з‘елі ўсю траву пад нагамі, будуць худымі і будуць паміраць з голаду, пакуль ім не дадуць магчымасці карыстацца той зямлёй, на якой яны змогуць знайсці сабе корм… І гэта жудасна і гэтага ніяк не можа і не павінна быць. І трэба знайсці сродкі, каб гэтага не было, або, прынамсі, самому не ўдзельнічаць у гэтым.

„І я абавязкова знайду іх“, — думаў ён, ходзячы ўзад і ўперад па бліжэйшых бярозавых прысадах. „У вучоных таварыствах, ва ўрадавых установах і газетах гаворым аб прычынах беднасці народу і сродках уздыму яго, толькі не аб тым адным правільным спосабе, які напэўна ўзніме народ, і складаецца з таго, каб перастаць адбіраць ад яго неабходную яму зямлю“. І ён жыва ўспомніў грунтоўныя тэзісы Генры Джорджа і сваё захапленне ім і здзіўляўся з таго, як ён мог забыць усё гэта. „Не можа зямля быць прадметам уласнасці, не можа яна быць прадметам куплі і прадажы, як вада, як паветра, як праменні сонца. Усе маюць аднолькавае права на зямлю і на ўсе перавагі, якія яна дае людзям“. І ён зразумеў цяпер, чаму яму было сорамна ўспамінаць сваё ўпарадкаванне спраў у Кузмінскім. Ён ашукваў сам сябе, ведаючы, што чалавек не можа мець права на зямлю, ён прызнаў гэта права за сабой і падарыў сялянам частку таго, на што ён ведаў у глыбіні душы, што не меў права. Цяпер ён не зробіць гэтага і зменіць тое, што ён зрабіў у Кузмінскім. І ён абмеркаваў праект, які быў у тым, каб аддаць сялянам зямлю ў наймы за рэнту, а рэнту прызнаць уласнасцю гэтых-жа сялян, з тым, каб яны плацілі гэтыя грошы і скарыстоўвалі іх на падаткі і на справы грамадскія. Гэта не было Single-tax[2], але найбольш магчымае пры цяперашнім становішчы набліжэнне да яе. Галоўнае-ж было тое, што ён адмаўляўся ад карыстання правам зямельнай уласнасці.

Калі ён прышоў дамоў, прыказчык, асабліва радасна ўсміхаючыся, запрасіў абедаць, баючыся, каб не пераварыўся і не перасмажыўся прыгатаваны яго жонкай, з дапамогай дзяўчыны з падвескамі, пачастунак.

Стол быў накрыт зрэбным абрусом, вышываны ручнік быў замест сарветкі, і на стале ў vieux-saxe[3], з адламанай ручкай супавай чашцы быў бульбяны суп з тым самым пеўнем, які выстаўляў то адну, то другую чорную нагу і цяпер быў разрэзаны, нават рассечаны на кавалкі, у шмат якіх месцах пакрытыя валасамі. Пасля супу быў той самы певень з падсмажанымі валасамі і сырнікі з вялікай колькасцю масла і цукру. Як ні мала смачна ўсё гэта было, Нехлюдаў еў, не заўважаючы таго, што есць; гэтак ён быў захоплен сваёй думкай, якая адразу пазбавіла яго ад таго суму, з якім ён прышоў з вёскі.

Прыказчыкава жонка выглядвала з-за дзвярэй у той час як спалоханая дзяўчына з падвескамі падавала страву, а сам прыказчык, горды ўмельствам жонкі, усё больш і больш радасна ўсміхаўся.

Пасля абеду Нехлюдаў прымусіў сесці прыказчыка і, для таго, каб праверыць сябе і разам з тым выказаць каму-небудзь тое, што яго гэтак займала, расказаў яму свой праект аддачы зямлі сялянам і запытаў, як ён думае пра гэта. Прыказчык, усміхаючыся, рабіў выгляд, што ён гэта самае даўно думаў і вельмі рад слухаць, але, па сутнасці, нічога не разумеў, відаць не таму, што Нехлюдаў незразумела гаварыў, але таму, што з гэтага праекта выходзіла тое, што Нехлюдаў адмаўляецца ад сваёй выгоды для выгоды іншых, а тым часам ісціна аб тым, што кожны чалавек клапоціцца толькі аб сваёй выгодзе за кошт выгоды іншых людзей, гэтак укаранілася ў свядомасці прыказчыка, што ён думаў, што чаго-небудзь не разумее, калі Нехлюдаў гаварыў аб тым, што ўвесь даход з зямлі павінен ісці ў грамадскі капітал сялян.

— Зразумеў. Вы, значыцца, процант з гэтага капітала будзеце атрымліваць? — сказаў ён, узрадаваўшыся.

— Ды не. Вы зразумейце, што зямля не можа быць уласнасцю прыватных асоб.

— Гэта праўда.

— І ўсё тое, што дае зямля, з гэтай прычыны належыць усім.

— Дык, значыцца, даходу вы ўжо не будзеце мець? — запытаў, перастаўшы ўсміхацца, прыказчык.

— Але, я адмаўляюся.

Прыказчык цяжка ўздыхнуў і потым зноў пачаў усміхацца. Цяпер ён зразумеў. Ён зразумеў, што Нехлюдаў чалавек не зусім здаровы, і адразу-ж пачаў шукаць у праекце Нехлюдава, які адмаўляўся ад зямлі, магчымасць карысці для сябе і абавязкова хацеў зразумець праект так, каб яму можна было пакарыстацца гэтай зямлёй. Калі-ж ён зразумеў, што і гэта немагчыма, ён засмуціўся і перастаў цікавіцца праектам, і толькі для таго, каб дагадзіць гаспадару, усміхаўся. Бачачы, што прыказчык не разумее яго, Нехлюдаў адпусціў яго, а сам сеў за зрэзаны і заліты чарнілам стол і пачаў выкладаць на паперы свой праект.

Сонца села ўжо за ліпы, якія толькі што пачалі распускацца, і камары раямі заляталі ў пакой і кусалі Нехлюдава. Калі ён у той самы час, як скончыў сваё пісанне, пачуў, што з вёскі даносяцца гукі бэкання статку, з рыпам адчыняюцца вароты, гамоняць мужыкі, сабраўшыся на сходзе, тады Нехлюдаў сказаў прыказчыку, што не трэба мужыкоў клікаць да канторы, а што ён сам пойдзе на вёску, да таго двара, дзе яны збяруцца.

Выпіўшы хутка шклянку чаю, прапанаваную прыказчыкам, Нехлюдаў пайшоў на вёску.


VII

Над натоўпам ля двара старасты стаяў гоман, але як толькі Нехлюдаў падышоў, гоман сціх, і сяляне, таксама, як і ў Кузмінскім, усе адзін за адным паздымалі шапкі. Сяляне гэтай мясцовасці мелі больш убогі выгляд, чым сяляне Кузмінскага; як дзеўкі і бабы насілі падвескі ў вушах, гэтак і мужыкі былі амаль усе у лапцях і саматканых кашулях і кафтанах. Некаторыя былі босыя, у адных кашулях, як прышлі з работы.

Нехлюдаў зрабіў намаганне над сабой і пачаў сваю прамову тым, што паведаміў мужыкоў аб сваім намеры аддаць ім зямлю зусім. Мужыкі маўчалі, і выраз іхніх твараў ніяк не змяніўся.

— Таму што я лічу, — чырванеючы, гаварыў Нехлюдаў, — што зямлёй не павінен валодаць той, хто на ёй не працуе, і што кожны мае права карыстацца зямлёй.

— Вядомая рэч. Гэта якраз так, як трэба, — пачуліся галасы мужыкоў.

Нехлюдаў гаварыў далей аб тым, як даход ад зямлі павінен размяркоўвацца паміж усімі, і таму ён прапануе ім узяць зямлю і плаціць за яе цану, якую яны прызначаць, у грамадскі капітал, якім яны-ж будуць карыстацца. Усё яшчэ чуліся словы ўхвалы і згоды, але сур‘ёзныя твары сялян рабіліся ўсё больш і больш сур‘ёзнымі, і вочы, якія глядзелі раней на пана, апускаліся ўніз, быццам не жадаючы сароміць яго ў тым, што хітрасць яго зразумелі ўсе, і ён нікога не ашукае.

Нехлюдаў гаварыў даволі ясна, і мужыкі былі людзі кемкія, але яго не зразумелі і не маглі зразумець з той самай прычыны, з якой прыказчык доўга не разумеў. Яны былі цвёрда пераконаны ў тым, што кожнаму чалавеку ўласціва рабіць сабе на карысць. Пра памешчыкаў-жа яны даўно ўжо з вопыту некалькіх пакаленняў ведалі, што памешчык заўсёды робіць сабе на карысць за кошт сялян. І таму, калі памешчык заклікае іх і прапануе нешта новае, дык, пэўна, для таго, каб як-небудзь яшчэ хітрэй ашукаць іх.

— Ну, што-ж, па колькі вы думаеце абкласці зямлю? — запытаў Нехлюдаў.

— Што-ж нам абкладаць? Мы гэта не можам. Зямля ваша і ўлада ваша, — адказалі з натоўпу.

— Ды не, вы самі будзеце карыстацца гэтымі грашыма на грамадскія патрэбы.

— Мы гэтага не можам. Вобчаства само па сабе, а гэта зноў само па сабе.

— Вы зразумейце, — жадаючы растлумачыць справу, усміхаючыся сказаў прыказчык, — што князь аддае вам зямлю за грошы, а грошы гэтыя самыя зноў у ваш-жа капітал, на вобчаства аддаюцца.

— Мы вельмі добра разумеем, — сказаў бяззубы сярдзіты дзед, не падымаючы вачэй. — Падобна як у банку, толькі мы плаціць павінны ў тэрмін. Мы гэтага не хочам, бо і так нам цяжка, а то, значыцца, зусім чыстае разарэнне.

— Непатрэбна гэтага. Мы лепш, як раней, — загаманілі нездаволеныя і нават грубыя галасы.

Асабліва горача пачалі адмаўляцца, калі Нехлюдаў сказаў, што складзе ўмову, у якой падпішацца ён, і яны павінны будуць падпісацца.

— Што-ж падпісвацца? Мы гэтак, як працавалі, гэтак і будзем працаваць. А гэта навошта? Мы людзі цёмныя.

— Не згодны, бо справа незвычайная. Як было, гэтак хай і будзе. Насенне-б толькі адмяніць, — пачуліся галасы.

Адмяніць насенне значыла тое, што пры цяперашнім парадку насенне на пасеў з палавіны давалі сяляне, а яны прасілі, каб насенне было панскае.

— Вы, значыць, адмаўляецеся, не хочаце ўзяць зямлю? — запытаў Нехлюдаў, звяртаючыся да нестарога, з вясёлым тварам, босага селяніна ў абадраным кафтане, які трымаў асабліва проста на сагнутай левай руцэ сваю падраную шапку так, як трымаюць салдаты свае шапкі, калі па камандзе здымаюць іх.

— Так точна, — вымавіў гэты, відаць яшчэ не вызвалены ад гіпнатызма салдацтва, селянін.

— Значыць, у вас хапае зямлі? — сказаў Нехлюдаў.

— „Никак нет-с“, — адказаў з штучна вясёлым выглядам быўшы салдат, старанна трымаючы перад сабою сваю падраную шапку, нібы прапануючы яе кожнаму, хто пажадае пакарыстацца ёю.

— Ну, усё-такі вы абмяркуйце тое, што я сказаў вам, — гаварыў здзіўлены Нехлюдаў і паўтарыў сваю прапанову.

— Нам няма чаго думаць: як сказалі, гэтак і будзе, — сярдзіта вымавіў бяззубы пануры дзед.

— Я заўтра прабуду тут дзень, — калі перадумаеце, дык дашліце да мяне сказаць.

Мужыкі нічога не адказалі.

Так нічога і не мог дабіцца Нехлюдаў і пайшоў назад у кантору.

— А я вам скажу, князь, — сказаў прыказчык, калі яны вярнуліся дамоў, — што вы з імі не дамовіцеся: народ упарты. А як ён на сходзе — ён упрэцца, і не зрушыш яго. Усяго баіцца. От гэтыя самыя мужыкі, хаця-б той сівы або чарнявы, што не згаджаўся, — мужыкі разумныя. Калі прыдзе ў кантору, — пасадзіш яго чай піць, — усміхаючыся, гаварыў прыказчык, — пачнеш гаварыць — розуму багата, міністр, — усё абмяркуе, як трэба. А на сходзе зусім іншы чалавек, пачне адно…

— А ці нельга паклікаць сюды такіх самых разумных сялян, некалькі чалавек, — сказаў Нехлюдаў, — я-б ім падрабязна растлумачыў.

— Гэта можна, — сказаў прыказчык з усмешкай.

— Дык, вось, калі ласка, паклічце заўтра.

— Гэта ўсё магчыма, заўтра збяру, — сказаў прыказчык і яшчэ больш радасна ўсміхнуўся.


— От, спрытны які! — гаварыў, раскачваючыся на гладкай кабыле чорны мужык, з калматай, ніколі нечасанай барадой, другому старому, худому мужыку, у прадраным кафтане, які ехаў з ім побач і званіў жалезнымі путамі.

Мужыкі ехалі на начлег карміць коней на гасцінцы і ўпотайкі ў панскім лесе

— Дарэмна зямлю аддам, толькі падпішыся. Ці мала яны нашага брата ашуквалі. Не, браце, не возьмеш, цяпер мы і самі разумнымі зрабіліся, — дадаў ён і пачаў клікаць адсталага стрыгуна-жарабя. — Косю, косю! — крычаў ён, спыніўшы каня і азіраючыся назад, але стрыгун быў не ззаду, а збоку, — пайшоў у лугі.

— Бачыш, унадзіўся, воўк яго рэж, у панскія лугі, — вымавіў чорны мужык з калматай барадой, пачуўшы трэск конскага шчаўя, па якому з іржаннем скакаў адсталы стрыгун з расістых лугоў, якія прыемна пахлі балотам.

— Чуеш, зарастаюць лугі, трэба будзе ў свята баб даслаць іспольныя прапалоць, — сказаў худы мужык у прадраным кафтане, — а то косы парвеш.

— Падпішыся, гаворыць, — працягваў далей калматы мужык сваю думку аб прамове пана. — Падпішыся, ён цябе жывога праглыне.

— Гэта праўда, — адказаў стары.

І яны нічога больш не гаварылі. Чуўся толькі тупат конскіх ног па цвёрдай дарозе.


VIII

Вярнуўшыся дадому, Нехлюдаў знайшоў у прыгатаванай для яго начлегу канторы высокі ложак з пухавікамі, двума падушкамі і чырвонай-бардо двухспальнай шаўковай, дробна і ўзорыста штабнаванай, нягнуткай коўдрай, — напэўна пасаг прыказчыцы. Прыказчык прапанаваў Нехлюдаву рэшткі абеду, але калі той адмовіўся, ён папрасіў выбачэння за дрэнны пачастунак і ўбранне і пайшоў, пакінуўшы Нехлюдава аднаго.

Адмова сялян зусім не збянтэжыла Нехлюдава. Наадварот, не гледзячы на тое, што там, у Кузмінскім, яго прапанову прынялі і ўвесь час дзякавалі, а тут яму выказалі недаверлівасць і нават варожасць, ён адчуваў сябе спакойным і радасным. У канторы было душна і брудна. Нехлюдаў вышаў на двор і хацеў ісці ў сад, але ўспомніў тую ноч, акно ў дзявочай, задні ганак — і яму непрыемна было хадзіць па месцах, апаганеных злачыннымі ўспамінамі. Ён сеў зноў на ганачак і, удыхаючы ў сябе цёплае паветра, напоўненае моцным пахам бярозавага лісця, доўга глядзеў на чарнаваты сад і слухаў млын, салаўёў і яшчэ аднастайны посвіст у кусце каля самага ганка нейкай птушкі. У акне прыказчыка пагасілі агонь, на ўсходзе, з-за хлева, запалала зарава — гэта ўзыходзіў месяц, зарніцы ўсё святлей і святлей пачалі азараць запушчаны квітнеючы сад і спарахнелы дом, здалёк пачуліся грымоты, і трэць неба захінулася чорнай хмарай. Салаўі і птушкі змоўклі. З-за шуму вады каля млына пачулася гагатанне гусей, а потым на вёсцы і на дварэ прыказчыка пачалі пераклікацца раннія пеўні, як яны звычайна раней свайго часу крычаць у душныя навальнічныя ночы. Ёсць прыказка, што пеўні крычаць рана пад вясёлую ноч. Для Нехлюдава гэта ноч была больш, чым вясёлая. Ваабражэнне аднавіла перад ім уражанні таго шчаслівага лета, якое ён правёў тут нявінным юнаком, і ён адчуў сябе цяпер гэткім, якім ён быў не толькі тады, але і ва ўсе лепшыя мінуты свайго жыцця. Ён не толькі ўспомніў, але адчуў сябе такім, якім ён быў тады, калі ён чатырнаццацігадовым хлопчыкам маліўся богу, каб бог адкрыў яму ісціну, калі плакаў дзіцёнкам на каленях маці, расстаючыся з ёй і абяцаючы ёй быць заўсёды добрым і ніколі не засмучаць яе, — адчуў сябе такім, якім ён быў, калі яны з Ніколенькам Ірценевым рашылі, што будуць заўсёды падтрымліваць адзін аднаго ў добрым жыцці і будуць старацца зрабіць усіх людзей шчаслівымі. Ён успомніў цяпер, як у Кузмінскім на яго найшла спакуса, і ён пачаў шкадаваць і дом, і лес, і гаспадарку, і зямлю, і запытаў сябе цяпер: ці шкадуе ён? І яму нават дзіўна было, што ён мог шкадаваць. Ён успомніў усё, што ён бачыў сёння: і жанчыну з дзецьмі без мужа, пасаджанага ў турму за парубку ў яго, Нехлюдаўскім, лесе, і жахлівую Матруну, якая лічыла, ці, прынамсі, гаварыла, што жанчыны іхняга стану павінны аддавацца ў палюбоўніцы панам; успомніў адносіны яе да дзяцей, спосабы адвозу іх у выхаваўчы дом, і гэты няшчасны з старэчай усмешкай дзіцёнак у шапачцы, які памірае ад недакорму; успомніў гэту цяжарную, кволую жанчыну, якую павінны былі прымусіць працаваць на яго за тое, што яна, змучаная працай, не ўпільнавала сваёй галоднай каровы. І тут-жа ўспомніў турму, паголеныя галовы, камеры, брыдкі пах, ланцугі і побач з гэтым — вар‘яцкую раскошу свайго і ўсяго гарадскога, сталічнага, панскага жыцця. Усё было зусім ясна і зразумела.

Светлы месяц, амаль поўны, вышаў з-за хлева, на двор ляглі чорныя цені, і заблішчэла жалеза на даху спарахнелага дома.

І як-быццам не жадаючы прапусціць гэтае святло, заціхшы салавей зноў засвістаў і зашчоўкаў з саду.

Нехлюдаў успомніў, як ён ў Кузмінскім пачаў абдумваць сваё жыццё, вырашаць пытанні аб тым, што і як ён будзе рабіць, і ўспомніў, як ён заблытаўся ў гэтых пытаннях і не мог вырашыць іх: колькі было меркаванняў па кожнаму пытанню. Ён цяпер задаў сабе гэтыя пытанні і здзівіўся, як усё было проста. Было проста таму, што ён цяпер не думаў аб тым, што з ім будзе, і яго нават не цікавіла гэта, а думаў толькі аб тым, што ён павінен зрабіць. І дзіўная справа, што патрэбна для сябе, ён ніяк не мог рашыць, а што трэба рабіць для іншых, ён ведаў добра. Ён ведаў цяпер добра, што трэба было аддаць зямлю сялянам, таму што ўтрымліваць яе было несумленна. Ведаў добра, што трэба не пакідаць Кацюшу, дапамагаць ёй, быць гатовым на ўсё, каб загладзіць сваю віну перад ёю. Ведаў добра, што трэба было вывучыць, разгледзець, усвядоміць сабе, зразумець усе гэтыя справы судоў і пакаранняў, у якіх ён адчуваў, што бачыць нешта такое, чаго не бачаць іншыя. Што атрымаецца з усяго гэтага, ён не ведаў, але ведаў цвёрда, што і тое, і другое, і трэцяе яму абавязкова трэба рабіць. І гэта цвёрдая ўпэўненасць была радаснай для яго.

Чорная хмара зусім насунулася, і зрабіліся віднымі ўжо не зарніцы, а маланкі, якія асвятлялі ўвесь двор. І спарахнелы дом з адламанымі ганкамі, і грымоты пачуліся ўжо над галавой. Усе птушкі сціхлі, але зашамацела лісце, і вецер дабег да ганку, дзе сядзеў Нехлюдаў, варушачы яго валасы. Даляцела адна кропля, другая забарабаніла па лапухах, жалезнаму даху, і ярка ўскалыхнула ўсё паветра; усё заціхла, і не паспеў Нехлюдаў палічыць да трох, як страшна трэснула нешта над самай галавой і раскацілася па небе.

Нехлюдаў увайшоў у дом.

„Так, так, — думаў ён. — Справа, якая робіцца нашым жыццём, уся справа, увесь сэнс гэтай справы незразумелы і не можа быць зразумелым для мяне: навошта былі цёткі, чаму Ніколенька Ірценеў памёр, а я жыву? Навошта была Кацюша? І маё вар‘яцтва? Навошта была гэта вайна? І ўсё маё наступнае распуснае жыццё? Усё гэта зразумець, зразумець усю справу гаспадара мне не пад сілу. Але выконваць яго волю, напісаную ў маім сумленні, — гэта мне пад сілу, і гэта я ведаю цвёрда. І калі раблю, бываю зусім спакойным„“.

Дожджык ішоў ужо ліўнем і сцякаў з дахаў з цурчаннем у кадку; маланка радзей асвятляла двор і дом. Нехлюдаў вярнуўся ў пакой, распрануўся і лёг на ложак, баючыся клапоў, бо адарваныя брудныя паперкі сцен прымушалі падазраваць іхнюю прысутнасць.

„Так, адчуваць сябе не гаспадаром, а слугой“, думаў ён і радаваўся гэтай думцы.

Боязкасць яго апраўдалася. Толькі ён пагасіў свячу, яго, абліпаючы, пачалі кусаць клапы.

„Аддаць зямлю, ехаць у Сібір, — блохі, клапы, бруд… Ну, што-ж, калі трэба цярпець гэта, — буду цярпець“. Але, не гледзячы на ўсё жаданне, ён не мог вытрымаць гэтага і сеў ля адчыненага акна, любуючыся, як хутка адыходзіць хмара і адкрываецца зноў месяц.


IX

Досвіткам толькі Нехлюдаў заснуў, і таму наступным днём прачнуўся позна.

Апоўдня сем выбраных мужыкоў, запрошаных прыказчыкам, прышлі ў яблыневы сад пад яблыні, дзе ў прыказчыка быў зроблен на слупіках, убітых у зямлю, столік і лавачкі. Даволі доўга сялян прасілі надзець шапкі і сесці на лавачкі. Асабліва ўпарта трымаў перад сабой, па правілу, як трымаюць на пахаванні, сваю падраную шапку былы салдат, абуты сёння ў чыстыя анучы і лапці. Калі-ж адзін з іх, паважнага выгляду шырокі дзед, з кольцамі поўсівой барады, як у Майсея, Мікель-Анджэло, і сівымі густымі кучаравымі валасамі вакол загарэлага і аголенага карычневага ілба, надзеў сваю вялікую шапку і, захінуўшы новы саматканы кафтан, пралез на лаўку і сеў, астатнія паселі ўслед за ім.

Калі ўсе размясціліся, Нехлюдаў сеў супроць іх і, абапёршыся лакцём на стол над паперкай, у якой у яго быў напісан канспект праекта, пачаў выкладаць яго.

Ці таму, што сялян было меней, ці таму, што ён быў занят не сабой, а справамі, Нехлюдаў гэты раз не адчуў ніякай збянтэжанасці. Мімаволі ён звяртаўся пераважна да шырокага дзеда з белымі кольцамі барады, чакаючы ад яго ўхвалы або адмаўлення. Але ўяўленне, складзенае аб ім Нехлюдавым, было памылковае. Прыстойны дзед, хаця і ківаў спагадліва сваёй прыгожай патрыярхальнай барадой або ўстрасаў ёю, хмурачыся, калі іншыя супярэчылі, відавочна, з вялікай цяжкасцю разумеў тое, што гаварыў Нехлюдаў, і то толькі тады, калі гэта пераказвалі на сваёй мове іншыя сяляне. Куды больш разумеў словы Нехлюдава маленькі, крывы на адно вока, адзеты ў палатаную нанкавую паддзёўку і старыя, збітыя на бок, боты, амаль безбароды дзядок, які сядзеў побач з патрыярхальным дзедам — ён быў пячніком, як даведаўся потым Нехлюдаў. Чалавек гэты хутка вадзіў бровамі, уважліва слухаў, і адразу-ж пераказваў па-свойму тое, што гаварыў Нехлюдаў. Гэтак-жа хутка разумеў і невысокі прысадзісты дзед з белай барадой і бліскучымі разумнымі вачыма, які карыстаўся кожным выпадкам, каб рабіць жартаўлівыя, іранічныя заўвагі на словы Нехлюдава і, відавочна, фарсіў гэтым. Былы салдат таксама, здавалася, мог-бы разумець справу, калі-б не ачмурэў ад салдацтва і не блытаўся ў прывычках бессэнсоўнай салдацкай мовы. Сур‘ёзней за ўсіх ставіўся да справы доўганосы, з маленькай барадой, высокі чалавек, адзеты ў чыстую саматканую вопратку і ў новыя лапці, які гаварыў густым басам. Чалавек гэты ўсё разумеў і гаварыў толькі тады, калі гэта трэба было. Астатнія два дзяды, адзін — той самы бяззубы, які ўчора на сходзе з крыкам рашуча адмаўляў усе прапановы Нехлюдава, і другі — высокі, белы, кульгавы дзед з добрадушным тварам, у бахілках і туга абкручаных белымі анучамі худых нагах, абодва амаль увесь час маўчалі, хаця і ўважліва слухалі. Нехлюдаў раней за ўсё выказаў свой погляд на зямельную ўласнасць.

— Зямлю, на мой погляд, — сказаў ён, — нельга ні прадаваць, ні купляць, таму што калі можна прадаваць яе, дык тыя, у каго ёсць грошы, купяць яе ўсю і тады будуць браць з тых, у каго няма зямлі, што захочуць, за права карыстання зямлёй. Будуць браць грошы за тое, каб стаяць на зямлі, — дадаў ён, карыстаючыся аргументам Спенсера.

— Адзін ратунак — крыллі падвязаць — лятаць, — сказаў дзед з белай барадой, вочы якога смяяліся.

— Гэта правільна, — сказаў густым басам доўганосы.

— Так точна, — сказаў былы салдат.

— Баба травы для кароўкі нарвала: злавілі — у астрог, — сказаў кульгавы добрадушны дзед.

— Зямля свая за пяць вёрст, а заарандаваць — не падступіцца. Паднялі цану гэтак, што не апраўдаеш, — дадаў бяззубы сярдзіты дзед, — вяроўкі ўюць з нас, як хочуць, горш прыгону, — пацвердзіў сярдзіты.

— Я таксама думаю, як і вы, — сказаў Нехлюдаў, — лічу за грэх валодаць зямлёй. І вось хачу аддаць яе.

— Што-ж, справа добрая, — сказаў дзед з майсеевымі кольцамі, відавочна маючы на ўвазе тое, што Нехлюдаў хоча аддаць яе ў наймы.

— Я затым і прыехаў: я не хачу больш уладаць зямлёй; але вось трэба абмеркаваць, як ад яе адмовіцца.

— Ды аддай мужыкам, вось і ўсё, — сказаў бяззубы сярдзіты дзед.

Нехлюдаў збянтэжыўся ў першую мінуту, адчуўшы ў гэтых словах сумненне ў шчырасці свайго намеру. Але ён адразу-ж схамянуўся і скарыстаў гэту заўвагу, каб выказаць тое, што меў сказаць.

— І рады-б аддаць, — сказаў ён, — але каму і як? Якім мужыкам? Чаму вашаму вобчаству, а не Дземінскаму? (Гэта было суседняе сяло з жабрацкім надзелам.)

Усе маўчалі. Толькі былы салдат сказаў:

— Так точна.

— Ну, вось, — сказаў Нехлюдаў, — вы мне скажыце, калі-б цар сказаў, каб адабраць ад памешчыкаў зямлю і раздаць сялянам…

— А, ці што чуваць аб гэтым? — запытаў той самы старык.

— Не, ад цара нічога няма. Я проста ад сябе кажу: для прыкладу, што калі-б цар сказаў: адабраць ад памешчыкаў зямлю і аддаць мужыкам, — як-бы вы зрабілі?

— Як зрабілі? Падзялілі-б усю па душах усім роўна, што мужыку, што пану, — сказаў пячнік, хутка ўзнімаючы і апускаючы бровы.

— А то як-жа? Падзяліць па душах, — пацвердзіў добрадушны кульгавы дзед у белых анучах.

Усе падтрымалі гэта рашэнне, лічылі яго здавальняючым.

— Як-жа па душах? — запытаў Нехлюдаў. — Дваровым таксама падзяліць?

— „Нікак нет“, — сказаў былы салдат, стараючыся паказаць вясёлую бадзёрасць на сваім твары. Але разважлівы высокі селянін не згадзіўся з ім.

— Дзяліць — дык усім роўна, — падумаўшы, адказаў ён сваім густым басам.

— Нельга, — сказаў Нехлюдаў, ужо раней падрыхтаваўшы свой адказ. — Калі падзяліць усім роўна, дык усе тыя, хто самі не робяць, не аруць, — паны, лёкаі, кухары, чыноўнікі, пісары, усе гарадскія людзі, — возьмуць свае паі ды і прададуць багатым. І зноў у багатых збярэцца зямля. А ў тых, якія на сваім надзеле, зноў народзіцца народ, а зямля ўжо падзелена. Зноў багатыя сядуць на карак тым, каму зямля патрэбна.

— Так точна, — паспешна сцвердзіў салдат.

— Забараніць, каб не прадавалі зямлю, а толькі хто сам арэ, — сказаў пячнік, сярдзіта перабіваючы салдата.

На гэта Нехлюдаў адказаў, што прадугледзіць нельга, ці будзе хто для сябе араць ці для іншага.

Тады высокі разважлівы мужык прапанаваў зрабіць так, каб усім арцеллю араць.

— І хто арэ, на таго і дзяліць. А хто не арэ, таму нічога, — вымавіў ён сваім рашучым басам.

На гэты комуністычны праект у Нехлюдава былі таксама прыгатаваны аргументы, і ён сказаў, што для гэтага трэба, каб усе мелі плугі, і коні былі-б аднолькавыя, і каб адны не адставалі ад другіх, або каб усё — коні, плугі, і малатарні, і ўся гаспадарка — была-б агульная, а што для таго, каб зрабіць гэта, трэба, каб усе людзі згадзіліся.

— Наш народ не згодзіцца ніколі, — сказаў сярдзіты дзед.

— Скрозь бойка пачнецца, — сказаў белабароды дзед, у якога смяяліся вочы. — Бабы адна адной усе вочы павыдзіраюць.

— Потым, як падзяліць зямлю па якасці, — сказаў Нехлюдаў. — Завошта адным будзе чарназём, а другім гліна ды пясок?

— А раздаць надзеламі, каб усім роўна, — сказаў пячнік.

На гэта Нехлюдаў адказаў, што справа датычыцца не дзеляжу ў адным вобчастве, а аб дзеляжы зямлі наогул у розных губернях. Калі зямлю дармова аддаць сялянам, дык завошта адны будуць уладаць добрай, а другія дрэннай зямлёй? Усім захочацца на добрую зямлю.

— Так точна, — сказаў салдат.

Астатнія маўчалі.

— Так што гэта не так проста, як здаецца, — сказаў Нехлюдаў. — І пра гэта не мы адны, а многа людзей думае. І вось ёсць адзін амерыканец, Джордж, дык ён вось як надумаў. І я згодзен з ім.

— Ды ты гаспадар, ты і аддай. Што табе? Твая воля, — сказаў сярдзіты дзед.

Перарыў гэты збянтэжыў Нехлюдава; але ён са здавальненнем заўважыў, што і не ён адзін быў нездаволен гэтым перарывам.

— Пачакай, дзядзька Сямён, хай ён раскажа, — сваім пагрозлівым басам сказаў разважлівы мужык.

Гэта ўзбадзёрыла Нехлюдава, — ён пачаў тлумачыць ім па Генры Джорджу праект адзінага падатку.

— Зямля — нічыя, божая, — пачаў ён.

— Гэта так. Так точна, — адгукнуліся некалькі галасоў.

— Уся зямля агульная. Усе маюць на яе роўнае права. Але ёсць зямля лепшая і горшая. І кожны жадае ўзяць добрую. Як-жа зрабіць, каб усім было роўна? А так, каб той, хто будзе валодаць добрай, плаціў-бы тым, якія не валодаюць зямлёй, тое, што яго зямля варта, — сам сабе адказваў Нехлюдаў. — А так як цяжка размеркаваць, хто каму павінен плаціць, і з той прычыны, што на грамадскія патрэбы неабходна збіраць грошы, дык і зрабіць так, каб той, хто валодае зямлёй, плаціў-бы ў вобчаства на ўсялякія патрэбы тое, што яго зямля варта. Гэтак усім роўна будзе. Хочаш валодаць зямлёй — плаці за добрую зямлю больш, за дрэнную меней. А не хочаш валодаць — нічога не плаціш; а падаткі на грамадскія патрэбы за цябе будуць плаціць тыя, хто зямлёй валодае.

— Гэта правільна, — сказаў пячнік, рухаючы брывамі. — У каго лепшая зямля, той болей плаціць павінен.

— І разумны-ж быў гэты Жоржа, — сказаў паважны дзед з кольцамі.

— Толькі-б плата была пад сілу, — сказаў басам высокі, відавочна ўжо прадбачачы, куды ідзе справа.

— А плата павінна быць такая, каб было не дорага і не танна… Калі дорага, дык не выплацяць, і ўбытак будзе, а калі танна, усе пачнуць купляць адзін у аднаго, будуць гандляваць зямлёй. Вось гэта самае я хацеў зрабіць у вас.

— Гэта правільна, гэта справядліва. Што-ж, гэта добра, — казалі мужыкі.

— Ну і галава, — паўтарыў шырокі дзед з кольцамі. — Жоржа! А што надумаў.

— Ну, а як-жа, калі я захачу ўзяць зямлі? — сказаў, усміхаючыся, прыказчык?

— Калі вольны ёсць надзел, бярыце і працуйце, — сказаў Нехлюдаў.

— Табе навошта? Ты і так сыты, — сказаў дзед, у якога ўсміхаліся вочы.

На гэтым скончылася нарада.

Нехлюдаў зноў паўтарыў сваю прапанову, але не патрабаваў адказу зараз-жа, а раіў пагаварыць з вобчаствам і тады прысці і даць адказ яму.

Мужыкі сказалі, што пагавораць з вобчаствам і дадуць адказ, і, развітаўшыся, пайшлі ўсхваляваныя. На дарозе доўга чулася, паступова аддаляючыся, іхняя гучная гамонка. І да позняга вечара гулі іхнія галасы і даносіліся па рацэ ад вёскі.


На другі дзень мужыкі не працавалі, а абмяркоўвалі прапанову пана. Вобчаства падзялілася на дзве партыі: адна прызнавала выгаднай і бяспечнай прапанову пана, другая бачыла ў гэтым хітрасць, сутнасць якой яна не магла зразумець і якой таму асабліва баялася. На трэці дзень аднак усе згадзіліся прыняць прапанаваныя ўмовы, і прышлі да Нехлюдава абвясціць рашэнне ўсяго вобчаства. На згоду гэту мела ўплыў выказанае адной бабулькай, прынятае старымі, якое знішчала ўсялякую боязкасць ашуканства, тлумачэнне ўчынку пана, якое складалася з таго, што пан пачаў пра душу думаць і рабіць гэтак для яе паратунку. Тлумачэнне гэта сцвярджалася тымі вялікімі грашовымі міласцінямі, якія раздаваў тут Нехлюдаў, у час свайго прабывання ў Панаве. Грашовыя міласціні, якія раздаваў тут Нехлюдаў, былі выкліканы тым, што ён тут упершыню пазнаў тую ступень беднасці і суровасці жыцця, да якой дайшлі сяляне, і, здзіўлены гэтай беднасцю, хаця і ведаў, што гэта неразумна, не мог не даваць тых грошай, якіх у яго цяпер назбіралася асабліва багата, бо ён атрымаў іх за прададзены яшчэ ў мінулым годзе лес у Кузмінскім і яшчэ задаткі за продаж інвентара.

Як толькі даведаліся, што пан усім, хто просіць, дае грошы, гурбы народу, пераважна баб, пачалі хадзіць да яго з усёй акругі, просячы дапамогі. Ён зусім не ведаў, што рабіць з імі, чым кіравацца ў вырашэнні пытання, колькі і каму даць. Ён адчуваў, што не даваць тым, хто просяць, і відавочна, бедным людзям грошай, якіх у яго было багата, нельга было. А даваць выпадкова тым, якія просяць, не мела сэнсу. Адзіны сродак выйсці з гэтага становішча складаўся з таго, каб паехаць. Гэта самае ён і паспяшаўся зрабіць.

У апошні дзень свайго прабывання ў Панаве Нехлюдаў пайшоў у дом і пачаў перабіраць пакінутыя там рэчы. Перабіраючы іх, ён у ніжняй шуфлядцы старой цётчынай шыфан‘еркі з чырвонага дрэва, з жыватом і бронзавымі кольцамі з ільвінымі галовамі, знайшоў многа лістоў і сярод іх сфатаграфаваную на картачцы групу: Соф‘ю Іванаўну, Мар‘ю Іванаўну, яго самога студэнтам і Кацюшу — чыстую, свежую, прыгожую і жыццерадасную. З усіх рэчаў, якія былі ў доме, Нехлюдаў узяў толькі лісты і гэты здымак. Астатняе ўсё ён пакінуў млынару, які купіў за дзесятую частку цаны, па хадайніцтву прыказчыка, што ўсё ўсміхаўся, на звоз дом і ўсю мэблю Панава.

Успамінаючы цяпер сваё шкадаванне да загубленай уласнасці, якое ён адчуваў у Кузмінскім, Нехлюдаў здзіўляўся на тое, як мог ён перажываць гэтае пачуццё; цяпер ён адчуваў безупынную радасць вызвалення і адчуванне новага, падобнае да таго, што павінен адчуваць падарожнік, адкрываючы новыя землі.


X

Горад асабліва незвычайна і па-новаму ў гэты прыезд здзівіў Нехлюдава. Ён увечары, пры запаленых ліхтарах, прыехаў з вакзала на сваю кватэру. Па ўсіх пакоях яшчэ пахла нафталінам, і Аграфена Пятроўна і Карней — абодва адчувалі сябе стомленымі і незадаволенымі, і нават пасварыліся праз прыбіранне рэчаў, ужыванне якіх, здавалася, складалася толькі з таго, каб іх развешваць, сушыць і хаваць. Пакой Нехлюдава быў не заняты, але не прыбраны, і ад скрыняў прайсці да яго было цяжка, так што прыезд Нехлюдава, відавочна, перашкаджаў тым справам, якія, у сілу нейкай дзіўнай інерцыі, рабіліся на гэтай кватэры. Усё гэта было так непрыемна сваім відавочным вар‘яцтвам, якога ён некалі быў ўдзельнікам, здалося Нехлюдаву пасля ўражанняў вясковай нястачы, што ён парашыў пераехаць на другі-ж дзень у гасцініцу, пакінуўшы Аграфену Пятроўну прыбіраць рэчы, як яна гэта лічыла патрэбным, да прыезду сястры, якая ўпарадкуе канчаткова ўсё тое, што было ў доме.

Нехлюдаў раніцою вышаў з дому, выбраў сабе недалёка ад турмы ў першых сустрэчных, вельмі скромных і бруднаватых мэблевых пакоях памяшканне з двух нумароў і, загадаўшы аб тым, каб туды перавезлі выбраныя ім з дому рэчы, пайшоў да адваката.

На дварэ было холадна. Пасля навальніц і дажджоў пачаліся тыя халады, якія звычайна бываюць увесну. Было гэтак холадна і гэткі сцюдзёны вецер, што Нехлюдаў скалеў у лёгкім паліто і ўсё хутчэй і хутчэй крочыў, стараючыся сагрэцца.

У яго ўспамінах былі вясковыя людзі: жанчыны, дзеці, старыя, беднасць і змарнеласць, якія ён як быццам упершыню ўбачыў, асабліва той старычок-дзіцёнак, які ўсміхаецца і баўтае тонкімі ножкамі, — і ён мімаволі параўноўваў з імі тое, што было ў горадзе. Праходзячы каля крамы мясных, рыбных і гатовага адзення, яго здзівіла — як быццам ён упершыню ўбачыў гэта — сытасць той велізарнай колькасці такіх чыстых і гладкіх гандляроў, якіх няма ніводнага чалавека ў вёсцы. Людзі гэтыя, відавочна, цвёрда былі пераконаны ў тым, што іхнія старанні ашукаць людзей, якія не разбіраюцца ў іх тавары, ёсць не гультайскі, а вельмі карысны занятак. Гэткія-ж самыя былі фурманы з велізарнымі задамі і гузікамі на спіне, гэткія-ж швейцары ў шапках, абшытых галунамі, гэткія-ж наплоеныя пакаёўкі ў фартухах і асабліва ліхачы-рамізнікі з падбрытымі каркамі, седзячы разваліўшыся ў сваіх пралётках, пагардліва і распусна разглядаючы прахожых. Ва ўсіх гэтых людзях ён мімаволі бачыў цяпер тых самых вясковых людзей, пазбаўленых зямлі і гэтай беднасцю сагнаных у горад. Адны з гэтых людзей здолелі скарыстаць гарадскія ўмовы і зрабіліся такімі самымі, як і паны, і радаваліся свайму становішчу; другія-ж трапілі ў горадзе ў яшчэ горшыя ўмовы, як у вёсцы, і зрабіліся яшчэ больш няшчаснымі. Такімі няшчаснымі здаліся Нехлюдаву тыя шаўцы, якіх ён убачыў у акне аднаго сутарэння, дзе яны працавалі; такія самыя былі худыя, бледныя, ускудлачаныя прачкі, якія худымі голымі рукамі прасавалі перад адчыненымі вокнамі, з якіх шугала мыльная пара. Такімі самымі былі, сустрэнутыя Нехлюдавым, два маляры ў фартухах і апорках на босых нагах, усе ад галавы да пятаў запэцканыя фарбай. У закасаных вышэй локця загарэлых жылістых слабых руках яны, лаючыся, неслі вядро фарбы. Такія самыя твары былі і ў запыленых з чорнымі тварамі ламавікоў, што трэсліся на сваіх дрогах. Такія самыя былі ў абадраных, апухлых мужчын і жанчын з дзецьмі, якія стаялі на рагах вуліц і прасілі міласціны. Гэткія самыя твары можна было бачыць у адчыненых вокнах тракціра, міма якога давялося праходзіць Нехлюдаву. Каля брудных, застаўленых бутэлькамі і чайнай пасудай столікаў, між якімі, раскачваючыся, сноўдалі белыя афіцыянты, сядзелі, гарланячы і распяваючы, потныя, пачырванелыя людзі з атуманенымі тварамі. Адзін сядзеў ля акна, падняўшы бровы і выпяўшы губы, глядзеў перад сабою, як быццам стараючыся ўспомніць нешта.

„І навошта яны ўсе пазбіраліся тут?“ думаў Нехлюдаў, мімаволі ўдыхаючы разам з пылам, які на яго нёс халодны вецер, усюды пашыраны пах прагорклага масла свежай фарбы.

На адной вуліцы яго дагнаў абоз ламавікоў; яны везлі нейкае жалеза і так страшна грымелі па няроўным бруку сваім жалезам, аж яму зрабілася балюча ў вушах і галаве. Ён пайшоў хутчэй, каб выперадзіць абоз, калі раптам з-за грукату жалеза пачуў сваё імя. Ён спыніўся і ўбачыў крыху ўперадзе сябе ваеннага з спічастымі скручанымі вусамі і ззяючым глянцавітым тварам; ваенны, седзячы на таратайцы ліхача, ветліва махаў яму рукой, адкрываючы ўсмешкай надзвычайна белыя зубы.

— Нехлюдаў! Ты гэта?

Першае адчуванне Нехлюдава было прыемнасць.

— А! Шэнбок, — радасна вымавіў ён, але адразу-ж зразумеў, што радавацца зусім не было чаго.

Гэта быў той самы Шэнбок, які тады заязджаў да цётак. Нехлюдаў даўно не бачыў яго, але чуў пра яго, што ён, не гледзячы на свае даўгі, пакінуўшы полк і астаўшыся ў кавалерыі, усё неяк трымаўся нейкімі сродкамі ў асяроддзі багатых людзей. Задаволены, вясёлы выгляд сцвярджаў гэта.

— Вось добра, што злавіў цябе! А то нікога ў горадзе няма. Ну, браце, а ты пастарэў, — гаварыў ён, выходзячы з таратайкі і выпростваючы плечы. — Я толькі па хадзе і пазнаў цябе. Ну, што-ж, абедаем разам? Дзе ў вас тут кормяць як след?

— Не ведаю, ці паспею, — адказаў Нехлюдаў, думаючы толькі аб тым, як-бы яму збавіцца ад таварыша, не зняважыўшы яго. — Ты чаго-ж тут? — запытаў ён.

— Усё справы, браце. Справы апекі. Я-ж апякун. Кірую справамі Саманава. Ведаеш, багацея. Ён ідыёт. А 54 тысячы дзесяцін зямлі, — сказаў ён з нейкім асаблівым гонарам, нібы сам зрабіў усе гэтыя дзесяціны. — Запушчаны справы былі жудасна. Зямля ўся была ў сялян. Яны нічога не плацілі, нядоімкі было больш, як 80 тысяч. Я за адзін год усё змяніў і даў апецы на 70 проц. больш. А? — спытаў ён з гонарам.

Нехлюдаў успомніў, што чуў, як гэты Шэнбок іменна таму, што ён прасвістаў усю сваю маёмасць і нарабіў неадплатных даўгоў, быў па нейкай асаблівай пратэкцыі прызначан апекуном маёмасці старога багацея, які праматаў сваю маёмасць, і цяпер, пэўна, жыў з гэтай апекі.

„Як-бы збавіцца ад яго, не зняважыўшы яго?“ думаў Нехлюдаў, гледзячы на яго глянцавіты, наліты твар з нафіксатуаранымі вусамі і слухаў яго добрадушна-таварыскую балбатню аб тым, дзе добра кормяць, і хвальбу тым, як ён наладзіў справы апекі.

— Ну, дык дзе-ж абедаем?

— Мне няма калі, — сказаў Нехлюдаў, гледзячы на гадзіннік.

— Дык вось што. Увечары сёння скачкі. Ты будзеш?

— Не, я не буду.

— Прыязджай. Сваіх ужо ў мяне няма. Але я стаўлю, на Грышыных коней. Помніш? У яго добрая стайня. Дык вось прыязджай, і павячэраем.

— І вячэраць не магу, — усміхаючыся, сказаў Нехлюдаў.

