Васкрасенне (1937)/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Васкрасенне. Частка першая
Раман
Аўтар: Леў Талстой
1937 год
Арыгінальная назва: Воскресение (1899)
Частка другая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ЧАСТКА ПЕРШАЯ


Матф. Гл. XVIII. Сціх 21. Тады Пётр падышоў да яго і сказаў: Госпадзі! колькі разоў дараваць брату майму, які саграшае супроць мяне? ці не да сямі разоў? 22. Ісус гаворыць яму: не кажу табе: да сямі, але да сядміжды па семдзесят разоў.

Матф. Гл. VII. Сціх 3. І што ты пазіраеш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў тваім воку не адчуваеш?

Іоан. Гл. VIII. Сціх 7. …хто з вас не мае грэха, першы кінь у яе камень.

Лука. Гл. VI. Сціх 40. Вучань не бывае вышэй за свайго настаўніка; але і ўдасканаліўшыся, будзе кожны, як настаўнік яго.


І

Як ні стараліся людзі, сабраўшыся ў адно невялікае месца, некалькі сотняў тысяч, знявечыць тую зямлю, на якой яны цясніліся, як ні забрукоўвалі каменнем зямлю, каб нічога не расло на ёй, як ні счышчалі кожную маладую травінку, як ні дымілі каменным вугалем і нафтай, як ні абразалі дрэвы і ні выганялі ўсіх жывёл і птушак, — вясна была вясной нават і ў горадзе. Сонца грэла, трава, ажываючы, расла і зелянела ўсюды, дзе толькі не саскрэблі яе, не толькі на газонах бульвараў, але і паміж плітамі каменняў, і бярозы, топалі, чарэмха распускалі свае клейкія пахучыя лісты, пупышкі на ліпах распукваліся; галкі, вераб‘і і галубы па-веснавому радасна рыхтавалі ўжо гнёзды, і мухі зумкалі каля сцен, прыгрэтыя сонцам. Вясёлымі былі і расліны, і птушкі, і казяўкі, і дзеці. Але людзі — вялікія, даросдыя людзі — не спынялі ашукваць і катаваць сябе і адзін аднаго. Людзі лічылі, што свяшчэнна і значна не гэта вясновае ранне, не гэта хараство свету божага, данае для карысці ўсіх істот, — хараство, якое схіляе да міру, згоды і любові, а свяшчэнна і важна тое, што яны самі выдумалі, каб панаваць адзін над адным.

Так, у канторы губернскай турмы лічылася свяшчэнным і значным не тое, што ўсім жывёлам і людзям даны замілаванне і радасць вясны, а лічылася свяшчэнным і значным тое, што напярэдадні атрымана было за нумарам, з пячаткай і загалоўкам папера аб тым, каб у дзевяць гадзін раніцы былі дастаўлены сёння, 28 красавіка, тры арыштаваныя, якія знаходзіліся ў турме пад следствам — дзве жанчыны і адзін мужчына. Адна з гэтых жанчын, як самая галоўная злачынніца, павінна была быць дастаўлена асобна. І вось, на падставе гэтага загаду, 28 красавіка, у цёмны смярдзючы калідор жаночага аддзялення, у восем гадзін раніцы, увайшоў старшы надзірацель. Услед за ім увайшла ў калідор жанчына са стомленым тварам і кучаравымі сівымі валасамі, адзетая ў кофту з рукавамі, абшытымі галунамі, і падпяразаную рамянём з сінім кантам. Гэта была надзірацельніца.

— Вам Маславу? — запытала яна, падыходзячы з чарговым надзірацелем да адных з дзвярэй камер, што адчыняліся ў калідор.

Надзірацель, бразгаючы жалезам, адамкнуў замок і, адчыніўшы дзверы камеры, з якой хлынула яшчэ больш смярдзючае, чым у калідоры, паветра, крыкнуў:

— Маслава, у суд! — і зноў прычыніў дзверы, чакаючы.

Нават на дварэ турмы было свежае, жыватворчае паветра палёў, прынесенае ветрам у горад. Але ў калідоры было задушлівае тыфознае паветра, прасякнутае пахам калу, дзёгцю і гнілі, якое адразу-ж наводзіла тугу і сум на кожнага свежага чалавека. Гэта адчула на сабе, не гледзячы на прывычку да дрэннага паветра, надзірацельніца, якая прышла з двара. Яна раптам, уваходзячы ў калідор, адчула стомленасць, і ёй захацелася спаць.

У камеры чутна была мітусня: жаночыя галасы і крокі босых ног.

— Хутчэй там паварачвайся, Маслава, кажу! — крыкнуў старшы надзірацель у дзверы камеры.

Мінуты праз дзве з дзвярэй бадзёраю хадою вышла, хутка павярнулася і стала каля надзірацеля невысокая і вельмі поўнагрудая маладая жанчына ў шэрым халаце, надзетым на белую кофту і на белую спадніцу. На нагах жанчыны былі палатняныя панчохі, на панчохах —„острожные коты“, галава была павязана белаю хусткаю, з-пад якой, відаць, наўмысля, былі выпушчаны кольцы кучаравых валасоў. Увесь твар жанчыны быў той асаблівай белаты, якая бывае на тварах людзей, што правялі доўгі час у зняволенні, і якая нагадвае парасткі бульбы ў склепе. Гэткія-ж былі і невялікія шырокія рукі і белая гладкая шыя, якая віднелася з-пад вялікага каўняра халата. У твары гэтым здзіўлялі, асабліва на цмянай бледнасці аблічча, вельмі чорныя, бліскучыя, крыху падпухлыя, але вельмі ажыўленыя вочы, з якіх адно крыху касавурылася. Яна трымалася вельмі прама, выстаўляючы поўныя грудзі. Вышаўшы ў калідор, яна, крыху захіліўшы галаву, зірнула проста ў вочы надзірацелю і спынілася ў гатоўнасці зрабіць усё, што ад яе патрабуюць. Надзірацель хацеў ужо зачыніць дзверы, калі адтуль высунуўся бледны, суровы, пабіты на маршчыны твар праставалосай сівой бабулькі. Бабулька пачала нешта гаварыць Маславай. Але надзірацель націснуў дзверы на галаву бабулькі, і галава схавалася. У камеры зарагатаў жаночы голас. Маслава таксама ўсміхнулася і павярнулася да невялічкага аконца з кратамі ў дзвярах.

Бабулька з таго боку прыхілілася да аконца і хрыплым голасам прагаварыла:

— Глядзі, лішняга не выказвай, трымайся аднаго і шабаш.

— Канечне, што-небудзь адно, горш не будзе, — сказала Маслава, кіўнуўшы галавой.

— Ведама адно, а не два, — сказаў старшы надзірацель з начальніцкаю ўпэўненасцю ва ўласнай дасціпнасці. — За мной, марш!

Вока бабулькі, што віднелася ў аконцы, схавалася, а Маслава вышла на сярэдзіну калідора і хуткімі частымі крокамі пайшла ўслед за старшым надзірацелем. Яны сышлі ўніз па каменных сходнях, прайшлі каля яшчэ больш смярдзючых і шумных, чым жаночыя, камер мужчын, адкуль іх усюды праводзілі вочы ў дзверных аконцах, і ўвайшлі ў кантору, дзе ўжо стаялі два канвойныя салдаты са стрэльбамі. Пісар, які там сядзеў, даў аднаму з салдатаў працятую дымам тытуну паперу і, паказаўшы на арыштантку, сказаў: „прымай“. Салдаты — ніжагародскі мужык з чырвоным васпаватым тварам — паклаў паперы за абшлаг рукава шынелі і, усміхаючыся, падміргнуў таварышу, шырокаскуламу чувашу, на арыштантку. Салдаты з арыштанткай сышлі са сходак і пайшлі да галоўнага выхаду.

У дзвярах галоўнага выхаду адчынілася фортка, і, пераступіўшы праз парог форткі на двор, салдаты з арыштанткай вышлі з агарожы і пайшлі горадам пасярэдзіне брукаваных вуліц.

Рамізнікі, гандляры, кухаркі, рабочыя, чыноўнікі спыняліся і з цікаўнасцю аглядалі арыштантку; некаторыя ківалі галовамі і думалі: „вось да чаго даводзяць дрэнныя, не гэткія, як нашы, паводзіны“. Дзеці з жахам пазіралі на разбойніцу, заспакойваючыся толькі тым, што за ёй ідуць салдаты, і яна цяпер нічога ўжо не зробіць. Адзін вясковы мужык, прадаўшы вугаль і, напіўшыся чаю ў тракціры, падышоў да яе, перахрысціўся і даў ёй капейку.

Арыштантка пачырванела, схіліла галаву і нешта прагаварыла.

Адчуваючы накіраваныя на сябе погляды, яна непрыкметна, не паварочваючы галавы, косілася на тых, хто глядзеў на яе, і гэта звернутая на яе ўвага весяліла яе. Весяліла яе таксама чыстае, параўнаўча з турмой, веснавое паветра, але балюча было ступаць па каменнях адвыкшымі ад хадзьбы і абутымі ў нязграбныя арыштанцкія коты нагамі, і яна глядзела сабе пад ногі і намагалася крочыць як можна лягчэй. Праходзячы каля мучной крамы, перад якой хадзілі, перакачваючыся, галубы, каторых ніхто не крыўдзіў, арыштантка ледзь не зачапіла нагой аднаго шызага; голуб узляцеў і, трапыхаючы крыллямі, праляцеў паўз самае вуха арыштанткі, абдаўшы яе ветрам. Яна ўсміхнулася, а потым цяжка ўздыхнула, успомніўшы сваё становішча.


II

Гісторыя арыштанткі Маславай была вельмі звычайнай гісторыяй. Маслава была дачка незамужняй дваровай жанчыны, якая жыла са сваёй маткай-скотніцай на вёсцы ў двух сясцёр-паненак памешчыц. Незамужняя жанчына гэта раджала кожны год, і, як гэта звычайна робіцца на вёсках, дзіцёнка хрысцілі, і потым маці не карміла нежаданага, непатрэбнага дзіцёнка, які толькі перашкаджаў рабоце, і ён хутка паміраў з голаду.

Так памерла пяць дзяцей. Усіх іх хрысцілі, потым не кармілі, і яны паміралі. Шосты дзіцёнак, прыжыты ад праезджага цыгана, была дзяўчынка, і лёс яе быў-бы гэткім самым, але здарылася так, што адна з двух старых паненак зайшла ў скотную, каб зрабіць вымову скотніцам за сліўкі, ад якіх пахла каровай. У скотнай ляжала радзільніца з прыгожым здаровым дзіцёнкам. Старая паненка зрабіла вымову і за сліўкі, і за тое, што пусцілі радзільніцу ў скотную, і хацела ўжо ісці, але, убачыўшы дзіцёначка, расчулілася каля яго і вызвалася быць яго хроснай маці. Яна і ахрысціла дзяўчынку, а потым, шкадуючы сваёй хрэсніцы, давала маці малака і грошай, і дзяўчынка асталася ў жывых. Старыя паненкі так і называлі яе „выратаванай“.

Дзіцёнку было тры гады, калі маці яе захварэла і памерла. Бабка-скотніца не мела вялікай ахвоты гадаваць унучку, і тады старыя паненкі ўзялі дзяўчынку да сябе. Чорнавокая дзяўчынка вышла незвычайна жваваю і прыгожанькай, і старыя паненкі ўцяшаліся ёю.

Старых паненак было дзве: меншая, дабрэйшая — Соф‘я Іванаўна, яна і хрысціла дзяўчынку, і старэйшая, больш суровая — Мар‘я Іванаўна. Соф‘я Іванаўна прыбірала, вучыла дзяўчынку чытаць і хацела зрабіць з яе выхаванку. Мар‘я Іванаўна казала, што з дзяўчынкі трэба зрабіць работніцу, добрую пакаёўку, і таму шмат ад яе патрабавала, ушчувала і нават біла дзяўчынку, калі бывала не ў гумары. Так паміж двух уплываў з дзяўчынкі, калі яна вырасла, вышла поўпакаёўка, поўвыхаванка. Яе і звалі так сярэднім імем — не Кацька і не Каценька, а Кацюша. Яна шыла, прыбірала пакоі, чысціла крэйдаю абразы, смажыла, малола, падавала каву, мыла бялізну і часам сядзела з паненкамі і чытала ім.

Да яе сваталіся, але яна ні за каго не хацела ісці, адчуваючы, што жыццё яе з тымі працоўнымі людзьмі, якія сваталіся да яе, будзе цяжкім для яе, збалаванай салодкім панскім жыццём.

Так жыла яна да 16-ці год. Калі-ж ёй пайшоў семнаццаты, да яе паненак прыехаў іхні пляменнік-студэнт, багаты князь, і Кацюша, не асмельваючыся ні яму, ні нават сабе прызнацца ў гэтым, закахалася ў яго. Потым праз два гады гэты самы пляменнік па дарозе на вайну заехаў да цётак, прабыў у іх чатыры дні і напярэдадні свайго ад‘езду спакусіў Кацюшу і, сунуўшы ёй у апошні дзень сторублёвую паперку, паехаў. Праз пяць месяцаў пасля яго ад‘езду яна даведалася дакладна, што яна цяжарная.

З таго часу ёй усё абрыдла, і яна толькі думала аб тым, каб ёй збавіцца ад таго сораму, які чакаў яе, і яна пачала не толькі неахвотна і дрэнна служыць паненкам, але, сама не ведала, як гэта здарылася, — раптам яе прарвала: яна нагрубіла паненкам, у чым сама потым каялася, і папрасіла разліку.

І паненкі, вельмі нездаволеныя ёю, адпусцілі яе. Ад іх яна паступіла пакаёўкаю да станавога, але здолела там пражыць толькі тры месяцы, таму што станавы, пяцідзесяцігадовы стары, пачаў прыставаць да яе, і аднойчы, калі ён быў асабліва настойлівым, яна ўскіпела, вылаяла яго дурнем і старым чортам і гэтак штурханула яго ў грудзі, што ён паваліўся. Яе прагналі за грубіянства. Паступаць на месца было ні к чаму, неўзабаве трэба было радзіць, і яна перайшла да вясковай удавы-павітухі, якая гандлявала віном. Радзіла яна лёгка. Але павітуха, якая прымала на вёсцы ў хворай жанчыны, заразіла Кацюшу радзільнай гарачкай, і дзіцёнка, хлопчыка, накіравалі ў выхавальны дом, дзе дзіцёнак, як расказвала бабулька, што адвозіла яго, адразу пасля прыезду памёр.

Усіх грошай у Кацюшы, калі яна перайшла да павітухі, было 127 рублёў: 27 — нажытых і 100 рублёў, якія даў ёй яе спакуснік. Калі-ж яна вышла ад яе, у яе асталося ўсяго 6 рублёў. Яна не ўмела берагчы грошы, і на сябе траціла, і давала ўсім, хто прасіў. Павітуха ўзяла ў яе за пражыццё — за корм і за чай — за два месяцы 40 рублёў, 25 рублёў пайшлі на адпраўку дзіцёнка, 40 рублёў павітуха пазычыла сабе на карову, рублёў 20 разышліся так — на плацці, на падарункі, так што, калі Кацюша выздаравела, грошай у яе не было, і трэба было шукаць месца. Месца знайшлося ў ляснічага. Ляснічы быў жанаты чалавек, але таксама, як і станавы, з першага дня пачаў прыставаць да Кацюшы. Ён быў брыдкім для Кацюшы, і яна старалася ўнікаць яго. Але ён быў вопытнейшым і хітрэйшым за яе, і галоўнае, быў гаспадаром, які мог пасылаць яе куды хацеў, і, выбраўшы мінуту, аўладаў ёю. Жонка даведалася і, застаўшы аднойчы мужа аднаго ў пакоі з Кацюшай, кінулася біць яе. Кацюша не паддалася — яны пабіліся, з гэтай прычыны яе выгналі з дому, не заплаціўшы заробленае. Тады Кацюша паехала ў горад і спынілася там у цёткі. Цёткін муж быў пераплётнік і раней жыў добра, але цяпер пазбавіўся ўсіх кліентаў і піў гарэлку, прапіваючы ўсё, што яму траплялася пад руку. Цётка-ж трымала маленькую пральню і гэтым кармілася з дзецьмі і падтрымлівала нядбайніка мужа. Яна прапанавала Маславай паступіць да яе ў прачкі. Але бачачы тое цяжкае жыццё, якое было ў жанчын-прачак, што жылі ў цёткі, Маслава не спяшалася і шукала ў канторах месца прыслугі. І месца знайшлося ў пані, што жыла з двума сынамі-гімназістамі. Праз тыдзень пасля яе паступлення старэйшы, вусаты гімназіст 6 класа пакінуў вучыцца і не даваў спакою Маславай, назаляючы ёй. Маці абвінаваціла ва ўсім Маславу і разлічыла яе. Новага месца не траплялася, але здарылася так, што, прышоўшы ў кантору, што дастаўляла прыслуг, Маслава сустрэла там паню ў пярснях і браслетах на пухлых голых руках. Паня гэта, даведаўшыся пра становішча Маславай, што яна шукае месца, дала ёй свой адрас і запрасіла да сябе. Маслава пайшла да яе. Пані ласкава сустрэла яе, пачаставала піражкамі і салодкім віном і паслала кудысьці сваю пакаёўку з запіскай. Увечары ў пакой увайшоў высокі чалавек з доўгімі сіваватымі валасамі і сівай барадой; стары гэты адразу-ж падсеў да Маславай і пачаў, бліскаючы вачыма і ўсміхаючыся, разглядаць яе і жартаваць з ёй. Гаспадыня выклікала яго ў другі пакой, і Маслава чула, як гаспадыня гаварыла: свежанькая, вясковая. Потым гаспадыня выклікала Маславу і сказала, што гэта пісьменнік, у якога грошай вельмі багата і які нічога не пашкадуе, калі яна яму ўпадабаецца. Яна ўпадабалася, і пісьменнік даў ёй 25 рублёў, абяцаючы часта бачыцца з ёю. Грошы разышліся вельмі хутка на плату цётцы за пражыванне і на новае плацце, капялюшык і істужкі. Праз некалькі дзён пісьменнік прыслаў па яе ў другі раз. Яна пайшла. Ён даў ёй яшчэ 25 рублёў і прапанаваў пераехаць на асобную кватэру.

Жывучы на кватэры, нанятай пісьменнікам, Маслава пакахала вясёлага прыказчыка, які жыў на тым самым дварэ. Яна сама абвясціла аб гэтым пісьменніку і перайшла на асобную маленькую кватэру. А прыказчык, каторы абяцаў жаніцца, паехаў, нічога не сказаўшы ёй, і, напэўна, пакінуўшы яе, у Ніжні, і Маслава асталася адна. Яна хацела было жыць адна на кватэры, але ёй не дазволілі. І акалотачны сказаў ёй, што яна можа жыць так, толькі атрымаўшы жоўты білет і прайшоўшы агляд. Тады яна пайшла зноў да цёткі. Цётка, бачачы на ёй моднае плацце, накідку і капялюшык, з павагаю сустрэла яе і ўжо не адважылася прапанаваць ёй паступіць у прачкі, лічачы, што яна цяпер стала на вышэйшую ступень жыцця. І для Маславай цяпер ужо і не было пытання аб тым, ці паступіць, ці не паступіць у прачкі. Яна са спачуваннем пазірала цяпер на тое катаржнае жыццё, якім жылі ў першых пакоях бледныя, з худымі рукамі прачкі, з якіх некаторыя ўжо былі сухотнымі, мыючы і гладзячы ў трыццаціградуснай мыльнай пары з адчыненымі летам і зімой вокнамі, і палохалася думкі аб тым, што і яна магла паступіць на гэту катаргу.

І вось у гэты час, асабліва цяжкі для Маславай, бо не трапляўся ні адзін добры чалавек, Маславу адшукала жанчына, якая пастаўляла дзяўчат для публічных дамоў.

Маслава курыла ўжо даўно, але ў апошні час сваёй сувязі з прыказчыкам і пасля таго, як ён пакінуў яе, яна ўсё больш і больш прывучалася піць. Віно вабіла яе не толькі таму, што яно здавалася ёй смачным, але яно вабіла яе больш за ўсё таму, што давала ёй магчымасць забыць усё тое цяжкое, што яна перажыла, і давала ёй больш вольнасці, упэўненасці ў сваёй годнасці, якіх яна не мела без віна. Без віна ёй заўсёды было нудна і сорамна.

Жанчына пачаставала цётку і, напаіўшы Маславу, прапанавала ёй паступіць у добры, лепшы ў горадзе дом, выстаўляючы перад ёю ўсе выгады і перавагі гэтага становішча. Маславай трэба было выбіраць: або пагарджанае становішча прыслугі, у якім напэўна будуць праследаванні з боку мужчын і часам тайнае блудніцтва, або забяспечанае, спакойнае, узаконенае становішча і яўнае, дапушчанае законам і высока аплачваемае блудніцтва, і яна выбрала апошняе. Апрача таго, яна гэтым думала адплаціць і свайму спакусніку, і прыказчыку, і ўсім людзям, якія ёй зрабілі зло. Апрача таго, спакушала яе і было адной з прычын канчатковага рашэння тое, што жанчына сказала ёй, што адзенне яна можа заказваць сабе, якое толькі пажадае — аксамітнае, фаі, шаўковае, бальнае з адкрытымі плячамі і рукамі. І калі Маслава ўявіла сябе ў яркажоўтым шаўковым плацці з чорнай аксамітнай аблямоўкай — дэкальтэ, яна не магла больш трымацца і аддала пашпарт. У той самы вечар жанчына ўзяла рамізніка і адвезла яе ў славуты дом Кітаевай.

І з таго часу пачалося для Маславай тое жыццё хранічнага парушэння запаведзяў боскіх і чалавечых, якім жывуць сотні і сотні тысяч жанчын, не толькі з дазволу, але пад аховай урада, заклапочанага добрабытам сваіх грамадзян, і канчаецца для дзевяці жанчын з дзесяці цяжкімі хваробамі, дачаснай старасцю і смерцю.

Раніцою і ўдзень цяжкі сон пасля оргіі начы. У тры, чатыры гадзіны стомленае ўставанне з бруднага ложка, сельтэрская вада з перапою, кава, ляное хаджэнне па пакоях у пенюярах, кофтах, халатах, глядзенне з-за фіранак у вокны, вялая сварка адна з адной; потым абмыванне, абмазванне, націранне цела, валасоў, прымерванне плаццяў, спрэчкі з-за іх з гаспадыняй, разгляданне сябе ў люстэрка, падфарбоўванне твара, брывей, салодкая, тлустая ёжа; потым адзяванне ў яркае шаўковае, агаляючае цела, адзенне; потым выхад у аздобленую, ярка-асветленую залу, прыезд гасцей, музыка, танцы, цукеркі, віно, курэнне і распуста з маладымі, сярэднімі, поўдзецьмі і друзлымі старымі, халастымі, жанатымі, купцамі, прыказчыкамі, армянамі, яўрэямі, татарамі, багатымі, беднымі, здаровымі, хворымі, п‘янымі, цвярозымі, грубымі, ласкавымі, ваеннымі, вольнымі, студэнтамі, гімназістамі — усіх магчымых станаў, узростаў і характараў. І крыкі і жарты, і бойкі і музыка, і тытун і віно, і віно і тытун, і музыка з вечара да раніцы. І толькі раніцой вызваленне і цяжкі сон. І гэтак кожны дзень, увесь тыдзень. А ў канцы тыдня паездка ў дзяржаўную ўстанову — участак, дзе дзяржаўныя чыноўнікі і дактары — мужчыны, часам сур‘ёзна і сурова, а часам з чуллівай вясёласцю, руйнуючы даны ад прыроды для аховы ад злачынства не толькі людзям, але і жывёлам, сорам, аглядалі гэтых жанчын і выдавалі ім патэнт на працягванне тых самых злачынстваў, якія яны рабілі са сваімі супольнікамі на працягу тыдня. І зноў такі тыдзень. І так штодзень, і ўлетку, і зімой, і ў будні, і ў святы.

Так пражыла Маслава сем год. За гэты час яна змяніла два дамы і адзін раз была ў больніцы. На сёмым годзе яе знаходжання ў публічным доме і на восьмым годзе пасля яе першага праграшэння, калі ёй было 26 год, з ёю здарылася тое, за што яе пасадзілі ў турму, і цяпер вялі ў суд, пасля шасці месяцаў знаходжання ў турме з забойцамі і зладзейкамі.


III

У той час, калі Маслава, стомленая доўгім пераходам, падышла са сваімі канвойнымі да будынка акруговага суда, той самы пляменнік яе выхавальніцы, князь Дзмітрый Іванавіч Нехлюдаў, які спакусіў яе, ляжаў яшчэ на сваім высокім, пружынным з пухавай пярынай, памятым ложку і, адшпіліўшы каўнер галандскай, чыстай начной кашулі з выгладжанымі складачкамі на грудзях, курыў папяросу. Ён утаропленымі вачыма пазіраў перад сабою і думаў аб тым, што трэба яму сёння зрабіць і што было ўчора.

Успамінаючы ўчарашні вечар, які ён правёў ў Карчагіных, багатых і знатных людзей, на дачцы каторых, як думалі ўсе, ён павінен жаніцца, ён, уздыхнуўшы і, кінуўшы дакураную папяросу, хацеў дастаць са срэбранага партсігара другую, але раздумаў і, спусціўшы з ложка гладкія белыя ногі, знайшоў імі пантоплі, накінуў на гладкія плечы шаўковы халат і, хутка і важка ступаючы, пайшоў у суседнюю са спальняй прыбіральню, усю працятую штучным пахам элексіраў, адэкалону, фіксатуараў, духоў. Там ён вычысціў асаблівым парашком шмат дзе запламбаваныя зубы, папаласкаў іх пахучым паласканнем, потым пачаў з усіх бакоў мыцца і выцірацца рознымі ручнікамі. Вымыўшы пахучым мылам рукі, старанна вычысціўшы шчоткамі адпушчаныя пазногці і абмыўшы каля вялікага мармуровага ўмывальніка сабе твар і тоўстую шыю, ён пайшоў яшчэ ў трэці пакой каля спальні, дзе быў прыгатаваны душ. Абмыўшы там халоднай вадой мускулістае, абкладзенае тлустасцю белае цела і абцёршыся калматай прасцінёй, ён апрануў чыстую выгладжаную бялізну, як люстэрка наглянсаваныя чаравікі і сеў перад туалетам расчосваць двума шчоткамі невялікую чорную кучаравую бараду і кучаравыя валасы, якія ўжо парадзелі на пярэдняй частцы галавы.

Усе рэчы, якія ён ужываў, — прыналежнасці туалета: бялізна, адзенне, абутак, гальштукі, шпількі, запанкі, — былі самага першага, дарагога гатунку, непрыкметныя, простыя, трывалыя і каштоўныя.

Выбраўшы з дзесятка гальштукаў і брошак тыя, якія першыя патрапілі пад руку, — некалі гэта было нова і забаўна, цяпер было зусім абыякава, — Нехлюдаў апрануўся ў пачышчанае і прыгатаванае на крэсле адзенне і вышаў, хаця і не зусім свежы, але чысты і надушаны, у доўгую, з нацёртым учора трыма мужыкамі паркетам, сталовую з вялізным дубовым буфетам і гэткім-жа вялікім раскладным сталом, які меў нешта ўрачыстае ў сваіх шырока расстаўленых у выглядзе ільвіных лап разбяных ножках. На стале гэтым, засцеленым тонкім накрухмаленым абрусам з вялікімі вензелямі, стаялі: срэбраны кафейнік з пахучаю кавай, гэткая-ж цукерніца, слівачнік з гатаванымі сліўкамі і кошык з свежым калачом, сухарыкамі і бісквітамі. Каля прыбора ляжалі атрыманыя лісты, газеты і новая кніжка „Revue des deux Mondes“. Нехлюдаў толькі што хацеў узяцца за лісты, як з дзвярэй, што ішлі ў калідор, выплыла поўная жанчына ў гадах у трауры з мярэжнай наколкай на галаве, якая закрывала ёй няроўную сцежку прабора. Гэта была пакаёўка нябожчыцы, нядаўна ў гэтай самай кватэры памершай маці Нехлюдава, Аграфена Пятроўна, якая асталася пры сыне ў якасці эканомкі.

Аграфена Пятроўна год дзесяць у розны час жыла з маці Нехлюдавай за граніцай і мела выгляд і манеры пані. Яна жыла ў доме Нехлюдавых з дзяцінства і ведала Дзмітрыя Іванавіча яшчэ Міценькам.

— Добрай раніцы, Дзмітрый Іванавіч.

— Добрай раніцы, Аграфена Пятроўна. Што новенькага? — запытаў Нехлюдаў, жартуючы.

— Ліст або ад княгіні, або ад князёўны. Пакаёўка даўно прынесла, у мяне чакае, — сказала Аграфена Пятроўна, падаючы ліст і значна ўсміхаючыся.

— Добра, зараз, — адказаў Нехлюдаў, узяўшы ліст, і, заўважыўшы ўсмешку Аграфены Пятроўны, нахмурыўся.

Усмешка Аграфены Пятроўны азначала, што ліст быў ад князёўны Карчагінай, з якой, на думку Аграфены Пятроўны, Нехлюдаў збіраўся ажаніцца. І гэта здагадка, выражаная ўсмешкай Аграфены Пятроўны, была непрыемнаю для Нехлюдава.

— Дык я ёй скажу пачакаць, — і Аграфена Пятроўна, захапіўшы шчотачку для змятання са стала, каторая ляжала не на месцы, і пераклаўшы яе на другое месца, выплыла са сталовай.

Нехлюдаў, адпячатаўшы пахучы ліст, пададзены яму Аграфенай Пятроўнай, пачаў чытаць яго.

„Выконваючы ўзяты на сябе абавязак быць вашай памяццю, — было напісана на аркушы шэрай тоўстай паперы з няроўнымі краямі вострым, але разгоністым почыркам, — начамінаю вам, што вы сёння, 28-га красавіка, павінны быць у судзе прысяжных і таму не можаце ніяк ехаць з намі і Коласавым глядзець карціны, як вы, з уласцівай вам лёгкадумнасцю, учора абяцалі; à moins que vous ne soyez disposè à payer à la cour d‘assises les 300 roubles d‘amende, que vous refusez pour votre cheval[1], за тое, што не з‘явіліся своечасова. Я прыгадала гэта ўчора, як толькі што вы пайшлі. Дык не запамятайце-ж.

Кн. М. Карчагіна“.

На другім баку было дадана:

„Maman vous fait dire que votre couvert vous attendra jusqu’à la nuit. Venez absolument à quelle heure que cela soit[2].

М. К.“.

Нехлюдаў зморшчыўся. Запіска была працягам той тонкай работы, якую вось ужо два месяцы рабіла над ім князёўна Карчагіна і сутнасць якой была ў тым, што непрыкметнымі ніцямі ўсё больш і больш звязвала яго з ёю. А тым часам, апрача той звычайнай нерашучасці перад жаніцьбай людзей не першай маладосці і не палка закаханых, у Нехлюдава была яшчэ значная прычына, з-за якой ён, каб нават і адважыўся, не мог-бы зараз прапанаваць шлюб. Прычына гэта была не ў тым, што ён 10 год назад спакусіў Кацюшу і пакінуў яе, гэта ён зусім забыў, і ён не лічыў гэта перашкодай для свае жаніцьбы; прычына гэта была ў тым, што ў яго ў гэты самы час была з замужняй жанчынай сувязь, якая, хаця і была парвана цяпер з яго боку, але не было яшчэ прызнана парванай ёю.

Нехлюдаў быў вельмі нясмелым з жанчынамі, але менавіта гэта яго нясмеласць і выклікала ў гэтай замужняй жанчыны жаданне скарыць яго. Жанчына гэта была жонкай прадвадзіцеля дваранства таго павета, на выбары якога ездзіў Нехлюдаў. І жанчына гэта ўцягнула яго ў сувязь, якая з кожным днём усё больш і больш захапляла Нехлюдава і разам з тым усё больш і больш адштурхвала. Спачатку Нехлюдаў не мог перамагчы спакусы, потым, адчуваючы сябе вінаватым перад ёю, ён не мог парваць гэтай сувязі без яе згоды. Вось гэта і было прычынаю, з-за якой Нехлюдаў лічыў, што ён не мае права, каб нават і хацеў гэтага, зрабіць прапанову Карчагінай.

На стале акурат ляжаў ліст ад мужа гэтай жанчыны. Убачыўшы гэты почырк і штэмпель, Нехлюдаў пачырванеў і адразу-ж адчуў той уздым энергіі, які ён заўсёды адчуваў у часе набліжэння небяспекі. Але хваляванне яго было дарэмным: муж, прадвадзіцель дваранства таго самага павета, у якім былі галоўныя маёнткі Нехлюдава, апавяшчаў Нехлюдава аб тым, што ў канцы мая прызначаецца экстраны земскі сход, і што ён просіць Нехлюдава абавязкова прыехаць і donner un coup d’èpaule[3] у наступных важных пытаннях на земскім сходзе аб школах і пад‘язных шляхах, пры якіх чакалася моцнае процідзеянне рэакцыйнай партыі.

Прадвадзіцель быў ліберальны чалавек, і ён разам з некаторымі аднадумцамі змагаўся супроць рэакцыі, якая пачалася пры Александры III, і ўвесь быў захоплены гэтым змаганнем і нічога не ведаў аб сваім няшчасным сямейным жыцці.

Нехлюдаў успомніў усе тыя балючыя мінуты, якія перажываў ён у дачыненні да гэтага чалавека, успомніў, як аднойчы ён думаў, што муж даведаўся, і рыхтаваўся да дуэлі з ім, у якой ён збіраўся стрэліць у паветра, і аб той страшнай сцэне з ёю, калі, яна ў роспачы выбегла ў сад да пруда з намерам утапіцца, і ён бегаў шукаць яе. „Не магу я цяпер ехаць і не магу нічога пачынаць, пакуль яна не адкажа мне“, падумаў Нехлюдаў. Ён за тыдзень перад гэтым напісаў да яе рашучы ліст, у якім прызнаваў сябе вінаватым, гатовым на ўсё, абы толькі загладзіць сваю віну, але лічыў усё-такі, для яе шчасця, іхнюю сувязь назаўсёды парванай. Вось на гэты ліст ён чакаў і не атрымліваў адказу. Тое, што не было адказу, было часткова добраю адзнакаю. Калі-б яна не згадзілася на разрыў, яна даўно-б напісала або нават сама прыехала, як яна рабіла гэта раней. Нехлюдаў чуў, што там быў цяпер нейкі афіцэр, які заляцаўся да яе, і гэта мучыла яго рэўнасцю і разам з тым радавала надзеяй на вызваленне ад маны, што апанавала яго.

Другі ліст быў ад галоўнага аконама маёнткаў. Аконам пісаў, што яму, Нехлюдаву, неабходна самому прыехаць, каб замацавацца ў правах наследніка і, апрача таго, вырашыць пытанне аб тым, як гаспадарыць: ці так, як пры нябожчыцы, ці, як ён гэта і прапанаваў нябожчыцы княгіні і цяпер прапануе маладому князю, павялічыць інвентар і ўсю зямлю, што раздаецца сялянам, абрабляць самім. Аконам пісаў, што такая эксплаатацыя дасць болей карысці. Пры гэтым аконам прасіў выбачэння за тое, што крыху спазніўся з высылкаю 3000 рублёў, якія трэба было даслаць па раскладу да 1-га чысла. Грошы гэтыя ён вышле з наступнай поштай. А спазніўся ён даслаць таму, што ніяк не мог сабраць з сялян, якія сваёй несумленнасці дайшлі да такой ступені, што для таго, каб прымусіць іх, неабходна было звярнуцца да ўлады. Ліст гэты быў і прыемным і непрыемным для Нехлюдава. Прыемна было адчуваць сваю ўладу над вялікай уласнасцю і непрыемна было тое, што ў часе свае першае маладосці ён быў палкім прыхільнікам Герберта Спенсера і асабліва, сам будучы буйным землеўласнікам, быў здзіўлен яго словамі ў „Social statics“ пра тое, што справядлівасць не дазваляе прыватнай зямельнай уласнасці. Са шчырасцю і рашучасцю маладосці ён не толькі гаварыў тады аб тым, што зямля не можа быць прыватнай уласнасцю, і не толькі ў універсітэце пісаў творы пра гэта, але і ў жыцці аддаў тады невялікую частку зямлі (якая належала не яго маці, а як спадчына ад бацькі яму асабова) мужыкам, не жадаючы супроць сваіх перакананняў валодаць зямлёй. Цяпер, атрымаўшы спадчыну і зрабіўшыся буйным землеўласнікам, ён павінен быў учыніць адно з двух: або адмовіцца ад сваёй уласнасці, як гэта ён зрабіў дзесяць год перад гэтым у дачыненні да 200 дзесяцін бацькоўскай зямлі, або маўклівай згодай прызнаць усе свае ранейшыя думкі памылковымі і няправільнымі.

Першага ён не мог зрабіць, бо ў яго не было ніякіх, апрача зямлі, сродкаў існавання. Служыць ён не хацеў, а тымчасам ужо былі набыты арыстакратычныя звычаі жыцця, ад якіх ён лічыў, што не можа збавіцца. Ды і не было прычыны, бо не было ўжо ні той сілы пераканання, ні той рашучасці, ні таго гонару і жадання здзівіць, якія былі ў маладосці. Другога-ж — адмовіцца ад тых ясных і бясспрэчных доказаў аб незаконнасці ўладання зямлёю, якія ён тады ўзяў з „Соцыяльнай статыкі“ Спенсера і бліскучае пацверджанне якім ён знайшоў потым, ужо значна пазней, у творах Генры Джорджа, — ён ніяк не мог.

І таму аконамаў ліст быў непрыемным для яго.


IV

Выпіўшы кавы, Нехлюдаў пайшоў у габінет, каб даведацца ў позве, калі трэба быць у судзе, і напісаць адказ князёўне. У габінет трэба было прайсці праз майстэрню. У майстэрні стаяў мальберт з перагорнутай пачатай карцінай, і развешаны былі эцюды. Выгляд гэтай карціны, над якой ён працаваў два гады, і эцюдаў, і ўсёй майстэрні нагадалі яму перажытае з асаблівай сілай у апошні час адчуванне бяссілля ісці далей у мастацтве. Ён тлумачыў гэта адчуванне занадта тонка развітым эстэтычным пачуццем, але ўсё-такі адчуванне гэта было вельмі непрыемным.

Сем год таму назад ён пакінуў службу, парашыўшы, што ў яго ёсць талент да малявання, і з вышыні мастацкай дзейнасці пазіраў крыху з пагардай на ўсе іншыя заняткі. Цяпер выходзіла, што ён на гэта не меў права. І таму кожны ўспамін аб гэтым быў для яго непрыемным. Ён з цяжкім адчуваннем паглядзеў на ўсе гэтыя багатыя прыстасаванні майстэрні і ў кепскім настроі ўвайшоў у габінет. Габінет быў вельмі вялікі, высокі пакой, з рознастайнымі аздабленнямі і зручнымі прыстасаваннямі.

Адразу-ж адшукаўшы ў шуфлядцы вялікага стала, пад аддзелам тэрміновыя, позву, у якой значылася, што ў судзе трэба было быць у адзінаццаць, Нехлюдаў сеў пісаць да князёўны запіску аб тым, што ён дзякуе ёй за запрашэнне і пастараецца прыехаць к абеду. Але, напісаўшы адну запіску, ён разарваў яе: было вельмі інтымна; напісаў другую — было холадна, амаль зняважліва. Ён зноў разарваў і паціснуў у сцяне гузік. У дзверы ўвайшоў у шэрым калянкоравым фартуху, паджылы, пануры, паголены з бакенбардамі лёкай.

— Калі ласка, пашліце па рамізніка.

— Слухаю.

— Ды скажыце — тут чакаюць ад Карчагіных, — што дзякую, пастараюся быць.

— Слухаю.

„Непачціва, але не магу пісаць. Усёадно пабачымся з ёю сёння“, — падумаў Нехлюдаў і пайшоў апранацца.

Калі ён, апрануўшыся, вышаў на ганак, знаёмы рамізнік на гумавых шынах ужо чакаў яго.

— А ўчора, вы толькі паехалі ад князя Карчагіна, — сказаў рамізнік, поўабарачваючы сваю дужую загарэлую шыю ў белым каўняры кашулі, — і я прыехаў, а швейцар гаворыць: „толькі вышлі“.

„І рамізнікі ведаюць аб маіх дачыненнях да Карчагіных“, падумаў Нехлюдаў, і нявырашанае пытанне, якое займала яго заўсёды апошні час — трэба або не трэба жаніцца з Карчагінай, паўстала перад ім, і ён, як у большасці пытанняў, каторыя займалі яго ў гэты час, ніяк, ні ў той, ні ў другі бок, не мог вырашыць яго.

На карысць жаніцьбы наогул было, па-першае, тое, што жаніцьба, апрача прыемнасцей сямейнага шчасця, упарадкоўваючы палавое жыццё, давала магчымасць, „нравственного“ жыцця, як ён называў такое сямейнае жыццё; па-другое, і галоўнае, тое, што Нехлюдаў спадзяваўся, што сям‘я, дзеці дадуць сэнс яго цяпер беззмястоўнаму жыццю. Гэта было за жаніцьбу наогул. Супроць-жа жаніцьбы быў, па-першае, агульны ўсім немаладым халасцякам страх за пазбаўленне свабоды і, па-другое, несвядомы страх перад таемнай істотай жанчыны.

У карысць-жа, у прыватнасці, жаніцьбы іменна на Міссі (Карчагіну звалі Марыя, і, як ва ўсіх сем‘ях вядомага круга, ёй далі мянушку) — было, па-першае, што яна была пародзіста і ва ўсім, ад адзежы да манеры гаварыць, хадзіць, смяяцца, выдзялялася ад простых людзей, выдзялялася не чым-небудзь выключным, а „порядочностыо“, — ён не ведаў іншага выразу гэтай уласцівасці і цаніў гэту ўласцівасць вельмі высока; па-другое, яшчэ тое, што яна вышэй усіх іншых людзей цаніла яго, стала быць, па яго паняццях, разумела яго. І гэта разуменне яго, г. зн. прызнанне яго высокіх вартасцей, сведчыла для Нехлюдава аб яе розуме і вернасці суджэння. Супроць-жа жаніцьбы на Міссі, у прыватнасці было, па-першае, вельмі магчыма можна-б было знайсці дзяўчыну, маючую яшчэ значна больш вартасцей, чым Міссі, і таму болей дастойную яго, па-другое, тое, што ёй было 27 год, і таму, напэўна, у яе былі ўжо ранейшыя любові, — гэта мысль была мучыцельна для Нехлюдава. Гордасць яго не мірылася з тым, каб яна нават у мінулым магла любіць не яго. Разумеецца, яна не магла ведаць, што яна сустрэне яго, але адна мысль аб тым, што яна магла любіць каго-небудзь раней, зневажала яго.

Так што довадаў было столькі-ж за, колькі і супроць; па крайняй меры, па сіле сваёй довады гэтыя былі роўны, і Нехлюдаў, смяючыся, сам над сабою, называў сябе Бурыданавым аслом. І ўсё-такі аставаўся ім, не ведаючы, да якой з двух вязанак звярнуцца.

„Аднак, не атрымаўшы адказу ад Мар‘і Васільеўны (жонкі прадвадзіцеля), не пакончыўшы зусім з тым, я і не магу нічога прадпрыняць“, сказаў ён сабе.

І гэта разуменне таго, што ён можа і павінен не спяшацца з вырашэннем, было прыемна яму.

„Аднак, гэта ўсё я абдумаю пасля“, сказаў ён сабе, калі яго пралётка зусім ужо ціха падкацілася да асфальтавага пад‘езда суда.

„Цяпер трэба сумленна, як я заўсёды раблю і лічу патрэбным, выканаць грамадскі абавязак. Апрача таго гэта часта бывае і цікава“, сказаў ён сабе і ўвайшоў міма швейцара ў прадпакой суда.


V

У калідорах суда ўжо пачалася мітусніна, калі Нехлюдаў увайшоў.

Вартаўнікі то хутка хадзілі, то трушком, нават не падымаючы ног ад падлогі, але шмыгаючы імі, запыхкаўшыся, бегалі ўзад і ўперад з даручэннямі і паперамі. Прыставы, адвакаты і судовыя служачыя праходзілі то туды, то сюды, прасіцелі або падсудныя не пад вартай панура вандравалі каля сцен або сядзелі, чакаючы.

— Дзе акруговы суд? — запытаўся Нехлюдаў у аднаго з вартаўнікоў.

— Які вам? Ёсць грамадзянскае аддзяленне, ёсць судовая палата.

— Я прысяжны.

— Крымінальнае аддзяленне. Так-бы і сказалі. Сюды направа, потым налева і другія дзверы.

Нехлюдаў пайшоў, як паказалі.

Каля паказаных дзвярэй стаялі два чалавекі, чакаючы: адзін быў выскі, тоўсты купец, добрадушны чалавек, які, відаць, выпіў і закусіў і быў у добрым гуморы; другі быў прыказчык яўрэйскага паходжання. Яны гутарылі пра цану на шэрсць, калі да іх падышоў Нехлюдаў і запытаў, ці тут пакой прысяжных.

— Тут, пане, тут. Таксама наш брат, прысяжны? — весела падміргваючы, запытаў добрадушны купец. — Ну што-ж, разам папрацуем, — працягваў ён на сцвярджальны адказ Нехлюдава. — 2-ой гільдыі Баклашоў, — сказаў ён, даючы мяккую шырокую непадатлівую руку, — папрацаваць трэба. З кім маю прыемнасць?

Нехлюдаў назваў сябе і прайшоў у пакой прысяжных.

У невялікім пакоі прысяжных было чалавек дзесяць рознага сорту людзей. Усе толькі што прышлі, і некаторыя сядзелі, іншыя хадзілі, разглядаючы адзін аднаго і знаёмячыся. Быў адзін адстаўны ў мундзіры, другія ў сурдутах, у пінжаках, адзін толькі быў у паддзёўцы.

На ўсіх быў, — не гледзячы на тое, што шмат каго гэта адарвала ад справы і што яны казалі, што ім цяжка гэта, — на ўсіх быў адбітак некаторага задавальнення, разуменне выканання грамадскай значнай справы.

Прысяжныя, хто пазнаёміўшыся, а хто так, толькі здагадваючыся, хто — хто, гутарылі паміж сабой аб надвор‘і, аб ранняй вясне, аб справах, што меліся разбірацца. Тыя, хто не былі знаёмы, паспяшаліся пазнаёміцца з Нехлюдавым, відавочна, лічачы гэта за адменны гонар. І Нехлюдаў, як і заўсёды сярод незнаёмых людзей, прымаў гэта як неабходнае. Калі-б у яго запыталіся, чаму ён лічыць сябе вышэй за большасць людзей, ён не здолеў-бы адказаць, бо ўсё яго жыццё не мела ніякіх асаблівых пераваг. Тое, што ён гаварыў добра па-англійску, па-французску і па-нямецку, што на ім была бялізна, адзенне, гальштук і запанкі ад самых першых пастаўшчыкоў гэтых тавараў, ніяк не магло быць — ён сам разумеў — прычынай прызнання яго перавагі. А таксама ён безумоўна прызнаваў гэту сваю перавагу і прымаў адзнакі пашаны, якія выказвалі яму, як неабходнае, і крыўдзіўся, калі гэтага не было. У пакоі прысяжных яму неяк давялося адчуць гэта непрыемнае адчуванне ад выказанай яму непавагі. У ліку прысяжных знайшоўся знаёмы Нехлюдава. Гэта быў Пётр Герасімавіч (Нехлюдаў і не ведаў і нават крыху пахваляўся тым, што не ведае яго прозвішча), былы настаўнік дзяцей яго сястры. Пётр Герасімавіч гэты скончыў курс і быў цяпер настаўнікам гімназіі. Яго заўсёды не любіў Нехлюдаў за яго фамільярнасць, за яго самаздаволены рогат, наогул за яго „коммунасць“, як гаварыла сястра Нехлюдава.

— А, і вы патрапілі, — з гучным рогатам сустрэў Пётр Герасімавіч Нехлюдава. — Не выкруціліся?

— Я і не думаў выкручвацца, — строга і панура сказаў Нехлюдаў.

— Ну, гэта грамадзянская адвага. Пачакайце, як захочаце есці, ды спаць не дадуць, не тое заспяваеце! — яшчэ галасней рагочучы, загаварыў Пётр Герасімавіч.

„Гэты пратаіерэяў сын зараз пачне мне ,„ты“ гаварыць“, падумаў Нехлюдаў і, выразіўшы на сваім твары гэткі сум, які быў-бы натуральным толькі, каб ён зараз даведаўся аб смерці ўсіх сваякоў, адышоў ад яго і наблізіўся да групы, што згуртавалася каля паголенага высокага, самавітага пана, які нешта ажыўлена расказваў. Пан гэты гутарыў аб працэсе, які ішоў цяпер у грамадзянскім аддзяленні, як аб добра вядомай яму справе, называючы суддзяў і адвакатаў па імю і па бацьку. Ён расказваў пра той надзвычайны абарот, які ўмеў даць справе славуты адвакат і па якому адна з бакоў, старая пані, не гледзячы на тое, што яна была зусім невінаватай, павінна будзе нізавошта заплаціць вялікія грошы супраціўнаму боку.

— Геніяльны адвакат! — гаварыў ён. Яго слухалі з павагаю, і некаторыя намагаліся ўставіць свае заўвагі, але ён усіх абрываў, нібы ён адзін мог ведаць усё як след.

Не гледзячы на тое, што Нехлюдаў прыехаў позна, давялося доўга чакаць. Затрымліваў справу адзін з членаў суда, які яшчэ дагэтуль не прыехаў.