— Ну што-ж гэта? Ты куды цяпер? Хочаш, я давязу.

— Я да адваката. Ён тут за рогам, — сказаў Нехлюдаў.

— А, ты-ж нешта ў астрозе робіш? Астрожным хадатаем зрабіўся? Мне Карчагіны гаварылі, — смеючыся, загаманіў Шэнбок. — Яны паехалі ўжо. Што такое? Раскажы!

— Але, але, усё гэта праўда, — адказаў Нехлюдаў, — што-ж расказваць на вуліцы!

— Ну, канешне, канешне, ты-ж заўсёды дзіваком быў. Дык прыедзеш на скачкі?

— Не, не магу і не хачу. Ты, калі ласка, не злуйся.

— Вось, злавацца! Ты дзе стаіш? — запытаў ён, і раптам твар яго зрабіўся сур‘ёзным, вочы спыніліся, бровы падняліся. Ён, відавочна, хацеў успомніць, і Нехлюдаў убачыў у ім зусім такі самы тупы выраз, як у таго чалавеказ паднятымі брывамі і адтапыранамі губамі, які здзівіў яго ў акне тракціра.

— Халадэча якая! А?

— Але, але.

— Пакупкі ў цябе? — звярнуўся Шэнбок да рамізніка.

— Ну, дык бывай; вельмі, вельмі рады, што сустрэў цябе, — сказаў ён і, паціснуўшы моцна руку Нехлюдаву, ускочыў у таратайку, махаючы перад глянцавітым тварам шырокай рукой у новай белай замшавай пальчатцы і прывычна ўсміхаючыся сваімі надзвычайна белымі зубамі.

„Няўжо я быў гэткі? — думаў Нехлюдаў, ідучы да адваката. — Ну, хаця не зусім гэткі, але хацеў быць гэткім і думаў, што так і пражыву жыццё“.


XI

Адвакат прыняў Нехлюдава без чаргі і адразу-ж разгаварыўся пра справу Меншовых, якую ён прачытаў, і абурыўся беспадстаўнасцю абвінавачвання.

— Справа гэта абураючая, — гаварыў ён. — Магчыма, што падпаліў сам гаспадар для атрымання страхоўкі, але справа ў тым, што вінаватасць Меншовых зусім не даказана. Няма ніякіх доказаў. Гэта асаблівая стараннасць следчага і неахайнасць таварыша [пракурора]. Толькі-б справа слухалася не ў павеце, а тут, і я ручаюся за выйгрыш, і ганарару не бяру ніякага. Ну-с, другая справа — прашэнне на высачайшае імя Фядос‘і Біруковай — напісана; калі паедзеце ў Пецербург, вазьміце з сабой, самі падайце і папросіце. А то зробяць запытанне ў міністэрства юстыцыі, там адкажуць так, каб хутчэй збавіцца, гэта значыць адмовяць, і нічога не будзе. А вы пастарайцеся дабрацца да вышэйшых чыноў.

— Да цара? — запытаў Нехлюдаў.

Адвакат засмяяўся.

— Гэта ўжо найвышэйшая „высочайшая инстанция“. А вышэйшая — значыць — сакратара пры камісіі прашэнняў або загадчыка. Ну, усё цяпер?

— Не, вось мне яшчэ пішуць сектанты, — сказаў Нехлюдаў, вымаючы з кішэні ліст сектантаў. — Гэта дзіўная справа, калі справідлова, што яны пішуць. Я сёння пастараюся ўбачыць іх і даведацца, у чым справа.

— Вы, я бачу, зрабіліся нейкай варонкай, горлачкам, праз якое выліваюцца ўсе скаргі турмы, — усміхаючыся, сказаў адвакат. — Занадта багата, не пад сілу будзе.

— Не, але гэта дзіўная справа, — сказаў Нехлюдаў і расказаў сцісла сутнасць справы: людзі ў вёсцы збіраліся чытаць евангелле, прышло начальства і паразганяла іх. У наступную нядзелю зноў сабраліся, тады паклікалі ўрадніка, склалі акт, і іх аддалі пад суд. Судовы следчы дапытаў, таварыш пракурора склаў абвінаваўчы акт, судовая палата сцвердзіла абвінавачванне, і іх засудзілі ў ссылку.

— Гэта нешта жудаснае, — гаварыў Нехлюдаў. — Няўжо гэта праўда?

— Што-ж вас тут здзіўляе?

— Усё; ну, я разумею ўрадніка, якому загадалі, але таварыш пракурора, які складаў акт, ён-жа чалавек адукаваны…

— У гэтым і памылка, што мы прывыклі думаць, што пракуратура, судовыя наогул — гэта нейкія новыя ліберальныя людзі. Яны былі некалі такімі, але цяпер гэта зусім іншае. Гэта чыноўнікі, якія клапоцяцца толькі аб 20 чысле. Ён атрымлівае пенсію, яму трэба больш, і гэтым і абмяжоўваюцца ўсе яго прынцыпы. Ён каго хочаце будзе абвінавачваць, судзіць, прысуджаць.

— Няўжо існуюць законы, па якіх можна выслаць чалавека за тое, што ён разам з іншымі чытае евангелле?

— Не толькі выслаць у не зусім блізкія месцы, але на катаргу, калі толькі будзе даказана, што, чытаючы евангелле, дазволілі сабе тлумачыць яго інакш, не гэтак, як загадана, і таму асуджалі царкоўнае тлумачэнне. Ганьбаванне праваслаўнай веры пры народзе і згодна артыкула 196 — ссылка на пасяленне.

— Не можа быць.

— Я вам кажу. Я заўсёды кажу панам судовым, — працягваў адвакат, — што я не магу без удзячнасці бачыць іх, таму што калі я не ў турме і вы таксама, і мы ўсе, дык толькі дзякуючы іхняй дабраце. А падвесці кожнага з нас да пазбаўлення асаблівых праў і ссылкі — самая лёгкая справа.

— Але калі так, і ўсё залежыць ад самавольства пракурора і асоб, якія маюць права ўжываць і не ўжываць закон, дык навошта суд?

Адвакат весела засмяяўся.

— Вось якія пытанні вы задаеце! Ну, гэта, бацюхна, філасофія. Што-ж, можна і аб гэтым пагутарыць. Вось прыязджайце ў суботу. Сустрэнеце ў мяне вучоных, літаратараў, мастакоў. Тады і пагутарым аб агульных пытаннях, — сказаў адвакат, з іранічным пафасам вымаўляючы словЫ: „агульныя пытанні“. — З жонкай знаёмы. Прыязджайце.

— Пастараюся, — адказаў Нехлюдаў, адчуваючы, што ён гаворыць няпраўду, і калі аб чым пастараецца, дык толькі аб тым, каб не быць увечары ў адваката, у асяроддзі яго гасцей: вучоных, літаратараў і мастакоў.

Смех, якім адказаў адвакат на заўвагу Нехлюдава аб тым, што суд не мае значэння, калі суддзі могуць па свайму свавольству ўжываць або не ўжываць закон, і інтанацыя, з якой ён вымавіў словы: „філасофія“ і „агульныя пытанні“, паказалі Нехлюдаву, як зусім па-рознаму ён і адвакат і, напэўна, і прыяцелі адваката глядзяць на рэчы, і як, не гледзячы на ўсё сваё цяперашняе аддаленне ад ранейшых сваіх сяброў, як Шэнбок, Нехлюдаў адчуваў сябе яшчэ больш далёкім ад адваката і людзей яго асяроддзя.


XII

Да турмы было далёка, а было ўжо позна, і таму Нехлюдаў узяў рамізніка і паехаў да турмы. На адной з вуліц рамізнік, чалавек сярэдніх год, з разумным і добрадушным тварам, звярнуўся да Нехлюдава і паказаў на рыштаванні велізарнага будынка.

— Вунь якую будыніну ўзвялі, — сказаў ён, як быццам ён браў нейкі ўдзел у гэтай будоўлі і ганарыўся гэтым.

Сапраўды, дом будаваўся велізарны і ў нейкім складаным, незвычайным стылі. Моцныя рыштаванні з вялікіх сасновых бярвенняў, схопленыя жалезнымі змацаваннямі, акружалі няскончаную пабудову і адмяжоўвалі яе ад вуліцы драўлянай агарожай. Па мастах рыштаванняў снавалі, як мурашкі, запырсканыя вапнай рабочыя: адны клалі, другія цясалі камень, трэція ўгору насілі цяжкія і ўніз пустыя насілкі і кадкі.

Тоўсты і добра апрануты чалавек, напэўна архітэктар, стоячы каля рыштаванняў, нешта паказваў угору і гаварыў владзімірцу-падрадчыку, які пачціва слухаў яго. З варот міма архітэктара з падрадчыкам выязджалі пустыя і ўязджалі нагружаныя фурманкі.

„І як яны ўсе ўпэўнены, і тыя, якія працуюць, таксама як і тыя, якія прымушаюць іх працаваць, што гэта так і павінна быць, што ў гэты час, калі дома іхнія цяжарныя бабы робяць непасільную работу, і дзеці іхнія ў шапачках, перад скорай галоднай смерцю, па-старэчаму ўсміхаюцца, перабіраючы ножкамі, ім трэба будаваць гэты дурны непатрэбны палац нейкаму дурному і непатрэбнаму чалавеку, аднаму з тых самых, якія рабуюць і разараюць іх“, думаў Нехлюдаў, паглядаючы на гэты дом.

— Але, недарэчны дом, — выказаў ён уголас сваю думку.

— Як недарэчны? — пакрыўджана адказаў рамізнік. — Дзякаваць, народу работу дае. А не недарэчны.

— Дык-жа работа непатрэбная.

— Значыць, патрэбная, калі будуюць, —адказаў рамізнік, — народ корміцца.

Нехлюдаў замаўчаў, тым больш, што цяжка было гаварыць ад грукату колаў. Недалёка ад турмы рамізнік з‘ехаў з бруку на шасе, так што лёгка было гаварыць, і зноў звярнуўся да Нехлюдзва.

— Што гэтага народу цяперака ў горад валіць — страх колькі, — сказаў ён, абарочваючыся на сядзенні і паказваючы Нехлюдаву на арцель вясковых рабочых, якія ішлі ім насустрач з піламі, з сякерамі, з кажухамі і торбамі за плячыма.

— Хіба больш, як у ранейшыя гады? — спытаў Нехлюдаў.

— Куды! Цяпер так набіваюцца ўсюды, што бяда. Гаспадары кідаюцца народам, як трэскамі. Усюды поўна.

— Чаму-ж гэта так?

— Распладзіліся. Няма куды дзецца.

— Дык што-ж, калі распладзіліся? Чаму-ж не астаюцца ў вёсцы?

— Няма чаго ў вёсцы рабіць. Зямлі няма.

Нехлюдаў адчуваў тое, што бывае з хворым месцам. Здаецца, што, як наўмысля, удараешся ўсё балючым месцам, а здаецца гэта толькі таму, што толькі ўдары па балючым месцы заўважаеш.

„Няўжо ўсюды тое самае?“ падумаў ён і пачаў распытваць рамізніка пра тое, колькі ў іх у вёсцы зямлі, і колькі ў самога рамізніка зямлі, і чаму ён жыве ў горадзе.

— Зямлі ў нас, паночку, дзесяціна на душу. Трымаем мы на тры душы, — з ахвотай разгаварыўся рамізнік. — У мяне дома бацька, брат, другі ў салдатах. Яны ўпраўляюцца. Ды ўпраўляцца няма чаго. І то брат хацеў у Маскву пайсці.

— А не можна заарандаваць зямлі?

— Дзе цяпер заарандаваць? Панкі, якія былі, праматалі сваю. Купцы ўсю пакуплялі. У іх не купіш, — самі працуюць. У нас француз гаспадарыць, у старога пана купіў. Не здае — і ўсё тут.

— Які француз?

— Дюфар — француз, можа чулі. Ён у вялікім тэатры на акторак парыкі робіць. Справа выгадная, ну і забагацеў. У нашай паненкі купіў увесь маёнтак. Цяпер ён над намі гаспадар. Як хоча, так і ездзіць на нас. Дзякаваць, сам чалавек добры. Толькі жонка яго з рускіх, — гэткая зараза, што не дай божа. Рабуе народ. Бяда! Ну, вось і турма. Вам куды, да пад‘езду? Не пушчаюць, мабыць.


XIII

З трывогай у сэрцы і палохаючыся думкі пра тое, у якім становішчы ён сёння знойдзе Маславу, і той тайны, што была для яго і ў ёй і ў тым злучэнні людзей, якое было ў астрозе, пазваніў Нехлюдаў каля галоўнага ўваходу і запытаў надзірацеля, які вышаў да яго, пра Маславу. Надзірацель даведаўся і сказаў, што яна ў больніцы. Нехлюдаў пайшоў у больніцу. Добрадушны дзядок, больнічны вартаўнік, адразу-ж пусціў яго і, даведаўшыся, каго яму трэба было бачыць, накіраваў у дзіцячае аддзяленне.

Малады доктар, увесь прасякнуты карболавай кіслатой, вышаў да Нехлюдава ў калідор і строга спытаў яго, што яму трэба. Доктар гэты ўсялякім чынам патураў арыштантам і таму заўсёды меў непрыемныя сутычкі з начальствам турмы і нават з старшым доктарам. Баючыся таго, каб Нехлюдаў не патрабаваў ад яго чаго-небудзь незаконнага, і, апрача таго, жадаючы паказаць, што ён ні для кога не робіць выключэнняў, ён прыкінуўся сярдзітым.

— Тут няма жанчын, дзіцячыя палаты, — сказаў ён.

— Я ведаю, але тут ёсць пераведзеная з турмы сядзелка-служанка.

— Але, ёсць тут дзве. Дык што-ж вам трэба?

— Я блізка стаю да адной з іх, да Маславай, — сказаў Нехлюдаў, — і вось жадаў-бы бачыць яе: я еду ў Пецербург для падавання касацыйнай скаргі па яе справе. І хацеў перадаць вось гэта. Гэта толькі фатаграфічны здымак, — сказаў Нехлюдаў, вымаючы з кішэні канверт.

— Што-ж, гэта можна, — сказаў доктар, падабрэўшы, і звярнуўшыся да бабулькі ў белым фартуху, сказаў, каб яна паклікала сядзелку-арыштантку Маславу. — Ці не жадаеце пасядзець, або прайсці ў прыймовы пакой?

— Дзякую вам, — адказаў Нехлюдаў і, карыстаючыся спрыяючай для яго зменай у доктары, спытаўся ў яго аб тым, як задаволены Маславай у больніцы.

— Нішто, працуе някепска, беручы пад увагу ўмовы, ў якіх яна была, — сказаў доктар. — А вось і яна.

З адных дзвярэй вышла бабулька-сядзелка і за ёю Маслава. Яна была ў белым фартуху на паласатым плацці. На галаве была хусцінка, якая закрывала валасы. Убачыўшы Нехлюдава, яна ўспыхнула, спынілася нібы ў нерашучасці, а потым нахмурылася і, апусціўшы вочы, хуткімі крокамі накіравалася да яго па палосачцы калідора. Падышоўшы да Нехлюдава, яна хацела не падаць рукі, потым падала і яшчэ больш пачырванела. Нехлюдаў не бачыў яе пасля той размовы, калі яна прасіла прабачэння за сваю гарачнасць, і ён цяпер чакаў яе знайсці такой самай, як тады. Але сёння яна была зусім іншая, у выразе твара яе было нешта новае: стрыманае, сарамлівае і, як здалося Нехлюдаву, нязычлівае да яго. Ён сказаў ёй тое самае, што сказаў доктару, — што едзе ў Пецербург, і перадаў ёй канверт з фатаграфіяй, якую ён прывёз з Панава.

— Гэта я знайшоў у Панаве, старая фатаграфія, можа вам прыемна. Вазьміце.

Яна, прыўзняўшы чорныя бровы, здзіўлена зірнула на яго сваімі касаватымі вачыма, як быццам пытаючы: навошта гэта? — і моўчкі ўзяла канверт і паклала ў фартух.

— Я бачыў там цётку вашу, — сказаў Нехлюдаў.

— Бачылі? — сказала яна абыякава.

— Ці добра вам тут? — запытаў Нехлюдаў.

— Нішто, добра, — сказала яна.

— Не вельмі цяжка?

— Не, нішто. Я не прывыкла яшчэ.

— Я за вас вельмі рад. Усё-такі лепей, як там.

— Як дзе там? — сказала яна, і твар яе заліўся румянцам.

— Там, у астрозе, — паспяшыў сказаць Нехлюдаў.

— Чым-жа лепей? — запытала яна.

— Я думаю, людзі тут лепшыя. Няма гэткіх, якія там.

— Там многа добрых, — сказала яна.

— Аб Меншовых я хадайнічаў і спадзяюся, што іх вызваляць, — сказаў Нехлюдаў.

— Гэта дай божа, гэткая бабулька цудоўная, — сказала яна, паўтараючы сваё азначэнне бабулькі, і злёгку ўсміхнулася.

— Я сёння еду ў Пецербург. Справа ваша будзе слухацца неўзабаве, і я спадзяюся, што прысуд скасуюць.

— Скасуюць, не скасуюць, цяпер усёроўна, — сказала яна.

— Чаму: цяпер?

— Так, — сказала яна, хуткім поглядам запытальна зірнуўшы яму ў твар.

Нехлюдаў зразумеў гэта слова і гэты погляд так, што яна хоча ведаць, ці трымаецца ён свайго рашэння або прыняў яе адмову і змяніў яго.

— Не ведаю, чаму для вас усёроўна, — сказаў ён. — Але для мяне сапраўды ўсёроўна: апраўдаюць вас ці не. — Я ва ўсякім выпадку гатоў зрабіць, што гаварыў, — сказаў ён рашуча.

Яна падняла галаву, і чорныя касаватыя вочы ўтаропіліся і на яго твары, і міма яго, і ўвесь твар яе асветліўся радасцю. Але яна сказала зусім не тое, што гаварылі яе вочы.

— Гэта вы дарэмна гаворыце, — сказала яна.

— Я гавару, каб вы ведалі.

— Пра гэта ўсё сказана, і гаварыць няма чаго, — сказала яна, ледзьве стрымліваючы ўсмешку.

У палаце нешта зашумелі. Пачуўся дзіцячы плач.

— Мяне клічуць, здаецца, — сказала яна, непакойна азіраючыся.

— Ну, дык бывайце, — сказаў ён.

Яна прыкінулася, што не заўважыла працягнутай рукі, не паціснуўшы яе, павярнулася і, намагаючыся схаваць сваю радасць, хуткімі крокамі пайшла па палосках калідора.

„Што ў ёй робіцца? Як яна думае. Як яна адчувае? Ці хоча яна выпрабаваць мяне або сапраўды не можа дараваць? Не можа яна сказаць усяго, што думае і адчувае, або не хоча?“ запытваў сябе Нехлюдаў і ніяк не мог адказаць сабе. Адно ён ведаў — гэта тое, што яна змянілася, і ў ёй ішла важная для яе душы змена, і гэта змена злучала яго не толькі з ёю, але і з тым, дзеля каго адбывалася гэта змена. І вось гэта злучэнне рабіла яго настрой радасна-ўзбуджаным і расчуленым.

Вярнуўшыся ў палату, дзе стаяла восем дзіцячых ложкаў, Маслава пачала па загаду сястры перасцілаць пасцель і, занадта далёка перахіліўшыся з прасціной, пакаўзнулася і ледзьве не ўпала. Хлопчык з абвязанай шыяй, які ачуньваў, гледзячы на яе, зарагатаў, і Маслава не магла ўжо больш стрымацца і, прысеўшы на ложак, гэтак голасна і спакусна засмяялася, што некалькі дзяцей таксама зарагаталі, і сястра сярдзіта крыкнула на яе.

— Чаго рагочаш? Думаеш, што ты там, дзе была? Ідзі па порцыі.

Маслава замаўчала і, узяўшы пасуду, пайшла, куды яе пасылалі, але, пераглянуўшыся з абвязаным хлопчыкам, якому забаронена было смяяцца, зноў пырснула. Некалькі разоў на працягу дня, як толькі яна аставалася адна, Маслава вымала картачку з канверта і любавалася ёю; але толькі ўвечары пасля дзяжурства, астаўшыся адна ў пакоі, дзе яны спалі ўдвух з сядзелкай, Маслава зусім выняла з канверта фатаграфію і доўга нерухома, лашчачы вачыма кожную драбніцу і твараў, і адзенняў, і сходняў балкона, і кустоў, на фоне якіх вышлі сфатаграфаваныя твары яго і яе, і цётак, глядзела на злінялую, пажоўклую картачку і не магла налюбавацца асабліва сабою, сваім маладым, прыгожым тварам з кучаравымі вакол ілба валасамі. Яна так заглядзелася, што не заўважыла, як яе таварышка-сядзелка ўвайшла ў пакой.

— Гэта што-ж? Ён табе даў? — сказала тоўстая добрадушная сядзелка, нагінаючыся над фатаграфіяй. — Няўжо-ж гэта ты?

— А то хто-ж? — усміхаючыся, гледзячы на твар таварышкі, вымавіла Маслава.

— А гэта хто-ж? Ён самы? А гэта маці яго?

— Цётка. А хіба не пазнала-б? — спыталася Маслава.

— Дзе пазнаць! Ніколі не пазнала-б. Зусім увесь твар іншы. Бадай, дзесяць год пасля таго мінула.

— Не гады, а жыццё, — сказала Маслава, і раптам усё ажыўленне яе прайшло. Твар зрабіўся панурым, і маршчына ўрэзалася паміж броваў.

— Чаго-ж, жыццё там лёгкае, напэўна.

— Але, лёгкае, — паўтарыла Маслава, закрыўшы вочы і ківаючы галавой. — Горш як катарга.

— Чаму-ж?

— А таму-ж. З 8 вечара да 4 рання. Гэта кожны дзень.

— Дык чаму-ж не пакідаюць?

— І хочуць пакінуць, ды нельга. Ды што казаць! — вымавіла Маслава, ускочыла, кінула фатаграфію ў шуфлядку століка і, ледзьве стрымліваючы злыя слёзы, выбегла ў калідор, грукнуўшы дзвярыма. Гледзячы на фатаграфію, яна адчувала сябе такой, якой яна была знята на ёй, і марыла аб тым, як яна была шчаслівай тады і магла-б быць шчаслівай з ім цяпер. Словы таварышкі напомнілі ёй тое, што яна была цяпер, і тое, што яна была там, — нагадалі ёй увесь жах таго жыцця, які яна тады цмяна адчувала, але не дазваляла сабе ўсведамляць. Цяпер толькі яна жыва ўспомніла ўсе гэтыя жахлівыя ночы і асабліва адну на масленіцы, калі чакала студэнта, які абяцаў выкупіць яе. Успомніла яна, як яна ў адкрытым, залітым віном, чырвоным шаўковым плацці, з чырвочым бантам у зблытаных валасах, змучаная і знясіленая і захмялелая, праводзіўшы гасцей каля двух гадзін ночы, падсела ў перапынак танцаў да худой, кастлявай, прышчаватай акампаніятаршы скрыпача і пачала скардзіцца ёй на сваё цяжкое жыццё, і як гэта акампаніятарша таксама гаварыла, што ёй абрыдла ўсё і яна хоча жыць іначай, і як да іх падышла Клара, і як яны раптам наважыліся ўсе тры кінуць гэта жыццё. Яны думалі, што сёнешняя ноч скончана, і хацелі разыходзіцца, як раптам зашумелі ў прадпакоі п‘яныя госці. Скрыпач зайграў рытурнель, акампаніятарша забарабаніла на піяніна акампанімент вельмі вясёлай рускай песні першай фігуры кадрылі; як маленькі, п‘яны, праванялы віном чалавечак у белым гальштуку і фраку, які ён зняў у часе другой фігуры, ікаючы, падхапіў яе, а другі тоўсты з барадой, таксама ў фраку (яны прыехалі з нейкага балу), падхапіў Клару, і як яны доўга круціліся, танцавалі, крычалі, пілі… І гэтак ішло год, і два, і тры. Як-жа не змяніцца? І прычынай усяго быў ён. І ў ёй раптам узнялася ранейшая злобнасць да яго: захацелася лаяць, дакараць яго. Яна шкадавала, што прапусціла выпадак сёння выказаць яму яшчэ раз тое самае, што яна ведае яго і не паддасца яму, не дазволіць яму духоўна скарыстаць яе, як ён карыстаўся ёй цялесна, не дазволіць яму зрабіць яе прадметам сваёй вялікадушнасці. І каб як-небудзь загасіць гэта балючае пачуццё жаласці да сябе і бескарыснага папікання яго, ёй захацелася віна. І яна не стрымала-б слова і выпіла-б віна, калі-б была ў астрозе. Тут-жа дастаць віна нельга было іначай, як у фельчара, а фельчара яна баялася таму, што ён прыставаў да яе. Адносіны-ж з мужчынамі былі для яе брыдкімі. Пасядзеўшы на лаўцы ў калідоры, яна вярнулася ў каморку і, не адказваючы таварышцы, доўга плакала над сваім згубленым жыццём.


XIV

У Пецербургу ў Нехлюдава было тры справы: касацыйнае прашэнне Маславай у сенаце, справа Фядос‘і Біруковай у камісіі прашэнняў і, па даручэнню Веры Богадухоўскай, справа ў жандарскім кіраўніцтве, або З-м аддзяленні, аб вызваленні Шуставай і аб спатканні маці з сынам, зняволеным у крэпасці, аб якім даслала яму запіску Вера Богадухоўская.

Гэтыя дзве справы ён лічыў за адну трэцюю справу. І чацвертая справа — была справа сектантаў, якіх высылалі ад сваіх сем‘яў на Каўказ за тое, што яны чыталі і тлумачылі евангелле. Ён абяцаў не столькі ім, колькі сабе, зрабіць для высвятлення гэтай справы ўсё, што толькі будзе магчыма.

Пасля свайго апошняга наведвання Масленнікава, асабліва пасля сваёй паездкі ў вёску, Нехлюдаў не так, што парашыў, але ўсёй сваёй істотай адчуў агіднасць да таго свайго асяроддзя, у якім ён жыў дасюль, да таго асяроддзя, дзе гэтак старанна захаваны былі пакуты мільёнаў людзей для забяспечання роскашы і пацех малой колькасці, што людзі гэтага асяроддзя не бачаць, не могуць бачыць гэтых пакут і таму жорсткасці і злачыннасці свайго жыцця. Нехлюдаў цяпер ужо не мог без нацягнутасці і папікання самаго сябе таварышаваць з людзьмі гэтага асяроддзя. А тым часам да гэтага асяроддзя цягнулі яго прывычкі яго ранейшага жыцця, цягнулі і сваяцкія і сяброўскія сувязі і, галоўнае, тое, што для таго, каб зрабіць тое, што цяпер адно займала яго: дапамагчы і Маславай і ўсім тым пакутнікам, якім ён хацеў дапамагчы, ён павінен быў прасіць дапамогі і паслуг у людзей гэтага асяроддзя, не толькі непаважаных, але якія часта выклікалі ў ім абурэнне і пагардлівасць.

Прыехаўшы у Пецербург і спыніўшыся ў сваёй цёткі з матчынага боку, графіні Чарскай, жонкі былога міністра, Нехлюдаў адразу патрапіў у самы цэнтр арыстакратычных колаў, якія зрабіліся яму гэткімі чужымі. Яму непрыемна было гэта, а нельга было зрабіць іначай. Спыніцца не ў цёткі, а ў гасцініцы, значыла пакрыўдзіць яе, і тым часам цётка мела вялікія сувязі і магла быць вельмі карыснай ва ўсіх тых справах, па якіх ён думаў хадайнічаць.

— Ну, што я чую пра цябе? Нейкія цуды, — гаварыла яму графіня Кацярына Іванаўна, частуючы яго кавай адразу пасля яго прыезду. — Vous posez pour un Howard![4]. Памагаеш злачынцам. Ездзіш па турмах. Выпраўляеш.

— Ды не, я і не думаю.

— Што-ж, гэта добра. Толькі тут нейкая раманічная гісторыя. Ну, раскажы.

Нехлюдаў расказаў пра свае дачыненні з Маславай — усё, як было.

— Памятаю, памятаю, бедная Элен гаварыла мне нешта тады, калі ты ў тых бабулек жыў: яны цябе, здаецца, жаніць хацелі на сваёй выхаванцы (графіня Кацярына Іванаўна заўсёды пагардліва ставілася да цётак Нехлюдава па бацьку)… Дык гэта яна? Elle est encore jolie?[5]

Цётка Кацярына Іванаўна была шасцідзесяцігадовая, здаровая, вясёлая, энергічная, гаваркая жанчына. Росту яна была высокага і вельмі поўная, на губе ў яе былі прыкметны чорныя вусы. Нехлюдаў любіў яе і з дзяцінства яшчэ прывык заражацца яе энергіяй і вясёласцю.

— Не, ma tante[6], гэта ўсё скончана. Мне толькі хацелася памагчы ёй, таму, што, па-першае, яна нявінна засуджана, і я ў гэтым вінават, вінават і ва ўсім яе лёсе. Я адчуваю, што я павінен зрабіць для яе, што магу.

— Але як-жа мне казалі, што ты хочаш жаніцца з ёю?

— Так, я хацеў, але яна не хоча.

Кацярына Іванаўна, выпяўшы лоб і апусціўшы зрэнкі здзіўлена і моўчкі паглядзела на пляменніка. Раптам твар яе змяніўся, і на ім выявілася задавальненне.

— Ну, яна разумней за цябе. Ах, які ты дурань! І ты ажаніўся-б з ёю?

— Абавязкова.

— Пасля таго, чым яна была?

— Тым больш. Я-ж вінават ва ўсім.

— Не, ты проста дурань, — сказала цётка, стрымліваючы ўсмешку. — Страшэнны дурань, але я цябе іменна за гэта люблю, што ты гэткі страшэнны дурань, — паўтарала яна, відаць асабліва палюбіўшы гэта слова, якое правільна перадавала, на яе думку, разумовае і маральнае становішча яе пляменніка. — Ты ведаеш, як гэта дарэчы, — працягвала яна. — У Aline дзіўны прытулак для Магдалін. Я была аднаго разу. Яны вельмі брыдкія. Я потым усё мылася. Але Aline corps et âme[7] занята гэтым. Дык мы яе, тваю, да яе аддадзім. Ужо калі хто выправіць, дык гэта Aline.

— Але яна засуджана на катаргу. Я для таго прыехаў, каб хадайнічаць аб скасаванні гэтага прысуду. Гэта мая першая справа да вас.

— Вось як! Дзе-ж гэта справа аб ёй?

— У сенаце.

— У сенаце? Дык мой любы cousin Лёвачка ў сенаце. Але-ж ён у дэпартаменце дурняў — герольдыі. Ну, а з сапраўдных я не ведаю нікога. Усё гэта бог ведае хто — або немцы: Ге, Фэ, Дэ, — tout l‘alphabet[8] або розныя Івановы, Семёнавы, Нікіціны або Іваненка, Сіманенка, Нікіценка, pour varier. Des gens de l‘autre monde[9]. Ну, усё-такі я скажу мужу. Ён іх ведае. Ён усякіх людзей ведае. Я яму скажу. А ты яму растлумач, а то ён ніколі мяне не разумее. Што-б я яму ні гаварыла, ён гаворыць, што нічога не разумее. C‘est un parti pris[10]. Усе разумеюць, толькі ён не разумее.

У гэты час лёкай у панчохах прынёс на срэбраным падносе ліст.

— Якраз ад Aline. Вось ты і Кізеветэра пачуеш.

— Хто гэта — Кізеветэр?

— Кізеветэр? Вось прыходзь сёння. Ты і даведаешся, хто ён такі. Ён гэтак гаворыць, што самыя закаранелыя злачынцы кідаюцца на калені і плачуць і каюцца.

Графіня Кацярына Іванаўна, як гэта ні дзіўна было і як гэта не адпавядала яе характару, была гарачая прыхільніца таго вучэння, па якому лічылася, што сутнасць хрысціянства заключаецца ў веры ў збавенне ад грахоў. Яна ездзіла на сходы, дзе прапаведвалася гэта моднае тады вучэнне, і збірала ў сябе яго прыхільнікаў. Не гледзячы на тое, што гэта вучэнне адмаўляла не толькі ўсе абрады, абразы, але і таінствы, у графіні Кацярыны Іванаўны ва ўсіх пакоях і нават над яе ложкам, былі абразы, і яна выконвала ўсё, што патрабавала царква, не бачачы ў гэтым ніякіх супярэчнасцей.

— Вось, каб твая Магдаліна паслухала яго, яна-бы паверыла, — сказала графіня. — А ты абавязкова будзь дома ўвечары. Ты пачуеш яго. Гэта дзіўны чалавек.

— Мне гэта нецікава, ma tante.

— А я табе кажу, што цікава. І ты абавязкова прыязджай. Ну, кажы, што табе яшчэ ад мяне трэба? Videz votre sac[11].

— А яшчэ справа ў крэпасці.

— У крэпасці? Ну, туды я магу даць табе запіску да барона Крыгсмута. C‘est un trés brave homme[12]. Але ты сам яго ведаеш. Ён твайму бацьку таварыш. Il donne dans le spiritisme[13]. Але гэта нічога. Ён добры. Што-ж табе там трэба?

— Трэба прасіць аб тым, каб дазволілі спатканне маці з сынам, які там сядзіць. Але мне казалі, што гэта не ад Крыгсмута залежыць, а ад Чэрвянскага.

— Чэрвянскага я не люблю, але гэта муж Mariette. Можна яе папрасіць. Яна зробіць для мяне. Elle est très gentillè[14].

— Трэба прасіць яшчэ аб адной жанчыне. Яна сядзіць некалькі месяцаў, і ніхто не ведае завошта.

— Ну, не, яна сама пэўна ведае завошта. Яны вельмі добра ведаюць. І ім, гэтым стрыжаным, так і трэба.

— Мы не ведаем, ці трэба так або не. А яны пакутваюць. Вы — хрысціянка і верыце евангеллю, а не маеце літасці…

— Зусім гэта не перашкаджае. Евангелле — евангеллем, а што брыдка, то брыдка. Горш за ўсё будзе, калі я буду прыкідацца, што люблю нігілістаў і, галоўнае, стрыжаных нігілістак, калі я іх цярпець не магу.

— Завошта-ж вы іх цярпець не можаце?

— Пасля 1-га сакавіка пытаеш: завошта?

— Але-ж не ўсе ўдзельніцы 1-га сакавіка.

— Усёроўна, навошта лезуць не ў сваю справу. Не жаночая гэта справа.

— Ну, а вось Mariette, вы знаходзіце, што можа займацца справамі, — сказаў Нехлюдаў.

— Mariette? Mariette — Mariette. А гэта бог ведае хто, Халцюпкіна нейкая хоча ўсіх вучыць.

— Не вучыць, а проста хочуць памагчы народу.

— Без іх ведаюць, каму трэба і каму не трэба памагаць.

— Але-ж народ гаруе. Вось я зараз з вёскі прыехаў. Хіба гэта патрэбна, каб мужыкі працавалі з апошніх сіл і не елі ўдосыць, а каб мы жылі ў страшэннай раскошы, — гаварыў Нехлюдаў, мімавольна добрадушшам цёткі ўцягнены ў жаданне выказаць ёй усё, што ён думаў.

— А ты што-ж хочаш, каб я працавала і нічога не ела?

— Не, я не хачу, каб вы не елі, — мімаволі ўсміхаючыся, адказаў Нехлюдаў, — а я хачу толькі, каб мы ўсе працавалі і ўсе елі.

Цётка, зноў апусціўшы лоб і зрэнкі, з цікаўнасцю ўтаропілася на яго.

— Mon cher, vous finirez mal[15], — сказала яна.

— Ды чаму-ж?

У гэты час у пакой увайшоў высокі плячысты генерал. Гэта быў муж графіні, Чарскі, адстаўны міністр.

— А, Дзмітрый, добры дзень, — сказаў ён, падстаўляючы яму толькі што паголеную шчаку. — Калі прыехаў?

Ён моўчкі пацалаваў у лоб жонку.

— Non, il est impayable[16], — звярнулася графіня Кацярына Іванаўна да мужа. — Ён мне загадвае ісці на рэчку бялізну мыць і есці адну бульбу. Ён страшэнны дурань, але ўсё-такі ты яму зрабі, што ён цябе просіць. Страшэнны дурыла, — паправілася яна. — А ты чуў: Каменская, гавораць, у такой роспачы, што баяцца за яе жыццё, — звярнулася яна да мужа, — ты-б з‘ездзіў да яе.

— Але, гэта жахліва, — сказаў муж.

— Ну, ідзіце з ім гаварыць, а мне трэба лісты пісаць.

Толькі што Нехлюдаў вышаў у пакой каля гасцінай, як яна закрычала яму адтуль:

— Дык напісаць Mariette?

— Калі ласка, ma tante.

— Дык я пакіну en blanc[17], што табе трэба аб стрыжанай, а яна ўжо скажа свайму мужу. І ён зробіць. Ты не думай, што я злая. Яны ўсе брыдкія, твае protégées, але, je ne leur veux pas de mal[18]. Бог з імі! Ну, ідзі. А ўвечары абавязкова будзь дома. Пачуеш Кізеветэра. І мы памолімся. І калі ты толькі не будзеш працівіцца, ça vous fera beaucoup de bien[19]. Я-ж ведаю, і Элен, і вы ўсе вельмі адсталі ў гэтым. Да пабачэння.


XV

Граф Іван Міхайлавіч быў адстаўны міністр і чалавек з вельмі цвёрдымі перакананнямі.

Перакананні графа Івана Міхайлавіча з маладых год былі ў тым, што як птушцы ўласціва жывіцца чарвякамі, быць адзетай у пух і пер’і і лятаць па паветры, гэтак і яму ўласціва есці дарагія стравы, прыгатаваныя дарагімі кухарамі, быць апранутым у самую добрую і дарагую адзежу, ездзіць на самых добрых і хуткіх конях, і што таму гэта ўсё павінна быць для яго гатова. Апрача таго, граф Іван Міхайлавіч лічыў, што чым больш ён будзе ўсялякім чынам атрымліваць грошай ад дзяржавы, і чым больш будзе ў яго ордэнаў ды дыяментавых знакаў, і чым часцей ён будзе бачыцца і гаварыць з каранаванымі асобамі абаіх полаў, тым будзе лепш. Усё-ж астатняе, у параўнанні з гэтымі асноўнымі догматамі, граф Іван Міхайлавіч лічыў мізэрным і нецікавым. Усё астатняе магло быць зроблена і так і наадварот. Адпаведна гэтай веры граф Іван Міхайлавіч жыў і дзейнічаў у Пецербургу на працягу сарака год і пасля сарака год дасягнуў пасады міністра.

Галоўныя якасці графа Івана Міхайлавіча, з дапамогай якіх ён дасягнуў гэтага, былі ў тым, што ён, па-першае, умеў разумець сэнс напісаных папер і законаў, і хаця і нязграбна, але ўмеў складаць зразумелыя паперы і пісаць іх без арфаграфічных памылак; па-другое, быў надзвычайна салідны і, дзе трэба было, мог рабіць выгляд не толькі гонару, але і непадступнасці і велічы, а дзе трэба было, мог быць ліслівым да страснасці і подласці; па-трэцяе, у тым, што ў яго не было ніякіх агульных прынцыпаў, або правіл, ні асабіста маральных, ні дзяржаўных, і што ён таму з усімі мог быць згодзен, калі гэта трэба было, і, калі гэта трэба было, мог быць з усімі не згодзен. Робячы так, ён стараўся толькі аб тым, каб быў вытрыманы тон і не было відавочнай супярэчнасці з самім сабой, да таго-ж ці яго ўчынкі сумленныя, або несумленныя, ці дадуць яны вялікую карысць або вялікае зло для Расійскай імперыі або для ўсяго свету, ён ставіўся зусім абыякава.

Калі ён зрабіўся міністрам, не толькі ўсе залежныя ад яго, — а залежала ад яго вельмі багата людзёй і прыбліжаных, — але і ўсе староннія людзі і ён сам былі ўпэўнены, што ён вельмі разумны дзяржаўны чалавек.

Але калі прайшоў пэўны час, і ён нічога не зрабіў, нічога не паказаў, і, калі па закону барацьбы за існаванне, якраз такія самыя, як і ён, якія навучаліся пісаць і разумець паперы, салідныя і беспрынцыповыя чыноўнікі выцеснілі яго, і ён павінен быў пайсці ў адстаўку, дык усім зрабілася ясна, што ён быў не толькі не асабліва разумны і не глыбокадумны чалавек, але вельмі абмежаваны і мала адукаваны, хаця і вельмі самаўпэўнены чалавек, які ледзь-ледзь падымаўся ў сваіх поглядах да ўзроўню перадавых артыкулаў самых пошлых кансерватыўных газет. Выявілася, што ў ім нічога не было выдатнага ў параўнанні з іншымі малаадукаванымі, самаўпэўненымі чыноўнікамі, якія яго выцеснілі, і ён сам зразумеў гэта, але гэта зусім не паслабіла яго перакананняў аб тым, што ён павінен кожны год атрымліваць вялікую колькасць дзяржаўных грошай і новыя аздабленні для свайго прыгожага адзення. Гэта перакананне было гэткім сільным, што ніхто не мог наважыцца адмовіць яму ў гэтым, і ён атрымліваў кожны год, часткова ў выглядзе пенсіі, часткова ўзнагароды за членства ў вышэйшай дзяржаўнай установе і за старшынства ў розных камісіях, камітэтах, некалькі дзесяткаў тысяч рублёў і, звыш таго, высока цанімыя ім штогод новыя правы на нашыўку новых галуноў на свае плечы або панталоны і нападдзяванне пад фрак новых істужачак і эмалевых зорак. З прычыны гэтага ў графа Івана Міхайлавіча былі вялікія сувязі.

Граф Іван Міхайлавіч выслухаў Нехлюдава так, як ён, бывала, выслухоўваў даклады кіраўніка спраў, і, выслухаўшы, сказаў, што ён дасць яму дзве запіскі — адну да сенатара Вольфа, касацыйнага дэпартамента.

— Гавораць пра яго рознае, але dans tous les cas c‘est un homme trés comme il faut[20], — сказаў ён. — І ён зробіць для мяне, што можа.

Другую запіску граф Іван Міхайлавіч даў да асобы, якая мела ўплыў у камісіі прашэнняў. Справа Фядос‘і Біруковай, як яе расказаў яму Нехлюдаў, вельмі зацікавіла яго. Калі Нехлюдаў сказаў яму, што ён хацеў пісаць ліст да імператаршы, ён сказаў, што сапраўды гэта справа вельмі жаласлівая, і можна было, калі падвернецца выпадак, расказаць гэта там. Але абяцаць ён не мог. Хай прашэнне пойдзе сваім парадкам. А калі будзе выпадак, падумаў ён, калі паклічуць на petit comité[21] у чацвер, ён, магчыма, скажа.

Атрымаўшы абедзве запіскі ад графа і запіску да Mariette ад цёткі, Нехлюдаў адразу-ж накіраваўся па ўсіх гэтых месцах.

Раней за ўсё ён накіраваўся да Mariette. Ён ведаў яе дзяўчынкай-падлеткам небагатай арыстакратычнай сям‘і, ведаў, што яна вышла замуж за кар‘ерыста, пра якога ён чуў нядобрае, галоўнае, чуў пра яго бессардэчнасць да тых сотняў тысяч палітычных, катаваць якіх было яго спецыяльным абавязкам, і Нехлюдаву было, як заўсёды, балюча цяжка тое, што для таго, каб дапамагчы прыгнечаным, ён павінен станавіцца на бок уціскальнікаў, як быццам прызнаючы іхнюю дзейнасць законнай тым, што звяртаўся да іх з просьбамі аб тым, каб яны крыху, хаця-б у дачыненні да вядомых асоб, устрымаліся ад сваіх звычайных і напэўна непрыкметных для іх саміх жорсткасцей. У гэтых выпадках заўсёды ён адчуваў унутраны разлад і незадаваленне сабой і ваганне: прасіць або не прасіць, але заўсёды рашаў, што трэба прасіць. Справа-ж ў тым, што яму будзе няёмка, сорамна, непрыемна ў гэтай Mariette і яе мужа, але затое можа быць тое, што няшчасная жанчына, якая мучыцца ў адзіночным зняволенні, будзе выпушчана, і не будуць пакутваць і яна і яе сваякі. Апрача таго, што ён адчуваў фальш у гэтым становішчы просьбіта сярод людзей, якіх ён ужо не лічыў сваімі, але якія яго лічылі сваім, у гэтым асяроддзі ён адчуваў, што ўваходзіць у ранейшую прывычную каляіну і мімаволі паддаваўся таму лёгкадумнаму і несумленнаму тону, які панаваў у гэтым гуртку. Ён ужо адчуў гэта ў цёткі Кацярыны Іванаўны. Ён ужо сёння ўранні, гаворачы з ёю аб самых сур‘ёзных рэчах, збіваўся на жартаўлівы тон.

Наогул Пецербург, у якім ён даўно не быў, рабіў на яго сваё звычайнае ўражанне — фізічна ўзбадзёрваў і маральна прытупляў: усё такое чыстае, зручнае, добраўпарадкаванае, галоўнае — людзі так мала патрабуюць маралі, што жыццё здаецца асабліва лёгкім.

Прыгожы, чысты, пачцівы рамізнік павёз яго міма прыгожых, пачцівых, чыстых гарадавых, па прыгожым, чыста палітым бруку, да таго дома на канаве, у якім жыла Mariette.

Каля пад‘езду стаяла пара англійскіх коней у шорах, і падобны да англічаніна кучар з бакенбардамі да паловы шчок, у ліўрэі, з пугай і ганарлівым выглядам сядзеў на козлах.

Швейцар у надзвычайна чыстым мундзіры адчыніў дзверы ў сенцы, дзе стаяў у яшчэ больш чыстай ліўрэі з галунамі выязны лёкай з цудоўна расчосанымі бакенбардамі і дзяжурны веставы салдат з штыхом, апрануты ў новы чысты мундзір.

— Генерал не прыймаюць. Генеральша таксама. Яны зараз едуць.

Нехлюдаў падаў ліст графіні Кацярыны Іванаўны і, дастаўшы картачку, падышоў да століка, на якім ляжала кніга для запісаў наведвальнікаў, і пачаў пісаць, што вельмі шкадуе, што не застаў, як лёкай пасунуўся да сходняў, швейцар вышаў на пад‘езд, крыкнуўшы „падавай!“, а веставы, выцягнуўшы рукі па швах, застыў сустракаючы і праводзячы вачыма невысокую тоненькую пані, якая ішла па сходнях хуткай, не адпаведнай яе важнасці хадой.

Mariette была ў вялікім чорным капелюшы з пяром і ў чорным плацці, у чорнай накідцы і ў новых чорных пальчатках; твар яе быў закрыты вуалем.

Убачыўшы Нехлюдава, яна падняла вуаль, адкрыла вельмі прыемны твар з бліскучымі вачыма і запытальна зірнула на яго.

— А, князь Дзмітрый Іванавіч! — вясёлым, прыемным голасам вымавіла яна. — Я-б пазнала…

— Як, вы нават памятаеце, як маё імя?