VI

Судовы старшыня прыехаў у суд рана. Старшыня быў высокі, гладкі чалавек з вялікімі сіваватымі бакенбардамі. Ён быў жанаты, але жыў вельмі распусна, таксама як і яго жонка. Яны не перашкаджалі адзін аднаму. Сёння раніцою ён атрымаў запіску ад швейцаркі-гувернанткі, якая жыла ў іхнім доме ўлетку і цяпер праязджала з поўдня ў Пецербург, што яна будзе ў горадзе паміж трыма і шасцю гадзінамі чакаць яго ў гасцініцы „Італія“. І таму яму хацелася пачаць і скончыць раней сёнешняе паседжанне з тым, каб да шасці паспець наведаць гэтую рыжанькую Клару Васільеўну, з якой у яго ў мінулым годзе ўлетку на дачы завязаўся раман.

Увайшоўшы ў габінет, ён замкнуў дзверы, дастаў з шафы з паперамі з ніжняй паліцы дзве галтэры (гіры) і зрабіў 20 рухаў угору, уперад, убок і ўніз і потым тры разы лёгка прысеў, трымаючы галтэры над галавой.

„Нішто так не падтрымлівае, як абліванне вадою і гімнастыка“, падумаў ён, мацаючы левай рукой з залатым перснем на безыменным пальцы напружаны бісепс правай. Яму аставалася яшчэ зрабіць мулінэ (ён заўсёды рабіў гэтыя два рухі перад доўгімі паседжаннямі), калі дзверы задрыжэлі. Нехта хацеў адчыніць іх. Старшыня хутка паклаў гіры на месца і адчыніў дзверы.

— Прабачце, — сказаў ён.

У пакой увайшоў адзін з членаў у залатых акулярах, невысокі, з паднятымі плячамі і нахмураным тварам.

— Зноў Мацвея Нікіціча няма, — сказаў член нездаволена.

— Няма яшчэ, — надзяючы мундзір, адказаў старшыня. — Вечна позніцца.

— Дзіву даешся, як яму не сорамна, — сказаў член і сярдзіта сеў, вымаючы папяросы.

Член гэты, вельмі акуратны чалавек, сёння раніцою меў непрыемную сутычку з жонкай за тое, што жонка патраціла раней тэрміну дадзеныя ёй на месяц грошы. Яна прасіла даць ёй уперад, але ён сказаў, што не адступіць ад свайго. Вышла сцэна. Жонка сказала, што, калі так, дык абеду не будзе, каб ён і не чакаў абеду дома. На гэтым ён паехаў, баючыся, што яна выканае сваю пагрозу, бо ад яе ўсяго можна было чакаць. — „Вось і жыві добрым, маральным жыццём, — думаў ён, гледзячы на ззяючага, здаровага, вясёлага і добрадушнага старшыню, які, шырока расстаўляючы локці, прыгожымі белымі рукамі разгладжваў густыя і доўгія сіваватыя бакенбарды абапал шытага каўняра: — ён заўсёды здаволены і вясёлы, а я пакутую“.

Увайшоў сакратар і прынёс нейкую справу.

— Вельмі дзякую вам, — сказаў старшыня і закурыў папяроску. — Якую-ж справу пусцім першай?

— Ды я думаю, атручэнне, — нібы абыякава сказаў сакратар.

— Ну, добра, атручэнне дык атручэнне, — сказаў старшыня, скеміўшы, што гэта такая справа, якую можна скончыць да 4-х гадзін, а потым паехаць. — А Мацвея Нікіціча няма?

— Яшчэ няма.

— А Брэве тут?

— Тут, — адказаў сакратар.

— Дык скажыце яму, калі ўбачыце, што мы пачнем з атручэння.

Брэве быў той таварыш пракурора, які павінен быў абвінавачваць на гэтым паседжанні.

Вышаўшы ў калідор, сакратар сустрэў Брэве. Падняўшы высока плечы, ён, у расшпіленым мундзіры, з партфелем падпахай, амаль бегма, пастукваючы абцасамі і махаючы вольнай рукой так, што роўніца рукі была перпендыкулярна да напрамку яго руху, хутка ішоў па калідоры.

— Міхаіл Пятровіч прасіў даведацца, ці гатовы вы, — запытаў у яго сакратар.

— Зразумела, я заўсёды гатоў, — сказаў таварыш пракурора. — Якая справа першая?

— Атручэнне.

— І вельмі добра, — сказаў таварыш пракурора, — але ён зусім не знаходзіў гэта вельмі добрым: ён не спаў усю ноч. Яны праважалі таварыша, многа пілі і гулялі да 2 гадзін, а потым паехалі да жанчын у той самы дом, у якім шэсць месяцаў перад гэтым яшчэ была Маслава, так што акурат справу аб атручэнні ён не паспеў прачытаць і цяпер хацеў перагледзець яе. Сакратар-жа наўмысля, ведаючы, што ён не чытаў справы аб атручэнні, параіў старшыні пусціць яе першай. Сакратар быў чалавекам ліберальнага, нават радыкальнага кірунку думак. А Брэве быў кансерватыўным і, нават, як усе служачыя ў Расіі немцы, асабліва адданы правасуддзю, і сакратар не любіў яго і зайздросціў яго месцу.

— Ну, а як аб скапцах? — запытаў сакратар.

— Я сказаў, што не магу, — сказаў таварыш пракурора, — за адсутнасцю сведкаў, так і заяўлю суду.

— Але-ж усёроўна…

— Не магу, — сказаў таварыш пракурора і, зноў махаючы рукой, прабег у свой габінет.

Ён адкладаў справы аб скапцах за адсутнасцю зусім нязначнага і непатрэбнага для справы сведкі толькі таму, што справа гэтая, разглядваючыся ў судзе, дзе склад прысяжных быў інтэлігентным, магла скончыцца апраўданнем.

Са старшынёю было ўмоўлена, што гэтая справа павінна была быць перанесена на сесію павятовага горада, дзе будуць пераважна сяляне, і таму больш шансаў абвінавачвання.

— Рух па калідоры ўсё павялічваўся. Больш за ўсё народу было каля залы грамадзянскага аддзялення, ў якім праходзіла тая справа, аб якой гаварыў самавіты пан прысяжным, аматар судовых спраў. У зроблены перапынак з гэтай залы вышла тая самай бабулька, у якой геніяльны адвакат здолеў адсудзіць яе маёмасць на карысць дзяльца, які не меў на гэтую маёмасць ніякага права, — гэта ведалі і суддзі, а тым больш ісцец і яго адвакат; але прыдуманы імі ход быў такім, што нельга было не адабраць маёмасць у бабулькі і не аддаць яе дзяльцу. Бабулька была тоўстая жанчына ў прыгожым плацці і з вялікімі кветкамі на капялюшыку. Яна, вышаўшы з дзвярэй, спынілася ў калідоры і, разводзячы тоўстымі кароткімі рукамі, усё паўтарала, звяртаючыся да свайго адваката: „Што-ж гэта будзе? Зрабіце ласку! Што-ж гэта?“ Адвакат глядзеў на кветкі на яе капялюшыку і не слухаў яе, нешта мяркуючы.

Следам за бабулькай з дзвярэй залы грамадзянскага аддзялення, ззяючы пластронам шырока раскрытай камізэлькі і самаздаволеным тварам, шпарка вышаў той самы славуты адвакат, які зрабіў так, што бабулька з кветкамі асталася без усяго, а дзялец, які даў яму 10 тысяч рублёў, атрымаў больш 100 тысяч. Погляды ўсіх звярнуліся на адваката, і ён адчуваў гэта, і ўсім выглядам сваім нібы гаварыў: „не трэба ніякіх праяў адданасці“, і хутка прайшоў міма ўсіх.


VII

Нарэшце прыехаў і Мацвей Нікіціч, і судовы прыстаў, худы чалавек з доўгай шыяй і хадой на бок і таксама на бок высунутай ніжняй губой, увайшоў у пакой прысяжных.

Судовы прыстаў гэты быў сумленны чалавек, з універсітэцкай адукацыяй, але нідзе не мог утрымацца на месцы, бо піў запоем. Тры месяцы перад гэтым адна графіня, якая спрыяла яго жонцы, знайшла яму гэта месца, і ён дагэтуль трымаўся на ім і радаваўся гэтаму.

— Што-ж, панове, пазбіраліся ўсе? — сказаў ён, надзяваючы pince-nez і гледзячы праз яго.

— Усе, здаецца, — сказаў вясёлы купец.

— Вось праверым, — сказаў судовы прыстаў і, дастаўшы з кішэні ліст, пачаў пераклікаць, паглядаючы на прысутных то поверх pince-nez, то скрозь яго.

— Стацкі советнік І. М. Нікіфараў.

— Я, — сказаў самавіты пан, які ведаў усе судовыя справы.

— Адстаўны палкоўнік Іван Сямёнавіч Іваноў.

— Тут, — адгукнуўся худы чалавек у адстаўным мундзіры.

— Купец 2-й гільдыі Пётр Баклашоў.

— Ёсць, — сказаў добрадушны купец, усміхаючыся на ўвесь рот. — Гатовы!

— Гвардыі паручык князь Дзмітрый Нехлюдаў.

— Я, — адказаў Нехлюдаў.

Судовы прыстаў асабліва пачціва і прыемна, гледзячы поверх pince-nez, пакланіўся, нібы вылучаючы яго гэтым ад іншых.

— Капітан Юрый Дзмітравіч Данчэнка, купец Грыгорый Ефімавіч Кулешоў і т. д., і т. д.

Усе, апрача двух, прышлі.

— Цяпер, калі ласка, панове, у залу, — прыемным жэстам паказваючы на дзверы, сказаў прыстаў.

Усе рушылі і, прапускаючы адзін аднаго ў дзвярах, вышлі ў калідор і з калідора ў залу паседжання.

Зала суда была вялікім доўгім пакоем. Адзін канец яго быў занят узвышэннем, да якога вялі тры сходкі. На ўзвышэнні пасярэдзіне стаяў стол, накрыты зялёным сукном з больш цмянай зялёнай бахрамой. Ззаду стала стаялі тры крэслы з вельмі высокімі дубовымі разбянымі спінкамі, а за крэсламі вісеў у залатой аправе яркі партрэт на ўвесь рост цара ў мундзіры і з істужкай. Цар адставіў нагу і трымаўся за шаблю. У правым кутку вісеў ківот з абразом Хрыста ў цярновым вянку, і стаяў аналой, і з правага-ж боку стаяла канторка пракурора. З левага боку, супроць канторкі, быў у глыбіні столік сакратара, а бліжэй да публікі — точаныя дубовыя краты і за імі яшчэ незанятая лаўка падсудных. З правага боку на ўзвышэнні стаялі ў два рады крэслы таксама з высокімі спінкамі для прысяжных, унізе — сталы для адвакатаў. Усё гэта было ў пярэдняй частцы залы, падзеленай кратамі папалам. А задняя частка ўся занята была лавамі, якія, узвышаючыся адзін рад над другім, ішлі да задняй сцяны. У задняй частцы залы, на пярэдніх лавах, сядзелі чатыры жанчыны, накшталт фабрычных або пакаёвак, і двое мужчын, таксама з рабочых, якія нясмела шапталіся паміж сабой, бо, відаць, на іх моцна падзейнічала багацце ўбрання залы.

Хутка пасля прысяжных судовы прыстаў аднабаковай хадою вышаў насярэдзіну і голасна, нібы ён хацеў напалохаць прысутных, пракрычаў:

— Суд ідзе!

Усе ўсталі, і на ўзвышэнне залы вышлі суддзі: старшыня са сваімі мускуламі і дзівоснымі бакенбардамі; потым пануры член суда ў залатых якулярах, які цяпер зрабіўся яшчэ больш панурым, бо перад самым паседжаннем ён сустрэў свайго шурына, кандыдата на судовыя пасады, які сказаў яму, што ён быў у сястры, і сястра абвясціла яму, што абеду не будзе.

— Так што, відаць, у шынок паедзем, — сказаў шурын смеючыся.

— Няма нічога смешнага, — сказаў пануры член суда і зрабіўся яшчэ больш панурым.

І, урэшце, трэці член суда, той самы Мацвей Нікіціч, які заўсёды пазніўся, — гэты член быў барадаты чалавек з вялікімі, уніз адцягнутымі, ласкавымі вачыма. Член гэты хварэў на катар страўніка і з сёнешняй раніцы пачаў, як раіў доктар, новы рэжым, і гэты новы рэжым затрымаў яго сёння дома болыш, як звычайна. Цяпер, калі ён уваходзіў на ўзвышэнне, ён меў сур‘ёзны выгляд, таму што ў яго была звычка загадваць усімі магчымымі сродкамі на пытанні, якія ён задаваў сабе. Цяпер ён загадаў, што калі лік крокаў да крэсла ад дзвярэй габінета будзе дзяліцца на тры без рэшты, дык новы рэжым вылечыць яго ад катара, калі-ж не будзе дзяліцца, дык не. Крокаў было дваццаць шэсць, але ён зрабіў маленькі крок і якраз на дваццаць сёмым падышоў да крэсла.

Постаці старшыні і членаў, якія вышлі на ўзвышэнне ў сваіх вышытых залатых каўнерах мундзіраў, былі вельмі самавітымі. Яны самі адчувалі гэта, і ўсе трое, нібы збянтэжаныя сваёй велічнасцю, спяшаючыся і сарамліва апускаючы вочы, селі на свае разбяныя крэслы за накрыты зялёным сукном стол, на якім узвышаўся трохкутны інструмент з арлом, шкляныя вазы, у якіх бываюць у буфетах цукеркі, стаяла чарнільніца, ляжалі пер‘і, папера чыстая і завостраныя алоўкі розных памераў. Разам з суддзямі ўвайшоў і таварыш пракурора. Ён таксама спяшаючыся, з партфелем падпахай, і таксама махаючы рукою, прайшоў да свайго месца ля акна і адразу-ж паглыбіўся ў чытанне і перагледжванне папер, карыстаючыся кожнай хвілінай для таго, каб падрыхтавацца да справы. Пракурор гэты толькі што чацверты раз абвінавачваў. Ён быў вельмі ганарлівым і цвёрда парашыў зрабіць кар‘еру, і таму лічыў неабходным дамагацца абвінавачвання па ўсіх справах, па якіх ён будзе абвінавачваць. Сутнасць справы аб атручванні ён ведаў у агульных рысах і склаў ўжо план прамовы, але яму патрэбны былі яшчэ некаторыя даведкі, вось іх ён цяпер спехам і выпісваў са справы.

Сакратар сядзеў на процілеглым канцы ўзвышэння і, падрыхтаваўшы ўсе тыя паперы, якія могуць быць патрэбнымі для чытання, прагледжваў забаронены артыкул, які ён дастаў і чытаў учора. Яму хацелася пагаварыць пра гэты артыкул з членам суда з вялікай барадой, які падзяляў яго погляды, і раней размовы хацелася добра пазнаёміцца з артыкулам.


VIII

Старшыня, прагледзеўшы паперы, зрабіў некалькі запытанняў судовайму прыставу і сакратару і, атрымаўшы сцвярджальныя адказы, загадаў прывесці падсудных. Адразу-ж дзверы за кратамі адчыніліся, і ўвайшлі ў шапках два жандары з аголенымі шаблямі, а за імі спачатку адзін падсудны, рыжы мужчына з вяснянкамі, і дзве жанчыны. Мужчына быў апрануты ў арыштанцкі халат, занадта шырокі і доўгі для яго. Уваходзячы ў суд, ён трымаў рукі з адтапыранымі вялікімі пальцамі, напружана выгнутымі па швах, прытрымліваючы гэтым становішчам занадта доўгія рукавы, якія спадалі. Ён, не пазіраючы на суддзяў і гледачоў, уважліва глядзеў на лаву, якую абыходзіў. Абышоўшы яе, ён акуратна, з краю, даючы месца іншым, сеў на яе і, упяўшы вочы на старшыню, нібы шэпчучы нешта, пачаў шавяліць мускуламі шчок. За ім увайшла немаладая жанчына, таксама адзетая ў арыштанцкі халат. Галава жанчыны была абвязана арыштанцкай хусткай, твар быў шэра-белы, без брывей і расніц, але з чырвонымі вачыма. Жанчына гэта здавалася зусім спакойнай. Калі яна праходзіла на сваё месца, халат яе зачапіўся за нешта, яна старанна, не спяшаючы, выпрастала яго і села.

Трэцяя падсудная была Маслава.

Як толькі яна ўвайшла, вочы ўсіх мужчын, што былі ў зале, накіраваліся на яе і доўга не адрываліся ад яе белага, з чорнымі глянсоўна-бліскучымі вачамі твару і высокіх грудзей, што выступалі пад халатам. Нават жандар, міма якога яна праходзіла, не спускаючы вачэй, глядзеў на яе, пакуль яна праходзіла і садзілася, і потым, калі яна села, нібы прызнаючы сябе вінаватым, хутка адвярнуўся і, устрасануўшыся, упяў вочы ў акно проста перад сабой.

Старшыня пачакаў, пакуль падсудныя занялі свае месцы, і, як толькі Маслава села, звярнуўся да сакратара.

Пачалася звычайная працэдура: пералічэнне прысяжных засядацеляў, размовы аб тых, што не з‘явіліся, пакаранне іх штрафам і вырашэнне аб тых, якія адпрашваліся, і папаўненне адсутных запаснымі. Потым старшыня склаў білецікі, уклаў іх у шкляную вазу і пачаў, крыху закасаўшы шытыя рукавы мундзіра і агаліўшы валасатыя рукі, з жэстамі фокусніка, вымаць па адным білеціку, раскатваць і чытаць іх. Потым старшыня спусціў рукавы і прапанаваў свяшчэнніку прывесці засядацеляў да прысягі.

Старэнькі свяшчэннік, з апухлым жоўтабледным тварам, у карычневай расе з залатым крыжам на грудзях і яшчэ нейкім маленькім ордэнам, прыколатым з боку на расе, павольна пад расай перасоўваючы свае апухлыя ногі, падышоў да аналоя, які стаяў пад абразом.

Прысяжныя ўсталі і натоўпам рушылі да аналоя.

— Калі ласка, — вымавіў свяшчэннік, дакранаючыся пухлай рукой сваёй да крыжа на грудзях і чакаючы набліжэння ўсіх прысяжных.

Свяшчэннік гэты свяшчэнстваваў 46 год і збіраўся праз тры гады адсвяткаваць свой юбілей таксама, як яго нядаўна адсвяткаваў пратаіерэй. А ў акруговым судзе ён служыў з часу адкрыцця судоў і вельмі ганарыўся тым, што ён прывёў да прысягі некалькі дзесяткаў тысяч чалавек і што, не гледзячы на свае гады, ён працягваў працаваць на карысць царквы, бацькаўшчыны і сям‘і, якой ён пакіне, апрача дома, капітал не менш трыццаці тысяч у процантных паперах. Тое-ж, што праца яго ў судзе, складаючыся з таго, каб прыводзіць людзей да прысягі над евангеллем, у якім прама забаронена прысяга, бы праца нядобрая, ніколі не прыходзіла яму ў галаву, і ён не толькі не цягаціўся ёю, але любіў гэты звыклы занятак, часта пры гэтым знаёмячыся з добрымі панамі. Цяпер ён не без прыемнасці пазнаёміўся з славутым адвакатам, унушаўшым яму вялікую павагу тым, што за адну толькі справу старушкі з аграмаднымі кветкамі на шляпцы ён атрымаў дзесяць тысяч рублёў.

Калі прысяжныя ўсе ўзышлі на ўзвышша, свяшчэннік, нагнуўшы набок лысую і сівую галаву, пралез ёю ў засаленую дзіру епітрахілі і, аправіўшы жыдкія валасы, звярнуўся да прысяжных.

— Правую руку падыміце, а персты злажыце так вось, — сказаў ён павольна старэчым голасам, падымаючы пухлую руку з ямачкамі над кожным пальцам і складваючы гэтыя пальцы ў шчэпоць. — Цяпер паўтарайце за мной, — сказаў ён і пачаў: — Абяцаю і клянуся ўсемагутным богам, перад святым яго евангеллем і жыватворачым крыжам гасподнім, што па справе, па якой… — гаварыў ён, робячы перарыў пасля кожнай фразы. — Не апускайце рукі, трымайце так, — звярнуўся ён к маладому чалавеку, апусціўшаму руку, — што па справе, па якой…

Самавіты пан з бакенбардамі, палкоўнік, купец і іншыя трымалі рукі са складзенымі перстамі так, як гэтага трэбаваў свяшчэннік, як-бы з асаблівай прыемнасцю, вельмі выстарчальна і высока, іншыя як быццам неахвотна і невыстарчальна. Адны занадта гучна паўтаралі словы, нібыта з задорам і выражэннем, гаворачым: „а я ўсё-такі буду і буду гаварыць“, іншыя-ж толькі шапталі, адставалі ад свяшчэнніка і потым, як-бы спужаўшыся, не ў-час даганялі яго; адны моцна, нібы баючыся, што выпусцяць штосьці, вызываючымі жэстамі трымалі свае шчэпоткі, а іншыя распускалі іх і зноў збіралі. Усім было няёмка, адзін толькі старэнькі свяшчэннік быў упэўнены, што ён робіць вельмі карысную і важную справу. Пасля прысягі судовы старшыня прапанаваў прысяжным абраць старшыню. Прысяжныя ўсталі і, гурмой, прайшлі ў дарадчы пакой, дзе амаль усе яны адразу-ж дасталі папяросы і пачалі курыць. Нехта прапанаваў за старшыню самавітага пана, і ўсе адразу-ж згадзіліся і, кінуўшы і патушыўшы недакуркі, вярнуліся ў залу. Абраны старшыня абвясціў судоваму старшыні, каго абралі за старшыню, і ўсе зноў, шагаючы цераз ногі адзін аднаму, паселі ў два рады на крэслы з высокімі спінкамі.

Усё ішло без затрымак, хутка і не без урачыстасці, і гэта правільнасць, паслядоўнасць, і ўрачыстасць, відаць, была прыемнай для ўдзельнікаў, сцвярджаючы ў іх думку, што яны робяць сур‘ёзную і значную грамадскую справу. Гэта адчуванне было і ў Нехлюдава.

Як толькі прысяжныя паселі, старшыня сказаў ім прамову аб іх правах, абавязках і адказнасці. Гаворачы сваю прамову, старшыня безупынна мяняў позу: то абапіраўся на правую, то на левую руку, то на спінку, то на ручкі крэслаў, то падраўніваў краі паперы, то гладзіў разразны нож, то мацаў аловак.

Правы іхныя, паводле яго слоў, складаліся з таго, што яны могуць запытваць падсудных праз старшыню, могуць мець аловак і паперу і могуць аглядаць рэчавыя доказы. Абавязак складаўся з таго, каб яны судзілі не фальшыва, а справядліва. Адказнасць-жа іх складалася з таго, што ў выпадку парушэння тайны нарад і ўстанаўлення зносін са староннімі, яны падлягалі пакаранню.

Усе слухалі з пачцівай увагай. Купец, распаўсюджваючы вакол сябе пахі віна і, стрымліваючы шумную адрыжку, на кожную фразу з ухвалай ківаў галавой.


IX

Скончыўшы сваю прамову, старшыня звярнуўся да падсудных.

— Сімон Карцінкін, устаньце, — сказаў ён.

Сімон нервова ўскочыў. Мускулы шчок зашавяліліся яшчэ хутчэй.

— Ваша імя?

— Сімон Пятроў Карцінкін, — хутка вымавіў ён траскучым голасам, відаць, уперад падрыхтаваўшыся да адказу.

— Ваша годнасць?

— Сяляне.

— Якой губерні, павета?

— Тульскай губерні, Крапівенскага павета, воласці Купянскай, сяла Боркі.

— Колькі вам год?

— Трыццаць чацверты, нарадзіўся ў тысяча восемсот…

— Веры якой?

— Веры мы рускай, праваслаўнай.

— Жанаты?

— Ніяк не.

— Чым займаецеся?

— Займаліся мы па калідоры ў гасцініцы „Маўрытанія“.

— Судзіліся калі раней?

— Ніколі не судзіўся, таму як мы жылі раней…

— Не судзіліся раней?

— Крый божа, ніколі.

— Копію з абвінаваўчага акта атрымалі?

— Атрымалі.

— Сядайце. Еўфімія Іванаўна Бачкова, — звярнуўся старшыня да наступнай падсуднай.

Але Сімон яшчэ стаяў і засланяў Бачкову.

— Карцінкін, сядайце!

Карцінкін усё стаяў.

— Карцінкін, сядайце!

Але Карцінкін усё стаяў і сеў толькі тады, калі прыстаў, схіліўшы галаву набок і ненатуральна вытарашчыўшы вочы, падбег да яго і трагічным шэптам прагаварыў: „сядзець, сядзець!“

Карцінкін сеў таксама хутка, як ён устаў, і, захінуўшыся халатам, пачаў зноў маўкліва шавяліць шчакамі.

— Ваша імя? — стомлена ўздыхаючы, звярнуўся старшыня да другой падсуднай, не гледзячы на яе і аб нечым спраўляючыся ў паперы, што ляжала перад ім. Справа была настолькі звычайнай для старшыні, што для паскарэння ходу спраў ён мог рабіць дзве справы разам.

Бачковай было 43 гады, годнасць — каломенская мяшчанка, занятак — калідорная ў той-жа гасцініцы „Маўрытанія“. Пад судом і следствам не была, копію з абвінаваўчага акта атрымала. Адказы свае вымаўляла Бачкова надзвычайна смела і з гэткімі інтанацыямі, нібы яна да кожнага адказу прымаўляла: „але, Еўфімія і Бачкова, копію атрымала, і ганаруся гэтым, і смяяцца нікому не дазволю“. Бачкова, не чакаючы таго, каб ёй сказалі сесці, адразу-ж села, як толькі скончыліся пытанні.

— Ваша імя? — звярнуўся ласы да жанок старшыня неяк асабліва ветліва да трэцяй падсуднай. — Трэба ўстаць, — дадаў ён мякка і ласкава, заўважыўшы, што Маслава сядзела.

Маслава хуткім рухам устала і з выразам гатоўнасці, выстаўляючы свае высокія грудзі, не адказваючы, глядзела проста ў твар старшыні сваімі ветлівымі і крыху касымі вачыма.

— Зваць як?

— Любоўю, — прагаварыла яна хутка. Нехлюдаў тымчасам, уздзеўшы pince-nez, пазіраў на падсудных, калі іх дапытвалі. — „Ды не можа быць“, думаў ён, не зводзячы вачэй з твара падсуднай, — „але як-жа Любоў?“ думаў ён, пачуўшы яе адказ. Старшыня хацеў дапытваць далей, але член у акулярах, нешта сярдзіта прашаптаўшы, спыніў яго. Старшыня зрабіў галавой знак згоды і звярнуўся да падсуднай:

— Як Любоўю? — сказаў ён. — Вы запісаны інакш.

Падсудная маўчала.

— Я ў вас пытаюся, як ваша сапраўднае імя.

— Хрысцілі як? — запытаў сярдзіты член.

— Раней звалі Кацярынай.

„Ды не можа быць“, працягваў сабе гаварыць Нехлюдаў, і тым часам ён ужо без усякага сумнення ведаў, што гэта была яна, тая самая дзяўчына, выхаванка-пакаёўка, у якую ён адзін час закахаўся, менавіта закахаўся, а потым у нейкім вар‘яцкім чадзе спакусіў і пакінуў і пра якую потым ніколі не ўспамінаў, таму што ўспамін гэты быў занадта балючым, занадта яўна выкрываў яго і паказваў, што ён, так горды сваёй прыстойнасцю, не толькі не прыстойна, але проста подла зрабіў з гэтай жанчынай.

Але, гэта была яна. Ён бачыў цяпер яскрава тую выключную, таямнічую асаблівасць, якая адрознівае адзін твар ад другога, робіць яго асаблівым, адзіным, непаўторным. Не гледзячы на штучную белату і гладкасць твара, асаблівасць гэта, любая, выключная асаблівасць, была ў гэтым твары, у губах, у крыху касаватых вачах і, галоўнае, у гэтым наіўным, з усмешкаю, позірку і ў выразе гатоўнасці не толькі на твары, але і ва ўсёй постаці.

— Вы так і павінны былі сказаць, — зноў неяк асабліва мякка сказаў старшыня. — Па бацьку як?

— Я — незаконная, — прагаварыла Маслава.

— Усё-ж ткі па хроснаму бацьку як звалі?

— Міхайлавай.

„І што магла яна зрабіць?“ — працягваў думаць тымчасам Нехлюдаў, ледзь пераводзячы дыханне.

— Прозвішча ваша як? — працягваў старшыня.

— Пісалі па маці Маславай.

— Годнасць?

— Мяшчанка.

— Веры праваслаўнай?

— Праваслаўнай.

— Занятак? Чым займаліся?

Маслава маўчала.

— Чым займаліся? — паўтарыў старшыня.

— У завядзенні была, — сказала яна.

— У якім завядзенні? — сурова запытаў член у акулярах.

— Вы-ж самі ведаеце ў якім, — сказала Маслава, усміхнулася і адразу-ж, хутка азірнуўшыся, зноў проста ўтаропілася ў старшыню.

Нешта было гэткае незвычайнае ў выразе твара і страшнае і нікчэмнае ў значэнні вымаўленых ёю слоў, у гэтай усмешцы і ў тым хуткім поглядзе, якім яна азірнула пры гэтым залу, што старшыня зрабіў выгляд, што засароміўся, і ў зале на мінуту ўстанавілася поўная цішыня. Цішыня была парушана нейчым смехам з публікі. Нехта зашыкаў. Старшыня падняў галаву і працягваў запытанні:

— Пад судом і следствам не былі?

— Не была, — ціха прагаварыла Маслава, уздыхаючы.

— Копію з абвінаваўчага акта атрымалі?

— Атрымала.

— Сядайце, — сказаў старшыня.

Падсудная падняла спадніцу адзаду тым рухам, якім прыбраныя жанчыны папраўляюць шлейф, і села, склаўшы белыя невялікія рукі ў рукавах халата, не зводзячы вачэй з старшыні.

Пачаўся пералік сведак, вывад сведак, пастанова аб эксперце-доктары і запрашэнне яго ў залу паседжання. Потым устаў сакратар і пачаў чытаць абвінаваўчы акт. Чытаў ён выразна і голасна, але так хутка, што голас яго, няправільна вымаўляючы л і р, зліваўся ў адзін безупынны, навяваючы дрымоту, гул. Суддзі абапіраліся то на адну, то на другую ручку крэслаў, то на стол, то на спінку, то заплюшчвалі вочы, то адкрывалі іх і перашэптваліся. Адзін жандар некалькі разоў стрымліваў сударгу пазяхання. З падсудных Карцінкін не спыняў варушыць шчокамі. Бачкова сядзела зусім спакойна і проста, зрэдку пачосваючы пальцам пад хусцінкай галаву.

Маслава то сядзела нерухома, слухаючы голас чытальніка і гледзячы на яго, то ўздрыгвала і нібы хацела супярэчыць, чырванела і потым цяжка ўздыхала, змяняла становішча рук, азіралася і зноў пачынала глядзець на чытальніка.

Нехлюдаў сядзеў у першым радзе на сваім высокім крэсле, другім скраю, і, здымаючы pince-nez, пазіраў на Маславу, і ў душы яго ішла складаная і балючая работа.


X

Абвінаваўчы акт быў гэткі: „17 студзеня 188* года ў гасцініцы „Маўрытанія“ раптоўна памёр прыезджы — курганскі 2-й гільдыі купец Ферапонт Емельянавіч Смелькоў.

Мясцовы паліцэйскі ўрач 4-га ўчастка пасведчыў, што прычынай смерці з‘яўляецца разрыў сэрца, выкліканы звышмерным ужываннем спіртных напіткаў. Цела Смелькова было пахавана.

Праз некалькі дзён купец Тімохін, зямляк і таварыш Смелькова, вярнуўшыся з Пецербурга і даведаўшыся, у якіх абставінах памёр Смелькоў, заявіў падазрэнне ў атручэнні яго з мэтай пакражы грошай, што знаходзіліся пры ім.

Падазрэнне гэта знайшло сабе пацверджанне на папярэднім следстве, якое ўстанавіла: 1) што Смелькоў неўзабаве перад смерцю атрымаў з банка 3800 рублёў срэбрам. Тымчасам, пры апісанні маёмасці нябожчыка ў парадку ахаваўчым, аказалася ў наяўнасці толькі 312 рублёў 16 капеек. 2) Увесь дзень напярэдадні і ўсю апошнюю перад смерцю ноч Смелькоў правёў з прастытуткай Любкай (Кацярынай Маславай) у публічным доме і ў гасцініцы „Маўрытанія“, куды, па даручэнню Смелькова і ў адсутнасці яго, Кацярына Маслава прыязджала з публічнага дома па грошы, якія дастала з чамадана Смелькова, адамкнуўшы яго дадзеным ёй Смельковым ключом, у прысутнасці калідорнай прыслугі гасцініцы „Маўрытанія“ Еўфіміі Бачковай і Сімона Карцінкіна. У чамадане Смелькова, пры адмыканні яго Маславай, прысутныя пры гэтым Бачкова і Карцінкін бачылі пачкі сторублёвых крэдытных білетаў. 3) Пасля звароту Смелькова з публічнага дома ў гасцініцу „Маўрытанія“ разам з прастытуткай Любкай гэта апошняя, паслухаўшыся парады калідорнага Карцінкіна, дала выпіць Смелькову ў чарцы кан‘яка белы парашок, атрыманы ёй ад Карцінкіна. 4) Наступнай раніцой прастытутка Любка (Кацярына Маслава) прадала сваёй гаспадыні, утрымальніцы публічнага дома, сведцы Кітаевай, дыяментавы пярсцёнак Смелькова, які Смелькоў нібыта ёй падарыў. 5) Калідорная дзяўчына гасцініцы „Маўрытанія“ Еўфімія Бачкова на другі дзень пасля смерці Смелькова паклала на свой бягучы рахунак у мясцовы камерцыйны банк 1800 рублёў срэбрам.

Судова-медычным аглядам, ускрыццём трупа і хімічным даследаваннем вантроб Смелькова ўстаноўлена безумоўна прысутнасць атруты ў арганізме нябожчыка, якая дала падставу сцвердзіць, што смерць вынікла ад атручэння.

Прыцягненыя ў якасці абвінавачаных Маслава, Бачкова і Карцінкін вінаватымі сябе не прызналі, заявіўшы: Маслава — што яна сапраўды была паслана Смельковым з публічнага дома, дзе яна, кажучы яе словамі, працуе, у гасцініцу „Маўрытанію“ прывезці купцу грошай, і што, адамкнуўшы там дадзеным ёй ключом чамадан купца, яна ўзяла з яго 40 рублёў срэбрам, як ёй было загадана, але больш грошай не брала, што могуць пацвердзіць Бачкова і Карцінкін, у прысутнасці якіх яна адмыкала і замыкала чамадан і брала грошы. Далей паказала, што яна, другі раз прыехаўшы ў нумар купца Смелькова, сапраўды дала яму, падвучаная Карцінкіным, выпіць з кан‘яком нейкіх парашкоў, якія яна лічыла, што яны наводзяць сон, для таго, каб купец хутчэй заснуў і адпусціў яе. Пярсцёнак падарыў ёй сам Смелькоў пасля таго, як ён пабіў яе і яна заплакала і хацела ад яго паехаць.

Еўфімія Бачкова паказала, што яна нічога не ведае аб пакрадзеных грошах, і што яна і ў нумар купца не ўваходзіла, а гаспадарыла там адна Любка, і калі што пакрадзена ў купца, дык зрабіла пакражу Любка, калі яна прыязджала з купцовым ключом па грошы. — На гэтым месцы чытання Маслава здрыганулася, адкрыўшы рот, азірнулася на Бачкову. — Калі-ж Еўфіміі Бачковай быў прад‘яўлен яе рахунак у банку на 1800 р. срэбрам, — працягваў чытаць сакратар, — і было запытана: адкуль у яе ўзяліся гэткія грошы, яна паказала, што яны нажыты ёй на працягу дванаццаці год разам з Сімонам Карцінкіным, за якога яна збіралася выйсці замуж. Сімон Карцінкін у сваю чаргу, пры першым паказанні сваім прызнаўся, што ён разам з Бачковай, падвучаны Маславай, якая прыехала з ключом з публічнага дома, украў грошы і падзяліўся імі з Маславай і Бачковай. — Пры гэтым Маслава зноў уздрыганула, падскочыла нават, барвова пачырванела і пачала гаварыць нешта, але судовы прыстаў спыніў яе. — Урэшце, — працягваў чытанне сакратар, — Карцінкін прызнаўся і ў тым, што даў Маславай парашкі, каб навесці сон на купца; а ў другім сваім паказанні адмаўляў свой удзел у пакражы грошай і перадачы парашкоў Маславай, ва ўсім абвінавачваючы яе адну. Аб грашах, пакладзеных Бачковай у банк, ён паказаў згодна з ёй, што яны набыты разам з ім дванаццацігадовай службай у гасцініцы ад паноў, якія ўзнагароджвалі яго за паслугі“.

Потым ішло ў абвінаваўчым акце апісанне вочных ставак, паказанне сведак, думкі экспертаў і т. д.

Заключэнне абвінаваўчага акта было наступнае:

„З прычыны ўсяго вышэйвыкладзенага, селянін сяла Боркаў Сімон Пятроў Карцінкін, 33-х год, мяшчанка Еўфімія Іванава Бачкова, 43-х год, і мяшчанка Кацярына Міхайлава Маслава, 27-мі год, абвінавачваюцца ў тым, што яны 17-га студзеня 188* года, загадзя змовіўшыся паміж сабой, пакралі грошы і пярсцёнак купца Смелькова на суму 2500 рублёў срэбрам і з намерам забойства напаілі яго, Смелькова, атрутай, з якой прычыны ён, Смелькоў, і памёр.

Злачынства гэта прадугледжана 4 і 5 пунктамі 1453 артыкула ўкладу аб пакараннях. Таму і на падставе артыкула 201 статута крымінальнага судаўніцтва селянін Сімон Карцінкін, Еўфімія Бачкова і мяшчанка Кацярына Маслава падлягаюць суду акруговага суда з удзелам прысяжных засядацеляў“.

Гэтак скончыў сваё чытанне доўгага абвінаваўчага акта сакратар і, склаўшы лісты, сеў на сваё месца, папраўляючы двума рукамі доўгія валасы. Усе ўздыхнулі лёгка з прыемным адчуваннем таго, што цяпер пачнецца даследаванне, і зараз усё высветліцца, і справядлівасць будзе задаволена. У аднаго Нехлюдава не было гэтага адчування: ён увесь быў ахоплен жахам перад тым, што магла зрабіць тая Маслава, якую ён ведаў нявіннай і прыгожай дзяўчынкай 10 год таму назад.


XI

Калі скончылася чытанне абвінаваўчага акта, старшыня, параіўшыся з членамі, звярнуўшыся да Карцінкіна з такім выразам твара, які казаў, што цяпер ужо мы ўсё і дакладна даведаемся самым падрабязным чынам.

— Селянін Сімон Карцінкін, — пачаў ён, схіляючыся налева.

Сімон Карцінкін устаў, выцягнуўшы рукі па швах і падаўшыся ўперад усім целам, не спыняючы маўкліва варушыць шчакамі.

— Вы абвінавачваецеся ў тым, што 17 студзеня 188* г. вы, у саўдзельніцтве з Еўфіміяй Бачковай і Кацярынай Маславай, укралі з чамадана купца Смелькова яго грошы і потым прынеслі мыш‘як і падгаварылі Кацярыну Маславу даць купцу Смелькову выпіць атруту з віном, з чаго Смелькоў памёр. Ці прызнаеце вы сябе вінаватым? — праказаў ён і схіліўся направа.

— Ніяк немагчыма, бо наша справа служыць гасцям…

— Вы пасля скажаце. Ці прызнаеце вы сябе вінаватым?

— Ніяк не. Я толькі…

— Пасля скажаце. Ці прызнаеце вы сябе вінаватым? — спакойна, але цвёрда паўтарыў старшыня.

— Не магу я гэтага зрабіць, бо…

Зноў судовы прыстаў падскочыў да Сімона Карцінкіна і трагічным шэптам спыніў яго. Старшыня, з выразам таго, што гэта справа цяпер скончана, пераклаў локаць рукі, у якой ён трымаў паперу, на другое месца і звярнуўся да Еўфіміі Бачковай.

— Еўфімія Бачкова, вы абвінавачваецеся ў тым, што 17 студзеня 188* г. у гасцініцы „Маўрытанія“, разам з Сімонам Карцінкіным і Кацярынай Маславай, укралі ў купца Смелькова з яго чамадана яго грошы і пярсцёнак і, падзяліўшы пакрадзенае паміж сабой, напаілі, для захавання свайго злачынства, купца Смелькова атрутай. Ці прызнаеце вы сябе вінаватай?

— Не вінавата я ні ў чым, — бойка і цвёрда пачала гаварыць абвінавачаная. — Я і ў нумар не ўваходзіла… А як гэта паскуда ўвайшла, дык яна і зрабіла справу.

— Вы пасля скажаце, — сказаў зноў гэтак-жа мякка і цвёрда старшыня.

— Дык вы не прызнаеце сябе вінаватай?

— Не брала я грошы, і не я паіла, я і ў нумары не была. Калі-б я была, я-б яе выкінула.

— Вы не прызнаеце сябе вінаватай?

— Ніколі.

— Вельмі добра.

— Кацярына Маслава, — пачаў старшыня, звяртаючыся да трэцяй падсуднай, — вы абвінавачваецеся ў тым, што, прыехаўшы з публічнага дома ў нумар гасцініцы „Маўрытанія“ з ключом ад чамадана купца Смелькова, вы ўкралі з гэтага чамадана грошы і пярсцёнак, — гаварыў ён, як завучаны ўрок, схіляючы тым часам вуха да члена злева, які казаў, што па спісе рэчавых доказаў нехапае шклянкі. Укралі з чамадана грошы і пярсцёнак, паўтарыў старшыня, — і, падзяліўшы пакрадзенае і потым прыехаўшы з купцом Смельковым у гасцініцу „Маўрытанія“, вы далі Смелькову выпіць віна з атрутай, ад якой ён памёр. Ці прызнаеце вы сябе вінаватай?

— Ні ў чым не вінавата, — хутка загаварыла яна, — як спачатку казала, гэтак і цяпер кажу: не брала, не брала і не брала, нічога я не брала, а пярсцёнак ён мне сам даў…

— Вы не прызнаеце сябе вінаватай у крадзяжы 2500 рублёў грошай? — сказаў старшыня.

— Кажу, нічога не брала, апрача 40 рублёў.

— Ну, а ў тым, што далі купцу Смелькову парашкі ў віне, прызнаеце сябе вінаватай?

— У гэтым прызнаю. Толькі я думала, як мне казалі, што яны сонныя, што ад іх нічога не будзе. Не думала і не хацела. Перад богам кажу — не хацела, — сказала яна.

— Значыць, вы не прызнаеце сябе вінаватай у крадзяжы грошай і пярсцёнка купца Смелькова, — сказаў старшыня. — Але прызнаеце, што далі парашкі?

— У гэтым, значыць, прызнаю, толькі я думала, сонныя парашкі. Я дала толькі, каб ён заснуў, — не хацела і не думала.

— Вельмі добра, — сказаў старшыня, відаць задаволены дасягнутымі вынікамі. — Дык раскажыце, як адбывалася справа, — сказаў ён, аблакочваючыся на спінку і кладучы дзве рукі на стол. — Раскажыце ўсё, як было. Вы можаце шчырым прызнаннем аблягчыць сваё становішча.

Маслава, усё так-жа проста гледзячы на старшыню, маўчала.

— Раскажыце, як была справа.

— Як была? — раптам хутка пачала Маслава. — Прыехала ў гасцініцу, прывялі мяне ў нумар, там ён быў, і ўжо вельмі п‘яны. — Яна з асаблівым выразам жаху, шырока расплюшчваючы вочы, вымавіла слова ён. — Я хацела паехаць, ён не пусціў.

Яна замаўчала, нібы раптам згубіўшы думку або прыгадаўшы аб іншым.

— Ну, а потым?

— Што-ж потым? Потым пабыла і паехала дамоў.

У гэты час таварыш пракурора прыўзняўся напалову, ненатуральна абапіраючыся на адзін локаць.

— Вы жадаеце зрабіць запытанне? — сказаў старшыня і, на сцвярджальны адказ таварыша пракурора, жэстам паказаў яму, што ён можа запытваць.

— Я жадаў-бы запытаць: ці была падсудная знаёма з Сімонам Карцінкіным раней? — сказаў таварыш пракурора, не гледзячы на Маславу.

І, зрабіўшы запытанне, сціснуў вусны і нахмурыўся. Старшыня паўтарыў запытанне. Маслава спалохана ўтаропілася ў таварыша пракурора.

— З Сімонам? Была, — сказала яна.

— Я-б жадаў ведаць цяпер, у чым заключалася гэта знаёмства падсуднай з Карцінкіным. Ці часта яны бачыліся паміж сабой?

— У чым знаёмства? Запрашаў мяне да гасцей, а не знаёмства, — адказала Маслава, трывожна пераводзячы вочы з таварыша пракурора на старшыню і назад.

— Я жадаў-бы ведаць, чаму Карцінкін запрашаў да гасцей выключна Маславу, а не іншых дзяўчат, — зажмурыўшыся, але з лёгкай, мефістофельскай хітрай усмешкай запытаў таварыш пракурора.

— Я не ведаю. Адкуль я ведаю, — адказала Маслава, спалохана азірнуўшыся вакол сябе і на момант спыніўшыся поглядам на Нехлюдаве: — каго хацеў, таго і запрашаў.

„Няўжо апазнала?“ з жахам падумаў Нехлюдаў, адчуваючы, як кроў прылівала яму да твара; але Маслава, не вылучаючы яго ад іншых, адразу-ж адвярнулася і зноў са спалоханым тварам утаропілася ў таварыша пракурора.

— Падсудная адмаўляе, значыць, тое, што ў яе былі якія-небудзь блізкія адносіны з Карцінкіным? Вельмі добра. Я больш нічога не маю запытаць.

І таварыш пракурора адразу-ж зняў локаць з канторкі і пачаў запісваць нешта. На самой справе ён нічога не запісваў, а толькі абводзіў пяром літары сваёй запіскі, але ён бачыў, як пракуроры і адвакаты гэта робяць: пасля ёмкага запытання ўспісваюць у сваю прамову рэмарку, якая павінна знішчыць праціўніка.

Старшыня не адразу звярнуўся да падсуднай, таму што ён у гэты час пытаўся ў члена ў акулярах, ці згодзен ён на пастаноўку запытанняў, якія былі ўжо загадзя падрыхтаваны і выпісаны.

— Што-ж далей было? — працягваў запытваць старшыня.

— Прыехала дамоў, — пргцягвала Маслава, ужо смялей гледзячы на аднаго старшыню, — аддала гаспадыні грошы і легла спаць. Толькі заснула — наша дзяўчына Берта будзіць мяне. „Ідзі, твой купец зноў прыехаў“. Я не хацела выходзіць, але мадам загадала, Тут ён, — яна зноў з відавочным жахам вымавіла гэта слова: ён, — ён усё паіў нашых дзяўчат, потым хацеў паслаць яшчэ за віном, а грошы ў яго ўсе вышлі. Гаспадыня яму не паверыла, тады ён мяне паслаў да сябе ў нумар. І сказаў, дзе грошы і колькі ўзяць. Я і паехала.

Старшыня шаптаўся ў гэты час з членам налева і не чуў таго, што казала Маслава, але для таго, каб паказаць, што ён усё чуў, ён паўтарыў яе апошнія словы.

— Вы паехалі. Ну і што-ж? — сказаў ён.

— Прыехала і зрабіла ўсё, як ён загадаў: увайшла ў нумар. Не адна пайшла ў нумар, а паклікала і Сімона Міхайлавіча і яе, — сказала яна, паказваючы на Бачкову.

— Хлусіць яна, і ўваходзіць не ўваходзіла… — пачала Бачкова, але яе спынілі.

— Пры іх узяла чатыры красненькія, — жмурачыся і не гледзячы на Бачкову, працягвала Маслава.

— Ну, а ці не заўважыла падсудная, калі даставала 40 рублёў, колькі было грошай? — запытаў зноў пракурор.

Маслава ўздрыганула, як толькі пракурор звярнуўся да яе. Яна не ведала, як і што, але адчувала, што ён хоча ёй благога.

— Я не лічыла; бачыла, што былі сторублёвыя толькі.

— Падсудная бачыла сторублёвыя, — я больш нічога не маю.

— Ну, што-ж, прывезлі грошы? — працягваў запытваць старшыня, гледзячы на гадзіннік.

— Прывезла.

— Ну, а потым? — запытаў старшыня.

— А потым ён зноў узяў мяне з сабой, — сказала Маслава.

— Ну, а якжа-ж вы далі яму ў віне парашок? — запытаў старшыня.

— Як дала? Усыпала ў віно, ды і дала.

— Навошта-ж вы далі?

Яна, не адказваючы, цяжка і глыбока ўздыхнула.

— Ён усё не адпускаў мяне, — памаўчаўшы сказала яна. — Змучылася я з ім. Вышла ў калідор і кажу Сімону Міхайлавічу: „хаця-б адпусціў мяне. Стамілася“. А Сімон Міхайлавіч кажа: „ён і нам абрыдзеў. Мы хочам яму парашкоў сонных даць; ён засне, тады пойдзеш“. Я кажу: „добра“. Я думала, што гэта не шкодны парашок. Ён і даў мне паперку. Я ўвайшла, а ён ляжаў за пераборкай і адразу-ж загадаў падаць сабе кан‘яку. Я ўзяла са стала бутэльку фінь-шампань, наліла ў дзве шклянкі — сабе і яму, а ў яго шклянку ўсыпала парашок і дала яму. Хіба я дала-б, каб ведала.

— Ну, а якім чынам у вас апынуўся пярсцёнак? — запытаў старшыня.

— Пярсцёнак ён мне сам падараваў.

— Калі-ж ён вам падараваў яго?

— А як мы прыехалі з ім у нумар, я хацела выходзіць, а ён ударыў мяне па галаве і грабёнку зламаў. Я ўзлавалася, хацела паехаць. Ёе узяў пярсцёнак з пальца і падараваў мне, каб я не ехала, — сказала яна.