— Як-жа, мы з сястрой нават у вас закаханы былі, — пачала гаварыць яна па-французску. — Але як вы змяніліся. Ах, які жаль, што я ад‘язджаю. Але-ж, хадзем назад, — сказала яна, спыняючыся ў нерашучасці.

Яна зірнула на насценны гадзіннік.

— Не, нельга. Я на паніхіду еду да Каменскай. Яна ў вялікай роспачы.

— А што гэта Каменская?

— Хіба вы не чулі?.. Яе сын забіты на дуэлі. Страляліся з Позенам. Адзіны сын. Жах. Маці ў такой роспачы.

— Але, я чуў.

— Не, лепш я паеду, а вы прыходзьце заўтра або сёння ўвечары, — сказала яна і хуткімі лёгкімі крокамі пайшла да выхадных дзвярэй.

— Сёння ўвечары да вас не магу, — адказаў ён, выходзячы за ёю разам на ганак. — А ў мяне-ж справа да вас, — сказаў ён, гледзячы на пару рыжых, якая пад‘язджала да ганку.

— Што такое?

— А вось запіска аб гэтым ад цётачкі, — сказаў Нехлюдаў, падаючы ёй вузенькі канверт з вялікім вензелем. — Там вы ўсё пабачыце.

— Я ведаю: графіня Кацярына Іванаўна думае, што я маю ўплыў на мужа ў справах. Яна памыляецца. Я нічога не магу і не хачу заступацца. Але, зразумела, для графіні і для вас я гатова адступіць ад свайго правіла. У чым-жа справа? — гаварыла яна, маленькай ручкай у чорнай пальчатцы дарэмна адшукваючы кішэню.

— Пасаджана ў крэпасць адна дзяўчына, а яна хворая і невінавата.

— А як яе прозвішча?

— Шустава. Лідзія Шустава. У запісцы ёсць.

— Ну, добра, я паспрабую зрабіць, — сказала яна і лёгка ўвайшла ў мякка капітаніраваную фурманку, якая блішчэла на сонцы лакам сваіх крылляў, і адкрыла парасон. Лёкай сеў на козлы і даў знак кучару ехаць. Фурманка рушыла, але ў тую самую мінуту яна дакранулася парасонам да спіны кучара, і тонкаскурыя красуні, энглізаваныя кабылы, падціскаючы зацягнутыя мундштукамі пекныя галовы, спыніліся, перабіраючы тонкімі нагамі.

— А вы прыходзьце, але, калі ласка, бескарысна, — сказала яна, усміхнуўшыся ўсмешкай, сілу якой яна добра ведала, і, нібы скончыўшы прадстаўленне, апусціла заслону: спусціла вуаль. — Ну, паедзем, — яна зноў кранула парасонам кучара.

Нехлюдаў падняў капялюш. А рыжыя чыстакроўныя кабылы, фыркаючы, загрукацелі па бруку, і экіпаж хутка паехаў, толькі дзе-ні-дзе мякка падскокваючы сваімі новымі шынамі на выбоінах дарогі.


XVI

Успамінаючы ўсмешку, якой ён памяняўся з Mariette, Нехлюдаў паківаў на сябе галавою.

„Не паспееш азірнуцца, як уцягнешся зноў у гэта жыццё“, — падумаў ён, адчуваючы тую раздвоенасць і сумненні, якія ў ім выклікала неабходнасць прыстасоўвання да людзей, якіх ён не паважаў. Абмеркаваўшы, куды раней, куды пасля ехаць, каб не вяртацца, Нехлюдаў перш накіраваўся ў сенат; яго праводзілі ў канцылярыю, дзе ён у пышным памяшканні ўбачыў вялікую колькасць надзвычайна пачцівых і чыстых чыноўнікаў.

Прашэнне Маславай было атрымана і перададзена на разгледжанне і даклад таму самому сенатару Вольфу, да якога ў яго быў ліст ад дзядзькі, сказалі Нехлюдаву чыноўнікі.

— Паседжанне-ж сената будзе на гэтым тыдні, і справа Маславай напэўна не пападзе на гэта паседжанне. Калі-ж папрасіць, дык можна спадзявацца, што пусцяць і на гэтым тыдні, у сераду, — сказаў адзін.

У канцылярыі сената, дзе Нехлюдаў чакаў, пакуль рабілі даведку, ён пачуў зноў размову аб дуэлі і падрабязны расказ аб тым, як забілі маладога Каменскага. Тут ён упершыню пачуў падрабязнасці гэтай гісторыі, якой займаўся ўвесь Пецербург. Справа была ў тым, што афіцэры елі ў краме вустрыцы і, як заўсёды, багата пілі. Адзін сказаў нешта адмоўнае аб палку, у якім служыў Каменскі; Каменскі назваў яго хлусам. Той ударыў Каменскага. На другі дзень страляліся, і Каменскаму трапіла куля ў жывот, і ён памёр праз дзве гадзіны. Забойца і секунданты арыштаваны, але, як гавораць, хаця іх і пасадзілі на гауптвахту, іх выпусцяць праз два тыдні.

З канцылярыі сената Нехлюдаў паехаў у камісію прашэнняў да ўплывовага ў ёй чыноўніка, барона Вараб‘ёва, які займаў раскошнае памяшканне ў дзяржаўным доме. Швейцар і лёкай абвясцілі сурова Нехлюдаву, што бачыць барона нельга, апрача прыймовых дзён, што ён сёння ў гасудара імператара, а заўтра зноў даклад. Нехлюдаў перадаў ліст і паехаў да сенатара Вольфа.

Вольф толькі што паснедаў і, як звычайна, узбадзёрваючы траўленне курэннем цыгаркі і прагулкай па пакоі, прыняў Нехлюдава. Владзімір Васільевіч Вольф быў сапраўды un homme trés comme il faut, і гэту сваю ўласцівасць ставіў вышэй за ўсё, з вышыні яе глядзеў на ўсіх іншых людзей і не мог не цаніць высока гэтай уласцівасці, таму што дзякуючы толькі ёй ён зрабіў бліскучую кар‘еру, тую самую, якую жадаў, г. зн. шляхам жаніцьбы набыў маёмасць, якая давала 18 тысяч даходу, і сваімі намаганнямі — месца сенатара. Ён лічыў сябе не толькі un homme trés comme il faut, але яшчэ і чалавекам рыцарскай сумленнасці. Пад сумленнасцю-ж ён разумеў тое, каб не браць з прыватных асоб паціху хабараў. Выпрошваць-жа сабе ўсялякія прагоны, пад‘ёмныя, арэнды ад дзяржавы, па-рабскаму выконваючы за гэта ўсё, што-б ні патрабаваў ад яго ўрад, ён не лічыў несумленным. Загубіць-жа, разарыць, быць вінавайцай высылкі і зняволення сотняў нявінных людзей, з прычыны іхняй любові да свайго народу і рэлігіі бацькоў, як ён зрабіў гэта, калі быў губернатарам у адной губерні Царства Польскага, ён не толькі не лічыў несумленным, але лічыў учынкам прыстойным, мужным, патрыятычным; не лічыў таксама несумленным тое, што ён абабраў закаханую ў сябе жонку і швагерку. Наадварот, лічыў гэта разумным упарадкаваннем свайго сямейнага жыцця.

Сямейнае жыццё Владзіміра Васільевіча складалася з яго бязвольнай жонкі, швагеркі, маёмасць якой ён таксама прыўласніў, прадаўшы яе маёнтак і паклаўшы яе грошы на сваё імя, і ціхая, запужаная, непрыгожая дачка, жыццё якой было цяжкае і самотнае: апошні час яна знайшла сабе ўцеху ў евангелізме — у сходах у Aline і ў графіні Кацярыны Іванаўны.

Сын-жа Владзіміра Васільевіча — добрадушны, барадаты ў 15 год, які з таго часу і пачаў піць і распуснічаць, што і працягваў рабіць і да дваццацігадавога ўзросту, — быў выгнаны з дому за тое, што нідзе не скончыў курса і, абарачаючыся ў дрэнным асяроддзі і робячы даўгі, кампраметаваў бацьку. Бацька аднаго разу заплаціў за сына 230 рублёў доўгу, заплаціў і другі раз 600 рублёў; але сказаў сыну, што гэта апошні раз, што калі ён не выправіцца, дык ён прагоніць яго з дому і вырачацца яго. Сын не толькі не выправіўся, але зрабіў яшчэ 1000 рублёў доўгу і дазволіў сабе сказаць бацьку, што яму і так дома жыць мучэнне. І тады Валадзімір Васільевіч сказаў сыну, што ён можа ісці, куды хоча, што ён не сын яму. З таго часу Владзімір Васільевіч рабіў выгляд, што ў яго няма сына, і ўсе блізкія баяліся гаварыць яму пра сына, і Владзімір Васільевіч быў цалкам упэўнен, што ён найлепшым чынам пабудаваў сваё сямейнае жыццё.

Вольф з ласкавай і крыху глумлівай усмешкай, — гэта была яго прывычка: мімавольная праява разумення сваёй камільфотнай перавагі над большасцю людзей — спыніўшы сваю праходку па габінеце, паздароўкаўся з Нехлюдавым і прачытаў запіску.

— Прашу, калі ласка, сядайце, а мне даруйце. Я буду хадзіць, калі дазволіце, — сказаў ён, заклаўшы рукі ў кішэні сваёй курткі і ступаючы лёгкімі мяккімі крокамі па дыяганалі вялікага, у вытрыманым стылі, габінета. — Вельмі рад з вамі пазнаёміцца і, само сабой, зрабіць прыемнае графу Івану Міхайлавічу, — гаварыў ён, выпускаючы араматны блакітнаваты дым і асцярожна адносячы цыгару ад рота, каб не скінуць попел.

— Я толькі папрасіў-бы аб тым, каб справа слухалася, як мага хутчэй, таму што калі падсуднай давядзецца ехаць у Сібір, дык ехаць раней, — сказаў Нехлюдаў.

— Але, але, з першымі параходамі з Ніжняга, ведаю, — сказаў Вольф з сваёй спагадлівай усмешкай, заўсёды ўсё ведаючы наперад, што толькі пачыналі яму гаварыць. — Як прозвішча падсуднай?

— Маслава…

Вольф падышоў да стала і зірнуў на паперу, якая ляжала на кардоне з справамі. — Так, так, Маслава. Добра, я папрашу таварышоў. Мы выслухаем справу ў сераду.

— Магу я так тэлеграфаваць адвакату?

— А ў вас адвакат? Навошта гэта? Але калі вы хочаце, што-ж.

— Повады да касацыі могуць быць недастатковымі, — сказаў Нехлюдаў, — але з справы, я думаю, відаць, што абвінавачванне зроблена ў выніку непаразумення.

— Але, але, гэта можа быць, але сенат не можа разглядаць справу па сутнасці, — сказаў Владзімір Васільевіч сурова, гледзячы на попел. — Сенат сочыць толькі за правільнасцю прымянення закона і тлумачэння яго.

— Гэта, мне здаецца, выключны выпадак.

— Ведаю, ведаю. Усе выпадкі выключныя. Мы зробім, што трэба. Вось і ўсё. — Попел усё яшчэ трымаўся, але ў попеле зрабілася шчыліна, і яму пагражала небяспека. — А вы ў Пецербургу рэдка бываеце? — сказаў Вольф, трымаючы цыгарку так, каб попел не ўпаў. Попел усё-такі задрыжэў, і Вольф асцярожна паднёс яго да попельніцы, куды ён і зваліўся. — А якое жахлівае здарэнне з Каменскім, — сказаў ён. — Цудоўны малады чалавек. Адзін сын. Асабліва матчына становішча, — гаварыў ён, паўтараючы амаль слова ў слова ўсё тое, што ўсе ў Пецербургу гаварылі ў гэты час пра Каменскага.

Пагаварыўшы яшчэ аб графіні Кацярыне Іванаўне і яе захапленні новым рэлігійным напрамкам, які Владзімір Васільевіч не ганіў і не апраўдваў, але які пры яго камільфотнасці, відавочна, быў для яго непатрэбным, ён пазваніў.

Нехлюдаў пакланіўся.

— Калі вам зручна, прыходзьце абедаць, — сказаў Вольф, працягваючы руку, — хаця ў сераду. Я і адказ вам дам станоўчы.

Было ўжо позна, і Нехлюдаў паехаў дамоў, г. зн. да цёткі.


XVII

Абедалі ў графіні Кацярыны Іванаўны а палове восьмай, і абед падаваўся па-новаму, яшчэ нябачанаму Нехлюдавым, спосабу. Стравы ставіліся на стол, і лёкаі адразу-ж адыходзілі, так што ўсе самі бралі сабе стравы. Мужчыны не дазвалялі дамам утрудняць сябе залішнімі рухамі і, як сільны пол, неслі мужна ўвесь цяжар накладання дамам і сабе страў і налівання напіткаў. Калі-ж адну страву з‘ядалі, графіня націскала ў стале пугаўку электрычнага званка, і лёкаі бязгучна ўваходзілі, хутка прыбіралі, зменьвалі прыборы і прыносілі наступную страву.

Абед быў далікатны, гэткія-ж былі і віны. У вялікай светлай кухні працавалі французскі шэф з двума белымі памочнікамі. Абедалі шасцёра: граф і графіня, іхні сын, пануры гвардзейскі афіцэр, які клаў локці на стол, Нехлюдаў, лектрыса-францужанка і галоўны аконам графа, які прыехаў з вёскі. І тут пачалі гаварыць пра дуэль. Размова ішла аб тым, як ставіцца да справы цар. Было вядома, што цар вельмі шкадуе маці, і ўсе вельмі шкадавалі маці. Але так як было вядома, што цар, хаця і спачувае, не хоча быць строгім да забойцы, які абараняў гонар мундзіра, дык і ўсе адносіліся спагадліва да забойцы, які абараняў гонар мундзіра. Толькі графіня Кацярына Іванаўна з сваім вольнадумствам выказала асуджэнне забойцы.

— Будуць п‘янстваваць ды забіваць прыстойных маладых людзей — ніколі-б не даравала, — сказала яна.

— Вось гэтага я не разумею, — сказаў граф.

— Я ведаю, што ты ніколі не разумееш таго, што я кажу, — пачала гаварыць графіня, звяртаючыся да Нехлюдава. — Усе разумеюць, толькі не муж. Я кажу, што мне шкада маці, і я не хачу, каб ён забіў, і быў вельмі здавалены.

Тады сын, які маўчаў дагэтуль, заступіўся за забойцу і напаў на сваю маці, даволі груба даказваючы ёй, што афіцэр не мог зрабіць іначай, што іначай яго судом афіцэраў выгналі-б з палка. Нехлюдаў слухаў, не ўступаючы ў размову, і, як ранейшы афіцэр, разумеў, хаця і не прызнаваў, доказы маладога Чарскага, але разам з тым міжвольна параўноўваў з афіцэрам — забойцай таго арыштанта, прыгожага юнака, бачанага ім у турме і засуджанага на катаргу за забойства ў час бойкі. Абодва зрабіліся забойцамі ад п‘янства. Той, мужык, забіў у мінуту раздражнення, і ён разлучаны з жонкай, з сям‘ёй, з сваякамі, закуты ў кайданы і з паголенай галавой ідзе на катаргу, а гэты сядзіць у добрым пакоі на гауптвахце, есць добры абед, п‘е добрае віно, чытае кнігі і сёння ці заўтра будзе на волі і будзе жыць па-ранейшаму, толькі зрабіўшыся асабліва цікавым.

Ён сказаў тое, што думаў. Спачатку было графіня Кацярына Іванаўна згадзілася з пляменнікам, але потым замаўчала. Таксама, як і ўсе, і Нехлюдаў адчуваў, што гэтым расказам ён зрабіў нешта накшталт непрыстойнасці.

Увечары, неўзабаве пасля абеду, у вялікай зале, дзе наўмысля, як для лекцыі, паставілі радамі крэслы з высокімі разбянымі спінкамі, а перад сталом крэсла і столік з графінам вады для прапаведніка, пачалі збірацца на сход, на якім павінен быў прапаведваць прыезджы Кізеветэр.

Каля пад‘езду стаялі дарагія экіпажы. У зале з дарагім убраннем сядзелі дамы ў шаўку, аксаміце, мярэжах, з накладнымі валасамі і абцягненымі і накладнымі станамі. Паміж дам сядзелі мужчыны — ваенныя і штацкія і чалавек пяць простых: два дворнікі, крамнік, лёкай і кучар.

Кізеветэр, моцны, крыху пасівелы чалавек, гаварыў па-англійску, а маладая худая дзяўчына ў pince-nez добра і хутка перакладала.

Ён гаварыў аб тым, што грахі нашы гэткія вялікія, кара за іх гэткая вялікая і няўхільная, што жыць, чакаючы гэтай кары, нельга.

— Толькі падумаем, мілыя сёстры і браты, аб сабе, аб сваім жыцці, аб тым, што мы робім, як жывем, як гневім поўнага любові бога, як прымушаем пакутваць Хрыста, і мы зразумеем, што няма для нас даравання, няма выхаду, няма паратунку, што ўсе мы павінны загінуць. Пагібель жахлівая, вечныя мукі чакаюць нас, — гаварыў ён дрыжачым голасам, як быццам плачучы. — Як выратавацца? Браты, як выратавацца з гэтага жахлівага пажару? Ён ахапіў ужо дом, і няма выхаду.

Ён памаўчаў, і сапраўдныя слёзы цяклі па яго шчоках. Ужо гадоў восем кожны раз без памылкі, як толькі ён даходзіў да гэтага месца сваёй прамовы, якая вельмі падабалася яму, ён адчуваў спазмы ў горле, шчыпанне ў носе, і з вачэй цяклі слёзы. І гэтыя слёзы яшчэ больш расчульвалі яго. У пакоі пачуліся рыданні. Графіня Кацярына Іванаўна сядзела каля мазаікавага століка, абапёршыся галавой на абедзве рукі, і тоўстыя плечы яе ўздрыгвалі. Кучар здзіўлена і спалохана глядзеў на немца, нібы ён наязджаў на яго дышлам, а ён не збочваў. Большасць сядзела ў гэткіх позах, як і графіня Кацярына Іванаўна. Дачка Вольфа, падобная да яго, у модным плацці стаяла на каленках, закрыўшы твар рукамі.

Аратар раптам адкрыў твар і выклікаў на ім вельмі падобную на сапраўдную ўсмешку, якой акторы выказваюць радасць, і салодкім, пяшчотным голасам пачаў гаварыць:

— А паратунак ёсць. Вось ён, лёгкі, радасны. Паратунак гэты — пралітая за нас кроў адзінага сына божага, які аддаў сябе за нас на мучэнні. Яго мучэнні, яго кроў выратуе нас. Браты і сёстры, — зноў са слязамі ў голасе пачаў гаварыць ён, — аддзякуем бога, які ахвяраваў адзінага сына за род чалавечы. Святая кроў яго…

Нехлюдаву зрабілася гэтак балюча брыдка, што ён паціху ўстаў і, маршчынячыся, і стрымліваючы крактанне сораму, вышаў на цыпачках і пайшоў у свой пакой.


XVIII

Наступным днём, толькі што Нехлюдаў апрануўся і збіраўся ісці ўніз, як лёкай прынёс яму картачку маскоўскага адваката. Адвакат прыехаў па сваіх справах і разам з тым для таго, каб прысутнічаць пры разглядзе справы Маславай у сенаце, калі яна хутка будзе слухацца. Тэлеграма, дасланая Нехлюдавым, раз‘ехалася з ім. Даведаўшыя ад Нехлюдава, калі будзе слухацца справа Маславай і хто сенатары, ён усміхнуўся.

— Якраз усе тры тыпы сенатараў, — сказаў ён. — Вольф — гэта пецербургскі чыноўнік, Скавароднікаў — гэта вучоны юрыст і Бэ — гэта практычны юрыст, а таму больш за ўсіх жывы, — сказаў адвакат. — На яго больш усяго надзеі. Ну, а што-ж у камісіі прашэнняў?

— Вось сёння паеду да барона, Вараб‘ёва, учора не мог дабіцца аудыенцыі.

— Вы ведаеце, чаму барон — Вараб‘ёў? — сказаў адвакат, адказваючы на некалькі камічную інтанацыю, з якой Нехлюдаў вымавіў гэты іншаземны тытул у злучэнні з гэткім рускім прозвішчам. — Гэта Павел за нешта ўзнагародзіў яго дзеда, — здаецца, камер-лёкая, — гэтым тытулам. Нечым вельмі дагадзіў яму. — Зрабіць яго баронам, майму нораву не пярэч! Так і пайшоў: барон Вараб‘ёў. І вельмі ганарыцца гэтым. А вялікі прайдзісвет.

— Дык вось да яго еду, — сказаў Нехлюдаў.

— Ну, і добра, паедзем разам. Я вас давязу.

Перад тым, як паехаць, ужо ў прадпакоі Нехлюдава сустрэў лёкай з запіскай да яго ад Mariette.

„Pour vous faire plaisir, j‘ai agi tout à fait contre mes principes, et j‘ai, intercedè auprés de mom mari pour votre protègée. Il se trove que cette personne peut être relachée immédiatement. Mon mari a ecrit au commandant. Venez donc не па справах. Ie vous attend[22]. M“.

— Ну, як? — сказаў Нехлюдаў адвакату. — Гэта-ж жахліва. Жанчына, якую яны трымаюць сем месяцаў у адзіночным зняволенні, высвятляецца, ні ў чым не вінавата, і, каб яе выпусціць, трэба было сказаць толькі адно слова.

— Гэта заўсёды так. Ну, прынамсі, вы дасягнулі жаданага.

— Але, ды толькі гэты поспех засмучае мяне. Значыць, што-ж там робіцца? Навошта-ж яны трымалі яе?

— Ну, гэта лепш не апрафандаваць. Дык я вас давязу, — сказаў адвакат, калі яны вышлі на ганак і раскошная карэта рамізніка, узятая адвакатам, пад‘ехала да ганку. — Вам-жа да барона Вараб‘ёва?

Адвакат сказаў фурману куды ехаць, і добрыя коні хутка падвезлі Нехлюдава да дома, дзе жыў барон. Барон быў дома. У першым пакоі быў малады чыноўнік у віцмундзіры, з надзвычай доўгай шыяй і выпятым кадыком і надзвычайна лёгкай хадой, і дзве дамы.

— Ваша прозвішча? — запытаў малады чыноўнік, з кадыком, надзвычайна лёгка і грацыёзна пераходзячы ад дам да Нехлюдава.

Нехлюдаў сказаў.

— Барон гаварыў пра вас. Зараз!

Малады чыноўнік прайшоў у зачыненыя дзверы і вывеў адтуль заплаканую даму ў трауры. Дама апускала кастлявымі пальцамі заблытаную вуаль, каб захаваць слёзы.

— Калі ласка, — звярнуўся малады чыноўнік да Нехлюдава, лёгкімі крокамі, падыходзячы да дзвярэй габінета, адчыняючы іх і спыняючыся ў іх.

Увайшоўшы ў габінет, Нехлюдаў апынуўся перад сярэдняга росту прысадзістым, коратка абстрыжаным чалавекам, у сурдуце, які сядзеў у крэсле каля вялікага пісьмовага стала і весела глядзеў перад сабой. Асабліва прыкметны сваім чырвоным румянцам сярод белых вусоў і барады добрадушны твар склаўся ў ласкавую ўсмешку, убачыўшы Нехлюдава.

— Вельмі рад вас бачыць, мы былі старыя знаёмыя і прыяцелі з вашай маці. Бачыў вас хлопчыкам і афіцэрам потым. Ну, сядайце, раскажыце, чым магу вам служыць. Але, але, — гаварыў ён, ківаючы стрыжанай сівой галавой у той час, калі Нехлюдаў расказваў гісторыю Фядос‘і. — Гаварыце, гаварыце, я ўсё зразумеў; але, але, гэта сапраўды жаласліва. Што-ж, вы падалі прашэнне?

— Я прыгатаваў прашэнне, — сказаў Нехлюдаў, вымаючы яго з кішэні. — Але я хацеў прасіць вас, спадзяваўся, што на гэту справу звернуць асаблівую ўвагу.

— І добра зрабілі. Я абавязкова сам далажу, — сказаў барон, зусім ненатуральна выражаючы спачуванне на сваім вясёлым твары. — Вельмі жаласліва. Відавочна, яна была дзіцёнак, муж груба абышоўся з ёю, гэта адпіхнула яе і потым прышоў час, яны пакахалі… Але, я скажу.

— Граф Іван Міхайлавіч гаварыў, што ён хацеў прасіць імператрыцу.

Не паспеў Нехлюдаў вымавіць гэтыя словы, як выраз твара барона змяніўся.

— Але-ж вы падайце прашэнне ў канцылярыю, і я зраблю, што магу, — сказаў ён Нехлюдаву.

У гэты час у пакой увайшоў малады чыноўнік, які відавочна, фарсіў сваёй хадою.

— Дама гэта просіць яшчэ сказаць два словы.

— Ну, паклічце. Ах, mon cher, колькі тут слёз перабачыш, каб толькі можна ўсіх выцерці! Робіш, што можаш.

Дама ўвайшла.

— Я забылася прасіць аб тым, каб не дапусціць яго аддаць дачку, а то ён на ўсё…

— Дык яж сказаў, што зраблю.

— Барон, прашу вас, вы выратуеце маці.

Яна схапіла яго руку і пачала цалаваць.

— Усё будзе зроблена.

Калі дама вышла, Нехлюдаў таксама пачаў адкланьвацца.

— Зробім, што можам. Звяжамся з міністэрствам юстыцыі. Яны адкажуць нам, і тады мы зробім, што можна.

Нехлюдаў вышаў і прайшоў у канцылярыю. Зноў, як у сенаце, ён знайшоў у цудоўным памяшканні цудоўных чыноўнікаў, чыстых, пачцівых, карэктных ад адзення да размоў, выразных і суровых.

„Як іх багата, як іх страшэнна багата, і якія яны сытыя, якія ў іх чыстыя кашулі, рукі, як добра наглянсованы ва ўсіх боты, і хто гэта ўсё робіць? І як ім усім добра ў параўнанні не толькі з астрожнымі, але і з вясковымі“, зноў мімаволі думаў Нехлюдаў.


XIX

Чалавек, ад якога залежала аблягчэнне лёсу зняволеных у Пецербургу, быў абвешаны ордэнамі, якіх ён не насіў, за выключэннем белага крыжыка ў пятліцы, заслужаны, але здзяцінелы, як пра яго казалі, стары генерал з нямецкіх баронаў. Ён служыў на Каўказе, дзе ён атрымаў асабліва прыемны для яго крыж за тое, што пад яго начальствам тады рускімі мужыкамі, абстрыжанымі і адзетымі ў мундзіры і ўзброенымі стрэльбамі са штыхамі, было забіта больш за тысячу людзей, якія абаранялі сваю свабоду і свае хаты і сем‘і. Потым ён служыў у Польшчы, дзе таксама прымушаў рускіх сялян рабіць шмат розных злачынстваў, за што таксама атрымаў ордэны і новыя аздобы на мундзір; потым быў яшчэ недзе, і цяпер, ужо знясілены і стары, атрымаў тую пасаду, на якой ён знаходзіўся ў гэты час і якая давала яму добрае памяшканне, пенсію і пашану. Ён строга выконваў прадпісанні зверху і асабліва даражыў гэтым выкананнем. Надаючы гэтым прадпісанням зверху асаблівае значэнне, ён лічыў, што ўсё на свеце можна змяніць, але толькі не гэтыя прадпісанні зверху. Абавязкі яго былі ў тым, каб трымаць у казематах, у адзіночным зняволенні палітычных злачынцаў і злачынніц і трымаць гэтых людзей так, што палова з іх на працягу дзесяці год гінула, часткова звар‘яцеўшы, часткова паміраючы з сухотаў і часткова забіваючы сябе: хто голадам, хто шклом разразаючы жылы, хто вешаючыся, хто сам сябе спаліўшы.

Стары генерал ведаў усё гэта, усё гэта адбывалася на яго вачах, але ўсе такія выпадкі не закраналі яго сумлення, таксама як не закраналі яго сумлення няшчасці, якія здараліся ад навальніцы, паводак і т. п. Выпадкі гэтыя адбываліся ў выніку выканання прадпісанняў зверху, у імя гасудара імператара. Прадпісанні-ж гэтыя павінны былі быць няўхільна выкананы, і таму было зусім дарэмна думаць аб выніках такіх прадпісанняў.

Стары генерал і не дазваляў сабе думаць пра такія справы, лічачы сваім патрыятычным, салдацкім абавязкам не думаць, затым, каб не аслабець у выкананні гэтай, дужа значнай, на яго думку, работы.

Раз на тыдзень стары генерал па абавязках службы абыходзіў усе казематы і запытваў у зняволеных, ці не маюць яны якіх-небудзь просьб. Зняволеныя звярталіся да яго з рознымі просьбамі. Ён выслухоўваў іх спакойна, безудзельна і маўкліва і ніколі нічога не выконваў, таму што ўсе просьбы ішлі супроць законапалажэння.

У той час, як Нехлюдаў пад‘язджаў да кватэры старога генерала, куранты гадзінніка на вежы сыгралі тонкімі званочкамі „Коль славен бог“, а потым прабілі дзве гадзіны. Слухаючы гэтыя куранты, Нехлюдаў мімаволі ўспомніў тое, што ён чытаў у запісках дзекабрыстаў, як адгукаецца, штогадзіну паўтараючыся, гэтая салодкая музыка ў душы вечных зняволеных. Стары генерал у той час, як Нехлюдаў пад‘ехаў да пад‘езду яго кватэры, сядзеў у цёмнай гасцінай за інкруставаным столікам і круціў разам з маладым чалавекам, мастаком, братам аднаго з сваіх падначаленых, сподкам па аркушы паперы. Тонкія, вільготныя, слабыя пальцы мастака былі ўстаўлены ў шорсткія, маршчыністыя і акасцянеўшыя ў сучляненнях пальцы старога генерала, і гэтыя сучляненні рукі торгаліся разам з перакінутым сподкам па лісту паперы з намаляванымі на ім усімі літарамі альфабэта. Сподак адказваў на заданае генералам пытанне аб тым, як будуць душы пазнаваць адна адну пасля смерці.

У той час, калі адзін з дзеншчыкоў, які выконваў абавязкі камердынера, увайшоў з картачкай Нехлюдава, пры дапамозе сподка гаварыла душа Іоанны д‘Арк. Душа Іоанны д‘Арк ужо сказала па літарах словы: „будуць пазнаваць адна адну“, і гэта было запісана. У той самы час, калі прышоў дзяншчык, сподак, спыніўшыся яшчэ раз на, „п“, другі раз на „о“ і потым, дайшоўшы да „с“, спыніўся на гэтай літары і пачаў торгацца туды і сюды. Торгаўся ён таму, што наступная літара, па думцы генерала, павінна была быць „л“, г. зн. Іоанна д‘Арк, па яго думцы, павінна была сказаць, што душы будуць пазнаваць адна адну толькі пасля свайго ачышчэння ад усяго зямнога або што-небудзь падобнае, і таму наступная літара павінна быць „л“, мастак-жа думаў, што наступная літара будзе „в“, што душа скажа, што потым душы будуць пазнаваць адна адну па святлу, якое будзе ісці з эфірнага цела душ. Генерал, панура нахмурыўшы свае густыя сівыя брові, пільна глядзеў на рукі, думаючы, што сподак рухаецца сам, цягнуў яго да „л“. Малады-ж бяскроўны мастак з закладзенымі за вуха рэдкімі валасамі глядзеў у цёмны кут гасцінай сваімі амярцвелымі блакітнымі вачыма і, нервова варушачы губамі, цягнуў да „в“. Генерал паморшчыўся таму, што перапынялі яго занятак, і пасля мінуты маўчання ўзяў картачку, надзеў pince-nez і, закрактаўшы ад болю ў шырокай паясніцы, устаў на ўвесь свой вялікі рост, паціраючы свае здранцвелыя пальцы.

— Запрасі ў габінет.

— Дазвольце, ваша прэвасхадзіцельства, я адзін скончу, — сказаў мастак, устаючы. — Я адчуваю прысутнасць.

— Добра, канчайце, — сказаў рашуча і сурова генерал і накіраваўся сваімі вялікімі крокамі нявыкручаных ног рашучай, роўнай хадою ў габінет. — Прыемна бачыць, — сказаў генерал Нехлюдаву грубым голасам ласкавыя словы, паказваючы яму на крэсла каля пісьмовага стала. — Даўно прыехалі ў Пецербург?

Нехлюдаў сказаў, што прыехаў нядаўна.

— Княгіня, маці ваша, як маецца?

— Маці памерла.

— Даруйце, вельмі шкадаваў. Мне сын казаў, што ён вас сустрэў.

Сын генерала рабіў такую самую кар‘еру, як і бацька, і пасля ваеннай акадэміі служыў у выведачным бюро і вельмі ганарыўся тымі заняткамі, якія былі там даручаны яму. Заняткі яго складаліся з загадвання шпіёнамі.

— Як-жа, з бацькам вашым служыў. Прыяцелі былі таварышы. Што-ж, служыце?

— Не, не служу.

Генерал з нездавальненнем нахіліў галаву.

— У мяне да вас просьба, генерал, — сказаў Нехлюдаў.

— О-о-о, вельмі рад. Чым магу служыць?

— Калі мая просьба не дарэчы, дык, калі ласка, даруйце мне. Але мне неабходна перадаць яе.

— Што такое?

— У вас знаходзіцца нехта Гуркевіч. Дык яго маці просіць аб спатканні з ім, або, прынамсі, аб тым, каб можна было перадаць яму кнігі.

Генерал не выказаў ні здавальнення, ні нездавальнення пры пытанні Нехлюдава, а, схіліўшы галаву на бок, зажмурыў вочы, як быццам абмяркоўваючы. Ён уласна нічога не абмяркоўваў і нават не цікавіўся пытаннем Нехлюдава, вельмі добра ведаючы, што ён адкажа яму па закону. Ён проста разумова адпачываў, ні аб чым не думаючы.

— Гэта, бачыце, ад мяне не залежыць, — сказаў ён, адпачыўшы крыху. — Аб спатканнях ёсць высачайшае зацверджанае палажэнне, і што там дазволена, тое і дазваляецца. Што-ж датычыцца кніжак, дык у нас ёсць бібліятэка, і ім даюць тыя, якія дазволены.

— Так, але яму патрэбны навуковыя, ён хоча займацца.

— Не верце гэтаму. — Генерал памаўчаў. — Гэта не для заняткаў. А так, неспакой адзін.

— Але як-жа, трэба-ж запоўніць час у іхнім цяжкім становішчы! — сказаў Нехлюдаў.

— Яны заўсёды скардзяцца, — сказаў генерал. — Мы-ж іх ведаем…

Ён гаварыў аб іх наогул як аб нейкай асаблівай, нядобрай пародзе людзей.

— А тут яны знаходзяцца ў гэткіх добрых умовах, якія рэдка можна знайсці ў месцах зняволення, — працягваў генерал.

І ён пачаў, нібы апраўдваючыся, падрабязна апісваць усе выгоды для зняволеных, як быццам галоўная мэта гэтай установы была ў тым, каб зрабіць для зняволеных асоб прыемнае месца пражывання.

— Раней, праўда, што было даволі сурова, але цяпер жывуць яны тут вельмі добра. Яны ядуць тры стравы і заўсёды адну мясную: біткі або катлеты. Заўсёды ў нядзелю яны маюць яшчэ адну чацвертую — салодкую страву. Так што дай бог, каб кожны рускі чалавек мог гэтак есці.

Генерал, як усе старыя людзі, відавочна раз патрапіўшы на завучанае, гаварыў усё тое, што ён паўтараў шмат разоў для доказу іхняй патрабавальнасці і няўдзячнасці.

— Кнігі ім даюць і з духоўным зместам, і часопісы старыя. У нас бібліятэка адпаведных кніжак. Толькі рэдка яны чытаюць. Спачатку як быццам цікавяцца, а потым так і пакідаюць новыя кнігі да паловы не разрэзанымі, а старыя з неперагорнутымі старонкамі. Мы спрабавалі нават, — з далёкім падабенствам усмешкі сказаў генерал, — наўмысля заклалі паперку. Так і астанецца нявынятай. Таксама і пісаць ім не забараняецца, — працягваў генерал. — Даецца аспідная дошка, і грыфель даецца, так што яны могуць пісаць для забавы. Могуць сціраць і зноў пісаць. І таксама не пішуць. Не, яны вельмі хутка робяцца зусім спакойнымі. Толькі спачатку яны трывожацца, а потым нават таўсцеюць і вельмі ціхімі робяцца, — гаварыў генерал, не падазраючы таго жудаснага значэння, якое мелі яго словы.

Нехлюдаў слухаў яго хрыпкі старэчы голас, глядзеў на гэтыя скасцянелыя члены, на згаслыя вочы з-пад сівых броваў, на гэтыя старэчыя паголеныя адвіслыя скулы, падпёртыя ваенным каўняром, на гэты белы крыжык, якім ганарыўся гэты чалавек, асабліва таму, што атрымаў яго за выключна жорсткае і многадушнае забойства, і разумеў, што супярэчыць, тлумачыць яму значэнне яго слоў — бескарысна. Але ён усё-такі прымусіў сябе запытаць яшчэ аб другой справе, аб арыштантцы Шуставай, пра якую ён атрымаў сёння весткі, што яе загадалі выпусціць.

— Шустава? Шустава… Не памятаю ўсіх па імёнах. Іх-жа гэтак багата, — сказаў ён, відаць, дакараючы іх за гэта перапаўненне. Ён пазваніў і загадаў паклікаць справавода.

Пакуль хадзілі па справавода, ён настаўляў Нехлюдава служыць, гаворачы, што сумленныя, шляхетныя людзі, маючы ў думках сябе ў ліку такіх людзей, асабліва патрэбны цару… „і айчыне“, — дадаў ён, відавочна толькі дзеля красамоўства.

— Я вось стары, а ўсё-такі служу наколькі сілы дазваляюць.

Справавод, шчуплы, сухарлявы чалавек з неспакойнымі разумнымі вачыма, прышоў паведаміць, што Шустава знаходзіцца ў нейкім дзіўным фартыфікацыйным месцы, і што папер аб ёй не атрымалася.

— Калі атрымаем, у той самы дзень накіруем. Мы іх не трымаем, не даражым асабліва іхнімі наведваннямі, — сказаў генерал, зноў стараючыся жартаўліва ўсміхнуцца, але яго стары твар толькі крывіўся.

Нехлюдаў устаў, намагаючыся ўтрымацца ад выяўлення змешанага пачуцця агіднасці і жаласці, якое ён адчуваў да гэтага жудаснага старога. Стары таксама лічыў, што і яму не трэба быць занадта суровым да лёгкадумнага сына свайго таварыша, які, відавочна, трапіў на памылковы шлях, і не пакінуць яго без навучання.

— Бывайце-ж, мой дарагі, не крыўдзіцеся на мяне, гэта я, любячы вас, кажу. Не звязвайцеся з людзьмі, якія ў вас знаходзяцца. Нявінных не бывае. А людзі гэтыя ўсе самыя несумленныя. Мы іх ужо ведаем, — сказаў ён тонам, які не даваў магчымасці сумнення. І ён сапраўды не сумняваўся ў гэтым не таму, што гэта было так, а таму, што калі-б гэта было не так, яму трэба было-б прызнаць сябе не паважаным героем, які як належыць дажывае добрае жыццё, а нягоднікам, які прадаў і на старасці год працягвае прадаваць сваё сумленне. — А лепш за ўсё служыце, — гаварыў ён. — Цару патрэбны сумленныя людзі… І айчыне, — дадаў ён. — Ну, калі-б і я, і ўсе гэтак, як вы, не служылі-б? Хто-б астаўся? Мы вось ганім парадкі, а самі не хочам памагаць ураду.

Нехлюдаў уздыхнуў глыбока, нізка пакланіўся, паціснуў міласліва працягнутую яму кастлявую вялікую руку і вышаў з пакоя.

Генерал з нездавальненнем паківаў галавой і, паціраючы паясніцу, пайшоў зноў у гасціную, дзе мастак паспеў ужо запісаць атрыманы адказ ад душы Іоанны д‘Арк і чакаў яго. Генерал надзеў pince-nez і прачытаў: „будуць пазнаваць адна адну па святлу, якое будзе ісці ад эфірных целаў“.

— А, — са здавальненнем сказаў генерал, заплюшчыўшы вочы. — Але як-жа пазнаеш, калі святло ва ўсіх аднолькавае? — запытаў ён і, зноў скрыжаваўшы пальцы з мастаком, сеў за столік.

Рамізнік Нехлюдава выехаў праз вароты.

— А нудна тут, пане, — сказаў ён, звяртаючыся да Нехлюдава. — Хацеў, не дачакаўшыся, паехаць.

— Але, нудна, — згадзіўся Нехлюдаў, уздыхаючы поўнымі грудзьмі і з заспакаеннем спыняючы вочы на дымаватых хмарах, што плылі па небе, і на бліскучай зыбі Невы ад руху па ёй лодак і параходаў.


XX

Наступным днём справа Маславай павінна была разглядацца, і Нехлюдаў паехаў у сенат. Адвакат з‘ехаўся з ім каля поўнага веліччу пад‘езду сенацкага будынка, ля якога ўжо стаяла некалькі экіпажаў. Увайшоўшы па раскошных, урачыстых сходнях на другі паверх, адвакат, ведаючы ўсе ходы, накіраваўся налева ў дзверы, на якіх была выбіта лічба года надання чыннасці судовым уставам. Раздзеўшы ў першым пакоі паліто і даведаўшыся ад швейцара, што сенатары ўсе з‘ехаліся, і апошні толькі што прайшоў, Фанарын, спыніўшыся ў сваім фраку і белым гальштуку над белымі грудзьмі, з вясёлай упэўненасцю ўвайшоў у наступны пакой. У гэтым наступным пакоі была направа вялікая шафа, потым стол, а налева вітыя сходні, па якіх ішоў уніз у гэты час элегантны чыноўнік у віцмундзіры з партфелем падпахай. У пакоі звяртаў на сябе ўвагу патрыярхальнага выгляду дзядок з доўгімі белымі валасамі, у пінжаку і шэрых панталонах, каля якога з асаблівай пачцівасцю стаялі два прыслужнікі.

Дзядок з белымі валасамі прайшоў у шафу і знік там. У гэты час Фанарын, убачыўшы таварыша, такога самага, як і ён, адваката, у белым гальштуку і фраку, адразу-ж пачаў з ім жвава гутарыць; Нехлюдаў-жа разглядаў прысутных. Было чалавек 15 публікі, з якіх дзве дамы, адна ў pince-nez маладая і другая сівая. Справа сёнешняя была аб паклёпе ў друку, і таму сабралася больш, як звычайна публікі — усё людзі пераважна з журнальных колаў.

Судовы прыстаў, румяны, прыгожы чалавек, у пышным мундзіры, з паперкай у руцэ падышоў да Фанарына з запытаннем, па якой ён справе, і, даведаўшыся, што па справе Маславай, запісаў нешта і адышоўся. У гэты час дзверы шафы адчыніліся, і адтуль вышаў патрыярхальнага выгляду дзядок, але ўжо не ў пінжаку, а ў абшытым галунамі, з бліскучымі бляхамі на грудзях адзенні, якое рабіла яго падобным да птаха.

Смешны касцюмчык гэты, відавочна, бянтэжыў самога старычка, і ён хутка, хутчэй, чым ён хадзіў звычайна, прайшоў у дзверы, процілеглыя ўваходным.

— Гэта Бэ, шаноўнейшы чалавек, — сказаў Фанарын Нехлюдаву і, пазнаёміўшы яго з сваім калегай, расказаў пра вельмі цікавую, на яго думку, справу, якая павінна была разглядацца.

Справа хутка пачалася, і Нехлюдаў разам з публікай увайшоў налева ў залу паседжанняў. Усе яны, і Фанарын, зайшлі за агарожу на месцы для публікі. Толькі пецербургскі адвакат вышаў наперад за канторку перад агарожай.

Зала паседжанняў сената была менш, як зала акруговага суда, была прасцей і адрознівалася толькі тым, што стол, за якім сядзелі сенатары, быў пакрыты не зялёным сукном, а малінавым аксамітам, абшытым залатым галуном, але тыя-ж самыя былі заўсёдныя атрыбуты месц выканання правасуддзя: зерцало, эмблема крывадушша — образ і эмблема рабалепства, партрэт цара. Так-жа ўрачыста абвяшчаў прыстаў: „суд ідзе“. Так-жа ўсе ўставалі, так-жа ўваходзілі сенатары ў сваіх мундзірах, так-жа сядалі ў крэслы з высокімі спінкамі, так-жа абапіраліся локцямі на стол, намагаючыся мець натуральны выгляд.

Сенатараў было чацвёра. Старшыня Нікіцін, увесь патолены чалавек, з вузкім тварам і сталёвымі вачыма; Вольф, з многазначна скрыўленымі губамі і белымі ручкамі, якімі ён перабіраў аркушы справы; потым Скавароднікаў, тоўсты, грузны, рабы чалавек, вучоны юрыст, і чацверты Бэ, той самы патрыярхальны дзядок, які прыехаў апошнім. Разам з сенатарамі ўвайшоў обер-сакратар і таварыш обер-пракурора, сярэдняга росту, сухарлявы, паголёны малады чалавек з вельмі цёмным колерам твара і чорнымі сумнымі вачыма. Нехлюдаў зараз-жа, не гледзячы на дзіўны мундзір і на тое, што ён год шэсць не бачыў яго, пазнаў у ім аднаго з лепшых прыяцеляў сваіх студэнцкіх часоў.

— Таварыш обер-пракурора Селенін? — спытаў ён у адваката.

— Так, а што?

— Я яго добра ведаю, гэта адменны чалавек…

— І добры таварыш обер-пракурора, здольны. Вось яго трэба было-б прасіць, — сказаў Фанарын.

— Ён ва ўсякім выпадку зробіць сумленна, — сказаў Нехлюдаў, успамінаючы свае блізкія адносіны і сяброўства з Селеніным і яго дарагія ўласцівасці чыстаты, сумленнасці, прыстойнасці ў самым лепшым сэнсе гэтага слова.

— Ды цяпер і няма калі, — прашаптаў Фанарын, паглыбіўшыся ў слуханне пачатага выкладання справы.

Пачалася справа па скарзе на прысуд судовай палаты, якая пакінула без змен пастанову акруговага суда.

Нехлюдаў пачаў слухаць і стараўся зразумець значэнне таго, што адбывалася перад ім, але таксама, як і ў акруговым судзе, галоўная цяжкасць для разумення была ў тым, што гаворка ішла не пра тое, што натуральна здавалася галоўным, а пра зусім пабочнае. Справа ішла пра артыкул у газеце, у якім выкрываліся шальмоўствы аднаго старшыні акцыянернай кампаніі. Здавалася-б, значным магло быць толькі тое, ці праўда, што старшыня акцыянернага таварыства абкрадвае сваіх давярыцеляў, і як зрабіць так, каб ён перастаў іх абкрадваць. Але аб гэтым і гаворкі не было. Гаворка ішла толькі аб тым, меў ці не меў па закону выдавец права надрукаваць артыкул фельетаніста, і якое ён зрабіў злачынства, надрукаваўшы яго, — дыфамацыю або паклёп, і як дыфамацыя ўключае ў сябе паклёп ці паклёп дыфамацыю, і яшчэ нешта мала зразумелае для простых людзей аб розных артыкулах і пастановах нейкага агульнага дэпартамента.