У гэты час таварыш пракурора зноў прыўзняўся і ўсё з тым самым роблена-наіўным выглядам папрасіў дазволу зрабіць яшчэ некалькі запытанняў і, атрымаўшы дазвол, схіліўшы над шытым каўнерам галаву, запытаў:

— Я-б хацеў ведаць, колькі часу прабыла падсудная ў нумары купца Смелькова?

Зноў Маслава спалохалася, і яна, трывожна перабягаючы вачыма з таварыша пракурора на старшыню, паспешна вымавіла:

— Не помню, колькі часу.

— Ну,а ці не помніць падсудная, ці заходзіла яна куды-небудзь у гасцініцы, вышаўшы ад купца Смелькова?

Маслава падумала.

— У нумар побач, у пусты, заходзіла, — сказала яна.

— Навошта-ж вы заходзілі? — сказаў таварыш пракурора, захапіўшыся і проста звяртаючыся да яе.

— Зайшла паправіцца і чакала рамізніка.

— А Карцінкін быў у нумары з падсуднай ці не быў?

— Ён таксама зайшоў.

— Чаго-ж ён зайшоў?

— Ад купца фінь-шампань астаўся, мы разам выпілі.

— А, разам выпілі. Вельмі добра.

— А ці размаўляла падсудная з Сімонам і аб чым?

Маслава раптам нахмурылася, густа пачырванела і шпарка вымавіла:

— Што гаварыла? Нічога я не гаварыла. Што было, тое я ўсё расказала, і больш нічога не ведаю. Рабіце са мной, што хочаце. Не вінавата я, і ўсё.

— Я больш нічога не маю, — сказаў пракурор старшыню і, ненатуральна прыўзняўшы плечы, пачаў хутка запісваць у канспект сваёй прамовы прызнанні самой падсуднай, што яна заходзіла з Сімонам у пусты нумар.

Надышло маўчанне.

— Вы не маеце яшчэ нічога сказаць?

— Я ўсё сказала, — вымавіла яна, уздыхаючы, і села.

Услед за гэтым старшыня запісаў нешта на паперу і, выслухаўшы паведамленне, зробленае яму шэптам членам злева, абвясціў на 10 мінут перапынак паседжання і хутка ўстаў і вышаў з залы. Нарада паміж старшынёй і членам злева, высокім, барадатым, з вялікімі добрымі вачыма, была аб тым, што член гэты адчуў лёгкае расстройства ў страўніку і жадаў зрабіць сабе масаж і выпіць мікстуры. Пра гэта ён і паведаміў старшыню, і па яго просьбе зрабілі перапынак.

Услед за суддзямі ўсталі і прысяжныя, адвакаты, сведкі і, з прыемным адчуваннем сканчэння ўжо часткі значнай справы, зарухаліся туды і сюды.

Нехлюдаў вышаў у пакой прысяжных і сеў там ля акна.


XII

Так, гэта была Кацюша.

Дачыненні Нехлюдава да Кацюшы былі вось якія:

Упершыню ўбачыў Нехлюдаў Кацюшу тады, калі ён на трэцім курсе універсітэта, рыхтуючы свой твор аб зямельнай уласнасці, пражыў лета ў сваіх цётак. Звычайна ён з маці і сястрой жыў улетку ў матчыным вялікім падмаскоўным маёнтку. Але ў гэты год сястра яго зайшла замуж, а маці паехала на воды за граніцу. Нехлюдаву-ж трэ‘ было пісаць твор, і ён вырашыў пражыць лета ў цётак. У іх, у іхняй глушы, было ціха, не было чым забаўляцца, а цёткі чула любілі свайго пляменніка і наследніка, і ён любіў іх, любіў іхнюю старамоднасць і простасць жыцця.

Нехлюдаў у гэта лета ў цётак перажываў тое захопленае становішча, калі ўпершыню юнак не па чужых навучаннях, а сам па сабе пазнае ўсё хараство і значнасць жыцця і ўсю значнасць справы, адведзенай у ім чалавеку, бачыць магчымасць бясконцага ўдасканальвання і свайго і ўсяго свету і аддаецца гэтаму ўдасканальванню не толькі з надзеяй, але і з поўнай упэўненасцю ў дасягненні ўсяго таго ўдасканальвання, якое ён уяўляе сабе. У гэты год яшчэ ў універсітэце ён прачытаў „Соцыяльную статыку“ Спенсера і меркаванні Спенсера аб зямельнай уласнасці, якія мелі на яго моцны ўплыў, асабліва таму, што ён сам быў сын вялікай землеўласніцы. Бацька яго быў небагаты, але маці атрымала ў пасаг каля 10 тысяч дзесяцін зямлі. Ён упершыню зразумеў тады ўсю жорсткасць і несправядлівасць прыватнага землеўласніцтва і, будучы адным з тых людзей, для якіх ахвяра ў імя маральных патрабаванняў складае вышэйшую духоўную асалоду, ён рашыў не карыстацца правам уласнасці на зямлю і тады-ж аддаў зямлю, якую атрымаў у спадчыну ад бацькі, сялянам. Ён на гэту самую тэму і пісаў свой твор.

Жыццё яго ў гэты год на вёсцы ў цётак ішло гэтак: ён уставаў вельмі рана, часам у 3 гадзіны, і да сонца ішоў купацца ў раку пад гарой, падчас яшчэ ў ранішнім тумане, і прыходзіў, калі яшчэ раса ляжала на траве і кветках. Часам раніцою, напіўшыся кавы, ён садзіўся за свой твор або за чытанне крыніц для твору, але вельмі часта, замест чытання і пісання, зноў ішоў з дому і бадзяўся па палях і лясах. Перад абедам ён засынаў дзе-небудзь у садзе, потым за абедам весяліў і смяшыў цётак сваёй вясёласцю, потым ездзіў верхам, або катаўся на лодцы і ўвечары зноў чытаў, або сядзеў з цёткамі, раскладаючы пас‘янс. Часта начамі, асабліва калі свяціў месяц, ён не мог спаць толькі таму, што ўсхваляваўся, адчуваючы вельмі вялікую радасць жыцця і замест сна, часам да світання, хадзіў па садзе са сваімі марамі і думкамі.

Так шчасліва і спакойна жыў ён першы месяц свайго жыцця ў цётак, не звяртаючы ніякай увагі на поўпакаёўку-поўвыхаванку, чорнавокую, быстраногую Кацюшу.

У гэты час Нехлюдаў, выхаваны пад крылом маці, у 19 год быў зусім нявінным юнаком. Ён марыў аб жанчыне толькі як аб жонцы. Усе-ж жанчыны, якія не маглі, паводле яго разумення, быць яго жонкай, былі для яго не жанчыны, а людзі. Але здарылася, што гэтым летам, на Вазнясенне, да цётак прыехала іхняя суседка з дзецьмі: двума паненкамі, гімназістам і з маладым мастаком з мужыкоў, які гасцяваў у іх.

Пасля чаю пачалі, на скошаным ужо лужку перад домам, гуляць у гарэлкі. Узялі і Кацюшу. Нехлюдаву пасля некалькіх змен давялося бегчы з Кацюшай. Нехлюдаву заўсёды было прыемна бачыць Кацюшу, але яму і ў галаву не прыходзіла, што паміж ім і ёю могуць быць якія-небудзь асаблівыя адносіны.

— Ну, цяпер гэтых ніяк не зловіш, — казаў „гарэўшы“ вясёлы мастак, які вельмі хутка бегаў на сваіх кароткіх і крывых, але моцных мужыцкіх нагах: — хіба толькі спаткнуцца.

— Вы, ды не зловіце!

— Раз, два, тры!

Ударылі тры разы ў далоні. Ледзьве стрымліваючы смех, Кацюша хутка памянялася месцамі з Нехлюдавым і, паціснуўшы сваёй моцнай, шурпатай маленькай рукой яго вялікую руку, пабегла налева, шурхаючы накрухмаленай спадніцай.

Нехлюдаў бегаў шпарка, і яму захацелася не паддацца мастаку, і ён кінуўся з усяе сілы. Калі ён аглянуўся, ён убачыў мастака, які наганяў Кацюшу, але яна, спрытна пераступаючы пругкімі маладымі нагамі, не паддавалася яму і ўцякала налева. Наперадзе была клумба бэзавых кустоў, за якую ніхто не бегаў, але Кацюша, азірнуўшыся на Нехлюдава, падала яму знак галавой, каб злучыцца за клумбай. Ён зразумеў яе і пабег за кусты. Але тут, за кустамі, была незнаёмая яму канаўка, што зарасла крапівай; ён спатыкнуўся ў яе і, абстрэкаўшы рукі крапівай і абмачыўшы іх ужо прадвечаровай расой, паваліўся, але адразу-ж, смеючыся над сабой, выправіўся і выбег на чыстае месца.

Кацюша, ззяючы ўсмешкай і чорнымі, як мокрая смародзіна, вачамі, ляцела яму насустрач. Яны збегліся і схапіліся за рукі.

— Абстрэкаліся, відаць, — сказала яна, вольнай рукой папраўляючы касу, цяжка дыхаючы і ўсміхаючыся, знізу ўгору проста гледзячы на яго.

— Я і не ведаў, што тут канаўка, — сказаў ён, таксама ўсміхаючыся і не выпускаючы яе рукі.

Яна прысунулася да яго, і ён, сам не ведаючы, як гэта здарылася, пацягнуўся да яе тварам; яна не атхілілася, ён сціснуў мацней яе руку і пацалаваў яе ў губы.

— Вось табе на! — прагаварыла яна і, хуткім рухам вырваўшы сваю руку, пабегла прэч ад яго.

Падбегшы да бэзавага куста, яна сарвала з яго дзве галінкі белага бэзу, які ўжо абсыпаўся, і, хлопаючы сябе імі па гарачым твары і азіраючыся на яго, жвава размахваючы перад сабой рукамі, пайшла назад да месца гульні.

З гэтага часу адносіны паміж Нехлюдавым і Кацюшай змяніліся і ўстанавіліся тыя асаблівыя, якія бываюць паміж нявінным маладым чалавекам і гэткай-жа нявіннай дзяўчынай, якіх цягне адзін да аднаго.

Як толькі Кацюша ўваходзіла ў пакой, ці нават здалёк Нехлюдаў бачыў яе белы фартух, дык усё для яго нібы асвятлялася сонцам, усё рабілася больш цікавым, вясёлым і значным; жыць рабілася радасней. Тое самае адчувала і яна. Але не толькі прысутнасць і блізкасць Кацюшы ўздзейнічалі гэтак на Нехлюдава; гэтак уздзейнічала на яго толькі думка аб тым, што ёсць гэта Кацюша, а для яе, што ёсць Нехлюдаў. Ці атрымаў Нехлюдаў непрыемны ліст ад маці, або не ішоў гладка яго твор, або адчуваў юнацкі беспрычынны сум, трэба было толькі ўспомніць аб тым, што ёсць Кацюша, і ўсё гэта праходзіла.

Кацюша мела многа спраў у доме, але яна паспявала ўсё зрабіць і ў вольныя мінуты чытала. Нехлюдаў даваў ёй Дастаеўскага і Тургенева, якіх ён сам толькі што прачытаў. Больш за ўсё ёй падабалася „Зацішша“ Тургенева. Размовы паміж імі адбываліся ўрыўкамі, пры сустрэчах у калідоры, на балконе, на дварэ і часам у пакоі старой пакаёўкі цётак Матруны Паўлаўны, з якой разам жыла Кацюша і ў пакойчык якой часам Нехлюдаў прыходзіў піць чай упрыкуску. І гэтыя размовы ў прысутнасці Матруны Паўлаўны былі самыя прыемныя. Размаўляць, калі яны былі адны, было горш. Адразу-ж вочы пачыналі гаварыць нешта зусім іншае, куды больш значнае, чым тое, што гаварылі вусны, губы зморшчваліся, рабілася нечага боязна, і яны спяшалі разыйсціся.

Гэткія адносіны працягваліся паміж Нехлюдавым і Кацюшай увесь час яго першага прабывання ў цётак. Цёткі заўважылі гэтыя адносіны, спалохаліся і нават напісалі аб гэтым за граніцу да княгіні Елены Іванаўны, маці Нехлюдава. Цётка Мар‘я Іванаўна баялася таго, каб Дзмітрый не звязаўся з Кацюшай. Але яна дарэмна баялася гэтага. Нехлюдаў, сам не ведаючы таго, кахаў Кацюшу, як кахаюць нявінныя людзі, і яго любоў была галоўнай абаронай ад спакусы і для яго і для яе. У яго не было не толькі жадання фізічнага ўладання ёю, але быў жах ад думкі гэткага дачынення да яе. Баязнь паэтычнай Соф‘і Іванаўны таго, каб Дзмітрый, са сваім цэльным, рашучым характарам, пакахаўшы дзяўчыну, не задумаў жаніцца з ёю, не звяртаючы ўвагі на паходжанне і становішча, была больш грунтоўнаю.

Калі-б Нехлюдаў тады ясна ўсведамляў сваё каханне да Кацюшы і асабліва калі-б тады яго пачалі пераконваць у тым, што ён ніяк не можа і не павінен злучаць свой лёс з гэтай дзяўчынай, дык вельмі лёгка магло-б здарыцца, што ён са сваёй просталінейнасцю ва ўсім, вырашыў-бы, што няма ніякіх прычын не жаніцца з дзяўчынаю, хто-б яна ні была, калі ён толькі кахае яе. Але цёткі не казалі яму пра сваю боязнь, і ён так і паехаў, не ўсвядоміўшы свайго, кахання да гэтай дзяўчыны.

Ён быў упэўнены, што яго пачуццё да Кацюшы ёсць толькі адно з выяўленняў пачуцця радасці жыцця, што напаўняла тады ўсю яго істоту і якая падзялялася гэтай мілай, вясёлай дзяўчынкай. Калі-ж ён ад‘язджаў, і Кацюша, стоячы на ганку з цёткамі, праводзіла яго сваімі чорнымі, поўнымі слёз і крыху касаватымі вачыма, ён адчуў, аднак, што пакідае нешта прыгожае, дарагое, якое ніколі ўжо не паўторыцца. І яму зрабілася вельмі сумна.

— Бывай, Кацюша, дзякую за ўсё, — сказаў ён цераз чапец Соф‘і Іванаўны, сядаючы ў пралётку.

— Бывайце, Дзмітрый Іванавіч, — сказала яна сваім прыемным, ласкавым голасам і, стрымліваючы слёзы, што напоўнілі яе вочы, пабегла ў сенцы, дзе ёй можна было ў ахвоту паплакаць.


XIII

З таго часу на працягу трох год Нехлюдаў не бачыўся з Кацюшай. І пабачыўся ён з ёй толькі тады, калі, толькі што атрымаўшы годнасць афіцэра, па дарозе ў армію, заехаў да цётак ужо зусім іншым чалавекам, які пражыў у іх лета тры гады таму назад.

Тады ён быў сумленным, самаахвярным юнаком, гатовым аддаць сябе на ўсякую добрую справу, — цяпер ён быў распусным, патончаным эгаістам, які любіў толькі сваю асалоду. Тады свет божы ўяўляўся яму тайнай, якую ён радасна і захоплена імкнуўся разгадваць, — цяпер усё ў гэтым жыцці было проста і зразумела і адзначалася тымі ўмовамі жыцця, у якіх ён знаходзіўся. Тады патрэбнай і значнай была сувязь з прыродай і з людзьмі, якія жылі, мыслілі і адчувалі раней за яго (філасофія, паэзія), — цяпер патрэбнымі і значнымі былі чалавечыя ўстановы і сувязь з таварышамі. Тады жанчына ўяўлялася таемнай і прыгожай, іменна гэтай таемнасцю прыгожай істотай, — цяпер значэнне жанчыны, усякай жанчыны, апрача сваіх сямейных і жонак сяброў, было вельмі пэўнае: жанчына была адным з лепшых сродкаў вядомай ужо асалоды. Тады не патрэбны былі грошы і можна было не ўзяць і трэцяй часткі таго, што давала маці, можна было адмовіцца ад маёнтка бацькі і аддаць яго сялянам, — цяпер-жа нехапала тых 1500 рублёў на месяц, якія давала маці, і з ёю бывалі ўжо непрыемныя размовы з-за грошай. Тады сваім сапраўдным я ён лічыў сваю духоўную істоту, — цяпер ён лічыў сабою сваё здаровае, бадзёрае, звярынае я.

І ўся гэта жахлівая змена зрабілася з ім толькі таму, што ён пакінуў верыць сабе, а пачаў верыць іншым. Пакінуў-жа ён верыць сабе, а пачаў верыць іншым таму, што жыць, верачы сабе, было занадта цяжка: верачы сабе, кожнае пытанне трэба было вырашаць не на карысць свайго звярынага я, якое шукала лёгкіх радасцей, а амаль заўсёды супроць яго; верачы-ж іншым, вырашаць не было чаго, усё ўжо было вырашана і вырашана супроць усяго духоўнага і на карысць звярынага я. Мала гэтага, верачы сабе, ён заўсёды падупадаў пад асуджэнне людзей; верачы іншым, ён атрымліваў ухвалу ад людзей, якія яго акружалі.

Так, калі Нехлюдаў думаў, чытаў, гаварыў пра бога, пра багацце, пра беднасць, — усе акружаючыя яго лічылі гэта недарэчным і часткова смешным, і маці і цётка з добрадушнай іроніяй называлі яго notre cher philosophe[4]; калі-ж ён чытаў раманы, расказваў брыдкія анекдоты, ездзіў у французскі тэатр на смешныя вадэвілі і весела пераказваў іх, — усе хвалілі і заахвочвалі яго. Калі ён лічыў патрэбным зменшыць свае патрэбнасці і насіў стары шынель і не піў віна, усе лічылі гэта дзівацтвам і нейкай хваслівай арыгінальнасцю, калі-ж ён траціў вялікія грошы на паляванне або на абсталяванне багатага габінета, дык усе хвалілі яго густ і дарылі яму дарагія рэчы. Калі ён быў нявінным і хацеў астацца гэткім да жаніцьбы, дык сваякі яго баяліся за яго здароўе, і нават маці не засмуцілася, а нават узрадвалася, калі даведалася, што ён зрабіўся сапраўдным мужчынам і адбіў нейкую французскую даму ў свайго таварыша. Пра эпізод-жа з Кацюшай, што ён мог падумаць жаніцца з ёю, княгіня маці не магла падумаць без жаху.

Таксама, калі Нехлюдаў, дасягнуўшы поўналецця, аддаў той невялікі маёнтак, які ён наследаваў ад бацькі, сялянам, таму што лічыў несправядлівым уладанне зямлёю, — гэты ўчынак яго выклікаў жах у яго маці і сваякоў і быў вечнай прычынай дакораў і кпінаў над ім усіх яго сваякоў. Яму няспынна расказвалі аб тым, што сяляне, атрымаўшы зямлю, не толькі не пабагацелі, але збяднелі, паставілі сабе тры карчмы і зусім пакінулі працаваць. Калі-ж Нехлюдаў, паступіўшы ў гвардыю, са сваімі высокапастаўленымі таварышамі пражыў і прагуляў столькі, што Елена Іванаўна павінна была ўзяць грошы з капітала, яна амаль не засмуцілася, лічачы, што гэта натуральна і нават добра, калі гэта воспа прышчапляецца ў маладосці і ў добрым таварыстве.

Спачатку Нехлюдаў змагаўся, але змагацца было занадта цяжка, таму што ўсё тое, што ён, верачы сабе, лічыў добрым, лічылася дрэнным іншымі, і, наадварот, усё, што, верачы сабе, ён лічыў дрэнным, лічылася добрым усімі тымі, хто яго акружаў. І скончылася тым, што Нехлюдаў здаўся, перастаў верыць сабе і паверыў іншым. І спачатку гэта адмаўленне ад сябе было непрыемным, але працягвалася гэта непрыемнае адчуванне вельмі нядоўга, і неўзабаве Нехлюдаў, у гэты-ж час пачаўшы курыць і піць віно, перастаў адчуваць гэта непрыемнае пачуццё і нават адчуў вялікую палёгку.

І Нехлюдаў, з палкасцю сваёй натуры, увесь аддаўся гэтаму жыццю, якое ўхвалялі ўсе тыя, хто яго акружаў, і зусім заглушыў у сабе той голас, які патрабаваў нечага іншага. Пачалося гэта пасля пераезду ў Пецербург і закончылася паступленнем на вайсковую службу.

Вайсковая служба наогул разбэшчвае людзей, ставячы іх ва ўмовы поўнага гультайства, гэта значыць адсутнасці разумнай і карыснай працы, і звальняючы іх ад агульных чалавечых абавязкаў, замест якіх выстаўляе толькі ўмоўны гонар палка, мундзіра, сцяга і, з аднаго боку, бязмежную ўладу над іншымі людзьмі, а з другога — нявольніцкую пакорлівасць вышэйшым начальнікам.

Але калі да гэтага разбэшчвання наогул вайсковай службай, са сваім гонарам мундзіра, сцяга, сваім дазволам гвалту і забойства, далучаецца яшчэ і разбэшчванне багацця і блізкасці сувязі з царскай фаміліяй, як гэта адбываецца ў асяроддзі выбраных гвардзейскіх палкоў, у якіх служаць толькі багатыя і знатныя афіцэры, дык гэта разбэшчванне даходзіць у людзей, якія падупалі пад яго, да становішча поўнага вар‘яцтва эгаізма. І ў гэткім вар‘яцтве эгаізма знаходзіўся Нехлюдаў з таго часу, як ён паступіў на вайсковую службу і пачаў жыць так, як жылі яго таварышы.

Справы не было ніякай, апрача таго, каб у добра пашытым і пачышчаным не самім, а іншымі людзьмі мундзіры, у касцы, са зброяй, якая таксама зроблена, і пачышчана, і пададзена іншымі людзьмі, ездзіць верхам на добрым, таксама іншымі выгадаваным і аб‘езджаным і выкармленым кані на вучэнне або парад з гэткімі-ж людзьмі, і скакаць, і махаць шаблямі, страляць і вучыць гэтаму іншых людзей.

Іншага занятку не было, і самыя высокапастаўленыя людзі: маладыя, старыя, цар і яго блізкія не толькі ўхвалялі гэты занятак, але хвалілі, дзякавалі за гэта.

Апрача гэтага, лічылася добрым і значным, кідаючы грошы, што атрымліваліся нямаведама адкуль, збірацца есці, асабліва піць, у афіцэрскіх клубах або ў самых дарагіх шынках; потым тэатры, балы, жанчыны, і потым зноў язда на конях, маханне шаблямі, скаканне і зноў кіданне грошай і віно, карты, жанчыны.

Вайскоўцаў асабліва псавала гэткае жыццё таму, што калі неваенны чалавек жыве гэтак, ён у глыбіні душы не можа не сароміцца гэткага жыцця. Вайсковыя-ж людзі лічаць, што гэта так павінна быць, выхваляюцца, ганарацца гэткім жыццём, асабліва ў ваенны час, як гэта было з Нехлюдавым, які паступіў на вайсковую службу пасля абвяшчэння вайны Турцыі. „Мы гатовы ахвяраваць жыццём на вайне, і таму гэткае бесклапотнае, вясёлае жыццё нам не толькі трэба дараваць, але яно і неабходна для нас. Мы і жывем гэтак“.

Так невыразна думаў Нехлюдаў у гэты перыяд свайго жыцця; адчуваў-жа ён увесь гэты час радасць вызваленняад усіх маральных перашкод, якія ён ставіў сабе раней, і няспынна знаходзіўся ў хранічным становішчы вар‘яцтва эгаізма.

У гэтым становішчы і знаходзіўся ён, калі пасля трох год заехаў да цётак.


XIV

Нехлюдаў заехаў да цётак таму, што маёнтак іх быў па дарозе да яго палка, які прайшоў уперад, і таму, што яны яго аб гэтым вельмі прасілі, але, галоўнае, заехаў ён цяпер для таго, каб пабачыць Кацюшу. Магчыма ў глыбіні душы і быў у яго ўжо благі намер супроць Кацюшы, які нашэптваў яму яго разбэшчаны цяпер звярыны чалавек, але ён не ўсведамляў свайго намеру, а проста яму хацелася пабываць у тых мясцінах, дзе яму было гэтак добра, і ўбачыць крыху смешных, але мілых, добрадушных цётак, якія заўсёды непрыкметна для яго абкружалі яго атмасферай любві і замілавання, і ўбачыць мілую Кацюшу, пра якую астаўся гэткі прыемны ўспамін.

Прыехаў ён у канцы сакавіка, у страсную пятніцу, у самае бездарожжа, пад праліўным дажджом, так што прыехаў ён да ніткі мокрым і прастыў, але быў бадзёрым і ўзбуджаным, якім ён заўсёды адчуваў сябе ў гэты час. „Ці ў іх яшчэ яна?“ думаў ён, заязджаючы на знаёмы, завалены снегам, што паў з даха, старажытны памешчыцкі, абгароджаны цаглянай сцяной, двор цётак. Ён чакаў, што яна выбежыць на ганак на яго званок, але на дзявочы ганак вышлі дзве босыя, з падаткнутымі спадніцамі, бабы з вёдрамі, якія, відаць, мылі падлогу. Яе не было і на парадным ганку; вышаў толькі Ціхан-лёкай, у фартуху, таксама, відаць, заняты чысткай. У прадпакой вышла Соф‘я Іванаўна ў шаўковым плацці і чапцы.

— Вось добра, што прыехаў! — гаварыла Соф‘я Іванаўна, цалуючы яго. — Машанька не зусім здарова, стамілася ў царкве, мы прычашчаліся.

— Віншую, цёця Соня, — гаварыў Нехлюдаў, цалуючы рукі Соф‘і Іванаўны, — выбачайце, замачыў вас.

— Ідзі ў свой пакой. Ты прамок увесь. І вусы ўжо ў цябе. Кацюша! Кацюша! Хутчэй кавы яму.

— Зараз! — адгукнуўся знаёмы прыемны голас з калідора.

І сэрца Нехлюдава радасна ёкнула. „Тут!“ І нібы сонца зірнула з-за хмары. Нехлюдаў весела пайшоў з Ціханам у свой ранейшы пакой перапранацца. Нехлюдаву хацелася запытаць Ціхана пра Кацюшу: што яна? як жыве? ці не выходзіць замуж? Але Ціхан быў гэткім пачцівым і разам строгім, гэтак цвёрда дамагаўся таго, каб самому паліваць з рукамыйніка на рукі ваду, што Нехлюдаў не адважыўся запытаць яго аб Кацюшы і толькі запытаў пра яго ўнукаў, пра старога братцавага жарабца, пра дварняжку Палкана. Усе былі жывы і здаровы, апрача Палкана, які ашалеў летась.

Скінуўшы ўсё мокрае і толькі пачаўшы апранацца, Нехлюдаў пачуў хуткія крокі, і ў дзверы пастукалі. Нехлюдаў пазнаў і крокі, і стук у дзверы. Так хадзіла і стукала толькі яна.

Ён накінуў на сябе мокры шынель і падышоў да дзвярэй.

— Уваходзьце.

Гэта была яна, Кацюша. Усё такая-ж, яшчэ прыгажэйшая, чым раней. Таксама знізу ўверх пазіралі, усміхаючыся, наіўныя, крыху касаватыя чорныя вочы. Яна, як і раней была ў чыстым белым фартуху. Яна прынесла ад цётак толькі што выняты з паперкі пахучы кавалак мыла і два ручнікі: вялікі рускі і махнаты. І непачатае з выціснутымі літарамі мыла, і ручнікі, і яна сама, — усё гэта было аднолькава чыстым, свежым, некранутым, прыемным. Мілыя, цвёрдыя, чырвоныя губы яе ўсё так-жа маршчыліся, як і раней, у яго прысутнасці ад нястрымнай радасці.

— З прыездам вас, Дзмітрый Іванавіч! — праз сілу вымавіла яна, і твар яе заружавеў.

— Добры дзень… добры дзень, — не ведаў ён, як, на „ты“ або на „вы“ гаварыць з ёй, і пачырванеў таксама, як і яна. — Жывы, здаровы?

— Дзякуй богу… вось цётачка даслала вам ваша любімае мыла, ружовае, — сказала яна, кладучы мыла на стол і ручнікі на ручкі крэслаў.

— У іх сваё, — абараняючы самастойнасць госця, сказаў Ціхан, з гонарам паказваючы на адкрыты вялізны з срэбранымі пакрышкамі, несесер Нехлюдава, з вялікай колькасцю шклянак, шчотак, фіксатуараў, духоў і ўсякіх туалетных прылад.

— Падзякуйце цётачцы. А як я рад, што прыехаў, — сказаў Нехлюдаў, адчуваючы, што на душы ў яго робіцца таксама светла і пяшчотна, як бывала раней.

Яна толькі ўсміхнулася ў адказ на гэтыя словы і вышла.

Цёткі, якія і заўсёды любілі Нехлюдава, яшчэ радасней, чым звычайна, сустрэлі яго ў гэты раз. Дзмітрый ехаў на вайну, дзе яго маглі параніць, забіць. Гэта расчульвала цётак.

Нехлюдаў размеркаваў сваю паездку так, каб прабыць у цётак толькі суткі, але, убачыўшы Кацюшу, ён згадзіўся сустрэць у цётак вялікдзень, які надыходзіў праз два дні, і тэлеграфаваў свайму прыяцелю і таварышу Шэнбоку, з якім яны павінны былі з‘ехацца ў Одэсе, каб і ён заехаў да цётак.

З першага-ж дня, як ён убачыў Кацюшу, Нехлюдаў адчуў ранейшае пачуццё да яе. Таксама, як і раней, ён не мог без хвалявання бачыць цяпер белы фартух Кацюшы, не мог без радасці чуць яе крокі, яе голас, яе смех, не мог без замілавання пазіраць у яе чорныя, як мокрая смародзіна, вочы, асабліва, калі яна ўсміхалася, не мог, галоўнае, без замяшання бачыць, як яна чырванела, сустракаючыся з ім. Ён адчуваў, што закахаўся, але не гэтак, як раней, калі гэта каханне было для яго тайнай, і ён сам не мог адважыцца прызнацца сабе ў тым, што ён кахае, і калі ён быў пераконаны ў тым, што кахаць можна толькі адзін раз, — цяпер ён быў закаханы, ведаючы гэта і радуючыся гэтаму і цмяна ведаючы, хаця і хаваючы ад сябе, з чаго складаецца гэтае каханне і што з яго можа выйсці.

У Нехлюдаве, як і ва ўсіх людзях, было два чалавекі. Адзін духоўны, які шукаў дабра сабе толькі такога, якое было-б дабром і для іншых людзей, і другі — звярыны чалавек, які шукаў дабра толькі для сябе і для гэтага дабра гатоў быў ахвяраваць дабром усяго свету. У гэты перыяд яго вар‘яцтва, эгаізма, выкліканага ў ім пецербургскім і вайсковым жыццём, гэта звярыны чалавек панаваў у ім і зусім задушыў духоўнага чалавека. Але, убачыўшы Кацюшу і зноў адчуўшы тое, што ён адчуваў да яе тады, духоўны чалавек узняў сваю галаву і пачаў заяўляць аб сваіх правах. І ў Нехлюдаве, не спыняючыся на працягу гэтых двух дзён да вялікадня, ішла ўнутраная, несвядомая для яго барацьба.

У глыбіні душы ён ведаў, што яму трэба ехаць, і што няма чаго цяпер аставацца ў цётак, ведаў, што нічога з гэтага не магло выйсці добрага, але было гэтак радасна і прыемна, што ён не гаварыў гэтага сабе і аставаўся.

Увечары ў суботу, напярэдадні светлага хрыстовага васкрасення, свяшчэннік з дзяканам і дзячком, як яны расказвалі, ледзьве праехаўшы на санях па лужынах тыя тры вярсты, якія былі паміж царквой і цётчыным домам, прыехалі правіць заутраню.

Нехлюдаў з цёткамі і прыслугай, не перастаючы паглядваць на Кацюшу, якая стаяла каля дзвярэй і прыносіла кадзіла, адстаяў гэту заутраню, пахрыстосаваўся са свяшчэннікам і цёткамі і хацеў ужо ісці спаць, як пачуў, што ў калідоры Матруна Паўлаўна, старая пакаёўка Мар‘і Іванаўны, разам з Кацюшай збіраецца ў царкву, каб свяціць кулічы і пасху. „Паеду і я“, падумаў ён.

Дарогі да царквы не было ні на калёсах, ні на санях, і таму Нехлюдаў, які гаспадарыў у цётак, як дома, загадаў асядлаць сабе верхавога, так званага „братцава“ жарабца і, замест таго, каб легчы спаць, апрануўся ў бліскучы мундзір з абцягненымі райтузамі, адзеў зверху шынель і паехаў на гладкім, грузным жарабцы, які іржаў увесь час, у цемнаце, праз лужыны і снег, да царквы.


XV

На ўсё жыццё потым гэта заутраня асталася для Нехлюдава адным з самых светлых і моцных успамінаў. Калі ён у чорнай цемрадзі, дзе-ні-дзе толькі асветленай белаватым снегам, хлюпаючы па вадзе, уехаў на жарабцы, які пачаў варушыць вушамі, убачыўшы запаленыя вакол царквы плошкі, на царкоўны двор, заутраня пачалася.

Мужыкі, пазнаўшы пляменніка Мар‘і Іванаўны, праводзілі яго на сухое, дзе злезці, узялі прывязаць яго каня і правялі ў царкву. У царкве было поўна святочнага народу.

З правага боку — мужыкі: старыя ў саматканых світках і лапцях і чыстых белых анучах і маладыя ў новых суконных світках, падпяразаныя яркімі паясамі, у ботах. Злева — бабы ў чырвоных шаўковых хустках, плісавых паддзёўках, з яркачырвонымі рукавамі і сінімі, зялёнымі, чырвонымі, пярэстымі спадніцамі, у чаравіках з падкоўкамі. Сціплыя бабулькі ў белых хустках і шэрых світках, і ў старажытных панёвах і ў чаравіках або новых лапцях стаялі ззаду іх; паміж тымі і гэтымі стаялі прыбраныя з маслянымі галовамі дзеці. Мужыкі хрысціліся і кланяліся, устрасаючы валасамі; жанчыны, асабліва бабулькі, утаропіўшы вочы ў адзін абраз са свечкамі, моцна прыціскалі складзеныя пальцы да хусткі на ілбе, да плячэй і жывата і, шэпчучы нешта, перагіналіся стоячы або падалі на калені. Дзеці, пераймаючы ў дарослых, старанна маліліся, калі на іх глядзелі. Залаты іканастас гарэў свечкамі, якія акружалі з усіх бакоў абвітыя золатам вялікія свечкі. Панікадзіла было абстаўлена свечкамі, з клірасаў даносіліся вясёлыя напевы добраахвотнікаў-пеўчых з зычнымі басамі і тонкімі дыскантамі хлопчыкаў.

Нехлюдаў прайшоў уперад. Пасярэдзіне стаяла арыстакратыя: памешчык з жонкай і сынам у матроскай куртачцы, станавы, тэлеграфіст, купец у ботах з буракамі, старшыня з медалем і направа ад амвона, за памешчыцай, Матруна Паўлаўна ў пераліўным ліловым плацці і белай з каймой шалі і Кацюша ў белым плацці са зборачкамі на ліфіку, з блакітным поясам і чырвоным банцікам на чорнай галаве.

Усё было святочна, урачыста, весела і прыгожа: і свяшчэннікі ў светлых срэбраных з залатымі крыжамі рызах, і дзякан, і дзячкі ў святочных срэбраных і залатых сціхарах, і прыбраныя добраахвотнікі пеўчыя з маслянымі валасамі, і вясёлыя напевы святочных песень, і безупыннае бласлаўленне народу свяшчэннікамі трайнымі, упрыгожанымі кветкамі свечкамі з выгукамі: „Хрыстос васкрэсе!“ „Хрыстос васкрэсе!“, якія ўсё паўтараліся. Усё было прыгожа, але лепш за ўсё была Кацюша ў белым плацці і блакітным поясе, з чырвоным банцікам на чорнай галаве і вачыма, якія ззялі ад захаплення.

Нехлюдаў адчуваў, што яна бачыла яго, не азіраючыся. Ён бачыў гэта, калі блізка паўз яе праходзіў да алтара. Яму не было чаго сказаць ёй, але ён прыдумаў і сказаў, праходзячы міма яе:

— Цётачка сказала, што яна будзе разгаўляцца пасля позняй абедні.

Маладая кроў, як заўсёды пры поглядзе на яго, заліла яе мілы твар, і чорныя вочы, смеючыся і радуючыся, наіўна гледзячы знізу ўгору, спыніліся на Нехлюдаве.

— Я ведаю, — усміхнуўшыся, сказала яна.

У гэты час дзячок з мядзяным кафейнікам, прабіраючыся праз народ, прайшоў ля Кацюшы і, не гледзячы на яе, зачапіў яе палой сціхара. Дзячок, як відаць, з павагі да Нехлюдава, абыходзячы яго, зачапіў Кацюшу. Нехлюдаву-ж было дзіўна, як гэта ён, гэты дзячок, не разумее таго, што ўсё, што тут ды і ўсюды на свеце існуе, існуе толькі для Кацюшы, і што пакінуць можна ўсё на свеце, толькі не яе, таму што яна — цэнтр усяго. Для яе зіхацела золата іканастаса і гарэлі ўсе свечкі на панікадзіле і ў падсвечніках, для яе былі гэтыя радасныя напевы: „Вялікдзень гасподні, радуйцеся, людзіе“. І ўсё, што толькі было добрае на свеце, усё было для яе. І Кацюша, яму здавалася, разумела, што ўсё гэта для яе. Так здавалася Нехлюдаву, калі ён пазіраў на яе статную постаць у белым плацці са зборачкамі і на ўдумліва радасны твар, з выразу якога ён бачыў, што якраз тое самае, што пяе ў яго душы, пяе і ў яе душы.

У перапынку паміж ранняй і позняй абедняй Нехлюдаў вышаў з царквы. Народ даваў яму дарогу і кланяўся. Хто пазнаваў яго, хто пытаўся: „чый гэта?“ На цвінтары ён спыніўся. Жабракі акружылі яго, ён раздаў тую дробязь, якая была ў кашальку, і спусціўся са сходак ганка.

Было ўжо гэтак светла, што было відна, але сонца яшчэ не ўзыходзіла. На могілках вакол царквы пасеў народ. Кацюша аставалася ў царкве, і Нехлюдаў спыніўся, чакаючы яе.

Народ усё выходзіў і, грукаючы цвікамі ботаў па плітах, сыходзіў са сходаў і рассыпаўся па царкоўным двары і могільніку.

Дрэўні дзед, кандзіцер Мар‘і Іванаўны, з дрыжачай галавой, спыніў Нехлюдава, пахрыстосаваўся, і яго жонка, бабулька са зморшчаным кадычком пад шаўковым шалікам, дала яму, выняўшы з хусткі жоўтае шафранавае яйка. Тут-жа падышоў, усміхаючыся, малады мускулісты мужык у новай паддзёўцы з зялёным поясам.

— Хрыстос васкрэсе, — сказаў ён, смеючыся вачыма, і, прысунуўшыся да Нехлюдава і абдаўшы яго асаблівым мужыцкім, прыемным пахам, казлытаючы яго сваёй кучаравай бародкай, у самую сярэдзіну губ тры разы пацалаваў яго сваімі моцнымі, свежымі губамі.

У той час, як Нехлюдаў цалаваўся з мужыком і браў ад яго цёмнакарычневае яйка, паказалася пераліўнае плацце Матруны Паўлаўны і мілая чорная галоўка з чырвоным бантам.

Яна адразу-ж праз галовы ішоўшых перад ёй убачыла яго, і ён бачыў, як прасвятлеў яе твар.

Яны вышлі з Матрунай Паўлаўнай на цвінтар і спыніліся, падаючы жабракам. Жабрак, з чырвонай, загоенай балячкай замест носа, падышоў да Кацюшы. Яна дастала з хусткі нешта, падала яму і потым наблізілася да яго і, не выказваючы ніякай грэблівасці, наадварот, гэтак-жа радасна ззяючы вачыма, тры разы пацалавалася. І ў той час, як яна цалавалася з жабраком, вочы яе сустрэліся з поглядам Нехлюдава. Нібы яна пыталася: ці добра, ці так яна робіць?

„Так, так, любая, усё добра, усё прыгожа, кахаю“.

Яны сышлі з цвінтара, і ён падышоў да яе. Ён не хацеў хрыстосвацца, але толькі хацеў быць бліжэй да яе.

— Хрыстос васкрэсе! — сказала Матруна Паўлаўна, схіляючы галаву і ўсміхаючыся, з гэткай інтанацыяй, якая казала, што цяпер усе роўныя, і, абцёршы рот скручанай мышкай хусткай, яна пацягнулася да яго губамі.

— Ваісціну, — адказаў Нехлюдаў, цалуючыся.

Ён зірнуў на Кацюшу. Яна ўспыхнула і ў тую самую хвіліну наблізілася да яго.

— Хрыстос васкрэсе, Дзмітрый Іванавіч.

— Ваісціну васкрэсе, — сказаў ён. Яны пацалаваліся два разы і нібы задумаліся, ці трэба яшчэ, і нібы вырашыўшы, што трэба, пацалаваліся трэці раз, і абодва ўсміхнуліся.

— Вы не пойдзеце да свяшчэнніка? — запытаў Нехлюдаў.

— Не, мы тут, Дзмітрый Іванавіч, пасядзім, — сказала Кацюша, цяжка, нібы пасля радаснай працы, уздыхаючы ўсімі грудзьмі і гледзячы яму проста ў вочы сваімі пакорлівымі, дзявоцкімі, закаханымі, крыху касаватымі вачыма.

У каханні паміж мужчынай і жанчынай бывае заўсёды адна мінута, калі каханне гэта даходзіць да свайго зеніта, калі няма ў ім нічога свядомага, разважлівага і няма нічога пачуццёвага. Такой мінутай была для Нехлюдава гэта ноч светлага хрыстова васкрасення. Калі ён цяпер успамінаў Кацюшу, дык з усіх становішчаў, у якіх ён яе бачыў, гэта мінута захінала ўсе іншыя. Чорная, гладкая, бліскучая галоўка, белае плацце са зборачкамі, цнатліва ахапляючае яе стройны стан і невысокія грудзі, і гэты румянец, і гэтыя пяшчотныя глянцавітыя чорныя вочы, і ва ўсёй яе істоце дзве галоўныя рысы: чыстата нявіннасці кахання не толькі да яго, — ён ведаў гэта, — але кахання да ўсяго, не толькі добрага, што толькі ёсць на свеце, але і да таго жабрака, з якім яна пацалавалася.

Ён ведаў, што ў ёй было гэта каханне, таму што ён у сабе гэтай ноччу і гэтым раннем усведамляў яе і ўсведамляў, што ў гэтым каханні ён зліваўся з ёю ў адно.

Ах, каб усё гэта спынілася на тым пачуцці, якое было ў гэту ноч! „Але, уся гэта жахлівая справа была зроблена ўжо пасля гэтай начы светлага хрыстова васкрасення!“ думаў ён цяпер, седзячы ля акна ў пакоі прысяжных.


XVI

Вярнуўшыся з царквы, Нехлюдаў разгавеўся з цёткамі і, каб падсілкавацца, па ўзятай у палку звычцы, выпіў гарэлкі і віна і пайшоў у свой пакой і адразу-ж заснуў адзеты. Пабудзіў яго стук у дзверы. Па стуку пазнаўшы, што гэта была яна, ён узняўся, праціраючы вочы і пацягваючыся.

— Кацюша, ты? Уваходзь, — сказаў ён, устаючы.

Яна крыху адчыніла дзверы.

— Есці клічуць, — сказала яна.

Яна была ў тым самым белым плацці, але без банта ў валасах. Зірнуўшы яму ў вочы, яна прасвятлела, нібы яна абвясціла яму пра нешта надзвычайна радаснае.

— Зараз іду, — адказаў ён, беручыся за грабёнку, каб расчасаць валасы.

Яна пастаяла мінутку лішнюю. Ён заўважыў гэта і, кінуўшы грабёнку, пайшоў да яе. Але яна ў тую-ж мінуту хутка павярнулася і пайшла сваімі звычайна лёгкімі і хуткімі крокамі па палосачцы калідора.

„Які-ж я дурань, — сказаў сабе Нехлюдаў, — што-ж я не затрымаў яе?“

І ён бегам дагнаў яе ў калідоры.

Чаго ён хацеў ад яе, ён сам не ведаў. Але яму здавалася, што калі яна зайшла да яго ў пакой, яму трэба было зрабіць нешта, што ўсе пры гэтым робяць, а ён не зрабіў гэтага.

— Кацюша, пачакай, — сказаў ён.

Яна азірнулася.

— Што вы? — сказала яна, спыняючыся.

— Нічога, толькі…

І, перасіліўшы сябе і памятаючы тое, як у гэтых выпадках робяць наогул усе людзі ў яго становішчы, ён абняў Кацюшу за стан.

Яна спынілася і паглядзела яму ў вочы.

— Не трэба, Дзмітрый Іванавіч, не трэба, — пачырванеўшы да слёз, вымавіла яна і сваёй жорсткай моцнай рукой адвяла абымаўшую яе руку.

Нехлюдаў пусціў яе, і яму зрабілася на момант няёмка і сорамна, але брыдка на сябе. Яму трэба было-б паверыць сабе, але ён не зразумеў, што гэта няёмкасць і сарамлівасць былі самыя добрыя пачуцці яго душы, якія прасіліся на свет, а, наадварот, яму здавалася, што гэта гаворыць у ім яго дурасць, што трэба рабіць, як усе робяць.

Ён дагнаў яе яшчэ раз, зноў абняў і пацалаваў у шыю. Гэты пацалунак быў зусім ужо не гэткі, як тыя першыя два пацалункі; адзін бессвядомы за кустом бэзу і другі сёння раніцою ў царкве. Гэты быў страшны, і яна адчула гэта.

— Што-ж гэта вы робіце? — ускрыкнула яна такім голасам, нібы ён неўзваротна разбіў нешта бясконца каштоўнае, і пабегла ад яго.

Ён прышоў у сталовую. Цёткі прыбраныя, доктар і суседкі стаялі каля закускі. Усё было гэтак звычайна, але ў душы Нехлюдава была бура. Ён не разумеў нічога з таго, што яму гаварылі, адказваў недарэчы і думаў толькі пра Кацюшу, успамінаючы адчуванні гэтага апошняга пацалунку, калі ён дагнаў яе ў калідоры. Ён ні пра што іншае не мог думаць. Калі яна ўваходзіла ў пакой, ён, не гледзячы на яе, адчуваў усёй істотай сваёй яе прысутнасць і павінен быў перамагаць сябе, каб не глядзець на яе.

Пасля абеду ён адразу-ж пайшоў у свой пакой і, моцна хвалюючыся, доўга хадзіў па ім, прыслухоўваючыся да гукаў у доме і чакаючы яе крокаў. Той звярыны чалавек, які жыў у ім, не толькі падняў цяпер галаву, але затаптаў сабе пад ногі таго духоўнага чалавека, якім ён быў у першы прыезд свой і нават сёння раніцою ў царкве, і гэты страшны звярыны чалавек цяпер панаваў адзін у яго душы. Не гледзячы на тое, што ён не спыняў падпільноўваць яе, яму ні разу не ўдалося адзін на адзін сустрэць яе ў гэты дзень. Напэўна, яна ўнікала яго. Але ўвечары здарылася так, што яна павінна была ісці ў пакой побач з тым, які ён займаў. Доктар астаўся начаваць, і Кацюша павінна была засцяліць ложак госцю. Пачуўшы яе крокі, Нехлюдаў, ціха ступаючы і стрымліваючы дыханне, нібы збіраючыся на злачынства, увайшоў за ёй.

Засунуўшы абедзве рукі ў чыстую навалачку і трымаючы імі падушкі за рагі, яна азірнулася на яго і ўсміхнулася, але не вясёлай і радаснай, як раней, а спалоханай, жаласлівай усмешкай. Усмешка гэта нібы сказала яму, што тое, што ён робіць, — дрэнна. На мінуту ён спыніўся. Тут яшчэ была магчымасць барацьбы. Хаця слаба, але яшчэ чуцён быў голас сапраўднай любові да яе, які гаварыў яму аб ёй, аб яе пачуццях, аб яе жыцці. А другі голас гаварыў: глядзі, прапусціш сваю ўцеху, сваё шчасце. І гэты другі голас заглушыў першы. Ён рашуча падышоў да яе. І страшнае, нястрымнае, звярынае пачуццё аўладала ім.

Не выпускаючы яе з сваіх абдымкаў, Нехлюдаў пасадзіў яе на ложак і, адчуваючы, што яшчэ нешта трэба рабіць, сеў побач з ёй.

— Дзмітрый Іванавіч, галубок, калі ласка, пусціце, — гаварыла яна жаласлівым голасам. — Матруна Паўлаўна ідзе! — ускрыкнула яна, вырываючыся, і сапраўды нехта ішоў да дзвярэй.

— Дык я прыду да цябе ўначы, — вымавіў Нехлюдаў. — Ты-ж адна?

— Што вы? Ні за што! Не трэба, — гаварыла яна толькі вуснамі, але ўся ўсхваляваная, збянтэжаная істота яе гаварыла іншае.

Да дзвярэй сапраўды падышла Матруна Паўлаўна. Яна зайшла ў пакой з коўдраю ў руцэ і, зірнуўшы дакорліва на Нехлюдава, сярдзіта зрабіла вымову Кацюшы за тое, што яна ўзяла не тую коўдру.

Нехлюдаў моўчкі вышаў. Яму нават не было сорамна. Ён бачыў па твары Матруны Паўлаўны, што яна асуджае яго і правільна робіць, асуджаючы яго, ведаў, што тое, што ён робіць, — дрэнна, але звярынае пачуццё, што выпрасталася з-пад ранейшага пачуцця добрай любові да яе, аўладала ім, і панавала адно, нічога іншага не прызнаючы. Ён ведаў цяпер, што трэба зрабіць для задавальнення пачуцця, і вышукваў сродкі зрабіць гэта.