Адно, што зразумеў Нехлюдаў, гэта было тое, што, не гледзячы на тое, што Вольф, які дакладваў аб справе, так строга навучаў учора яго, што сенат не можа займацца разгляданнем справы па сутнасці, — у гэтай справе дакладваў, відавочна, на карысць касіравання прысуду палаты, і што Селенін, зусім не адпаведна сваёй характэрнай стрыманасці, нечакана горача выказваў сваю процілеглую думку. Запал заўсёды стрыманага Селеніна, які здзівіў Нехлюдава, быў абгрутаваны тым, што ён ведаў старшыню акцыянернага таварыства, як нячыстага ў грашовых справах чалавека, а тым часам выпадкова даведаўся, што Вольф напярэдадні разглядання яго справы быў у гэтага дзяльца на багатым абедзе. Цяпер-жа, калі Вольф, хаця і вельмі асцярожна, але відавочна аднабакова зрабіў даклад аб справе, Селенін расхваляваўся і занадта нервова для звычайнага чалавека выказаў сваю думку. Прамова гэта, відавочна, зняважыла Вольфа: ён чырванеў, уздрыгваў, рабіў маўклівыя жэсты здзіўлення і з вельмі паважным і пакрыўджаным выглядам вышаў з іншымі сенатарамі ў пакой для нарад.

— Вы ўласна па якой справе? — запытаў судовы прыстаў у Фанарына, як толькі сенатары пайшлі.

— Я ўжо гаварыў вам, што па справе Маславай, — сказаў Фанарын.

— Гэта так. Справа будзе разглядацца сёння. Але…

— Дык што-ж? — запытаў адвакат.

— Бачыце, справа гэта павінна была ісці без бакоў, так што паны сенатары бадай не выйдуць пасля абвяшчэння пастановы. Але я паведамлю.

— Г. зн. як-жа?..

— Я паведамлю, паведамлю. — І прыстаў нешта адзначыў на сваёй паперцы.

Сенатары сапраўды збіраліся, абвясціўшы пастанову па справе аб паклёпе, скончыць астатнія справы, у тым ліку Маслаўскую, за чаем і папяросамі, не выходзячы з пакоя для нарад.


XXI

Як толькі сенатары селі за стол у пакоі для нарад, Вольф пачаў вельмі жвава высоўваць матывы, па якіх справа павінна была быць касіравана.

Старшыня, і заўсёды чалавек нязычлівы, сёння быў асабліва не ў гуморы. Слухаючы справу ў часе паседжання, ён склаў ужо сваю думку, і цяпер сядзеў, не слухаючы Вольфа, паглыблены ў свае думы. Думы-ж яго складаліся з успамінання таго, што ён учора напісаў у сваіх мемуарах з прычыны прызначэння Вілянава, а не яго, на той важны пост, які ён ужо даўно жадаў атрымаць. Старшыня Нікіцін быў зусім шчыра ўпэўнен, што разважанні аб розных чыноўніках першых двух класаў, з якімі ён меў справу ў час сваёй службы, складаюць вельмі важны гістарычны матэрыял. Напісаўшы ўчора раздзел, у якім добра папала некаторым чыноўнікам першых двух класаў за тое, што яны перашкодзілі яму, як ён фармуляваў гэта, выратаваць Расію ад пагібелі, у якую ўцягвалі яе цяперашнія кіраўнікі, — па сутнасці-ж толькі за тое, што яны перашкодзілі яму атрымліваць больш, як цяпер, пенсіі, ён думаў цяпер аб тым, як для яго патомства ўся гэта акалічнасць атрымае зусім новае асвятленне.

— Так, зразумела, — сказаў ён, не слухаючы іх, на словы Вольфа, які звярнуўся да яго.

Бэ слухаў Вольфа з сумным тварам, малюючы гірлянды а паперы, што ляжала перад ім. Бэ быў ліберал самага чыстага закалу. Ён непарушна захоўваў традыцыі шасцідзесятых год і калі і адступаў ад суровай бесстароннасці, дык толькі ў бок ліберальпасці. Так, у цяперашнім выпадку, апрача таго, што акцыянерны дзялец, які скардзіўся на паклёп, быў брудны чалавек, Бэ быў за пакіданне скаргі без вынікаў яшчэ і таму, што гэта абвінавачванне ў паклёпе журналіста было абмежаваннем свабоды друку. Калі Вольф скончыў свае довады, Бэ, не дамаляваўшы гірлянду, з сумам — яму было сумна за тое, што даводзілася даказваць гэткія труізмы — мяккім, прыемным голасам, сцісла, проста і пераканаўча даказаў неабгрунтаванасць скаргі і, схіліўшы галаву з белымі валасамі, пачаў дамалёўваць гірлянду.

Скавароднікаў, які сядзеў супроць Вольфа і ўвесь час збіраў тоўстымі пальцамі бараду і вусы ў рот, адразу-ж, як толькі Бэ перастаў гаварыць, перастаў жаваць сваю бараду і зычным, рыпучым голасам сказаў, што, не гледзячы на тое, што старшыня акцыянернага таварыства вялікая шэльма, ён-бы стаяў за касіраванне прысуду, калі-б былі законныя падставы, але таму, што гэткіх няма, ён далучаецца да думкі Івана Сямёнавіча (Бэ), сказаў ён, радуючыся той шпільцы, якую ён гэтым падсунуў Вольфу. Старшыня далучыўся да думкі Скавароднікава, і справа была вырашана адмоўна.

Вольф быў нездаволен, асабліва тым, што яму як быццам кінулі дакор у нядобрасумленнай прыхільнасці і, прыкідаючыся роўнадушным, адкрыў наступную справу Маславай і заняўся ёю. Сенатары тым часам пазванілі і патрабавалі сабе чаю, і разгаварыліся аб выпадку, які займаў у гэты час, разам з дуэллю Каменскага, усіх пецербуржцаў.

Гэта была справа дырэктара дэпартамента, злоўленага і абвінавачанага ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 995.

— Якая брыдота, — з гідлівасцю сказаў Бэ.

— Што-ж тут дрэннага? Я вам у нашай літаратуры пажажу праект аднаго нямецкага пісьменніка, які проста прапануе, каб гэта не лічылася злачынствам, і каб магчым быў шлюб паміж мужчынамі, — сказаў Скавароднікаў, прагавіта з усхліпваннем зацягваючыся змятай папяросай, якую ён трымаў паміж карэннямі пальцаў у далоні, і голасна зарагатаў.

— Ды не можа быць, — сказаў Бэ.

— Я вам пакажу, — сказаў Скавароднікаў, прыводзячы поўную назву твора і нават год і месца выдання.

— Кажуць, яго ў нейкі сібірскі горад губернатарам прызначаюць, — сказаў Нікіцін.

— І дужа добра. Архіерэй яго з крыжам спаткае. Трэба было-б і архіерэя такога самага. Я-б ім гэткага рэкамендаваў, — сказаў Скавароднікаў і, кінуўшы недакурак папяроскі ў сподачак, забраў што мог барады і вусоў у рот і пачаў жаваць іх.

У гэты час увайшоў прыстаў і далажыў аб жаданні адваката і Нехлюдава прысутнічаць пры разглядзе справы Маславай.

— Вось гэта справа, — сказаў Вольф: — гэта цэлая раманічная гісторыя, — і расказаў тое, што ведаў пра дачыненні Нехлюдава да Маславай.

Пагаварыўшы аб гэтым, дакурыўшы папяросу і дапіўшы чай, сенатары вышлі ў залу паседжанняў, абвясцілі пастанову па папярэдняй справе і пачалі справу Маславай.

Вольф вельмі падрабязна сваім тонкім голасам далажыў касацыйную скаргу Маславай і зноў не зусім без прыхільнасці, а з відавочным жаданнем касіравання пастановы суда.

— Ці маеце што дадаць? — звярнуўся старшыня да Фанарына.

Фанарын устаў і, выпяўшы свае белыя шырокія грудзі, па пунктах, на дзіва паважна і дакладна выражаючыся, давёў адхіленне суда ў шасці пунктах ад сапраўднага сэнсу закона і, апрача таго, дазволіў сабе, хаця сцісла, закрануць самую справу па сутнасці і відавочную несправядлівасць яго рашэння. Тон сціслай, але моцнай пррамовы Фаанарына быў такі, што ён просіць выбачэння за тое, што намагаецца таго, што паны сенатары са сваёю праніклівасцю і юрыдычнай мудрасцю бачаць і разумеюць лепш за яго, але робіць ён гэта толькі таму, што гэтага патрабуе ўзяты ім на сябе абавязак. Пасля прамовы Фанарына, здавалася, не магло быць ніякага сумнення ў тым, што сенат павінен скасаваць рашэнне суда. Скончыўшы сваю прамову, Фанарын пераможна ўсміхнуўся. Гледзячы на свайго адваката і ўбачыўшы гэтую ўсмешку, Нехлюдаў быў упэўнен, што справа выйграна. Але, зірнуўшы на сенатараў, ён убачыў, што Фанарын усміхаўся і радаваўся адзін. Сенатары і таварыш обер-пракурора не ўсміхаліся і не радаваліся, а мелі выгляд людзей, якім было нудна і якія гаварылі: „чулі мы багата вашага брата, і ўсё гэта не дае карысці“. Яны ўсе, відавочна, здаволіліся толькі тады, калі адвакат скончыў і перастаў дарэмна затрымліваць іх. Адразу-ж пасля сканчэння прамовы адваката старшыня звярнуўся да таварыша обер-пракурора. Селенін сцісла, але дакладна і зразумела выказаўся за тое, каб пакінуць справу без змены, знаходзячы ўсе повады да касацыі негрунтоўнымі. Услед за гэтым сенатары ўсталі і пайшлі на нараду. У пакоі для нарад галасы падзяліліся. Вольф быў за касацыю; Бэ, зразумеўшы, у чым справа, вельмі горача стаяў таксама за касацыю, жыва прадставіўшы таварышам карціну суда і непаразуменне прысяжных, як ён гэта зусім правільна зразумеў; Нікіцін, які, як заўсёды, стаяў за строгасць наогул і за строгую фармальнасць, быў супроць. Уся справа вырашалася голасам Скавароднікава. І гэты голас стаў на бок адмаўлення пераважна таму, што рашэнне Нехлюдава ажаніцца з гэтай жанчынай у імя маральных патрабававняў было ў вышэйшай ступені брыдкім для яго.

Скавароднікаў быў матэрыялістам, дарвіністам і лічыў усякія праявы адцягненай маральнасці або, яшчэ горш, рэлігійнасці, не толькі ганебным вар‘яцтвам, але асабовай для сябе знявагай. Уся гэтая цяганіна з гэтай прастытуткай і прысутнасць тут, у сенаце, яе абаронцы — славутага адваката і самога Нехлюдава былі яму ў вышэйшай ступені брыдкімі. І ён, запіхваючы сабе ў рот бараду і крыўляючыся, вельмі натуральна прыкінуўся, што нічога не ведае аб гэтай справе, як толькі тое, што повады да касацыі недастатковыя, і таму згаджаецца са старшынёю ў тым, каб пакінуць скаргу без вынікаў.

У скарзе было адмоўлена.


XXII

— Жахліва! — гаварыў Нехлюдаў, выходзячы ў прыймовы пакой з адвакатам, які ўкладаў свой партфель. — У самай відавочнай справе яны прычапляюцца да формы і адмаўляюць. Жахліва!

— Справа сапсавана ў судзе, — сказаў адвакат.

— І Селенін за адмаўленне. Жахліва, жахліва! — паўтараў Нехлюдаў. — Што-ж рабіць цяпер?

— А пададзім на высачайшае імя. Самі і падайце, пакуль вы тут. Я напішу вам.

У гэты час маленькі Вольф, у сваіх ордэнах і мундзіры, увайшоў у прыймовы пакой і падышоў да Нехлюдава.

— Што рабіць, мілы князь. Не было дастатковых повадаў, — сказаў ён, паводзячы вузкімі плячыма і заплюшчваючы вочы і прайшоў, куды яму было трэба.

Услед за Вольфам вышаў і Селенін, даведаўшыся ад сенатараў, што Нехлюдаў, яго былы прыяцель, быў тут.

— Вось не чакаў цябе тут сустрэць! — сказаў ён, падыходзячы да Нехлюдава, усміхаючыся вуснамі, тым часам, як вочы яго аставаліся сумнымі. — Я і не ведаў, што ты ў Пецербургу.

— А я не ведаў, што ты обер-пракурор…

— Таварыш, — паправіў Селенін. — Як ты ў сенаце? —— запытаў ён, сумна і маркотна гледзячы на прыяцеля. — Я ведаў, што ты ў Пецербургу, але якім чынам ты тут?

— Тут я таму, што спадзяваўся знайсці справядлівасць і выратаваць нізавошта засуджаную жанчыну.

— Якую жанчыну?

— Справу якой зараз вырашылі.

— А, справу Маславай, успомніўшы сказаў Селенін. — Зусім негрунтоўная скарга.

— Справа не ў скарзе, а ў жанчыне, якая невінавата і нясе пакаранне.

Селенін уздыхнуў.

— Вельмі можа быць, але…

— Не можа быць, а напэўна…

— А чаму ты ведаеш?

— А таму, што я быў прысяжным. Я ведаю, у чым мы зрабілі памылку.

Селенін задумаўся.

— Трэба было заявіць тады-ж, — сказаў ён.

— Я заяўляў.

— Трэба было запісаць у пратакол. Калі-б гэта было пры касацыйнай скарзе…

Селенін, які быў заўсёды занят і мала бываў у свеце, пэўна, нічога не чуў аб рамане Нехлюдава; Нехлюдаў-жа, заўважыўшы гэта, парашыў, што яму і не трэба гаварыць аб сваіх дачыненнях да Маславай.

— Так, але і цяпер відавочна было, што рашэнне бязглуздае, — сказаў ён.

— Сенат не мае права сказаць гэтага. Калі-б сенат дазваляў сабе касіраваць рашэнні судоў на падставе свайго погляду на справядлівасць саміх рашэнняў, не гаворачы ўжо аб тым, што сенат страціў-бы ўсякі пункт апоры і хутчэй рызыкаваў-бы парушыць справядлівасць, чым аднавіць яе, — сказаў Селенін, успамінаючы папярэднюю справу, — не гаворачы аб гэтым, рашэнні прысяжных згубілі-б усё сваё значэнне.

— Я толькі адно ведаю, што жанчына гэта зусім невінавата, і апошняя надзея выратаваць яе ад незаслужанай кары страчана. Вышэйшая ўстанова зацвердзіла зробленае беззаконне.

— Яна не зацвердзіла, таму што не ўваходзіла і не можа ўваходзіць у разглядванне самой справы, — сказаў Селенін, жмурачы вочы. — Ты, пэўна, у цёткі спыніўся, — дадаў ён, відавочна жадаючы змяніць размову. — Я ўчора даведаўся ад яе, што ты тут. Графіня запрасіла мяне разам з табой прысутнічаць на сходзе прыезджага прапаведніка, — усміхаючыся губамі, сказаў Селенін.

— Так, я быў, але пайшоў з брыдкасцю, — сярдзіта сказаў Нехлюдаў, з дасадай на тое, што Селенін адводзіць размову на іншае.

— Ну, чаму-ж з брыдкасцю? Усё-ж гэта праява рэлігійнага пачуцця, хаця і аднабаковае, сектанцкае, — сказаў Селенін.

— Гэта нейкая дзікая бяссэнсіца, — сказаў Нехлюдаў.

— Ну, не. Тут дзіўна толькі тое, што мы так мала ведаем вучэнне нашай царквы, што прымаем за нейкае новае адкрыццё нашы-ж асноўныя догматы, — сказаў Селенін, нібы спяшаючы выказаць былому прыяцелю свае новыя для яго погляды.

Нехлюдаў здзіўлена і ўважліва зірнуў на Селеніна. Селенін не апусціў вочы, у якіх выразіўся не толькі сум, але і нязычлівасць.

— Хіба ты верыш у догматы царквы? — запытаў Нехлюдаў.

— Канечне, веру, — адказаў Селенін, проста і мёртва гледзячы ў вочы Нехлюдаву.

— Нехлюдаў уздыхнуў.

— Дзіўна, — сказаў ён.

— Але-ж, мы пасля пагаворым, — сказаў Селенін. — Іду, — звярнуўся ён да судовага прыстава, які пачціва падышоў да яго. — Абавязкова трэба бачыцца, — дадаў ён, уздыхаючы. — Ці заспееш толькі цябе? Мяне-ж заўсёды застанеш а 7 гадзіне, к абеду… Надзеждзінская, — ён назваў нумар. — Багата з таго часу вады працякло, — дадаў ён, ідучы, зноў усміхаючыся аднымі губамі.

— Прыду, калі паспею, — сказаў Нехлюдаў, адчуваючы, што некалі блізкі і любімы ім чалавек Селенін зрабіўся яму раптам, у выніку гэткай кароткай размовы, чужым, далёкім і незразумелым, калі не варожым.


XXIII

Калі Нехлюдаў ведаў Селеніна студэнтам, гэта быў вельмі добры сын, верны таварыш і для сваіх год добра адукаваны свецкі чалавек, з вялікім тактам, заўсёды элегантны і прыгожы і разам з тым надзвычайна праўдзівы і сумленны. Ён вучыўся вельмі добра без асаблівай цяжкасці і без усякага педантызма, атрымліваючы залатыя медалі за пісьмовыя работы.

Ён не на словах толькі, а сапраўды мэтай свайго маладога жыцця ставіў служэнне людзям. Служэнне гэта ён не ўяўляў сабе іначай, як у форме дзяржаўнай службы, і таму, як толькі скончыў курс, ён сістэматычна разгледзеў усе дзейнасці, якім ён мог прысвяціць свае здольнасці, і рашыў, што ён будзе карысней за ўсё ў другім аддзяленні ўласнай канцылярыі, якая загадвала складаннем законаў, і паступіў туды. Але, не гледзячы на самае дакладнае і сумленнае выкананне ўсяго таго, што ад яго патрабавалася, ён не знайшоў у гэтай службе задавальнення сваёй патрэбы быць карысным і не мог выклікаць у сабе ўсведамленне таго, што ён робіць тое, што трэба. Незадаволенасць гэта з прычыны сутычак з вельмі драбязлівым і ганарлівым бліжэйшым начальнікам, гэтак узмацнілася, што ён вышаў з другога аддзялення і перайшоў у сенат. У сенаце яму было лепей, але тое самае ўсведамленне незадаволенасці не пакідала яго.

Ён заўсёды адчуваў, што было зусім не тое, чаго я чакаў і што павінна было быць. Тут, у час службы ў сенаце, яго сваякі выхлапаталі яму прызначэнне камер-юнкерам, і ён павінен быў ехаць у шытым мундзіры, у белым палатняным фартуху, у карэце, дзякаваць розным людзям за тое, што яму далі пасаду лёкая. Як ён ні стараўся, ён ніяк не мог знайсці разумнага тлумачэння гэтай пасады. І ён яшчэ болыш, як на службе, адчуваў, што гэта было „не тое“, а тым часам, з аднаго боку, не мог адмовіцца ад гэтага прызначэння, каб не пакрыўдзіць тых, якія былі ўпэўнены, што яны робяць яму гэтым вялікую прыемнасць, а з другога боку, прызначэнне гэта задавольвала ніжэйшыя ўласцівасці яго натуры, і яму было прыемна бачыць сябе ў люстэрку ў шытым залатым мундзіры і карыстацца той павагай, якую выклікала гэта прызначэнне ў некаторых людзях.

Тое самае здарылася з ім і ў дачыненні да жаніцьбы. Яго ажанілі з пункту гледжання свету вельмі ўдала.

І ён жаніўся таксама пераважна таму, што, адмовіўшыся, ён зняважыў-бы, зрабіў-бы балюча і нявесце, якая жадала гэтага шлюбу, і тым, хто рабіў гэты шлюб, і таму, што жаніцьба на маладой, прыгожай, знатнай дзяўчыне ільсціла яго ганарыстасці і была прыемнай. Але жаніцьба вельмі хутка аказалася яшчэ больш „не тым“, як служба і прыдворная пасада. Пасля першага дзіцяці жонка не захацела больш мець дзяцей і пачала весці багатае свецкае жыццё, у якім і ён воляй ці няволяй мусіў браць удзел. Яна не была асабліва прыгожай, была вернай яму, і, здавалася, не гаворачы ўжо пра тое, што яна гэтым атручвала жыццё мужу, — і сама нічога, апрача страшэнных намаганняў і стомы, не атрымлівала ад гэткага жыцця, — яна ўсё-ж такі старанна вяла яго. Усякія спробы яго змяніць гэта жыццё разбіваліся, як аб каменны мур, аб яе ўпэўненасць, што так трэба, якую падтрымлівалі яе сваякі і знаёмыя.

Дзіця, дзяўчынка з залацістымі доўгімі кудзеркамі і голымі нагамі, была істота, зусім чужая бацьку, асабліва таму, што яна выхоўвалася зусім не так, як ён хацеў гэтага. Муж і жонка, як і звычайна, не разумелі і нават не жадалі разумець адзін аднаго і ціха, маўкліва, хаваючыся ад старонніх, абмежаваныя правіламі прыстойнасці, змагаліся, што рабіла яго жыццё дома дужа цяжкім. Так што сямейнае жыццё зрабілася яшчэ больш „не тым“, як служба і прыдворнае прызначэнне.

Але больш за ўсё „не тым“ былі яго дачыненні да рэлігіі. Як і ўсе людзі яго асяроддзя і часу, ён без усякага намагання разарваў сваім разумовым ростам тыя сеці рэлігійных забабонаў, у якіх ён быў выхаваны, і сам не ведаў, калі іменна ён вызваліўся. Як чалавек сур‘ёзны і сумленны, ён не хаваў гэтай сваёй незалежнасці ад забабонаў афіцыйнай рэлігіі ў часы першай маладосці, студэнцтва і збліжэння з Нехлюдавым. Але з гадамі і з павышэннем яго на службе і асабліва з рэакцыяй кансерватызма, якая наступіла ў той час у грамадстве, гэта духоўная незалежнасць пачала перашкаджаць яму. Не гаворачы аб дачыненнях да сваякоў, асабліва пры смерці яго бацькі, паніхідах па ім, і аб тым, што маці яго жадала, каб ён пасціў, і што гэта часткова патрабавалася грамадскаю думкаю, — па службе даводзілася бесперапынна прысутнічаць на малебнах, асвячэннях, падзячных і да гэтага падобных служб: рэдкі дзень мінаў, каб не было якога-небудзь дачынення да знадворных форм рэлігіі, унікнуць якіх нельга было. Трэба было, прысутнічаючы на гэтых службах, адно з двух: ці прыкідацца (чаго ён з сваім праўдзівым характарам ніколі не мог), што ён верыць у тое, што не верыць, ці, прызнаўшы ўсе гэтыя знадворныя формы за ману, наладзіць сваё жыццё так, каб не быць вымушаным браць удзел у тым, што ён прызнае за ману. Але каб зрабіць гэту справу, якая здаецца гэткай нязначнай, трэба было вельмі многа: трэба было, апрача таго, што ўвайсці ў заўсёднае змаганне з усімі блізкімі людзьмі, трэба было змяніць усё сваё становішча, пакінуць службу і ахвяраваць усёй той карысцю людзям, якую ён думаў, што прыносіць на гэтай службе ўжо цяпер і, спадзяваўся, яшчэ больш прынясе ў будучыні. І каб зрабіць гэта, трэба быць цвёрда ўпэўненым у сваёй праўдзівасці. Ён і быў цвёрда ўпэўнены ў сваёй праўдзівасці, як не можа не быць упэўненым у праўдзівасці цвярозага розуму кожны адукаваны чалавек нашага часу, які ведае трохі гісторыю, ведае паходжанне рэлігіі наогул і аб паходжанні і распадзе царкоўна-хрысціянскай рэлігіі. Ён не мог не ведаць, што ён меў рацыю, не прызнаючы праўдзівасці царкоўнага вучэння.

Але пад уплывам жыццёвых умоў ён, праўдзівы чалавек, дазволіў маленькую ману ў тым, што сказаў сабе, што, каб сцвярджаць тое, што неразумнае — неразумна, трэба перш вывучыць гэта неразумнае.

Гэта была маленькая мана, але яна такі завяла яго ў тую вялікую ману, у якой ён загруз цяпер.

Паставіўшы сабе пытанне аб тым, ці справядліва тое праваслаўе, у якім ён нарадзіўся і выхоўваўся, якое патрабуецца ад яго ўсімі акружаючымі, без прызнання якога ён не можа працягваць сваю карысную для людзей дзейнасць, — ён ужо загадзя вырашаў яго. І таму для ўразумення гэтага пытання ён узяў не Вольтэра, Шопенгауэра, Спенсера, Конта, а філасофскія кнігі Гегеля і рэлігійныя творы Vinet, Хамякова, і, канешне, знайшоў у іх тое самае, што яму было трэба: падабенства заспакаення і апраўдання таго рэлігійнага вучэння, у якім яго выхоўвалі і якое розум яго даўно ўжо адкідаў, але без якога ўсё жыццё перапаўнялася непрыемнасцямі, а пры прызнанні якога ўсе гэтыя непрыемнасці адразу знікалі. І ён засвоіў сабе ўсе тыя звычайныя сафізмы аб тым, што асобны розум чалавека не можа пазнаць ісціны, што ісціна адкрываецца толькі сукупнасці людзей, што адзіны сродак пазнання яе ёсць адкравенне, што адкравенне захоўваецца царквой і т. д.; і з таго часу ўжо мог спакойна, не ўсведамляючы хлуслівасці сваіх учынкаў, прысутнічаць пры набажэнствах, паніхідах, абеднях, мог пасціць і хрысціцца на абразы і мог працягваць службовую дзейнасць, якая давала яму ўсведамленне карысці сваёй работы і ўцяшэнне ў нярадасным сямейным жыцці. Ён думаў, што ён верыць, але тым часам больш, як у чым-небудзь іншым, ён усёй істотай усведамляў, што гэта вера яго была нешта зусім „не тое“.

І ад гэтага ў яго былі заўсёды сумныя вочы. І ад гэтага, убачыўшы Нехлюдава, якога ён ведаў тады, калі ўсе гэтыя хлуслівасці яшчэ не ўмацаваліся ў ім, ён успомніў сябе гэткім, якім ён быў тады; і асабліва пасля таго, як ён паспяшыў яму намякнуць на свой рэлігійны погляд, ён больш, як калі-небудзь адчуў усё гэта „не тое“, і яму зрабілася балюча сумна. Тое самае — пасля першага ўражання радасці пабачыць старога прыяцеля — адчуў і Нехлюдаў.

І ад гэтага яны абодва, паабяцаўшы адзін аднаму, што пабачацца, абодва не шукалі гэтага спаткання і так і не бачыліся ў гэты прыезд у Пецербург Нехлюдава.


XXIV

Вышаўшы з сената, Нехлюдаў з адвакатам пайшлі разам па тратуары. Карэце сваёй адвакат загадаў ехаць за сабой і пачаў расказваць Нехлюдаву гісторыю таго дырэктара дэпартамента, пра якога гаварылі сенатары аб тым, як яго выкрылі і як замест катаргі, якая па закону належала яму, яго прызначаюць губернатарам у Сібір. Расказаўшы ўсю гісторыю і ўсю брыдкасць яе, і яшчэ з асаблівым здавальненнем гісторыю аб тым, як пакрадзены рознымі высокапастаўленымі асобамі грошы, сабраныя на той усё яшчэ недабудаваны помнік, паўз які яны праехалі сёння раніцой, і яшчэ пра тое, як палюбоўніца такога-та нажыла мільёны на біржы, і такі-та прадаў, а такі-та купіў жонку, адвакат пачаў яшчэ новае апавяданне аб машэнніцтвах і рознастайных злачынствах вышэйшых чыноў дзяржавы, якія сядзелі не ў астрозе, а на старшынскіх крэслах у розных установах. Расказы гэтыя, запас якіх быў, відавочна, невычэрпны, былі дужа прыемнымі для адваката, паказваючы з поўнай відавочнасцю тое, што сродкі, якія ўжываў ён, адвакат, для здабывання сабе грошай, былі зусім правільныя і нявінныя ў параўнанні з тымі сродкамі, што ўжываліся для той самай мэты вышэйшымі чынамі ў Пецербургу. І таму адвакат вельмі здзівіўся, калі Нехлюдаў, не даслухаўшы яго апошняй гісторыі аб злачынстве вышэйшых чыноў, развітаўся з ім і, узяўшы рамізніка, паехаў дамоў, на ўзбярэжную.

Нехлюдаву было вельмі сумна. Яму было сумна пераважна таму, што адмова сената сцвярджала гэта бязглуздае здзекванне над нявіннай Маславай, і таму, што гэта адмова рабіла яшчэ больш цяжкім яго нязменнае рашэнне злучыць з ёю свой лёс. Сум гэты ўзмацніўся яшчэ ад тых жудасных гісторый пануючага зла, пра якія з гэткай радасцю гаварыў адвакат, і, апрача таго, ён бесперастанку ўспамінаў нядобры, халодны, непрывычны погляд некалі мілага, шчырага, сумленнага Селеніна.

Калі Нехлюдаў вярнуўся дамоў, швейцар з нейкай пагардай даў яму запіску, якую напісала ў швейцарскай нейкая жанчына, як сказаў швейцар. Гэта была запіска ад маці Шуставай. Яна пісала, што прыязджала дзякаваць дабрадзею, ратаўніку дачкі, і, апрача таго, прасіць, упрашаць яго прыехаць да іх на Васільеўскі, у 5-ю лінію, такую-та кватэру. Гэта вельмі патрэбна было, пісала яна, для Веры Ефрэмаўны. Няхай ён не баіцца, што яму будуць назаляць выказваннем удзячнасці: пра ўдзячнасць не будуць гаварыць, а проста рады будуць яго бачыць. Калі можна, дык ці не прыедзе ён заўтра ўранні.

Другая запіска была ад былога таварыша Нехлюдава, флігель-ад‘ютанта Багатырова, якога Нехлюдаў прасіў уласнаручна перадаць прыгатаванае ім прашэнне ад імя сектантаў гасудару. Багатыроў сваім буйным, рашучым почыркам пісаў, што прашэнне ён, як абяцаў, падасць проста ў рукі гасудару, але што ён думае, ці не лепш Нехлюдаву раней з‘ездзіць да той асобы, ад якой залежыць гэта справа, і папрасіць яго.

Нехлюдаў пасля ўражанняў апошніх дзён свайго прабывання ў Пецербургу згубіў усякую надзею дасягнуць чаго-небудзь. Яго планы, складзеныя ў Маскве, здаваліся яму нечым накшталт тых юнацкіх мар, у якіх няўхільна расчароўваюцца людзі, уступаючы ў жыццё. Але ўсё-такі цяпер, будучы ў Пецербургу, ён лічыў сваім доўгам зрабіць ўсё тое, што наважыўся зрабіць, і парашыў заўтра-ж, пабыўшы ў Багатырова, выканаць яго параду і паехаць да той асобы, ад якой залежала справа сектантаў.

Цяпер ён, дастаўшы з партфеля прашэнне сектантаў, перачытваў яго, калі да яго пастукаўся і ўвайшоў лёкай графіні Кацярыны Іванаўны з запрашэннем ісці наверх чай піць.

Нехлюдаў сказаў, што зараз прыдзе, і, склаўшы паперы ў партфель, пайшоў да цёткі. Ідучы наверх, ён зірнуў у акно на вуліцу і ўбачыў пару рыжых Mariette, і яму раптам нечакана зрабілася весела і захацелася ўсміхацца.

Mariette ў капелюшы, але ўжо не ў чорным, а ў нейкім светлым, рознакаляровым плацці сядзела з чашкай у руцэ каля крэсла графіні і нешта шчабятала, бліскаючы сваімі прыгожымі, поўнымі смеху, вачыма. У той час, калі Нехлюдаў уваходзіў у пакой, Mariette толькі што сказала нешта такое смешнае, і смешнае непрыстойнае — гэта Нехлюдаў убачыў па характару смеху, — што добрадушная вусатая графіня Кацярына Іванаўна, дрыжучы тоўстым сваім целам, заходзілася ад смеху, а Mariette з асаблівым mischievous[23] выразам, скрывіўшы рот, які крыху ўсміхаўся, і схіліўшы набок энергічны і вясёлы твар, моўчкі пазірала на сваю субяседніцу.

Нехлюдаў па некалькіх словах зразумеў, што яны гаварылі пра другую навіну пецербургскую таго часу, аб эпізодзе новага сібірскага губернатара, і што Mariette іменна ў гэтай галіне нешта сказала такое смешнае, што графіня доўга не магла стрымацца.

— Ты мяне са свету зжывеш, — гаварыла яна, закашляўшыся.

Нехлюдаў прывітаўся і падсеў да іх. І толькі што ён хацеў асудзіць Mariette за яе лёгкадумнасць, як яна, заўважыўшы сур‘ёзны і крыху незадаволены выраз яго твара, адразу-ж, каб упадабацца яму, — а ёй гэтага захацелася з таго часу, як яна ўбачыла яго, — змяніла не толькі выраз свайго твара, але і ўвесь свой душэўны настрой. Яна раптам зрабілася сур‘ёзнай, незадаволенай сваім жыццём і, чагосьці шукаючы, кудысьці парываючыся, не тое што прыкінулася, а сапраўды засвоіла сабе дакладна той самы душэўны настрой, — хаця яна словамі ніяк не здолела-б выказаць, з чаго ён складаўся, — у якім быў Нехлюдаў у гэту мінуту.

Яна запытала яго, як ён скончыў свае справы. Ён расказаў пра няўдачу ў сенаце і пра сваю сустрэчу з Селеніным.

— Ах! якая чыстая душа! Вось іменна chevalier sans peur et sans reproche[24]. Чыстая душа, — дадалі абедзве дамы той заўсёдны эпітэт, пад якім Селеніна ведалі ў грамадстве.

— Што такое яго жонка? — запытаў Нехлюдаў.

— Яна? Ну, я не буду папікаць. Але яна не разумее яго. Што-ж, няўжо і ён быў за адмову? — спыталася яна з шчырым спачуваннем. — Гэта жахліва, як мне яе шкада! — дадала яна, ўздыхаючы.

Ён нахмурыўся, і жадаючы змяніць размову, пачаў гаварыць аб Шуставай, зняволенай раней у крэпасці і выпушчанай па яе хадайніцтву. Ён падзякаваў яе за хадайніцтва перад мужам і хацеў сказаць аб тым, як жудасна думаць, што жанчына гэта і ўся сям‘я яе пакутвалі толькі таму, што ніхто не напомніў аб іх, але яна не дала яму дагаварыць і сама выказала сваё абурэнне.

— Не гаварыце мне, — сказала яна. — Як толькі муж сказаў мне, што яе можна вызваліць, мяне менавіта здзівіла гэта думка. Завошта-ж трымалі яе, калі яна невінаватая? — выказала яна тое, што хацеў сказаць Нехлюдаў. — Якая абураючая гісторыя!

Графіня Кацярына Іванаўна бачыла, што Mariette какетнічае з пляменнікам, і гэта пацяшала яе.

— Ведаеш што? — сказала яна, калі яны замаўчалі, — прыязджай заўтра ўвечары да Aline, у яе будзе Кізеветэр. І ты таксама, — звярнулася яна да Mariette.

— Il vous a remarqué[25], — сказала яна пляменніку. — Ён мне сказаў, што ўсё, што ты гаварыў, — я яму расказала, — усё гэта добрая прымета, і што ты абавязкова прыдзеш да хрыста. Абавязкова прыязджай. Скажы яму, Mariette, каб ён прыехаў. І сама прыязджай.

— Я, графіня, па-першае, не маю ніякіх правоў што-небудзь раіць князю, — сказала Mariette, гледзячы на Нехлюдава, і гэтым поглядам устанаўліваючы паміж ім і ёю нейкую поўную згоду аб дачыненні да слоў графіні і наогул да евангелізма, — і, па-другое, я не вельмі люблю, вы ведаеце…

— Ды ты заўсёды ўсё робіш наадварот і па-свойму.

— Як па-свойму? Я веру, як баба самая простая, — сказала яна, усміхаючыся. — А па-трэцяе, — працягвала яна, — я заўтра еду ў французскі тэатр…

— Ах! А ці бачыў ты гэту… ну, як яе? — сказала графіня Кацярына Іванаўна.

Mariette падказала імя славутай французскай актрысы.

— Едзь абавязкова, — гэта дзівосна.

— Каго-ж раней глядзець, ma tante, актрысу ці прапаведніка? — сказаў Нехлюдаў, усміхаючыся.

— Калі ласка, не лаві мяне на словах.

— Я думаю, раней прапаведніка, а потым французскую актрысу, а то можна ўсю ахвоту згубіць да пропаведзі, — сказаў Нехлюдаў.

— Не, лепей пачаць з французскага тэатра, — потым пакаяцца, — сказала Mariette.

— Ну, вы з мяне не смейцеся. Прапаведнік прапаведнікам, а тэатр — тэатрам. Для таго, каб выратавацца, зусім не трэба рабіць твар у аршын і ўсё плакаць. Трэба верыць, і тады будзе весела.

— Вы, ma tante, лепш за ўсякага прапаведніка прапаведуеце.

— А ведаеце што? — сказала Mariette, задумаўшыся, — прыязджайце заўтра да мяне ў ложу.

— Я баюся, што мне нельга будзе…

Размову перабіў лёкай з дакладам аб наведвальніку. Гэта быў сакратар дабрачыннага таварыства, старшынёй якога была графіня.

— Ну, гэта вельмі нудны чалавек. Я лепш яго там прыму. А потым прыду да вас. Напаіце яго чаем, Mariette, — сказала графіня, ідучы сваёй хуткай вёрткай хадой у залу.

Mariette зняла пальчатку і агаліла энергічную, даволі роўную руку з пакрытым пярсцёнкамі безыменным пальцам.

— Хочаце? — сказала яна, беручыся за срэбраны чайнік на спірце і дзіўна адтапырваючы мізінец.

Твар яе зрабіўся сур‘ёзным і сумным.

— Мне заўсёды страшэнна-страшэнна балюча бывае думаць, што людзі, думкай якіх я даражу, змешваюць мяне з тым становішчам, у якім я знаходжуся.

Яна як быццам гатова была заплакаць, гаворачы апошнія словы. І хаця, калі разабрацца ў іх, словы гэтыя або не мелі ніякага, або мелі вельмі туманны сэнс, яны Нехлюдаву здаліся незвычайнай глыбіні, шчырасці і дабраты: гэтак вабіў яго да сябе той погляд бліскучых вачэй, які праваджаў гэтыя словы маладой, прыгожай і добра апранутай жанчыны.

Нехлюдаў глядзеў на яе моўчкі і не мог адарваць вачэй ад яе твара.

— Вы думаеце, што я не разумею вас і ўсяго, што ў вас адбываецца. Тое, што вы зрабілі, усе ведаюць. C‘est le secret de polichinelle[26]. І я захапляюся гэтым і ўхваляю вас.

— Ды няма чым захапляцца, я так мала яшчэ зрабіў.

— Гэта ўсёроўна. Я разумею ваша пачуццё і разумею яе, — ну, добра, добра, я не буду гаварыць пра гэта, — перабіла яна сябе, заўважыўшы на яго твары незадавальненне. — Але я разумею яшчэ і тое, што, убачыўшы ўсе пакуты, усю жудасць таго, што робіцца ў турмах, — гаварыла Mariette, жадаючы толькі аднаго, прывабіць яго да сябе, сваім жаночым чуццём угадваючы ўсё тое, што было яму важна і дорага, — вы хочаце памагчы пакутнікам, якія пакутваюць гэтак жахліва, гэтак жахліва ад людзей, ад безуважнасці, жорсткасці… Я разумею, як можна аддаць за гэта жыццё, і сама-б аддала. Але ў кожнага свой лёс…

— Хіба вы нездаволены сваім лёсам?

— Я? — спыталася яна, нібы вельмі здзіўленая, што можна аб гэтым пытацца. — Я павінна быць здаволенай, — і здаволена. Але ёсць чарвяк, які прачынаецца…

— І яму нельга даваць засынаць, трэба верыць гэтаму голасу, — сказаў Нехлюдаў, зусім паддаўшыся яе мане.

Потым многа разоў Нехлюдаў з сорамам успамінаў усю сваю размову з ёю; успамінаў яе не гэтак хлуслівыя, як падробленыя пад яго словы і той твар — як быццам-бы расчуленай увагі, з якой яна слухала яго, калі ён расказваў ёй пра жахі астрога і пра свае ўражанні ў вёсцы.

Калі графіня вярнулася, яны гутарылі як не толькі старыя, але выключныя прыяцелі, якія адны разумеюць адзін аднаго сярод натоўпу, які не разумее іх.

Яны гаварылі аб несправядлівасці ўлады, аб пакутах няшчасных, аб беднасці народу, але, па сутнасці, вочы іх, пазіраючы адзін на аднаго пад шумок размовы, не пераставаючы пыталіся: „можаш кахаць мяне?“, і адказвалі: „магу“, і палавое пачуццё, прымаючы самыя нечаканыя і вясёлкавыя формы, цягнула іх адзін да аднаго.

Ад‘язджаючы, яна сказала яму, што заўсёды гатова служыць яму, чым можа, і прасіла яго прыехаць да яе заўтра ўвечары абавязкова, хаця на мінуту, у тэатр, што ёй трэба яшчэ пагаварыць з ім аб адной важнай рэчы.

— І калі-ж я вас убачу зноў? — дадала яна, уздыхнуўшы, і пачала асцярожна адзяваць пальчатку на пакрытую пярсцёнкамі руку. — Дык скажыце, што прыедзеце.

Нехлюдаў абяцаў.

Гэтай ноччу, калі Нехлюдаў, астаўшыся адзін у сваім пакоі, лёг на ложак і пагасіў свячу, ён доўга не мог заснуць. Успамінаючы аб Маславай і рашэнні сената і аб тым, што ён усё-такі парашыў ехаць за ёю, аб сваім адказе ад права на зямлю, ён раптам, як адказ на гэтыя пытанні, уявіў твар Mariette, яе ўздых і погляд, калі яна сказала: „калі я вас пабачу зноў?“, і яе ўсмешка, — з гэткай яснасцю, што ён як быццам бачыў яе, і сам усміхнуўся. „Ці добра я зраблю, паехаўшы ў Сібір? І ці добра я зраблю, пазбавіўшы сябе багацця?“ — запытаў ён сябе.

І адказы на гэтыя пытанні ў гэту светлую пецербурскую ноч, якая віднелася праз няшчыльна апушчаную штору, былі няпэўныя. Усё зблыталася ў яго галаве. Ён выклікаў у сябе ранейшы настрой і ўспомніў ранейшы ход думак; але думкі гэтыя ўжо не мелі ранейшай сілы пераканання.

„А што калі ўсё гэта я выдумаў і не здолею жыць гэтым: пакаюся ў тым, што я зрабіў добра“, сказаў ён сабе і, не маючы сілы адказаць на ўсе гэтыя пытанні, ён перажыў такое пачуццё суму і адчаю, якога ён даўно не перажываў. Не маючы сілы разабрацца ў гэтых пытаннях, ён заснуў тым цяжкім сном, якім ён, бывала, засынаў пасля вялікага пройгрышу ў карты.


XXV

Першае пачуццё Нехлюдава, калі ён прачнуўся ўранні, было тое, што ёй напярэдадні зрабіў нейкую брыдкасць.

Ён плачаў успамінаць: брыдкасці не было, учынку не было дрэннага, але былі думкі, дрэнныя думкі аб тым, што ўсе яго цяперашнія намеры — жаніцьбы на Кацюшы і аддачы зямлі сялянам — што ўсё гэта толькі мары, што ўсяго гэтага ён не вытрымае, што ўсё гэта штучна, ненатуральна, а трэба жыць, як жыў. Учынку дрэннага не было, але было тое, што яшчэ горш, як дрэнны ўчынак: былі тыя думкі, ад якіх паходзяць усе дрэнныя ўчынкі. Учынак дрэнны можна не паўтарыць і пакаяцца ў ім, дрэнныя-ж думкі параджаюць усе дрэнныя ўчынкі. Дрэнны ўчынак толькі пракладае шлях да дрэнных учынкаў; дрэнныя-ж думкі нястрымана цягнуць па гэтай дарозе.

Паўтарыўшы ў сваім ваабражэнні ўранні ўчарашнія думкі, Нехлюдаў здзівіўся таму, як мог ён хаця на мінуту паверыць ім. Як ні нова і цяжка было тое, што ён наважыў зрабіць, ён ведаў, што гэта было адзінае магчымае для яго цяпер жыццё, і як ні прывычна і лёгка было вярнуцца да ранейшага, ён ведаў, што гэта была смерць. Учорашняе спакушэнне ўяўлялася яму цяпер тым, што бывае з чалавекам, калі ён разаспаўся, і яму хочацца хаця не спаць, а яшчэ паваляцца, папесціцца ў ложку, не гледзячы на тое, што ён ведае, што час уставаць, што значная і радасная справа чакае яго.

У гэты дзень, апошні яго прабывання ў Пецербургу, ён зранку паехаў на Васільеўскі востраў да Шуставай. Кватэра Шуставай была на другім паверсе. Дворнік паказаў Нехлюдаву на чорны ход, і ён па простых і крутых сходнях увайшоў проста ў душную кухню, якая густа пахла ежай. Паджылая жанчына, з закасанымі рукавамі, у фартуху і акулярах, стаяла каля пліты і нешта размешвала ў дымнай каструлі.

— Вам каго? — спыталася яна строга, пазіраючы поверх акуляраў на Нехлюдава.

Не паспеў Нехлюдаў назваць сябе, як аблічча жанчыны набыло спалоханы і радасны выраз.

— Ах, князь! — абціраючы рукі аб фартух, ускрыкнула жанчына. — Ды чаму-ж вы з чорнага ходу? Дабрадзей вы наш! Я маці ёй. Загубілі-ж, было, зусім дзяўчынку. Збавіцель вы наш, — гаварыла яна, хапаючы Нехлюдава за руку і стараючыся пацалаваць яе. — Я ўчора была ў вас. Мяне сястра асабліва прасіла. Яна тут. Сюды, сюды, калі ласка, за мной, — гаварыла маці Шуставай, праводзячы Нехлюдава праз вузкія дзверы і цёмны калідорчык і дарогай папраўляючы то падтыканае плацце, то валасы. — Сястра мая Карнілава, мабыць чулі, — шэптам дадала яна, спыніўшыся перад дзвярыма. — Яна была замешана ў палітычных справах. Разумнейшая жанчына.

Адчыніўшы дзверы з калідора, маці Шуставай увяла Нехлюдава ў маленькі пакойчык, дзе перад сталом на канапцы сядзела невысокая поўная дзяўчына ў паласатай паркалёвай кофтачцы і з кучаравымі русымі валасамі, што акружалі яе круглы і вельмі бледны, падобны да маці, твар. Насупроць яе сядзеў, сагнуўшыся ўдвая на крэсле, у рускай, з вышываным каўняром кашулі малады чалавек з чорнымі вусікамі і бародкай. Яны абодва, відаць, былі захоплены размовай, што азірнуліся толькі тады, калі Нехлюдаў ужо ўвайшоў у дзверы.