Увесь вечар ён быў не ў гуморы: то заходзіў да цётак, то ішоў ад іх да сябе і на ганак і думаў аб адным, як-бы адну ўбачыць яе; але і яна ўнікала яго, і Матруна Паўлаўна сачыла за ёю.


XVII

Так прайшоў увесь вечар, і надышла ноч. Доктар пайшоў спаць. Цёткі таксама ляглі, Нехлюдаў ведаў, што Матруна Паўлаўна цяпер у спальні ў цётак, і Кацюша ў дзявочым пакоі — адна. Ён ізноў вышаў на ганак. На дварэ было цёмна, сыра, цёпла, і той белы туман, які ўвесну зганяе апошні снег або ўзнікае ад раставання апошняга снегу, напаўняў усё паветра. З ракі, якая была ў ста кроках пад кручаю перад домам, чутны былі дзіўныя гукі: гэта крышыўся лёд.

Нехлюдаў сышоў з ганка і, крочачы праз лужыны па абледзянелым снезе, падышоў да акна дзявочага пакоя. Сэрца яго білася ў грудзях так, што ён чуў яго; дыханне то спынялася, то вырывалася цяжкім подыхам. У дзявочым пакоі гарэла маленькая лямпа. Кацюша адна сядзела каля стала, задумаўшыся, і глядзела перад сабой. Нехлюдаў доўга, не зварухнуўшыся, глядзеў на яе, жадаючы ведаць, што яна будзе рабіць, думаючы, што ніхто не бачыць яе. Мінуты дзве яна сядзела нерухома, потым узняла вочы, усміхнулася, паківала нібы на саму сябе дакорліва галавой і, змяніўшы становішча, парыўчата паклала абедзве рукі на стол і ўтаропіла вочы перад сабой.

Ён стаяў і глядзеў на яе і міжвольна слухаў і стук свайго сэрца, і дзіўныя гукі, якія даносіліся з ракі. Там, на рацэ, у тумане, ішла нейкая безупынная, павольная работа, і то сапло нешта, то трэскала, то абсыпалася, то звінелі, як шкло, тонкія ільдзіны.

Ён стаяў, гледзячы на задумлівы твар Кацюшы, на якім, адбівалася балючая ўнутраная работа, і ён шкадаваў яе, але, дзіўная справа, гэта шкадаванне толькі ўзмацняла яго жаданне.

Жаданне ахапіла яго ўсяго.

Ён стукнуў у акно. Яна, нібы ад электрычнага ўдару, скаланулася ўсім целам, і жах з‘явіўся на яе твары. Потым ускочыла, падышла да акна, і прысунула свой твар да шкла. Выраз жаху не пакінуў яе твара і тады, калі, прыклаўшы абедзве далоні, як шоры, да вачэй, яна пазнала яго. Твар яе быў надзвычайна сур‘ёзным, — ён ніколі не бачыў яго такім. Яна ўсміхнулася, толькі калі ён усміхнуўся, усміхнулася, толькі нібы пакараючыся яму, але ў душы яе не было ўсмешкі, — быў страх. Ён махнуў ёй рукой, запрашаючы яе на двор да сябе. Але яна паківала галавой, што не, не выйдзе, і асталася стаяць ля акна. Ён наблізіў яшчэ раз твар да шыбы і хацеў крыкнуць ёй, каб яна вышла, але ў гэты час яна павярнулася да дзвярэй, — відаць яе паклікаў нехта. Нехлюдаў адышоў ад акна. Туман быў такі цяжкі, што, адышоўшы на пяць крокаў ад дома, ужо нельга было ўбачыць яго акон, а толькі чарнаватую масу, з якой свяціла чырвонае, здавалася вялізнае, святло ад лямпы. На рацэ ішло тое самае дзіўнае сапенне, шурханне, трэск і звон лёду. Недалёка з туману на дварэ пракрычаў адзін певень, адгукнуліся блізка іншыя, і здалёку з вёскі пачуліся галасы пеўняў, якія перабівалі адзін аднаго і зліваліся ў адзін крык. Усё-ж вакол, апрача ракі, было зусім ціха. Гэта былі ўжо другія пеўні.

Прайшоўшы разы два ўзад і ўперад за вуглом дома і трапіўшы некалькі разоў нагой у лужыну, Нехлюдаў зноў падышоў да акна дзявочага пакоя. Лямпа ўсё яшчэ гарэла, і Кацюша зноў сядзела адна каля стала, нібы была ў нерашучасці. Толькі ён падышоў да акна, яна зірнула ў яго. Ён стукнуў. І, не разглядваючы, хто стукнуў, яна адразу-ж выбегла з дзявочага пакоя, і ён чуў, як адліплі і потым рыпнулі выходныя дзверы. Ён чакаў яе ўжо каля сенцаў і адразу-ж моўчкі абняў яе. Яна прыціснулася да яго, падняла галаву і губамі сустрэла яго пацалунак. Яны стаялі за вуглом сенцаў на адталым сухім месцы, і ён увесь быў напоўнен балючым, незадаволеным жаданнем. Раптам зноў таксама чмокнулі і з тым самым рыпам рыпнулі выходныя дзверы, і пачуўся сярдзіты голас Матруны Паўлаўны.

— Кацюша!

Яна вырвалася ад яго і вярнулася ў дзявочы пакой. Ён чуў, як зашчапіўся кручок. Услед за гэтым усё заціхала, чырвонае вока ў акне знікла, астаўся адзін туман і шум на рацэ.

Нехлюдаў падышоў да акна, нікога не было відаць. Ён пастукаў, — ніхто не адказаў яму. Нехлюдаў вярнуўся ў дом з параднага ганку, але не заснуў. Ён зняў боты і босы пайшоў па калідоры да яе дзвярэй побач з пакоем Матруны Паўлаўны. Спачатку ён чуў, як спакойна храпела Матруна Паўлаўна, і ён хацеў ужо ўвайсці, як раптам яна пачала кашляць і павярнулася на рыпучым ложку. Ён замёр і прастаяў так мінут пяць. Калі зноў усё заціхла, і пачулася зноў спакойнае храпенне, ён, стараючыся ступаць на тыя палавіцы, якія не рыпелі, пайшоў далей і падышоў да самых яе дзвярэй. Усё было ціха. Яна, відаць, не спала, таму што яе дыханне не было чутна. Але як толькі ён прашаптаў: „Кацюша!“ — яна ўскочыла, падышла да дзвярэй і сярдзіта, як яму здалося, пачала прасіць яго адыйсці.

— Ну, што гэта вы? Ну, хіба можна? Пачуюць цёткі, — гаварылі яе вусны, а ўся істота казала: „я ўся твая“.

І гэта толькі разумеў Нехлюдаў.

— Ну, на мінутку адчыні. Упрашаю цябе, — гаварыў ён бессэнсоўныя словы.

Яна заціхла, потым ён пачуў шолах рукі, якая шукала кручок. Кручок шчоўкнуў, і ён увайшоў у адчыненыя дзверы.

Ён схапіў яе, як яна была ў грубай зрэбнай кашулі з голымі рукамі, падняў яе і панёс.

— Ах! што вы? — шаптала яна.

Але ён не звяртаў увагі на яе словы, несучы яе да сябе.

— Ах, не трэба, пусціце, — казала яна, а сама прыціскалася да яго.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Калі яна, дрыжачая і маўклівая, нічога не адказваючы на яго словы пайшла ад яго, ён вышаў на ганак і спыніўся, стараючыся ўцяміць значэнне ўсяго таго, што адбылося.

На дварэ было святлей; унізе на рацэ трэск і звон, і сапенне крыг яшчэ павялічылася, і да ранейшых гукаў дадалося яшчэ журчэнне. А туман пачаў асядаць уніз, і з-за сцяны туману выплыў шчарбаты месяц, панура асвятляючы нешта чорнае і страшнае.

„Што-ж гэта: вялікае шчасце або вялікае няшчасце здарылася са мной?“ пытаўся ён у сябе. „Заўсёды так, усё так“, сказаў ён сабе і пайшоў спаць.


XVIII

Наступным днём бліскучы, вясёлы Шэнбок заехаў за Нехлюдавым да цётак і зусім зачараваў іх сваёй элегантнасцю, ветлівасцю, вясёласцю, шчодрасцю і любоўю да Дзмітрыя. Шчодрасць яго, хаця і вельмі спадабалася цётачкам, але нават здзівіла іх сваёй незвычайнасцю. Вандроўным сляпым жабракам ён даў рубель, на пачастункі людзям ён раздаў 15 рублёў, і калі Сюзетка, балонка Соф‘і Іванаўны, пры ім абадрала сабе ногу да крыві, дык ён, не думаўшы ні мінуткі, разарваў сваю батыставую з аблямоўкай хустку (Соф‘я Іванаўна ведала, што гэткія хусткі каштуюць не меней, як 15 рублёў за тузіну) і зрабіў з яе бінты для Сюзеткі. Цёткі не бачылі яшчэ такіх і не недалі, што ў гэтага Шэнбока было 200 тысяч доўгу, якія — ён ведаў — ніколі не заплаціць, і што таму на 25 рублёў меней або болей не мела для яго значэння.

Шэнбок прабыў толькі адзін дзень і наступнай ноччу паехаў разам з Нехлюдавым. Яны не маглі болей аставацца, бо ўжо быў апошні тэрмін для яўкі ў полк.

У душы Нехлюдава ў гэты апошні, праведзены ў цётак дзень, калі свежымі былі ўспаміны начы, узнімаліся і змагаліся паміж сабой два пачуцці: адно — пякучыя, адчувальныя ўспаміны звярынай любові, якая хаця далёка не дала таго, што яна абяцала, і некаторага самазадавальнення дасягнутай мэты; другое — разуменне таго, што ён зрабіў нешта вельмі благое, і што гэта благое трэба выправіць, і выправіць не для яе, а для сябе.

У тым становішчы вар‘яцкага эгаізма, у якім ён знаходзіўся, Нехлюдаў думаў толькі пра сябе — аб тым, ці асудзяць яго і наколькі, калі даведаюцца аб тым, які ўчынак ён зрабіў, а не аб тым, што яна адчувае і што з ёй будзе.

Ён думаў, як Шэнбок здагадваецца аб яго дачыненнях да Кацюшы, і гэта цешыла яго гонар.

— Вось чаму ты гэтак раптам палюбіў цётачак, — сказаў яму Шэнбок, убачыўшы Кацюшу, — што тыдзень жывеш у іх. Гэта і я на тваім месцы не паехаў-бы. Красуня!

Ён думаў яшчэ і аб тым, што, хаця і шкода ехаць цяпер, не нацешыўшыся зусім каханнем з ёй, неабходнасць ад‘езду мае тую выгоду, што адразу ірве адносіны, якія цяжка было-б падтрымліваць. Думаў ён яшчэ аб тым, што трэба даць ёй грошай, не для яе, не таму, што ёй гэтыя грошы могуць быць патрэбны, а таму, што так заўсёды робяць, і яго-б лічылі несумленным чалавекам, калі-б ён, пакарыстаўшыся ёю, не заплаціў за гэта. Ён і даў ёй гэтыя грошы, — столькі, колькі лічыў неабходным па свайму і яе становішчы.

У дзень ад‘езду, пасля абеду, ён пачакаў яе ў сенцах. Яна пачырванела, убачыўшы яго, і хацела прайсці міма, паказваючы вачыма на адчыненыя дзверы ў дзявочы пакой, але ён затрымаў яе.

— Я хацеў развітацца, — сказаў ён, скамячыўшы ў руцэ канверт з сторублёвай паперкай. — Вось я…

Яна зразумела, зморшчылася, затрэсла галавой і адпіхнула яго руку.

— Не, вазьмі, — прамармытаў ён і сунуў ёй канверт за пазуху, і, нібы апёкся, ён змаршчыніўшыся і застагнаўшы, пабег у свой пакой. І доўга пасля гэтага ён усё хадзіў па сваім пакоі, і курчыўся, і нават скакаў, і ўслых войкаў, як ад фізічнага болю, як толькі ўспамінаў гэтую сцэну.

„Але што-ж рабіць? Заўсёды гэтак. Так гэта было з Шэнбокам і гувернанткай, пра якую ён расказваў, так гэта было з дзядзькам Грышам, так гэта было з бацькам, калі ён жыў на вёсцы і ў яго нарадзіўся ад сялянкі той незаконны сын Міценька, які і цяпер яшчэ жыве. А калі ўсе гэтак робяць, дык, значыць, так і трэба“. Так суцяшаў ён сябе, але ніяк не мог заспакоіцца. Успамін гэты катаваў яго сумленне.

У глыбіні, у самай глыбіні душы ён ведаў, што зрабіў так кепска, подла, жорстка, што яму, з разуменнем гэтага ўчынку, нельга не толькі самому асуджаць каго-небудзь, але глядзець у вочы людзям, не гаворачы ўжо аб тым, каб лічыць сябе прыстойным, паважным, вялікадушным маладым чалавекам, за якога ён лічыў сябе. А яму трэба было лічыць сябе за гэткага для таго, каб жыць весела і бадзёра. А для гэтага быў адзін сродак: не думаць аб гэтым. Гэтак ён і зрабіў.

Тое жыццё, у якое ён уступаў, — новыя месцы, таварышы, вайна, — дапамаглі гэтаму. І чым больш ён жыў, тым больш забываў і пад канец сапраўды зусім забыў.

Толькі аднойчы, калі пасля вайны, з надзеяй убачыць яе, ён заехаў да цётак і ўбачыў, што Кацюшы ўжо не было, што яна неўзабаве, — пасля яго праезду пайшла ад іх, каб радзіць, што недзе радзіла і, як чулі цёткі, зусім сапсавалася, — у яго сціснулася сэрца. Судзячы па часу, дзіцёнак, якога яна нарадзіла, мог быць яго дзіцёнкам, але мог быць і не яго. Цёткі гаварылі, што яна сапсавалася і была распусная натура, як і яе маці. І гэта меркаванне цётак было для яго прыемным, таму што нібы апраўдвала яго. Спачатку ён усё-ж хацеў адшукаць яе і дзіцёнка, але потым, іменна таму, што ў глыбіні душы яму было надта балюча і сорамна думаць пра гэта, ён не зрабіў патрэбных намаганняў для гэтых пошукаў і яшчэ больш забыўся на свой грэх і пакінуў думаць пра яго.

Але вось цяпер гэтае дзіўнае здарэнне нагадала яму ўсё і патрабавала ад яго прызнання сваёй бязлітаснасці, жорсткасці, подласці, якія далі яму магчымасць спакойна жыць гэтыя дзесяць год з гэткім грахом на душы. Але ён яшчэ далёка быў ад гэтага прызнання і цяпер думаў толькі пра тое, каб зараз не даведаліся ўсе пра ўсё, і яна або яе абаронца не расказалі ўсяго і не асаромілі яго перад усімі.


XIX

Такі душэўны настрой быў у Нехлюдава, калі ён вышаў з судовай залы ў пакой прысяжных. Ён сядзеў каля акна, слухаў размовы вакол сябе і безупынна курыў.

Вясёлы купец, відаць, спачуваў усёй душой таму, як праводзіў час купец Смелькоў.

— Ну, браце, здорава гуляў, па-сібірску. Ласы хлапец, якую дзяўчыну падчапіў.

Старшыня выказваў нейкія меркаванні, што ўся справа ў экспертызе. Пётр Герасімавіч нешта жартаваў з прыказчыкам-яўрэем, і яны нечага зарагаталі. Нехлюдаў коратка адказваў тым, хто звяртаўся да яго з запытаннямі, і жадаў толькі аднаго, каб пакінулі яго ў спакоі.

Калі судовы прыстаў, ідучы бачком, запрасіў зноў прысяжных у залу паседжання, Нехлюдаў адчуў страх, нібы не ён ішоў судзіць, але яго вялі ў суд. У глыбіні душы ён адчуваў ужо, што ён нягоднік, якому павінна быць сорамна глядзець у вочы людзям, а тым часам ён, па звычцы, са звычайнымі, самаўпэўненымі рухамі, увайшоў на ўзвышэнне і сеў на сваё месца, другім пасля старшыні, заклаўшы нага на нагу і гуляючы pince-nez.

Падсудных таксама кудысьці выводзілі і толькі што прывялі зноў.

У зале былі новыя асобы — сведкі, і Нехлюдаў заўважыў, што Маслава некалькі разоў пазірала, нібы не магла адвесці погляду ад вельмі прыбранай, у шаўку і аксаміце, тоўстай жанчыны, якая, у высокім капелюшы з вялікім бантам і з элегантным рэдыкулем на голай да локця руцэ, сядзела ў першым радзе перад кратамі. Гэта, як ён потым даведаўся, была сведка, гаспадыня таго публічнага дома, у якім жыла Маслава.

Пачаўся допыт сведкаў: імя, вера і т. д. Потым, пасля допыту бакоў, як яны хочуць запытваць: пад прысягай або не, зноў, ледзьве перасоўваючы ногі, прышоў той самы стары свяшчэннік і зноў гэтак-жа, папраўляючы залаты крыж на шаўковых грудзях, з гэткім самым спакоем і ўпэўненасцю ў тым, што ён робіць вельмі карысную і значную справу, прывёў да прысягі сведак і эксперта. Калі скончылася прысяга, усіх сведак адвялі, пакінуўшы адну, менавіта Кітаеву, гаспадыню публічнага дома. Яе запыталі аб тым, што яна ведае па гэтай справе. Кітаева з падробленай усмешкай, ківаючы галавой у капелюшы пры кожным сказе, з нямецкім акцэнтам, падрабязна і складна расказала:

Раней за ўсё да яе ў завядзенне прыехаў знаёмы калідорны Сімон за дзяўчынай для багатага сібірскага купца. Яна паслала Любашу. Праз некаторы час Любаша вярнулася разам з купцом.

— Купец быў ужо ў экстазе, — крыху ўсміхаючыся, гаварыла Кітаева, — і ў нас працягваў піць і частаваць дзяўчат; але з той прычыны, што ў яго нехапіла грошай, ён паслаў да сябе ў нумар гэту самую Любашу, да якой ён меў прэдылекцыя, — сказала яна, зірнуўшы на падсудную.

Нехлюдаву здалося, што Маслава пры гэтым усміхнулася, і гэта ўсмешка здалася яму брыдкай. Дзіўнае, неакрэсленае адчуванне агіднасці, змешанае з пакутаю, узнялося ў ім.

— А якую думку вы мелі аб Маславай? — чырванеючы, нясмела запытаў прызначаны ад суда кандыдат на судовую пасаду, адвакат Маславай.

— Самую лепшую, — адказала Кітаева, — дзяўчына адукаваны і шыкарная. Ён выхоўваўся ў добры сям‘я, і па-французску маглі чытаць. Ён піў часам крыху лішняга, але ніколі не забываўся. Зусім добры дзяўчына.

Кацюша пазірала на гаспадыню, але потым раптам перавяла вочы на прысяжных і спыніла іх на Нехлюдаве, і твар яе зрабіўся сур‘ёзным і нават строгім. Адно са строгіх вачэй яе было касаватым. Даволі доўга гэтыя два дзіўныя вокі пазіралі на Нехлюдава, і, не гледзячы на тое, што жах ахапіў яго, ён не мог адвесці свайго погляду ад гэтых касаватых вачэй з яркабелымі бялкамі. Яму ўспомнілася тая страшная ноч з ледаходам, туманам і, галоўнае, тым шчарбатым, перавернутым месяцам, які перад раннем узышоў і асвятляў нешта чорнае і страшнае. Гэтыя два чорныя вокі, што глядзелі на яго і паўз яго, нагадвалі яму гэта нешта чорнае і страшнае.

„Пазнала!“ падумаў ён. І Нехлюдаў нібы сціснуўся, чакаючы ўдару. Але яна не пазнала яго. Яна спакойна ўздыхнула і зноў пачала глядзець на старшыню. Нехлюдаў уздыхнуў таксама. „Ах, хутчэй бы“, думаў ён. Ён адчуваў цяпер пачуццё, падобнае да таго, якое адчуваў на паляванні, калі даводзілася дабіваць параненую птушку: і брыдка, і шкада, і прыкра. Недабітая птушка б‘ецца ў ягдташы: і брыдка, і шкада, і хочацца хутчэй дабіць і запамятаваць.

Гэткае змешанае адчуванне ахапіла цяпер Нехлюдава, калі ён слухаў допыт сведак.


XX

Але, як на зло яму, справа цягнулася доўга: пасля допыту па адным сведак і эксперта і пасля ўсіх непатрэбных запытанняў ад таварыша пракурора і адвакатаў, якія звычайна рабіліся з сур‘ёзным выглядам, старшыня прапанаваў прысяжным агледзець рэчавыя доказы, якія складаліся з велізарных памераў пярсцёнка з разеткай з дыяментаў, — відаць яго адзявалі на таўсценны паказальны палец, і фільтра, у якім была даследавана атрута. Рэчы гэтыя былі запячатаны, і на іх былі ярлычкі.

Прысяжныя ўжо рыхтаваліся глядзець гэтыя рэчы, калі таварыш пракурора зноў прыўстаў і патрабаваў, раней чым разглядваць рэчавыя доказы, прачытаць урачэбнае даследаванне трупа.

Старшыня, які гнаў справу як мага хутчэй, каб паспець да сваёй швейцаркі, хаця і ведаў вельмі добра, што прачытанне гэтай паперкі не можа мець ніякага іншага выніку, як толькі нудоту і адцягванне абедзенага часу, і што таварыш пракурора патрабуе гэтага чытання толькі таму, што ён ведае, што мае права патрабаваць гэтага, усё-ж не мог адмовіць і згадзіўся. Сакратар дастаў паперу і зноў сваім картавым на літары л і р панурым голасам пачаў чытаць:

З вонкавага агляду высветлілася, што:

1) Рост Ферапонта Смелькова — 2 арш. 12 вярш.

— Аднак дзяцюк здаравенны, — заклапочана прашаптаў купец на вуха Нехлюдаву.

2) Узрост з вонкавага выгляду вызначан прыблізна каля сарака.

3) Труп меў раздзьмуты выгляд.

4) Колер скуры скрозь зеленаваты, абсыпаны мясцінамі чорнымі плямамі.

5) Скура на паверхні ўзнялася пузырамі розных памераў, а мясцінамі аблезла і вісіць у выглядзе вялікіх шкуматоў.

6) Валасы цёмнарусыя, густыя, і пры датыканні лёгка адстаюць ад скуры.

7) Вочы вышлі з арбіт, і рагавая абалонка памутнела.

8) З ноздраў, вушэй і рота выцякае пеністая сукравічная вадкасць, рот напалову адкрыты.

9) Шыі амаль няма з прычыны апухласці твара і грудзей. І т. д. і т. д.

На чатырох старонках па 27 пунктах ішло такім чынам апісанне ўсіх падрабязнасцей вонкавага агляду страшнага, вялізнага і яшчэ апухлага, што пачаў ужо распадацца, трупа купца, які весяліўся ў горадзе. Адчуванне нейкай брыдкасці, якое было ў Нехлюдава, яшчэ павялічылася пры чытанні гэтага апісання трупа. Жыццё Кацюшы і сукравічная вадкасць, што выцякае з наздрэй, і вочы, што вышлі з арбіт, і яго ўчынак з ёй, — усё гэта, здавалася яму, былі рэчы аднаго гатунку, і ён са ўсіх бакоў быў акружаны і ахоплены гэтымі рэчамі. Калі скончылася, нарэшце, чытанне вонкавага агляду, старшыня цяжка ўздыхнуў і ўзняў галаву, спадзяючыся, што скончана, але сакратар адразу-ж пачаў чытаць апісанне ўнутранага агляду.

Старшыня ізноў схіліў галаву і, абапёршыся на руку, заплюшчыў вочы. Купец, што сядзеў побач з Нехлюдавым, намагаўся з усіх сіл, каб не заснуць, і часам хістаўся; падсудныя, таксама як і жандары за імі, сядзелі нерухома.

„З унутранага агляду аказалася, што:

1) Скураныя чарапныя пакрыцці лёгка аддзяляліся ад чарапных касцей, і сінякі не былі нідзе заўважаны.

2) Касці чэрапа сярэдняй таўшчыні і цэлыя.

3) На цвёрдай мазгавой абалонцы маюцца дзве невялікія пігментаваныя плямы велічынёй прыблізна ў чатыры дзюймы, сама абалонка бледна-матавага колеру“ і т. д. і т. д., яшчэ 13 пунктаў.

Затым ішлі імёны панятых, подпісы і затым заключэнне ўрача, з якога відаць было, што знойдзеныя пры ўскрыцці і запісаныя ў пратаколе змены ў страўніку і часткова ў кішках і нырках даюць права зрабіць з вялікай ступенню праўдападобнасці вынік, што Смелькоў памёр ад атруты, якая патрапіла яму ў страўнік разам з віном. Сказаць па наяўных зменах у страўніку і кішках, якая менавіта атру- та была ўведзена ў страўнік, — цяжка; пра тое-ж, што атрута гэта трапіла ў страўнік з віном, трэба думаць з той прычыны, што ў страўніку Смелькова знойдзена вялікая колькасць віна.

— Відаць, здатны быў на гарэлку, — зноў прашаптаў, апамятаўшыся, купец.

Чытанне гэтага пратакола працягвалася каля гадзіны, але не задаволіла, аднак, таварыша пракурора. Калі пратакол прачыталі, старшыня звярнуўся да яго:

— Я мяркую, што не патрэбна чытаць акты даследавання ўнутраных органаў.

— Я прасіў-бы прачытаць гэтыя даследаванні, — сурава сказаў таварыш пракурора, не гледзячы на старшыню, злёгку бокам прыўстаўшы і даючы адчуваць тонам голасу, што патрабаванне гэтага чытання ёсць яго права, і ён ад гэтага права не адступіцца, і адмова будзе прычэпкай для касацыі.

Член суда з вялікай барадой і добрымі, уніз адцягненымі вачыма, хворы на катар, адчуваючы сябе вельмі аслабеўшым, звярнуўся да старшыні:

— І навошта гэта чытаць? Толькі зацягваюць. Гэтыя новыя мётлы не чысцей, а даўжэй мятуць.

Член у залатых акулярах нічога не сказаў і панура і рашуча глядзеў перад сабой, не чакаючы ні ад свае жонкі, ні ад жыцця нічога добрага.

Чытанне акта пачалося:

„188* года, лютага 15-га дня, я, ніжэйпадпісаны, па даручэнню ўрачэбнага аддзялення, за № б38-м, — пачаў з рашучасцю, павысіўшы дыяпазон голасу, нібы жадаючы разагнаць сон, які ахапляў усіх прысутных, сакратар, — у прысутнасці памочніка ўрачэбнага інспектара, зрабіў даследаванне ўнутраных органаў:

1) Правага лёгкага і сэрца (у шасціфунтовым шкляным слоіку).

2) Усяго, што знаходзілася ў страўніку (у шасціфунтовым шкляным слоіку).

3) Самага страўніка (у шасціфунтовым шкляным слоіку).

4) Печані, селязёнкі і ныркаў (у трохфунтовым шкляным слоіку).

5) Кішак (у шасціфунтовым гліняным слоіку)“.

Старшыня пры пачатку гэтага чытання нахіліўся да аднаго з членаў і пашаптаў нешта, потым да другога і, атрымаўшы станоўчы адказ, спыніў чытанне на гэтым месцы.

— Суд прызнае залішнім чытанне акта, — сказаў ён.

Сакратар замаўчаў, збіраючы паперы; раззлаваны таварыш пракурора пачаў запісваць нешта.

— Паны прысяжныя засядацелі могуць агледзець рэчавыя доказы, — сказаў старшыня.

Старшыня і некаторыя з прысяжных прыўзняліся і замяшаліся, не ведаючы, які рух ці становішча павінны надаць сваім рукам, падышлі да стала і па чарзе падзівіліся на пярсцёнак, шклянку і фільтр. Купец нават памераў на свой палец пярсцёнак.

— Ну, і палец быў, — сказаў ён, вярнуўшыся на сваё месца. — Як гурок добры, — дадаў ён, відаць пацяшаючыся тым уяўленнем, як аб асілку, якое ён склаў сабе аб атручаным купцы.


XXI

Калі скончыўся агляд рэчавых доказаў, старшыня абвясціў судовае следства скончаным і без перапынку, жадаючы хутчэй скончыць справу, даў слова абвінаваўцу, спадзяючыся, што ён таксама чалавек і таксама хоча курыць і абедаць, і што ён пашкадуе іх. Але таварыш пракурора не пашкадаваў ні сябе, ні іх. Таварыш пракурора быў ад прыроды вялікім дурнем; але звыш таго меў няшчасце скончыць курс у гімназіі з залатым медалём і ў універсітэце атрымаць узнагароду за сваю працу аб сервітутах па рымскім праве, і таму быў вельмі самаўпэўненым, задаволеным сабой (гэтаму яшчэ спрыяў яго поспех у дам), і з гэтай прычыны быў надзвычайным дурнем. Калі яму далі слова, ён, не спяшаючыся, устаў, паказаўшы ўсю сваю грацыёзную постаць у шытым мундзіры, і, паклаўшы абедзве рукі на канторку, крыху схіліўшы галаву, агледзеў залу, унікаючы поглядам падсудных, і пачаў:

— Справа, што падлягае вашаму разгляду, панове прысяжныя засядацелі, — пачаў ён сваю падрыхтаваную ў часе чытання пратакола і акта прамову, — характэрнае, калі можна так сказаць, злачынства.

Прамова таварыша пракурора, як ён думаў, павінна была мець грамадскае значэнне, падобна да тых славутых прамоў, якія гаварылі праслаўленыя адвакаты. Праўда, лік гледачоў складаўся толькі з трох жанчын: швачкі, кухаркі і Сімонавай сястры і аднаго кучара, але гэта нічога не азначала. І тыя праслаўленыя гэтак сама пачыналі. Правіла-ж таварыша пракурора было ў тым, каб быць заўсёды на вышыні свайго становішча, гэта значыць пранікаць у глыбіню псіхалагічнага значэння злачынства і агаляць язвы грамадства.

— Вы бачыце перад сабой, панове прысяжныя засядацелі, характэрнае, калі можна так сказаць, злачынства канца стагоддзя, якое носіць на сабе, так сказаць, спецыфічныя рысы той сумнай з‘явы распаду, пад які падупадаюць у наш час тыя элементы нашага грамадства, якія знаходзяцца пад асабліва, так сказаць, пякучымі праменнямі гэтага працэса…

Таварыш пракурора гаварыў вельмі доўга, з аднаго боку, намагаючыся прыпомніць усе тыя разумныя рэчы, якія ён прыдумаў, з другога боку, галоўнае, ні на хвіліну не спыніцца, а зрабіць гэтак, каб прамова яго лілася, не спыняючыся, на працягу гадзіны з чвэрткай. Толькі раз ён спыніўся і даволі доўга глынаў сліну, але адразу-ж выправіўся і нагнаў гэту правалоку ўзмоцненым красамоўствам. Ён гаварыў то пяшчотным, ліслівым голасам, пераступаючы з нагі на нагу, гледзячы на прысяжных, то ціхім сур‘ёзным тонам, пазіраючы ў свой сшытак, то зычным абвінаваўчым голасам, звяртаючыся то да гледачоў, то да прысяжных. Толькі на падсудных, якія ўсе трое ўтаропіліся на яго вачыма, ён ні аднаго разу не зірнуў. У яго прамове было ўсё самае апошняе, што было тады модным у яго колах і што прымалася тады і прымаецца яшчэ цяпер за апошняе слова навуковай мудрасці. Тут была і спадчыннасць, і прыроджаная злачыннасць, і Ламбразо, і Тард, і эвалюцыя, і барацьба за існаванне, і гіпнатызм, і ўнушэнне, і Шарко, і дэкадэнства.

Купец Смелькоў, паводле азначэння таварыша пракурора, быў тып некранутага рускага чалавека з яго шырокай натурай, які, з прычыны сваёй даверлівасці і велікадушша, зрабіўся ахвярай глыбока распусных асоб, пад уладу якіх ён падупаў.

Сімон Карцінкін быў атавістычным вынікам прыгонніцтва, чалавекам прыгнечаным, без адукацыі, без прынцыпаў, без рэлігіі нават. Еўфімія была яго палюбоўніцай і ахвярай спадчыннасці. У яе былі ўсе адзнакі дэгенератнае асобы. Галоўнай-жа прычынай злачынства была Маслава, якая ўяўляла з сябе ў самых нізкіх яго рысах з‘яву дэкадэнства. „Жанчына гэта, — гаварыў таварыш пракурора, не гледзячы на яе, — атрымала адукацыю, — мы чулі на судзе паказанні яе гаспадыні. Яна не толькі ўмее чытаць і пісаць, яна ведае па-французску, яна сірата, напэўна з зародкамі злачыннасці, была ўзгадавана ў інтэлігентнай дваранскай сям‘і і магла-б жыць сумленнай працай; але яна кідае сваіх дабрадзеяў, аддаецца сваім страсцям і для задавальнення іх ідзе ў публічны дом, дзе вылучаецца сярод іншых сваіх таварышак сваёй адукацыяй і, галоўнае, як вы чулі тут, панове прысяжныя засядацелі, ад яе гаспадыні, умельствам уплываць на наведвальнікаў той таемнай, за апошні час даследаванай навукай, асабліва школай Шарко, якасцю, вядомай пад імем унушэння. Гэтай самай якасцю яна заўладала рускім асілкам, добрадушным, даверлівым Садко-багатым гасцём, і скарыстоўвае яго даверлівасць на тое, каб спачатку абакрасці, а потым без жалю адабраць у яго жыццё“.

— Ну, ужо гэта ён, здаецца, зарапартаваўся, — сказаў, усміхаючыся, старшыня, схіляючыся да суровага члена.

— Чорт ведае, які дурань, — сказаў суровы член.

— Панове прысяжныя засядацелі, — працягваў тымчасам, грацыёзна выгінаючыся тонкім станам, таварыш пракурора, — у вашых руках лёс гэтых асоб, але ў вашых руках часткова і лёс грамадства, на якое вы ўплываеце сваім прысудам. Вы ўдумайцеся ў значэнне гэтага злачынства, у небяспеку, якую ўяўляюць для грамадства гэткія паталагічныя, так сказаць, індывідуумы, як Маслава, і агарадзіце яго ад заражэння, агарадзіце нявінныя, моцныя элементы гэтага грамадства ад заражэння і часта пагібелі.

І нібы сам узрушаны значнасцю той пастановы, якую павіней зрабіць суд, таварыш пракурора, як відаць, цалкам захоплены сваёй прамовай, апусціўся на сваё крэсла.

Сэнс яго прамовы, калі адкінуць кветкі красамоўства, быў той, што Маслава загіпнатызавала купца, скарыстаўшы яго даверлівасць, і, прыехаўшы ў нумар з ключом за грашыма, хацела сама ўсё ўзяць сабе, але, будучы злоўлена Сімонам і Еўфіміяй, павінна была падзяліцца з імі. Пасля-ж гэтага, каб захаваць сляды свайго злачынства, прыехала зноў з купцом у гасцініцу і там атруціла яго.

Пасля прамовы таварыша пракурора з лавы адваката ўстаў сярэдніх год чалавек у фраку, з шырокім поўкругам белых накрухмаленых грудзей, і жвава сказаў прамову ў абарону Карцінкіна і Бачковай. Гэта быў наняты імі за 300 рублёў прысяжны павераны. Ён апраўдваў іх абодвух і ўскладаў усю віну на Маславу.

Ён адмаўляў паказанне Маславай аб тым, што Бачкова і Карцінкін былі з ёю разам, калі яна брала грошы, настойваючы на тым, што паказанне яе, як выкрытай атрутніцы, не можа мець вагі. Грошы, 2500 рублёў, гаварыў адвакат, гэтыя працавітыя сумленныя людзі маглі зарабіць, бо яны атрымлівалі часам па 3 і 5 рублёў за дзень ад наведвальнікаў. Грошы-ж купца былі пакрадзены Маславай і каму-небудзь пераданы або нават згублены, бо яна была не ў нармальным становішчы. Атручэнне зрабіла адна Маслава.

Таму ён прасіў прысяжных прызнаць Карцінкіна і Бачкову невінаватымі ў пакражы грошай; а калі-б яны і прызналі іх вінаватымі ў пакражы, дык без удзелу ў атручэнні і без уперад складзенага намеру.

У заключэнне адвакат, каб дасадзіць таварышу пракурора, заўважыў, што бліскучыя выказванні пана таварыша пракурора аб спадчыннасці, хаця і растлумачваюць навуковыя пытанні спадчыннасці, у гэтым выпадку недарэчы, бо Бачкова — дачка невядомых бацькоў.

Таварыш пракурора сярдзіта, нібы агрызаючыся, нешта запісаў у сябе на паперы і з пагардлівым здзіўленнем павёў плячамі.

Потым устаў абаронца Маславай і нясмела, запінаючыся, пачаў сваю прамову. Не адмаўляючы таго, што Маслава прымала ўдзел у пакражы грошай, ён толькі настойваў на тым, што яна не мела намеру атруціць Смелькова, а дала парашок толькі для таго, каб ён заснуў. Хацеў ён падпусціць красамоўства, зрабіўшы агляд таго, як Маслава была ўцягнута ў распуснае жыццё мужчынай, які астаўся непакараным, тымчасам як яна павінна была несці ўвесь цяжар свайго праграшэння, але гэта экскурсія ў галіну псіхалогіі атрымалася недарэчнай, так што ўсім было сорамна. Калі ён мармытаў аб жорсткасці мужчын і бездапаможнасці жанчын, дык старшыня, жадаючы дапамагчы яму, папрасіў яго трымацца бліжэй да сутнасці справы.

Пасля гэтага адваката зноў устаў таварыш пракурора і, абараніўшы сваё палажэнне аб спадчыннасці супроць першага адваката тым, што калі Бачкова і дачка невядомых бацькоў, дык ісціннасць закона спадчыннасці гэтым ніколькі не інвалідуецца, бо закон спадчыннасці настолькі ўстаноўлены навукай, што мы не толькі можам выводзіць злачынства са спадчыннасці, але і спадчыннасць са злачынства.

— Што-ж датычыцца меркавання абаронцы аб тым, што Маславу зрабіў распуснай выабражальны (ён з асаблівай іроніяй сказаў: выабражальны) спакуснік, дык усе даведкі гавораць за тое, што яна была спакусніцай шматлікіх ахвяр, якія прайшлі праз яе рукі. Сказаўшы гэта, ён пераможна сеў.

Потым прапанавана было падсудным апраўдвацца.

Еўфімія Бачкова паўтарала тое, што яна нічога не ведала і ні ў чым не ўдзельнічала, і ўпарта паказвала, як на вінаватую ва ўсім, на Маславу. Сімон толькі паўтарыў некалькі разоў:

— Воля ваша, а толькі бязвінна, дарэмна.

Маслава-ж нічога не сказала. На прапанову старшыні сказаць тое, што яна мае ў сваю абарону, яна толькі падняла на яго вочы, азірнулася на ўсіх, як зацкаваны звер, і адразу-ж апусціла іх і заплакала, гучна ўсхліпваючы.

— Вы што? — запытаў купец, які сядзеў побач з Нехлюдавым, пачуўшы дзіўны гук, каторы раптам вырваўся ў Нехлюдава. Гук гэты быў спыненае рыданне.

Нехлюдаў усё яшчэ не разумеў усяго значэння свайго цяперашняга становішча і прыпісаў слабасці сваіх нерваў ледзьве ўтрыманае рыданне і слёзы, што навярнуліся яму на вочы. Ён адзеў pince-nez, каб іх не ўбачылі, потым дастаў хустку і пачаў смаркацца.

Страх перад ганьбаю, якою-б ён пакрыў сябе, калі-б усе тут, у судовай зале, даведаліся пра яго ўчынак, заглушаў унутраную работу, што кіпела ў ім. Страх гэты ў першы час быў мацней за ўсё.


XXII

Пасля апошняга слова абвінавачаных і даволі доўгіх перамоў бакоў аб форме пастаноўкі запытанняў, запытанні былі пастаўлены, і старшыня пачаў свае рэзюме.

Перш чым выкласці справу, ён вельмі доўга тлумачыў прысяжным, з прыемнай інтымнай інтанацыяй, тое, што рабунак ёсць рабунак, а пакража ёсць пакража, і што крадзёж з замкнутага месца ёсць крадзёж з замкнутага месца, а крадзёж з незамкнутага месца ёсць крадзёж з незамкнутага месца. І, тлумачачы гэта, ён асабліва часта пазіраў на Нехлюдава, нібы асабліва жадаючы, каб ён уцяміў гэтую значную акалічнасць з надзеяй, што ён, зразумеўшы яе, растлумачыць гэта і сваім таварышам. Потым, калі ён падумаў, што прысяжныя дастаткова зразумелі гэтыя ісціны, ён пачаў развіваць іншую ісціну аб тым, што забойствам называецца гэткае дзеянне, ад якога чалавек памірае, што атручанне таму таксама ёсць забойства. Калі-ж і гэту ісціну, як яму здалося, таксама зразумелі прысяжныя, ён растлумачыў ім тое, што калі зладзейства і забойства зроблены разам, дык тады злачынства складаецца са зладзейства і забойства.

Не гледзячы на тое, што яму самому хацелася хутчэй скончыць, і швейцарка ўжо чакала яго, ён гэтак прывык да свайго занятку, што, пачаўшы гаварыць, ніяк ужо не мог спыніцца, і таму падрабязна тлумачыў прысяжным, што калі яны знойдуць падсудных вінаватымі, дык маюць права прызнаць іх вінаватымі, калі знойдуць іх невінаватымі, дык маюць права прызнаць іх невінаватымі; калі знойдуць іх вінаватымі ў адным, але невінаватымі ў другім, дык могуць прызнаць іх вінаватымі ў адным, але невінаватымі ў другім. Потым ён растлумачыў ім яшчэ тое, што, не гледзячы на тое, што права гэта дадзена ім, яны павінны карыстацца ім разумна. Хацеў ён яшчэ растлумачыць ім, што калі на пастаўленае пытанне дадуць адказ станоўчы, дык гэтым адказам яны прызнаюць усё тое, што пастаўлена ў пытанні, і што калі яны не прызнаюць усяго, што пастаўлена ў пытанні, дык павінны заўважыць тое, чаго не прызнаюць. Але ён зірнуў на гадзіннік і, убачыўшы, што ўжо без пяці мінут тры, парашыў адразу-ж перайсці да выкладання справы.

— Акалічнасці справы гэтай наступныя, — пачаў ён і паўтарыў усё тое, што некалькі разоў ужо было гаворана і абаронцамі, і таварышом пракурора, і сведкамі.

Старшыня гаварыў, а па баках яго члены з глыбокадумным выглядам слухалі і часам пазіралі на гадзіннікі, знаходзячы яго прамову хаця і вельмі добрай, гэта значыць такой, якой яна павінна быць, але крыху даўгаватай. Таксама думаў і таварыш пракурора, як і ўсе наогул судовыя службоўцы і ўсе, хто быў у зале. Старшыня скончыў рэзюме.

Здавалася, усё было сказана. Але старшыня ніяк не мог разлучыцца са сваім правам гаварыць — гэтак яму прыемна было слухаць паважныя інтанацыі свайго голаса — і знайшоў патрэбным яшчэ сказаць некалькі слоў аб важнасці таго права, якое дадзена прысяжным, і аб тым, як яны павінны з увагай і асцярожнасцю карыстацца гэтым правам і не злоўжываць ім, аб тым, што яны прымалі прысягу, што яны — сумленне грамадства, і што тайна дарадчага пакоя павінна быць свяшчэннай і т. д. і т. д.

З таго часу, як старшыня пачаў гаварыць, Маслава, не зводзячы вачэй, пазірала на яго, нібы баючыся прапусціць кожнае слова, а таму Нехлюдаў не баяўся сустрэцца з яе вачыма і безупынна глядзеў на яе. І ў яго ўяўленні адбывалася тая звычайная з‘ява, што даўно не бачаны твар любімага чалавека, спачатку здзівіўшы тымі вонкавымі зменамі, якія адбыліся за час адсутнічання, пакрыху робіцца зусім гэткім самым, якім ён быў шмат год раней, знікаюць усе змены, пакладзеныя часам, і перад духоўнымі вачыма выступае толькі тое галоўнае выяўленне выключнай, непаўторнай духоўнай асобы. Гэтае самае адбывалася ў Нехлюдаве.

Так, не гледзячы на арыштанцкі халат, на тое, што цела пашырацела і грудзі выраслі, не гледзячы на тое, што ніжняя частка твара раздалася, не гледзячы на зморшчыкі на ілбе і на скронях і на падпухлыя вочы, гэта была безумоўна тая самая Кацюша, якая ў светлае хрыстова васкрасенне гэтак нявінна знізу ўгору глядзела на яго, любімага ёю чалавека, сваімі закаханымі вачыма, якія смяяліся ад радасці і паўнаты жыцця.

„І гэткая дзіўная выпадковасць! Трэба-ж, каб гэтая справа разглядалася менавіта на маёй сесіі, каб я, нідзе не сустракаючы яе 10 год, сустрэў яе тут, на лаве падсудных! І чым гэта ўсё скончыцца? Хутчэй, ах, хутчэй-бы!“

Ён усё не скараўся таму адчуванню каяння, якое пачынала гаварыць у ім. Яму здавалася гэта выпадковасцю, якая пройдзе і не парушыць яго жыцця. Ён адчуваў сябе тым шчанём, якое непрыстойна трымала сябе ў пакоях і якое гаспадар, узяўшы за шыю, тыркае носам у тую брыдоту, што яно нарабіла. Шчанё вішчыць, цягнецца назад, каб адысці як мага далей ад вынікаў сваёй справы і забыць пра іх, але няўмольны гаспадар не адпускае яго. Гэтак і Нехлюдаў адчуваў ужо ўсю брыдоту таго, што ён нарабіў, адчуваў і магутную руку гаспадара, але ўсё яшчэ не разумеў значэння таго, што ён зрабіў, не прызнаваў самога гаспадара. Яму ўсё хацелася не верыць у тое, што тое, што было перад ім, было яго ўчынкам. Але няўмольная, нябачная рука трымала яго, і ён прадчуваў ужо, што ён не выкруціцца. Ён яшчэ набіраўся смеласці і, як звычайна, паклаўшы нагу на нагу і безуважна гуляючы сваім pince-nez, у самаўпэўненай позе сядзеў на сваім другім крэсле першага раду. А тым часам, у глыбіні сваёй душы, ён ужо адчуваў усю жорсткасць, подласць, нікчэмнасць не толькі гэтага свайго ўчынку, але ўсяго свайго гультайскага, распуснага, жорсткага і самаздаволенага жыцця, і тая страшная заслона, якая нейкім цудам увесь гэты час, усе гэтыя 12 год засланяла ад яго і гэта яго злачынства і ўсё яго наступнае жыццё, ужо вагалася, і ён урыўкамі пазіраў ужо на яе.


XXIII

Урэшце старшыня скончыў сваю прамову і, грацыёзным рухам падняўшы пытальны аркуш, перадаў яго прысяжнаму старшыню, які падышоў да яго. Прысяжныя ўсталі, радуючыся таму, што можна ісці і, не ведаючы, што рабіць са сваімі рукамі, нібы саромячыся чагосьці, адзін за адным пайшлі ў дарадчы пакой. Толькі што зачыніліся за імі дзверы, жандар падышоў да гэтых дзвярэй і, выхапіўшы шаблю з ножнаў і паклаўшы яе на плячо, стаў каля дзвярэй. Суддзі падняліся і пайшлі. Падсудных таксама вывелі.

Увайшоўшы ў дарадчы пакой, прысяжныя, як і раней, перш за ўсё дасталі папяросы і пачалі курыць. Ненатуральнасць і фальш іхняга становішча, якія яны ў большай ці меншай ступені адчувалі, седзячы ў зале на сваіх месцах, прайшла, як толькі яны ўвайшлі ў дарадчы пакой і закурылі папяросы, і яны з аблягчэннем размясціліся ў дарадчым пакоі, і адразу-ж пачалася ажыўленая размова.

— Дзяўчынка не вінавата, заблыталася, — сказаў добрадушны купец, — трэба прабачыць.

— Вось гэта і абмяркуем, — сказаў старшыня. — Мы не павінны падупадаць пад нашы асабовыя ўражанні.

— Добрае рэзюме сказаў судовы старшыня, — заўважыў палкоўнік.

— Ну, добрае! Я ледзь не заснуў.

— Галоўная справа ў тым, што прыслуга не магла ведаць пра грошы, каб Маслава не была з імі ў згодзе, — сказаў прыказчык яўрэйскага тыпу.

— Дык што-ж, па-вашаму, яна ўкрала? — запытаў адзін з прысяжных.

— Ніколі не паверу, — закрычаў добрадушны купец, — а ўсё гэта шэльма чырвонавокая нашкодзіла.

— Усе добрыя, — сказаў палкоўнік.

— Але-ж яна гаворыць, што не ўваходзіла ў нумар.

— А вы больш давайце ёй веры. Я гэтай падле ніколі ў жыцці не паверыў-бы.

— Дык што-ж, гэтага мала, што вы не паверылі-б, — сказаў прыказчык.

— Ключ у яе быў.

— Што-ж, калі ў яе? — супярэчыў купец.

— А пярсцёнак?

— Ды яна-ж казала, — зноў закрычаў купец, — купчына карахцерны, ды яшчэ выпіўшы, адлупцаваў яе. Ну, а потым, канешне, пашкадаваў. На, маўляў, не плач. Чалавек не маленькі: чуў, мабыць, што 13 вяршкоў, пудоў відаць з восем.

— Не ў тым справа, — перабіў Пётр Герасімавіч, — галоўнае вось што: ці яна падгаварыла і пачала ўсю справу, ці прыслуга?

— Не можа прыслуга адна зрабіць. Ключ у яе быў.

Нескладная размова цягнулася даволі доўга.

— Дык дазвольце, панове, — сказаў старшыня, — сядзем за стол і абмяркуем. Калі ласка, — сказаў ён і сеў на старшынскае месца.

— Ну, і паскудніцы гэтыя дзеўкі, — сказаў прыказчык і, каб пацвердзіць думку аб тым, што галоўная віноўніца Маслава, расказаў, як адна гэтакая ўкрала на бульвары гадзіннік у яго таварыша.

Палкоўнік з гэтай прычыны пачаў расказваць пра яшчэ больш дзіўны выпадак пакражы срэбранага самавара.

— Панове, прашу па пытаннях, — сказаў старшыня, пастукваючы алоўкам па стале.

Усе змоўклі. Пытанні гэтыя былі аформлены гэтак:

1) Ці вінаваты селянін сяла Боркаў, Крапівенскага павета, Сімон Пятроў Карцінкін, 33 год, у тым, што 17-га студзеня 188* года ў горадзе N, задумаўшы забіць купца Смелькова з мэтай абрабавання яго, у згодзе з іншымі асобамі, даў яму ў кан‘яку атруты, што мела вынікам смерць Смелькова, і ўкраў у яго грашыма каля 2500 рублёў і дыяментавы пярсцёнак.

2) Ці вінавата ў злачынстве, апісаным у першым пытанні, мяшчанка Еўфімія Іванава Бачкова, 48 год?

3) Ці вінавата ў злачынстве, апісаным у першым пытанні, мяшчанка Кацярына Міхайлава Маслава, 27 год?

4) Калі падсудная Еўфімія Бачкова не вінавата па першаму пытанню, дык ці вінавата яна ў тым, што 17 студзеня 188* года ў горадзе N, знаходзячыся ў якасці прыслугі пры гасцініцы „Маўрытанія“, патаемна ўкрала з замкнёнага чамадана пастаяльца той гасцініцы купца Смелькова, які знаходзіўся ў яго нумары, 2500 рублёў грошай, для чаго адамкнула чамадан на месцы ключам, які яна прынесла і падабрала?

Старшыня прачытаў першае пытанне.

— Ну, як, панове?

На гэта пытанне адказалі вельмі хутка. Усе згадзіліся адказаць: „так, вінаваты“, прызнаць яго ўдзельнікам і атручэння і пакражы. Не згадзіўся прызнаць вінаватым Карцінкіна толькі адзін стары арцельшчык, які на ўсе пытанні адказваў у сэнсе апраўдання.

Старшыня думаў, што ён не разумее, і растлумачыў яму, што з усяго відаць, што Карцінкін і Бачкова вінаваты, але арцельшчык адказаў, што ён разумее, але ўсё-ж лепш пашкадаваць. „Мы і самі не святыя“, — сказаў ён і гэтак і астаўся пры сваёй думцы.

На другое пытанне аб Бачковай, пасля доўгіх меркаванняў і тлумачэнняў, адказалі: „не вінавата“, бо не было відавочных доказаў яе ўдзелу ў атручэнні, на што асабліва націскаў яе адвакат.

Купец, жадаючы апраўдаць Маславу, настойваў на тым, што Бачкова — галоўная пачынальніца ўсяго. Шмат хто з прысяжных згадзіўся з ім, але старшыня, жадаючы быць сурова законным, гаварыў, што няма падстаў прызнаць яе ўдзельніцай у атручэнні. Пасля доўгіх спрэчак думка старшыні перамагла.

На чацвертае пытанне таксама пра Бачкову адказалі: „але, вінавата“, і па настойліваму патрабаванню арцельшчыка дадалі: „але заслугоўвае змякчэння віны“. Пытанне-ж аб Маславай выклікала ўпартыя спрэчкі. Старшыня настойваў на тым, што яна вінавата і ў атручэнні і ў рабунку, купец не згаджаўся і з ім разам палкоўнік, прыказчык і арцельшчык, — астатнія нібы хісталіся, але думка старшыні пачала перамагаць, асабліва таму, што ўсе прысяжныя стаміліся і больш ахвотна далучаліся да той думкі, якая абяцала хутчэй злучыць, а таму і вызваліць усіх.

З усяго таго, што адбывалася на судовым следстве, і з таго, як ведаў Нехлюдаў Маславу, ён быў пераконан, што яна не вінавата ні ў пакражы, ні ў атручэнні, і спачатку быў упэўнен, што ўсе прызнаюць гэта; але калі ён убачыў, што ў выніку недарэчнай абароны купца, відаць абгрунтаванай тым, што Маслава фізічна падабалася яму, чаго ён і не скрываў, і з прычыны адпору, менавіта на гэтай падставе, старшыні і, галоўнае, з прычыны стомленасці ўсіх, вырашэнне пачало схіляцца да абвінавачвання, ён хацеў выказацца супроць, але яму страшна было гаварыць за Маславу, — яму здавалася, што ўсе зараз даведаюцца пра яго адносіны да яе. А тым часам ён адчуваў, што не можа пакінуць справу так, і павінен супярэчыць. Ён чырванеў і бляднеў, і толькі хацеў пачаць гаварыць, як Пётр Герасімавіч, дагэтуль маўклівы, відаць узрушаны аўтарытэтным тонам старшыні, раптам пачаў супярэчыць яму і гаварыць тое самае, што хацеў сказаць Нехлюдаў.

— Дазвольце, — сказаў ён, — вы кажаце, што яна ўкрала таму, што ў яе ключ быў. Дык хіба не маглі калідорныя пасля яе адамкнуць чамадан падабраным ключам?

— Але, але, — падтрымаў купец.

— Яна-ж не магла ўзяць грошай, бо ёй у яе становішчы некуды дзець іх.

— Вось і я кажу, — пацвердзіў купец.

— А хутчэй за ўсё яе прыезд даў думку калідорным, і яны скарысталі выпадак, а потым усё звалілі на яе.

Пётр Герасімавіч гаварыў узбуджана. І ўзбуджанасць яго перадалася старшыню, які з прычыны гэтага асабліва ўпарта пачаў адстойваць свой процілеглы погляд, але Пётр Герасімавіч гаварыў гэтак пераканаўча, што большасць згадзілася з ім, прызнаўшы, што Маслава не ўдзельнічала ў пакражы грошай і пярсцёнка, што пярсцёнак ёй падаравалі. Калі-ж пачалі гаварыць пра яе ўдзел у атручэнні, дык зноў гарачы заступнік яе, купец, сказаў, што трэба яе прызнаць невінаватай, бо яна не мела прычыны атручваць яго. Старшыня-ж сказаў, што нельга прызнаць яе невінаватай, бо яна сама прызналася, што дала парашок.

— Дала, але думала, што гэта опіум, — сказаў купец.

— Яна і опіумам магла пазбавіць жыцця, — сказаў палкоўнік, які любіць паглыбляцца ў адступленні, і пачаў пры гэтым выпадку расказваць аб тым, што ў яго швагра жонка атруцілася опіумам і памерла-б, калі-б не блізкасць доктара і своечасова ўжытыя захады. Палкоўнік расказваў гэтак паважна, самаўпэўнена і з гэткім гонарам, што ні ў каго нехапіла смеласці перапыніць яго. Толькі прыказчык, заразіўшыся прыкладам, парашыў перапыніць яго, каб расказаць сваю гісторыю.

— Гэтак прызвычайваюцца іншыя, — пачаў ён, — што могуць па сорак кропель прымаць; у мяне сваяк…

Але палкоўнік не даў перапыніць сябе і расказваў далей, як уплываў опіум на жонку яго швагра.

— Але ўжо пятая гадзіна, панове, — сказаў адзін з прысяжных.

— Дык як-жа, панове, — звярнуўся да ўсіх старшыня, — прызнаем вінаватай без намеру абрабаваць і маёмасці не крала. Так хіба?

Пётр Герасімавіч, задаволены сваёй перамогай, згадзіўся.

— Але заслугоўвае змякчэння віны, — дадаў купец.

Усе згадзіліся. Толькі арцельшчык настойваў на тым, каб сказаць: „не, не вінавата“.

— Ды яно-ж так і выходзіць, — растлумачыў старшыня, — без намеру абрабаваць, і маёмасці не крала. Значыць, і не вінавата.

— Дуй гэтак, і заслугоўвае змякчэння віны: значыць, астаецца апошняе ачысціць, — весела вымавіў купец.

Усе так стаміліся, так заблыталіся ў спрэчках, што ніхто не здагадаўся дадаць да адказу: „так, але без намеру пазбавіць жыцця“.

Нехлюдаў так усхваляваўся, што і ён не заўважыў гэтага. У гэткім выглядзе адказы і былі запісаны і ўнесены ў судовую залу.

Раблэ піша, што юрыст, да якога прышлі судзіцца, пасля ўказання на розныя законы і прачытання дваццаці старонак юрыдычнай бессэнсоўнай латыні, прапанаваў тым, хто судзіцца, кінуць косці: цот або няцот. Калі цот, дык праўда істца, калі няцот, дык праўда адказчыка.

Гэтак было і тут. Тое, а не другое вырашэнне прынята было не таму, што ўсе згадзіліся, а, па-першае, таму, што судовы старшыня, які гаварыў гэтак доўга сваё рэзюме, на гэты раз забыў сказаць тое, што ён заўсёды гаварыў, а менавіта тое, што, адказваючы на пытанне, яны могуць. сказаць: так, — вінавата, але без намеру пазбавіць жыцця; па-другое, таму, што палкоўнік вельмі доўга і марудна расказваў гісторыю жонкі свайго швагра; па-трэцяе, таму, што Нехлюдаў быў гэтак усхваляваны, што не заўважыў упушчэння агаворкі аб адсутнасці намеру пазбавіць жыцця і думаў, што агаворка: „без намеру абрабаваць“ знішчае абвінавачванне; па-чацвертае, таму, што Пётр Герасімавіч не быў у пакоі, ён выходзіў у той час, як старшыня пералічыў пытанні і адказы, і, галоўнае, таму, што ўсе стаміліся і ўсім хацелася хутчэй вызваліцца і таму згадзіцца з тым рашэннем, пры якім усё хутчэй канчаецца.

Прысяжныя пазванілі. Жандар, што стаяў з выцягненай шабляй каля дзвярэй, уклаў шаблю ў ножны і падаўся ўбок. Суддзі паселі на месцы і адзін за другім вышлі прысяжныя.

Старшыня з урачыстым выглядам нёс ліст. Ён падышоў да судовага старшыні і падаў яго. Старшыня прачытаў і, відаць, здзіўлены, развёў рукамі і звярнуўся да таварышоў, раячыся. Старшыня быў здзіўлены тым, што прысяжныя, агаварыўшы першую ўмову: „без намеру абрабаваць“, не агаварылі другую: „без намеру пазбавіць жыцця“. Выходзіла з рашэння прысяжных, што Маслава не крала, не рабавала, а разам з тым атруціла чалавека без усякай пэўнай мэты.

— Паглядзіце, якую яны бяссэнсіцу пастанавілі, — сказаў ён члену налева. — Гэта-ж катаржныя работы, а яна не вінавата.

— Ну, як не вінавата, — сказаў суровы член.

— Так проста не вінавата. Я думаю, што да гэтага выпадку служыць прымяненнем 818 артыкул. (818 артыкул гаворыць аб тым, што калі суд знойдзе абвінавачванне несправядлівым, дык ён можа адмяніць рашэнне прысяжных.)

— Як вы думаеце? — звярнуўся старшыня да добрага члена.

Добры член не адразу адказаў, ён зірнуў на нумар паперы, якая ляжала перад ім, і склаў лічбы, — не ўдалося на тры. Ён загадаў, што калі падзеліцца, дык ён згодзіцца, але, не гледзячы на тое, што не дзялілася, ён па дабраце сваёй згадзіўся.

— Я думаю таксама, што варта было-б, — сказаў ён.

— А вы? — звярнуўся старшыня да сярдзітага члена.

— Ні ў якім разе, — адказаў ён рашуча. — І так газеты гавораць, што прысяжныя апраўдваюць злачынцаў; што-ж будуць гаварыць, калі суд апраўдае. Я не згодзен ні ў якім разе.

Старшыня паглядзеў на гадзіннік.

— Шкада, але што-ж зробіш, — і падаў пытанні старшыню для прачытання.

Усе ўсталі, і старшыня, пераступаючы з нагі на нагу, адкашляўся і прачытаў пытанні і адказы. Усе судовыя: сакратар, адвакаты, нават пракурор здзівіліся.

Падсудныя сядзелі спакойна, відаць не разумеючы значэння адказаў. Зноў усе селі, і судовы старшыня запытаў пракурора: якія пакаранні, па яго думцы, належаць падсудным.

Пракурор, узрадаваны нечаканым поспехам у дачыненні да Маславай, прыпісваючы гэты поспех свайму красамоўству, навёў недзе даведкі, прыўстаў і сказаў:

— Сімон Карцінкін, думаю, належыць пакаранню на падставе артыкула 1452-га і 4 п. 1453-га, Еўфімію Бачкову на падставе артыкула 1659-га і Кацярыну Маславу на падставе артыкула 1454-га.

Усе пакаранні гэтыя былі самыя суровыя, якія толькі можна было даць.

— Суд ідзе для пастановы рашэння, — сказаў старшыня, устаючы.

Усе падняліся за ім і з лёгкім і прыемным адчуваннем зробленай добрай справы пачалі выходзіць або рухацца па зале.

— А мы-ж, дарагі, бяссорамна нахлусілі, — сказаў Пётр Герасімавіч, падышоўшы да Нехлюдава, якому старшыня расказваў нешта. — Мы-ж яе ў катаргу закаталі.

— Што вы кажаце? — ускрыкнуў Нехлюдаў, на гэты раз не заўважаючы зусім непрыемнай фамільярнасці настаўніка.

— Дык як-жа, — сказаў ён. — Мы не паставілі ў адказе: „вінавата, але без намеру пазбавіць жыцця“. Мне зараз сакратар казаў, — пракурор падводзіць яе пад 15 год катаргі.

— Але-ж гэтак вырашылі, — сказаў старшыня.

Пётр Герасімавіч пачаў спрачацца, гаворачы, што само сабой мелася на ўвазе, што раз яна не брала грошай, дык і не магла мець намеру пазбавіць жыцця.

— Але-ж я прачытаў адказы перад тым, як выходзіць, — апраўдваўся старшыня. — Ніхто не супярэчыў.

— Я ў гэты момант выходзіў з пакоя, — сказаў Пётр Герасімавіч. — А вось як вы праваронілі?

— Я ніяк не думаў, — сказаў Нехлюдаў.

— Вось і не думалі.

— Але гэта можна выправіць, — сказаў Нехлюдаў.

— Ну, не, цяпер скончана.

Нехлюдаў паглядзеў на падсудных. Яны тыя самыя, чый лёс вырашан, усё гэтак нерухома сядзелі за сваёй рашоткай перад салдатамі. Маслава ўсміхалася нечаму. І ў душы Нехлюдава варухнулася нядобрая думка. Перад гэтым, прадбачыўшы, што яе апраўдаюць і пакінуць у горадзе, ён быў у нерашучасці, як ставіцца да яе; і адносіны да яе былі цяжкімі. Катарга-ж і Сібір адразу-ж знішчалі магчымасць усякіх адносін да яе: недабітая птушка перастала-б трапятаць у ягдташы і напамінаць пра сябе.


XXIV

Меркаванні Пятра Герасімавіча былі справядлівы. Вярнуўшыся з дарадчага пакоя, старшыня ўзяў паперу і прачытаў:

„188* года, красавіка 28 дня, згодна ўказу яго імператарскай вялікасці, Акруговы Суд, па крымінальнаму аддзяленню, у сілу пастановы паноў прысяжных засядацеляў, на падставе З п. арт. 771, З п. арт. 776 і арт. 777 Уст, Крым. Судапраізв., ухваліў: селяніна Сімона Карцінкіна, 33 год, і мяшчанку Кацярыну Маславу, 27 год, пазбавіўшы ўсіх правоў маёмасці, выслаць на катаржныя работы: Карцінкіна на 8 год, а Маславу на 4 гады, з вынікамі для абодвух па 25 арт. Укладання. Мяшчанку-ж Еўфімію Бачкову, 48 год, пазбавіўшы ўсіх асаблівых, асабова і па годнасці дадзеных ёй правоў і пераваг, заключыць у турму тэрмінам на тры гады, з вынікамі па 49 арт. Укладання. Судовыя па гэтай справе выдаткі ўскласці па роўнай частцы на асуджаных, а ў выпадку іхняй незаможнасці прыняць на рахунак казны. Рэчавыя па справе гэтай доказы прадаць, пярсцёнак вярнуць, слоікі знішчыць“.

Карцінкін стаяў, гэтак-жа выцягваючыся, трымаючы рукі з адтапыранымі пальцамі па швах і варушачы шчакамі. Бачкова здавалася зусім спакойнай. Пачуўшы пастанову, Маслава барвова пачырванела.

— Не вінавата я, не вінавата, — раптам на ўсю залу ўскрыкнула яна. — Грэх гэта. Не вінавата я. Не хацела, не думала. Праўду кажу. Праўду. — І, апусціўшыся на лаву, яна голасна заплакала.

Калі Карцінкін і Бачкова вышлі, яна ўсё яшчэ сядзела на месцы і плакала, так што жандар павінен быў крануць яе за рукаў халата.

„Не, гэта немагчыма гэтак пакінуць“, — прагаварыў сам сабе Нехлюдаў, зусім забыўшы, сваю нядобрую думку, і сам не ведаючы чаму, паспяшыў у калідор яшчэ раз зірнуць на яе. У дзвярах цясніўся шумны натоўп прысяжных і адвакатаў, якія выходзілі здаволеныя сканчэннем справы, так што ён на некалькі мінут затрымаўся ў дзвярах. Калі-ж ён вышаў у калідор, яна была ўжо далёка. Хуткімі крокамі, не думаючы аб тым, што ён звяртае на сябе ўвагу, ён дагнаў і перагнаў яе, і спыніўся. Яна ўжо не плакала і толькі парыўна ўсхліпвала, выціраючы пачырванелы, з плямамі твар канцом хусткі, і прайшла міма яго, не азіраючыся. Прапусціўшы яе, ён хутка вярнуўся назад, каб убачыць старшыню, але старшыня пайшоў ужо.

Нехлюдаў дагнаў яго толькі ў швейцарскай.

— Пане старшыня, — сказаў Нехлюдаў, падыходзячы да яго ў тую мінуту, калі той ужо адзеў светлае паліто і браў кій з срэбным набалдашнікам, які падаваў швейцар, — ці магу я пагаварыць з вамі пра справу, што зараз вырашылася? — Я — прысяжны.

— Ну, як-жа, князь Нехлюдаў? Вельмі прыемна, мы ўжо сустракаліся, — сказаў старшыня, паціскаючы руку і са здавальненнем успамінаючы, як добра і весела ён танцаваў — лепш за ўсіх маладых — у той вечар, калі сустрэўся з Нехлюдавым. — Чым магу служыць?

— Атрымалася непаразуменне ў адказе адносна Маславай. Яна не вінавата ў атручэнні, а тым часам яе засудзілі на катаргу, — з вельмі уважлівым панурым выглядам сказаў Нехлюдаў.

— Суд вынес пастанову на падставе адказаў, дадзеных вамі-ж, — сказаў старшыня, пасоўваючыся да выходных дзвярэй, — хаця адказы і суду здаліся неадпаведнымі справе.

Ён успомніў, што хацеў растлумачыць прысяжным тое, што іхні адказ: „так — вінавата“, без адмаўлення намеру забойства, сцвярджае забойства з намерам, але, спяшаючыся скончыць, не зрабіў гэтага.

— Так, але хіба нельга выправіць памылку?

— Прычына для касацыі заўсёды знойдзецца. Трэба звярнуцца да адвакатаў, — сказаў старшыня, крыху на бок надзяючы капялюш і рушачы да выхаду.

— Але-ж гэта жахліва.

— Вось бачыце, Маславу чакала адно з двух, — відаць жадаючы быць як мага больш прыемным і пачцівым з Нехлюдавым, сказаў старшыня, расправіўшы бакенбарды паверх каўняра паліто, і, узяўшы яго злёгку пад локаць і накіроўваючы да выходных дзвярэй, ён працягваў: — вы-ж таксама ідзеце?

— Але, — сказаў Нехлюдаў, спешна апранаючыся, і пайшоў з ім.

Яны вышлі на яркае вясёлае сонца, і адразу-ж трэба было гаварыць гучней за грукат калёсаў па бруку.

— Становішча, як бачыце, дзіўнае, — працягваў старшыня, падвышаючы голас: — яе, гэту Маславу, чакала адно з двух: або амаль апраўданне, турэмнае зняволенне, у якое магло быць улічана і тое, што яна ўжо сядзела, нават толькі арышт, або катарга — сярэдзіны няма. Калі-б вы дадалі словы: „але без намеру забойства“, дык яе-б апраўдалі.

— Я невыбачна прапусціў гэта, — сказаў Нехлюдаў.

— Вось у гэтым уся справа, — усміхаючыся, сказаў старшыня, гледзячы на гадзіннік.

Асталося толькі 45 мінут да апошняга, прызначанага Кларай, тэрміну.

— Цяпер, калі хочаце, звярніцеся да адваката. Трэба знайсці прычыну для касацыі. Гэта заўсёды можна знайсці. На Дваранскую, — адказаў ён рамізніку, — З0 капеек, ніколі больш не плачу.

— Ваша яснавяльможнасць, калі ласка.

— Маё шанаванне. Калі магу чым служыць, дом Дворнікава, па Дваранскай, лёгка запомніць.

І ён, ласкава пакланіўшыся, паехаў.


XXV

Размова з старшынёй і чыстае паветра крыху супакоілі Нехлюдава. Ён падумаў цяпер, што пачуццё, якое непакоіла яго, было ім пераўвялічана з той прычыны, што ўся раніца прайшла ў гэткіх нязвычных умовах.

„Зразумела, дзіўнае і надзвычайнае супаданне! І неабходна зрабіць усё магчымае, каб аблягчыць яе лёс, і зрабіць гэта хутчэй. Зараз-жа. Трэба тут, у судзе, даведацца, дзе жыве Фанарын або Мікішын“. Ён успомніў двух вядомых адвакатаў.

Нехлюдаў вярнуўся ў суд, зняў паліто і пайшоў наверх. У першым-жа калідоры ён сустрэў Фанарына. Ён спыніў яго і сказаў, што мае да яго справу. Фанарын ведаў яго ў твар і па імю і сказаў, што вельмі рады зрабіць усё прыемнае.

— Хаця я і стаміўся… але калі нядоўга, дык скажыце мне вашу справу, — хадзем сюды.

І Фанарын прывёў Нехлюдава ў нейкі пакой, напэўна, габінет якога-небудзь суддзі. Яны селі каля стала.

— Ну-с, у чым справа?

— Раней за ўсё я буду вас прасіць, — сказаў Нехлюдаў, — аб тым, каб ніхто не ведаў, што я прымаю ўдзел у гэтай справе.

— Ну, гэта само сабой зразумела. Значыцца…

— Я сёння быў прысяжным, і мы асудзілі жанчыну на катаржныя работы — невінаватую. Мяне гэта мучыць.

Нехлюдаў нечакана для сябе пачырванеў і замяшаўся.

Фанарын бліснуў на яго вачыма і зноў апусціў іх, слухаючы.

— Ну-с, — толькі вымавіў ён.

— Асудзілі невінаватую, і я хацеў-бы касіраваць справу і перадаць яе ў вышэйшую інстанцыю.

— У Сенат, — паправіў Фанарын.

— І вось я прашу вас узяцца за гэта.

Нехлюдаў хацеў скончыць хутчэй самае цяжкое і таму тут-жа сказаў:

— Узнагарода, выдаткі па гэтай справе я бяру на сябе, якія-б яны ні былі, — сказаў ён, чырванеючы.

— Ну, гэта мы ўмовімся, — ласкава ўсміхаючыся яго нявопытнасці, сказаў адвакат.

— У чым-жа справа?

Нехлюдаў расказаў.

— Добра, заўтра я вазьму справу і прагледжу яе. А паслязаўтра, не — у чацвер, прыязджайце да мяне а шостай гадзіне ўвечары і я дам вам адказ. Дык так? Ну і хадземце, мне яшчэ тут патрэбны даведкі.

Нехлюдаў развітаўся з ім і вышаў.

Гутарка з адвакатам і тое, што ён прыняў ужо захады для абароны Маславай, яшчэ больш заспакоілі яго. Ён вышаў на двор: надвор‘е было надзвычайнае, ён радасна ўдыхнуў вясновае паветра. Рамізнікі прапаноўвалі свае паслугі, але ён пайшоў пехатою, і адразу-ж цэлы рой думак і ўспамінаў аб Кацюшы і аб яго ўчынку з ёй закружыліся ў яго галаве. І яму зрабілася сумна і ўсё здалося панурым. „Не, гэта я абмяркую потым, — сказаў ён сабе, — а цяпер, наадварот, трэба крыху забавіцца пасля цяжкіх уражанняў“.

Ён успомніў пра абед Карчагіных і зірнуў на гадзіннік. Было яшчэ няпозна, і ён мог паспець к абеду. Міма званіла конка. Ён пабег і ўскочыў на яе. На плошчы ён саскочыў, узяў добрага рамізніка і праз дзесяць мінут быў каля ганка вялікага дома Карчагіных.


XXVI

— Калі ласка, ваша сіяцельства, чакаюць, — сказаў ласкавы гладкі швейцар вялікага дома Карчагіных, адчыняючы дубовыя дзверы пад‘езда, якія бязгучна рухаліся на англійскіх петлях. — Кушаюць, толькі вас загадалі прасіць.

Швейцар падышоў да сходняў і пазваніў наверх.

— Хто-небудзь ёсць? — запытаў Нехлюдаў, распранаючыся.

— Пан Коласаў ды Міхаіл Сяргеевіч, а то ўсё свае, — адказаў швейцар.

Са сходняў зірнуў прыгожы лёкай у фраку і белых пальчатках.

— Калі ласка, ваша сіяцельства, — сказаў ён. — Загадана прасіць.

Нехлюдаў узышоў на сходні і па знаёмай раскошнай і вялікай зале прайшоў у сталовую. У сталовай за сталом сядзела ўся сям‘я, за выключэннем маці, княгіні Соф‘і Васільеўны, якая ніколі не выходзіла з свайго габінета. Уверсе стала сядзеў стары Карчагін; побач з ім, з левага боку, доктар, з другога — госць Іван Іванавіч Коласаў, ранейшы губернскі прадвадзіцель, цяпер член праўлення банка, ліберальны таварыш Карчагіна; потым з левага боку — miss Рэдэр, гувернантка маленькай сястры Міссі, і сама чатырохгадовая дзяўчынка; з правага, насупраць — брат Міссі, адзіны сын Карчагіных, гімназіст VI класа, Пеця, для якога ўся сям‘я, чакаючы яго экзаменаў, аставалася ў горадзе, яшчэ студэнт-рэпетытар; потым злева — Кацярына Аляксееўна, саракагадовая дзева-славянафілка, насупраць — Міхаіл Сяргеевіч ці Міша Телегін, стрыечны брат Міссі, і ўнізе стала сама Міссі і каля яе некрануты прыбор.

— Ну вось і добра. Сядайце, мы яшчэ толькі за рыбай, — праз сілу асцярожна жуючы ўстаўнымі зубамі, прагаварыў стары Карчагін, падымаючы на Нехлюдава налітыя крывёю вочы, на якіх не было відаць павек. — Сцяпан, — звярнуўся ён з поўным ротам да тоўстага самавітага буфетчыка, паказваючы вачыма на пусты прыбор.

Хаця Нехлюдаў добра ведаў і многа разоў і за абедам бачыў старога Карчагіна, сёння неяк асабліва непрыемна падзейнічаў на яго гэты чырвоны твар з пажадлівымі смакуючымі губамі над закладзенай пад камізэльку салфеткай, і тлустая шыя, галоўнае — уся гэта гладкая тлустая генеральская фігура. Нехлюдаў міжвольна ўспомніў тое, што ведаў аб жорсткасці гэтага чалавека, які, бог ведае для чаго, бо ён быў багатым і знатным, і яму не трэба было выслугоўвацца, — біў бізунамі і нават вешаў людзей, калі быў начальнікам края.

— Зараз пададуць, ваша сіяцельства, — сказаў Сцяпан, беручы з буфета, напоўненага срэбранымі вазамі, вялікую разліўную лыжку і ківаючы прыгожаму лёкаю з бакенбардамі, які адразу-ж пачаў упарадкоўваць побач з Міссі некрануты прыбор, накрыты ўмела складзенай накрухмаленай салфеткай, на якой тырчэў герб.

Нехлюдаў абышоў увесь стол, усім паціскаючы рукі. Усе, апрача старога Карчагіна і дам, уставалі, калі ён падыходзіў да іх. І гэты абыход стала і пацісканне рук усім прысутным, хаця з большасцю з іх ён ніколі не размаўляў, здалося яму сёння асабліва непрыемным і смешным. Ён папрасіў прабачэння за тое, што спазніўся, і хацеў сесці на пустое месца на канцы стала паміж Міссі і Кацярынай Аляксееўнай, але стары Карчагін патрабаваў, каб ён, калі ўжо не п‘е гарэлкі, дык усё-ж закусіў-бы каля стала, на якім былі амары, ікра, сыры, селядцы. Нехлюдаў не чакаў таго, што ён гэткі галодны, але, пачаўшы есці хлеб з сырам, не мог спыніцца і прагна еў.

— Ну, што-ж, падрывалі асновы? — сказаў Коласаў, іранічна ўжываючы выраз рэтраграднай газеты, якая паўставала супроць суда прысяжных. — Апраўдалі вінаватых, абвінавацілі невінаватых, так?

— Падрывалі асновы… падрывалі асновы… — паўтарыў, смеючыся, князь, які поўнасцю давяраў розуму і вучонасці свайго ліберальнага таварыша і друга.

Нехлюдаў, рызыкуючы быць непачцівым, нічога не адказаў Коласаву і, сеўшы за пададзены суп, які яшчэ дыміўся, працягваў жаваць.

— Дайце-ж яму паесці, — усміхаючыся, сказала Міссі, гэтым займеннікам „яму“ напамінаючы сваю з ім блізкасць.

Коласаў між тым жвава і гучна расказваў змест абурыўшага яго артыкула супроць суда прысяжных. Яму памагаў Міхаіл Сяргеевіч, пляменнік, і расказваў змест другога артыкула той самай газеты.

Міссі, як заўсёды, была вельмі distinguée[5] і ў добрым, непрыкметна добрым адзенні.

— Вы, напэўне, вельмі стаміліся, згаладалі, — сказала яна Нехлюдаву, дачакаўшыся, каб ён пражаваў.

— Не, не асабліва. А вы? ездзілі глядзець карціны? — запытаў ён.

— Не, мы адклалі. А мы былі на lawn tennis‘e ў Саламатавых. І сапраўды, містэр Крукс дзіўна гуляе.

Нехлюдаў прыехаў сюды, каб крыху пазабавіцца, і заўсёды яму ў гэтым доме бывала прыемна, не толькі з прычыны таго добрага тону раскошы, якая прыемна дзейнічала на яго, але і з прычыны той атмасферы ліслівай ласкі, якая непрыкметна акружала яго. Сёння-ж, дзіўная рэч, усё ў гэтым доме здавалася брыдкім яму, — усё, пачынаючы ад швейцара, шырокіх сходняў, кветак, лёкаяў, убрання стала да самай Міссі, якая сёння здавалася яму непрывабнай і ненатуральнай. Непрыемным быў для яго і гэты самаўпэўнены, пошлы, ліберальны тон Коласава, непрыемнай была бычыная, самаўпэўненая пажадлівая постаць старога Карчагіна, непрыемнымі былі французскія фразы славянафілкі Кацярыны Аляксееўны, непрыемнымі былі крыху замешаныя твары гувернанткі і рэпетытара, асабліва непрыемным быў займеннік „яму“, сказаны пра яго… Нехлюдаў заўсёды хістаўся паміж двума адносінамі да Міссі: то ён, нібы прыжмурваючыся або нібы пры святле месяца бачыў у ёй усё прыгожае: яна здавалася яму і свежай, і пекнай, і разумнай, і натуральнай… А то раптам ён, нібы пры яркім сонечным святле, бачыў, не мог не бачыць усяго таго, чаго нехапала ёй. Сёння быў для яго гэткі дзень. Ён бачыў сёння ўсе зморшчыкі на яе твары, ведаў, бачыў, як узбіты валасы, бачыў вастрыню локцяў, і, галоўнае, бачыў шырокі пазногаць вялікага пальца, які нагадваў гэткі-ж пазногаць бацькі.

— Вельмі нудная гульня, — сказаў Коласаў пра тэніс: — куды весялей была лапта, як мы гулялі ў дзіцячыя гады.

— Не, вы не спрабавалі. Гэта страшна захапляе, — засупярэчыла Міссі, асабліва ненатуральна вымаўляючы слова „страшна“, як здалося Нехлюдаву.

І пачаліся спрэчкі, у якіх прынялі ўдзел і Міхаіл Сяргеевіч, і Кацярына Аляксееўна. Толькі гувернантка, рэпетытар і дзеці маўчалі, і, відаць, сумавалі.

— Вечна спрачаюцца! — голасна рагочучы, вымавіў стары Карчагін, вымаючы салфетку з-пад камізэлькі, і, грукаючы крэслам, якое адразу-ж падхапіў лёкай, устаў з-за стала. За ім усталі і ўсе астатнія і падышлі да століка, дзе стаялі паласкацельніцы і наліта была цёплая пахучая вада, і, выпалоскваючы раты, працягвалі нецікавую ні для каго размову.

— Хіба не праўда? — звярнулася Міссі да Нехлюдава, выклікаючы яго на пацверджанне сваёй думкі аб тым, што ні ў чым так не відаць характар людзей, як у гульні. Яна бачыла на яго твары той удумлівы і, як ёй здавалася, асуджальны выраз, якога яна баялася ў ім, і хацела даведацца, чым ён выкліканы.

— Па праўдзе сказаць, не ведаю, я ніколі не думаў пра гэта, — адказаў Нехлюдаў.

— Пойдзеце да мамы? — запытала Міссі.

— Але, але, — сказаў ён, вымаючы папяроску, і гэткім тонам, які яўна гаварыў, што яму не хацелася-б ісці.

Яна моўчкі, не разумеючы, паглядзела на яго, і яму зрабілася сорамна. „Сапраўды, прыехаць да людзей для таго, каб наводзіць на іх нуду“, падумаў ён пра сябе і, намагаючыся быць ветлівым, сказаў, што са здавальненнем пойдзе, калі княгіня прыме.

— Але, але, мама будзе рада. Курыць і там можаце. І Іван Іванавіч там.

Гаспадыня дома, княгіня Соф‘я Васільеўна, была ляжачая дама. Яна восьмы год пры гасцях ляжала, у кружавах і істужках, сярод аксаміту, пазалоты, слановай косці, бронзы, лаку і кветак, і нікуды не ездзіла і прымала, як яна казала, толькі „сваіх прыяцеляў“, гэта значыць усё тое, што, як яна думала, чым-небудзь вылучалася з натоўпу. Нехлюдава прымалі ў ліку гэтых прыяцеляў і таму, што ён лічыўся разумным маладым чалавекам, і таму, што яго маці была блізкім другам сям‘і, і таму, што добра-б было, каб Міссі вышла за яго.

Пакой княгіні Соф‘і Васільеўны быў за вялікаю і маленькай гасцінымі. У вялікай гасцінай Міссі, што ішла ўперадзе Нехлюдава, рашуча спынілася і, узяўшыся за спінку залочанага крэсліца, паглядзела на яго.

Міссі вельмі хацела выйсці замуж, і Нехлюдаў быў добрая партыя. Апрача таго, ён падабаўся ёй, і яна прывучыла сябе да думкі, што ён будзе яе (не яна будзе яго, а ён яе), і яна з несвядомай, але ўпартай хітрасцю, гэткаю, якая бывае ў душэўна хворых, дасягала сваёй мэты. Яна загаварыла з ім цяпер, каб выклікаць яго на прызнанне.

— Я бачу, што з вамі здарылася нешта, — сказала яна. — Што з вамі?

Ён успомніў пра сваю сустрэчу ў судзе, нахмурыўся і пачырванеў.

— Але, здарылася, — сказаў ён, жадаючы быць праўдзівым: — і дзіўнае, надзвычайнае і значнае здарэнне.

— Што-ж? Вы не можаце сказаць што?

— Не магу цяпер. Дазвольце не гаварыць. Здарылася тое, што я не паспеў поўнасцю абдумаць, — сказаў ён і пачырванеў яшчэ больш.

— І вы не скажаце мне? — Мускул на твары яе ўздрыгнуў, і яна пасунула крэсліца, за якое трымалася.

— Не, не магу, — адказаў ён, адчуваючы, што, адказваючы ёй так, ён адказваў сабе, прызнаючы, што сапраўды з ім здарылася нешта вельмі важнае.

— Ну, дык хадзем.

Яна ўстрасанула галавой, нібы адганяючы непатрэбныя думкі, і пайшла наперад больш хуткім, чым звычайна, крокам.

Яму здалося, што яна ненатуральна сціснула рот, каб стрымаць слёзы. Яму зрабілася сорамна і балюча, што ён пакрыўдзіў яе, але ён ведаў, што нават маленькая слабасць загубіць яго, г. зн. звяжа. А ён цяпер баяўся гэтага больш за ўсё, і ён моўчкі дайшоў з ёй да габінета княгіні.


XXVII

Княгіня Соф‘я Васільеўна скончыла свой абед, вельмі далікатны і вельмі пажыўны, які яна з‘ядала заўсёды адна, каб ніхто не бачыў яе пры гэтым непаэтычным адпраўленні. Каля канапы яе стаяў столік з кавай, і яна курыла пахітоску. Княгіня Соф‘я Васільеўна была худая, доўгая брунетка, з доўгімі зубамі і вялікімі чорнымі вачыма, якая ўсё яшчэ маладзілася. Гаварылі благое пра яе адносіны з доктарам. Нехлюдаў раней забываў гэта, але калі ён убачыў каля яе крэсла доктара з яго намаслянай ільсністай падвоенай барадой, яму зрабілася вельмі брыдка. Побач з Соф‘яй Васільеўнай, на нізкім мяккім крэсле сядзеў Коласаў ля століка і памешваў каву. На століку стаяла чарка лікёру.

Міссі ўвайшла разам з Нехлюдавым да маці, але не асталася ў пакоі.

— Калі мама стоміцца і прагоніць вас, прыходзьце да мяне, — сказала яна, звяртаючыся да Коласава і Нехлюдава гэткім тонам, нібы нічога не адбылося паміж імі, і, весела ўсміхнуўшыся, нячутна крочачы па тоўстаму дывану, вышла з пакоя.

— Ну, добры дзень, мой друг, сядайце і расказвайце, — сказала княгіня Соф‘я Васільеўна са сваёй штучнай, фальшывай, зусім падобнай да натуральнай, усмешкай, якая адкрывала прыгожыя доўгія зубы, надзвычайна ўмела зробленыя, зусім гэткія-ж, якімі былі сапраўдныя. — Мне кажуць, што вы прыехалі з суда ў вельмі сумным настроі. Я думаю, што гэта вельмі цяжка для людзей з сэрцам, — сказала яна па-французску.

— Але гэта праўда, — сказаў Нехлюдаў, — часта адчуваеш сваю не… адчуваеш, што не маеш права судзіць…

— Comme c‘est vrai[6], — нібы здзіўленая ісціннасцю яго заўвагі, ускрыкнула яна, як заўсёды, умела лесцячы свайму субяседніку.

— Ну, а як-жа ваша карціна, яна вельмі цікавіць мяне, — дадала яна. — Калі-б не мая хворасць, дык я даўно-б была ў вас.

— Я зусім пакінуў яе, — суха адказаў Нехлюдаў, якому сёння няшчырасць яе ліслівасці была гэтак-жа відавочна, як і старасць, якую яна скрывала. Ён ніяк не мог настроіць сябе, каб быць ветлівым.

— Дарэмна! Вы ведаеце, мне сказаў сам Рэпін, што ў яго безумоўны талент, — сказала яна, звяртаючыся да Коласава.

„Як ёй не сорамна гэтак хлусіць“, хмурачыся, думаў Нехлюдаў.

Пераканаўшыся, што Нехлюдаў не ў гуморы, і нельга яго ўцягнуць у прыемную і разумную размову, Соф‘я Васільеўна звярнулася да Коласава з пытаннем аб яго думцы пра новую драму гэткім тонам, нібы гэта думка Коласава павінна была вырашыць усякія сумненні, і кожнае яго слова павінна астацца ў вяках. Коласаў асуджаў драму і выказваў пры гэтым выпадку свае погляды на мастацтва. Княгіня Соф‘я Васільеўна здзіўлялася трапнасці яго выказванняў, спрабавала абараніць аўтара драмы, але адразу-ж або здавалася або знаходзіла сярэдняе. Нехлюдаў глядзеў і слухаў, але бачыў і чуў зусім не тое, што было перад ім.

Слухаючы то Соф‘ю Васільеўну, то Коласава, Нехлюдаў бачыў, па-першае, што ні Соф‘і Васільеўне, ні Коласаву няма ніякай справы ні да драмы, ні адзін да аднаго, а што калі яны гавораць, дык толькі для задавальнення фізіялагічнай патрэбы пасля ежы паварушыць мускуламі языка і горла; па-другое, тое, што Коласаў, выпіўшы гарэлкі, віна, лікёру, быў крыху п‘яны, не гэтак п‘яны, як бываюць п‘яныя не часта п‘ючыя мужыкі, але як бываюць п‘яныя людзі, якія зрабілі з віна звычку. Ён не хістаўся, не гаварыў глупства, але быў у ненармальным, узбуджана-задаволеным сабою становішчы; па-трэцяе, Нехлюдаў бачыў тое, што княгіня Соф‘я Васільеўна сярод размовы з неспакоем пазірала на акно, праз якое да яе пачынаў даходзіць касы прамень сонца, які мог занадта ярка асвятліць яе старасць.

— Як гэта трапна, — сказала яна пра нейкую заўвагу Коласава і паціснула ў сцяне каля канапы кнопку званка.

У гэты час доктар устаў і, як свой чалавек, нічога не кажучы, вышаў з пакоя. Соф‘я Васільеўна праводзіла яго вачыма, працягваючы размову.

— Калі ласка, Філіп, апусціце гэту гардзіну, — сказала яна, паказваючы вачыма на гардзіну акна, калі на званок яе ўвайшоў прыгожы лёкай.

— Не, як ні кажыце, у ім ёсць містычнае, а без містычнага чяма паэзіі, — гаварыла яна, адным чорным вокам сярдзіта сочачы за рухамі лёкая, які апускаў гардзіну.

— Містыцызм без паэзіі — забабоны, а паэзія без містыцызма — проза, — сказала яна, сумна ўсміхаючыся і не адводзячы погляду з лёкая, які разроўніваў гардзіну?

— Філіп, вы не тую гардзіну, — ля вялікага акна, — з пакутай вымавіла Соф‘я Васільеўна, відавочна шкадуючы сябе за тыя намаганні, якія ёй трэба было зрабіць, каб вымавіць гэтыя словы, і адразу-ж для заспакаення паднесла да рота рукой, пакрытай пярсцёнкамі, пахучую дымлівую пахітоску.

Шырокагруды, мускулісты, прыгожы Філіп злёгку пакланіўся, нібы просячы выбачэння, і мякка ступаючы па дывану сваімі моцнымі нагамі з рэзка вызначанымі лыткамі, пакорліва і моўчкі перайшоў да другога акна і, старанна пазіраючы на княгіню, пачаў гэтак выпростваць гардзіну, каб ніводзін прамень не асмеліўся падаць на яе. Але і тут ён зрабіў не тое, і зноў змучаная Соф‘я Васільеўна павінна была спыніць сваю прамову пра містыцызм і выправіць нездагадлівага Філіпа, што бязлітасна трывожыў яе. На момант у вачах Філіпа ўспыхнуў агеньчык.

„А чорт цябе ведае, што табе трэба, — напэўна, унутрана вымавіў ён“, падумаў Нехлюдаў, назіраючы ўсю гэту гульню. Але прыгожы і моцны Філіп адразу-ж захаваў свой рух нецярплівасці і пачаў са спакоем рабіць тое, што загадвала яму змардаваная, знясіленая, уся фальшывая княгіня Соф‘я Васільеўна.

— Зразумела, ёсць вялікая доля праўды ў вучэнні Дарвіна, — гаварыў Коласаў, рассеўшыся на нізкім крэсле, соннымі вачыма пазіраючы на княгіню Соф‘ю Васільёўну, — але ён пераходзіць граніцы. — Але.

— А вы верыце ў спадчыннасць? — запытала княгіня Соф‘я Васільеўна Нехлюдава, якой яго маўчанне было цяжкім.

— У спадчыннасць? — перапытаў Нехлюдаў. — Не, не веру, — сказаў ён, увесь аддаўшыся ў гэту мінуту тым дзіўным вобразам, якія чамусьці ўзніклі ў яго ваабражэнні. Побач з магутным прыгожым Філіпам, якога ён уявіў сабе натуршчыкам, ён уявіў сабе Коласава голым, з яго жыватом, падобным на гарбуз, пляшывай галавой і безмускульнымі, як плеці, рукамі. Гэтак-жа цмяна ўяўляліся яму і закрытыя цяпер шоўкам і аксамітам плечы Соф‘і Васільеўны, якімі яны павінны быць у сапраўднасці, але ўяўленне гэта было занадта страшным, і ён пастараўся адагнаць яго.

Соф‘я Васільеўна змерыла яго вачыма.

— Аднак Міссі вас чакае, — сказала яна. — Ідзіце да яе, яна хацела вам сыграць новую рэч Шумана… Вельмі цікава.

„Нічога яна не хацела іграць. Усё гэта яна для нечага хлусіць“, падумаў Нехлюдаў, устаючы і паціскаючы празрыстую, кастлявую, пакрытую пярсцёнкамі руку Соф‘і Васільеўны.

У гасцінай яго сустрэла Кацярына Аляксееўна і адразу-ж загаварыла:

— Аднак я бачу, што абавязкі прысяжнага дзейнічаюць вельмі дрэнна на ваш настрой, — сказала яна, як заўсёды па-французску.

— Але, даруйце мне, я сёння ў дрэнным настроі і не маю права наводзіць на іншых тугу, — сказаў Нехлюдаў.

— Чаму-ж вы ў дрэнным настроі?

— Дазвольце мне не гаварыць чаму, — сказаў ён, шукаючы свой капялюш.

— А памятаеце, як вы казалі, што трэба заўсёды гаварыць праўду, і як вы тады ўсім нам гаварылі гэткія жорсткія праўды. Чаму-ж цяпер вы не хочаце сказаць? Памятаеш, Міссі? — звярнулася Кацярына Аляксееўна да Міссі, якая вышла да іх.

— Таму, што тое была гульня, — адказаў Нехлюдаў сур‘ёзна. — У гульні можна, а ў сапраўднасці мы гэткія дрэнныя, гэта значыць — я гэткі дрэнны, што мне, прынамсі, гаварыць праўды нельга.

— Не папраўляйцеся, а лепш скажыце, чым-жа мы гэткія дрэнныя, — сказала Кацярына Аляксееўна, гуляючы словамі і нібы не заўважваючы сур‘ёзнасці Нехлюдава.

— Няма нічога горшага, як прызнаваць сябе ў дрэнным настроі, — сказала Міссі. — Я ніколі не прызнаюся ў гэтым сабе і ад гэтага заўсёды бываю ў добрым настроі. Што-ж, хадземце да мяне. Мы пастараемся разагнаць вашу mauvaise humeur[7].

Нехлюдаў адчуваў сябе падобна таму, як павінен адчуваць сябе конь, калі яго гладзяць, каб надзець цуглі і весці запрагаць. А яму сёння больш, чым калі-небудзь, было непрыемна вазіць. Ён папрасіў прабачэння, што яму трэба дамоў, і пачаў развітвацца. Міссі больш, чым звычайна, затрымала яго руку.

— Памятайце, што тое, што важна для вас, важна і для вашых прыяцеляў, — сказала яна. — Заўтра прыедзеце?

— Напэўна не, — сказаў Нехлюдаў і, адчуваючы сорам, ён сам не ведаў, за сябе ці за яе, пачырванеў і паспешна вышаў.

— Што такое? Comme cela m‘intrigue[8], — гаварыла Кацярына Аляксееўна, калі Нехлюдаў пайшоў. — Я абавязкова даведаюся. Якая-небудзь affaire d‘amour-prope: il est trés susceptible, notre cher Міця[9].

„Plutôt une affaire d‘amour sale“[10], хацела сказаць і не сказала Міссі, гледзячы перад сабой з зусім іншым, згаслым тварам, чым той, з якім яна глядзела на яго, але яна не сказала нават Кацярыне Аляксееўне гэтага каламбура дрэннага тону, а сказала толькі:

— Ува ўсіх нас бываюць і дрэнныя і добрыя дні.

„Няўжо і гэты ашукае, — падумала яна. — Пасля ўсяго, што было, гэта было-б вельмі дрэнна з яго боку“.

Калі-б Міссі павінна была растлумачыць, што яна разумее пад словамі: „Пасля ўсяго, што было“, яна не магла-б нічога сказаць пэўнага, а тым часам яна безумоўна ведала, што ён не толькі выклікаў у яе надзею, але амаль абяцаў ёй. Усё гэта былі не пэўныя словы, але погляды, усмешкі, намёкі, недамоўкі. Але яна ўсё-ж лічыла яго сваім, і згубіць яго было для яе вельмі цяжкім.


XXVIII

„Сорамна і брыдка, брыдка і сорамна“, думаў тымчасам Нехлюдаў, пехатою вяртаючыся дамоў па знаёмых вуліцах. Цяжкое пачуццё, якое ён адчуваў ад размовы з Міссі, не пакідала яго. Ён адчуваў, што фармальна, калі можна так сказаць, ён быў правы перад ёй: ён нічога не сказаў ёй такога, што-б звязвала яго, не прапаноўваў ёй шлюбу, але па сутнасці ён адчуваў, што звязаў сябе з ёй, абяцаў ёй, а тымчасам сёння ён адчуў усёй істотаю сваёй, што не можа жаніцца на ёй. „Сорамна і брыдка, брыдка і сорамна“, паўтараў ён сабе: не аб адных адносінах да Міссі, але аб усім. — „Усё брыдка і сорамна“, паўтараў ён сабе, уваходзячы на ганак свайго дома.