— Ліда, князь Нехлюдаў, той самы…

Бледная дзяўчына нервова ўскочыла, апраўляючы валасы, спалохана ўтаропілася сваімі вялікімі шэрымі вачыма на князя.

— Дык вы тая самая небяспечная жанчына, за якую прасіла Вера Ефрэмаўна? — сказаў Нехлюдаў, усміхаючыся і працягваючы руку.

— Так, я самая, — сказала Лідзія і, на ўвесь рот адкрываючы рад цудоўных зубоў, усміхнулася добраю, дзіцячаю ўсмешкай. — Гэта цётка дужа хацела вас бачыць. Цёця! — гукнула яна ў дзверы прыемным далікатным голасам.

— Вера Ефрэмаўна была вельмі ўстурбавана вашым арыштам, — сказаў Нехлюдаў.

— Сюды ці сюды сядайце лепш, — гаварыла Лідзія, паказваючы на мяккае зламанае крэсла, з якога толькі што ўстаў малады чалавек. — Мой стрыечны брат — Захараў, — сказала яна, заўважыўшы позірк, якім Нехлюдаў акінуў маладога чалавека.

Малады чалавек, таксама добрадушна ўсміхаючыся, як і сама Лідзія, павітаўся з гасцём і, калі Нехлюдаў сеў на яго месца, узяў сабе зэдлік ад акна і сеў побач. З другіх дзвярэй вышаў бялявы гімназіст гадоў 16 і моўчкі сеў на падаконнік.

— Вера Ефрэмаўна — вялікі цётчын прыяцель, а я бадай не ведаю яе, — сказала Лідзія.

У гэты час з суседняга пакоя вышла, у белай кофтачцы, падпяразанай скураным поясам, жанчына з вельмі прыемным, разумным тварам.

— Добры дзень, вось дзякую, што прыехалі, — пачала яна, як толькі села на канапу побач з Лідзіяй. — Ну, што Верачка? Вы яе бачылі? Як-жа яна пераносіць сваё становішча?

— Яна не скардзіцца, — сказаў Нехлюдаў, — гаворыць, што ў яе самаадчуванне алімпійскае.

— Ах, Верачка, пазнаю яе, — усміхаючыся і ківаючы галавой, сказала цётка. — Яе трэба ведаць. Гэта надзвычайная асоба. Усё для іншых, нічога для сябе.

— Так, яна нічога для сябе не хацела, а толькі была заклапочана вашай пляменніцай. Яе мучыла, галоўнае, тое, што яе, як яна гаварыла, нізавошта ўзялі.

— Гэта так, — сказала цётка, — гэта жудасная справа! Папакутвала яна, уласна, за мяне.

— Ды зусім не, цёця! — сказала Лідзія. — Я-б і без вас узяла паперы.

— Ужо дазволь мне ведаць лепш за цябе, — працягвала цётка. — Бачыце, працягвала яна, звяртаючыся да Нехлюдава, — усё здарылася таму, што адна асоба прасіла мяне прыберагчы на час яго паперы, а я, не маючы кватэры, аднесла ёй. А ў яе тае-ж начы зрабілі вобыск і ўзялі і паперы і яе, і вось трымалі да гэтага часу, патрабавалі, каб яна сказала, ад каго атрымала.

— Я і не сказала, — хутка вымавіла Лідзія, нервова цярэбячы кудзерак, які і не перашкаджаў ёй.

— Ды я і не кажу, што ты сказала, — адказала цётка.

— Калі яны ўзялі Міціна, дык толькі не праз мяне, — сказала Лідзія, чырванеючы і непакойліва аглядаючыся наўкол сябе.

— Ты-ж не гавары пра гэта, Лідачка, — сказала маці.

— Чаму не, я хачу расказаць, — сказала Лідзія, ужо не ўсміхаючыся, а чырванеючы, і ўжо не апраўляючы, а накручваючы на палец свой кудзер і ўсё азіраючыся.

— А ўчора-ж што было, калі ты пачала гаварыць пра гэта.

— Дармо… Пакіньце, мама. Я не сказала, а толькі прамаўчала. Калі ён дапытваў мяне два разы пра цёцю і пра Міціна, я нічога не сказала і заявіла яму, што нічога адказваць не буду. Тады гэты… Петроў…

— Петроў, сышчык, жандар і вялікі нягоднік, — уставіла цётка, тлумачачы Нехлюдаву словы пляменніцы.

— Тады ён, — працягвала Лідзія, хвалюючыся і спяшаючы, — пачаў угаварваць мяне. „Усё, гаворыць, што вы мне скажаце, нікому пашкодзіць не можа, а наадварот… Калі вы скажаце, дык вызваліце бязвінных, якіх, магчыма, дарэмна мучым“. Ну, а я ўсё-такі сказала, што не скажу. Тады ён гаворыць: „Ну, добра, не гаварыце нічога, а толькі не адмаўляйце таго, што я скажу“. І ён пачаў называць і назваў Міціна.

— Ды ты не гавары, — сказала цётка.

— Ах, цёця, не замінайце… — і яна, не перастаючы, цягнула сябе за пасму валасоў і ўсё аглядвалася. — І раптам, уявіце сабе, наступным днём даведваюся — мне перастукваннем перадаюць, што Міціна ўзялі. Ну, думаю, я здрадзіла. І так гэта мяне пачало мучыць, так пачало мучыць, што я ледзьве не звар‘яцела.

— І сталася, што зусім не праз цябе яго ўзялі.

— Дык я-ж не ведала. Думаю — я здрадзіла. Хаджу, хаджу, ад сцяны да сцяны, не магу не думаць. Дума: здрадзіла. Лягу, накрыюся і чую — шэпча нехта на вуха: здрадзіла, здрадзіла Міціна, Міціна здрадзіла. Ведаю, што гэта галюцынацыя, і не магу не слухаць. Хачу заснуць — не магу, хачу не думаць — таксама не магу. Вось дзе было жудасна! — гаварыла Лідзія, усё больш і больш хвалюючыся, накручваючы на палец пасму валасоў і зноў разматваючы яе і ўсё азіраючыся.

— Лідачка, ты супакойся, — паўтарыла маці, дакранаючыся да яе пляча.

Але Лідачка не магла ўжо спыніцца.

— Гэта тым жудасна… — пачала яна нешта яшчэ, але ўсхліпнула, не дагаварыўшы, ускочыла з канапы і, зачапіўшыся за крэсла, выбегла з пакоя. Маці пайшла за ёю.

— Перавешаць нягоднікаў, — вымавіў гімназіст, які сядзеў на акне.

— Ты што? — запытала маці.

— Я нічога… Я так, — адказаў гімназіст і схапіў папяроску, што ляжала на стале, і пачаў закурваць яе.


XXVI

— Так, для маладых гэта адзіночнае зняволенне жахлівая рэч, — сказала цётка, ківаючы галавою і таксама закурваючы папяроску.

— Я думаю, для ўсік, — сказаў Нехлюдаў.

— Не, не для ўсіх, — адказала цётка. — Для сапраўдных рэволюцыянераў, мне расказвалі, гэта адпачынак, заспакаенне. Нелегальны жыве заўсёды ў трывозе і беднасці і баючыся і за сябе і за іншых, і за справу і ўрэшце яго бяруць, і ўсё скончана, уся адказнасць знята: сядзі і адпачывай. Проста, мне гаварылі, адчуваюць радасць, калі бяруць. Ну, а для маладых, бязвінных — заўсёды спачатку бяруць бязвінных, як Лідачка, — для гэтых першы шок жахлівы. Не тое, што вас пазбавілі свабоды, груба абыходзяцца, дрэнна кормяць, дрэннае паветра, наогул усялякія нягоды — усё гэта нічога. Калі было-б утрая больш нягод, усё-б гэта перажывалася лягчэй, каб не той маральны шок, які атрымліваеш, калі пападзешся ўпершыню.

— Хіба вам даводзілася?

— Я? Два разы сядзела, — усміхаючыся сумнай, прыемнай усмешкай, сказала цётка. — Калі мяне ўзялі ў першы раз — і ўзялі нізавошта, — працягвала яна, — мне было дваццаць два гады, у мяне быў дзіцёнак, і я была цяжарнаю. Як ні цяжка мне было тады зняволенне, разлука з дзіцёнкам і мужам, усё гэта было глупствам у параўнанні з тым, што я адчула, калі зразумела, што я перастала быць чалавекам і зрабілася рэччу. Я хачу развітацца з дачкой, — мне гавораць, каб я ішла і садзілася на рамізніка. Я пытаюся, куды мяне вязуць, — мне адказваюць, што я даведаюся, калі прывязуць. Я пытаюся: у чым мяне абвінавачваюць, — мне не адказваюць. Калі мяне пасля допыту раздзелі, адзелі ў астрожную адзежу за №, прывялі пад скляпенне, адамкнулі дзверы, піхнулі туды, замкнулі на замок і пайшлі, і астаўся адзін вартавы са стрэльбаю, які хадзіў моўчкі і зрэдку пазіраў у шчылінку маіх дзвярэй, — мне зрабілася дужа цяжка. Мяне, памятаю, тады больш за ўсё ўразіла тое, што жандарскі афіцэр, калі дапытваў мяне, прапанаваў мне курыць. Значыць, ён ведае, як любяць людзі курыць, ведае, значыць, і як любяць людзі свабоду, святло, ведае, як любяць маткі дзяцей, і дзеці матку; дык як-жа яны бязлітасна адарвалі мяне ад усяго дарагога, і замкнулі, як дзікага звера? Гэта нельга перажыць бясследна. Калі хто верыў у бога і людзей, у тое, што людзі любяць адзін аднаго, той пасля гэтага пакіне верыць у гэта. Я з таго часу пакінула верыць у людзей і азлабілася, — скончыла яна і ўсміхнулася.

З дзвярэй, куды пайшла Лідзія, вышла яе маці і сказала, што Лідачка вельмі расхвалявалася і не выйдзе.

— І завошта загублена маладое жыццё? — сказала цётка. — Асабліва балюча мне таму, што я мімаволі была прычынай.

— Бог дасць, на вясковым паветры адужае, — сказала маці, — пашлем яе да бацькі.

— Так, каб не вы, загінула-б зусім, — сказала цётка. — Дзякую вам. А бачыць я вас хацела таму, каб папрасіць вас перадаць ліст да Веры Ефрэмаўны, — сказала яна, дастаючы ліст з кішэні. — Ліст незапячатаны, можаце перачытаць яго і разарваць або перадаць, — што знойдзеце больш адпаведным да вашых перакананняў, — сказала яна. — У лісце няма нічога такога, каб вас скампраметавала.

Нехлюдаў узяў ліст і, паабяцаўшы перадаць яго, устаў і, развітаўшыся, вышаў на вуліцу.

Ліст ён, не прачытаўшы яго, запячатаў і парашыў перадаць па прызначэнню.


XXVII

Апошняя справа, якая затрымала Нехлюдава ў Пецербургу, была справа сектантаў, прашэнне якіх на імя цара ён збіраўся падаць праз былога таварыша па палку, флігель-ад‘ютанта Багатырова. Уранні ён прыехаў да Багатырова і застаў яго яшчэ дома, хаця і на ад‘ездзе, за снеданнем. Багатыроў быў невысокі, прысадзісты чалавек, надзелены пэўнай фізічнай сілай — ён гнуў падковы, — добры, сумленны, просты і нават ліберальны. Не гледзячы на гэтыя ўласцівасці, ён быў блізкім чалавекам да двара і любіў цара і яго сям‘ю і ўмеў нейкім дзіўным чынам, жывучы ў гэтым вышэйшым асяроддзі, бачыць у ім адно добрае і не ўдзельнічаць ні ў чым дрэнным і несумленным. Ён ніколі не ганіў ні людзей, ні мерапрыемствы, а ці маўчаў, ці гаварыў смелым, зычным, нібы ён крычаў, голасам тое, што яму трэба было сказаць, часта пры гэтым смеючыся гэткім самым зычным смехам. І рабіў ён гэта не з-за палітычнасці, а таму, што меў гэткую натуру.

— Ну, цудоўна, што ты заехаў. Не хочаш снедаць? А не, дык сядай. Біфштэкс цудоўны. Я заўсёды з грунтоўнага пачынаю і канчаю. Ха, ха, ха. Ну, віна выпі, — крычаў ён, паказваючы на графін з чырвоным віном. — А я пра цябе думаў. Прашэнне я падам. У рукі аддам — гэта верна; толькі прышло мне ў галаву, ці не лепш табе раней з‘ездзіць да Тапарова.

Нехлюдаў зморшчыўся, пачуўшы імя Тапарова.

— Усё ад яго залежыць. Бо ўсёроўна ў яго-ж запытаюць. А можа ён сам цябе задаволіць.

— Калі ты раіш, я паеду.

— І цудоўна. Ну, што Піцер, як на цябе дзейнічае, — пракрычаў Багатыроў, — скажы, а?

— Адчуваю, што загіпнатызоўваюся, — сказаў Нехлюдаў.

— Загіпнатызоўваешся? — паўтарыў Багатыроў і голасна зарагатаў. — Не хочаш, ну як хочаш. — Ён выцер сурвэткай вусы. — Дык паедзеш? А? — Калі ён не зробіць, дык давай мне, я заўтра-ж аддам, — пракрычаў ён, і, устаўшы з-за стала, перахрысціўся крыжам, відавочна таксама несвядома, як ён абцёр рот, і пачаў прычапляць шаблю. А цяпер бывай, мне трэба ехаць.

— Разам выйдзем, — сказаў Нехлюдаў, з прыемнасцю паціскаючы дужую, шырокую руку Багатырова, і, як заўсёды, пад прыемным уражаннем нечага здаровага, несвядомага, свежага, развітаўся з ім на ганку яго дома.

Хоць ён і не чакаў нічога добрага ад сваёй паездкі, Нехлюдаў усё-такі, паслухаўшыся Багатырова, паехаў да Тапарова, да той асобы, ад якой залежала справа аб сектантах.

Пасада, якую займаў Тапароў, па прызначэнню свайму з‘яўлялася ўнутранай супярэчнасцю, не бачыць якую мог толькі чалавек недарэчны, пазбаўлены маральнага пачуцця. Тапароў меў абедзве гэтыя адмоўныя ўласцівасці. Супярэчнасць тае пасады, якую ён займаў, была ў тым, што мэтаю пасады з‘яўлялася і падтрыманне і абарона знешнімі спосабамі, не выключаючы і гвалтоўных, той царквы, якая па сваім-жа азначэнні створана самім богам і не магла быць парушана ні „вратами ада“, ні якімі-б то ні была чалавечымі намаганнямі. Гэту вось боскую і ніяк непарушную божую ўстанову павінна была падтрымліваць і абараняць тая чалавечая ўстанова, на чале якой стаяў Тапароў са сваімі чыноўнікамі. Тапароў не бачыў гэтай супярэчнасці ці не хацеў яе бачыць і таму вельмі сур‘ёзна клапаціўся аб тым, каб які-небудзь ксёндз, пастар ці сектант не разбурыў той царквы, якую не могуць перамагчы „врата ада“. Тапароў, як і ўсе людзі, пазбаўленыя асноўнага рэлігійнага пачуцця, усведамлення роўнасці і брацтва людзей, быў зусім упэўнен, што народ складаецца з істот зусім інакшых, як ён сам, і што народу абавязкова патрэбна тое, без чаго ён вельмі добра можа абыходзіцца. Сам ён у глыбіні душы ні ў што не верыў і знаходзіў такое становішча вельмі выгодным і прыемным, але баяўся, каб народ не прышоў у гэткае-ж становішча, і лічыў, як ён гаварыў, святым сваім абавязкам ратаваць ад гэтага народ.

Таксама, як у адной кухарскай кнізе гаворыцца, што ракі любяць, каб іх варылі жывымі, ён быў зусім пераконаны, і не ў пераносным сэнсе, як гэты выраз быў ужытым у кухарскай кнізе, а ў простым, — думаў і гаварыў, што народ любіць жыццё ў забабонах.

Падтрымліваючы рэлігію, ён глядзеў на яе, як глядзіць куравод на падліну, якою ён корміць сваіх курэй: падліна дужа непрыемная, але куры любяць і ядуць яе, і таму трэба карміць іх падлаю.

Разумеецца, усе гэтыя Іверскія, Казанскія і Смаленскія — вельмі грубае ідалапакланенне, але народ любіць гэта і верыць у гэта, і таму трэба падтрымліваць гэтыя забабоны. Так думаў Тапароў, не разумеючы таго, што яму здавалася, што народ любіць забабоны толькі таму, што заўсёды знаходзіліся і цяпер знаходзяцца гэткія жорсткія людзі, якім быў і ён, Тапароў, якія, прасвяціўшыся, скарыстоўваюць сваю асвету не на тое, на што яны павінны былі-б скарыстоўваць яе, — на дапамогу народу, які выбіраецца з цемры невуцтва, а толькі на тое, каб замацаваць яго ў гэтай цемры.

Тым часам, як Нехлюдаў увайшоў у яго прыймовы пакой, Тапароў у габінеце сваім гутарыў з манашкай-ігуменняй, нейкай жвавай арыстакраткай, якая распаўсюджвала і падтрымлівала праваслаўе ў Заходнім краі сярод гвалтам прыгнаных да праваслаўя уніятаў.

Чыноўнік па асобых даручэннях, які дзяжурыў у прыймовым пакоі, распытаў Нехлюдава аб яго справе і, даведаўшыся, што Нехлюдаў узяўся перадаць прашэнне сектантаў гасудару, спытаў яго, ці не можа ён даць прагледзець прашэнне. Нехлюдаў даў прашэнне, і чыноўнік з прашэннем пайшоў у габінет. Манашка ў каптуры, з вузлем, які развяваўся і за якім цягнуўся чорны шлейф, склаўшы белыя з ачышчанымі пазногцямі рукі, у якіх яна трымала топазавыя чоткі, вышла з габінета і прайшла да выхаду. Нехлюдава ўсё яшчэ не запрашалі ўвайсці. Тапароў чытаў прашэнне і ківаў галавой. Ён непрыемна здзівіўся, чытаючы ясна і моцна напісанае прашэнне.

„Калі яно толькі патрапіць у рукі гасудару, яно можа выклікаць непрыемныя пытанні і непаразуменні“, — падумаў ён, дачытаўшы прашэнне. І, паклаўшы яго на стол, пазваніў і загадаў прасіць Нехлюдава.

Ён памятаў справу гэтых сектантаў, у яго было ўжо іхняе прашэнне. Справа была ў тым, што хрысціян, якія адышлі ад праваслаўя, перасцерагалі, а потым аддалі пад суд, але суд апраўдаў іх. Тады архіерэй з губернатарам парашылі, на падставе незаконнасці шлюбу, разаслаць мужоў, жонак і дзяцей у розныя месцы высылкі. Вось гэтыя бацькі і жонкі прасілі, каб іх не разлучалі. Тапароў успомніў пра гэту справу, калі яна першы раз патрапіла да яго. І тады ён вагаўся, ці не спыніць яе. Але шкоды не магло быць ніякай ад замацавання загадаў аб тым, каб разаслаць у розныя месцы членаў сем‘яў гэтых сялян; пакіданне-ж іх на месцах магло мець кепскія вынікі на астатняе насельніцтва ў сэнсе адыходу іх ад праваслаўя, пры тым-жа гэта паказвала стараннасць архіерэя, і таму ён даў ход справе так, як яна была накіравана.

Цяпер-жа, з гэткім абаронцай, як Нехлюдаў, які меў сувязі ў Пецербургу, справа магла быць перададзена цару, як нешта жорсткае, або патрапіць у замежныя газеты, і таму ён адразу-ж зрабіў нечаканае рашэнне.

— Добры дзень, — сказаў ён з выглядам вельмі занятага чалавека, стоячы сустракаючы Нехлюдава і адразу-ж пераходзячы да справы.

— Я ведаю гэту справу. Як толькі я зірнуў на імёны, я ўспомніў аб гэтай няшчаснай справе, — сказаў ён, узяўшы ў рукі прашэнне і паказваючы яго Нехлюдаву. — І я вельмі дзякую вам, што вы напомнілі мне аб ім. Гэта губернская ўлада перастаралася… — Нехлюдаў маўчаў, з нядобрым пачуццём гледзячы на нерухомую маску бледнага твара.

— І я загадаю, каб гэта мерапрыемства адмянілі, і людзі гэтыя зноў пасяліліся на месца жыхарства.

— Значыць, я магу не даваць ходу гэтаму прашэнню? — сказаў Нехлюдаў.

— Канечне. Я вам абяцаю гэта, — сказаў ён з асаблівым націскам на слове „я“, відавочна, цалкам упэўнены, што яго сумленнасць, яго словы былі самай лепшай зарукай. — Але лепей за ўсё я зараз напішу. Калі ласка, сядайце.

Ён падышоў да стала і пачаў пісаць. Нехлюдаў не сеў і глядзеў зверху ўніз на гэты вузкі, пляшывы чэрап, на гэту з тоўстымі сінімі жылкамі руку, якая хутка вадзіла пяром, і здзіўляўся, навошта рабіць тое, што ён робіць, і гэтак заклапочана робіць гэты да ўсяго, відавочна, абыякавы чалавек. Навошта?..

— Дык вось, — сказаў Тапароў, запячатваючы канверт, — скажыце гэта вашым кліентам, — дадаў ён, падціскаючы губы накшталт усмешкі.

— Завошта-ж гэтыя людзі пакутавалі? — сказаў Нехлюдаў, беручы канверт.

Тапароў падняў галаву і ўсміхнуўся, як быццам пытанне Нехлюдава было для яго прыемным.

— Гэта я вам не магу сказаць. Магу сказаць толькі тое, што інтарэсы народу, якія мы ахоўваем, такія важныя, што залішняя дбайнасць да пытанняў рэлігіі не гэткая страшная і шкодная, як пашыраная цяпер абыякавасць да іх.

— Але якім-жа чынам у імя рэлігіі парушаюцца самыя першыя патрабаванні дабра — разлучаюцца сем‘і…

Тапароў усё таксама выбачна ўсміхаўся, відавочна знаходзячы мілым тое, што гаварыў Нехлюдаў. Што-б ні сказаў Нехлюдаў, Тапароў усё знайшоў-бы мілым і аднабаковым з вышыні таго, як ён думаў, шырокага дзяржаўнага становішча, на якім ён стаяў.

— З пункту гледжання прыватнага чалавека гэта можа ўяўляцца так, — сказаў ён, — але з дзяржаўнага пункту гледжання ўяўляецца некалькі іначай. Аднак, маё шанаванне, — сказаў Тапароў, нахіляючы галаву і працягваючы руку.

Нехлюдаў паціснуў яе і моўчкі, паспешна пайшоў, шкадуючы, што ён паціснуў гэту руку.

„Інтарэсы народу, — паўтарыў ён словы Тапарова. — Твае інтарэсы, толькі твае“, — думаў ён, выходзячы ад Тапарова.

І ў думках прабегшы па ўсіх асобах, на якіх выяўлялася дзейнасць устаноў, што аднаўляюць справядлівасць, падтрымліваюць веру і выхоўваюць народ, — ад бабы, пакаранай за беспатэнтны гандаль віном, і хлопца за зладзейства, і валацугу за бадзянне, і банкіра за раскраданне, і падпальніка за падпал, і тут-жа гэту няшчасную Лідзію за тое толькі, што ад яе можна было атрымаць патрэбныя весткі, і сектантаў за парушэнне праваслаўя, і Гуркевіча за жаданне канстытуцыі, — Нехлюдаву з незвычайнай яснасцю прышла думка аб тым, што ўсіх гэтых людзей хапалі, замыкалі або высылалі зусім не таму, што гэтыя людзі парушалі справядлівасць або рабілі беззаконні, а толькі таму, што яны перашкаджалі чыноўнікам і багатым уладаць тым багаццем, якое яны збіралі з народу.

А гэтаму перашкаджала і баба, якая гандлявала безпатэнта, і злодзей, які цягаўся па горадзе, і Лідзія з пракламацыямі, і сектанты, якія разбуралі забабоны, і Гуркевіч з канстытуцыяй. І таму Нехлюдаву здавалася зусім ясным, што ўсе гэтыя чыноўнікі, — пачынаючы ад мужа яго цёткі, сенатараў і Тапарова, да ўсіх тых маленькіх, чыстых і карэктных панкоў, якія сядзелі за сталамі ў міністэрствах, — адносіліся абыякава да таго, што пакутвалі бязвінныя, а клапаціліся толькі аб тым, каб пазбавіцца ад усіх небяспечных.

Так што не толькі не выконвалася правіла аб дараванні дзесяці вінаватым для таго, каб не абвінаваціць бязвіннага, а, наадварот, таксама, як для таго, каб выразаць гнілое, трэба захапіць свежага, — касавалася шляхам пакарання дзесяці бяспечных для таго, каб збавіцца ад аднаго сапраўды небяспечнага.

Гэткае тлумачэнне ўсяго таго, што адбывалася, здавалася Нехлюдаву вельмі простым і ясным, але іменна гэта простасць і яснасць і прымушалі Нехлюдава вагацца ў прызнанні яго. Не можа-ж быць, каб гэткая складаная з‘ява мела гэткае простае і жахлівае тлумачэнне, не магло-ж быць, каб усе тыя словы аб справядлівасці, дабры, законе, веры, богу і д. т. п. былі толькі словы і прыкрывалі самую грубую карыслівасць і жорсткасць.


XXVIII

Нехлюдаў паехаў-бы таго-ж дня ўвечары, але ён абяцаў Mariette быць у яе ў тэатры, і хаця ён ведаў, што гэтага не трэба было рабіць, ён усё-такі, крывячы перад самім сабой душой, паехаў, лічачы сябе звязаным дадзеным словам.

„Ці магу я процістаяць гэтым спакушэнням? — не зусім шчыра думаў ён. — Пагляджу апошні раз“.

Пераапрануўшыся ў фрак, ён прыехаў на другі акт вечнай „Dame aux camélias“[27], у якой прыезджая актрыса яшчэ па-новаму паказвала, як паміраюць сухотныя жанчыны.

Тэатр-быў поўны, і бенуар Mariette адразу-ж з павагай да той асобы, хто спытаўся пра яго, паказалі Нехлюдаву.

У калідоры стаяў ліўрэйны лёкай і, як знаёмаму, пакланіўся і адчыніў яму дзверы.

Усе рады процілеглых лож з постацямі тых, што сядзелі, і тых, што стаялі за імі, і блізкія спіны, і сівыя, поўсівыя лысыя, пляшывыя і напамажаныя, завітыя галовы публікі ў партэры — усе гледачы накіравалі ўвагу на сузіранне прыбранай, у шаўку і мярэжах, худой, кастлявай актрысы, якая ламалася і ненатуральным голасам гаварыла маналог. Нехта шыкнуў, калі адчыніліся дзверы, і два струмені халоднага і цёплага паветра прабеглі па твару Нехлюдава.

У ложы была Mariette і незнаёмая дама ў чырвонай накідцы і вялікай, грузнай прычосцы і двое мужчын: генерал, муж Mariette, прыгожы, высокі чалавек з строгім, непраніклівым гарбаносым тварам і ваеннымі, ватай і фарбаваным палатном падробленымі, высокімі грудзьмі, і бялявы пляшывы чалавек з прабрытым з фасеткай падбародкам паміж двума ўрачыстымі бакенбардамі. Mariette, грацыёзная, тонкая, элегантная, дэкальтэ, з сваімі моцнымі мускулістымі плячыма, якія спускаліся паката ад шыі, на злучэнні якой з плячыма чарнела радзімка, адразу-ж азірнулася і, паказваючы Нехлюдаву веерам на крэсла ззаду сябе, прывітальна, удзячна і, як яму здалося, шматзначна ўсміхнулася яму. Муж яе спакойна, як ён усё рабіў, зірнуў на Нехлюдава і нахіліў галаву. Так і відаць у ім быў — у яго позе, яго поглядзе, якім ён абмяняўся з жонкай, — уладар, уласнік прыгожай жонкі.

Калі скончыўся маналог, тэатр задрыжэў ад воплескаў.

Mariette ўстала і, стрымліваючы шурхатлівую шаўковую спадніцу, вышла ў заднюю частку ложы і пазнаёміла мужа з Нехлюдавым. Генерал, не перастаючы, усміхаўся вачыма і, сказаўшы, што ён вельмі рады, спакойна і непранікальна замаўчаў.

— Мне сёння ехаць трэба было, але я абяцаў вам, — сказаў Нехлюдаў, звяртаючыся да Mariette.

— Калі вы мяне не хочаце бачыць, дык убачыце дзівосную актрысу, — адказваючы на сэнс яго слоў, сказала Mariette.

— Ці не праўда, як хораша яна іграла ў апошняй сцэне? — звярнулася яна да мужа.

Муж нахіліў галаву.

— Гэтане кранае мяне, — сказаў Нехлюдаў. — Я гэтак багата бачыў сёння сапраўдных няшчасцяў, што…

— Дык сядайце, раскажыце.

Муж прыслуховаўся і іранічна ўсё больш і больш усміхаўся вачыма.

— Я быў у той жанчыны, якую выпусцілі і якую трымалі гэтак доўга: зусім разбітая істота.

— Гэта тая жанчына, аб якой я табе гаварыла, — сказала Mariette мужу.

— Так, я вельмі рады быў, што яе можна было вызваліць, — спакойна сказаў ён, ківаючы галавой і зусім ужо іранічна, як здалося Нехлюдаву, усміхаючыся пад вусамі. — Я пайду курыць.

Нехлюдаў сядзеў, чакаючы, што Mariette скажа яму тое нешта, што яна мелася сказаць яму, але яна нічога не сказала яму і нават не думала сказаць, а жартавала і гаварыла аб п‘есе, якая, яна спадзявалася, павінна была расчуліць Нехлюдава.

Нехлюдаў бачыў, што ёй і не трэба было нічога сказаць яму, але трэба было толькі паказацца яму ва ўсёй прывабнасці свайго вячэрняга туалета, з сваімі плячыма і радзімкай, і яму было прыемна і брыдка адначасова.

Тая заслона прыгажосці, якая захінала раней усё гэта, была цяпер для Нехлюдава не то каб паднята, але ён бачыў, што было за заслонай. Гледзячы на Mariette, ён любаваўся ёю, але ведаў, што яна манюка: яна, жыве з мужам, які робіць сваю кар‘еру слязмі і жыццём сотняў і сотняў людзей, і ёй гэта зусім абыякава, і што ўсё, што яна гаварыла ўчора, было няпраўдай, а што ёй хочацца — ён не ведаў для чаго, ды і яна сама не ведала — прымусіць яго пакахаць сябе. І яму было і прывабна і брыдка. Ён некалькі разоў збіраўся пайсці, браўся за капялюш і зноў аставаўся. Але ўрэшце, калі муж, з пахам тытуну на сваіх густых вусах, вярнуўся ў ложу і міласліва пагардліва зірнуў на Нехлюдава, як быццам не пазнаючы яго, Нехлюдаў не даў зачыніцца дзвярам, вышаў у калідор і, знайшоўшы сваё паліто, пайшоў з тэатра.

Калі ён ішоў дамоў па Неўскаму, ён уперадзе сябе мімаволі заўважыў высокую, вельмі добра складзеную і з крыклівай пышнасцю адзетую жанчыну, якая спакойна ішла па асфальце шырокага тратуара, і на твары яе, і ва ўсёй фігуры відаць было разуменне сваёй нядобрай улады. Усе, хто сустракаліся і выпераджалі гэту жанчыну, аглядалі яе. Нехлюдаў ішоў хутчэй, як яна, і таксама мімаволі заглянуў ёй у твар. Твар, напэўна, падфарбаваны, быў прыгожы, і жанчына ўсміхнулася Нехлюдаву, бліснуўшы на яго вачыма. І дзіўная справа, Нехлюдаў адразу-ж успомніў аб Mariette, таму што перажыў тое самае пачуццё прывабнасці і агіды, якое ён перажываў у тэатры. Паспешна выперадзіўшы яе, Нехлюдаў, узлаваўшыся на сябе, павярнуў на Марскую і, вышаўшы на ўзбярэжную, пачаў, здзіўдяючы гарадавога, узад і ўперад хадзіць там.

„Таксама і тая ў тэатры ўсміхнулася мне, калі я ўвайшоў, — думаў ён, — той самы сэнс быў у той і ў гэтай усмешцы. Розніца толькі ў тым, што гэта гаворыць проста і адкрыта: „Патрэбна я табе — бяры мяне. Не патрэбна — праходзь міма“. Тая-ж прыкідаецца, што яна не аб гэтым думае, а жыве нейкімі вышэйшымі, далікатнымі пачуццямі, а па сутнасці тое самае. Гэта, прынамсі, праўдзівая, а тая хлусіць. Мала таго, гэта беднасцю прыведзена ў сваё становішча, тая-ж гуляе, забаўляецца гэтай цудоўнай, брыдкай і страшнай страсцю. Гэта вулічная жанчына — смярдзючая, брудная вада, якая прапаноўваецца тым, у каго смага мацней, як агіднасць; тая, у тэатры, — атрута, якая паціху атручвае ўсё, у што патрапіць. — Нехлюдаў успомніў сваю сувязь з жонкай прадвадзіцеля, і на яго нахлынулі ганебныя ўспаміны. — Агідліва звярынасць жывёлы ў чалавека, — думаў ён, — але калі яна ў чыстым выглядзе, ты з вышыні свайго духоўнага жыцця бачыш яе і грэбуеш ёю, ці саграшыў ці ўстаяў, ты астаешся тым, чым быў; але калі гэтая самая жывёла хаваецца пад фальшыва-эстэтычнай, паэтычнай абалонкай і патрабуе перад сабой пакланення, тады, абагаўляючы жывёлу, ты ўвесь уваходзіш у яе, не разбіраючы ўжо добрага ад дрэннага. Тады гэта жудасна“.

Нехлюдаў бачыў гэта цяпер гэтак сама ясна, як ён ясна бачыў палацы, вартавых, крэпасць, раку, лодкі, біржу. І як не было на зямлі гэтай ноччу цемнаты, якая заспакойвае і дае адпачынак, а было няяснае, невясёлае, ненатуральнае святло без сваёй крыніцы, гэтак і ў душы Нехлюдава не было больш цемнаты няведання, якую дае адпачынак. Усё было ясна. Ясна было, што ўсё тое, што лічыцца значным і добрым, усё гэта мізэрнае і брыдкае, і што ўвесь гэты бляск, уся гэта раскоша прыкрываюць злачынствы старыя, усім прывычныя, не толькі не пакараныя, але пераможныя і аздобленыя ўсёй тою красой, якую толькі могуць прыдумаць людзі.

Нехлюдаву хацелася забыць гэта, не бачыць гэтага, але ён ужо не мог не бачыць. Хаця ён і не бачыў крыніцы таго святла, пры якім усё гэта адкрывалася яму, як не бачыў крыніцы святла, якое ляжала на Пецербургу, і хаця святло гэта здавалася яму цмяным, невясёлым, ненатуральным, ён не мог не бачыць таго, што адкрывалася яму пры гэтым святле, і яму было адначасова і радасна і трывожна.


XXIX

Прыехаўшы ў Маскву, Нехлюдаў раней за ўсё паехаў у турэмную больніцу абвясціць Маславай сумную вестку аб тым, што сенат зацвердзіў рашэнне суда і што трэба рыхтавацца да ад‘езду ў Сібір.

На прашэнне на высачайшае імя, якое яму напісаў адвакат і якое ён цяпер вёз у турму Маславай для подпісу, ба меў мала надзеі. Ды і дзіўна сказаць, яму цяпер і не хацелася поспеху. Ён падрыхтаваўся да думкі аб паездцы ў Сібір, аб жыцці сярод высланых і катаржных, і яму цяжка было ўявіць сабе, якім чынам ён-бы ўпарадкаваў сваё жыццё і жыццё Маславай, калі-б яе апраўдалі. Ён успамінаў словы амерыканскага пісьменніка Торо, які ў той час, калі ў Амерыцы было рабства, гаварыў, што адзінае месца, прыстойнае для сумленнага грамадзяніна ў той дзяржаве, у якой узаконьваецца і абараняецца рабства, ёсць турма. Якраз таксама думаў Нехлюдаў, асабліва пасля паездкі ў Пецербург і ўсяго, што ён даведаўся там.

„Так, адзінае прыстойнае месца для сумленнага чалавека Ў Расіі ў цяперашні час ёсць турма!“ — думаў ён. І ён нават непасрэдна адчуваў гэта, пад‘язджаючы да турмы і ўваходзячы ў яе сцены.

Швейцар у больніцы, пазнаўшы Нехлюдава, адразу-ж паведаміў яго, што Маславай ужо ў іх няма.

— Дзе-ж яна?

— Ды зноў у замку.

— Чаму-ж перавялі? — спытаў Нехлюдаў.

— Гэта-ж такі народ, ваша сіяцельства, — сказаў швейцар, зняважліва ўсміхаючыся, — пачала тут любоў круціць з фершалам, старшы доктар і прагнаў.

Нехлюдаў ніяк не думаў, каб Маслава і яе душэўнае становішча былі блізкімі да яго. Вестка гэта збянтэжыла яго. Ён перажыў пачуццё, падобнае да таго, якое перажываюць людзі пры вестцы аб нечаканым вялікім няшчасці. Яму зрабілася вельмі балюча. Першае адчуванне, перажытае ім ад гэтай весткі, быў сорам. Перш за ўсё ён здаўся сабе смешным з сваім радасным уяўленнем аб яе нібы змененым душэўным становішчы. Усе гэтыя словы яе аб нежаданні прыняць яго ахвяру і папіканні, і слёзы — усё гэта былі, падумаў ён, толькі хітрыкі сапсаванай жанчыны, якая жадала як мага лепей скарыстаць яго. Яму здавалася цяпер, што ў апошняе наведванне ён бачыў у ёй прыкметы той непапраўнасці, якая выявілася цяпер. Усё гэта прамільгнула ў яго галаве ў той час, калі ён інстынктыўна надзяваў капялюш і выходзіў з больніцы.

„Але што-ж рабіць цяпер? — спытаў ён сябе. — Ці звязаны я з ёю? Ці не аслабаніўся я цяпер іменна гэтым яе ўчынкам?" спытаў ён сябе.

Але як толькі ён задаў сабе гэта пытанне, ён адразу-ж зразумеў, што, палічыўшы сябе аслабанёным і пакінуўшы яе, ён пакарае не яе, чаго яму хацелася, а сябе, і яму зрабілася страшна.

„Не! Тое, што здарылася, не можа змяніць — можа толькі сцвердзіць маё рашэнне. Яна хай робіць тое, што выцякае з яе душэўнага становішча, — шашні з фельчарам, хай шашні з фельчарам — гэта яе справа… А мая справа рабіць тое, чаго патрабуе ад мяне маё сумленне, — сказаў ён сабе. — Сумленне-ж маё патрабуе ахвяры сваёй свабодай для выпраўлення майго граха, і рашэнне маё ажаніцца з ёю, хаця і фіктыўным шлюбам, і пайсці за ёю, куды-б яе не паслалі, астаецца нязменным“, са злой упартасцю сказаў ён сабе і, вышаўшы з больніцы, рашучай хадой накіраваўся да вялікіх варот астрога.

Падышоўшы да варот, ён папрасіў дзяжурнага далажыць сматрыцелю аб тым, што жадаў-бы бачыць Маславу. Дзяжурны ведаў Нехлюдава і, як знаёмаму чалавеку, расказаў яму іхнюю важную турэмную навіну; капітан зволіўся, і на месца яго паступіў другі, строгі начальнік.

— Строгасці пайшлі цяпер — бяда, — сказаў надзірацель. — Ён цяпер тут, зараз даложаць.

Сапраўды, сматрыцель быў у турме і скора вышаў да Нехлюдава. Новы сматрыцель быў высокі, кастлявы чалавек з выпятымі косткамі над шчокамі, вельмі павольны ў рухах і пануры.

— Спатканні дазваляюцца ў пэўныя дні ў пакоі для наведвальнікаў, — сказаў ён, не гледзячы на Нехлюдава.

— Але мне трэба падпісаць прашэнне на высачайшае імя.

— Можаце перадаць мне.

— Мне трэба самому бачыць арыштантку. Мне заўсёды дазвалялі раней.

— Тое было раней, — хутка зірнуўшы на Нехлюдава, сказаў сматрыцель.

— Я маю дазвол ад губернатара, — настойваў Нехлюдаў, дастаючы партманэт.

— Дазвольце, — усё таксама, не гледзячы ў вочы, сказаў сматрыцель і, узяўшы даўгімі сухімі белымі пальцамі, з якіх на ўказальным было залатое кальцо, пададзеную Нехлюдавым паперу, ён павольна прачытаў яе. — Калі ласка, у кантору, — сказаў ён.

У канторы на гэты раз нікога не было. Сматрыцель сеў за стол, перабіраючы паперы, якія ляжалі на ім, відавочна збіраючыся прысутнічаць сам пры спатканні. Калі Нехлюдаў спытаў яго, ці не можа ён бачыць палітычную Богадухоўскую, дык сматрыцель коратка адказаў, што гэта нельга.

— Спатканні з палітычнымі не дазваляюцца, — сказаў ён і зноў паглыбіўся ў чытанне папер.

Маючы ў кішэні ліст да Богадухоўскай, Нехлюдаў адчуваў сябе ў становішчы правінавачанага чалавека, намеры якога адкрылі і разбурылі.

Калі Маслава ўвайшла ў кантору, сматрыцель падняў галаву і, не гледзячы ні на Маславу, ні на Нехлюдава, сказаў:

— Можаце! — і працягваў займацца сваімі паперамі.

Маслава была апранута, як раней: у белай кофтачцы, спадніцы і хусцінцы. Падышоўшы да Нехлюдава і ўбачыўшы яго халодны, злы твар, яна барвова пачырванела і, перабіраючы рукой край кофты, апусціла вочы. Збянтэжанне яе было для Нехлюдава сцвярджэннем слоў больнічнага швейцара.

Нехлюдаў хацеў абыходзіцца з ёю як мінулы раз, але не мог, як ён хацеў, падаць рукі: так яна цяпер была брыдкай яму.

— Я прывёз вам нядобрую вестку, — сказаў ён роўным голасам, не гледзячы на яе і не падаючы рукі, — у сенаце адмовілі.

— Я так і ведала, — сказала яна дзіўным голасам, нібы яна задыхалася.

Раней Нехлюдаў спытаў-бы, чаму яна гаворыць, што так і ведала; цяпер ён толькі зірнуў на яе. Вочы яе былі напоўнены слязмі.

Але гэта не толькі не заспакоіла, а, наадварот, яшчэ больш раззлавала яго супроць яе. Сматрыцель устаў і пачаў хадзіць узад і ўперад па пакоі.

Не гледзячы на ўсю агіднасць, якую адчуваў цяпер Нехлюдаў да Маславай, ён усё-такі лічыў патрэбным выказаць ёй спачуванне аб сенацкай адмове.

— Вы не губляйце надзеі, — сказаў ён, — прашэнне на высачайшае імя можа мець поспех, і я думаю, што…

— Ды я не аб гэтым… — сказала яна, жаласліва мокрымі і касаватымі вачыма гледзячы на яго.

— А што-ж?

— Вы былі ў больніцы, і вам, напэўна, сказалі пра мяне.

— Дык што-ж, гэта ваша справа, нахмурыўшыся, халодна сказаў Нехлюдаў.

Сунятае было жорсткае пачуццё зняважанага гонару ўзнялося ў ім з новай сілай, як толькі яна ўпамянула аб больніцы. „Ён, чалавек свету, за якога шчасцем палічыла-б выйсці ўсякая дзяўчына вышэйшага кола, прапанаваў сябе мужам гэтай жанчыне, і яна не магла пачакаць і пачала круціць любоў з фельчарам“, — думаў ён, з нянавісцю гледзячы на яе.

— Вы вось падпішыце прашэнне, — сказаў ён і, дастаўшы з кішэні вялікі канверт, паклаў яго на стол. Яна абцерла слёзы канцом хусцінкі і села за стол, пытаючыся, дзе і што пісаць.

Ён паказаў ёй, што і дзе пісаць, і яна села за стол, апраўляючы левай рукой рукаў правай; ён-жа стаяў над ёю і моўчкі глядзеў на яе схіленую над сталом спіну, якая зрэдку ўздрыгвалася ад стрыманых рыданняў, і ў душы яго змагаліся два пачуцці — зла і дабра: зняважанага гонару і жаласці да яе, пакутуючай, і апошняе пачуццё перамагло.

Што было раней, — ці ён сэрцам пашкадаваў яе або раней успомніў сябе, свае грахі, сваю брыдкасць іменна ў тым, у чым ён папікаў яе, — ён не памятае. Але раптам адначасова ён адчуў сябе вінаватым і пашкадаваў яе. Падпісаўшы прашэнне і абцёршы запэцканы палец аб спадніцу, яна ўстала і зірнула на яго.

— Што ні атрымаецца, што ні будзе, нішто не зменіць майго рашэння, — сказаў Нехлюдаў.

Думка аб тым, што ён даруе ёй, узмацняла ў ім пачуццё жаласлівасці і пяшчотнасці да яе, і яму хацелася заспакоіць яе.

— Што я сказаў, тое зраблю. Куды-б вас ні паслалі, я буду з вамі.

— Дарэмна, — паспешна перабіла яна яго і ўся прасвятлела.

— Успомніце, што вам трэба на дарогу.

— Здаецца, нічога асаблівага. Дзякую.

Сматрыцель падышоў да іх, і Нехлюдаў, не чакаючы яго заўвагі, развітаўся з ёю і вышаў, перажываючы ніколі раней не адчуванае пачуццё ціхай радасці, спакою і любові да ўсіх людзей. Радавала і ўзнімала Нехлюдава на невядомую яму вышыню разуменне таго, што ніякія ўчынкі Маславай не могуць змяніць яго любові да яе. Няхай яна круціць любоў з фельчарам — гэта яе справа: ён любіць яе не для сябе, а для яе і для бога.


А тым часам залёты з фельчарам, за якія Маславу прагналі з больніцы і ў існаванне якіх паверыў Нехлюдаў, былі толькі ў тым, што, па загаду фельчарыцы, прышоўшы за грудным чаем у аптэку, што знаходзілася ў канцы калідора, і застаўшы там аднаго фельчара, высокага, з прышчаватым тварам Усцінава, які ўжо даўно назаляў ёй сваімі прыставаннямі, Маслава, вырываючыся ад яго, гэтак моцна адпіхнула яго, што ён ударыўся аб паліцу, з якой упалі і разбіліся два слоікі.

У гэты час праходзіў па калідоры старшы доктар, ён пачуў звон пабітай пасуды і, убачыўшы, як выбегла пачырванелая Маслава, сярдзіта крыкнуў на яе:

— Ну, матухна, калі ты тут будзеш шашні свае заводзіць, я цябе адашлю. Што такое? — звярнуўся ён да фельчара, поверх акуляраў строга гледзячы на яго.