— Вячэраць не буду, — сказаў ён Карнею, які ўвайшоў за ім у сталовую, дзе быў падрыхтаваны прыбор і чай. — Вы ідзіце.

— Слухаю, — сказаў Карней, але не пайшоў і пачаў прыбіраць з стала. Нехлюдаў глядзеў на Карнея і ў яго з‘явілася да Карнея нядобрае пачуццё. Яму хацелася, каб усе пакінулі яго ў спакоі, і здавалася, што ўсе, як наўмысля, на зло прыстаюць да яго. Калі Карней пайшоў з прыборам, Нехлюдаў падышоў да самавара, каб засыпаць чай, але пачуўшы крокі Аграфены Пятроўны, паспешна, каб не бачыць яе, вышаў у гасціную, зачыніўшы за сабою дзверы. Пакой гэты — гасціная — быў той самы, у якім тры месяцы назад памерла яго маці. Цяпер, зайшоўшы ў гэты пакой, асветлены двума лямпамі з рэфлектарамі — адным каля партрэта яго бацькі, а другім каля партрэта маці, ён успомніў свае апошнія адносіны да маткі, і гэтыя адносіны здаліся яму ненатуральнымі і брыдкімі. І гэта было сорамна і брыдка. Ён успомніў, як у апошні час яе хваробы ён проста жадаў яе смерці. Ён гаварыў сабе, што жадаў гэтага для таго, каб яна пазбавілася ад пакут, а ў сапраўднасці жадаў гэтага для таго, каб самому не бачыць яе пакут.

Жадаючы выклікаць у сабе добрыя ўспаміны аб ёй, ён зірнуў на яе партрэт, за 5000 рублёў напісаны славутым мастаком. Яна была намалявана ў чорным аксамітным плацці, з аголенымі грудзьмі. Мастак, як відаць, асабліва старанна вымалёўваў грудзі, прамежак між двума грудзьмі і бліскучага хараства плечы і шыю. Гэта было ўжо зусім сорамна і брыдка. Нешта было агіднае і паклёпніцкае ў гэтым малюнку маці ў яе выглядзе поўголай красуні. Гэта было тым больш агідна, што ў гэтым-жа пакоі тры месяцы назад ляжала тая-ж жанчына ссохлая, як мумія, і ўсё-ж напаўняючая страшэнна цяжкім пахам, які ніяк нельга было заглушыць, не толькі ўвесь пакой, але і ўвесь дом. Яму здавалася, што ён і цяпер чуе гэты пах. І ён успомніў, як за дзень перад смерцю яна ўзяла яго моцную белую руку сваёй кастлявай пачарнелай рукой, паглядзела яму ў вочы і сказала: „Не судзі мяне, Міця, калі я не тоё зрабіла“, і на выцвілых ад пакут вачах выступілі слёзы. „Якая брыдота!“ сказаў ён сабе яшчэ раз, зірнуўшы на поўголую жанчыну з дзівоснымі мармуровымі плячыма і рукамі і з пераможнай усмешкай. Агалёнасць грудзей на партрэце нагадала яму другую маладую жанчыну, якую ён бачыў гэтымі днямі таксама голай. Гэта была Міссі, якая знайшла повад выклікаць яго увечары, да сябе, каб паказацца яму ў бальным плацці, у якім яна ехала на бал. Ён з агіднасцю ўспамінаў аб яе прыгожых руках і плячах. І гэты грубы, звераваты бацька з сваім мінулым, з жорсткасцю, і з падазронай рэпутацыяй bel esprit[11] маці. Ад усяго гэтага было агідна і разам з тым сорамна. Сорамна і брыдка, брыдка і сорамна.

„Не, не, — думаў ён, — вызваліцца трэба, вызваліцца ад усіх гэтых фальшывых адносін і з Карчагінымі, і з Мар‘яй Васільеўнай, і са спадчынай, і з усім астатнім… каб дыхаць вольна. Паехаць за граніцу — у Рым, заняцца сваёй карцінай… Ён успомніў свае сумненні наконт свайго таленту. — Ну, ды ўсё адно, проста падыхаць вольна. Спачатку ў Канстантынопаль, потым у Рым, толькі-б адчапіцца хутчэй ад прысяжніцтва. І зрабіць гэту справу з адвакатам“.

І раптам у яго ўяўленні з надзвычайнай жвавасцю ўзнікла арыштантка з чорнымі касаватымі вачыма. А як яна заплакала пры апошнім слове падсудных! Ён паспешна, гасячы святло, скамячыў дакураную папяросу ў попельніцу, закурыў другую і пачаў хадзіць узад і ўперад па пакоі.

І адна за другой пачалі ўзнікаць ў яго ваабражэнні мінуты, перажытыя з ёй. Успомніў ён апошняе спатканне з ёй, тую звярыную страсць, якая ў той час апанавала яго, і тое расчараванне, якое ён адчуў, калі задаволіў страсць. У спомніў белае плацце з блакітнай істужкай, успомніў заутраню. „Дык я-ж кахаў яе, сапраўды кахаў добрым, чыстым каханнем у гэту ноч, кахаў яе яшчэ раней, ды як яшчэ кахаў тады, калі я першы раз жыў у цётак і пісаў свой твор!“ І ён успомніў сябе гэткім, якім ён быў тады. На яго павеяла гэткай свежасцю, маладосцю, паўнатой жыцця, і яму зрабілася да болю сумна.

Розніца паміж ім, якім ён быў тады і якім ён быў цяпер, была вялізная: яна была гэткай самай, калі не большай, чым розніца паміж Кацюшай у царкве і той прастытуткай, што п‘янствавала з купцом, якую яны судзілі сёння раніцою. Тады ён быў бадзёрым, вольным чалавекам, перад якім раскрываліся бясконцыя магчымасці, — цяпер ён адчуваў сябе з усіх бакоў злоўленым у цянёты бязглуздага, бязмэтнага, нікчэмнага жыцця, з якіх ён не бачыў ніякага выхаду, ды нават у большасці выпадкаў і не хацеў выходзіць. Ён успомніў, як ён некалі ганарыўся сваёй шчырасцю, як ставіў сабе некалі за правіла заўсёды гаварыць праўду і сапраўды быў праўдзівым, і як ён цяпер быў увесь у мане — у самай страшэннай мане, у мане, якую прызнаюць усе людзі, якія акружаюць яго, за праўду. І не было з гэтай маны — прынамсі ён не бачыў — ніякага выхаду. І ён загруз у ёй, прызвычаіўся да яе, песціўся ў ёй.

Як развязаць адносіны з Мар‘яй Васільеўнай, з яе мужам гэтак, каб было не сорамна глядзець у вочы яму і яго дзецям? Як без хлусні разблытаць адносіны з Міссі? Як выбрацца з той супярэчнасці паміж прызнаннем незаконнасці зямельнай уласнасці і ўладаннем спадчынай ад маці? Як загладзіць свой грэх перад Кацюшай? Нельга-ж гэта пакінуць так. „Нельга пакінуць жанчыну, якую я кахаў, і задаволіцца тым, што я заплачу грошы адвакату і вызвалю яе ад катаргі, якой яна і не заслугоўвае. Загладзіць віну грашыма, як я тады думаў, што зрабіў як трэба, даўшы ёй грошы“!

І ён раптам успомніў мінуту, калі ён у калідоры, дагнаўшы яе, сунуў ёй грошы і ўцёк ад яе. „Ах, гэтыя грошы!“ з жахам і агіднасцю, гэткімі самымі, як і тады, успомніў ён гэту мінуту. — Ах, ах! якая брыдкасць! — Таксама, як і тады, уголас прагаварыў ён. — Толькі паскуднік, нягоднік мог гэта зрабіць! І я, я той нягоднік і той паскуднік! — уголас загаварыў ён. — „Але няўжо сапраўды (ён спыніўся на-хаду), няўжо сапраўды, няўжо я сапраўды нягоднік? А то хто-ж? — адказаў ён сабе. — Ды хіба гэта адно? — працягваў ён выкрываць сябе. — Хіба не брыдкасць, не подласць твае адносіны да Мар‘і Васільеўны і яе мужа? І твае адносіны да маёмасці? З таго поваду, што грошы ад маці, карыстацца багаццем, якое лічыш незаконным. І ўсё тваё гультайскае дрэннае жыццё. І вянец усяго — твой учынак з Кацюшай. Нягоднік, паскуднік! Яны (людзі), як хочуць, хай гавораць пра мяне, іх я магу ашукаць, але сябе я не ашукаю“.

І ён раптам зразумеў, што тая агіднасць, якую ён за апошні час адчуваў да людзей, і асабліва сёння, і да князя, і да Соф‘і Васільеўны, і да Міссі, і да Карнея, было агіднасцю да самога сябе. І дзіўная справа: у гэтым адчуванні прызнання сваёй подласці было нешта хваравітае, і разам радаснае і супакойлівае.

З Нехлюдавым не адзін раз здаралася ў жыцці тое, што ён называў „чысткай душы“. Чысткай душы называў ён такое душэўнае становішча, пры якім ён раптам, пасля вялікага прамежку часу, усвядоміўшы затрыманне, часам і спыненне ўнутранага жыцця, пачынаў вычышчаць усё тое смецце, якое, назбіраўшыся ў яго душы, было прычынай гэтага спынення.

Заўсёды пасля гэткіх абуджэнняў Нехлюдаў складаў сабе правілы, якім збіраўся падначальвацца ўжо заўсёды: пісаў дзённік і пачынаў новае жыццё, якое, ён спадзяваўся, ніколі ўжо не змяняць, — turning a new leaf[12], — як ён казаў сабе. Але кожны раз спакусы свету лавілі яго, і ён, сам таго не заўважаючы, зноў падаў, і часта ніжэй таго, якім ён быў раней.

Гэтак ён ачышчаўся і ўзвышаўся некалькі разоў; так гэта было з ім у першы раз, калі ён прыехаў на лета да цётак. Гэта было самае жывое, захопленае абуджэнне. І сляды яго аставаліся даволі доўга. Потым гэткае-ж абуджэнне было, калі ён пакінуў штацкую службу і, жадаючы ахвяраваць жыццём, паступіў у часе вайны на вайсковую службу. Але тут засмечванне адбылося вельмі хутка. Потым было абуджэнне, калі ён вышаў у адстаўку і, паехаўшы за граніцу, пачаў займацца маляваннем.

З таго часу і да сёнешняга дня прайшоў даўгі перыяд без ачысткі, і таму ніколі яшчэ ён не даходзіў да гэткага забруджвання, да гэткага разладу паміж тым, што патрабавала яго сумленне, і тым жыццём, якое ён вёў, і яго ахапіў жах, калі ён убачыў гэту адлегласць.

Адлегласць гэта была такой вялікай, забруджванне такім моцным, што ў першую хвіліну ён згубіў надзею на магчымасць ачышчэння. „Я-ж ужо спрабаваў удасканальвацца і быць лепшым, і нічога не атрымалася, — гаварыў у душы яго голас спакусніка, — навошта-ж спрабаваць яшчэ раз? Не ты адзін, а ўсе гэткія — такое жыццё“, гаварыў гэты голас. Але тая вольная, духоўная істота, якая адна ісцінная, адна магутная, адна вечная, ужо прачнулася ў Нехлюдаве. І ён не мог не паверыць ёй. Якой-бы вялікай не была адлегласць паміж тым, чым ён быў, і тым, чым хацеў быць, — для духоўнай істоты, якая прачнулася, усё ўяўлялася магчымым.

„Парву гэту ману, што звязвае мяне, чаго-б гэта ні каштавала, і прызнаю ўсё і ўсім скажу праўду і зраблю праўду, — рашуча ўслых сказаў ён сабе. — Скажу праўду Міссі, што я распуснік і не магу жаніцца на ёй, і толькі дарэмна трывожыў яе; скажу Мар‘і Васільеўне (жонцы прадвадзіцеля). Хаця ёй няма чаго гаварыць, скажу яе мужу, што я нягоднік, ашукваў яго; са спадчынай распараджуся так, каб прызнаць праўду. Скажу ёй, Кацюшы, што я нягоднік, вінават перад ёй, і зраблю ўсё, што магу, каб аблягчыць яе лёс. Вось убачу яе і буду прасіць яе дараваць мне. Але, буду прасіць выбачэння, як дзеці просяць. — Ён спыніўся. — Ажанюся з ёю, калі гэта патрэбна“.

Ён спыніўся, склаў рукі перад грудзьмі, як ён рабіў гэта, калі быў маленькі, узняў вочы ўгору і вымавіў, звяртаючыся да некага:

— Божа мой, дапамажы мне, навучы мяне, прыдзі і ўсяліся ў мяне, і ачысці мяне ад усякія скверны!

Ён маліўся, прасіў бога дапамагчы яму, усяліцца ў яго і ачысціць яго, а тымчасам тое, аб чым ён прасіў, ужо зрабілася. Бог, што жыў у ім, прачнуўся ў яго свядомасці. Ён адчуў сябе ім і таму адчуў не толькі свабоду, бадзёрасць і радасць жыцця, але адчуў усю магутнасць дабра. Усё, усё самае лепшае, што толькі мог зрабіць чалавек, ён адчуваў сябе цяпер здольным зрабіць.

На вачах яго былі слёзы, калі ён гаварыў сабе гэта, і добрыя і благія слёзы; добрыя слёзы таму, што гэта былі слёзы радасці абуджэння ў сабе той духоўнай істоты, якая ўсе гэтыя годы спала ў ім, і благія таму, што яны былі слёзы расчулення над самім сабой, над сваёй добрадзейнасцю.

Яму зрабілася горача. Ён падышоў да выстаўленага акна і адчыніў яго. Акно было ў сад. Была месячная, ціхая, свежая ноч, на вуліцы прагрымелі калёсы, і потым усё сціхла. Пад самым акном віднеўся цень галін абголенага высокага таполя, які ўсімі сваімі разгалінамі выразна ляжаў на пяску расчышчанай пляцоўкі. Злева была страха хлява, якая здавалася белай пад яркім святлом месяца. Уперадзе перапляталіся галіны дрэў, з-за якіх віднеўся чорны цень агарожы. Нехлюдаў глядзеў на асветлены месяцам сад і страху і на цень таполя, слухаў і ўдыхаў жыватворчае свежае паветра.

„Як добра! Як добра, божа мой, як добра!“ гаварыў ён пра тое, што было ў яго душы.


XXIX

Маслава вярнулася дамоў у сваю камеру толькі а шостай гадзіне ўвечары, змораная, прайшоўшы без прывычкі пятнаццаць вёрст па каменнях, збянтэжаная нечакана строгім прысудам, звыш таго галодная.

Калі, яшчэ ў часе аднаго перапынку, вартаўнікі закусвалі каля яе хлебам і крутымі яйкамі, яе рот напоўніўся слінай, і яна адчула, што галодная, але папрасіць у іх яна лічыла для сябе нізкім. Калі-ж пасля гэтага прайшло яшчэ тры гадзіны, яна ўжо болей не хацела есці і адчувала толькі слабасць. У гэткім становішчы яна пачула нечаканы ёй прысуд. У першую мінуту яна падумала, што яна не дачула, не магла адразу паверыць таму, што чула, не магла злучыць сябе з разуменнем катаржанкі. Але, убачыўшы спакойныя сур‘ёзныя твары суддзяў, прысяжных, якія прымалі гэта паведамленне, як нешта зусім натуральнае, яна абурылася і закрычала на ўсю залу, што яна невінавата. Але ўбачыўшы таксама, што і крык яе быў прынят таксама, як нешта натуральнае, чаканае, якое не можа перайначыць справы, яна заплакала, адчуваючы, што трэба скарыцца той жорсткай, дзіўнай для яе, несправядлівасці, якую ёй зрабілі. Здзіўляла яе ў асаблівасці тое, што так жорстка засудзілі яе мужчыны — маладыя, не старыя мужчыны, тыя самыя, якія заўсёды гэтак ласкава пазіралі на яе. Аднаго таварыша пракурора яна бачыла зусім у іншым настроі. У той час, калі яна сядзела ў арыштанцкай, чакаючы суда, і ў перапынках паседжання яна бачыла, як гэтыя мужчыны, прыкідаючыся, што яны ідуць за іншай справай, праходзілі міма дзвярэй або ўваходзілі ў пакой толькі затым, каб агледзець яе. І раптам гэтыя самыя мужчыны чамусьці асудзілі яе на катаргу, не гледзячы на тое, што яна была невінавата ў тым, у чым яе абвінавачвалі. Спачатку яна плакала, але потым заціхла і ў становішчы поўнага атуплення сядзела ў арыштанцкай, чакаючы адпраўкі. Ёй хацелася цяпер толькі аднаго: пакурыць. У гэткім становішчы засталі яе Бачкова і Карцінкін, якіх пасля прысуду прывялі ў той самы пакой. Бачкова адразу пачала лаяць Маславу і называць катаржнай.

— Што, узяла? Выправілася? Бач, не выкруцілася, шлюха подлая! Што заслужыла, тое і атрымала. На катарзе, бач, шыкаваць не будзеш.

Маслава сядзела, засунуўшы рукі ў рукавы халата, і, схіліўшы нізка галаву, нерухома пазірала на два крокі перад сабой, на затаптаную падлогу, і толькі гаварыла:

— Не чапаю я вас, вы і пакіньце мяне. Я-ж не чапаю, — паўтарыла яна некалькі разоў, потым зусім змоўкла. Ажывілася яна крыху толькі тады, калі Карцінкіна і Бачкову адвялі, і вартаўнік прынёс ёй тры рублі грошай.

— Ты Маслава? — запытаў ён. — На вось, табе пані прыслала, — сказаў ён, даючы ёй грошы.

— Якая пані?

— Бяры і ўсё, гаварыць яшчэ з вамі.

Грошы гэтыя прыслала Кітаева, ўтрымальніца публічнага дома. Ідучы з суда, яна звярнулася да судовага прыстава з пытаннем, ці можа яна перадаць трохі грошай Маславай. Судовы прыстаў сказаў, што можна. Тады, атрымаўшы дазвол, яна зняла замшавую пальчатку з трыма гузікамі з пульхнай белай рукі, дастала з задніх складак шаўковай спадніцы модны бумажнік і, выбраўшы з досыць вялікай колькасці купонаў, толькі што зрэзаных з білетаў, заробленых ёю ў сваім доме, адзін — у 2 рублі 50 кап. і далучыўшы да яго два двугрывенныя і яшчэ грыўню, перадала іх прыставу. Прыстаў паклікаў вартаўніка і пры ёй-жа перадаў гэтыя грошы вартаўніку.

— Калі ласка, правільна аддавайце, — сказала Караліна Альбертаўна вартаўніку.

Вартаўнік пакрыўдзіўся за гэту недаверлівасць і таму гэтак сярдзіта абышоўся з Маславай.

Маслава ўзрадавалася грошам, таму што яны давалі ёй тое, чаго аднаго яна жадала цяпер.

„Толькі-б дастаць папярос і зацягнуцца“, думала яна, і ўсе думкі яе сышліся на гэтым жаданні пакурыць. Ёй гэтак хацелася гэтага, што яна прагна ўдыхала паветра, калі ў ім адчуваўся пах тытуновага дыму, які выходзіў у калідор з дзвярэй габінета. Але ёй давялося яшчэ доўга чакаць, таму што сакратар, якому трэба было адпусціць яе, забыўшы пра падсудных, заняўся размовай і нават спрэчкамі аб забароненым артыкуле з адным з адвакатаў. Некалькі і маладых і старых людзей заходзілі і пасля суда зірнуць на яе, нешта шэпчучы адзін аднаму. Але яна цяпер і не заўважала іх.

Нарэшце а 5-ай гадзіне яе адпусцілі, і канвойныя — ніжагародзец і чуваш — павялі яе з суда заднім ходам. Яшчэ ў пярэдняй суда яна перадала ім 90 капеек, просячы купіць два калачы і папярос. Чуваш засмяяўся, узяў грошы і сказаў: „добра, купаем“, і сапраўды сумленна купіў і папярос, і калачоў і аддаў рэшту. Дарогай нельга было курыць, так што Маслава з тым-жа незадаволеным жаданнем пакурыць падышла да астрога. У той час, калі яе прывялі да дзвярэй, з поезда чыгункі прывялі чалавек сто арыштантаў. У праходзе яна сутыкнулася з імі.

Арыштанты — барадатыя, паголеныя, старыя, маладыя, рускія, іншародцы, некаторыя з голенымі поўгаловамі, бразгаючы нажнымі кайданамі, напаўнялі пярэдні пакой пылам, шумам крокаў, гоманам і едкім пахам поту. Арыштанты, праходзячы міма Маславай, усе пажадліва аглядалі яе і некаторыя са змененымі ад похаці тварамі падыходзілі да яе і зачаплялі яе.

— Ай, дзеўка, добрая, — гаварыў адзін. — Цётачцы маё шанаванне, — гаварыў другі, падміргваючы вокам. Адзін чорны, з паголенай сіняй патыліцай і вусамі на голеным твары, блытаючыся ў кайданах і бразгочучы імі, падскочыў да яе і абняў яе.

— Ці не пазнала дружка? Хопіць моднічаць! — крыкнуў ён, выскальваючы зубы і бліскаючы вачыма, калі яна адпіхнула яго.

— Ты што, падлюга, робіш? — крыкнуў памочнік начальніка, падышоўшы ззаду.

Арыштант увесь скурчыўся і хутка адскочыў.

Памочнік-жа накінуўся на Маславу.

— Ты-ж чаго тут?

Маслава хацела сказаць, што яе прывялі з суда, але яна гэтак стамілася, што ленавалася гаварыць.

— З суда, ваша благароддзе, — сказаў старшы канвойны, выходзячы з-за арыштантаў і прыкладаючы руку да шапкі.

— Ну, і перадай старшаму. А гэта што за непарадак!

— Слухаю, ваша благароддзе.

— Сокалаў! Прыняць, — крыкнуў памочнік.

Старшы падышоў і сярдзіта штурхануў Маславу ў плячо, і, кіўнуўшы ёй галавой, павёў яе ў жаночы калідор. У жаночым калідоры яе ўсю абмацалі, абшукалі і, не знайшоўшы нічога (пачка папярос была засунута ў калач), упусцілі ў тую самую камеру, з якой яна вышла раніцою.


XXX

Камера, у якой сядзела Маслава, была доўгім пакоем, у 9 аршын даўжыні і 7 шырыні, з двума вокнамі. Аблезлая печка і нары з рассохлымі дошкамі займалі дзве трэці ўсёй прасторы. Пасярэдзіне, супроць дзвярэй, быў цёмны абраз з прылепленай да яго васковай свечкай і падвешаным да яго запыленым букетам імартэлек. За дзвярыма налева было пачарнелае месца падлогі, на якім стаяла смярдзючая кадка. Паверка толькі што прайшла, і жанчын ужо замкнулі нанач.

Усіх жыхарак гэтай камеры было пятнаццаць: дванаццаць жанчын і трое дзяцей.

Было яшчэ зусім светла, і толькі дзве жанчыны ляжалі на нарах, адна, пакрытая з галавой халатам, — прыдуркаватая, узятая за бяспашпартнасць, — гэта заўсёды амаль спала, — а другая сухотная, якая адбывала пакаранне за пакражу. Гэта не спала, а ляжала, паклаўшы пад галаву халат, з шырока адкрытымі вачыма, праз сілу, каб не кашляць, утрымліваючы ў горле макрату, якая пералівалася там і казлытала яе. Астатнія жанчыны, — усе проставалосыя і ў адных са зрэбнага палатна кашулях, — некаторыя сядзелі на нарах і шылі, некаторыя стаялі ля акна і глядзелі на арыштантаў, якія праходзілі па дварэ. З тых трох жанчын, якія шылі, адна была тая самая старая, што праводзіла Маславу, — Караблёва, — панурая, хмурая, маршчыністая, з адвіслым мяшком скуры пад падбародкам, высокая, моцная жанчына, з кароткай касічкай русых пасівелых на скронях валасоў і з валасатай бародаўкай на шчацэ. Старая гэта была асуджана на катаргу за забойства сякерай мужа. Забіла-ж яна яго за тое, што ён лез да яе дачкі. Караблёва была старасціхай камеры, яна-ж і гандлявала віном. Яна шыла ў акулярах і трымала ў вялікіх рабочых руках іголку па-сялянску, трыма пальцамі і вострым канцом да сябе. Побач з ёю сядзела і таксама шыла мяшкі з парусіны невысокая кірпатая чарнявая жанчына з маленькімі чорнымі вачыма, добрадушная і гаваркая. Гэта была вартаўніца пры чыгуначнай будцы, асуджаная на тры месяцы турмы за тое, што не вышла са сцягам да поезда, з поездам-жа здарылася няшчасце. Трэцяя жанчына, якая шыла, была Фядос‘я — Фенічка, як яе звалі таварышкі, — белая, румяная, з яснымі дзіцячымі блакітнымі вачыма і двума доўгімі русымі косамі, абкручанымі вакол невялікай галавы, зусім маладая, прыгожая жанчына. Яе трымалі за тое, што спрабавала атруціць мужа. Спрабавала яна атруціць мужа адразу-ж пасля замужаства, у якое была выдана шаснаццацігадовай дзяўчынкай. За тыя 8 месяцаў, у часе якіх яна, будучы ўзята на парукі, чакала суда, яна не толькі памірылася з мужам, але гэтак пакахала яго, што суд заспеў яе тады, калі яна жыла з мужам, як адна душа. Не гледзячы на тое, што муж і свёкар і асабліва свякруха, якая палюбіла яе, стараліся на судзе ўсімі сіламі апраўдаць яе, яна была прысуджана да высылкі ў Сібір, на катаржныя работы. Добрая, вясёлая Фядос‘я гэта, якая часта ўсміхалася, была суседкай Маславай па нарах і не толькі палюбіла Маславу, але прызнала сваім абавязкам клапаціцца аб ёй і служыць ёй. Нічога не робячы, сядзелі на нарах яшчэ дзве жанчыны, адна гадоў пад сорак, з бледным худым тварам, пэўна некалі вельмі прыгожая, цяпер худая і бледная. Яна трымала на руках дзіцёнка і карміла яго белымі доўгімі грудзьмі. Злачынства яе было ў тым, што калі з іх вёскі везлі рэкрута, па думцы мужыкоў незаконна ўзятага, народ спыніў станавога і адабраў рэкрута. Жанчына-ж гэта, цётка незаконна ўзятага хлопца, першая схапіла за повад каня, на якім везлі рэкрута. Яшчэ сядзела, нічога не робячы, на нарах, невысокая, уся ў зморшчынах, добрадушная бабулька з сівымі валасамі і гарбатай спіной. Бабулька гэта сядзела каля печкі на нарах і прыкідалася, што ловіць чатырохгадовага, каротка абстрыжанага, тоўстапузага хлопчыка, які прабягаў міма яе, заліваючыся смехам. Хлопчык у адной кашулі прабягаў міма яе і прыгаварваў усё адно і тое-ж: „вось і не злавіла!“ Бабулька гэта, якую абвінавачвалі разам з сынам у падпале, пераносіла сваё пакаранне з вялікім добрадушшам, клапоцячыся толькі аб сыне, які сядзеў з ёю адначасова ў турме, але больш за ўсё аб сваім старым, які, яна баялася, зусім без яе завашывее, бо нявестка пайшла і яго абмываць няма каму.

Апрача гэтых сямі жанчын, яшчэ чатыры стаялі каля аднаго з адкрытых акон і, трымаючыся за жалезныя краты, знакамі і крыкамі перагаварваліся з арыштантамі, што праходзілі па дварэ, з тымі самымі, з якімі сутыкнулася Маслава каля ўваходу. Адна з гэтых жанчын, засуджаная за пакражу, была вялікая, грузная, з абвіслым целам рыжая жанчына, з жаўтавата-белым, абсыпаным вяснянкамі тварам, рукамі і тоўстай шыяй, што выстаўлялася з-за развязанага, раскрытага каўняра. Яна голасна крычала ў акно хрыплым голасам непрыстойныя словы. З ёю побач стаяла, ростам з дзесяцігадовую дзяўчынку, чарнаватая нязграбная арыштантка з доўгай спіной і зусім кароткімі нагамі. Твар у яе быў чырвоны, у плямах, з шырока расстаўленымі чорнымі вачыма і тоўстымі кароткімі губамі, якія не закрывалі белых вышчарыстых зубоў. Яна пісклява, з перапынкамі, смяялася з таго, што рабілася на дварэ. Арыштантка гэта, якой далі мянушку Хорашаўка за яе франтаватасць, судзілася за крадзеж і падпал. За імі ззаду стаяла ў вельмі бруднай шэрай кашулі ўбогая худая, жылістая і з вялікім жыватом цяжарная жанчына, якая судзілася за ўкрыванне пакражы. Жанчына гэта маўчала, але ўвесь час з замілаваннем усміхалася на тое, што рабілася на дварэ. Чацвертая, што стаяла каля акна, невысокая прысадзістая вясковая жанчына з вельмі пукатымі вачыма і добрадушным тварам, якая адбывала пакаранне за карчмарства. Жанчына гэта — маці хлопчыка, які гуляў з бабулькай, і сямігадовай дзяўчынкі, што была з ёю-ж у турме, таму што не было з кім пакінуць іх, — таксама, як іншыя, пазірала ў акно, але няспынна вязала панчоху і сярдзіта маршчынілася, заплюшчваючы вочы на тое, што гаварылі арыштанты, праходзячы на дварэ. Дачка-ж яе, сямігадовая дзяўчынка, з белымі распушчанымі валасамі, стоячы ў адной кашулі побач з рыжай і ўхапіўшыся худзенькай маленькай ручкай за яе спадніцу, з утаропленымі вачыма ўважліва прыслухоўвалася да тых непрыстойных слоў, якімі перакідаліся жанчыны з арыштантамі, і шэптам, нібы завучваючы, паўтарала іх. Дванаццатая арыштантка была дзячкова дачка, што ўтапіла ў калодзежы прыжытага ёю дзіцёнка. Гэта была высокая, стройная дзяўчына са зблытанымі валасамі, якія выбіваліся з нядоўгай тоўстай русай касы, і ўтаропленымі пукатымі вачыма. Яна, не звяртаючы ніякай увагі на тое, што рабілася вакол яе, хадзіла босая і ў адной бруднай шэрай кашулі то ўзад, то ўперад па вольнаму месцу камеры, крута і хутка паварачваючыся, калі даходзіла да сцяны.


XXXI

Калі загрымеў замок, і Маславу ўпусцілі ў камеру, усе абярнуліся да яе. Нават дзячкова дачка на мінуту спынілася, пагдядзела на Кацярыну, падняўшы бровы, але, нічога не сказаўшы, адразу-ж пайшла зноў хадзіць сваімі вялікімі, рашучымі крокамі. Караблёва ўваткнула іголку ў зрэбную халсціну і запытальна праз акуляры ўставілася на Маславу.

— Э, эх! Вярнулася. А я ўжо думала, што вызваляць, — сказала яна сваім хрыплым, басістым, амаль мужчынскім голасам. — Відаць, закаталі.

Яна зняла акуляры і паклала сваё шыццё побач на нары.

— Мы і то з цётачкай, лябёдка, перагаварваліся, можа адразу вызваляць. Таксама, казалі, бывае. Яшчэ і грошай дадуць, пад які час патрапіш, — адразу-ж пачала сваім пявучым голасам вартаўніца. — Але, вось яно што. Відаць, здагадка наша не ў руку. Бог, відаць, сваё, лябёдка, — не змаўкаючы вяла яна сваю ласкавую і мілагучную гаворку.

— Няўжо-ж прысудзілі? — запытала Фядос‘я са спагадліваю пяшчотай, гледзячы на Маславу сваімі дзіцячымі ясна-блакітнымі вачыма, і ўвесь вясёлы малады твар яе змяніўся, нібы яна збіралася заплакаць.

Маслава нічога не адказвала і моўчкі прайшла да свайго месца, другога з краю, побач з Караблёвай, і села на дошкі нар.

— Ты, відаць, і не ела, — сказала Фядос‘я устаючы і падыходзячы да Маславай.

Маслава, не адказваючы, паклала калачы на ўзгалоўе і пачала распранацца; зняла пыльны халат і хустку з кучаравых чорных валасоў і села.

Гарбатая бабулька, якая гуляла з хлопчыкам на другім канцы нар, падышла таксама і спынілася супроць Маславай.

— Тц, тц, тц! — жаласліва пакачаўшы галавой, зашчоўкала яна языком.

Хлопчык падышоў таксама за бабулькай і, шырока адкрыўшы вочы і выпяўшы куточкам верхнюю губу, уставіўся на калачы, якія прынесла Маслава. Убачыўшы ўсе гэтыя спагадлівыя твары пасля ўсяго таго, што з ёй было сёння, Маславай захацелася плакаць, і ў яе задрыжэлі губы. Але яна старалася стрымацца і стрымлівалася да таго часу, пакуль не падышла бабулька і хлопчык. Калі-ж яна пачула добрае, жаласлівае цыканне бабулькі і, галоўнае, калі сустрэлася вачыма з хлопчыкам, які перавёў свае сур‘ёзныя вочы з калачоў на яе, яна ўжо не магла стрымлівацца. Увесь твар яе задрыжэў, і яна разрыдалася.

— Я казала: даставай адваката сапраўднага, — сказала Караблёва. — Што-ж, на высылку? — запытала яна.

Маслава хацела адказаць і не магла, а, рыдаючы, дастала з калача каробку з папяросамі, на якой была намалявана румяная дама з вельмі высокай прычоскай і з адкрытымі трохвугольнікам грудзьмі і падала яе Караблёвай. Караблёва паглядзела на карцінку, пакачала сярдзіта галавой, пераважна на тое, што Маслава гэтак дрэнна траціла грошы, і, дастаўшы адну папяроску, закурыла яе аб лямпу, зацягнулася сама, а потым сунула Маславай. Маслава, не перастаючы плакаць, прагна пачала раз за разам уцягваць у сябе і выпускаць тытуновы дым.

— Катарга, — прагаварыла яна, усхліпваючы.

— Не баяцца яны бога, міраеды, крывасмокі праклятыя, — прагаварыла Караблёва. — Без віны засудзілі дзеўку.

У гэту мінуту сярод жанчын, што асталіся каля акон, прагучэў раскат рогату. Дзяўчынка таксама смяялася, і яе тонкі дзіцячы смех зліваўся з хрыплым і пісклявым смехам дарослых. Арыштант з двара нешта зрабіў такое, што падзейнічала гэтак на тых, што глядзелі ў вокны.

— Ах, кабель голены! Што робіць, — сказала рыжая і, вагаючыся ўсім тлустым целам, прыціснуўшыся тварам да кратаў, закрычала бязглуздыя, непрыстойныя словы.

— Вось скура барабанная! Чаго рагоча! — сказала Караблёва, пакачаўшы галавой на рыжую, і зноў звярнулася да Маславай.

— Ці багата гадоў?

— Чатыры, — сказала Маслава, і слёзы пацяклі гэтак часта з яе вачэй, што адна трапіла на папяросу.

Маслава сярдзіта скамячыла яе, кінула і ўзяла другую. Вартаўніца, хаця яна і не курыла, адразу-ж падняла недакурак і пачала распраўляць яго, не спыняючы размовы.

— Відаць, і сапраўды, лябёдка, — сказала яна, — праўду кныр з‘еў. Робяць, што хочуць. А мы думалі, што вызваляць. Мацвееўна кажа: вызваляць, а я кажу: не, кажу, лябёдка, чуе маё сэрца, заядуць яны яе, сардэчную, так і вышла, — казала яна, са здавальненнем слухаючы гук свайго голаса.

За гэты час арыштанты ўжо ўсе прайшлі праз двор, і жанчыны, якія перагаварваліся з імі, адышлі ад акон і таксама падышлі да Маславай. Першая падышла лупатая карчмарка з сваёй дзяўчынкай.

— Што-ж, дужа строга? — запытала яна, падсеўшы каля Маславай і працягваючы хутка вязаць панчоху.

— Таму і строга, што грошай няма. А каб былі грошы ды спрытнага адваката наняць, дык апраўдалі-б, — сказала Караблёва. — Той, як гэта яго, калматы, насаты, — той, дарагая мая, з вады сухога вывезе. Каб яго ўзяць.

— Як-жа, узяла, — выскаліўшы зубы, сказала, падсеўшы да іх, Хорашаўка, — той менш, чым за тысячу і плюнуць табе не возьмецца.

— Відаць, ужо гэткая твая планіда, — заступілася бабулька, што сядзела за падпал. — Ці лёгка: адбіў жонку ў хлопца, ды яго-ж вошай карміць засадзіў і мяне туды-ж, старую, — пачала яна соты раз расказваць сваю гісторыю. Ад турмы ды ад торбы, відаць, не адмаўляйся. Не торба, дык турма.

— Відаць, у іх усё гэтак, — сказала карчмарка і, зірнуўшы на галаву дзяўчынкі, паклала панчоху каля сябе, прыцягнула да сябе дзяўчынку паміж ног і пачала спрытнымі пальцамі шукаць ёй у галаве. — „Навошта віном гандлюеш?“ А чым-жа дзяцей карміць? — казала яна, працягваючы сваю прывычную справу.

Гэтыя словы шынкаркі напомнілі Маславай аб віне.

— Вінца-бы, — сказала яна Караблёвай, выціраючы рукавом кашулі слёзы, і толькі зрэдку ўсхліпваючы.

Гамыркі? Што-ж, давай, — сказала Караблёва.


XXXII

Маслава дастала з калача грошы і дала Караблёвай купон. Караблёва ўзяла купон, паглядзела і, хоць была непісьменнай, паверыла Хорашаўцы, якая ўсё ведала, што паперка гэта мае вартасць 2 рублі 50 капеек, і палезла ў прадушнік за схаванай там бутэлькай з віном. Убачыўшы гэта, жанчыны — не суседкі па нарах — разышліся па сваіх месцах. Маслава тымчасам страсянула пыл з хусткі і халата, узлезла на нары і пачала есці калач.

— Я для цябе чай хавала, ды відаць, астыў, — сказала ёй Фядос‘я, дастаючы з паліцы абкручаны анучкай бляшаны чайнік і кружку.

Напітак быў зусім халодным і аддаваў больш бляшанкай, як чаем, але Маслава наліла кружку і пачала запіваць калач.

— Фінашка, на, — крыкнула яна і, адарваўшы кавалак калача, дала хлопчыку, які глядзеў ёй у рот.

Карабліха тым часам падала бутэльку з віном і кружку. Маслава пачаставала Караблёву і Хорашаўку. Гэтыя тры арыштанткі складалі арыстакратыю камеры, таму што мелі грошы і дзяліліся тым, што мелі.

Праз некалькі мінут Маслава ажывілася і жвава расказвала пра суд, перадражніваючы пракурора, і тое, што асабліва здзівіла яе ў судзе. У судзе ўсе глядзелі на яе з відавочнай прыемнасцю, расказвала яна, і вельмі часта наўмысля для гэтага заходзілі ў арыштанцкую.

— Канвойны, што гаворыць: „гэта ўсё на цябе падзівіцца ходзяць“. Прыдзе які-небудзь: дзе тут папера якая ці яшчэ што, а я бачу, што яму не папера патрэбна, а мяне вачыма так і есць, — казала яна, усміхаючыся і, нібы не разумеючы, пакачвала галавой. — Таксама — артысты.

— Ды гэта ўжо заўсёды, — падхапіла вартаўніца, і адразу палілася яе пявучая гаворка. — Гэта як мухі на цукар. На што іншае іх няма, а на гэта іх хапае. Хлебам не кармі іхняга брата…

— А то і тут, — перапыніла яе Маслава. — Таксама і тут трапіла я. Толькі мяне прывялі, а тут партыя з вакзала. Гэтак апанавалі, што не ведала, як адчапіцца. Дзякуй начальніку — адагнаў. Адзін прычапіўся гэтак, што ледзьве адбілася.

— А які ён з сябе? — запытала Хорашаўка.

— Чарнаваты, з вусамі.

— Напэўна, ён.

— Хто ён?

— Ды Шчэглоў. Вось, што зараз прайшоў.

— Які гэта Шчэглоў?

— Пра Шчэглова не ведае! Шчэглоў два разы з катаргі бегаў. Цяпер злавілі, ды ён ўцячэ. Яго і надзірацелі баяцца, — казала Хорашаўка, якая перадавала пісулькі арыштантам і ведала ўсё, што робіцца ў турме. — Абавязкова ўцячэ.

— А ўцячэ, нас з сабой не возьме, — сказала Караблёва. — А ты лепш вось што скажы, — звярнулася яна да Маславай, — што табе аблакат сказаў аб прашэнні, бо цяпер падаваць трэба?

Маслава сказала, што яна нічога не ведае.

У гэты час рыжая жанчына, запусціўшы абедзве пакрытыя вяснянкамі рукі ў свае заблытаныя густыя рыжыя валасы і скрабучы пазногцямі галаву, падышла да арыстакратак, якія пілі віно.

— Я табе, Кацярына, усё скажу, — пачала яна. — Перш-на-перш, павінна ты запісаць: нездаволена судом, а пасля таго пракурору заявіць.

— А табе што? — сярдзітым басам звярнулася да яе Караблёва. — Віно пачула, — няма чаго зубы загаварваць. Без цябе ведаюць, што рабіць, ты тут непатрэбна.

— Не з табой гавораць, чаго лезеш.

— Віна захацелася? Пад‘язджаеш.

— Ды ну, паднясі ёй, — сказала Маслава, якая заўсёды раздавала ўсім усё, што ў яе было.

— Я ёй гэткую паднясу…

— Ну, ну-ка! — насоўваючыся на Караблёву, загаварыла рыжая. — Не баюся я цябе.

— Астрожная шкура!

— Ад гэткай чую.

— Разварная трыбуха!

— Я трыбуха? Катаржная, душагубка! — закрычала рыжая.

— Ідзі, кажу, — панура вымавіла Караблёва.

Але рыжая толькі бліжэй насоўвалася, і Караблёва піхнула яе ў адкрытыя тлустыя грудзі. Рыжая нібы толькі гэтага і чакала і нечакана быстрым рухам учапілася адной рукой у валасы Караблёвай, а другой хацела ўдарыць яе ў твар, але Караблёва ўхапіла гэтую руку. Маслава і Хорашаўка схапілі за рукі рыжую, стараючыся адарваць яе, але рука рыжай учапілася ў касу і не расціскалася. Яна на момант адпусціла валасы, але толькі для таго, каб абкруціць іх вакол кулака. Караблёва-ж са скрыўленай галавой біла адной рукой па целе рыжай і лавіла зубамі яе руку. Жанчыны згрудзіліся каля іх, разнімалі і крычалі. Нават сухотная падышла да іх, і, кашляючы, глядзела, як біліся жанчыны. Дзеці туліліся адзін да аднаго і плакалі. На шум увайшла надзірацельніца з надзірацелем. Жанчын разбаранілі, і Караблёва, распусціўшы сівую касу і выбіраючы з яе выдраныя кавалкі валасоў, а рыжая падтрымліваючы на жоўтых грудзях скрозь падраную кашулю, — абедзве крычалі, тлумачачы і скардзячыся.

— Я-ж ведаю, усё гэта — віно; вось я заўтра скажу сматрыцелю, ён вам дасць. Я чую — пахне, — казала надзірацельніца. — Глядзіце, прыбярыце ўсё, а то дрэнна будзе, — разбіраць вас няма калі. На месцы і маўчаць.

Але маўчанне доўга яшчэ не надыходзіла. Доўга яшчэ жанчыны сварыліся, расказвалі адна адной, як пачалося і хто вінаваты. Нарэшце надзірацель і надзірацельніца пайшлі, і жанчыны пачалі супакойвацца і класціся. Бабулька стала перад абразом і пачала маліцца.

— Сабраліся дзве катаржныя, — раптам хрыплым голасам загаварыла рыжая з другога краю нар, устаўляючы пасля кожнага слова на дзіва адмысловую лаянку.

— Глядзі, каб табе яшчэ не папала, — адразу адказала Караблёва, далучыўшы гэткую самую лаянку. І абедзве сціхлі.

— Толькі-б не перашкодзілі мне, я табе бельмы павыдзірала-б… — зноў загаварыла рыжая, і зноў не прымусіў сябе чакаць гэткі-ж адказ Карабліхі.

Зноў прамежак маўчання крыху даўжэй, і зноў лаянка. Прамежкі рабіліся ўсё даўжэйшымі і даўжэйшымі, і, нарэшце, усё зусім сціхла.

Усе ляжалі, некаторыя захраплі, толькі бабулька, якая заўсёды доўга малілася, усё яшчэ клала паклоны перад абразом, а дзячкова дачка, як толькі надзірацельніца пайшла, устала і зноў пачала хадзіць узад і ўперад.

Не спала Маслава і ўсё думала аб тым, што яна катаржная, і ўжо яе два разы называлі гэтак: назвала Бачкова і назвала рыжая, і не магла прывыкнуць да гэтай думкі. Караблёва, якая ляжала да яе спіной, павярнулася.

— Вось і не думала, не чакала, — ціха сказала Маслава. — Іншыя, што робяць — і нічога, а я нізавошта пакутваць павінна.

— Не тужы, дзеўка. І ў Сібіры людзі жывуць. А ты і там не загінеш, — суцяшала яе Караблёва.

— Ведаю, што не загіну, ды ўсё-ж крыўдна. Не гэткая-б мне доля патрэбна, бо я прывыкла да добрага жыцця.

— Супроць бога не пойдзеш, — уздыхнуўшы, вымавіла Караблёва, — супроць яго не пойдзеш.

— Ведаю, цётачка, а ўсё цяжка.

Яны памаўчалі.

— Чуеш? распусцеха гэта, — сказала Караблёва, звяртаючы ўвагу Маславай на дзіўныя гукі, што даносіліся з другога боку нар.

Гукі гэтыя былі стрыманыя рыданні рыжай жанчыны. Рыжая плакала аб тым, што яе цяпер аблаялі, пабілі і не далі ёй віна, якога яна гэтак хацела. Плакала яна і аб тым, што яна за ўсё жыццё сваё нічога не бачыла апрача лаянкі, кпінаў, зняваг і біцця. Хацела яна ўцешыцца, успомніўшы сваё першае каханне з фабрычным Федзькам Маладзёнкавым, але, успомніўшы гэта каханне, яна ўспомніла і тое, як скончылася гэта каханне. Скончылася гэта каханне тым, што гэты Маладзёнкаў, напіўшыся п‘яным, для жартаў, мазануў яе купаросам па самым балючым месцы і потым рагатаў з таварышамі, гледзячы на тое, як яна курчылася ад болю. Яна ўспомніла гэта, і ёй зрабілася шкада сябе, і, думаючы, што ніхто не чуе яе, яна заплакала, і плакала, як дзеці — стогнучы і сапучы носам, і глынаючы салоныя слёзы.

— Шкада яе, — сказала Маслава.

— Вядома, шкада, але хай не лезе.


XXXIII

Першае адчуванне Нехлюдава, на другі дзень, калі ён прачнуўся, было ўсведамленне таго, што з ім нешта здарылася, і раней нават, як ён успомніў, што здарылася, ён ведаў ужо, што здарылася нешта важнае і добрае. „Кацюша, суд“. Так, трэба пакінуць хлусіць і сказаць ўсю праўду. І, як дзіўнае супадзенне, у гэтую самую раніцу прышоў, нарэшце, той даўно чаканы ліст ад Мар‘і Васільеўны, жонкі прадвадзіцеля, той самы ліст, які яму цяпер быў асабліва патрэбен. Яна давала яму поўную свабоду, жадала шчасця ў задуманай ім жаніцьбе.

— Жаніцьба! — прагаварыў ён іранічна. — Як я цяпер далёк ад гэтага!

І ён успомніў свой учарашні намер усё сказаць яе мужу, пакаяцца перад ім і выказаць гатоўнасць здаволіць яго, як ён пажадае. Але сёння раніцою гэта здалося яму не так лёгка, як учора. „І потым, навошта рабіць няшчасным чалавека, калі ён не ведае? Калі ён запытае, дык я скажу яму. Але наўмысля ісці гаварыць яму? Не, гэта непатрэбна“.

Гэтак-жа цяжка здалося сёння раніцою сказаць усю праўду Міссі. Зноў нельга было пачынаць гаварыць, — гэта было-б зняважліва. Няўхільна павінна было аставацца, як і ў шмат якіх жыццёвых адносінах, нешта тое, што падразумявалася. Адно ён парашыў сёння раніцою: ён не будзе ездзіць да іх і скажа праўду, калі запытаюць яго.

Але затое ў адносінах з Кацюшай не павінна было аставацца нічога недамоўленага.

„Паеду ў турму, скажу ёй, буду прасіць яе дараваць мне. І калі трэба, так, калі трэба, ажанюся з ёю“, думаў ён.

Гэта думка аб тым, каб дзеля маральнага задавальнення ахвяраваць усім і ажаніцца з ёю, сёння раніцою асабліва расчуляла яго.

Даўно ён не сустракаў дня з гэткай энергіяй. Аграфене Пятроўне, якая ўвайшла да яго, ён адразу-ж з рашучасцю, якой сам ад сябе не чакаў, заявіў, што яму больш не патрэбна гэтая кватэра і яе паслугі. Маўклівай згодай было ўстаноўлена, што ён трымае гэту вялікую і дарагую кватэру для таго, каб у ёй жаніцца. Здача кватэры, значыць, мела асаблівае значэнне. Аграфена Пятроўна са здзіўленнем паглядзела на яго.

— Вельмі дзякую вам, Аграфена Пятроўна, за ўсе клопаты пра мяне, але цяпер мне не патрэбна гэткая вялікая кватэра і ўся прыслуга. Калі-ж вы хочаце дапамагчы мне, дык будзьце так ласкавы ўпарадкаваць рэчы, прыбраць іх пакуль што, як гэта рабілася пры маме. А Наташа прыедзе, яна ўпарадкуе. (Наташа была сястра Нехлюдава.)

Аграфена Пятроўна паківала галавой.

— Як гэта ўпарадкаваць! Будуць-жа патрэбны, — сказала яна.