Фельчар, усміхаючыся, пачаў апраўдвацца. Доктар, не дачуўшы яго, падняў галаву гэтак, што пачаў глядзець праз акуляры, і прайшоў у палаты, і ў той самы дзень сказаў сматрыцелю, каб прыслалі другую памочніцу, больш вытрыманую. З гэтага толькі і складаліся шашні Маславай з фельчарам. Выгнанне гэта з больніцы было для Маславай асабліва балюча тым, што пасля яе сустрэчы з Нехлюдавым даўно ўжо абрыдлыя ёй адносіны з мужчынамі зрабіліся для яе асабліва брыдкімі. Тое, што, мяркуючы па яе мінуламу і цяперашняму стану, кожны, і паміж іншым прышчаваты фельчар, лічыў сябе маючым права зневажаць яе і здзіўляўся яе адмаўленню, было ёй вельмі крыўдна і выклікала ў яе жаласлівасць да самой сябе і слёзы. Цяпер, вышаўшы да Нехлюдава, яна хацела апраўдацца перад ім у тым несправядлівым абвінавачванні, якое ён, напэўна, пачуе. Але, пачаўшы апраўдвацца, адчула, што ён не верыць, што яе апраўданні толькі сцвярджаюць яго падазрэнні, і слёзы ўступілі ёй у горла, і яна замаўчала.

Маслава ўсё яшчэ думала і працягвала запэўняць сябе, што яна, як яна гэта выказала яму на другім спатканні, не даравала яму і ненавідзіць яго, але яна ўжо даўно зноў кахала яго і кахала так, што мімаволі выконвала ўсё тое, што і чаго ён жадаў ад яе: пакінула піць, курыць, пакінула какецтва і паступіла ў больніцу служанкай. Усё гэта яна рабіла таму, што ведала, што ён жадае гэтага. Калі яна гэтак рашуча адмаўлялася кожны раз, калі ён напамінаў аб гэтым, прыняць яго ахвяру ажаніцца з ёю, дык гэта было і таму, што ёй хацелася паўтарыць тыя гордыя словы, якія яна раз сказала яму, і, галоўнае, таму, што яна верыла, што шлюб з ёй будзе яго няшчасцем. Яна цвёрда парашыла, што не прыме яго ахвяры, а тым часам ёй было балюча думаць, што ён пагарджае ёю, думае, што яна астаецца быць гэткаю, якой яна была, і не бачыць той змены, якая адбылася ў ёй. Тое, што ён можа думаць цяпер, што яна зрабіла нешта дрэннае ў больніцы, мучыла яе больш, як вестка аб тым, што яна канчаткова засуджана на катаргу:


XXX

Маславу маглі адправіць з першай партыяй, і таму Нехлюдаў рыхтаваўся да ад‘езду. Але спраў у яго было столькі, што ён адчуваў, што колькі-б ні меў вольнага часу, ён ніколі не скончыць іх. Было зусім процілеглае таму, што было раней. Раней трэба было выдумляць, што рабіць, і інтарэс справы быў заўсёды той самы — Дзмітрый Іванавіч Нехлюдаў; а тым часам не гледзячы на тое, што ўвесь інтарэс жыцця накіроўваўся тады на Дзмітрыя Іванавіча, усе справы гэтыя былі нуднымі.

Цяпер усе справы мелі дачыненне да іншых людзей, а не да Дзмітрыя Іванавіча, і ўсе былі цікавымі і захапляючымі, і спраў гэтых была процьма. Мала таго, раней заняткі справамі Дзмітрыя Іванавіча заўсёды выклікалі дасаду, раздражненне; гэтыя-ж чужыя справы пераважна выклікалі ў ім радасны настрой.

Справы, якія займалі ў гэты час Нехлюдава, падзяляліся на тры аддзелы; ён сам з сваім прывычным педантызмам падзяліў іх так і адпаведна гэтаму расклаў іх у тры партфелі.

Першая справа датычылася Маславай і дапамогі ёй. Гэта справа цяпер складалася з хадайніцтва аб падтрыманні пададзенага на высачайшае імя прашэння і ў падрыхтоўцы да падарожжа ў Сібір.

Другая справа была ўпарадкаванне маёнткаў. У Панаве зямля была аддадзена сялянам з умовай выплаты імі рэнты для агульных іхніх сялянскіх патрэб. Але для таго, каб замацаваць гэты кантракт, трэба было скласці і падпісаць умову і завяшчанне. У Кузмінскім-жа справа аставалася яшчэ так, яе ён сам упарадкаваў, г. зн., што грошы за зямлю павінен быў атрымліваць ён, але патрэбна было вызначыць тэрміны і вызначыць, колькі браць з гэтых грошай для пражыцця і колькі пакінуць на карысць сялян. Не ведаючы, якія выдаткі будуць у яго пры паездцы ў Сібір, ён не наважыўся яшчэ пазбавіцца гэтага даходу, хаця напалову зменшыў яго.

Трэцяя справа была дапамога арыштантам, якія ўсё часцей і часцей звярталіся да яго.

Спачатку, завязваючы адносіны з арыштантамі, якія звярталіся да яго за дапамогай, ён адразу-ж пачынаў хадайнічаць за іх, стараючыся палягчыць іхні лёс; але потым з‘явілася гэтак багата просьбітаў, што ён адчуў немагчымасць дапамагчы кожнаму з іх і мімаволі быў прымушан узяцца за чацвертую справу, якая больш, як усе іншыя ў апошні час, займала яго.

Чацвертая справа гэта складалася з вырашэння пытання аб тым, што такое, навошта і адкуль узялася гэта дзіўная ўстанова пад назвай крымінальны суд, вынікам якой была тая турма, з жыхарамі якой ён часткова пазнаёміўся, і ўсе тыя месцы зняволення, ад Петрапаўлаўскай крэпасці да Сахаліна, дзе мардаваліся сотні, тысячы ахвяр гэтага дзіўнага для яго крымінальнага закона.

З асабістых адносін з арыштаванымі, з дапытвання адваката, турэмнага свяшчэнніка, сматрыцеля і са спісу зняволеных Нехлюдаў прышоў да заключэння, што склад арыштантаў, так званых злачынцаў, падзяляецца на пяць разрадаў людзей.

Адзін, першы разрад — людзі зусім бязвінныя, ахвяры судовых памылак, як несапраўдны падпальнік Меншоў, як Маслава і інш. Людзей гэтага разраду было не дужа багата, па назіраннях свяшчэнніка — каля сямі процантаў, але становішча гэтых людзей выклікала асаблівую цікавасць.

Другі разрад складалі людзі, засуджаныя за ўчынкі, зробленыя ў выключных абставінах, як разгневанасць, рэўнасць, ап‘яненне і т. п., такія ўчынкі, якія напэўна зрабілі-б у такіх самых умовах амаль усе тыя, якія судзілі і каралі іх. Гэты разрад складаў, па назіраннях Нехлюдава, бадай ці не больш паловы ўсіх злачынцаў.

Трэці разрад складаўся з людзей, пакараных за тое, што яны рабілі, па іхніх думках, самыя звычайныя і нават добрыя ўчынкі, але такія, якія па думках чужых для іх людзей, што пісалі законы, лічыліся злачынствамі. Да гэтага разраду належалі людзі, якія таемна гандлявалі віном, перавозілі кантрабанду, рвалі траву, збіралі дровы ў вялікіх уласніцкіх і дзяржаўных лясах. Да гэтых-жа людзей належалі зладзеі з горцаў і яшчэ знявераныя людзі, што абкрадалі цэрквы.

Чацверты разрад складаўся з людзей, толькі таму залічаных у злачынцы, што яны стаялі маральна вышэй сярэдняга ўзроўню грамадства. Гэткімі былі сектанты, гэткімі былі палякі, чэркесы, якія бунтавалі за сваю незалежнасць, гэткімі былі палітычныя злачынцы — соцыялісты і забастоўшчыкі, засуджаныя за супраціўленне ўладзе. Процант такіх людзей, самых лепшых у грамадстве, па назіраннях Нехлюдава, быў вельмі вялікі.

Пяты разрад, нарэшце, складалі людзі, перад якімі грамадства было шмат больш вінавата, чым яны перад грамадствам. Гэта былі пакінутыя, атлумленыя заўсёдным прыгнечаннем і спакусамі, як той хлопчык з палавікамі і сотні іншых людзей, якіх бачыў Нехлюдаў у турме і па-за ёй, якіх умовы жыцця як-быццам сістэматычна даводзяць да неабходнасці таго ўчынку, які завецца злачынствам. Да гэткіх людзей належалі, па назіранню Нехлюдава, шмат зладзеяў і забойцаў, з некаторымі з якіх ён за гэты час сустракаўся. Да гэтых людзей ён, бліжэй пазнаўшы іх, прылічыў і тых распусных, сапсаваных людзей, якіх новая школа называе злачынным тыпам і існаванне якіх у грамадстве прызнаецца галоўным доказам неабходнасці крымінальнага закона і пакарання. Гэта так званыя сапсаваныя, злачынныя, ненармальныя тыпы былі, па думцы Нехлюдава, нічым іншым, як такімі самымі людзьмі, як і тыя, перад якімі грамадства вінавата больш, чым яны перад грамадствам, але перад якімі грамадства вінавата не непасрэдна перад імі самімі цяпер, а ў мінулы час вінавата раней яшчэ перад іхнімі бацькамі і продкамі.

З гэтых людзей асабліва з гэтага боку здзівіў яго рэцыдывіст-злодзей Охоцін, незаконны сын прастытуткі, выхаванец начлежнага дома, які відавочна да 30 год жыцця ніколі не сустракаў людзей вышэйшага маральнага ўзроўню, чым гарадавыя, і з маладых год патрапіў у шайку зладзеяў, і разам з тым ён меў надзвычайны талент камізма, якім ён вабіў да сябе людзей. Ён прасіў у Нехлюдава абароны, а тым часам жартаваў і з сябе, і з суддзяў, і з турмы, і з усіх законаў, не толькі крымінальных, але і боскіх. Другі быў прыгожы Фёдараў, які забіў і абрабаваў з падначаленай яму шайкай старога чыноўніка. Гэта быў селянін, у бацькі якога адабралі яго дом зусім незаконна, які потым быў у салдатах і там папакутваў за тое, што закахаўся ў палюбоўніцу афіцэра. Гэта была прывабная, палкая натура, чалавек, які жадаў, не гледзячы ні на што, раскошаваць, які ніколі не бачыў людзей, якія-б для чаго-небудзь утрымліваліся ад сваёй асалоды, і які ніколі не чуў слова аб тым, каб была якая-небудзь другая мэта ў жыцці, апрача асалоды. Нехлюдаву было ясна, што абодва былі багатыя натуры і былі толькі запушчаны і скалечаны, як бываюць запушчаны і скалечаны пакінутыя расліны. Бачыў ён і аднаго валацугу і адну жанчыну, якія адпіхвалі сваёй тупасцю і нібы жорсткасцю, але ён ніяк не мог бачыць у іх таго злачыннага тыпу, аб якім гаворыць італьянская школа, а бачыў толькі для сябе асабіста брыдкіх людзей, якраз такіх самых, якіх ён бачыў на волі ў фраках, эпалетах і карунках.

Дык вось з даследавання пытання аб тым, навошта ўсе гэтыя зусім рознастайныя людзі былі пасаджаны ў турмы, а іншыя, якраз такія самыя людзі хадзілі па волі і нават судзілі гэтых людзей, і складалася чацвертая справа, якая займала ў гэты час Нехлюдава.

Спачатку адказ на гэта пытанне Нехлюдаў спадзяваўся знайсці ў кнігах і купіў усё тое, што закранала гэта пытанне. Ён купіў кнігі Ламбразо і Гарафало, і Феры, і Ліста, і Маудслея, і Тарда, і ўважліва чытаў гэтыя кнігі. Але, чытаючы іх, ён усё больш і больш расчароўваўся. З ім здарылася тое, што заўсёды здараецца з людзьмі, якія звяртаюцца да навукі не для таго, каб адыгрываць ролю ў навуцы: пісаць, спрачацца, вучыць, а з простымі звычайнымі жыццёвымі пытаннямі; навука адказвала яму на тысячы розных вельмі хітрых і мудрагельскіх пытанняў, якія мелі сувязь з крымінальным кодэксам, але толькі не на тое, на якое ён шукаў адказу. Ён пытаўся пра вельмі простую рэч: навошта і па якому праву адны людзі замкнулі, мардуюць, высылаюць, сякуць і забіваюць другіх людзей, тады калі яны самі якраз такія самыя, як і тыя, якіх яны мучаць, сякуць, забіваюць? А яму адказвалі разважаннямі аб тым, ці ёсць у чалавека свабода волі ці няма? Ці магчыма чалавека па вымярэнню чэрапа і інш. прызнаць злачынным або не? Якую ролю адыгрывае спадчыннасць ў злачынстве? Ці ёсць прыродная несумленнасць? Што такое сумленнасць? Што такое вар‘яцтва? Што такое выраджэнне? Што такое тэмперамент? Як уплываюць на злачынства клімат, страва, невуцтва, перайманне, гіпнатызм, страсці? Што такое грамадства? Якія яго абавязкі? і інш. і інш.

Разважанні гэтыя нагадвалі Нехлюдаву атрыманы ім аднойчы адказ ад маленькага хлопчыка, які ішоў з школы. Нехлюдаў спытаў хлопчыка, ці навучыўся ён складаць. „Навучыўся“, — адказаў хлопчык. „Ну, складзі: лапа“. — „Якая лапа — сабачая?“ — з хітрым тварам адказаў хлопчык. Якраз такія самыя адказы ў выглядзе пытанняў знаходзіў Нехлюдаў у навуковых кнігах на сваё адно асноўнае пытанне.

Вельмі багата было там разумнага, вучонага, цікавага, але не было адказу на галоўнае: па якому праву адны караюць другіх? Не толькі не было гэтага адказу, але ўсе разважанні былі накіраваны да таго, каб растлумачыць і апраўдаць пакаранне, неабходнасць якога прызнавалася аксіёмай. Нехлюдаў чытаў багата, але ўрыўкамі, і адсутнасць адказу прыпісваў гэткаму павярхоўнаму вывучэнню, спадзяючыся пасля знайсці гэты адказ, і таму не дазваляў сабе яшчэ верыць у справядлівасць таго адказу, які за апошні час усё больш і больш уяўляўся яму.


XXXI

Адпраўка партыі, у якой ішла Маслава, была прызначана на 5-е ліпеня. У гэты самы дзень прыгатаваўся ехаць за ёю і Нехлюдаў. Напярэдадні яго ад‘езду прыехала ў горад, каб пабачыцца з братам, сястра Нехлюдава з мужам.

Сястра Нехлюдава, Наталля Іванаўна Рагажынская, была старэйшай за брата на 10 год. Ён рос часткова пад яе ўплывам. Яна вельмі любіла яго хлопчыкам, потым, перад самым сваім замужаствам, яны сышліся з ім амаль як роўныя: яна — дваццаціпяцігадовая дзяўчына, ён — пятнаццацігадовы хлопчык. Яна тады была закахана ў яго памёршага друга Ніколеньку Ірценева. Яны абодва любілі Ніколеньку і любілі ў ім і сабе тое, што было ў іх добрага, што яднае ўсіх людзей.

З таго часу яны абодва сапсаваліся: ён — ваеннай службай, дрэнным жыццём; яна — замужаствам з чалавекам, якога яна пакахала пачуццёва, але які не толькі не любіў усяго таго, што было некалі для яе з Дзмітрыем самым дарагім і каштоўным, але нават не разумеў, што гэта такое, і прыпісваў усе тыя імкненні да маральнага ўдасканальвання і служэння людзям, якімі яна жыла некалі, аднаму захапленню самалюбствам, жаданнем выказацца перад людзьмі.

Рагажынскі быў чалавек без імя і маёмасці, але вельмі спрытны служака, каторы, з умельствам лавіруючы паміж лібералізмам і кансерватызмам, карыстаючыся тым з двух напрамкаў, які ў даны час і ў даным выпадку даваў лепшыя для жыцця вынікі, і, галоўнае, нечым асаблівым, чым ён падабаўся жанчынам, зрабіў бліскучую, адносна, судовую кар‘еру. Ужо чалавекам не першай маладосці ён за граніцай пазнаёміўся з Нехлюдавымі, прывабіў да сябе Наташу, дзяўчыну таксама ўжо не маладую, і ажаніўся з ёю амаль супроць жадання маці, якая бачыла ў гэтым шлюбе mãsalliance[28]. Нехлюдаў, хаця і хаваў гэта ад сябе, хаця і змагаўся з гэтым пачуццём, ненавідзеў свайго швагра. Антыпатычным ён яму быў сваёй вульгарнасцю пачуццяў, самаўпэўненай абмежаванасцю і, галоўнае, антыпатычным быў яму за сястру, якая магла гэтак палка, эгаістычна, пачуццёва кахаць гэту бедную натуру і, каб дагадзіць яму, магла заглушыць усё тое добрае, што было ў ёй. Нехлюдаву заўсёды было балюча думаць, што Наташа — жонка гэтага валасатага з глянсоўнай лысінай самаўпэўненага чалавека. Ён не мог нават не гідзіцца яго дзяцей. І кожны раз, калі даведваўся, што яна рыхтуецца быць маткай, перажываў адчуванне, падобнае шкадаванню аб тым, што зноў яна нейчым дрэнным заразілася ад гэтага чужога ім усім чалавека.

Рагажынскія прыехалі адны, без дзяцей, — дзяцей у іх было двое: хлопчык і дзяўчынка, — і спыніліся ў лепшым нумары лепшай гасцініцы. Наталля Іванаўна адразу-ж паехала на старую кватэру маці, але, не знайшоўшы там брата і даведаўшыся ад Аграфены Пятроўны, што ён пераехаў у мэбляваныя пакоі, паехала туды. Брудны паслужнік, сустрэўшы яе ў цёмным, з цяжкім пахам, удзень асветленым калідоры, сказаў ёй, што князя няма дома.

Наталля Іванаўна пажадала ўвайсці ў нумар брата, каб пакінуць яму запіску. Калідорны правёў яе.

Увайшоўшы ў яго малецькія два пакойчыкі, Наталля Іванаўна ўважліва агледзела іх. На ўсім яна ўбачыла знаёмую ёй чыстату і акуратнасць і зусім новую для яго скромнасць абсталявання, якая здзівіла яе. На пісьмовым стале яна ўбачыла знаёмае ёй прэспап‘е з бронзавай сабачкай; таксама знаёма акуратна раскладзеныя партфелі і паперы, і пісьмовыя прылады, тамы ўкладання аб пакараннях, і англійскую кнігу Генры Джорджа і французскую — Тарда з укладзеным у яе знаёмым ёй крывым вялікім нажом з слановай косці.

Прысеўшы да стала, яна напісала яму запіску, у якой прасіла яго прыйсці да яе абавязкова, сёння-ж; і, здзіўлена ківаючы галавой на тое, што яна бачыла, вярнулася да сябе ў гасцініцу.

Наталлю Іванаўну цікавілі цяпер у дачыненні да брата два пытанні: яго жаніцьба з Кацюшай, пра якую яна чула ў сваім горадзе, бо ўсе гаварылі пра гэта, і яго аддача зямлі сялянам, якая таксама была ўсім вядома і здавалася шмат каму нечым палітычным і небяспечным. Жаніцьба з Кацюшай, з аднаго боку, падабалася Наталлі Іванаўне. Яна любавалася гэтай рашучасцю, пазнавала ў гэтым яго і сябе, якімі яны былі абодва ў тыя добрыя часы да замужаства, але разам з тым ёй рабілася жудасна ад думкі аб тым, што брат яе ажэніцца з гэткай жудаснай жанчынай. Апошняе пачуццё было мацней, і яна рашыла, наколькі магчыма, уздзейнічаць на яго і стрымаць яго, хаця яна і ведала, як гэта цяжка. Другая-ж справа, аддача зямлі сялянам, была не гэтакай блізкай да яе сэрца; але муж яе вельмі абураўся гэтым і патрабаваў ад яе ўздзейнічання на брата. Ігнацій Нікіфаравіч гаварыў, што гэткі ўчынак ёсць звышнеабгрунтаванасць, звышлёгкадумнасць і звышгонар, што растлумачыць гэткі ўчынак, калі ёсць якая-небудзь магчымасць растлумачыць яго, можна толькі жаданнем вылучыцца, пахваліцца, выклікаць аб сабе размовы.

— Які сэнс мае аддача зямлі сялянам з аплатай ім самім-жа сябе? — гаварыў ён. — Калі ўжо ён хацеў гэта зрабіць, мог прадаць ім праз сялянскі банк. Гэта мела-б сэнс. Наогул гэты ўчынак мяжуе з ненармальнасцю, — гаварыў Ігнацій Нікіфаравіч, падумваючы ўжо наконт апекі, і патрабаваў ад жонкі, каб яна сур‘ёзна пагаварыла з братам аб яго дзіўным намеры.


XXXII

Вярнуўшыся дамоў і знайшоўшы ў сябе на стале запіску сястры, Нехлюдаў адразу-ж паехаў да яе. Гэта было ўвечары. Ігнацій Нікіфаравіч адпачываў у другім пакоі, і Наталля Іванаўна адна сустрэла брата. Чорнае шаўковае плацце аблягала яе стан, чырвоны бант быў на грудзях, чорныя валасы яе былі ўскудлачаны і зачасаны па-моднаму. Яна, відавочна, старанна маладзілася для равесніка-мужа. Убачыўшы брата, яна ўскочыла з канапы і хуткай хадою, аж зашуршэла шаўковая спадніца, вышла яму насустрач. Яны пацалаваліся і, усміхаючыся, паглядзелі адзін на аднаго. Адбыўся той таемны, які нельга выказаць словамі, шматзначны абмен поглядаў, у якім усё было праўдай, і пачаўся абмен слоў, у якім ужо не было той праўды. Яны не бачыліся пасля смерці маці.

— Ты патаўсцела і памаладзела, — сказаў ён.

У яе зморшчыліся губы ад здавальнення.

— А ты пахудзеў.

— Ну, што Ігнацій Нікіфаравіч? — спытаў Нехлюдаў.

— Ён адпачывае. Ён не спаў ноч.

Багата-б тут трэба сказаць, але словы нічога не сказалі, а погляды казалі, што тое, што трэба-б сказаць, не сказана.

— Я была ў цябе.

— Так, я ведаю. Я паехаў з дому. Мне прасторна, адзінотна, сумна. А мне нічога гэтага не патрэбна, так што ты вазьмі гэта ўсё, г. зн. мэблю — усе рэчы.

— Але, мне сказала Аграфена Пятроўна. Я была там. Вельмі дзякую табе. Але…

У гэты час лёкай гасцініцы прынёс срэбраны чайны прыбор.

Яны памаўчалі, пакуль лёкай расстаўляў чайны прыбор. Наталля Іванаўна перайшла на крэсла супроць століка і моўчкі засыпала чай. Нехлюдаў маўчаў.

— Ну, што-ж, Дзмітрый, я ўсё ведаю, — з рашучасцю сказала Наташа, зірнуўшы на яго.

— Што-ж, я вельмі рад, што ты ведаеш.

— Хіба ты можаш спадзявацца выправіць яе пасля такога жыцця? — сказала Наталля Іванаўна.

Ён сядзеў, не абапёршыся лакцямі, проста, на маленькім стуле, і ўважліва слухаў яе, стараючыся як след зразумець і як след адказаць. Настрой, выкліканы ў ім апошнім спатканнем з Маславай, яшчэ працягваў напаўняць яго душу спакойнай радасцю і спагадлівасцю да ўсіх людзей.

— Я-ж не яе выправіць, а сябе выправіць хачу, — адказаў ён.

Наталля Іванаўна ўздыхнула.

— Ёсць іншыя сродкі, апрача жаніцьбы.

— А я думаю, што гэта лепшы; апрача таго, гэта ўводзіць мяне ў той свет, дзе я магу быць карысным.

— Я не думаю, — сказала Наталля Іванаўна, — каб ты мог быць шчаслівым.

— Справа не ў маім шчасці.

— Зразумела, але яна, калі ў яе ёсць сэрца, не можа быць шчаслівай, не можа нават жадаць гэтага.

— Яна і не жадае.

— Я разумею, але жыццё…

— Што жыццё?

— Патрабуе іншага.

— Нічога не патрабуе, апрача таго, каб мы рабілі, што патрэбна, — сказаў Нехлюдаў, гледзячы ў яе прыгожы яшчэ, хаця і пакрыты каля вачэй і рота дробнымі маршчынкамі, твар.

— Не разумею, — сказала яна, уздыхнуўшы.

„Бедная, мілая! Як яна магла гэтак змяніцца?“ — думаў Нехлюдаў, успамінаючы Наташу гэткаю, якая яна была да замужаства, і адчуваючы да яе сплеценае з безліччу дзіцячых успамінаў пяшчотнае пачуццё.

У гэты час у пакой увайшоў, як заўсёды, высока трымаючы галаву і выпяўшы шырокія грудзі, мякка і лёгка ступаючы і ўсміхаючыся, Ігнацій Нікіфаравіч, бліскаючы сваімі акулярамі, лысінай і чорнай барадой.

— Добры дзень, добры дзень, — гаварыў ён, робячы ненатуральныя свядомыя націскі.

(Не гледзячы на тое, што спачатку пасля жаніцьбы яны стараліся сайціся на „ты“, яны асталіся на „вы“).

Яны паціснулі адзін аднаму руку, і Ігнацій Нікіфаравіч лёгка апусціўся ў крэсла.

— Не перашкоджу я вашай размове?

— Не, я ні ад каго не хаваю тое, што гавару, і тое, што раблю.

Як толькі Нехлюдаў убачыў гэты твар, убачыў гэтыя валасатыя рукі, пачуў гэты апякунскі, самаўпэўнены тон, лагодны настрой яго ў імгненне знік.

— Так, мы гаварылі пра яго намеры, — сказала Наталля Іванаўна. — Наліць табе? — дадала яна, узяўшыся за чайнік.

— Калі ласка; які, уласна, намер?

— Ехаць у Сібір з той партыяй арыштантаў, у якой знаходзіцца жанчына, прад якой я лічу сябе вінаватым, — вымавіў Нехлюдаў.

— Я чуў, што не толькі праводзіць, але і больш.

— Але, і ажаніцца, калі толькі яна гэтага захоча.

— Вось як! Але калі вам не непрыемна, растлумачце мне вашы матывы. Я не разумею іх.

— Матывы тыя, што жанчына гэта… што першы крок яе на шляху распусты… — Нехлюдаў раззлаваўся на сябе за тое, што не знаходзіў патрэбных слоў. — Матывы тыя, што я вінаваты, а пакарана яна.

— Калі пакарана, дык, напэўна, і яна не бязвінная.

— Яна зусім бязвінная.

І Нехлюдаў з непатрэбным хваляваннем расказаў усю справу.

— Так, гэта недагляд старшыні і таму неабдуманасць адказу прысяжных. Але на гэты выпадак ёсць сенат.

— Сенат адмовіў.

— А адмовіў, дык, значыць, не было грунтоўных повадаў касацыі, — сказаў Ігнацій Нікіфаравіч, відавочна зусім падзяляючы пэўную думку аб тым, што ісціна ёсць прадукт судагаварэння. — Сенат не можа ўваходзіць у разгляд справы па сутнасці. Калі-ж сапраўды ёсць судовая памылка, дык тады трэба прасіць на высачайшае імя.

— Пададзена, але няма ніякай надзеі на поспех. Даведаюцца ў міністэрстве, міністэрства запытае сенат, сенат паўторыць сваё рашэнне, і, як звычайна, бязвіннага пакараюць.

— Па-першае, міністэрства не будзе запытваць сенат, — з усмешкай перавагі сказаў Ігнацій Нікіфаравіч, — а патрабуе арыгінал справы з суда, і калі знойдзе памылку, дык і дасць заключэнне ў гэтым сэнсе, а, па-другое, бязвінныя ніколі, або, прынамсі, як самае рэдкае выключэнне, бываюць пакараны. А караюць вінаватых, — не спяшаючы, з самазадаволенай усмешкай гаварыў Ігнацій Нікіфаравіч.

— А я пераканаўся ў процілеглым, — загаварыў Нехлюдаў з нядобрым пачуццём да швагра, — я пераканаўся, што больш паловы людзей, засуджаных судамі, бязвінна.

— Гэта як-жа?

— Бязвінна звычайна ў простым сэнсе слова, як бязвінна гэта жанчына ў атручэнні, як бязвінен селянін, з якім я сустрэўся цяпер, у забойстве, якога ён не рабіў; як бязвінны сын і маці ў падпале, зробленым самім гаспадаром, якія амаль былі абвінавачаны.

— Так, зразумела, заўсёды былі і будуць судовыя памылкі. Чалавечая ўстанова не можа быць дасканальнай.

— А затым велізарная частка бязвінных таму, што яны, выхаваўшыся ў пэўным асяроддзі, не лічаць зробленыя імі ўчынкі злачынствам.

— Выбачце, гэта несправядліва; кожны злодзей ведае, што зладзейства нядобра і што не трэба красці, што зладзейства несумленна, — са спакойнай, самаўпэўненай, усё той самай, некалькі пагардлівай усмешкай, якая асабліва раздражняла Нехлюдава, сказаў Ігнацій Нікіфаравіч.

— Не, не ведае; яму гавораць: не крадзі, а ён бачыць і ведае, што фабрыканты крадуць яго працу, беручы яго плату, што ўрад з усімі сваімі чыноўнікамі, у выглядзе падаткаў, абкрадае яго няспынна.

— Гэта ўжо і анархізм, — спакойна адзначыў Ігнацій Нікіфаравіч значэнне слоў свайго швагра.

— Я не ведаю, што гэта, я кажу, што ёсць, — працягваў Нехлюдаў, — ведае, што ўрад абкрадвае яго; ведае, што мы, землеўласнікі, абакралі яго ўжо даўно, адабраўшы ў яго зямлю, якая павінна быць агульнай уласнасцю, а потым, калі ён з гэтай крадзенай зямлі назбірае галля на топку сваёй печы, мы яго саджаем у турму і хочам запэўніць яго, што ён злодзей. Ён-жа ведае, што злодзей не ён, а той, каторы ўкраў у яго зямлю, і што ўсякая restitution[29] таго, што ў яго ўкрадзена, ёсць яго абавязак перад сваёй сям‘ёй.

— Не разумею, а калі разумею, дык не згодзен. Зямля не можа не быць чыёй-небудзь уласнасцю. Калі вы яе падзеліце, — пачаў Ігнацій Нікіфаравіч з поўнай і спакойнай упэўненасцю, што Нехлюдаў соцыяліст і што патрабаванні тэорыі соцыялізма складаюцца з таго, каб падзяліць усю зямлю пароўнаму, а што такі падзел вельмі недарэчны і ён лёгка можа абвергнуць яго, — калі яе сёння падзяліць пароўнаму, заўтра яна зноў пяройдзе ў рукі больш працавітых і здольных.

— Ніхто і не думае падзяляць зямлю пароўнаму, зямля не павінна быць нічыёй уласнасцю, не павінна быць прадметам куплі і продажу або пазыкі.

— Права ўласнасці прыроднае ў чалавека. Без права ўласнасці не будзе ніякага інтарэсу да апрацоўкі зямлі. Знішчыце права ўласнасці, і мы вернемся ў дзікае становішча, аўтарытэтна вымавіў Ігнацій Нікіфаравіч, паўтараючы той звычайны аргумент на карысць права зямельнай уласнасці, які лічыцца бясспрэчным і складаецца з таго, што прагнасць да зямельнай уласнасці ёсць здзнака яе неабходнасці.

— Наадварот, толькі тады зямля не будзе пуставаць, як цяпер, калі землеўласнікі, як сабака на сене, не дапускаюць да зямлі тых, хто можа, а самі не ўмеюць эксплаатаваць яе.

— Паслухайце, Дзмітрый Іванавіч, гэта-ж поўнае вар‘яцтва! Хіба магчыма ў наш час знішчэнне ўласнасці зямлі? Я ведаю, гэта ваш даўні dada[30]. Але дазвольце мне сказаць вам проста… — І Ігнацій Нікіфаравіч збляднеў, і голас яго задрыжэў: відавочна гэта пытанне блізка закранала яго.

— Я-б параіў вам абмеркаваць гэта пытанне як след, раней чым пачаць практычна вырашаць яго.

— Вы гаворыце пра мае асабістыя справы?

— Але. Я думаю, што ўсе мы, пастаўленыя ў вядомае становішча, павінны несці тыя абавязкі, якія выцякаюць з гэтага становішча, павінны падтрымліваць тыя ўмовы побыту, у якіх мы нарадзіліся і наследавалі ад нашых продкаў і якія павінны перадаць нашым патомкам.

— Я лічу сваім абавязкам…

— Дазвольце, — не даючы сябе перапыніць, працягваў Ігнацій Нікіфаравіч, — я гавару не за сябе і за сваіх дзяцей. Дзеці мае забяспечаны маёмасцю, і я зарабляю столькі, што мы жывем — і думаю, што і дзеці будуць жыць з дастаткам, і таму мой пратэст супроць вашых учынкаў, дазвольце сказаць, не зусім абдуманы, выцякае не з асабістых інтарэсаў, а прынцыпова я не магу згадзіцца з вамі, і раіў-бы вам больш падумаць, пачытаць…

— Ну, вы ўжо дазвольце мне вырашаць мае справы самому і ведаць, што трэба чытаць і што не трэба, — сказаў Нехлюдаў, збляднеўшы, і, адчуваючы, што ў яго халадзеюць рукі, і ён не валодае сабой, замаўчаў і пачаў піць чай.


XXXIII

— Ну, як дзеці? — спытаў Нехлюдаў у сястры, крыху заспакоіўшыся.

Сястра расказала пра дзяцей, што яны асталіся з бабуляй, з яго маткай і, вельмі задаволеная тым, што спрэчкі з яе мужам спыніліся, пачала расказваць пра тое, як яе дзеці гуляюць у падарожжа, якраз таксама, як некалі ён гуляў з сваімі двума лялькамі — з чорным арапам і лялькай з мянушкай „францужанка“.

— Няўжо ты помніш? — сказаў Нехлюдаў, усміхаючыся.

— І ўяві сабе, яны якраз таксама гуляюць.

Непрыемная размова скончылася. Наташа заспакоі!лася, але не хацела пры мужы гаварыць аб тым, што зразумела было толькі брату, і, каб пачаць агульную размову, загаварыла аб пецербургскай навіне, якая дайшла сюды, — аб горы маці Каменскага, якая згубіла адзінага сына, забітага на дуэлі.

Ігнацій Нікіфаравіч выказаўся з нездавальненнем аб тым парадку, пры якім забойства на дуэлі выключалася з раду агульных крымінальных злачынстваў. Гэта заўвага яго выклікала нязгоду Нехлюдава, і загарэліся зноў спрэчкі на тую самую тэму, дзе ўсё было недамоўлена, і абодва субяседнікі не выказаліся, а асталіся пры сваіх, узаемна-варожых, перакананнях.

Ігнацій Нікіфаравіч адчуваў, што Нехлюдаў асуджае яго, зняважліва ставіцца да ўсёй яго дзейнасці, і яму хацелася паказаць яму ўсю несправядлівасць яго поглядаў. Нехлюдаў-жа, не гаворачы аб дасадзе, якую ён адчуваў за тое, што швагар умешваўся ў яго справы з зямлёй (у глыбіні душы ён адчуваў, што швагар і сястра і іхнія дзеці, як наследнікі яго, маюць на гэта права), абураўся ў душы на тое, што гэты абмежаваны чалавек з поўнай упэўненасцю і спакоем працягваў лічыць правільным і законным тую справу, якая ўяўлялася цяпер Нехлюдаву безумоўна вар‘яцкай і злачыннай. Самаўпэўненасць гэта раздражняла Нехлюдава.

— Што-ж бы зрабіў суд? — спытаў Нехлюдаў.

— Засудзіў-бы аднаго з двух дуэлянтаў, як звычайных забойцаў, да катаржных работ.

У Нехлюдава зноў пахаладзелі рукі, і ён горача загаварыў:

— Ну, і што-ж бы было? — спытаў ён.

— Было-б справядліва.

— Як быццам справядлівасць складае мэту дзейнасці суда, — сказаў Нехлюдаў.

— Што-ж іншае?

— Падтрыманне саслоўных інтарэсаў. Суд, на мой погляд, ёсць толькі адміністрацыйная прылада для падтрымання існуючага парадку рэчаў, выгоднага нашаму саслоўю.

— Гэта зусім новы погляд, — са спакойнай усмешкай сказаў Ігнацій Нікіфаравіч. — Звычайна суду прыпісваецца крыху іншае прызначэнне.

— Тэарэтычна, а не практычна, як я ўбачыў. Суд мае мэтай толькі захаванне грамадства ў цяперашнім становішчы і для гэтага прыгнятае і карае як тых, якія стаяць вышэй агульнага ўзроўню і хочуць падняць яго, так званыя палітычныя злачынцы, і тых, якія стаяць ніжэй за яго, так званыя злачынныя тыпы.

— Не магу згадзіцца, па-першае, з тым, каб злачынцы, так званыя палітычныя, караліся толькі таму, што яны стаяць вышэй сярэдняга ўзроўню. Галоўным чынам гэта адкіды грамадства, таксама сапсаваныя, хаця крыху іначай, як і тыя злачынныя тыпы, якіх вы лічыце ніжэй сярэдняга ўзроўню.

— А я ведаю людзей, якія стаяць непараўнальна вышэй за сваіх суддзяў; усе сектанты — людзі маральна цвёрдыя…

Але Ігнацій Нікіфаравіч, з прывычкай чалавека, якога не перабіваюць, калі ён гаворыць, не слухаў Нехлюдава і, тым асабліва раздражняючы яго, працягваў гаварыць адначасова з Нехлюдавым.

— Не магу згадзіцца і з тым, каб суд меў мэтай: падтрыманне існуючага ладу. Суд мае свае мэты: або выпраўлення…

— Добрае выпраўленне ў турмах, — уставіў Нехлюдаў.

— …або знішчэння, — упарта прадцягваў Ігнацій Нікіфаравіч, — сапсаваных і тых зверападобных людзей, якія пагражаюць існаванню грамадства.

— У тым вось і справа, што яно не робіць ні таго ні другога. У грамадстве няма сродкаў рабіць гэта.

— Гэта як? Я не разумею, — сілком усміхаючыся, запытаў Ігнацій Нікіфаравіч.

— Я хачу сказаць, што, уласна, разумных пакаранняў ёсць толькі два — тыя, якія скарыстоўваліся ў старыя часы: цялесныя пакаранні і кара смерцю, але якія з прычыны змякчэння звычаяў усё больш і больш выводзяцца, — сказаў Нехлюдаў.

— Усё гэта і нова і дзіўна ад вас чуць.

— Так, разумна зрабіць балюча чалавеку, каб ён потым не рабіў таго-ж, завошта яму зрабілі балюча, і зусім разумна шкоднаму, небяспечнаму для грамадства члену адсячы галаву. Абодва гэтыя пакаранні маюць разумны сэнс. Але які сэнс мае тое, каб чалавека, сапсаванага бяздзейнічаннем і дурным прыкладам, пасадзіць у турму, ва ўмовы забяспечанага і абавязковага бяздзейнічання, у асяроддзе самых распусных людзей? або перавесці чамусьці на дзяржаўны кошт — кожны каштуе больш як 500 рублёў — з Тульскай губерні ў Іркуцкую, або з Курскай…

— Але, аднак, людзі баяцца гэтых падарожжаў за дзяржаўны кошт, і калі-б не было гэтых падарожжаў і турмаў, мы-б не сядзелі тут з вамі, як сядзім цяпер.

— Не могуць гэтыя турмы забяспечыць нам спакой, таму што людзі гэтыя сядзяць там не вечна і іх выпускаюць. Наадварот, у гэтых установах даводзяць гэтых людзей да вышэйшай ступені злачыннасці і распусты, г. зн. павялічваюць небяспеку.

— Вы хочаце сказаць, што пенітэнцыярная сістэма павінна быць удасканалена.

— Нельга яе ўдасканальваць. Удасканаленыя турмы каштавалі-б даражэй таго, што выдаткуецца на народную асвету, і ляглі-б новым цяжарам на той самы народ.

— Але недахопы пенітэнцыярнай сістэмы ніяк не інвалідуюць самы суд, — зноў, не слухаючы швагра, працягваў Ігнацій Нікіфаравіч.

— Нельга выправіць гэтыя недахопы, — узнімаючы голас, гаварыў Нехлюдаў.

— Дык што-ж? Трэба забіваць? Ці, як адзін дзяржаўны чалавек прапаноўваў, выколваць вочы? — сказаў Ігнацій Нікіфаравіч, пераможна ўсміхаючыся.

— Так, гэта было-б жорстка, але мэтазгодна. Тое-ж, што цяпер робіцца, і жорстка і не толькі нямэтазгодна, але да гэтакай ступені неразумна, што нельга зразумець, як могуць душэўна здаровыя людзі ўдзельнічаць у гэткай бязглуздай і жорсткай справе, як крымінальны суд.

— А я вось бяру ўдзел у гэтым, — бляднеючы, сказаў Ігнацій Нікіфаравіч.

— Гэта ваша справа. Але я не разумею гэтага.

— Я думаю, што вы шмат чаго не разумееце, — сказаў дрыжачым голасам Ігнацій Нікіфаравіч.

— Я бачыў на судзе, як таварыш пракурора як мага імкнуўся абвінаваціць няшчаснага хлопчыка, які ў кожным непапсаваным чалавеку мог узбудзіць толькі жаласлівасць; ведаю, як другі пракурор дапытваў сектанта і падводзіў пад крымінальны закон чытанне евангелля; ды і ўся дзейнасць судоў складаецца толькі з гэткіх бязглуздых і жорсткіх учынкаў.

— Я-б не служыў, калі-б так думаў, — сказаў Ігнацій Нікіфаравіч і ўстаў.

Нехлюдаў убачыў асаблівы бляск пад акулярамі швагра. „Няўжо гэта слёзы?“, падумаў Нехлюдаў. І сапраўды гэта былі слёзы знявагі. Ігнацій Нікіфаравіч, падышоўшы да акна, дастаў хустку, адкашліваючыся, пачаў праціраць акуляры і, зняўшы іх, абцёр і вочы. Вярнуўшыся да канапы, Ігнацій Нікіфаравіч закурыў цыгарку і больш нічога не казаў. Нехлюдаву зрабілася балюча і сорамна за тое, што ён да гэткай ступені пакрыўдзіў швагра і сястру, асабліва таму, што ён заўтра ад‘язджаў і больш не пабачыцца з імі. Збянтэжаны, ён развітаўся з імі і паехаў дамоў.

„Вельмі магчыма, што праўда тое, што я гаварыў, — прынамсі, ён нічога не сказаў мне супроць. Але не гэтак трэба было гаварыць. Мала-ж я змяніўся, калі я мог гэтак захапіцца нядобрым пачуццём і гэтак зняважыць яго і бедную Наташу“, думаў ён.


XXXIV

Партыя, у якой ішла Маслава, адпраўлялася з вакзала ў 3 гадзіны, і таму, каб бачыць выхад партыі з турмы і з ёй разам дайсці да вакзала чыгункі, Нехлюдаў збіраўся прыехаць у турму раней 12-ці.

Складаючы рэчы і паперы, Нехлюдаў спыніўся на сваім дзённіку, перачытаў некаторыя месцы і тое, што было ў ім запісана апошняе. Апошняе перад ад‘ездам у Пецербург было запісана: „Кацюша не хоча маёй ахвяры, а хоча сваёй. Яна перамагла, і я перамог. Яна радуе мяне той унутранай зменай, якая, мне здаецца, — баюся верыць, — адбываецца ў ёй. Баюся верыць, але мне здаецца, што яна ажывае“.

Тут-жа, услед за гэтым было напісана: „Перажыў вельмі цяжкае і вельмі радаснае. Даведаўся, што яна не добра вяла сябе ў больніцы. І раптам зрабілася страшэнна балюча. Не чакаў, як балюча. З агіднасцю і нянавісцю я гаварыў з ёю і потым раптам успомніў пра сябе, як я шмат разоў і цяпер быў, хаця і ў думках, вінават у тым, за што ненавідзеў яе, і раптам адначасова я зрабіўся брыдкім для сябе, а яна няшчаснай, і мне зрабілася вельмі дабра. Толькі-б заўсёды своечасова паспець убачыць бервяно ў сваім воку, наколькі-б мы былі дабрэйшымі“. На сёнешні дзень ён запісаў: „Быў у Наташы і якраз ад задавальнення сабой быў нядобрым, злым, і асталося цяжкое пачуццё. Ну, ды што-ж рабіць? З заўтрашняга дня новае жыццё. Бывай, старое, і зусім. Шмат набралася ўражанняў, але ўсё-такі яшчэ не магу звесці да адзінства“.

Прачнуўшыся наступным раннем, першым адчуваннем Нехлюдава было каянне аб тым, што ў яго было з шваграм. „Гэтак нельга ад‘язджаць, — падумаў ён, — трэба з‘ездзіць да іх і загладзіць“. Але, зірнуўшы на гадзіннік, ён убачыў, што цяпер ужо няма калі, і трэба спяшацца, каб не спазніцца да выхаду партыі. Спехам сабраўшыся і паслаўшы з рэчамі швейцара і Тараса, мужа Фядосі‘і, які ехаў з ім, проста на вакзал, Нехлюдаў узяў першага сустрэчнага рамізніка і паехаў у турму. Арыштанцкі поезд ішоў на дзве гадзіны раней паштовага, на якім ехаў Нехлюдаў, і таму ён зусім разлічыўся ў сваіх нумарах, не думаючы больш варочацца.


Стаяла цяжкая ліпнёвая спека. Не паспеўшы астынуць пасля парнай начы каменне вуліц, дамоў і жалеза дахаў аддавалі сваё цяпло ў гарачае, нерухомае паветра. Ветру не было, а калі ён узнімаўся, дык прыносіў насычанае пылам і смуродам маслянай фарбы смярдзючае і гарачае паветра. Народу было мала на вуліцах, і тыя, хто былі, стараліся ісці ў цяні дамоў. Толькі чорназагарэлыя ад сонца сяляне-брукары ў лапцях сядзелі пасярэдзіне вуліцы і білі малаткамі па каменнях, якія ўкладалі ў гарачы пясок, ды панурыя гарадавыя ў нябеленых кіцелях і з яркажоўтымі шнуркамі рэвальвераў, нудна перамінаючыся, стаялі пасярэдзіне вуліц, ды завешаныя з аднаго боку ад сонца конкі, запрэжаныя коньмі ў белых каптурах, з прарэзаў якіх тырчэлі вушы, звонячы, пракатваліся ўгору і ўніз па вуліцах.

Калі Нехлюдаў пад‘ехаў да турмы, партыя яшчэ не выходзіла, і ў турме ўсё яшчэ ішла, пачынаючы з 4 гадзін раніцы, узмоцненая работа здачы і прыёмкі арыштантаў для адпраўкі. У партыі, прызначанай на адпраўленне, было 623 мужчыны і б4 жанчыны: усіх трэба было праверыць па стацейных спісах, выбраць хворых і слабых і перадаць канвойным. Новы сматрыцель, два памочнікі яго, доктар, фельчар, канвойны афіцэр і пісар сядзелі каля выстаўленага на дварэ ў цяні сцяны стала з паперамі і канцылярскімі прыладамі і па аднаму пераклікалі, аглядалі, дапытвалі і запісвалі арыштантаў, якія ішлі да іх адзін за адным. Стол цяпер ужо да паловы быў заліты праменнямі сонца. Рабілася горача і асабліва душна —не было ветру, і ад дыхання арыштантаў, што стаялі тутака-ж натоўпам.

— Але што-ж гэта, канца няма! — гаварыў, зацягваючыся папяросай, высокі, тоўсты, чырвоны, з паднятымі плячыма і кароткімі рукамі, курачы ўвесь час у абвіслыя над ротам вусы, канвойны начальнік. — Змучылі зусім. Адкуль вы іх паназбіралі столькі? Ці багата яшчэ?

Пісар даведаўся.

— Яшчэ 24 чалавекі ды жанчыны.

— Ну, што сталі, падыходзь!.. — крыкнуў канвойны на яшчэ неправераных арыштантаў, якія ціснуліся адзін за адным.

Арыштанты ўжо больш як тры гадзіны стаялі ў радах, і не ў цяні, а на сонцы, чакаючы чаргі.

Работа гэта ішла ўнутры турмы, знадворку-ж, каля варот, стаяў, як звычайна, вартавы са стрэльбай, дзесяткі са два ламавых пад рэчы арыштантаў і пад слабых і каля рогу кучка сваякоў і прыяцеляў, якія чакалі выхаду арыштантаў, каб пабачыць і, калі можна, пагутарыць і перадаць што-небудзь прызначаным на адпраўку. Да гэтай кучкі далучыўся і Нехлюдаў.

Ён прастаяў тут каля гадзіны. У канцы гадзіны за варотамі пачуўся бразгат ланцугоў, гукі крокаў, строгія галасы, пакашліванне і нягулкая гамонка вялікага натоўпу. Так працягвалася мінут пяць. У гэты час уваходзілі і выходзілі ў фортку надзірацелі. Урэшце пачулася каманда.

З грукатам адкрыліся вароты, бразгат ланцугоў зрабіўся гучнейшым, і на вуліцу вышлі канвойныя салдаты ў белых кіцелях, са стрэльбамі і — відавочна, як знаёмы і прывычны манеўр, — расстанавіліся шырокім кругам перад варотамі. Калі яны сталі, пачулася новая каманда, і парамі пачалі выходзіць арыштанты ў блінападобных шапках на паголеных галовах, з мяшкамі за плячыма, цягнучы закутыя ногі і махаючы адной вольнай рукой, а другой падтрымліваючы мяшок. Спачатку ішлі катаржныя мужчыны, усе у аднолькавых шэрых нагавіцах і халатах з тузамі на спінах. Усе яны — маладыя, старыя, худыя, тоўстыя, бледныя, чырвоныя, чорныя, вусатыя, барадатыя, безбародыя, рускія, татары, яўрэі — выходзілі, звонячы кайданамі і жвава махаючы рукой, нібы збіраючыся ісці некуды далёка, але, прайшоўшы крокаў 10, спыняліся і пакорліва станавіліся, па 4 у рад, адзін за адным. Следам за гэтымі, без перапынку, пацяклі з варот такія самыя паголеныя, без нажных кайданаў, але скутыя рука з рукой наручнямі людзі ў такіх самых адзеннях. Гэта былі сасланыя… Яны таксама жвава выходзілі, спыняліся і станавіліся таксама па 4 у рад. Потым ішлі „общественники“[31], потым жанчыны, таксама па чарзе, спачатку — катаржныя ў турэмных шэрых кафтанах і хустках, потым — жанчыны сасланыя і што ішлі па сваёй волі за блізкімі, у сваіх гарадскіх і вясковых адзеннях. Некаторыя з жанчын неслі грудных дзяцей за поламі шэрых кафтаноў.

З жанчынамі ішлі на сваіх нагах дзеці: хлопчыкі і дзяўчынкі. Дзеці гэтыя, як і жарабяты ў табуне, ціснуліся між арыштанткамі, Мужчыны станавіліся моўчкі, толькі зрэдку пакашліваючы або робячы адрывістыя заўвагі. Сярод жанчын-жа чулася нязмоўчная гамонка. Нехлюдаву здавалася, што ён пазнаў Маславу, калі яна выходзіла; але потым яна загубілася сярод вялікай колькасці іншых, і ён бачыў толькі натоўп шэрых, нібы пазбаўленых чалавечай, асабліва жаноцкай, уласцівасці істот з дзецьмі і мяшкамі, якія станавіліся за мужчынамі.

Не гледзячы на тое, што ўсіх арыштантаў лічылі ў сценах турмы, канвойныя пачалі зноў лічыць, звяраючы з ранейшым падлікам. Пералічэнне гэта працягвалася доўга, асабліва таму, што некаторыя арыштанты рухаліся, пераходзячы з месца на месца, і тым блыталі падлік канвойных. Канвойныя лаялі і штурхалі арыштантаў, якія пакорліва, але са злосцю слухаліся, і зноў пералічвалі. Калі ўсіх зноў пералічылі, канвойны афіцэр загадаў нешта, і ў натоўпе адбылося замяшанне. Слабыя мужчыны, жанчыны і дзеці, выпярэджваючы адзін аднаго, накіраваліся да фурманак і пачалі ўкладаць на іх мяшкі і потым самі ўлазіць на іх. Улазілі і садзіліся жанчыны з крыклівымі груднымі дзецьмі, вясёлыя дзеці, якія спрачаліся за месцы, і панурыя, нахмураныя арыштанты.

Некалькі арыштантаў, зняўшы шайкі, падышлі да канвойнага афіцэра, аб нечым просячы яго. Як потым даведаўся Нехлюдаў, яны прасіліся на фурманкі. Нехлюдаў бачыў, як канвойны афіцэр моўчкі, не гледзячы на просьбіта, зацягваўся папяросай, і як потым раптам замахнуўся сваёй кароткай рукой на арыштанта, і як той, уцягнуўшы паголеную галаву ў плечы, чакаючы ўдару, адскочыў ад яго.

— Я цябе гэткім дваранінам зраблю, што будзеш памятаць! Дойдзеш пешшу! — пракрычаў афіцэр.

Аднаго толькі высокага дзеда ў нажных кайданах, які хістаўся, афіцэр пусціў на фурманку, і Нехлюдаў бачыў, як гэты дзед, зняўшы сваю блінападобную шапку, хрысціўся, накіроўваючыся да фурманак, і як потым доўга не мог узлезці, бо кайданы перашкаджалі падняць слабую, старэчую, закутую нагу, і як баба, якая сядзела ўжо на калёсах, памагла яму, усцягнуўшы яго за руку.

Калі фурманкі ўсе напоўніліся мяшкамі, і на мяшкі селі тыя, якім гэта было дазволена, канвойны афіцэр зняў шапку, абцёр хусткай лоб, лысіну і чырвоную тоўстую шыю і перахрысціўся.

— Партыя, марш! — загадаў ён.

Салдаты бразнулі стрэльбамі, арыштанты, зняўшы шапкі, некаторыя левымі рукамі, пачалі хрысціцца, праважатыя нешта пракрычалі, нешта пракрычалі ў адказ арыштанты, жанчыны пачалі лямантаваць, і партыя, акружаная салдатамі ў белых кіцелях, рушыла, узнімаючы пыл звязанымі ланцугамі нагамі. Наперадзе ішлі салдаты, за імі, бразгаючы ланцугамі, катаржныя, па чатыры ў рад, за імі сасланыя, потым „общественники“, скутыя рукамі па два наручнямі, потым жанчыны. Потым ужо ехалі нагружаныя і мяшкамі і слабымі фурманкі, на адной з якіх высока сядзела захутаная жанчына і, не перастаючы, вішчэла і галасіла.


XXXV

Шэсце было гэткае доўгае, што, калі пярэднія ўжо зніклі з вачэй, фурманкі з мяшкамі і слабымі толькі зрушылі. Калі фурманкі зрушылі, Нехлюдаў сеў на рамізніка, які чакаў яго, і загадаў яму перагнаць партыю, каб разгледзець сярод яе, ці няма знаёмых арыштантаў сярод мужчын, і потым, сярод жанчын, знайшоўшы Маславу, спытаць у яе, ці атрымала яна дасланыя ёй рэчы. Зрабілася вельмі горача. Ветру не было, і ўзняты тысячамі ног пыл стаяў увесь час над арыштантамі, якія рухаліся па сярэдзіне вуліцы. Арыштанты ішлі хуткім крокам, і нярысісты конік рамізніка Нехлюдава толькі павольна выпераджаў іх. Рад за радам ішлі незнаёмыя дзіўнага і страшэннага выгляду істоты, рухаючы тысячамі аднолькава абутых і адзетых ног і ў такт хадзе махаючы, нібы ўзбадзёрваючы сябе, вольнымі рукамі. Іх было гэтак багата, гэткія яны былі аднастайныя і ў гэткія асабліва дзіўныя ўмовы яны былі пастаўлены, што Нехлюдаву здавалася, што гэта не людзі, а нейкія асабліва дзіўныя, страшэнныя істоты. Гэта ўражанне знікла ў ім толькі таму, што ў натоўпе катаржных ён пазнаў арыштанта, забойцу Фёдарава, і сярод сасланых коміка Охоціна і яшчэ аднаго валацугу, які звяртаўся да яго. Усе амаль арыштанты азіраліся, косячыся на таратайку, што выпярэджвала іх, і на пана, які сядзеў у ёй, пазіраючы на іх. Фёдараў кіўнуў галавой угору ў знак таго, што пазнаў Нехлюдава; Охоцін падміргнуў вокам. Але ні той, ні другі не пакланіліся, лічачы гэта недазволеным. Параўнаўшыся з жанчынамі, Нехлюдаў адразу-ж убачыў Маславу. Яна ішла ў другім радзе жанчын. З краю ішла пачырванелая каратканогая чарнавокая, вельмі непрыгожая жанчына, падтыкнуўшы халат за пояс — гэта была Хорашаўка. Потым ішла цяжарная жанчына, ледзьве цягнучы ногі, і трэцяя была Маслава. Яна несла мяшок на плячы і прама глядзела перад сабой. Твар яе быў спакойным і рашучым. Чацвертай у радзе з ёю бадзёра ішла маладая прыгожая жанчына, у кароткім халаце і па-бабску падвязанай хустцы, — гэта была Фядос‘я. Нехлюдаў злез з таратайкі і падышоў да жанчын, каторыя рухаліся, жадаючы спытаць Маславу аб рэчах і аб тым, як яна сябе адчувае, але канвойны унтэр-афіцэр, што ішоў з гэтага боку партыі, адразу-ж заўважыўшы Нехлюдава, падбег да яго.

— Нельга, пане, падыходзіць да партыі — не дазваляецца, — крычаў ён, падыходзячы.

Падышоўшы бліжэй і пазнаўшы ў твар Нехлюдава (у турме ўжо ўсе ведалі Нехлюдава), унтэр-афіцэр прыклаў пальцы да фуражкі і, спыніўшыся каля Нехлюдава, сказаў:

— Цяпер нельга. На вакзале можаце, а тут не дазваляецца. Не адставай, марш! — крыкнуў ён на арыштантаў і, бадзёра, не гледзячы на спёку, трухам перабег у сваіх новых франтаўскіх ботах да свайго месца.

Нехлюдаў вярнуўся на тратуар і, загадаўшы рамізніку ехаць за ім, пайшоў разам з партыяй. Дзе ні праходзіла партыя, яна ўсюды звяртала на сябе змешаную з спачуваннем і жахам увагу. Праезджыя высоўваліся з экіпажаў і, пакуль маглі бачыць, праводзілі вачыма арыштантаў. Пешаходы спыняліся і здзіўлена і спалохана глядзелі на жудасную карціну. Некаторыя падыходзілі і падавалі міласціну. Міласціну прымалі канвойныя. Некаторыя, як загіпнатызаваныя, ішлі за партыяй, але потым спыняліся і, ківаючы галовамі, толькі праводзілі партыю вачыма. З пад‘ездаў і варот, клічучы адзін аднаго, выбягалі і з акон вывешваліся людзі і нерухома і моўчкі пазіралі на дзіўнае шэсце. На адным са скрыжаванняў партыя перашкодзіла праехаць багатай калясцы. На козлах сядзеў з блішчастым тварам тоўстазады, з радамі гузікаў на спіне, кучар, у калясцы на заднім месцы сядзелі муж з жонкай: жонка, худая і бледная у светлым капелюшы з яркім парасонам, і муж у цыліндры і светлым франтаўскім паліто. Наперадзе супроць іх сядзелі іхнія дзеці: прыбраная і свежанькая, як кветка, дзяўчынка з распушчанымі русымі валасамі, таксама з яркім парасонам, і васьмігадовы хлопчык з даўгой, худой шыяй і выпятымі лапаткамі, у матроскім капелюшы, аздобленым доўгімі істужкамі. Бацька злосна папікаў кучара за тое, што ён своечасова не аб‘ехаў партыю, і яна цяпер затрымлівае іх, а маці грэбліва жмурылася і маршчынілася, закрываючыся ад сонца і пылу шаўковым парасонам, які яна насунула зусім на твар. Тоўстазады кучар сярдзіта хмурыўся, выслухоўваючы несправядлівую лаянку гаспадара, які сам-жа загадаў яму ехаць па гэтай вуліцы, і ледзь стрымліваў узмыленых пад аброцямі і шыяй вараных жарабкоў, якія ірваліся ўперад.

Гарадавы жадаў усёй душой зрабіць паслугу ўласніку багатай каляскі і прапусціць яго, прыпыніўшы арыштантаў, але ён адчуваў, што ў гэтым шэсці была панурая ўрачыстасць, якую нельга было парушыць нават і для гэтага багатага пана. Ён толькі прыклаў руку да казырка ў адзнаку сваёй павагі перад багаццем і строга глядзеў на арыштантаў, нібы абяцаючы ва ўсякім разе абараніць ад іх седакоў каляскі. Так што каляска павінна была чакаць праходжання ўсяго шэсця і паехала толькі тады, калі прагрымеў апошні ламавік з арыштанткамі, што сядзелі на мяшках, сярод каторых істэрычная жанчына, якая было заціхла, а ўбачыўшы багатую каляску, пачала зноў рыдаць і вішчэць. Толькі тады злёгку варухнуў лейцамі кучар, і вараныя рысакі, звінючы падковамі па бруку панеслі каляску, якая мякка ўздрыгала на гумавых шынах, на дачу, куды ехалі весяліцца муж, жонка, дзяўчынка і хлопчык з тонкай шыяй і выпятымі лапаткамі.

Ні бацька, ні маці не растлумачылі ні хлопчыку, ні дзяўчынцы таго, што яны бачылі. Так што дзеці павінны былі самі вырашыць пытанне аб значэнні гэтага шэсця.

Дзяўчынка, зразумеўшы выраз твара бацькі і маткі, вырашыла пытанне так, што гэта былі людзі зусім іншыя, чым яе бацькі і іхнія знаёмыя, што гэта былі дрэнныя люзі, і што таму з імі іменна гэтак і трэба рабіць, як зрабілі з імі. І таму дзяўчынцы было толькі страшна, і яна была рада, калі гэтыя людзі згубіліся з вачэй. Але, не міргаючы і не адводзячы вачэй, хлопчык з доўгай худой шыяй, што пазіраў на шэсце арыштантаў, вырашыў пытанне інакш. Ён ведаў яшчэ цвёрда і непарушна, даведаўшыся пра гэта проста ад бога, што людзі гэтыя былі якраз такімі самымі, як і ён сам, як і ўсе людзі, і што таму гэтым людзям нехта зрабіў нешта дрэннае — такое, чаго не павінны рабіць; і ён шкадаваў іх, і ён адчуваў жах і перад тымі людзьмі, каторыя былі закуты і паголены, і перад тымі, якія іх закавалі і пагалілі. І таму ў хлопчыка ўсё больш і больш распухалі губы, і ён рабіў вялікія намаганні, каб не заплакаць, думаючы, што плакаць у гэткіх выпадках сорамна.


XXXVI

Нехлюдаў ішоў такім самым хуткім крокам, якім ішлі арыштанты, але і лёгка апранутаму, у лёгкім паліто яму было дужа горача, галоўнае — душна ад пылу і нерухомага гарачага паветра, якое стаяла на вуліцах. Прайшоўшы блізка чвэртку вярсты, ён сеў на рамізніка і паехаў уперад, але пасярэдзіне вуліцы ў таратайцы яму здалося яшчэ гарачэй. Ён паспрабаваў выклікаць у сябе думкі аб учарашняй размове з шваграм, але цяпер гэтыя думкі ўжо не хвалявалі яго, як раніцой. Іх засланілі ўражанні выхаду з турмы і шэсця партыі. Галоўнае-ж — было да млоснасці горача. Каля плота, у цені дрэваў, зняўшы шапкі, стаялі два хлопчыкі-рэалісты над марожанікам, які прысеў перад імі на каленкі. Адзін з хлопчыкаў ужо еў са смакам, абсмоктваючы рагавую лыжачку, другі чакаў маленькай шклянкі, якая поўна накладалася нечым жоўтым.

— Дзе-б тут напіцца? — спытаў Нехлюдаў свайго рамізніка, адчуўшы непераможнае жаданне асвяжыцца.

— Зараз тут тракцір добры, — сказаў рамізнік і, завярнуўшы за рог, падвёз Нехлюдава да пад‘езду з вялікай шыльдай.

Пульхны прыказчык, у кашулі, за стойкай і некалі белыя афіцыянты, якія з прычыны адсутнасці наведвальнікаў сядзелі каля сталоў, з цікаўнасцю агледзелі незвычайнага госця і прапанавалі свае паслугі. Нехлюдаў папрасіў сельтэрскай вады і сеў далей ад акна за маленькі столік з брудным абрусам.

Два чалавекі сядзелі за сталом за чайным прыборам і бутэлькай з белага шкла, абціралі з ілбоў пот і нешта ціхамірна вылічвалі. Адзін з іх быў чорны і пляшывы, з такім самым бардзюрам чорных валасоў на патыліцы, які быў у Ігнація Нікіфаравіча. Уражанне гэта напомніла Нехлюдаву зноў учарашнюю размову з шваграм і сваё жаданне пабачыцца з ім і сястрой да ад‘езду. „Напэўна не паспею да ад‘езду, — падумаў ён. — Лепш напішу ліст“. І, папсрасіўшы паперы, канверт і марку, ён пачаў, прыхлёбваючы свежую шыпучую ваду, абмяркоўваць, што ён напіша. Але думкі яго разбягаліся, і ён ніяк не мог напісаць ліста.

„Мілая Наташа, не магу паехаць пад цяжкім уражаннем учарашняй размовы з Ігнаціем Нікіфаравічам…“ — пачаў ён. „Што-ж далей? Прасіць дараваць тое, што я ўчора сказаў? Але я сказаў тое, што думаў. І ён падумае, што я выракаюся. І потым гэта яго ўмешванне ў мае справы… Не, не магу“, — і, адчуўшы, як узнімаецца ў ім нянавісць да гэтага чужога, самаўпэўненага чалавека, які не разумеў яго, Нехлюдаў паклаў няскончаны ліст у кішэню і, расплаціўшыся, вышаў на вуліцу і паехаў даганяць партыю.

Спякота зрабілася яшчэ мацнейшай. Сцены і каменні нібы дыхалі гарачым паветрам. Ногі, здавалася, абпякаліся аб распалены брук, і Нехлюдаў адчуў нешта накшталт апёку, калі ён голай рукой дакрануўся да лакаванага крыла таратайкі.

Конь вялым трухам, пагрукваючы роўнамерна падковамі па пыльным і няроўным бруку, цягнуўся па вуліцах; рамізнік раз-по-раз засынаў; Нехлюдаў-жа сядзеў, ні аб чым не думаючы, абыякава гледзячы перад сабой. На спуску вуліцы, супроць варот вялікага дома, стаяла кучка народу і канвойны са стрэльбай. Нехлюдаў спыніў рамізніка.

— Што гэта? — спытаў ён у дворніка.

— З арыштантам нешта.

Нехлюдаў сышоў з таратайкі і падышоў да кучкі людзей. На няроўных каменнях адхоністага ля тратуара бруку ляжаў галавой ніжэй ног шырокі немалады арыштант з рыжай барадой, чырвоным тварам і плюскатым носам, у шэрым халаце і такіх самых нагавіцах. Ён ляжаў на спіне, раскрыўшы далонямі ўніз пакрытыя вяснянкамі рукі, і пасля вялікіх перапынкаў, роўнамерна паторгваючыся высокімі і магутнымі грудзьмі, усхліпваў, гледзячы на неба ўтаропленымі, налітымі крывёй вачыма. Над ім стаялі нахмураны гарадавы, разносчык, лістаносец, прыказчык, старая жанчына з парасонам і стрыжаны хлопчык з пустой кашолкай.

— Аслаблі, седзячы ў замку, знядужыліся, а іх вядуць у самае пекла, — асуджаў некага прыказчык, звяртаючыся да Нехлюдава, які падыходзіў.

— Памрэ, мабыць, — гаварыла плаксівым голасам жанчына з парасонам.

— Развязаць кашулю трэба, — сказаў лістаносец.

Гарадавы пачаў нязграбна развязваць цясёмкі на жылістай чырвонай шыі. Пальцы яго дрыжэлі. Ён, відавочна, хваляваўся і бянтэжыўся, але ўсё-такі лічыў патрэбным звярнуцца да натоўпу.

— Чаго пазбіраліся? І так горача. Ад ветру сталі.

— Павінен доктар аглядаць, — каторых слабых пакідаць. А то павялі ледзьве жывога, — сказаў прыказчык, відавочна хвалячыся сваім веданнем парадкаў.

Гарадавы, развязаўшы цясёмкі кашулі, выпрастаўся і азірнуўся.

— Разыходзьцеся, кажу. Не ваша-ж справа, чаго не бачылі? — гаварыў ён, звяртаючыся за спачуваннем да Нехлюдава, але, не знайшоўшы ў яго поглядзе спачування, зірнуў на канвойнага.

Але канвойны стаяў збоку, і, аглядаючы свой збіты абцас, адносіўся зусім абыякава да збянтэжанасці гарадавога.

— Чыя справа, тыя не дбаюць. Людзей марыць голадам хіба парадак?

— Арыштант — арыштант, а ўсё-ж чалавек, — гаварылі ў натоўпе.

— Пакладзіце яму галаву вышэй ды вады дайце, — сказаў Нехлюдаў.

— Па ваду пайшлі, — адказаў гарадавы і, узяўшы падпахі арыштанта, ледзь-ледзь перацягнуў тулава вышэй.

— Чаго пазбіраліся? — пачуўся раптам рашучы пагрозлівы голас, і да кучкі людзей, што сабралася вакол арыштанта, шпаркімі крокамі падышоў акалотачны ў надзвычайна чыстым і бліскучым кіцелі і яшчэ больш бліскучых высокіх ботах. — Разыйдзіцеся! Няма чаго тут стаяць! — крыкнуў ён на натоўп, яшчэ не бачачы, чаму сабраўся натоўп. Падышоўшы-ж бліжэй і ўбачыўшы арыштанта, які паміраў, ён кіўнуў галавой, нібы ўхваляючы гэта, і звярнуўся да гарадавога:

— Як так?

Гарадавы далажыў, што ішла партыя і арыштант упаў, канвойны загадаў пакінуць.

— Дык што-ж? У ўчастак трэба. Рамізніка.

— Пабег дворнік, — сказаў гарадавы, прыкладаючы руку да казырка.

Прыказчык нешта пачаў было пра спёку.

— Твая справа гэта? А? Ідзі сваёй дарогай, — праказаў акалотачны і так строга зірнуў на яго, што прыказчык змоўк.

— Вады трэба даць выпіць, — сказаў Нехлюдаў.

Акалотачны строга зірнуў і на Нехлюдава, але нічога не сказаў. Калі-ж дворнік прынёс у кружцы ваду, ён загадаў гарадавому прапанаваць арыштанту. Гарадавы падняў захіленую галаву і паспрабаваў уліць ваду ў рот, але арыштант не прымаў яе; вада вылівалася па барадзе і мачыла на грудзях куртку і зрэбную пыльную кашулю.

— Лі на галаву! — загадаў акалотачны, і гарадавы, зняўшы падобную на блін шапку, выліў ваду і на рыжыя кучаравыя валасы і на голы чэрап.

Вочы арыштанта, нібы спалохана, больш адкрыліся, але становішча яго не змянілася. Па твары яго цяклі брудныя пацёкі ад пылу, але рот так-жа роўнамерна ўсхліпваў, і ўсё цела ўздрыгвала.

— А гэты што-ж? Узяць гэтага, — звярнуўся акалотачны да гарадавога, паказваючы на нехлюдаўскага рамізніка. — Давай! Гэй, ты!

— Заняты, — панура, не падымаючы вачэй, вымавіў рамізнік.

— Гэта мой рамізнік, — сказаў Нехлюдаў, — але вазьміце яго. Я заплачу, — дадаў ён, звяртаючыся да рамізніка.

— Ну, чаго сталі? — крыкнуў акалотачны. — Бярыце!

Гарадавы, дворнікі і канвойныя паднялі паміраючага, панеслі да таратайкі і пасадзілі на сядзенне. Але ён не мог сам трымацца; галава яго завальвалася назад, і ўсё цела спаўзала з сядзення.

— Кладзі лёжма! — загадаў акалотачны.

— Нічога, ваша благароддзе, я так давязу, — сказаў гарадавы, цвёрда ўсаджваючыся побач з паміраючым на сядзенне і абхапляючы яго моцнай правай рукой падпахі.

Канвойны падняў абутыя ў коты без падвёртак ногі і паставіў і выцягнуў іх пад козлы.

Акалотачны азірнуўся і, убачыўшы на бруку падобную на блін шапку арыштанта, падняў яе і надзеў на захіленую назад мокрую галаву.

— Марш! — загадаў ён.

Рамізнік сярдзіта азірнуўся, паківаў галавой і, у суправаджэнні канвойнага, паехаў шагам назад да прыватнага дома. Цела з галавой, якое хісталася ва ўсе бакі, спаўзала, і гарадавы, што сядзеў з арыштантам, безупынна перахопліваў яго. Канвойны, ідучы побач, папраўляў ногі. Нехлюдаў пайшоў за імі.


XXXVII

Пад‘ехаўшы да ўчастка міма пажарнага вартавога, таратайка з арыштантам уехала на двор паліцэйскага ўчастка і спынілася каля аднаго з пад‘ездаў.

На дварэ пажарныя, закасаўшы рукавы, гучна гамонячы і смеючыся, мылі нейкія дрогі.

Як толькі таратайка спынілася, некалькі гарадавых акружылі яе і падхапілі пазбаўленае жыцця цела арыштанта падпахі і ногі і знялі яго з таратайкі, якая вішчэла пад ім.

Гарадавы, што прывёз арыштанта, сыйшоўшы з таратайкі, памахаў адубянелай рукой, зняў фуражку і перахрысціўся. Мёртвага-ж панеслі ў дзверы і ўгору па сходах. Нехлюдаў пайшоў за ім. У невялікім брудным пакоі, куды прынеслі мёртвага, было 4 ложкі. На двух сядзелі ў халатах два хворыя, адзін крывароты з абвязанай шыяй, другі сухотны. Два ложкі былі вольныя. На адзін з іх паклалі арыштанта. Маленькі чалавек з бліскучымі вачыма і бровамі, якія рухаліся безупынна, у адной бялізне і панчохах, хуткімі мяккімі крокамі падышоў да арыштанта, паглядзеў на яго, потым на Нехлюдава і гучна зарагатаў. Гэта быў вар‘ят, які знаходзіўся ў прыймовым пакоі.

— Хочуць запалохаць мяне, — загаварыў ён. — Толькі-ж — не ўдасца.

Услед за гарадавымі, што прынеслі мёртвага, увайшлі акалотачны і фельчар.

Фельчар, падышоўшы да мёртвага, узяў жаўтаватую, пакрытую вяснянкамі, яшчэ мяккую, але ўжо змярцвела-бледную руку арыштанта, патрымаў яе, потым пусціў. Яна вяла ўпала на жывот нябожчыка.

— Гатоў, — сказаў фельчар, кіўнуўшы галавой, але, відаць, для парадку, расшпіліў мокрую зрэбную кашулю мерцвяка і, адкінуўшы ад вуха свае кучаравыя валасы, прыклаўся да жаўтаватых нерухомых высокіх грудзей арыштанта. Усе маўчалі. Фельчар прыпадняўся, яшчэ кіўнуў галавой і дакрануўся пальцам спачатку да аднаго, потым да другога павека над адкрытымі блакітнымі ўтаропленымі вачыма.

— Не спалохаеце, не спалохаеце, — гаварыў вар‘ят, увесь час плюючы ў напрамку да фельчара.

— Што-ж? — спытаў акалотачны.

— Што-ж? — паўтарыў фельчар. — У трупярню аднесці трэба.

— Глядзіце, ці правільна? — спытаў акалотачны.

— Пара ведаць, — сказаў фельчар, для нечага закрываючы адкрытыя грудзі мерцвяка. — Дык я пашлю за Мацвей Іванычам, няхай паглядзіць. Петроў, ідзі, — сказаў фельчар і адышоўся ад мерцвяка.

— Аднесці ў трупярню, — сказаў акалотачны. — А ты тады прыходзь у канцылярыю, — распішашся, — дадаў ён канвойнаму, які ўвесь час не адставаў ад арыштанта.

— Слухаю, — адказаў канвойны.

Гарадавыя паднялі мерцвяка і панеслі зноў уніз па сходнях. Нехлюдаў хацеў ісці за імі, але вар‘ят затрымаў яго.

— Вы-ж не ў змове, дык дайце папяроску, — сказаў ён.

Нехлюдаў дастаў партабак і даў яму. Вар‘ят, водзячы бровамі, пачаў вельмі хутка гаворачы, расказваць, як яго мучаць гіпнозам.

— Яны-ж усе супроць мяне і праз сваіх медыумаў мучаць, мардуюць мяне…

— Даруйце мне, — сказаў Нехлюдаў і, не даслухаўшы яго, вышаў на двор, жадаючы ведаць, куды аднясуць мёртвага.

Гарадавыя, несучы труп, прайшлі ўжо ўвесь двор і ўваходзілі ў пад‘езд сутарэння. Нехлюдаў хацеў падыйсці да іх, але акалотачны спыніў яго.

— Вам што трэба?

— Нічога, — адказаў Нехлюдаў.

— Нічога, дык і ідзіце.

Нехлюдаў скарыўся і пайшоў да свайго рамізніка. Рамізнік яго дрымаў. Нехлюдаў пабудзіў яго і паехаў зноў да вакзала.

Не ад‘ехаў ён і 100 крокаў, як сустрэў зноў у суправаджэнні канвойнага ламавыя калёсы, на якіх ляжаў другі, відавочна ўжо памершы арыштант. Арыштант ляжаў на спіне на калёсах, і паголеная галава яго з чорнай бародкай, пакрытая шапкай, падобнай на блін, якая з‘ехала на твар да носа, трэслася і білася пры кожным штуршку калёс. Ламавік у тоўстых ботах кіраваў канём, ідучы побач. Ззаду ішоў гарадавы. Нехлюдаў крануў за плячо свайго рамізніка.

— Што робяць! — сказаў рамізнік, спыняючы каня.

Нехлюдаў злез з таратайкі і ўслед за ламавым, зноў міма пажарнага вартавога, увайшоў на двор участка. На дварэ цяпер пажарныя ўжо скончылі мыць дрогі, і на іхнім месцы стаяў высокі кастлявы брандмаёр з сінім аколышам і, заклаўшы рукі ў кішэні, строга глядзеў на буланага з нагрызанай шыяй жарабка, якога пажарны вадзіў перад ім. Жарабок кульгаў на пярэднюю нагу, і брандмаёр сярдзіта гаварыў нешта ветэрынару, які стаяў тут-жа.

Акалотачны стаяў таксама тут. Убачыўшы другога мерцвяка, ён падышоў да ламавіка.

— Дзе паднялі? — спытаў ён, нездаволена паківаўшы галавой.

— На Старай Гарбатаўскай, — адказаў гарадавы.

— Арыштант? — запытаў брандмаёр.

— Так точна.

— Другі сёння, — сказаў акалотачны.

— Ну, парадкі. Але і спека-ж, — сказаў брандмаёр і, звярнуўшыся да пажарнага, каторы адводзіў кульгавага буланага, крыкнуў: — У крайняе стойла пастаў! Я цябе, сукінага сына, навучу, як коней калечыць, якія даражэй за цябе, шэльмы, каштуюць.

Мерцвяка, таксама, як і першага, паднялі з калёсаў гарадавыя і панеслі ў прыймовы пакой. Нехлюдаў, як загіпнатызаваны, пайшоў за імі.

— Вам чаго? — спытаў яго адзін гарадавы.

Ён, неадказваючы, ішоў туды, куды яны неслі мерцвяка.

Вар‘ят, седзячы на ложку, прагна курыў папяросу, якую яму даў Нехлюдаў.

— А, вярнуліся! — сказаў ён і зарагатаў. Убачыўшы мерцвяка, ён наморшчыўся. — Зноў, — сказаў ён. — Абрыдлі, не хлопчык-жа я, праўда? — пытліва ўсміхаючыся, звярнуўся ён да Нехлюдава.

Нехлюдаў тым часам глядзеў на мерцвяка, якога цяпер ніхто не захінаў больш, і твар якога, раней закрыты шапкай, можна было ўвесь бачыць. Наколькі той арыштант быў агідным, настолькі гэты быў надзвычайна прыгожы і тварам і ўсім целам. Гэта быў чалавек у поўным росквіце сіл. Не гледзячы на скалечаную брыццём палову галавы, невысокі круты лоб з выпуклінамі над чорнымі, цяпер змярцвелымі вачыма, быў вельмі прыгожы, таксама як і невялікі з гарбінкай нос над тонкімі чорнымі вусамі. Пасінелыя цяпер губы склаліся ў усмешку; невялікая бародка толькі акружала ніжнюю частку твара, і на паголеным баку чэрапа віднелася невялікае моцнае і прыгожае вуха. Выраз твара быў і спакойны, і суровы, і добры. Не гаворачы ўжо аб тым, што па твары гэтым можна было бачыць, якія магчымасці духоўнага жыцця былі загублены ў гэтым чалавеку, — па тонкіх касцях рук і закутых ног і па дужых мускулах усіх прапарцыянальных членаў можна было бачыць, якая гэта была прыгожая, моцная, спрытная чалавечая жывёла, як жывёла ў сваім родзе куды больш дасканалая, як той буланы жарабок, за псаванне якога гэтак злаваўся брандмаёр. А тым часам яго замардавалі, і не толькі ніхто не шкадаваў яго, як чалавека, — ніхто не шкадаваў яго, як дарэмна загубленую рабочую жывёлу. Адзінае пачуццё, выкліканае ва ўсіх людзях яго смерцю, было пачуццё дасады за клопаты, якія з‘яўляліся ў выніку неабходнасці пазбавіцца ад гэтага цела, якое пагражала гніццём.

У прыймовы пакой увайшлі доктар з фельчарам і прыватны. Доктар быў моцны прысадзісты чалавек у часунчовым пінжаку і такіх самых вузкіх панталонах, якія абцягвалі яго мускулістыя сцёгны. Прыватны быў маленькі, тоўсты, з падобным на кулю чырвоным тварам, які рабіўся яшчэ больш круглым ад яго прывычкі набіраць у шчокі паветра і павольна выпускаць яго. Доктар падсеў на ложак да мерцвяка, таксама, як і фельчар, дакрануўся да рукі, пасухаў сэрца і ўстаў, папраўляючы панталоны.

— Мярцвейшыя не бываюць, — сказаў ён.

Прыватны набраў поўны рот паветра і паволі выпусціў яго.

— З якой турмы? — звярнуўся ён да канвойнага.

Канвойны адказаў і напомніў пра кайданы, якія былі на памершым.

— Загадаю зняць; хвала богу, кавалі ёсць, — сказаў прыватны і, зноў надзьмуўшы шчокі, пайшоў да дзвярэй, павольна выпускаючы паветра.

— Чаму-ж гэта так? — звярнуўся Нехлюдаў да доктара.

Доктар паглядзеў на яго праз акуляры.

— Што, чаму так? Што паміраюць ад сонечнага ўдару? А так, седзячы без руху, без святла ўсю зіму, і раптам на сонца, ды ў гэткі дзень, як сёння, ды ідуць натоўпам, свежага паветра нехапае. Вось і ўдар.

— Дык навошта-ж іх пасылаюць?

— А гэта вы іх спытайце, А вы, уласна, хто?

— Я старонні.

— А-а!.. Бывайце. Я не маю часу, — сказаў доктар і, з дасадай смаргнуўшы ўніз панталоны, накіраваўся да ложкаў хворых.

— Ну, твае справы як? — звярнуўся ён да крываротага бледнага чалавека з завязанай шыяй.

Вар‘ят тым часам сядзеў на сваім ложку і, перастаўшы курыць, пляваў у напрамку да доктара.

Нехлюдаў сышоў уніз на двор і міма пажарных коней, і курэй, і вартавога ў меднай касцы прайшоў у вароты, сеў на свайго рамізніка, які зноў было заснуў, і паехаў на вакзал.


XXXVIII

Калі Нехлюдаў прыехаў на вакзал, арыштанты ўжо ўсе сядзелі ў вагонах за вокнамі з кратамі. На платформе стаяла некалькі чалавек праважатых: іх не падпускалі да вагонаў. Канвойныя сёння былі асабліва заклапочаны. Па дарозе ад турмы да вакзала ўпала і памерла ад удару, апрача тых двух чалавек, якіх бачыў Нехлюдаў, яшчэ тры чалавекі: аднаго адвезлі, таксама, як першых двух, у бліжэйшы ўчастак, і два ўпалі ўжо тут, на вакзале[32]. Заклапочаны канвойныя былі не тым, што памерла пад іхнім канвоем пяць чалавек, якія-б маглі астацца жывымі. Гэта іх не займала, а займала іх толькі тое, каб выканаць усё тое, што па закону патрабавалася ў гэтых выпадках: здаць куды трэба мёртвых і іхнія паперы і рэчы і выключыць іх з ліку тых, якіх трэба везці ў Ніжні, а гэта было вельмі клапатліва, асабліва ў гэткую спеку.

І вось гэтым і былі заняты канвойныя, і таму, пакуль усё гэта не было зроблена, не пускалі Нехлюдава і іншых, што таксама прасілі аб гэтым, падыйсці да вагонаў. Нехлюдава, аднак, усё-ж такі пусцілі, таму што ён даў грошай канвойнаму унтэр-афіцэру. Унтэр-афіцэр гэты прапусціў Нехлюдава і прасіў яго толькі хутчэй пагаварыць і адыйсці, каб не бачыў начальнік. Усіх вагонаў было 18, і ўсе, апрача вагона начальства, былі поўна набіты арыштантамі. Праходзячы каля акон вагонаў, Нехлюдаў прыслухоўваўся да таго, што адбывалася ў іх. Ва ўсіх вагонах чуўся звон кайданаў, мітусніна, гамонка, перасыпаная бязглуздай лаянкай, але нідзе не гаварылася, як таго чакаў Нехлюдаў, аб памёршых у дарозе таварышах. Гаварылі больш пра мяшкі, пра ваду і пра выбар месца. Заглянуўшы ў акно аднаго з вагонаў, Нехлюдаў убачыў у сярэдзіне яго, у праходзе, канвойных, якія здымалі з арыштантаў наручні. Арыштанты працягвалі рукі, і адзін канвойны ключом адмыкаў замок на наручнях і здымаў іх. Другі збіраў наручні. Прайшоўшы ўсе мужчынскія вагоны, Нехлюдаў падышоў да жаночых. У другім з іх чуўся роўнамерны жаночы стогн з прымаўленнем. „О-о-о! Матулечка! О-о-о! Матулечка, родная!“

Нехлюдаў прайшоў міма і, як паказаў канвойны, падышоў да акна трэцяга вагона. З акна, як толькі Нехлюдаў наблізіў да яго галаву, тхнула гарачынёй, насычанай густой парай чалавечага поту, і выразна пачуліся вісклівыя жаночыя галасы. На ўсіх лавах сядзелі, расчырванеўшыся, потныя жанчыны ў халатах і кофтах і звонка гутарылі. Блізкі ад кратаў твар Нехлюдава звярнуў іх увагу. Бліжэйшыя замаўчалі і пасунуліся да яго. Маслава ў адной кофтачцы і без хусткі сядзела каля процілеглага акна. Бліжэй сюды сядзела, усміхаючыся, белая Фядос‘я. Пазнаўшы Нехлюдава, яна штурханула Маславу і рукой паказала ёй на акно. Маслава паспешна ўстала, накінула на чорныя валасы хустку і з усмешкай на ўзбадзёраным, чырвоным, потным твары падышла да акна і ўзялася за краты.

— І гарачыня, — сказала яна, радасна ўсміхаючыся.

— Атрымалі рэчы?

— Атрымала, дзякую.

— Ці не трэба вам чаго? — спытаў Нехлюдаў, адчуваючы, як, нібы з лазні, тхне гарачынёй з душнага вагона.

— Нічога не трэба, дзякую.

— Напіцца-б, — сказала Фядос‘я.

— Так, напіцца-б, — паўтарыла Маслава.

— Хіба ў вас няма вады?

— Ставяць, але ўсю выпілі.

— Зараз, — сказаў Нехлюдаў. — Я папрашу канвойнага. Цяпер да Ніжняга не пабачымся.

— А вы хіба едзеце? — нібы не ведаючы гэтага, сказала Маслава, радасна зірнуўшы на Нехлюдава.

— Еду з наступным поездам.

Маслава нічога не сказала, і толькі праз некалькі секунд глыбока ўздыхнула.

— Што-ж гэта, паночак, праўда, што дванаццаць чалавек замардавалі да смерці? — сказала грубым мужчынскім голасам старая суровая арыштантка.

Гэта была Караблёва.

— Я не чуў, што дванаццаць. Я бачыў двух, — сказаў Нехлюдаў.

— Кажуць дванаццаць. Няўжо-ж ім за гэта нічога не будзе. Вось д‘яблы!?

— А з жанчын ніхто не захварэў? — спытаў Нехлюдаў.

— Бабы цвярдзей, — смеючыся, сказала другая нізенькая арыштантка, — толькі вось адна раджаць надумалася. Вось заходзіцца, — сказала яна, паказваючы на суседні вагон, з якога чуліся ўсе тыя самыя стогны.

— Вы гаворыце, ці не трэба чаго, — сказала Маслава, стараючыся стрымаць губы ад радаснай усмешкі, — ці нельга гэтую жанчыну пакінуць, а то мучыцца. Вось-бы сказалі начальству.

— Добра, я скажу.

— А вось яшчэ, — ці нельга ёй Тараса, мужа свайго, пабачыць, — дадала яна, вачыма паказввючы на Фядос‘ю, якая ўсміхалася. — Ён-жа з вамі едзе.

— Пане, нельга размаўляць, — пачуўся голас канвойнага унтэр-афіцэра. Гэта быў не той, які пусціў Нехлюдава.

Нехлюдаў адышоўся і пайшоў шукаць начальніка, каб прасіць яго аб жанчыне, якая раджала, і аб Тарасе, але доўга не мог знайсці яго і дамагчыся адказу ад канвойных. Яны былі вельмі заклапочаны: адны вялі кудысьці нейкага арыштанта, другія бегалі купляць сабе харч і размяшчалі свае рэчы па вагонах, трэція прыслугоўвалі нейкай даме, якая ехала з канвойным афіцэрам, і неахвотна адказвалі на пытанні Нехлюдава.

Нехлюдаў убачыў канвойнага афіцэра ўжо пасля другога званка. Афіцэр, абціраючы сваёй кароткай рукой вусы, што закрывалі яму рот, і падняўшы плечы, рабіў вымову за нешта фельдфебелю.

— Вам што, ўласна, трэба? — спытаў ён Нехлюдава.

— У вас жанчына раджае ў вагоне, дык я думаў трэба-б…

— Ну, і хай раджае. Тады відаць будзе, — сказаў канвойны, праходзячы ў свой вагон і жвава размахваючы сваімі кароткімі рукамі.

У гэты час прайшоў кандуктар з свістком у руцэ; пачуўся апошні званок, свісток, і сярод праважатых на платформе і ў жаночым вагоне пачуўся плач і лямант. Нехлюдаў стаяў побач з Тарасам на платформе і глядзеў, як адзін за адным цягнуліся міма яго вагоны з кратаванымі вокнамі, з якіх віднеліся паголеныя галовы мужчын. Потым параўняўся першы жаночы вагон, у акне якога відаць былі галовы проставалосых у хусцінках жанчын; потым другі вагон, у якім чуўся ўсё той-жа стогн жанчыны, потым вагон, у якім была Маслава. Яна разам з другімі стаяла каля акна і глядзела на Нехлюдава і жаласліва ўсміхалася яму.


XXXIX

Да адыходу пасажырскага поезда, з якім ехаў Нехлюдаў, аставалася дзве гадзіны. Нехлюдаў спачатку думаў за гэты час з‘ездзіць яшчэ да сястры, але цяпер, пасля ўражанняў гэтай раніцы, адчуў сябе да гэткай ступені ўсхваляваным і разбітым, што, сеўшы на канапку першага класа, зусім нечакана адчуў гэткую санлівасць, што павярнуўся на бок, паклаў пад шчаку далонь і адразу-ж заснуў. Яго пабудзіў лёкай у фраку, са значком і сарветкай.

— Пане, пане, ці не вы будзеце Нехлюдаў, князь? Пані вас шукаюць.

Нехлюдаў ускочыў, праціраючы вочы, і ўспомніў, дзе ён і ўсё тое, што было сёння раніцою.

У яго ўспамінах былі: шэсце арыштантаў, мерцвякі, вагоны з кратамі і замкнутыя там жанчыны, з якіх адна мучыцца, без дапамогі раджаючы, а другая жаласліва ўсміхаецца яму з-за жалезных кратаў. У сапраўднасці-ж было перад ім зусім іншае: устаўлены бутэлькамі, вазамі, кандэлябрамі і прыборамі стол, спрытныя лёкаі, якія сноўдалі каля стала. У глыбіні залы перад шафай, за вазамі з фруктамі і бутэлькамі, буфетчык і каля буфета спіны пасажыраў.

У той час, калі Нехлюдаў уставаў і садзіўся і пакрыху апамятаўся, ён заўважыў, што ўсе прысутныя з цікаўнасцю пазіралі на нешта, што адбывалася каля дзвярэй. Ён паглядзеў і ўбачыў шэсце людзей. Яны неслі на крэсле даму, галава якой была захутана лёгкім пакрывалам. Пярэдні насільшчык быў лёкай і здаўся знаёмым Нехлюдаву. Задні быў таксама знаёмы швейцар з галуном на шапцы. За крэслам ішла элегантная пакаёўка ў фартуху і кудзерках і несла вузельчык, нейкую круглую рэч у скураным футляры і парасоны. Яшчэ ззаду з сваімі адвіслымі тоўстымі губамі і апаплектычнай шыяй, выпяўшы грудзі, ішоў князь Карчагін у дарожнай фуражцы і яшчэ ззаду — Місі, Міша, стрыечны брат, і знаёмы Нехлюдаву дыпламат Остэн з сваёй доўгай шыяй, выпятым кадыком і заўсёды вясёлым выглядам і настроем. Ён ішоў, нешта пагрозліва, але, відавочна, жартаўліва даказваючы Місі, якая ўсміхалася. Ззаду ішоў доктар, сярдзіта курачы папяросу.

Карчагіны пераязджалі з свайго падгародняга маёнтка да сястры княгіні ў яе маёнтак па Ніжагародскай дарозе.