— Не, не будуць патрэбны, Аграфена Пятроўна, напэўна не будуць патрэбны, — сказаў Нехлюдаў, адказваючы на тое, што азначала яе ківанне галавой. — Скажыце, калі ласка, і Карнею, што грошы я аддам. яму ўперад за два месяцы, але што ён мне не патрэбен.

— Дарэмна, Дзмітрый Іванавіч, вы так робіце, — вымавіла яна. — Ну, за граніцу паедзеце, усё-ж спатрэбіцца памяшканне.

— Вы не тое думаеце, Аграфена Пятроўна. Я за граніцу не паеду; калі паеду, дык зусім у іншае месца.

Ён раптам барвова пачырванеў.

„Але, трэба сказаць ёй, — падумаў ён, — няма чаго змоўчваць. Трэба ўсё ўсім сказаць“.

— Са мной здарылася вельмі дзіўная і значная справа ўчора. Вы помніце Кацюшу ў цёткі Мар‘і Іванаўны?

— Як-жа, я яе шыць вучыла.

— Ну, дык вось учора ў судзе гэту Кацюшу судзілі. і я быў прысяжным.

— Ах, божа мой, які жаль! — сказала Аграфена Пятроўна. — За што-ж яе судзілі?

— За забойства, — і ўсё гэта зрабіў я.

— Як-жа гэта вы маглі зрабіць? Гэта вельмі дзіўна вы гаворыце, — сказала Аграфена Пятроўна, і ў старых вачах яе запаліліся чуллівыя агеньчыкі.

Яна ведала гісторыю з Кацюшай.

— Так, я ўсяму прычына. І вось гэта змяніла ўсе мае планы.

— Якая-ж ад гэтага можа быць для вас змена? — стрымліваючы ўсмешку, сказала Аграфена іІятроўна.

— А тая, што калі я прычына таго, што яна пайшла па гэтаму шляху, дык я-ж і павінен зрабіць, што магу, каб дапамагчы ёй.

— Гэта ваша добрая воля, толькі віны тут вашай асаблівай няма. З усімі бывае, і калі з розумам, дык усё гэта загладжваецца і забываецца, і жывуць, — сказала Аграфена Пятроўна сурова і сур‘ёзна, — і вам гэта на сябе браць няма чаго. Я і раней чула, што яна не па той дарозе пайшла, дык хто-ж у гэтым вінават?

— Я вінаваты. А таму і хачу паправіць.

— Ну, ужо гэта цяжка паправіць.

— Гэта мая справа. А калі вы пра сябе думаеце, дык тое, што мама жадала…

— Я пра сябе не думаю, мне нябожчыца столькі дабра зрабіла, што нічога не жадаю. Мяне Лізанька запрашае (гэта была яе замужняя пляменніца), я да яе і паеду, калі буду непатрэбна. Толькі вы дарэмна бярыцё гэта да сэрца — з усімі гэта бывае.

— Ну, я не гэтак думаю. І ўсё-ж прашу вас, дапамажыце мне здаць кватэру і рэчы прыбраць. І не злуйцеся на мяне. Я вельмі, вельмі дзякую за ўсё.

Дзіўная справа: з таго часу, як Нехлюдаў зразумеў, што ён сам сабе благі і брыдкі, з таго часу іншыя перасталі быць брыдкімі яму; наадварот, ён адчуваў і да Аграфены Пятроўны і да Карнея ласкавасць і павагу. Яму хацелася пакаяцца і перад Карнеем, але выгляд у Карнея быў гэткі самавіта-пачцівы, што ён не адважыўся гэта зрабіць.

Па дарозе ў суд, праязджаючы па гэтых самых вуліцах, на тым самым рамізніку, Нехлюдаў здзівіўся сам з сябе, да якой ступені ён сёння адчуваў сябе зусім іншым чалавекам.

Жаніцьба на Міссі, якая здавалася яшчэ ўчора гэтак блізкай, уяўлялася яму цяпер зусім немагчымай. Учора ён разумеў сваё становішча гэтак, што не былоі сумнення, што яна будзе шчасліва пайсці за яго; сёння ён адчуваў сябе не вартым не толькі жаніцца, але быць блізкім з ёю. „Калі-б яна толькі ведала, хто я, дык нізавошта не прымала-б мяне. А я яшчэ папікаў яе какецтвам з тым панам. Ды нават, калі-б яна цяпер і пайшла за мяне, хіба я мог-бы быць не толькі шчаслівым, але спакойным, ведаючы, што тая тут у турме і заўтра, паслязаўтра пойдзе з этапам на катаргу. Тая, загубленая мной жанчына, пойдзе на катаргу, а я буду тут прымаць віншаванні і рабіць візіты з маладой жонкай. Або буду з прадвадзіцелем, якога я ганебна ашукваў з яго жонкай, на сходзе лічыць галасы за і супроць праланаванай пастановы земскай інспекцыі школ і т. п., а потым буду прызначаць спатканні яго жонцы (якая брыдкасць); або буду далей маляваць карціну, якая, відаць, ніколі не будзе скончана, таму што мне і не след займацца гэтымі дробязямі, і не магу нічога гэтага рабіць цяпер“, казаў ён сабе і няспынна радаваўся той унутранай змене, якую адчуваў.

„Перш за ўсё, — думаў ён, — цяпер пабачыць адваката і даведацца яго думкі, а потым… потым убачыць яе ў турме, учарашнюю арыштантку, і сказаць ёй усё“.

І калі ён уяўляў сабе толькі, як ён убачыць яе, як ён скажа ўсё, як пакаецца ў сваёй віне перад ёю, як заявіць ёй, што ён зробіць усё, што можна, ажэніцца з ёю, каб загладзіць сваю віну, — дык асаблівае захапленне ахапіла яго, і слёзы выступалі ў яго на вачах.


XXXIV

Прыехаўшы ў суд, Нехлюдаў у калідоры яшчэ сустрэў учарашняга судовага прыстава і распытаў яго, дзе знаходзяцца асуджаныя ўжо па суду арыштанты, і ад каго залежыць дазвол спаткання з імі. Судовы прыстаў растлумачыў, што знаходзяцца арыштанты ў розных месцах, і што да абвяшчэння пастановы ў канчатковай форме дазвол спаткання залежыць ад пракурора.

— Я вам скажу і правяду вас сам пасля паседжання. Пракурора цяпер і няма яшчэ. А пасля паседжання. А цяпер калі ласка ў суд. Зараз пачынаецца.

Нехлюдаў падзякаваў прыставу, які здаўся яму сёння асабліва ўбогім, за яго пачцівасць, і пайшоў у пакой прысяжных.

У той час, калі ён падыходзіў да гэтага пакоя, прысяжныя ўжо выходзілі з яго, каб ісці ў залу паседжання. Купец быў такім-жа вясёлым і так-жа закусіў і выпіў, як і ўчора, і, як старога друга, сустрэў Нехлюдава. І Пётр Герасімавіч не выклікаў сёння ў Нехлюдаве ніякага непрыемнага адчування сваёй фамільярнасцю і рогатам.

Нехлюдаву хацелася і ўсім падсудным сказаць пра свае адносіны да ўчарашняй падсуднай. „Па праўдзе, — думаў ён, — учора ў час суда трэба было ўстаць і публічна абвясціць пра сваю віну“. Але калі ён разам з прысяжнымі ўвайшоў у залу паседжання і пачалася ўчарашняя працэдура: зноў „суд ідзе“, зноў трое на ўзвышшы ў каўнярах, зноў маўчанне, усаджванні прысяжных на крэслах з высокімі спінкамі, жандары, партрэт, свяшчэннік, — ён адчуў, што хаця і трэба было зрабіць гэта, ён і ўчора не здолеў-бы разарваць гэту ўрачыстасць.

Прыгатаванні к суду былі тыя самыя, што і ўчора (за выключэннем прывядзення прысяжных да прысягі і прамовы перад імі судовага старшыні).

Справа сёння была аб пакражы са ўзломам. Падсудны, пад вартай двух жандараў з аголенымі шаблямі, быў худы, вузкаплечы дваццацігадовы хлопчык у шэрым халаце і з шэрым бяскроўным тварам. Ён сядзеў адзін на лаве падсудных і спадылба аглядаў тых, што ўваходзілі. Хлопчыка гэтага абвінавачвалі ў тым, што разам з таварышом зламаў замок у пуні і ўкраў адтуль старыя палавікі, на суму З рублі 67 капеек. З абвінаваўчага акта было відаць, што гарадавы схапіў хлопчыка ў той час, калі ён ішоў з таварышом, які нёс на плячы палавікі. Хлопчык і таварыш яго адразу-ж прызналіся ў віне, і абодва былі пасаджаны ў астрог. Таварыш хлопчыка, слесар, памёр у турме, і вось хлопчык судзіўся адзін. Старыя палавікі ляжалі на стале рэчавых доказаў.

Справа вялася, так-жа, як і ўчарашняя, зусім арсеналам докзаў, выкрыванняў, сведак, прысягі іх, допытаў, экспертаў і перакрыжаваных запытанняў. Сведка-гарадавы на запытанні старшыні, абвінаваўцы, абаронцы вяла адказваў: „так точна-с“, „не магу ведаць“ і зноў „так точна“…, але, не гледзячы на яго салдацкую прыбітасць і машынападобнасць, відаць было, што ён шкадаваў хлопчыка і неахвотна расказваў, як ён злавіў яго.

Другі сведка, абкрадзены дзядок, дамаўласнік і ўласнік палавікоў, відаць, нервовы чалавек, калі ў яго пыталіся, ці прызнае ён свае палавікі, вельмі неахвотна прызнаў іх сваімі; калі-ж таварыш пракурора пачаў дапытваць яго аб тым, што ён думаў рабіць з палавікамі, ці вельмі яны яму былі патрэбны, ён раззлаваўся і адказаў: „І хай яны згараць, гэтыя самыя палавікі, яны мне і зусім непатрэбны. Каб я ведаў, што столькі з-за іх клопату будзе, дык не толькі-б не шукаў, а прыплаціў-бы да іх красненькую, нават і дзве-б аддаў, толькі каб не цягалі на допыты. Я на рамізніках рублёў 5 праездзіў. А я-ж хворы. У мяне грыжа і рэўматызмы“.

Так гаварылі сведкі, сам-жа абвінавачаны ва ўсім прызнаваў сябе вінаватым і, нібы злоўлены звярок, бессэнсоўна азіраючыся па баках, няроўным голасам, расказаў усё, як было.

Справа была ясная, але таварыш пракурора, таксама, як і ўчора, падымаючы плечы, задаваў тонкія пытанні, якія павінны былі злавіць хітрага злачынцу.

У сваёй прамове ён даказваў, што пакража зроблена ў жылым памяшканні і са ўзломам, а таму хлопчыку трэба даць самае цяжкое пакаранне.

Прызначаны-ж ад суда адвакат даказваў, што пакража зроблена не ў жылым памяшканні і што таму, хаця злачынства нельга адмаўляць, але ўсё-ж злачынца яшчэ не з‘яўляецца гэткай небяспекай для грамадства, як гэта сцвярджаў таварыш пракурора.

Старшымя таксама, як і ўчора, выдаваў з сябе бесстароннасць і справядлівасць і падрабязна тлумачыў і наказваў прысяжным тое, што яны ведалі і не маглі не ведаць. Гэтак-жа, як учора, рабіліся перапынкі, гэтак-жа курылі, гэтак-жа судовы прыстаў ускрыкваў: „суд ідзе“, і гэтак-жа, намагаючыся не заснуць, сядзелі два жандары з аголенай зброяй, пагражаючы злачынцу.

Са справы было відаць, што гэтага хлопчыка бацька падлеткам аддаў на тытуновую фабрыку, дзе ён пражыў пяць год. Сёлета яго зволіў гаспадар пасля адной непрыемнасці гаспадара з рабочымі і, астаўшыся без месца, ён хадзіў без работы па горадзе, прапіваючы з сябе апошняе. У шынку ён сышоўся з гэткім самым, як і ён, слесарам, які яшчэ раней астаўся без месца і многа піў, і яны ўдвух, уначы, п‘яныя, зламалі замок і ўзялі адтуль першае, што траліла пад рукі. Іх злавілі. Яны ва ўсім прызналіся. Іх пасадзілі ў турму, дзе слесар, чакаючы суда, памёр. А вось хлопчыка цяпер судзілі, як небяспечную істоту, ад якой трэба абараніць грамадства.

— „Гэткая-ж небяспечная істота, як учарашняя злачынніца, — думаў Нехлюдаў, слухаючы ўсё, што адбывалася перад ім. — Яны небяспечныя, а мы бяспечныя?.. Я — распуснік, блуднік, ашуканец і ўсе мы, усе тыя, якія, ведаючы мяне гэткім, як я ёсць, не толькі не зневажалі, але паважалі мяне?

Але калі-б нават і быў гэты хлопчык самы небяспечны для грамадства чалавек з усіх людзей, якія знаходзяцца ў гэтай зале, дык што-ж, цвяроза разважаючы, трэба зрабіць, калі ён папаўся?

Зусім відавочна, што хлопчык гэты не якісьці асаблівы злодзей, а самы звычайны — гэта бачаць усе — чалавек, і што зрабіўся ён тым, што ёсць, толькі таму, што знаходзіўся ў такіх умовах, якія нараджаюць такіх людзей. І таму, здаецца, зразумела, што, для таго каб не было такіх хлопчыкаў, трэба пастарацца знішчыць тыя ўмовы, пры якіх ствараюцца такія няшчасныя істоты.

Што-ж мы робім? Мы хапаем гэткага аднаго хлопчыка, які выпадкова папаўся нам, ведаючы вельмі добра, што тысячы гэткіх астаюцца не злоўленымі, і садзім у турму, на ўмовы поўнай бяздзейнасці, або самай нездаровай і бессэнсоўнай працы, разам з гэткімі-ж, як і ён, аслабелымі людзьмі, якія заблыталіся ў жыцці, а потым ссылаем яго казённы кошт ў кампаніі самых распусных людзей з Маскоўскай губерні ў Іркуцкую.

Дзеля таго, каб знішчыць тыя ўмовы, у якіх зараджаюцца гэтыя людзі, не толькі нічога не рабілі, але толькі спрыялі тым установам, у якіх яны выхоўваюцца. Установы гэтыя вядомыя: гэта фабрыкі, заводы, майстэрні, тракціры, карчмы, публічныя дамы. І мы не толькі не знішчаем гэтыя ўстановы, але, лічачы іх неабходнымі, ухваляем, рэгулюем іх.

Выхоўваем гэтак не аднаго, а мільёны людзей, і потым зловім аднаго і думаем сабе, што мы нешта зрабілі, абаранілі сябе, і што больш ужо і патрабаваць ад нас няма чаго, мы яго адправілі з Маскоўскай у Іркуцкую губерню, —з надзвычайнай жвавасцю і яскравасцю думаў Нехлюдаў, седзячы на сваім крэсле побач з палкоўнікам і слухаючы розныя інтанацыі галасоў адваката, пракурора і судовага старшыні і гледзячы на іхнія самаўпэўненыя жэсты. І колькі-ж і якіх напружаных намаганняў трэба, каб так прыкідацца, — працягваў думаць Нехлюдаў, аглядаючы гэту вялізную залу, гэтыя партрэты, лямпы, крэслы, мундзіры, гэтыя тоўстыя сцены, вокны, успамінаючы ўсю велізарнасць гэтага будынка і яшчэ большую вялізнасць самой установы, усю армію чыноўнікаў, пісароў, вартаўнікоў, кур‘ераў, якія не толькі тут, але ва ўсёй Расіі атрымліваюць пенсію за гэту нікому не патрэбную камедыю. — Што калі-б хаця адну сотую гэтых намаганняў мы накіроўвалі на тое, каб памагаць тым пакінутым істотам, на якіх мы цяпер глядзім толькі як на рукі і целы, неабходныя для нашага спакою і нашай выгоды? А каб толькі знайшоўся чалавек, — думаў Нехлюдаў, гледзячы на хваравіты, запалоханы твар хлопчыка, — які пашкадаваў-бы яго, калі яго яшчэ ад беднасці аддавалі з вёскі ў горад, і дапамог гэтай беднасці; або нават калі ён ужо быў у горадзе і пасля 12 гадзін работы на фабрыцы ішоў з падгаварыўшымі яго старэйшымі таварышамі ў тракцір, калі-б тады знайшоўся чалавек, які сказаў-бы: „не хадзі, Ваня, нядобра“, — хлопчык не пайшоў-бы, не заблытаўся і нічога-б не зрабіў благога.

Але такога чалавека, які-б пашкадаваў яго, не знайшлося ніводнага за ўвесь той час, калі ён, як звярок, жыў у горадзе свае гады вучэння і, абстрыжаны пад грабеньчык, каб не разводзіць вошай, бегаў майстрам за пакупкай; наадварот, усё, што ён чуў ад майстраў і таварышаў з таго часу, як ён жыве ў горадзе, было тое, што малайчына той, хто ашукае, хто вып‘е, хто аблае, хто прыб‘е, распуснічае.

Калі-ж ён, хворы і сапсаваны ад нездаровай работы, п‘янства, распусты, адурэлы і шалёны, нібы ў сне, бадзяўся без мэты па горадзе і здуру залез у нейкую пуню і выцягнуў адтуль нікому не патрэбныя палавікі, мы, усе заможныя, багатыя адукаваныя людзі, не толькі не паклапаціліся аб тым, каб знішчыць тыя прычыны, якія давялі гэтага хлопчыка да яго цяперашняга становішча, а хочам выправіць справу тым, што будзем караць гэтага хлопчыка.

Жахліва! Не ведаеш, чаго тут больш — жорсткасці ці недарэчнасці. Але, здаецца, і першае і другое даведзена да апошняй ступені.

Нехлюдаў думаў усё гэта, ужо не слухаючы таго, што адбывалася перад ім. І сам жахаўся таго, што яму адкрывалася. Ён здзіўляўся, як мог ён не бачыць гэтага раней, як маглі іншыя не бачыць гэтага.


XXXV

Як толькі зрабілі першы перапынак, Нехлюдаў устаў і вышаў у калідор з намерам ужо больш не варочацца ў суд. Хай з ім робяць, што хочуць, але ўдзельнічаць у гэтым жахлівым і брыдкім глупстве ён больш не можа.

Даведаўшыся, дзе габінет пракурора, Нехлюдаў пайшоў да яго. Кур‘ер не хацеў дапусціць яго, сказаўшы, што пракурор цяпер заняты. Але Нехлюдаў, не слухаючы яго, прайшоў у дзверы і звярнуўся да сустрэчнага чыноўніка, просячы яго паведаміць пракурора, што ён прысяжны, і што яму трэба бачыць яго па вельмі важнай справе. Княжскі тытул і добрая вопратка дапамаглі Нехлюдаву. Чыноўнік паведаміў пракурора, і Нехлюдава прапусцілі. Пракурор прыняў яго стоячы, напэўна нездаволены настойлівасцю, з якой Нехлюдаў патрабаваў спаткання з ім.

— Што вам патрэбна? — сурова запытаў пракурор.

— Я прысяжны, прозвішча маё Нехлюдаў, і мне неабходна бачыць падсудную Маславу, — хутка і рашуча вымавіў Нехлюдаў, чырванеючы і адчуваючы, што ён робіць гэткі ўчынак, які будзе мець рашучы ўплыў на яго жыццё.

Пракурор быў невысокі смуглявы чалавек, з кароткімі крыху пасівелымі валасамі, бліскучымі быстрымі вачыма і стрыжанай густой барадой на выпятай ніжняй сківіцы.

— Маславу? Як-жа, ведаю. Абвінавачвалася ў атручэнні, — сказаў пракурор спакойна. — Навошта-ж вам трэба яе бачыць? — і потым, нібы жадаючы памякчыць, дадаў: — Я не магу вам дазволіць гэтага, не ведаючы, навошта вам гэта трэба.

— Мне трэба гэта па асабліва значнай для мяне справе, — успыхнуўшы, загаварыў Нехлюдаў.

— Так-с, — сказаў пракурор і, падняўшы вочы, уважліва агледзеў Нехлюдава. — Справа яе разгледжвалася ці яшчэ не?

— Яна ўчора судзілася і засуджана на чатыры гады катаргі зусім няправільна. Яна невінавата.

— Так-с. Калі яна засуджана толькі ўчора, — сказаў пракурор, не звяртаючы ніякай увагі на словы Нехлюдава аб нявіннасці Маславай, — дык да абвяшчэння прысуду ў канчатковай форме яна павінна ўсё-ж знаходзіцца ў доме папярэдняга зняволення. Спатканні там дазваляюцца толькі ў пэўныя дні. Туды вам і раю звярнуцца.

— Але мне трэба бачыць яе як мага хутчэй, — дрыжучы ніжняй сківіцай, сказаў Нехлюдаў, адчуваючы набліжэнне рашучай мінуты.

— Чаму-ж вам гэта трэба? — падымаючы з некаторай трывогай бровы, запытаў пракурор.

— Таму, што яна невінавата і засуджана на катаргу. Вінаваты-ж ва ўсім я, — гаварыў Нехлюдаў усхваляваным голасам, адчуваючы разам з тым, што ён гаворыць тое, чаго не трэба было-б гаварыць.

— Якім-жа гэта чынам? — запытаў пракурор.

— Таму, што я ашукаў яе і прывёў у тое становішча, у якім яна цяпер. Калі-б яна не была тым, да чаго я яе давёў, яна і не падпала-б пад гэткае абвінавачванне.

— Усё-ж я не бачу, якую сувязь гэта мае з спатканнем.

— А тое, што я хачу пайсці з ёю і… жаніцца з ёю, — вымавіў Нехлюдаў. І як заўсёды, як толькі ён загаварыў аб гэтым, слёзы выступілі яму на вочы.

— Але? Вось як! — сказаў пракурор. — Гэта сапраўды вельмі выключны выпадак. Вы, здаецца, гласны краснапёрскага земства? — запытаў пракурор, нібы ўспамінаючы, што ён чуў раней пра гэтага Нехлюдава, які цяпер заяўляў гэткае дзіўнае рашэнне.

— Прабачце, я не думаю, каб гэта мела сувязь з маёй просьбай, — успыхнуўшы, злосна адказаў Нехлюдаў.

— Канешне, не, — ледзь прыкметна ўсміхаючыся і зусім не замяшаўшыся, сказаў пракурор, — але ваша жаданне гэткае надзвычайнае і так выходзіць з звычайных форм…

— Што-ж, магу я атрымаць дазвол?

— Дазвол? Але, я зараз дам вам пропуск. Вам давядзецца пачакаць.

Ён падышоў да стала, сеў і пачаў пісаць.

— Калі ласка, прысядзьце.

Нехлюдаў стаяў.

Напісаўшы пропуск, пракурор перадаў запіску Нехлюдаву, з цікаўнасцю гледзячы на яго.

— Я яшчэ павінен заявіць, — сказаў Нехлюдаў, — што я не магу больш удзельнічаць у сесіі.

— Трэба, як вы ведаеце, выставіць уважлівыя прычыны перад судом.

— Прычыны тыя, што я лічу ўсякі суд не толькі некарысным, але і амаральным.

— Так-с, — сказаў пракурор усё з той-жа ледзь прыкметнай усмешкай, нібы паказваючы гэтай усмешкай тое, што гэткія заявы знаёмы яму і належаць да вядомага яму пацешнага разраду. — Так-с, але вы, напэўна, разумееце, што я, як пракурор суда, не магу згадзіцца з вамі. І таму раю вам заявіць аб гэтым на судзе, і суд разгледзіць вашу заяву і прызнае яе ўважлівай або няўважлівай, і ў апошнім выпадку дасць вам спагнанне. Звярніцеся ў суд.

— Я заявіў, і больш нікуды не пайду, — сярдзіта прагаварыў Нехлюдаў.

— Маё шанаванне, — сказаў пракурор, нахіляючы галаву, відаць жадаючы хутчэй пазбавіцца ад гэтага дзіўнага наведвальніка.

— Хто гэта ў вас быў? — запытаў член суда, услед за выхадам Нехлюдава ўваходзячы ў габінет пракурора.

— Нехлюдаў, ведаеце, які яшчэ ў краснапёрскім павеце, у земстве, розныя дзіўныя заявы рабіў. І ўявіце, ён прысяжны, і ў ліку падсудных апынулася жанчына ці дзяўчына, засуджаная на катаргу, якая, як ён кажа, была ім ашукана, і ён цяпер хоча ажаніцца з ёю.

— Ды не можа быць?

— Гэтак ён мне сказаў… І ў гэткім дзіўным узбуджэнні.

— Нешта ёсць нейкая ненармальнасць ў цяперашніх маладых людзей.

— Але ён ужо не вельмі малады.

— Ну, ужо да чаго надакучыў, баценька, ваш славуты Івашэнкаў. Ён заморвае проста: гаворыць і гаворыць без канца.

— Іх трэба проста спыняць, а то сапраўдныя абструкцыяністы…


XXXVI

Ад пракурора Нехлюдаў паехаў проста ў дом папярэдняга зняволення. Але высветлілася, што ніякай Маславай там не было, і сматрыцель растлумачыў Нехлюдаву, што яна павінна быць у старой перасыльнай турме. Нехлюдаў паехаў туды.

Сапраўды, Кацярына Маслава знаходзілася там. Пракурор забыў, што месяцаў шэсць перад гэтым жандарамі, як відаць, была распачата неймаверна раздутая палітычная справа, і ўсе месцы дома папярэдняга зняволення былі захоплены студэнтамі, урачамі, рабочымі, курсісткамі і фельчарыцамі.

Адлегласць ад дома папярэдняга зняволення да перасыльнага замка была вялізная, і прыехаў Нехлюдаў у замак ужо толькі пад вечар. Ён хацеў падыйсці да дзвярэй вялізнага панурага будынка, але вартавы не падпусціў яго, а толькі пазваніў. На званок вышаў надзірацель. Нехлюдаў паказаў свой пропуск, але надзірацель сказаў, што без сматрыцеля ён не можа пусціць. Нехлюдаў накіраваўся да сматрыцеля. Яшчэ падымаючыся па сходнях, Нехлюдаў чуў з-за дзвярэй гукі нейкай складанай бравурнай п‘есы, якая разыгрывалася на фартэп‘яна. Калі-ж яму адчыніла дзверы сярдзітая пакаёўка з завязаным вокам, гукі гэтыя нібы вырваліся з пакоя і здзівілі яго слух. Гэта была рапсодыя Ліста, якая яму надакучыла. Ігралі яе цудоўна, але толькі да аднаго месца. Калі даходзіла да гэтага месца, то паўтаралася зноў тое самае. Нехлюдаў запытаў павязаную пакаёўку, ці дома сматрыцель.

Пакаёўка сказала, што не.

— Ці скора будзе?

Рапсодыя зноў спынілася і зноў з бляскам і шумам паўтарылася да зачараванага месца.

— Я пайду запытаю.

І пакаёўка вышла.

Рапсодыя толькі зноў разагналася, як раптам, не даходзячы да зачараванага месца, абарвалася, і пачуўся голас:

— Скажы яму, што няма і сёння не будзе. Ён у гасцях, чаго прыстаюць, — пачуўся жаночы голас з-за дзвярэй, і зноў пачулася рапсодыя, але зноў спынілася, і пачуўся гук ад перасоўвання крэсла. Відаць, раззлаваная піяністка сама хацела зрабіць вымову назольнаму наведвальніку за прыход не ў вызначаны час.

— Татулі няма, — сярдзіта сказала, выходзячы, з ускудлачанымі валасамі, мізэрнага выгляду, бледная дзяўчына з сінякамі пад панурымі вачыма. Убачыўшы маладога чалавека ў добрым паліто, яна змякчылася. — Уваходзьце, калі ласка… Вам чаго трэба?

— Мне ў астрозе бачыць зняволеную.

— Напэўна палітычную?

— Не, не палітычную. У мяне дазвол ад пракурора.

— Ну, я не ведаю, татулі няма. Вы заходзьце, калі ласка, — зноў паклікала яна яго з маленькага прадпакоя. — А то звярніцеся да памочніка, ён цяпер у канторы, з ім пагаварыце. Ваша як прозвішча?

— Дзякую вам, — сказаў Нехлюдаў, не адказваючы на пытанне, і вышаў.

Яшчэ не паспелі за ім зачыніць дзверы, як зноў пачуліся ўсё тыя-ж жвавыя, вясёлыя гукі, якія гэтак не падыходзілі ні да месца, у якім яны ствараліся, ні да твара мізэрнай дзяўчыны, якая гэтак упарта завучвала іх. На дварэ Нехлюдаў сустрэў маладога афіцэра, у якога тырчэлі нафарбаваныя вусы, і запытаў яго аб памочніку сматрыцеля. Гэта быў сам памочнік. Ён узяў пропуск, паглядзеў яго і сказаў, што па пропуску ў дом папярэдняга зняволення ён не асмельваецца прапусціць сюды. Ды ўжо і позна.

— Калі ласка, заўтра. Заўтра ў 10 гадзін спатканні дазваляюцца ўсім; вы прыязджайце, і сам сматрыцель будзе дома. Тады спатканне можна мець у агульнай, а калі сматрыцель дазволіць, дык і ў канторы.

Так і не дабіўшыся ў гэты дзень спаткання, Нехлюдаў пайшоў дамоў. Усхваляваны думкай убачыць яе, Нехлюдаў ішоў па вуліцах, успамінаючы цяпер не суд, а свае размовы з пракурорам і сматрыцелямі. Тое, што ён шукаў спаткання з ёю і сказаў пра свой намер пракурору і быў у двух турмах, рыхтуючыся ўбачыць яе, так усхвалявала яго, што ён доўга не мог супакоіцца. Прыехаўшы дамоў, ён адразу-ж дастаў свае даўно некранутыя дзённікі, перачытаў некаторыя месцы з іх і запісаў наступнае: „Два гады не пісаў дзённіка і думаў, што ніколі ўжо не вярнуся да гэтага блазенства. А гэта было не блазенства, а размова з сабой, з тым сапраўдным, божаскім сабой, якое жыве ў кожным чалавеку. Увесь час гэты я спаў, мне не было з кім пагутарыць. Абудзіла яго надзвычайная падзея 28-га красавіка, у судзе, дзе я быў прысяжным. Я на лаве падсудных убачыў яе, ашуканую мною Кацюшу, у арыштанцкім халаце. З-за дзіўнага непаразумення і з-за маёй памылкі яе асудзілі на катаргу. Я зараз быў у пракурора і ў турме. Мяне не пусцілі да яе, але я рашыў усё зрабіць, каб пабачыць яе, паказацца перад ёю і загладзіць сваю віну хаця жаніцьбай. Божа, дапамажы мне! Мне вельмі добра, радасна на душы“.


XXXVII

Доўга ў гэту ноч не магла заснуць Маслава, а ляжала з адкрытымі вачыма і, гледзячы на дзверы, якія засланяла дзячыха, ходзячы то ўзад, то ўперад, думала.

Думала яна аб тым, што нізавошта не пойдзе замуж за катаржнага, на Сахаліне, а як-небудзь іначай будзе жыць, — з кім-небудзь з начальнікаў, з пісарам, хоць з надзірацелем, хоць з памочнікам. Яны ўсе да гэтага ласыя. „Толькі-б не схудаць. А то загінеш“. І яна ўспомніла, як абаронца глядзеў на яе, і як глядзеў старшыня, і як глядзелі і наўмысля сустракаліся і праходзілі каля яе людзі ў судзе. Яна ўспомніла, як Берта, якая наведала яе ў астрозе, расказвала ёй, што той студэнт, якога яна кахала, жывучы ў Кітаевай, прыязджаў да іх, пытаў пра яе і вельмі шкадаваў. Успамінала яна і пра бойку з рыжай і шкадавала яе; успамінала пра булачніка, які паслаў ёй лішні калач. Яна ўспамінала шмат аб кім, але толькі не аб Нехлюдаве. Аб сваім дзяцінстве і маладосці, а асабліва аб каханні да Нехлюдава, яна ніколі не ўспамінала. Гэта было занадта балюча. Гэтыя ўспаміны недзе далёка некранутымі ляжалі ў яе душы. Нават у сне ніколі не бачыла Нехлюдава. Сёння ў судзе яна не пазнала яго не столькі таму, што, калі яна бачыла яго апошні раз, ён быў ваенны, без барады, з маленькімі вусікамі і, хаця і кароткімі, але густымі кучаравымі валасамі, а цяпер гэты быў стараваты на выгляд чалавек, з барадой, сколькі таму, што яна ніколі не думала пра яго. Пахавала яна ўсе ўспаміны аб сваім мінулым з ім у тую жудасную цёмную ноч, калі ён прыязджаў з арміі і не заехаў да цётак.

Да гэтай начы, пакуль яна спадзявалася на тое, што ён заедзе, дзіцёнак, якога яна насіла пад сэрцам, не толькі не ўтрудняў яе, але яна часта са здзіўленым замілаваннем сачыла яго мяккія, а часам парыўчатыя рухі ў сабе. Але з гэтай начы ўсё зрабілася інакшым. І будучы дзіцёнак зрабіўся толькі адной перашкодай.

Цёткі чакалі Нехлюдава, прасілі яго заехаць, але ён тэлеграфаваў што не можа, бо павінен быць у тэрмін у Пецербургу. Калі Кацюша даведалася пра гэта, яна надумалася пайсці на станцыю, каб пабачыць яго. Поезд праходзіў уначы, у 2 гадзіны. Кацюша паклала спаць паненак і, падгаварыўшы з сабой дзяўчынку, кухаркіну дачку Машку, абула старыя чаравікі, накрылася хусткай, падабралася і пабегла на станцыю.

Была цёмная асенняя, дажджлівая, ветраная ноч. Дождж то пачынаў хлёстаць цёплымі буйнымі кроплямі, то спыняўся. У полі, пад нагамі, не было відаць дарогі, а ў лесе было чорна, як ў печы, і Кацюша, хаця і ведала добра дарогу, збілася з яе ў лесе і дайшла да маленькай станцыі, на якой поезд стаяў тры мінуты, не загадзя, як яна спадзявалася, а пасля другога званка. Выбегшы на платформу, Кацюша адразу-ж у акне вагона першага класа ўбачыла яго. У вагоне гэтым было асабліва яркае святло. На аксамітных крэслах сядзелі адзін супроць аднаго два афіцэры і гулялі ў карты. На століку каля акна гарэлі, аплываючы, тоўстыя свечы. Ён у абцягненых райтузах і белай кашулі сядзеў на ручцы крэсла, аблакаціўшыся на яго спінку, і чамусьці смяяўся. Як толькі яна спазнала яго, яна стукнула ў акно пазябшай рукой. Але ў гэты самы час ударыў трэці званок, і поезд паціху крануўся, спачатку назад, а потым адзін за адным пачалі пасоўвацца ўперад штуршкамі скранутыя вагоны. Адзін з ігракоў устаў з картамі ў руках і пачаў пазіраць у акно. Яна стукнула яшчэ раз і прыклала твар да шыбы. У гэты час рвануўся і той вагон, каля якога яна стаяла, і пайшоў. Яна пайшла побач, гледзячы ў акно. Афіцэр хацеў апусціць акно, але ніяк не мог. Нехлюдаў устаў і, адштурхнуўшы афіцэра, пачаў апускаць. Поезд паскорыў ход. Яна ішла хуткай хадой, не адстаючы, але поезд усё паскараў і паскараў ход. Акно апусцілася. У гэты час кандуктар адштурхнуў яе і ўскочыў у вагон. Кацюша адстала, але ўсё бегла па мокрых дошках платформы; потым платформа кончылася, і яна ледзь утрымалася, каб не ўпасці, збягаючы па сходнях на зямлю. Яна бегла, але вагон першага класа быў ужо далёка ўперадзе. Міма яе беглі вагоны II-га класа, потым яшчэ хутчэй пабеглі вагоны III-га класа, але яна ўсё-такі бегла. Калі прабег апошні вагон з ліхтаром, яна была ўжо за вадакачкай на ветры, і вецер наляцеў на яе, зрываючы з галавы яе хустку і абляпляючы з аднаго боку спадніцай яе бягучыя ногі. Хустку сарвала з яе ветрам, але яна ўсё бегла.

— Цётачка, Міхайлаўна! — крычала дзяўчынка, ледзь паспяваючы за ёю. — Хустку згубілі!

„Ён у асветленым вагоне, на аксамітным крэсле сядзіць, жартуе, п‘е, — а я вось тут, у брудзе, у цямноце, пад дажджом і ветрам — стаю і плачу“, падумала Кацюша, спынілася і, закінуўшы галаву назад і схапіўшыся за яе рукамі, зарыдала.

— Паехаў! — закрычала яна.

Дзяўчынка спалохалася і абняла яе за мокрае адзенне.

— Цётачка, дамоў хадзем.

„Пройдзе поезд — пад вагон і скончана“, думала тым часам Кацюша, не адказваючы дзяўчынцы.

Яна парашыла, што зробіць гэтак. Але тут-жа, як гэта заўсёды бывае ў першую мінуту зацішша пасля хвалявання, ён, дзіцёнак, — яго дзіцёнак, які быў у ёй, раптам уздрыгануўся, ударыўся і плаўна пацягнуўся і зноў пачаў штурхацца нечым тонкім, пяшчотным і вострым. І раптам усё тое, што мінуту перад гэтым так мучыла яе, што, здавалася, нельга было жыць, уся злосць на яго і жаданне адпомсціць яму хоць-бы сваёй смерцю, — усё гэта раптам аддалілася. Яна супакоілася, устала, агледзела сябе, захуталася хусткай і пайшла дамоў.

Стомленая, мокрая, брудная, яна вярнулася дамоў, і з гэтага дня ў яе пачаўся той душэўны пераварот, ад якога яна зрабілася тым, чым была цяпер. З гэтай страшнай начы яна перастала верыць у дабро. Яна раней сама верыла ў дабро і ў тое, што людзі вераць у яго, але з гэтай начы пераканалася, што ніхто не верыць у гэта, і што ўсё, што гавораць пра бога і дабро, усё гэта для таго, каб ашукваць людзей. Ён, якога яна кахала і які яе кахаў, — яна гэта ведала, — пакінуў яе, пацешыўшыся ёю і паглуміўшыся з яе пачуццяў. А ён быў самы лепшы з людзей, якіх яна ведала. Усе-ж астатнія былі яшчэ горшыя. І ўсё, што з ёю здаралася, на кожным кроку пацвярджала гэта. Цёткі яго, багамольныя бабулькі, прагналі яе, калі яна не магла ўжо так служыць ім, як раней. Усе людзі, з якімі яна сходзілася, — жанчыны стараліся праз яе набыць грошай, мужчыны, пачынаючы з старога станавога і да турэмных наглядчыкаў, — глядзелі на яе, як на сродак для асалоды. Ні для каго нічога не было іншага на свеце, як толькі асалода, менавіта, гэта асалода. У гэтым яшчэ больш упэўніў яе стары пісьменнік, з якім яна сышлася на другі год свайго жыцця на волі. Ён проста так і казаў ёй, што ў гэтым — ён называў гэта паэзіяй і эстэтыкай — усё шчасце.

Усе жылі толькі для сябе, для сваёй асалоды, і ўсе словы пра бога і дабро былі ашуканства. А калі і паўставалі пытанні аб тым, навошта на свеце ўсё створана гэтак дрэнна, што ўсе робяць адзін аднаму зло і ўсе пакутуюць, трэба было не думаць пра гэта. Зробіцца сумна — пакурыла ці выпіла, або, што лепш за ўсё, палюбілася з мужчынай, і пройдзе.


XXXVIII

Наступным днём, у нядзелю, у 5 гадзін раніцы, калі ў жаночым калідоры турмы прагучэў звычайны свісток, Караблёва, якая ўжо не спала, пабудзіла Маславу.

„Катаржная“, з жахам падумала Маслава, праціраючы вочы і міжвольна ўдыхаючы ў сябе жудасна смярдзючае раніцою паветра, і хацела зноў заснуць, апынуцца ў несвядомасці, але звычка страху перамагла сон, і яна ўстала і, падкурчыўшы ногі, села, азіраючыся. Жанчыны ўжо ўсталі, толькі дзеці яшчэ спалі. Карчмарша з пукатымі вачыма, асцярожна, каб не пабудзіць дзяцей, выцягвала з-пад іх халат. Бунтаўшчыца развешвала ля печкі лахманы, якія служылі ёй замест пялёнак, а дзіцёнак заходзіўся ад адчаянага крыку на руках блакітнавокай Фядос‘і, якая гушкала і баюкала яго пяшчотным голасам. Сухотная, схапіўшыся за грудзі, з налітым крывёю тварам, адкашлівалася і, у перапынках уздыхаючы, амаль ускрыквала. Рыжая, прачнуўшыся, ляжала ўгору жыватом, сагнуўшы тоўстыя ногі, і голасна і весела расказвала сон, які яна бачыла. Бабулька-падпальніца стаяла зноў перад абразом і, шэпчучы адны і тыя-ж словы, хрысцілася і кланялася. Дзячыха нерухома сядзела на нарах і тупым санлівым поглядам глядзела перад сабой. Хорашаўка падвівала на палец масляныя жорсткія чорныя валасы.

Па калідоры пачуліся крокі, зашлёпалі коты, загрымеў замок, і ўвайшлі два арыштанты-парашачнікі ў куртках і кароткіх, куды вышэйлы так, шэрых нагавіцах і, з сур‘ёзнымі сярдзітымі тварамі, падняўшы на воданос смярдзючую кадку, панеслі яе вон з камеры. Жанчыны вышлі ў калідор да кранаў памыцца. Ля кранаў адбылася сварка рыжай з жанчынай, што вышла з другой, суседняй камеры. Зноў лаянка, крыкі, скаргі…

— Хіба карцара захацелі! — закрычаў надзірацель і пляснуў рыжую па гладкай голай спіне так, што шчаўканула на ўвесь калідор. — Каб голаса твайго чутно не было.

— Вось разгуляўся стары, — сказала рыжая, прыняўшы гэта абыходжанне за ласку.

— Ну, хутчэй! Ідзіце да абедні.

Не паспела Маслава прычасацца, як прышоў сматрыцель са світай.

— На паверку! — крыкнуў надзірацель.

З другой камеры вышлі іншыя арыштанткі, і ўсе пасталі ў два рады ўсцяж калідора, прычым жанчыны задняга раду павінны былі класці рукі на плечы жанчын першага раду. Усіх пералічылі.

— Пасля паверкі прышла надзірацельніца і павяла арыштантак у царкву. Маслава з Фядос‘яй знаходзіліся ў сярэдзіне калоны, у якой было больш сотні жанчын, якія вышлі з усіх камер. Усе былі ў белых хусцінках, кофтах і спадніцах, і толькі зрэдку сярод іх трапляліся жанчыны ў сваіх каляровых адзеннях. Гэта былі жанкі з дзецьмі, што ішлі за мужамі. Усе сходні былі захоплены гэтым шэсцем. Чуўся мяккі тупат абутых у коты ног, гоман, часам смех. На паваротцы Маслава ўбачыла злосны твар свайго ворага, Бачковай, якая ішла ўперадзе, і паказала яго Фядос‘і. Сышоўшы ўніз, жанчыны замаўчалі і, хрысцячыся і кланяючыся, пачалі праходзіць у адчынення дзверы яшчэ пустой царквы, якая блішчэла золатам. Іхняе месца было направа і яны, ціскаючыся і напіраючы адна на адну, пачалі станавіцца. Услед за жанчынамі ўвайшлі ў шэрых халатах перасыльныя, арыштанты, якія адседжвалі свой тэрмін і былі высланы па прыгаварах сельскіх сходаў, і, гучна адкашліваючыся, сталі шчыльным натоўпам налева і пасярэдзіне царквы. Зверху-ж, на хорах, ужо стаялі прыгнаныя раней — з аднаго боку, з паголенымі поўгаловамі, катаржныя, якія выдавалі сваю прысутнасць бразгатам кайданоў, з другога — не паголеныя і не закутыя, падследчыя.

Астрожная царква была ўноў пабудавана і абсталявана багатым купцом, які даў на гэту справу некалькі дзесяткаў тысяч рублёў, і ўся зіхацела яркімі фарбамі і золатам.

Некаторы час у царкве было маўчанне, і чуліся толькі смарканне, адкашліванне, крык малых дзяцей і зрэдку звон ланцугоў. Але вось арыштанты, што стаялі пасярэдзіне, шарахнуліся, паціснуліся адзін да аднаго, ачышчаючы дарогу пасярэдзіне, і па дарозе гэтай прайшоў сматрыцель, і стаў уперадзе ўсіх, пасярод царквы.


XXXIX

Пачалася царкоўная служба.

Царкоўная служба складалася з таго, што свяшчэннік апрануўся ў асабліва дзіўнае і вельмі нязручнае парчовае адзенне, выразаў і раскладаў кавалкі хлеба на сподак і потым клаў іх у чашу з віном, вымаўляючы пры гэтым розныя імёны і малітвы. Дзячок-жа, тым часам, не перастаючы спачатку чытаў, а потым спяваў уперамешку з арыштанцкім хорам розныя славянскія, самі па сабе мала зразумелыя, а яшчэ меней ад хуткага чытання і спяваў зразумелыя, малітвы. Змест малітваў складаўся, пераважна, у жаданні шчасця гасудару імператару і яго сям‘і. Пра гэта гаварыліся малітвы шмат разоў, разам з іншымі малітвамі і асобна, на каленях. Апрача таго, дзячок прачытаў некалькі сціхоў з дзеянняў апосталаў такім дзіўным, напружаным голасам, што нічога нельга было зразумець, і свяшчэннік вельмі выразна прачытаў месца з евангелля Марка, у якім сказана было, як Хрыстос, уваскросшы, перш чым паляцець на неба і сесці праваруч свайго бацькі, з‘явіўся спачатку Марыі Магдалене, з якой ён выгнаў сем д‘яблаў, і потым адзінаццаці вучням, і як загадаў ім прапаведваць евангелле ўсім стварэнням, прычым сказаў, што той, хто не паверыць — загіне, хто-ж паверыць і будзе хрысціцца, — выратуецца і, апрача таго, будзе выганяць д‘яблаў, будзе вылечваць людзей ад хваробы накладаннем на іх рук, будзе гаварыць новымі мовамі, будзе браць змей і, калі вып‘е атруту, то не памрэ, а астанецца здаровым.

Сутнасць царкоўнай службы складалася з таго, што мелася на ўвазе, што выразаныя свяшчэннікам кавалачкі і пакладзеныя ў віно, пры пэўных маніпуляцыях і малітвах, ператвараюцца ў цела і кроў бога. Маніпуляцыі гэтыя складаліся з таго, што свяшчэннік роўнамерна, не гледзячы на тое, што гэтаму перашкаджаў апрануты на яго парчовы мяшок, — узнімаў абедзве рукі ўгору і трымаў іх так, потым станавіўся на калені і цалаваў стол і тое, што было на ім. Самае-ж галоўнае дзеянне было тое, калі свяшчэннік, узяўшы абодвума рукамі сарветку, роўнамерна і плаўна махаў ёю над сподкам і залатой чашай. Мелася на ўвазе, што ў гэты самы час з хлеба і віна робіцца цела і кроў, і таму гэта месца царкоўнай службы абстаўлялася асаблівай урачыстасцю.

„Изрядно о пресвятей, пречистой и преблагословенней богородице“, голасна закрычаў пасля гэтага свяшчэннік з-за пераборкі, і хор урачыста заспяваў, што вельмі добра праслаўляць дзеву Марыю, якая нарадзіла Хрыста, не страціўшы дзявоцтва і за гэта мае больш пашаны, чым нейкія херувімы, і больш славы, чым нейкія серафімы. Пасля гэтага лічылася, што паратварэнне адбылося, і свяшчэннік, зняўшы сарветку са сподка, разрэзаў сярэдні кавалачак на чатыры часткі і паклаў яго спачатку ў віно, а потым у рот. Дапускалася, што ён з‘еў кавалачак цела бога і выпіў глыток яго крыві. Пасля гэтага свяшчэннік адсунуў занавес, адчыніў сярэднія дзверы і, узяўшы ў рукі пазалочаную чашку, вышаў з ёй у сярэднія дзверы і запрасіў усіх, хто жадае таксама паспытаць цела і крыві бога, што знаходзіліся ў чашцы.

Пажадала некалькі дзяцей.

Загадзя запытаўшы дзяцей аб іх імёнах, свяшчэннік, ассцярожна зачэрпваючы лыжачкай з чашкі, пхаў глыбока ў рот кожнаму з дзяцей па кавалачку хлеба ў віне, а дзячок, тутака-ж выціраючы раты дзецям, вясёлым голасам спяваў песню аб тым, што дзеці ядуць цела бога і п‘юць яго кроў. Пасля гэтага свяшчэннік аднёс чашку за пераборку і, дапіўшы там усю кроў, што знаходзілася ў чашцы і з‘еўшы ўсе кавалачкі цела бога, старанна абсмактаўшы вусы і выцершы рот і чашку, у самым вясёлым настроі, парыпваючы тонкімі падэшвамі апойкавых ботаў, бадзёрымі крокамі вышаў з-за пераборкі.