Шэсце насільшчыкаў, пакаёўкі і доктара накіравалася ў дамскі пакой, выклікаючы цікаўнасць і павагу ўсіх прысутных. Стары-ж киязь, прысеўшы да стала адразу-ж паклікаў да сябе лёкая і пачаў нешта заказваць яму. Міссі з Остэнам таксама спыніліся ў сталовай і толькі хацелі сесці, як убачылі ў дзвярах знаёмую і пайшлі ёй насустрач. Знаёмая гэта была Наталля Іванаўна. Наталля Іванаўна, разам з Аграфенай Пятроўнай, азіраючыся па баках, уваходзіла ў сталовую. Яна амаль адначасова ўбачыла Місі і брата. Яна раней падышла да Місі, толькі кіўнуўшы галавой Нехлюдаву; але, пацалаваўшыся з Місі, адразу-ж звярнулася да яго.

— Нарэшце я цябе знайшла, — сказала яна.

Нехлюдаў устаў, прывітаўся з Місі, Мішам і Остэнам і спыніўся, размаўляючы. Місі расказала яму пра пажар іхняга дома ў вёсцы, які прымусіў іх пераязджаць да цёткі. Остэн па гэтаму выпадку пачаў расказваць спешны анекдот пра пажар.

Нехлюдаў, не слухаючы Остэна, звярнуўся да сястры:

— Як я рад, што ты прыехала, — сказаў ён.

— Я ўжо даўно прыехала, — сказала яна. — Мы з Аграфенай Пятроўнай, — яна паказала на Аграфену Пятроўну, якая ў капелюшы і ватэрпруфе з ласкавай павагай здалёк канфузліва пакланілася Нехлюдаву, не жадаючы перашкаджаць яму, — усюды шукалі цябе.

— А я тут заснуў. Як я рад, што ты прыехала, — паўтарыў Нехлюдаў. — Я ліст табе пачаў пісаць, — сказаў ён.

— Няўжо? — сказала яна спалохана. — Аб чым-жа?

Місі з сваімі кавалерамі, заўважыўшы, што паміж братам і сястрой пачынаецца інтымная гутарка, адышлася ўбок. Нехлюдаў-жа з сястрой селі каля акна на аксамітную канапку побач з нейчымі рэчамі, пледам і кардонкай.

— Я ўчора, калі пайшоў ад вас, хацеў вярнуцца і пакаяцца, але не ведаў, як ён сустрэне, — сказаў Нехлюдаў. — Я нядобра гаварыў з тваім мужам, і мяне гэта мучыла, — сказаў ён.

— Я ведала, я ўпэўнена была, — сказала сястра, — што ты не хацеў. Ты-ж ведаеш…

І слёзы выступілі на яе вачах, і яна дакранулася да яго рукі. Фраза гэта была цмянай, але ён зразумеў яе цалкам і яго расчуліла тое, што яна значыла. Словы яе значылі тое, што, апрача яе любові, пануючай над усёй ёю, — любові да свайго мужа, для яе важна і дорага яе любоў да яго, да брата, і што ўсякая сварка з ім — для яе цяжкая пакута.

— Дзякую, дзякую табе… Ах, што я бачыў сёння, — сказаў ён, раптам успамінаючы другога памёршага арыштанта. — Два арыштанты забіты.

— Як забіты?

— Так забіты. Іх павялі ў гэту спёку. І двое памерлі ад сонечнага ўдару.

— Не можа быць! Як? Сёння? Цяпер?

— Але, цяпер. Я бачыў іхнія трупы.

— Але дзеля чаго забілі? Хто забіў? — сказала Наталля Іванаўна.

— Забілі тыя, хто сілком вёў іх, — раззлавана сказаў Нехлюдаў, адчуваючы, што яна глядзіць на гэту справу вачыма свайго мужа.

— Ах, божа мой! — сказала Аграфена Пятроўна, падыходзячы бліжэй да іх.

— Мы-ж не маем ніякага ўяўлення аб тым, што робіцца з гэтымі няшчаснымі, а трэба гэта ведаць, — дадаў Нехлюдаў, гледзячы на старога князя, які, завязаўшыся сарветкай, сядзеў каля стала за крушонам і ў гэты самы час азірнуўся на Нехлюдава.

— Нехлюдаў! — крыкнуў ён, — хочаце асвяжыцца? На дарогу цудоўна.

Нехлюдаў адмовіўся і адвярнуўся.

— Але што-ж ты зробіш? — працягвала Наталля Іванаўна.

— Што магу. Я не ведаю, але адчуваю, што павінен нешта зрабіць. І што магу, тое зраблю.

— Так, так, я гэта разумею. Ну, а з гэтымі, — сказала яна, усміхаючыся і паказваючы вачыма на Карчагіна, — няўжо зусім скончана?

— Зусім, і я думаю, што з абодвух бакоў без жалю.

— Шкада. Я шкадую. Я яе люблю. Ну ўявім, што гэта так. Але навошта ты хочаш звязваць сябе? — дадала яна нясмела. — Навошта ты едзеш?

— Еду таму, што так трэба, — сур‘ёзна і суха сказаў Нехлюдаў, нібы жадаючы спыніць гэту размову. Але адразу-ж яму зрабілася сорамна за сваю халоднасць да сястры.

„Чаму не сказаць ёй усяго, што я думаю? — падумаў ён. — І хай і Аграфена Пятроўна пачуе“, — сказаў ён сабе, зірнуўшы на старую пакаёўку. Прысутнасць Аграфены Пятроўны яшчэ больш падахвочвала яго паўтарыць сястры сваё рашэнне.

— Ты гаворыш аб маім намеры ажаніцца з Кацюшай? Дык вось бачыш, я парашыў гэта зрабіць, але яна рашуча і цвёрда адмовіла мне, — сказаў ён, і голас яго задрыжэў, як дрыжэў заўсёды, калі ён гаварыў аб гэтым. — Яна не хоча маёй ахвяры і сама ахвяруе, для яе, у яе становішчы, шмат чым, і я не магу прыняць гэтай ахвяры, калі гэта мінутнае. І вось я еду за ёю і буду там, дзе яна будзе, і буду, колькі магу, памагаць, каб аблягчыць яе долю.

Наталля Іванаўна нічога не сказала. Аграфена Пятроўна пытліва пазірала на Наталлю Іванаўну і ківала галавой. У гэты час з дамскага пакоя вышла зноў шэсце. Той самы прыгожы лёкай Філіп і швейцар неслі княгіню. Яна спыніла насільшчыкаў, паклікала да сябе Нехлюдава і, жаласліва млеючы, працягнула яму белую ў пярсцёнках руку, з жахам чакаючы цвёрдага паціскання.

— Epouvantable![33] — сказала яна пра спеку. — Я не пераношу гэтага. Ce climat me tue[34]. — І, пагаварыўшы аб жахах рускага клімата і запрасіўшы Нехлюдава прыехаць да іх, яна дала знак насільшчыкам. — Дык абавязкова прыязджайце, — дадала яна, нахаду паварачваючы свой доўгі твар да Нехлюдава.

Нехлюдаў вышаў на платформу. Шэсце княгіні накіравалася направа, да першага класа. Нехлюдаў-жа з арцельшчыкам, які нёс рэчы, і Тарасам з сваім мяшком пайшлі налева.

— Вось гэта мой таварыш, — сказаў Нехлюдаў сястры, паказваючы на Тараса, гісторыю якога ён расказваў ёй раней.

— Ды няўжо ў трэцім класе? — спытала Наталля Іванаўна, калі Нехлюдаў спыніўся супроць вагона трэцяга класа, і арцельшчык з рэчамі і Тарас увайшлі ў яго.

— Ды мне лелш, я з Тарасам разам, — сказаў ён. — Вось яшчэ што, — дадаў ён, — дасюль я яшчэ не аддаў у Кузмінскім зямлю сялянам, так што ў выпадку маёй смерці твае дзеці атрымаюць спадчыну.

— Дзмітрый, годзе, — сказала Наталля Іванаўна.

— Калі-ж я і аддам, дык адно, што магу сказаць, гэта тое, што ўсё астатняе будзе іхнім, бо пэўна я не ажанюся, а калі ажанюся, дык не будзе дзяцей… так што…

— Дзмітрый, калі ласка, не гавары гэтага, — гаварыла Наталля Іванаўна, а тым часам Нехлюдаў бачыў, што яна была рада чуць тое, што ён сказаў.

Наперадзе, перад першым класам, стаяў толькі невялікі натоўп народу, усё яшчэ пазіраючы на той вагон, у які ўнеслі княгіню Карчагіну. Астатні народ быў ужо ўвесь на месцах. Запозненыя пасажыры, спяшаючыся, грукалі па дошках платформы, кандуктары зачынялі дзверцы і запрашалі падарожных садзіцца, а праважатых выходзіць.

Нехлюдаў увайшоў у распалены сонцам гарачы і смуродны вагон і адразу-ж вышаў на тормаз. Наталля Іванаўна стаяла супроць вагона ў сваім модным капелюшы і накідцы побач з Аграфенай Пятроўнай і, відавочна, шукала тэму для размовы і не знаходзіла. Нельга нават было сказаць: „ècrivez“[35], — таму што яны ўжо даўно з братам смяяліся над гэтай звычайнай фразай падарожных. Тая кароткая размова аб грашовых справах і спадчыне адразу разбурыла наладжаныя было паміж імі чулыя брацкія адносіны; яны адчувалі сябе цяпер адчужонымі адзін ад аднаго. Так што Наталля Іванаўна была рада, калі поезд пайшоў, і можна было, толькі, ківаючы галавой, з сумным і ласкавым тварам казаць: „бывай, ну, бывай, Дзмітрый!“ Але як толькі вагон ад‘ехаў, яна падумала аб тым, як перадасць яна мужу сваю размову з братам, і твар яе зрабіўся сур‘ёзным і заклапочаным. І Нехлюдаву, не гледзячы на тое, што ён з самымі лепшымі пачуццямі адносіўся да сястры і нічога не захоўваў ад яе, цяпер было цяжка, няёмка з ёю, і хацелася хутчэй аслабаніцца ад яе. Ён адчуваў, што няма больш той Наташы, якая некалі была гэткай блізкай яму, а ёсць толькі рабыня чужога яму і непрыемнага чорнага валасастага мужа. Ён ясна ўбачыў гэта, таму што твар яе асвятліўся асаблівым ажыўленнем толькі тады, калі ён загаварыў пра тое, што займала яе мужа, — пра аддачу зямлі сялянам, пра спадчыну. І ад гэтага было сумна яму.


XL

Спека ў распаленым на працягу цэльнага дня сонцам і напоўненым народам вялікім вагоне трэцяга класа была такая душная, што Нехлюдаў не пайшоў у вагон, а астаўся на тормазе. Але і тут дыхаць нечым было, і Нехлюдаў уздыхнуў усімі грудзьмі толькі тады, калі вагоны выкаціліся з-за дамоў, і павеяла скразняком. „Але, забілі“, паўтарыў ён сабе словы, сказаныя сястры. І ў уяўленні яго з-за ўсіх уражанняў сёнешняга дня з надзвычайнай яскравасцю ўзнік прыгожы твар другога мёртвага арыштанта з усмешкай на вуснах, строгім выразам ілба і невялікім моцным вухам пад паголеным пасінелым чэрапам. „І што самае жудаснае, гэта тое, што забілі, і ніхто не ведае, хто яго забіў. А забілі. Павялі яго, як і ўсіх арыштантаў, па загаду Масленнікава. Масленнікаў, напэўна, зрабіў свой звычайны загад, падпісаў сваім дурным росчыркам паперу з друкаваным загалоўкам і, канечне, ужо ніяк не палічыць сябе вінаватым. Яшчэ менш можа лічыць сябе вінаватым турэмны доктар, які аглядаў арыштантаў. Ён акуратна выканаў свой абавязак, вылучыў слабых і ніяк не мог прадбачыць ні гэткай страшэннай спекі, ні таго, што іх павядуць гэтак позна і гэткім натоўпам. Сматрыцель?.. Але сматрыцель толькі выконваў прадпісанне аб тым, каб у такі-та дзень адправіць столькі-та катаржных, сасланых, мужчын і жанчын. Таксама не можа быць вінават і канвойны, якога абавязак складаўся з таго, каб з падлікам прыняць там-та столькі-та і там-та здаць столькі-та сама. Вёў ён партыю, як звычайна і як належыць, і ніяк не мог прадбачыць, што такія моцныя людзі, як тыя два, якіх бачыў Нехлюдаў, не вытрымаюць і памруць. Ніхто не вінават, а людзі забіты і забіты ўсё-такі гэтымі самымі невінаватымі ў гэтых смерцях людзьмі“.

„Зрабілася ўсё гэта таму, — думаў Нехлюдаў, — што ўсе гэтыя людзі — губернатары, сматрыцелі, акалотачныя, гарадавыя — лічаць, што ёсць на свеце такія становішчы, у якіх чалавечы абыход з чалавекам не з‘яўляецца абавязковым. Бо ўсе гэтыя людзі — і Масленнікаў, і сматрыцель, і канвойны, — усе яны, калі-б не былі губернатарамі, сматрыцелямі, афіцэрамі, дваццаць разоў падумалі-б аб тым, ці можна адпраўляць людзей у гэткую спеку і гэткай кучай, дваццаць разоў у дарозе спыніліся-б і, убачыўшы, што чалавек млее, задыхаецца, вывелі-б яго з натоўпу, адвялі-б яго ў цень, далі-б вады, далі-б адпачыць і, калі здарылася няшчасце, выказалі-б спачуванне. Яны не зрабілі гэтага, нават перашкаджалі рабіць гэта іншым толькі таму, што яны бачылі перад сабой не людзей і свае абавазкі перад імі, а службу і яе патрабаванні, якія яны ставілі вышэй патрабаванняў чалавечых дачыненняў. У гэтым усё“, — думаў Нехлюдаў. — „Калі можна прызнаць, што-б ні было значнейшым за пачуццё чалавекалюбства, хаця-б на адну гадзіну і хаця-б у якім-небудзь адным, выключным выпадку, дык няма злачынства, якое нельга было-б зрабіць з людзьмі, не лічачы сябе вінаватым“.

Нехлюдаў гэтак задумаўся, што і не заўважыў, як надвор‘е змянілася: сонца схавалася за пярэднім нізкім, разадраным воблакам, і з заходняга гарызонта насоўвалася густая светлашэрая хмара, ужо выліваючыся там, недзе далёка, над палямі і лясамі, касым спорным дажджом. Ад хмары павявала вільготным дажджавым паветрам. Зрэдку хмару разразалі маланкі, і з грукатам вагонаў усё часцей і часцей змешваліся грымоты. Хмара надыходзіла бліжэй і бліжэй, касыя кроплі дажджу, гнаныя ветрам, пачалі пляміць пляцоўку тормаза і паліто Нехлюдава. Ён перайшоў на другі бок і, удыхаючы вільготную свежасць і хлебны пах зямлі, якая доўга чакала дажджу, глядзеў, як міма беглі сады, лясы, жаўтаватыя палі жыта, зялёныя яшчэ палоскі аўса і чорныя барозны цёмназялёнай квітнеючай бульбы. Усё як быццам пакрылася лакам: зялёнае рабілася зелянейшым, жоўтае — жаўцейшым, чорнае — чарнейшым.

— Яшчэ, яшчэ! — гаварыў Нехлюдаў, радуючыся ажыўленню палёў, садоў, гародаў пад жыватворчым дажджом.

Пролівень ліў нядоўга. Хмара часткова вылілася, часткова прайшла, і на мокрую зямлю падалі ўжо апошнія простыя, частыя, дробныя кроплі. Сонца зноў выглянула, усё заблішчэла, а на ўсходзе загнулася над гарызонтам невысокая, але яркая, з густым фіялетавым колерам вясёлка, якая перарывалася толькі ў адным канцы.

„Але, пра што-ж гэта я думаў? — спытаў сябе Нехлюдаў, калі ўсе гэтыя змены ў прыродзе скончыліся, і поезд спусціўся ў выемку з высокімі адхонамі. — Так, я думаў аб тым, што ўсе гэтыя людзі: сматрыцель, канвойныя, усе гэтыя службоўцы, пераважна лагодныя, добрыя людзі, зрабіліся злымі толькі таму, што яны служаць“.

Ён успомніў абыякавасць Масленнікава, калі ён гаварыў яму аб тым, што робіцца ў турме, строгасць сматрыцеля, жорсткасць канвойнага афіцэра, калі ён не пускаў на фурманкі і не звярнуў увагі на тое, што ў поездзе мучыцца парадзіха.

„Усе гэтыя людзі, відавочна, былі неўразлівымі, непрамакальнымі для самага простага пачуцця спачування толькі таму, што яны служылі. Яны, як служачыя, былі непранікальнымі для пачуцця чалавекалюбства, як гэта брукаваная зямля для дажджу, — думаў Нехлюдаў, гледзячы на забрукаваны рознакаляровымі каменнямі адхон выемкі, па якому дажджавая вада не ўсочвалася ў зямлю, а сцякала ручаінкамі. — Мабыць, і трэба абкладаць каменнямі выемкі, але сумна глядзець на гэту пазбаўленую расліннасці зямлю, якая-б магла радзіць хлеб, траву, кусты, дрэвы, як тыя, каторыя віднеюцца наверсе выемкі. Тое самае і з людзьмі, — думаў Нехлюдаў, — мабыць і патрэбны гэтыя губернатары, сматрыцелі, гарадавыя, але жудасна бачыць людзей, пазбаўленых галоўнай чалавечай уласцівасці — любові і жаласці адзін да другога“.

„Уся справа ў тым, — думаў Нехлюдаў, — што людзі гэтыя прызнаюць законам тое, што не ёсць закон, і не прызнаюць законам тое, што ёсць вечны, нязменны, безадкладны закон, самім богам напісаны ў сэрцах людзей. Таму мне і бывае так цяжка з гэтымі людзьмі, — думаў Нехлюдаў. — Я проста баюся іх. І сапраўды, людзі гэтыя страшныя. Больш страшныя, як разбойнікі. Разбойнік усё-такі можа пашкадаваць — гэтыя-ж не могуць пашкадаваць: яны застрахованы ад жалю, як гэтыя каменні ад расліннасці, Вось гэтым яны і жудасны. Гавораць, жудасны Пугачовы, Разіны. Гэтыя жудаснейшыя ў тысячу разоў, — працягваў ён думаць, — калі-б была дадзена псіхалагічная задача: як зрабіць так, каб людзі нашага часу, хрысціяне, гуманныя, проста добрыя людзі, рабілі самыя жудасныя злачынствы, не адчуваючы сябе вінаватымі, дык магчыма толькі адно вырашэнне: трэба, каб было тое самае, што ёсць, трэба, каб гэтыя людзі былі губернатарамі, сматрыцелямі, афіцэрамі, паліцэйскімі, г. зн., каб, па-першае, былі ўпэўнены, што ёсць такая справа, якая завецца дзяржаўнай службай, пры якой можна абыходзіцца з людзьмі, як з рэчамі, без чалавечага, брацкага дачынення да іх, а, па-другое, каб людзі гэтай самай дзяржаўнай службай былі звязаны так, каб адказнасць за вынікі іхніх учынкаў з людзьмі не лажылася ні на каго асобна. Па-за гэтымі ўмовамі няма магчымасці ў наш час рабіць такія жудасныя справы, як тыя, якія я бачыў сёння. Уся справа ў тым, што людзі думаюць, што ёсць становішчы, у якіх можна абыходзіцца з чалавекам без любові, а такіх становішчаў няма. З рэчамі можна абыходзіцца без любові: можна сячы дрэвы, рабіць цэглу, каваць жалеза без любові; але з людзьмі нельга абыходзіцца без любові таксама, як нельга абыходзіцца з пчоламі без асцярожнасці. Гэткую ўласцівасць маюць пчолы. Калі пачнеш абыходзіцца з імі неасцярожна, дык і ім пашкодзіш і сабе. Тое самае і з людзьмі. І гэта не можа быць іначай, таму што ўзаемная любоў паміж людзьмі ёсць асноўны закон жыцця чалавечага. Праўда, што чалавек не можа прымусіць сябе любіць, як ён можа прымусіць сябе працаваць, але з гэтага не выходзіць, што можна абыходзіцца з людзьмі без любові, асабліва, калі чаго-небудзь патрабуеш ад іх. Не адчуваеш любові да людзей, сядзі ціха, — думаў Нехлюдаў, звяртаючыся да сябе, — займайся сабой, рэчамі, чым хочаш, але толькі не людзьмі. Як есці можна без шкоды і з карысцю толькі тады, калі хочацца есці, гэтак і з людзьмі можна абыходзіцца з карысцю і без шкоды толькі тады, калі любіш. Толькі дазволь сабе абыходзіцца з людзьмі без любові, як ты ўчора абыходзіўся з шваграм, і няма канца і краю жорсткасці і лютасці ў дачыненні да іншых людзей, як гэта я бачыў сёння, і няма мяжы пакуты для сябе, як я даведаўся пра гэта з усяго свайго жыцця. Але, але, гэта так, — думаў Нехлюдаў. Гэта добра, добра!“ — паўтараў ён сабе, адчуваючы падвойную асалоду — прахалоды пасля пякельнай спекі і ўсведамлення дасягнутай вышэйшай ступені яснасці ў пытанні, якое даўно займала яго.


XLI

Вагон, у якім было месца Нехлюдава, быў да паловы поўны народам. Былі тут прыслуга, масцеравыя, фабрычныя, мяснікі, яўрэі, прыказчыкі, жанчыны, жонкі рабочых, быў салдат, былі дзве пані: адна маладая, другая паджылая з браслетамі на аголенай руцэ і пан са строгім выглядам з какардай на чорнай фуражцы. Усе гэтыя людзі, ужо заспакоеныя пасля размяшчэння, сядзелі ціха, хто лускаючы семкі, хто курачы папяросы, хто жвава гутарачы з суседзямі.

Тарас з шчаслівым выглядам сядзеў направа ад праходу, пільнуючы месца для Нехлюдава, і жвава гутарыў з мускулістым чалавекам у расшпіленай суконнай паддзёўцы, які сядзеў супроць яго. Гэта быў, як потым даведаўся Нехлюдаў, садоўнік, які ехаў на месца. Не даходзячы да Тараса, Нехлюдаў спыніўся ў праходзе каля паважнага на выгляд дзеда з белай барадой, у нанкавай паддзёўцы. Дзед гутарыў з маладой жанчынай ў вясковым адзенні. Побач з жанчынай сядзела, далёка не дастаючы нагамі да падлогі, сямігадовая дзяўчынка ў новым сарафанчыку з касіцай амаль белых валасоў і, не перастаючы, лускала семкі. Азірнуўшыся на Нехлюдава, дзед падабраў з глянцавітай лаўкі, на якой ён сядзеў адзін, палу сваёй паддзёўкі і ласкава сказаў:

— Калі ласка, сядайце.

Нехлюдаў падзякаваў і сеў на паказанае месца. Як толькі Нехлюдаў сеў, жанчына працягвала спынены расказ. Яна расказвала пра тое, як яе ў горадзе сустрэў муж, ад якога яна цяпер вярталася.

— На масленіцу была, ды вось, бог даў, цяпер пабывала, — гаварыла яна. — Цяпер, калі бог дасць, на каляды.

— Добрая справа, — сказаў дзед, азіраючыся на Нехлюдава, — наведваць трэба, а то чалавек разбэсціцца, у горадзе жывучы.

— Не, дзядуля, мой — не такі чалавек. Не тое, што глупства якога, ён як красная дзяўчына. Грошы ўсе да капеечкі дамоў пасылае. А як дзяўчынку сустрэў — от узрадаваўся, што і сказаць нельга, — сказала жанчына ўсміхаючыся. Дзяўчынка, якая плявалася семкамі і слухала маці, нібы сцвярджаючы словы маці, зірнула спакойнымі, разумнымі вачыма ў твар дзеда і Нехлюдава.

— А разумны, дык і таго лепей, — сказаў дзед. — А вось гэтым не займаецца? — дадаў ён, паказваючы вачыма на парачку — мужа з жонкай, напэўна фабрычных. Яны сядзелі з другога боку праходу. Фабрычны — муж, прыставіўшы да рота бутэльку з гарэлкай, захіліўшы галаву, цягнуў з яе, а жонка, трымаючы ў руцэ мяшок, з якога вынята была бутэлька, уважліва глядзела на мужа.

— Не, мой і не п‘е, і не курыць, — сказала жанчына, што гутарыла са старым, карыстаючыся выпадкам яшчэ раз пахваліць свайго мужа. — Такіх людзей, дзядуля, мала зямля родзіць. Вось ён які, — сказала яна, звяртаючыся і да Нехлюдава.

— Лепей не трэба, — паўтарыў дзед, гледзячы, як п‘е фабрычны.

Фабрычны, адпіўшы з бутэлькі, падаў яе жонцы. Жонка ўзяла бутэльку і, смеючыся і ківаючы галавой, прыклала яе таксама да рота. Заўважыўшы на сабе погляд Нехлюдава і дзеда, фабрычны звярнуўся да іх:

— Што, паночку? Што п‘ем мы? Як працуем — ніхто не бачыць, а вось як п‘ем — усе бачаць. Зарабіў — і п‘ю і жонку частую. І ўсё тут.

— Так, так, — сказаў Нехлюдаў, не ведаючы, што адказаць.

— Правільна, пане? Жонка мая жанчына цвёрдая! Я з жонкай у згодзе жыву, таму яна мне можа спачуваць. Правільна я кажу, Маўра?

— Ну, на, вазьмі. Не хачу болей, — сказала жонка, аддаючы яму бутэльку. — І чаго мелеш глупства, — дадала яна.

— Вось як, — працягваў фабрычны, — то добрая-добрая, а то і зарыпіць, як калёсы непадмазаныя. Маўра, так я кажу?

Маўра, смеючыся, п‘яным жэстам махнула рукой.

— Ну, пачаў…

— Вось яно як, добрая-добрая да часу, а як занатурыцца, яна тое зробіць, што і падумаць нельга… Праўду я кажу. Вы мне, пане, даруйце. Я выпіў, ну, што-ж цяпер рабіць… — сказаў фабрычны і пачаў класціся спаць, схіліўшы галаву на калені жонкі, якая ўсміхалася.

Нехлюдаў пасядзеў некаторы час з дзедам, які расказаў яму пра сябе, што ён пячнік, 53 гады працуе і склаў на сваім вяку пячэй, што і ліку няма, а цяпер збіраецца адпачыць, але ўсё няма калі. Быў вось у горадзе, прыстроіў хлапцоў на работу, а цяпер едзе ў вёску наведаць сваякоў. Выслухаўшы расказ дзеда, Нехлюдаў устаў і пайшоў на тое месца, якое пільнаваў для яго Тарас.

— Што-ж, пане, садзіцеся. Мы мяшок сюды адсунем, — ласкава сказаў, зірнуўшы ўгору, у твар Нехлюдава садоўнік, які сядзеў супроць Тараса.

— „В тесноте, да не в обиде“, — сказаў пявучым голасам, усміхаючыся Тарас і, як пёрка, сваімі моцнымі рукамі падняў свой двухпудовы мяшок і перанёс яго да акна. — Месца шмат, а то і пастаяць можна, і пад лаўкай можна. Яшчэ як спакойна. А то сварыцца! — гаварыў ён, свецячыся добрадушшам і ласкавасцю.

Тарас гаварыў пра сябе, што калі ён не вып‘е, у яго слоў няма, а што ў яго ад віна знаходзяцца словы добрыя, і ён усё сказаць можа. І сапраўды, цвярозым Тарас маўчаў; калі-ж выпіваў, што здаралася з ім рэдка і толькі ў асаблівых выпадках, дык ён рабіўся асабліва прыемна-гаваркім. Ён гаварыў тады і багата і добра, — з вялікай простасцю, шчырасцю і, галоўнае, ласкавасцю, якая так і свяцілася з яго добрых блакітных вачэй і з ветлівай усмешкай, што не зыходзіла з вуснаў.

У гэткім становішчы ён быў сёння. Набліжэнне Нехлюдава на мінуту прымусіла яго замаўчаць. Але, прыладзіўшы мяшок, ён сеў, як раней, і, паклаўшы, дужыя рабочыя рукі на калені, гледзячы проста ў вочы садоўніку, працягваў свой расказ. Ён расказваў свайму новаму знаёмаму падрабязна гісторыю сваёй жонкі, за што яе саслалі, і чаму ён цяпер ехаў за ёю ў Сібір.

Нехлюдаў ніколі не чуў падрабязна гэтага расказа і таму з цікавасцю слухаў. Ён заспеў на тым месцы, калі атручэнне было зроблена, і ў сям‘і даведаліся, што зрабіла гэта Фядос‘я.

— Гэта я пра сваё гора расказваю, — сказаў Тарас, шчыра, як да прыяцеля, звяртаючыся да Нехлюдава. — На чалавека такога напаў душэўнага, — разгаварыліся, я і кажу.

— Так, так, — сказаў Нехлюдаў.

— Ну, вось, гэткім чынам, братка ты мой, высветлілася справа. Узяла маці скавароднік гэты самы, „іду, — гаворыць, — да урадніка“. Бацька ў мяне стары, правільны. „Пачакай, — гаворыць старая, — маладзіца — дзіцёнак зусім, сама не ведала, што рабіла, пашкадаваць трэба. Яна, можа, апамятаецца“. Куды там, не слухае нічога. Пакуль мы яе трымаць будзем, яна, — гаворыць, — нас, як прусакоў звядзе“. Пайшлі, братка ты мой, да урадніка. Той адразу прыпёрся да нас… Адразу панятых.

— Ну, а ты што? — спытаў садоўнік.

— А я, браце ты мой, ад жывата валяюся ды блюю. Усе вантробы перавярнула, нічога і сказаць не магу. Тады запрог бацька калёсы, пасадзіў Фядос‘ю, — у стан, а адтуль да следчага. А яна, братка ты мой, як спачатку прызналася ва ўсім, так і следчаму ўсё, як ёсць, па чарзе і выклала. І дзе мыш‘як узяла, і як скавароднікі зрабіла. „Навошта, — гаворыць, — ты зрабіла?“ — „А таму, — гаворыць, — абрыдзеў ён мне. Мне, — гаворыць, — Сібір лепей, як з ім жыць“, са мной значыцца, — усміхаючыся гаварыў Тарас. — Прызналася, значыцца, ва ўсім. — Вядомая справа, у турму. Бацька адзін вярнуўся. А тут рабочая пара надыходзіць, а баба ў нас — адна маці, але і тая ўжо знядужаная. Думалі, як быць, ці не можна на парукі ўзяць. Паехаў бацька да начальніка да аднаго — дарэмна, ён — да другога. Начальнікаў гэтых ён чалавек пяць аб‘ездзіў. Зусім ужо было пакінулі хадайнічаць, ды сустрэўся тут чалавечак адзін, з службоўцаў. Даступны такі, што і не знойдзеш. „Давай, — гаворыць, — пяцёрку — зраблю“. Зышліся за траяк. Што-ж, браце ты мой, я яе палатно заклаў, даў. Як напісаў ён гэту паперу, — працягваў Тарас, нібы ён гаварыў пра стрэл, — адразу вышла. Я сам у той час ужо ачуняў, сам па яе ў горад ездзіў. Прыехаў я, браце ты мой, у горад. Адразу кабылу на дварэ паставіў, узяў паперу, прыходжу ў турму. „Чаго табе?“ — Так і так, кажу, гаспадыня мая тут у вас сядзіць, „А папера, — гаворыць, — ёсць?“ Адразу падаю паперу. Зірнуў ён. „Пачакай“, кажа. Прысеў я тут на лавачку. Сонца ўжо за поўдзень перайшло. Выходзіць начальнік: „Ты, — гаворыць, —Варгушоў?“ — Я самы. — „Ну, атрымлівай“, — гаворыць. Адразу адкрылі вароты. Вывелі яе ў адзенні ў сваім, як трэба. „Што-ж, пойдзем“. — „А ты хіба пешы?“ — „Не, я на кані“. Прышлі на двор, разлічыўся я за пастой і запрог кабылу, падбіў сенца, што асталося, пад крапіўны мех. Села яна, захуталася хусткай. Паехалі. Яна маўчыць, і я маўчу. Толькі пачалі пад‘язджаць да дома, яна і гаворыць: „А што, маці жыве?“ Я кажу: „Жыве“. „А бацька жывы?“ — „Жывы.“ — „Даруй, — гаворыць, — мне, Тарас, маё глупства. Я і сама не ведала, што рабіла“. А я кажу: „Многа баіць не падабаіць — даўно дараваў“. Больш я і не гаварыў нічога. Прыехалі дамоў, адразу яна маці ў ногі. Маці гаворыць: „Бог даруе“. А бацька паздароўкаўся і кажа: „Што старое памінаць. Жыві, як лепей. Цяпер, — кажа, — час не гэткі, з поля прыбіраць трэба. За скароджаным, — кажа, — на ўгноеным асмінніку жытцо гэткае, бог даў, урадзілася, што і серп не бярэ, пераблыталася ўсё і легма лягло. Выжаць трэба. Вось ты з Тараскай ідзі заўтра, пажні“. І ўзялася яна, братка ты мой, з таго часу працаваць. Ды гэтак працаваць пачала, што дзіву даешся. У нас тады тры дзесяціны арандаваныя былі, а бог даў, што авёс урадзіўся на дзіва. Я кашу, яна вяжа, а то абодва жнем. Я да працы здацен, пад рукамі гарыць, а яна яшчэ здатнейшая, за што ні возьмецца. Баба рупная ды маладая, у саку. І да работы, братка ты мой, такой прагнай зрабілася, што я яе ўжо сунімаю. Прыдзем дамоў, пальцы папухнуць, рукі гудуць, адпачыць-бы трэба, а яна, не вячэраўшы, бяжыць у хлеў, на ранне вяслы рыхтаваць. Што сталася!

— І што-ж, і з табой пачала ласкава абыходзіцца? — спытаў садоўнік.

— І не кажы, гэтак прысмалілася да мяне, што як адна душа. Што я задумаю, яна разумее. Ужо і маці, якая сярдзітая, і тая говорыць: „Фядос‘ю нашу нібы падмянілі, зусім іншай бабай зрабілася“. Едзем аднаго разу з двума калёсамі за снапамі, у адных пярэдніх сядзім з ёю. Я і кажу: „Як-жа ты гэта, Фядос‘я, тую справу надумала?“ „А як надумала, — гаворыць, — не хацела з табой жыць, лепей, думаю, памру, але не буду“. — „Ну, а цяпер?“ — кажу. — „А цяпер, — гаворыць, — ты ў мяне ў сэрцы“. — Тарас спыніўся і, радасна ўсміхаючыся, здзіўлена паківаў галавой. — Толькі прыбралі з поля, павёз я пяньку мачыць, прыязджаю дамоў, — пачакаў ён, памаўчаўшы, — бачу, абвестка — судзіць. А мы і думаць забыліся, завошта судзіць.

— Не іначай гэта, як нячысцік, — сказаў садоўнік, — хіба сам чалавек можа надумацца душу загубіць? Вось у нас чалавек адзін… — І садоўнік пачаў было расказваць, але поезд пачаў спыняцца.

— Здаецца станцыя, — сказаў ён, — пайсці напіцца.

Размова скончылася, і Нехлюдаў, услед за садоўнікам, вышаў з вагона на мокрыя дошкі платформы.


XLII

Нехлюдаў, яшчэ не выходзячы з вагона, заўважыў на дварэ станцыі некалькі багатых экіпажаў, запрэжаных чацвёркамі і тройкамі гладкіх коней, якія звякалі бубянцамі; вышаўшы-ж на пацямнелую ад дажджу мокрую платформу, ён убачыў перад першым класам кучку народу, сярод якой вылучалася высокая тоўстая дама ў капелюшы з дарагімі пер‘ямі, у ватэпруфе, і высокі малады чалавек з тонкімі нагамі, у веласіпедным гарнітуры, з вялізным гладкім сабакам у дарагім ашэйніку. За імі стаялі лёкаі з плашчамі і парасонамі і кучар. Яны вышлі сустракаць. На ўсёй гэтай кучцы, ад тоўстай пані да кучара, што падтрымліваў вольнай рукой полы доўгага кафтана, ляжала пячаць спакойнай самаўпэўненасці і забяспечанасці. Вакол гэтай кучкі адразу-ж стварыўся круг цікаўных і ліслівых перад багаццем людзей: начальнік станцыі ў чырвонай фуражцы, жандар, худзенькая дзяўчына ў рускім адзенні з бусамі, якая заўсёды прысутнічала ўлетку пры прыбыцці паяздоў, тэлеграфіст і пасажыры: мужчыны і жанчыны.

У маладым чалавеку з сабакам Нехлюдаў пазнаў гімназіста, маладога Карчагіна. Тоўстая-ж дама была сястра княгіні, у маёнтак якой пераязджалі Карчагіны. Обер-кандуктар з бліскучымі галунамі і ботамі адчыніў дзверы вагона і для пачцівасці трымаў іх у той час, калі Філіп і арцельшчык у белым фартуху асцярожна выносілі доўгатварую княгіню на яе складным крэсле; сёстры прывіталіся, пачуліся французскія фразы аб тым, у карэце ці ў калясцы паедзе княгіня, і шэсце рушыла ў дзверы станцыі. У канцы ішла кучаравая пакаёўка з парасонам і футлярам. Нехлюдаў, не жадаючы сустракацца з тым, каб зноў развітвацца, спыніўся, не даходзячы да дзвярэй станцыі, чакаючы праходжання ўсяго шэсця. Княгіня з сынам, Місі, доктар і пакаёўка прайшлі ўперад, а стары князь спыніўся ззаду з швагеркай, і Нехлюдаў, не падыходзячы блізка, чуў толькі адрывістыя французскія фразы іхняй размовы. Адна з гэтых фраз, вымаўленая князем, асталася, як гэта часта бывае, чамусьці ў памяці Нехлюдава, з усімі інтанацыямі і гукамі голасу.

— Oh! ІГезі il est du vrai grand monde, du vrai grand monde[36], — пра некага сказаў князь сваім гучным, самаўпэўненым голасам і разам з швагеркай, у суправаджэнні пачцівых кандуктараў і насільшчыкаў, прайшоў у дзверы станцыі.

У гэты самы час з-за рогу станцыі з‘явіўся аднекуль на платформу натоўп рабочых ў лапцях і з кажухамі і мяшкамі за спінамі. Рабочыя рашучымі мяккімі крокамі падышлі да першага вагона і хацелі ўвайсці ў яго, але адразу-ж былі адагнаны ад яго кандуктарам. Не спыняючыся, рабочыя пайшлі, спяшаючы і наступаючы адзін аднаму на ногі, далей, да суседняга вагона, і пачалі ўжо, чапляючыся мяшкамі за вуглы і дзверы вагона, уваходзіць у яго, як другі кандуктар ад дзвярэй станцыі ўбачыў іхні намер і строга закрычаў на іх. Рабочыя, якія паспелі ўвайсці, адразу-ж паспешна вышлі і зноў такімі самымі мяккімі рашучымі крокамі пайшлі яшчэ далей да наступнага вагона, таго самага, дзе сядзеў Нехлюдаў. Кандуктар зноў спыніў іх. Яны было спыніліся, збіраючыся ісці яшчэ далей, але Нехлюдаў сказаў ім, што ў вагоне ёсць месцы, і каб яны ішлі. Яны паслухаліся яго, і Нехлюдаў увайшоў услед за імі. Рабочыя хацелі ўжо размяшчацца, але пан з какардай і абедзве дамы, прыняўшы іхні намер сесці ў гэтым вагоне за асабістую знявагу для сябе, рашуча не згадзіліся з гэтым і пачалі выганяць іх. Рабочыя — іх было чалавек 20 — і старыя і зусім маладыя, усе са стомленымі, загарэлымі сухімі тварамі, адразу-ж, чапляючыся мяшкамі за лаўкі, сцены і дзверы, відавочна адчуваючы сябе цалкам вінаватымі, пайшлі далей праз вагон, відавочна, гатовыя ісці на край свету і сесці куды-б ім ні загадалі, хаця-б на цвікі.

— Куды лезеце, чэрці! Садзіцеся тут, — крыкнуў, выходзячы ім насустрач, другі кандуктар.

— Voilá encore des nouvelles![37] — вымавіла маладая з двух дам, цалкам упэўненая, што яна сваёй добрай французскай мовай зверне на сябе ўвагу Нехлюдава. Дама-ж з браслетамі толькі ўсё прынюхвалася, маршчынілася і нешта сказала пра прыемнасць сядзець з смярдзючымі мужыкамі.

Рабочыя-ж, адчуваючы радасць і заспакаенне людзей, якія збавіліся ад вялікай небяспекі, спыніліся і пачалі размяшчацца, скідаючы рухамі пляча цяжкія мяшкі з спін і запіхваючы іх пад лаўкі.

Садоўнік, што гутарыў з Тарасам, сядзеў не на сваім месцы і пайшоў на сваё, так што каля і супроць Тараса былі тры месцы. Трое рабочых селі на гэтыя месцы, але, калі Нехлюдаў падышоў да іх, выгляд яго панскай вопраткі так збянтэжыў іх, што яны ўсталі, каб пайсці, але Нехлюдаў прасіў іх астацца, а сам прысеў на ручку лаўкі каля праходу.

Адзін з двух рабочых, чалавек гадоў пад пяцьдзесят, недаўменна і нават са спалохам пераглянуўся з маладым. Тое, што Нехлюдаў, замест таго, каб, як гэта ўласціва пану, лаяць і гнаць іх, уступіў ім сваё месца, вельмі здзівіла і збіла з панталыку іх. Яны нават баяліся, як-бы з гэтага не было чаго-небудзь для іх дрэннага. Убачыўшы, аднак, што тут не было ніякай небяспекі і што Нехлюдаў проста гутарыў з Тарасам, яны заспакоіліся, загадалі хлопцу сесці на мяшок і патрабавалі, каб Нехлюдаў сеў на сваё месца. Спачатку стараваты рабочы, што сядзеў супроць Нехлюдава, увесь сціскаўся, старанна падбіраючы свае абутыя ў лапці ногі, каб не піхнуць пана, але потым гэтак па-прыяцельску разгаварыўся з Нехлюдавым і Тарасам, што нават стукаў Нехлюдава па калену, перавернутай угору далонню рукой у тых месцах расказа, на якія ён хацеў звярнуць яго асаблівую ўвагу. Ён расказаў пра ўсе свае справы і пра работу на тарфяных балотах, з якой яны ехалі цяпер дамоў, адпрацаваўшы на ёй два з паловай месяцы і везучы дамоў заробленыя рублёў па 10 грошай на чалавека, бо частка заробкаў дадзена была ўперад пры найме. Працавалі яны, як ён расказваў, да кален у вадзе і з відна і да відна з двухгадзінным перапынкам на абед.

— Каторыя без прывычкі, тым, канечне, цяжка, — гаварыў ён, — а прызвычаіўся — нішто. Абы харчы былі добрыя. Спачатку харчы дрэнныя былі. Ну, а потым народ крыўдзіцца пачаў, і харчы пачалі добрыя даваць, і працаваць зрабілася лёгка.

Потым ён расказаў, як на працягу дваццаці васьмі год хадзіў на заработкі і ўвесь свой заробак аддаваў у дом, спачатку бацьку, потым старшаму брату, цяпер пляменніку, які загадваў гаспадаркай, а сам пражываў з заробленых пяцідзесяці-шасцідзесяці рублёў у год два-тры рублі на балаўство: на табак і запалкі.

— Саграшыш, калі ад стомы і гарэлачкі вып‘еш, — дадаў ён, вінавата ўсміхаючыся.

Расказаў ён яшчэ, як жанчыны за іх гаспадараць дома і як падрадчык пачаставаў іх сёння перад ад‘ездам поўвядром, як адзін з іх памёр, а другога вязуць хворага. Хворы, пра якога ён гаварыў, сядзеў у гэтым самым вагоне ў кутку. Гэта быў малады хлопчык, шэра-бледны, з сінімі губамі. Яго, відавочна, звяла і зводзіла ліхаманка. Нехлюдаў падышоў да яго, але хлопчык гэткім строгім, пакутным поглядам зірнуў на яго, што Нехлюдаў не захацеў трывожыць яго роспытамі, а параіў старшаму купіць хіны і напісаў яму на паперы назву лякарства. Ён хацеў даць грошы, але стары работнік сказаў, што не трэба: ён свае аддасць.

— Ну, колькі ні ездзіў, такіх паноў не бачыў. Не тое, каб цябе ў шыю, а ён яшчэ месца аддае. Усякія, значыцца, паны ёсць, — скончыў ён, звяртаючыся да Тараса.

„Але, зусім новы, другі, новы свет“, думаў Нехлюдаў, гледзячы на гэтыя сухія, мускулістыя члены, грубую даматканую вопратку і загарэлыя, ласкавыя і змучаныя твары і адчуваючы сябе з усіх бакоў акружаным зусім новымі людзьмі з іх сур‘ёзнымі інтарэсамі, радасцямі і пакутамі сапраўднага працоўнага і чалавечага жыцця.

„Вось ён, le vrai grand monde“, думаў Нехлюдаў, успамінаючы фразу, якую сказаў князь Карчагін, і ўвесь гэты гультайскі, раскошны свет Карчагіных з іхнімі ўбогімі мізэрнымі інтарэсамі.

І ён перажываў пачуццё радасці падарожніка, які адкрыў новы, невядомы і цудоўны свет.


КАНЕЦ ДРУГОЙ ЧАСТКІ


  1. Першы злодзей у вёсцы.
  2. Адзіны падатак.
  3. Старажытны саксонскі фарфар.
  4. Ты прыкідваешся Говардам!
  5. Яна яшчэ прыгожая?
  6. Цётачка.
  7. Целам і душой.
  8. Увесь альфабэт.
  9. Каб больш разнастайнасці. Людзі іншага свету.
  10. Гэта ў яго наперад вырашана.
  11. Выкладай усё.
  12. Гэта вельмі шаноўны чалавек.
  13. Ён захапляецца спірытызмам.
  14. Яна вельмі мілая.
  15. Мой дарагі, ты дрэнна скончыш.
  16. Не, ён беспадобны.
  17. Прабел.
  18. Я ім зла не жадаю.
  19. Гэта будзе вельмі карысна для цябе.
  20. Ва ўсякім разе, гэта чалавек зусім сумленны.
  21. Маленькі інтымны сход.
  22. Каб зрабіць вам прыемнасць, я парушыла мае правілы і хадайнічала перад мужам за вашу пратэжэ. Высветлілася, што гэту асобу можна неадкладна вызваліць. Муж напісаў каменданту. Прыязджайце не па справах. Чакаю вас.
  23. Гарэзным.
  24. Рыцар без страху і дакору.
  25. Ён цябе заўважыў.
  26. Гэта сакрэт полішынеля.
  27. Дама з камеліямі.
  28. Няроўны шлюб.
  29. Зварот.
  30. Канёк.
  31. „общественник“ — арыштант, які высылаецца па прысуду сельскага вобчаства.
  32. У пачатку 80-х гадоў пяць чалавек арыштантаў памерлі ў адзін дзень ад сонечнага ўдару ў той час, калі іх пераводзілі з Бутырскай турмы на вакзал Ніжагародскай чыгункі.
  33. Жахліва.
  34. Гэты клімат мяне забівае.
  35. „Пішыце“.
  36. О, ён чалавек сапраўды вялікага свету, сапраўды вялікага свету.
  37. От яшчэ навіна!