На гэтым скончылася галоўнае хрысціянскае богаслужэнне. Але свяшчэннік, жадаючы ўцешыць няшчасных арыштантаў, дадаў да звычайнай службы яшчэ асаблівую. Асаблівая гэта служба, складалася з таго, што свяшчэннік, стаўшы перад выкаваным залатым абразом (з чорным тварам і чорнымі рукамі), які лічыўся вобразам таго самага бога, якога ён еў, асвятлёным дзесяткамі васкавых свечак, пачаў дзіўным і фальшывым голасам ні то спяваць, ні то гаварыць наступныя словы: „Иисусе сладчайший, апостолов славо, Иисусе мой, похвала мучеников, владыко всесильне, Иисусе спаси мя, Иисусе спасе мой, Иисусе мой краснейший, к тебе притекающего, спасе Иисусе, помилуй мя, молитвами рождшия тя, всех, Иисусе, святых твоих, пророк-же всех, спасе мой Иисусе, и сладости райские сподоби, Иисусе человеколюбче!“

На гэтым ён спыніўся, перадыхнуў, перахрысціўся, пакланіўся ў зямлю, і ўсе зрабілі тое самае. Кланяўся сматрыцель, надзірацелі, арыштанты і наверсе асабліва часта забразгаталі кайданы. — „Ангелов творче и господи сил, — працягваў ён, — Иисусе пречудный, ангелов удивление, Иисусе пресильный, прародителей избавление, Иисусе пресладкий, патриархов величание, Иисусе преславный, царей укрепление, Иисусе преблагий, пророков исполнение, Иисусе предивный, мучеников крепость, Иисусе претихий, монахов радосте, Иисусе премилостивый, пресвитеров сладость, Иисусе премилосердый, постиников воздержание, Иисусе пресладостный, преподобных радование, Иисусе пречистый, девственных целомудрие, Иисусе предвечный, грешников спасение, Иисусе, сыне божий, помилуй мя“, дабраўся ён, нарэшце, да астаноўкі, усё з мацнейшым і мацнейшым свістам паўтараючы слова Ісусе, прытрымаў рукою расу на шаўковай падкладцы і, стаўшы на адно калена, пакланіўся ў зямлю, а хор заспяваў апошнія словы: „Иисусе, сыне божий, помилуй мя“, а арыштанты падалі і падымаліся, устрасаючы валасамі, што асталіся на палове галавы, і стукаючы кайданамі, якія мулілі ім худыя ногі.

Гэтак цягнулася вельмі доўга. Спачатку ішлі пахвалы, якія канчаліся словамі: „помилуй мя“, а потым ішлі новыя пахвалы, якія канчаліся словамі: „алиллуя“. І арыштанты хрысціліся, кланяліся, падалі на зямлю. Спачатку арыштанты хрысціліся, кланяліся на кожным перапынку, але потым яны пачалі ўжо кланяцца цераз раз, нават і цераз два, і ўсе вельмі ўзрадаваліся, калі пахвалы скончыліся, і свяшчэннік, з палягчэннем ўздыхнуўшы, закрыў кніжачку і пайшоў за пераборку. Аставалася адно апошняе дзеянне, якое складалася з таго, што свяшчэннік узяў з вялікага стала пазалачоны крыж з эмалевымі медальёнчыкамі на канцах і вышаў з ім на сярэдзіну царквы. Спачатку падышоў да свяшчэнніка і прыклаўся да крыжа сматрыцель, потым памочнік, потым наглядчыкі, потым, напіраючы адзін на аднаго і шэптам лаячыся, пачалі падыходзіць арыштанты. Свяшчэннік, гутарачы з сматрыцелем, пхаў крыж і сваю руку ў рот, а часам у нос арыштантам, якія падыходзілі да яго, арыштанты-ж стараліся пацалаваць і крыж і руку свяшчэнніка. Так скончылася хрысціянскае богаслужэнне, прызначанае для ўцяшэння і настаўлення заблудшых братоў.


XL

І ніхто з прысутных, пачынаючы з свяшчэнніка і сматрыцеля і канчаючы Маславай, не падумаў, што той самы Ісус, імя якога са свістам гэткую незлічоную колькасць разоў паўтараў свяшчэннік, усякімі дзіўнымі словамі выхваляючы яго, забараніў менавіта ўсё тое, што рабілася тут; забараніў не толькі гэткае бессэнсоўнае пустамоўства і кашчунственае валхваванне свяшчэннікаў-настаўнікаў над хлебам і віном, але самым рашучым чынам забараніў адным людзям называць настаўнікамі іншых людзей, забараніў малітвы ў храмах, а сказаў маліцца кожнаму ў адзіноце, забараніў самыя храмы, сказаўшы, што прышоў разбурыць іх, і што маліцца трэба не ў храмах, а ў духу і ісціне; галоўнае-ж, забараніў не толькі судзіць людзей і трымаць іх у няволі, катаваць, ганьбіць, караць, як гэта рабілася тут, а забараніў усякі гвалт над людзьмі, сказаўшы, што ён прышоў выпусціць палонных на волю.

Ніхто з прысутных не падумаў аб тым, што ўсё, што рабілася тут, было найвялікшым здзекам і кпінам з таго самага хрыста, імем якога ўсё гэта рабілася. Ніхто не падумаў аб тым, што пазалочаны крыж з эмалевымі медальёнчыкамі на канцах, які вынес свяшчэннік і даваў цалаваць людзям, быў не чым іншым, як вобразам той шыбеніцы, на якой быў пакараны хрыстос менавіта за тое, што ён забараніў тое самае, што цяпер яго імем рабілася тут. Ніхто не падумаў, што тыя свяшчэннікі, якія ўяўляюць сабе, што ў выглядзе хлеба і віна яны ядуць цела і п‘юць кроў хрыста, сапраўды ядуць цела і п‘юць кроў яго, але не ў кавалачках і віне, а тым, што не толькі спакушаюць тых „малых сих“, з якімі хрыстос атоесамляў сябе, але і пазбаўляюць іх найвялікшага дабра і жорстка катуюць, хаваючы ад людзей тое апавяшчэнне шчаслівага жыцця, якое ён прынёс ім.

Свяшчэннік са спакойным сумленнем рабіў усё тое, што ён рабіў, таму што з дзяцінства быў выхаваны на тым, што гэта адзіная сапраўдная вера, у якую верылі ўсе святыя людзі, што жылі раней, і цяпер верыць духоўнае і свецкае начальства. Ён верыў не ў тое, што з хлеба зрабілася цела, што карысна для душы вымаўляць шмат слоў, або што ён з‘еў сапраўды кавалачак бога, — у гэта нельга верыць, — а верыў у тое, што трэба верыць у гэту веру. Галоўнае-ж, сцвярджала яго ў гэтай веры тое, што за выкананне трэб гэтай веры ён 18 год ужо атрымліваў даходы, на якія ўтрымліваў сваю сям‘ю, сына ў гімназіі, дачку ў духоўным вучылішчы. Таксама верыў і дзячок і яшчэ цвярдзей, чым свяшчэннік, таму што зусім запамятаваў сутнасць догматаў гэтай веры, а ведаў толькі, што за „теплоту“, за памінанне, за „часы“, за малебен просты і за малебен з акафістам, за ўсё ёсць пэўная цана, якую сапраўдныя хрысціяне ахвотна плацяць, і таму выкрыкваў сваё: „помилось, помилось“, і спяваў, і чытаў, што вызначана, з гэткай-жа спакойнай упэўненасцю ў неабходнасці гэтага, з якой людзі прадаюць дровы, муку, бульбу. Начальнік-жа турмы і надзірацелі, хаця ніколі і не ведалі і не ўдаваліся ў тое, з чаго складаюцца догматы гэтай веры, і што значыць усё тое, што рабілася ў царкве, верылі, што абавязкова трэба верыць у гэту веру, таму што вышэйшае начальства і сам цар вераць у яе. Апрача таго, хаця і цмяна (яны ніяк не здолелі-б растлумачыць, як гэта робіцца), яны адчувалі, што гэта вера апраўдвала іхнюю жорсткую службу. Калі-б не было гэтай веры, ім не толькі цяжэй, але, напэўна, і немагчыма было-б усе свае сілы аддаваць на тое, каб мучыць людзей, як яны гэта цяпер рабілі з зусім спакойным сумленнем. Сматрыцель быў такой добрай душы чалавек, што ён ніяк не мог-бы жыць так, калі-б не знаходзіў падтрымання ў гэтай веры. І таму ён стаяў нерухома, проста, старанна кланяўся і хрысціўся, стараўся расчуліцца, калі спявалі „Иже херувимы“, а калі пачалі прычашчаць дзяцей, вышаў уперад і падняў на рукі хлопчыка, якога прычашчалі, і падтрымаў яго.

Большасць-жа арыштантаў, за выключэннем некаторых з іх, тых, што ясна бачылі ўсё ашуканства, якое рабілася над людзьмі гэтай веры, і ў душы смяяліся з яе, большасць верыла, што ў гэтых пазалочаных абразах, свечах, чашах, рызах, крыжах, паўтарэннях незразумелых словаў: „Иисусе сладчайший“ і „помилось“, знаходзіцца таемная сіла, з дапамогай якой можна набываць вялікія выгоды ў гэтым і ў будучым жыцці. Хаця большасць з іх, прарабіўшы некалькі спробаў набыць выгоды ў гэтым жыцці з дапамогай малітваў, малебнаў, свечак, і не атрымала іх — малітвы іхнія асталіся нявыкананымі, — кожны быў цвёрда ўпэўнены, што гэта няўдача выпадковая, і што гэта ўстанова, ухваленая вучонымі людзьмі і мітрапалітамі, ёсць установа вельмі значная, і якая неабходна калі не для гэтага, то для будучага жыцця.

Гэтак-жа верыла і Маслава. Яна, як і іншыя, адчувала ў часе богаслужэння змешанае адчуванне пашаны і суму. Яна стаяла спачатку пасярэдзіне натоўпу за пераборкай і не магла бачыць нікога, апрача сваіх таварышак; калі-ж прычасніцы рушылі ўперад, і яна высунулася разам з Фядос‘яй, яна ўбачыла сматрыцеля, а за сматрыцелем і паміж надзірацелямі мужычка з светлабелай бародкай і русымі валасамі, — Фядос‘інага мужа, які нерухомымі вачыма пазіраў на жонку, — Маслава ў часе акафіста занялася разгляданнем яго і перашэптваннем з Фядос‘яй і хрысцілася і кланялася толькі, калі ўсе гэта рабілі.


XLI

Нехлюдаў рана выехаў з дому. Па завулку яшчэ ехаў вясковы мужык і незвычайным голасам крычаў:

— Малака, малака, малака!

Напярэдадні быў першы цёплы вясновы дождж. Усюды, дзе не было бруку, раптам зазелянела трава; бярозы ў садах асыпаліся зялёным пухам, і чарэмха і таполі выпроствалі свае даўгія пахучыя лісты, а ў дамах і магазінах вымалі і выціралі рамы. На рынку, міма якога давялося праязджаць Нехлюдаву, кішэў каля пастаўленых у рад палатак густы натоўп народу, і хадзілі абадраныя людзі з ботамі падпахай і перакінутымі цераз плячо выпрасаванымі панталонамі і камізэлькамі.

Каля тракціраў ужо цясніліся, вызваліўшыся з сваіх фабрык, мужчыны ў чыстых паддзёўках і глянсаваных ботах і жанчыны ў шаўковых яркіх хустках на галовах і паліто з сцяклярусам. Гарадавыя з жоўтымі шнуркамі пісталетаў стаялі на месцах, выглядаючы непарадкі, якія маглі-б ім даць збаўленне ад цяжкой нудоты. Па дарожках бульвараў і па зялёнаму газону, які толькі што афарбавалі, бегалі, гуляючы, дзеці і сабакі, і вясёлыя нянькі перагаварваліся паміж сабой, седзячы на лавах.

Па вуліцах, халаднаватых і вільготных яшчэ з левага боку, у цяні, і высахлых пасярэдзіне, няспынна грымелі па бруку важкія вазы ламавых, тарахцелі пралёткі і звінелі конкі. З усіх бакоў дрыжэла паветра ад рознастайнага гулу званоў, якія заклікалі народ прысутнічаць на гэткім-жа богаслужэнні, якое адбывалася цяпер у турме. І прыбраны народ разыходзіўся кожны па свайму прыходу.

Рамізнік падвёз Нехлюдава не да самай турмы, а да павароту, што вёў да турмы.

Некалькі чалавек мужчын і жанчын, у большасці з вузельчыкамі, стаялі тут на гэтым павароце да турмы, крокаў за сотню ад яе. Направа былі невысокія драўляныя будынкі, налева двухпавярховы дом з нейкай шыльдай. Сам велізарны каменны будынак турмы быў уперадзе, і да яго не падпускалі наведвальнікаў. Вартавы салдат са стрэльбаў хадзіў узад і ўперад, строга крычаў на тых, якія хацелі абыйсці яго.

Каля форткі драўляных будынкаў, з правага боку, супроць вартавога сядзеў на лавачцы надзірацель у мундзіры з галунамі, з запісной кніжкай. Да яго падыходзілі наведвальнікі і называлі тых, каго жадалі бачыць, і ён запісваў. Нехлюдаў таксама падышоў да яго і назваў Кацярыну Маславу. Надзірацель з галунамі запісаў.

— Чаму не пускаюць яшчэ? — запытаў Нехлюдаў.

— Абедня ідзе. Вось скончыцца абедня, тады пусцяць.

—Нехлюдаў адышоў да тых, што чакалі. З патоўпу вылучыўся ў абшарпаным адзенні і памнутым капелюшы, у апорках на босую нагу чалавек з чырвонымі палосамі на ўвесь твар і накіраваўся да турмы.

— Ты куды лезеш? — крыкнуў на яго салдат са стрэльбай.

— А ты чаго глотку дзярэш? — зусім не спалохаўшыся крыку вартавога адказаў абадранец і вярнуўся назад. — Не пускаеш — пачакаю. А то крычыць, нібы енерал.

У натоўпе спагадліва засмяяліся. Наведвальнікі былі ў дрэнным адзенні, нават абадраныя, але былі і прыстойныя на вонкавы выгляд і мужчыны і жанчыны. Побач з Нехлюдавым стаяў у добрай вопратцы, увесь паголены, гладкі румяны чалавек з вузялком, відаць бялізны, у руцэ. Нехлюдаў запытаў яго, ці першы раз ён тут. Чалавек з вузялком адказаў, што ён кожную нядзелю бывае тут, і яны разгаварыліся. Гэта быў швейцар з банка; ён прышоў сюды наведаць свайго брата, якога судзілі за падлог. Добрадушны чалавек гэты расказаў Нехлюдаву ўсю сваю гісторыю і хацеў распытваць і яго, калі іхнюю ўвагу адцягнулі студэнт з дамай пад вуаляй, якія прыехалі на вялікім пародзістым вараным кані, у пралётцы на гумавых шынах. Студэнт нёс у руках вялізны вузел. Ён падышоў да Нехлюдава і запытаў яго, ці можна, і што трэба зрабіць для таго, каб перадаць міласціню — калачы, каторыя ён прывёз. „Гэта я па жаданню нявесты. Гэта мая нявеста. Бацькі яе параілі нам адвезці зняволеным“.

— Я сам першы раз і не ведаю, але думаю, што трэба запытаць гэтага чалавека, — сказаў Нехлюдаў, паказваючы на надзірацеля з галунамі, які сядзеў з кніжкай направа.

У той самы час, калі Нехлюдаў гаварыў з студэнтам, вялікія, з акенцам пасярэдзіне, жалезныя дзверы турмы адчыніліся, і з іх вышаў афіцэр у мундзіры з другім надзірацелем, і надзірацель з кніжкай абвясціў, што ўпуск наведвальнікаў пачынаецца. Вартавы саступіў з дарогі, і ўсе наведвальнікі, нібы баючыся спазніцца, хуткім крокам, а хто і бегам кінуліся ў дзверы турмы. Ля дзвярэй стаяў адзін наглядчык, які па меры таго, як наведвальнікі праходзілі міма яго, лічыў іх, голасна вымаўляючы: шаснаццаць, семнаццаць і т. д. Другі надзірацель, у сярэдзіне будынка, таксама лічыў, дакранаючыся рукой да кожнага з тых, што праходзілі ў наступныя дзверы, з тым, каб пры выпуску праверыць лік і не пакінуць ніводнага наведвальніка ў турме і не выпусціць ніводнага зняволенага. Надзірацель гэты, не гледзячы на таго, хто праходзіў, хлопнуў рукой па спіне Нехлюдава, і гэта датыканне рукі наглядчыка ў першую мінуту зняважыла Нехлюдава, але адразу-ж ён успомніў, дзеля чаго ён прышоў сюды, і яму зрабілася сорамна гэтага пачуцця непрыемнасці і пагарды.

Першым памяшканнем за дзвярыма быў вялікі пакой з скляпеннямі і жалезнымі кратамі ў невялікіх вокнах. У пакоі гэтым, які звалі зборны, зусім нечакана Нехлюдаў убачыў у нішы вялікі вобраз распятага хрыста.

„Дзеля чаго гэта?“ падумаў ён, міжвольна злучаючы ў сваім уяўленні вобраз хрыста з вызваленымі, а не са зняволенымі.

Нехлюдаў ішоў павольна, прапускаючы ўперад тых наведвальнікаў, што спяшаліся, адчуваючы змешанае пачуццё жаху перад тымі злачынцамі, якія замкнуты тут, жаласць да тых нявінных, якія, як учарашні хлопчык і Кацюша, павінны быць тут, і палахлівасці і расчулення перад тым спатканнем, што мелася адбыцца. Каля выхаду з першага пакоя, у другім канцы яго, надзірацель праказаў нешта. Але Нехлюдаў, паглынуты сваімі думкамі, не звярнуў увагі на гэта і працягваў ісці туды, куды ішло больш наведвальнікаў, г. зн. у мужчынскае аддзяленне, а не ў жаночае, куды яму трэба было.

Прапускаючы спяшаючых уперад, ён увайшоў апошнім у памяшканне, прызначанае для спатканняў. Першае, што здзівіла яго, калі ён, адчыніўшы дзверы, увайшоў у гэта памяшканне, быў аглушаны крык сотні галасоў, які зліваўся ў адзін гул. Толькі бліжэй падышоўшы да людзей, якія, як мухі да цукру, прыляпіліся да сеткі, якая падзяляла пакой на дзве часткі, Нехлюдаў зразумеў, у чым справа. Пакой з вокнамі на задняй сцяне быў падзелен на дзве часткі не адной, а двума драцянымі сеткамі, працягнутымі ад столі да зямлі. Паміж сеткамі хадзілі надзірацелі. На тым баку сетак былі зняволеныя, на гэтым баку — наведвальнікі. Паміж тымі і другімі было дзве сеткі і аршыны тры адлегласці, так што не толькі перадаць што-небудзь, але і разгледзець твар, асабліва блізарукаму чалавеку, было немагчыма. Цяжка было і гаварыць, трэба было крычаць, што сілы, каб цябе пачулі. З абодвух бакоў прыціскаліся да сетак тварамі жонкі, мужы, бацькі, маткі, дзеці. Яны стараліся разгледзець адзін аднаго і сказаць тое, што трэба. Але з той прычыны, што кожны стараўся гаварыць так, каб яго пачуў яго субяседнік, і суседзі хацелі таго-ж, і іхнія галасы перашкаджалі адзін аднаму, то кожны стараўся перакрычаць другога. Ад гэтага стаяў той гул і крык, якія здзівілі Нехлюдава, калі ён увайшоў у гэты пакой. Зразумець тое, што гаварылася, не было ніякай магчымасці. Можна было толькі па тварах здагадвацца аб тым, што гаварылася і якія адносіны былі паміж размоўнікамі. Бліжэй да Нехлюдава была бабулька ў хусцінцы, якая, прыціснуўшыся да сеткі, дрыжучы падбародкам, крычала нешта бледнаму маладому чалавеку з паголенай паловай галавы. Арыштант, падняўшы бровы і змаршчыніўшы лоб, уважліва слухаў яе. Побач з бабулькай быў малады чалавек у паддзёўцы, які слухаў, ківаючы галавой, тое, што яму гаварыў падобны да яго арыштант са змучаным тварам і сіваватай барадой. Яшчэ далей стаяў абарванец і, махаючы рукой, нешта крычаў і смяяўся. А побач з ім сядзела на падлозе жанчына з дзіцём, у добрай шарсцянай хустцы, і рыдала, відаць, першы раз пабачыўшы таго сівага чалавека, які быў на другім баку ў арыштанцкай куртачцы, з паголенай галавой і ў кайданах. Над гэтай-жа жанчынай швейцар, з якім гаварыў Нехлюдаў, крычаў з усяе сілы лысаму з бліскучымі вачыма арыштанту на тым баку. Калі Нехлюдаў зразумеў, што ён павінен будзе гаварыць у гэткіх умовах, у ім узнялося пачуццё абурэння супроць тых людзей, якія маглі гэта зрабіць і захоўваць. Для яго дзіўна было, што гэткае жахлівае становішча, гэткае здзекванне над пачуццямі людзей нікога не зневажала. І салдаты, і сматрыцель, і наведвальнікі, і зняволеныя рабілі ўсё гэта так, нібы прызнаючы, што гэта так і павінна быць.

Нехлюдаў прабыў у гэтым пакоі мінут пяць, перажываючы нейкае дзіўнае пачуццё суму, разумення свайго бяссілля і разладу з усім светам; пачуццё маральнай моташнасці, падобнае да качкі на караблі, ахапіла яго.


XLII

„Аднак, трэба рабіць тое, дзеля чаго прышоў, — сказаў ён, падбадзёрваючы сябе. — Як-жа быць?“

Ён пачаў шукаць вачыма начальства і, убачыўшы невысокага, худога чалавека з вусамі, у афіцэрскіх пагонах, які хадзіў ззаду народу, звярнуўся да яго:

— Ці не можаце вы, міласлівы пане, мне сказаць, — сказаў ён з асабліва напружанай далікатнасцю, — дзе знаходзяцца жанчыны і дзе спатканні з імі дазваляюцца?

— Вам хіба ў жаночую трэба?

— Але, я-б жадаў бачыць адну жанчыну з зняволеных, — з той-жа напружанай далікатнасцю адказаў Нехлюдаў.

— Дык вы-б гэтак гаварылі, калі ў зборнай былі. Вам каго-ж трэба бачыць?

— Мне трэба бачыць Кацярыну Маславу.

— Яна палітычная? — запытаў памочнік сматрыцеля.

— Не, яна проста…

— Яна, што-ж, прысуджаная?

— Але, пазаўчора яна была прысуджана, — пакорліва адказаў Нехлюдаў, баючыся як-небудзь папсаваць настрой сматрыцеля, які як быццам спачуваў яму.

— Калі ў жаночую, дык сюды, калі ласка, — сказаў сматрыцель, напэўна вырашыўшы па выгляду Нехлюдава, што ён варты ўвагі. — Сідараў, — звярнуўся ён да вусатага унтэр-афіцэра з медалямі, — праводзь вось іх у жаночую.

— Слухаю-с.

У гэты час каля кратаў пачуліся нейчыя рыданні, поўныя роспачы.

Усё было дзіўна для Нехлюдава, і дзіўней за ўсё тое, што яму даводзілася дзякаваць і адчуваць сябе абавязаным перад сматрыцелем і старшым надзірацелем, перад людзьмі, якія рабілі ўсе тыя жорсткія справы, што рабіліся ў гэтым доме.

Надзірацель вывеў Нехлюдава з пакоя для наведвальнікаў мужчынскага аддзялення ў калідор і адразу-ж, адчыніўшы дзверы насупраць, прывёў яго ў жаночы пакой для спатканняў.

Пакой гэты, таксама як і мужчынскі, быў падзелены на тры часткі двума сеткамі, але ён быў значна меншы, і ў ім было менш наведвальнікаў і зняволеных, але крык і гул быў такі самы, які ў мужчынскім. Таксама паміж сеткамі хадзіла начальства. Начальства тут прадстаўляла надзірацельніца ў мундзіры з галунамі на рукавах і сінімі аблямоўкамі і гэткім самым поясам, як у надзірацеляў. І таксама, як у мужчынскім, з абодвух бакоў наліпалі да сетак людзі: з гэтага боку — у рознастайных адзеннях гарадскія жыхары, з таго боку — арыштанткі, некаторыя ў белым, некаторыя ў сваім адзенні. Уся сетка была застаўлена людзьмі. Адны падымаліся на цыпкі, каб праз галовы другіх іх пачулі, другія сядзелі на падлозе і перагаварваліся.

Больш за ўсіх жанчын-арыштантак кідалася ў вочы выглядам і дзіўным крыкам калматая, худая цыганка-арыштантка, са збітай з кучаравых валасоў хусткай. Яна стаяла амаль пасярэдзіне пакоя, на тым баку кратаў каля слупа і нешта з хуткімі жэстамі крычала нізка і туга падпярэзанаму цыгану ў сінім сурдуце. Побач з цыганом прысеў да зямлі салдат, які гутарыў з арыштанткай, потым стаяў, прыціснуўшыся да сеткі, малады з светлай барадой мужычок у лапцях з пачырванелым тварам, відаць, ён ледзь стрымліваў слёзы. З ім гаварыла прыгожая бялявая арыштантка, пазіраючы светлымі блакітнымі вачыма на субяседніка. Гэта была Фядос‘я з сваім мужам. Каля іх стаяў абадранец, перагаварваючыся з раскудлачанай шырокатварай жанчынай, потым дзве жанчыны, мужчына, зноў жанчына — супроць кожнага была арыштантка. Сярод іх Маславай не было. Але ззаду арыштантак, на тым баку, стаяла яшчэ адна жанчына, і Нехлюдаў адразу-ж зразумеў, што гэта была яна, і адразу-ж адчуў, як моцна забілася яго сэрца і спынілася дыханне. Рашучая мінута набліжалася. Ён падышоў да сеткі і пазнаў яе. Яна стаяла ззаду блакітнавокай Фядос‘і, усміхаючыся, слухала тое, што яна гаварыла. Яна не была ў халаце, як пазаўчора, а ў белай кофце, туга сцягнутай поясам і высока паднятай на грудзях. З-пад хусцінкі, як на судзе, выстаўляліся кучаравыя чорныя валасы.

„Зараз вырашыцца, — думаў ён. — Як мне паклікаць яе? Або сама падыйдзе?“.

Але сама яна не падыходзіла. Яна чакала Клару і ніяк не думала, што гэты мужчына прышоў да яе.

— Вам каго трэба? — запытала, падыходзячы да Нехлюдава, надзірацельніца, якая хадзіла паміж сеткамі.

— Кацярыну Маславу, — ледзьве здолеў вымавіць Нехлюдаў.

— Маслава, да цябе! — крыкнула надзірацельніца.


XLIII

Маслава азірнулася і, падняўшы галаву і проста выстаўляючы грудзі, з сваім, знаёмым Нехлюдаву выглядам гатоўнасці, падышла да кратаў, праціскаючыся паміж двума арыштанткамі, і здзіўлена-запытальна ўставілася на Нехлюдава, не пазнаючы яго.

Прызнаўшы, аднак, па адзенню ў ім багатага чалавека, і яна ўсміхнулася.

— Вы да мяне? — сказала яна з усмешкай, набліжаючы да рашоткі свой твар з касаватымі вачыма.

— Я хацеў бачыць… — Нехлюдаў не ведаў, як сказаць: „вас“ або „цябе“, і парашыў сказаць „вас“ . Ён гаварыў не галасней звычайнага…

— Я хацеў бачыць вас… я…

— Ты мне зубы не загаварвай, — крычаў каля яго абадранец. — Брала ці не брала?

— Кажу-ж табе, памірае, чаго-ж яшчэ? — крычаў нехта з другога боку.

Маслава не магла пачуць таго, што гаварыў Нехлюдаў, але выраз яго твара ў той час, як ён ёй гаварыў, раптам напомніў ёй яго. Але яна не паверыла сабе. Усмешка, аднак, сышла з яе твара, і лоб пачаў пакутліва моршчыцца.

— Не чуваць, што гаворыце, пракрычала яна, жмурачыся і ўсё больш і больш моршчачы лоб.

— Я прышоў…

„Так, я раблю тое, што трэба, я каюся“, падумаў Нехлюдаў. І толькі што ён падумаў гэта, слёзы выступілі яму на вочы, падступілі да горла, і ён, зачапіўшыся пальцамі за краты, замаўчаў, стрымліваючы сябе, каб не разрыдацца.

— Я кажу: навошта лезеш, куды не трэба… — крычалі з аднаго боку.

— Вер ты богу, ведаць не ведаю, — крычала арыштантка з другога боку.

Убачыўшы яго хваляванне, Маслава пазнала яго.

— Падобна, ды не пазнаю, — закрычала яна, не гледзячы на яго, і пачырванелы раптам твар яе зрабіўся яшчэ больш панурым.

— Я прышоў за тым, каб прасіць у цябе выбачэння, — пракрычаў ён змененым голасам, без інтанацыі, як завучаны ўрок.

Пракрычаўшы гэтыя словы, яму зрабілася сорамна, і ён азірнуўся. Але адразу-ж прышла думка, што калі яму сорамна, дык гэта яшчэ лепей, таму што ён павінен несці сорам. І ён голасна працягваў:

— Даруй мне, я страшна вінават перад… — пракрычаў ён яшчэ.

Яна стаяла нерухома і не зводзіла з яго свайго касога погляду.

Ён не мог далей гаварыць і адышоў ад кратаў, стараючыся стрымаць рыданні, якія ўскалыхнулі яго грудзі.

Сматрыцель, той самы, які накіраваў Нехлюдава ў жаночае аддзяленне, відаць, зацікаўлены ім, прышоў у гэта аддзяленне і, убачыўшы Нехлюдава не каля кратаў, запытаў яго, чаму ён не гаворыць з той, з кім яму трэба. Нехлюдаў высмаркаўся і, устрахнуўшыся, стараючыся мець спакойны выгляд, адказаў:

— Не магу гаварыць цераз краты, нічога не чуваць.

Сматрыцель задумаўся.

— Ну, што-ж, можна вывесці яе сюды часова.

— Мар‘я Карлаўна! — звярнуўся ён да надзірацельніцы. — Выведзіце Маславу сюды.

Праз мінуту з бакавых дзвярэй вышла Маслава. Падышоўшы мяккімі крокамі блізка да Нехлюдава, яна спынілася і спадылба зірнула на яго. Чорныя валасы, таксама як пазаўчора, выбіваліся кучаравымі кольцамі, твар, нездаровы, пухлы і белы, быў прыгожы і зусім спакойны; толькі глянцавіта-чорныя вочы з-пад падпухлых павекаў асабліва блішчэлі.

— Можна тут гаварыць, — сказаў сматрыцель і адышоў.

Нехлюдаў прысунуўся да лавы, якая стаяла каля сцяны.

Маслава зірнула запытальна на памочніка сматрыцеля і потым, нібы са здзіўленнем павёўшы плячыма, пайшла за Нехлюдавым да лавы і села на яе побач з ім, паправіўшы спадніцу.

— Я ведаю, што вам цяжка дараваць мне, — пачаў Нехлюдаў, але зноў спыніўся, адчуваючы, што слёзы перашкаджаюць, — але калі нельга ўжо выправіць мінулага, дык я цяпер зраблю ўсё, што магу. Скажыце…

— Як гэта вы знайшлі мяне? — не адказваючы на яго пытанне, запытала яна, і гледзячы і не гледзячы на яго сваімі касымі вачыма.

„Божа мой! Памажы мне. Навучы мяне, што мне рабіць!“ гаварыў сабе Нехлюдаў, гледзячы на яе гэткі зменены, непрыгожы цяпер твар.

— Я пазаўчора быў прысяжным, — сказаў ён, — калі вас судзілі. Вы не пазналі мяне.

— Не, не пазнала. Некалі мне было пазнаваць. Ды я і не глядзела, — сказала яна.

— Дзіцёнак быў-жа? — запытаў ён і адчуў, як твар яго пачырванеў.

— Тады-ж, слава богу, памёр, — коратка і злосна адказала яна, адварочваючы ад яго погляд.

— Як-жа, ад чаго?

— Я сама хворая была, ледзьве не памерла, — сказала яна, не падымаючы вачэй.

— Як-жа цёткі вас адпусцілі?

— Хто-ж будзе пакаёўку з дзіцёнкам трымаць? Як заўважылі, так і прагналі. Ды што казаць, — не помню нічога, усё забыла. Тое ўсё скончана.

— Не, не скончана. Не магу я так пакінуць гэта. Я хаця цяпер хачу выправіць свой грэх.

— Няма чаго выпраўляць: што было, тое было і прайшло, — сказала яна і, чаго ён ніяк не чакаў, яна раптам зірнула на яго і непрыемна, прывабна і жаласліва ўсміхнулася.

Маслава ніяк не чакала ўбачыць яго, асабліва цяпер і тут, і таму ў першую мінуту з‘яўленне яго здзівіла яе і прымусіла ўспомніць аб тым, чаго яна не ўспамінала ніколі. Яна ў першую мінуту ўспомніла цмяна аб тым новым цудоўным свеце пачуццяў і думак, які адкрыў ёй прыгожы юнак, каторы кахаў яе і якога яна кахала, і потым аб яго незразумелай жорсткасці і цэлым радзе зняваг, пакут, якія пайшлі ўслед за гэтым чароўным шчасцем і выцякалі з яго. Але, не маючы сілы разабрацца ў гэтым, яна зрабіла і цяпер, як рабіла заўсёды: адагнала ад сябе гэтыя ўспаміны і пастаралася заслаць іх асаблівым туманам распуснага жыцця; таксама яна зрабіла і цяпер. У першую мінуту яна злучыла чалавека, які цяпер сядзеў перад ёю, з тым юнаком, якога яна некалі кахала, але потым, убачыўшы, што гэта надта балюча, яна перастала злучаць яго з тым. Цяпер гэты чыста апрануты, выпеставаны пан з надушанай барадой быў для яе не той Нехлюдаў, якога яна кахала, а толькі адзін з тых людзей, якія, калі ім трэба было, карысталіся гэткімі істотамі, як яна, і якімі такія, як яна, павінны былі карыстацца як мага для сябе карысней. І таму яна прывабна ўсміхнулася яму. Яна памаўчала, абдумваючы, чым-бы пакарыстацца ад яго.

— Тое ўсё скончана, — сказала яна. — Цяпер вось засудзілі на катаргу.

І губы яе задрыжэлі, калі яна вымавіла гэта страшнае слова.

— Я ведаў, я ўпэўнен быў, што вы не вінаваты, — сказаў Нехлюдаў.

— Вядома, не вінавата. Хіба я зладзейка ці рабаўніца. У нас кажуць, што ўсё ад адваката, — працягвала яна. — Кажуць, трэба прашэнне падаць. Толькі дорага, кажуць, бяруць…

— Але, абавязкова, — сказаў Нехлюдаў. — Я ўжо звярнуўся да адваката.

— Трэба не пашкадаваць грошай, добрага, — сказала яна.

— Я ўсё зраблю, што магчыма.

Наступіла маўчанне.

Яна зноў таксама ўсміхнулася.

— А я хачу вас папрасіць… грошай, калі можаце. Нямнога… дзесяць рублёў, больш не трэба, — раптам сказала яна.

— Але, але, — збянтэжана загаварыў Нехлюдаў і ўзяўся за кашалёк.

Яна хутка зірнула на сматрыцеля, які хадзіў узад і ўперад па камеры.

— Пры ім не давайце, а то адбяруць.

Нехлюдаў дастаў кашалёк, як толькі сматрыцель адвярнуўся, але не паспеў перадаць дзесяцірублёвую паперку, як сматрыцель зноў павярнуўся да іх тварам. Ён заціснуў яе ў руцэ.

„Гэта-ж мёртвая жанчына“, думаў Нехлюдаў, гледзячы на гэты, некалі любы, цяпер апаганены пухлы твар з бліскучым, нядобрым бляскам чорных касаватых вачэй, якія сачылі за сматрыцелем і яго рукой з заціснутай паперкай. І на яго найшла мінута хістання.

Зноў той спакуснік, які гаварыў учора ўначы, загаварыў у душы Нехлюдава, як заўсёды, стараючыся вывесці яго з пытанняў аб тым, што трэба зрабіць, да пытання аб тым, што выйдзе з яго ўчынкаў і што карысна.

„Нічога ты не зробіш з гэтай жанчынай, — гаварыў гэты голас, — толькі сабе на шыю павесіш камень, які ўтопіць цябе і перашкодзіць быць карысным іншым. Даць ёй грошай, усё, што ёсць, развітацца з ёю і скончыць усё назаўсёды?“ падумалася яму.

Але тут-жа ён адчуў, што цяпер, зараз, адбываецца нешта самае важнае ў яго душы, што яго ўнутранае жыццё стаіць у гэты час нібы на хісткай вазе, якая найменшым намаганнем можа быць перацягнена ў той ці іншы бок. І ён зрабіў гэта намаганне, паклікаўшы таго бога, якога ён учора адчуў у сваёй душы, і бог тут-жа адгукнуўся ў ім.

Ён парашыў зараз сказаць ёй усё.

— Кацюша! Я прышоў да цябе прасіць выбачэння, а ты не адказала мне, ці даравала ты мне, ці даруеш мне калі-небудзь, — сказаў ён, раптам пераходзячы на ты.

Яна не слухала яго, а глядзела то на яго руку, то на сматрыцеля. Калі сматрыцель адвярнуўся, яна хутка працягнула да яго руку, схапіла бумажку і паклала за пояс.

— Дзіўнае нешта гаворыце, — сказала яна, зняважліва, як яму здалося, усміхаючыся.

Нехлюдаў адчуваў, што ў ёй ёсць нешта проста варожае яму, што абараняе яе гэткаю, якая яна цяпер, і перашкаджае яму пранікнуць да яе сэрца.

Але, дзіўная рэч, гэта яго не толькі не адштурхвала, але яшчэ больш, нейкай асаблівай, новай сілай прыцягвала да яе. Ён адчуваў, што яму трэба разбудзіць яе духоўна, што гэта страшна цяжка; але самая цяжкасць гэтай справы вабіла яго. Ён адчуваў да яе цяпер пачуццё такое, якога ён ніколі не адчуваў раней ні да яе, ні да каго-небудзь іншага, у якім не было нічога асабовага: ён нічога не жадаў сабе ад яе, а жадаў толькі таго, каб яна перастала быць такою, якою яна была цяпер, каб яна абудзілася і стала такою, якою яна была раней.

— Кацюша, навошта ты так гаворыш? Я-ж ведаю цябе, помню цябе тады, у Панове…

— Што старое памінаць, — суха сказала яна.

— Я ўспамінаю таму, каб загладзіць, выправіць свой грэх, Кацюша, — пачаў ён і хацеў было сказаць аб тым, што ён ажэніцца з ёю, але ён сустрэў яе погляд і прачытаў у ім нешта такое страшнае і грубае, агіднае, што не мог дагаварыць.

У гэты час наведвальнікі пачалі выходзіць. Сматрыцель падышоў да Нехлюдава і сказаў, што час спаткання скончыўся. Маслава ўстала, пакорліва чакаючы, калі яе адпусцяць.

— Бывайце, мне яшчэ багата трэба сказаць вам, але, як бачыце, цяпер нельга, — сказаў Нехлюдаў і працягнуў руку. — Я прыду яшчэ.

— Здаецца, усё сказалі…

Яна падала руку, але не паціснула.

— Не, я пастараюся пабачыцца з вамі яшчэ, дзе-б можна перагаварыць, і тады скажу вельмі важнае, што трэба сказаць вам, — сказаў Нехлюдаў.

— Што-ж, прыходзьце, — сказала яна, усміхаючыся той усмешкай, якой усміхалася мужчынам, якім хацела падабацца.

— Вы бліжэй для мяне, чым сястра, — сказаў Нехлюдаў.

— Дзіўна, — паўтарыла яна і, ківаючы галавой, пайшла за краты.


XLIV

Пры першым спатканні Нехлюдаў чакаў, што ўжо Кацюша, убачыўшы яго, даведаўшыся пра яго намер служыць ёй і яго раскаянне, узрадуецца і расчуліцца і зробіцца зноў Кацюшай, але, на жах свой, ён убачыў, што Кацюшы не было, а была адна Маслава. Гэта здзівіла і прывяло яго ў жах.

Пераважна здзіўляла яго тое, што Маслава не толькі не саромілася свайго становішча — не арыштанткі (гэтага яна саромілася), а свайго становішча прастытуткі, — але нібы нават была здаволена, амаль ганарылася ім. А тым часам гэта і не магло быць іначай. Кожнаму чалавеку для таго, каб дзейнічаць, неабходна лічыць сваю дзейнасць важнай і добрай. І таму, якое-б ні было становішча чалавека, ён абавязкова складзе сабе гэткі погляд на людское жыццё наогул, пры якім яго дзейнасць будзе здавацца яму важнай і добрай.

Звычайна думаюць, што злодзей, забойца, шпіён, прастыстутка, прызнаючы сваю прафесію благой, павінны сароміцца яе. Робіцца-ж зусім адваротнае. Людзі, лёсам і сваімі грахамі-памылкамі, пастаўленыя ў пэўнае становішча, як-бы яно ні было няправільна, складаюць сабе гэткі погляд на жыццё наогул, пры якім іхняе становішча ўяўляецца ім добрым і ўважным. Для падтрымання-ж гэткага погляду людзі інстынктыўна трымаюцца таго кола людзей, у якім прызнаецца складзенае імі аб жыцці і аб сваім у ім месцы паняцце. Нас гэта здзіўляе, калі справа датычыцца зладзеяў, якія хваляцца сваёй спрытнасцю, прастытутак — сваёй распуснасцю, забойцаў — сваёй жорсткасцю. Але здзіўляе гэта нас толькі таму, што кола-атмасфера гэтых людзей абмежавана і, галоўнае, што мы знаходзімся па-за ёй; але хіба не тая самая з‘ява адбываецца сярод багачоў, якія хваляцца сваім багаццем, г. зн. рабаўніцтвам, ваенна-начальнікаў, якія хваляцца сваімі перамогамі, г. зн. забойствам, уладароў, якія хваляцца сваёй магутнасцю, г. зн. гвалтаўніцтвам. Мы не бачым у гэтых людзях скажонага паняцця аб жыцці, аб дабры і зле для апраўдання свайго становішча толькі таму, што кола людзей з гэткімі скажонымі паняццямі большае, і мы самі належым да яго.

І такі погляд на сваё жыццё і сваё месца ў свеце склаўся ў Маславай. Яна была прастытутка, засуджаная на катаргу, і, не гледзячы на гэта, яна склала сабе такі светапогляд, пры якім магла ўхваліць сябе і нават ганарыцца перад людзьмі сваім становішчам.

Светапогляд гэты быў у тым, што галоўнае шчасце ўсіх мужчын, усіх без выключэння — старых, маладых, гімназістаў, генералаў, адукаваных, неадукаваных, — ёсць у палавой сувязі з прывабнымі жанчынамі, і таму ўсе мужчыны, хаця і прыкідаюцца, што заняты іншымі справамі, па сутнасці жадаюць толькі аднаго гэтага. Яна-ж — прывабная жанчына — можа задавальняць або не задавальняць гэта іхняе жаданне, і таму яна — важны і патрэбны чалавек. Усё яе ранейшае і цяперашняе жыццё было сцвярджэннем справядлівасці гэтага погляду.

На працягу дзесяці год яна ўсюды, дзе-б яна ні была, пачынаючы з Нехлюдава і старога-станавога і канчаючы астрожнымі надзірацелямі, бачыла, што ўсе мужчыны маюць патрэбу ў ёй; яна не бачыла і не заўважала тых мужчын, якія не мелі патрэбы ў ёй. І таму ўвесь свет уяўляўся ёй зборам ахопленых похаццю людзей, якія з усіх бакоў пільнавалі яе і ўсімі магчымымі сродкамі — ашуканствам, гвалтам, купляй, хітрасцю — стараліся авалодаць ёю.

Гэтак разумела жыццё Маслава, і пры гэткім разуменні жыцця яна была не толькі не апошні, а вельмі важны чалавек. І Маслава даражыла гэткім разуменнем жыцця больш за ўсё на свеце, — не магла не даражыць ім, таму што, змяніўшы гэткае разуменне жыцця, яна губляла тое значэнне, якое гэткае разуменне давала ёй сярод людзей. І для таго, каб не губляць свайго значэння ў жыцці, яна інстынктыўна трымалася такога кола людзей, якія глядзелі на жыццё таксама, як і яна. Адчуваючы-ж, што Нехлюдаў хоча вывесці яе ў другі свет, яна працівілася яму, прадбачачы, што ў тым свеце, у які ён прывабліваў яе, яна павінна будзе згубіць гэта сваё месца ў жыцці, што давала ёй упэўненасць і самапаважанне. З гэтай-жа прычыны яна адганяла ўспаміны першага юнацтва і першых адносін з Нехлюдавым. Успаміны гэтыя не сыходзіліся з яе цяперашнім светапоглядам і таму былі зусім выкрэслены з яе памяці або, хутчэй, недзе хаваліся ў яе памяці некранутымі, але былі гэтак замкнуты, замазаны, як пчолы замазваюць гнёзды клачнёў (чарвякоў), якія могуць знішчыць усю пчаліную работу, каб да іх не было як даступіцца. І таму цяперашні Нехлюдаў быў для яе не той чалавек, якога яна некалі кахала чыстым каханнем, а толькі багаты пан, якога можна і трэба скарыстаць і з якім маглі быць толькі гэткія адносіны, як і з усімі мужчынамі.

„Не, не мог сказаць галоўнага, — думаў Нехлюдаў, накіроўваючыся разам з народам да выхаду. — Я не сказаў ёй, што ажанюся з ёю. Не сказаў, а зраблю гэта“, думаў ён.

Надзірацелі, стоячы каля дзвярэй, зноў, выпускаючы, у дзве рукі лічылі наведвальнікаў, каб не вышаў лішні і не астаўся ў турме. Тое, што яго хлопалі цяпер па спіне, не толькі не зневажала яго, але ён нават і не заўважыў гэтага.


XLV

Нехлюдаву хацелася змяніць сваё знешняе жыццё: здаць вялікую кватэру, распусціць прыслугу і пераехаць у гасцініцу. Але Аграфена Пятроўна даказала яму, што няма ніякага сэнсу да зімы што-небудзь зменьваць у наладжаным жыцці; улетку кватэры ніхто не возьме, а жыць і трымаць мэблю і рэчы дзе-небудзь-жа трэба. Так што ўсе намаганні Нехлюдава змяніць сваё знешняе жыццё (яму хацелася жыць проста, па-студэнцку) не мелі поспеху. Мала таго, што ўсё асталося, як раней, у доме пачалася напружаная работа: праветрыванне, развешванне і выбіванне ўсякіх шарсцяных і футравых рэчаў, у якой прымалі ўдзел і дворнік, і яго памочнік, і кухарка, і сам Карней. Спачатку выносілі і вывешвалі на вяроўкі нейкія мундзіры і нейкія дзіўныя рэчы, якімі ніколі ніхто не карыстаўся; потым пачалі выносіць каўры і мэблю, і дворнік з памочнікам, закасаўшы рукавы мускулістых рук, старанна ў тахт выбівалі гэтыя рэчы, і па ўсіх пакоях пашыраўся пах нафталіну. Праходзячы па дварэ і гледзячы з акон, Нехлюдаў здзіўляўся на тое, як страшна багата ўсяго гэтага было, і як усё гэта было безумоўна бескарысна. „Адзінае скарыстанне і прызначэнне гэтых рэчаў, — думаў Нехлюдаў, — складалася з таго, каб даць выпадак рабіць практыкаванні Аграфене Пятроўне, Карнею, дворніку і кухарцы“.

„Не варта зменьваць формы жыцця цяпер, пакуль справа Маславай не вырашана, — думаў Нехлюдаў. — Ды і надта цяжка гэта. Усё-адно само сабой усё зменіцца, калі вызваляць або сашлюць яе, і я паеду за ёю“.

У прызначаны адвакатам Фанарыным дзень Нехлюдаў прыехаў да яго. Увайшоўшы ў яго раскошную кватэру ўласнага дома з вялізнымі раслінамі і дзіўнымі фіранкамі на вокнах і наогул з тым дарагім абсталяваннем, што сведчыць аб дурашных, г. зн. лёгка нажытых грошах, якое бывае толькі ў нечакана разбагацеўшых людзей, Нехлюдаў застаў у прыймовым пакоі чаргу прасіцеляў, як у дактароў. Яны панура сядзелі каля сталоў з ілюстраванымі часопісамі, якія павінны былі ўцяшаць іх. Памочнік адваката, які сядзеў тут-жа, каля высокай канторкі, пазнаўшы Нехлюдава, падышоў да яго, паздароўкаўся і сказаў, што ён зараз скажа прынцыпалу. Але не паспеў памочнік падыйсці да дзвярэй у габінет, як яны самі адчыніліся, і пачуліся гучныя, ажыўленыя галасы немаладога прысадзістага чалавека, з чырвоным тварам і з густымі вусамі, у зусім новым адзенні, і самога Фанарына. На абодвух тварах быў той выраз, які бывае на тварах людзей, якія толькі што зрабілі выгадную, але не зусім добрую справу.

— Самі вінаваты, бацюхна, — усміхаючыся, гаварыў Фанарын.

— І рад-бы ў рай, ды грахі не пушчаюць.

— Ну, ну, мы ведаем.

І абодва ненатуральна засмяяліся.

— А, князь, калі ласка, — сказаў Фанарын, убачыўшы Нехлюдава, і, кіўнуўшы яшчэ раз на развітанне купцу, павёў Нехлюдава ў свой, суровага стылю, дзелавы габінет. — Калі ласка, курыце, — сказаў адвакат, сядаючы супроць Нехлюдава і стрымліваючы ўсмешку, выкліканую поспехам папярэдняй справы.

— Дзякую, я аб справе Маславай.

— Але, але, зараз. У, якія шэльмы гэтыя тоўстасумы! — сказаў ён. — Бачылі гэтага малайца? У яго мільёнаў 12 капітала. А гаворыць: пушчае. Ну, а калі толькі можа выцягнуць у вас дваццаціпяцірублёвы білет — зубамі вырве.

„Ён гаворыць „пушчае“, а ты гаворыш „дваццаціпяцірублёвы білет“, думаў тым часам Нехлюдаў, адчуваючы непераможную агіду да гэтага развязнага чалавека, які тонам сваім жадае паказаць, што ён з ім, з Нехлюдавым, аднаго, а з кліентамі-наведвальнікамі і астатнімі — іншага, чужога ім лагера.

— Ужо вельмі ён мяне змардаваў — страшны нягоднік. Хацелася душу адвесці, — сказаў адвакат, нібы апраўдваючыся ў тым, што гаворыць не аб справе. — Ну-с, пра вашу справу… Я яе прачытаў уважліва і „содержания оной не одобрил“, як гаворыцца ў Тургенева, г.зн. адвакацішка быў дрэнны і ўсе повады касацыі правароніў.

— Дык што-ж вы парашылі?

— Зараз. Скажыце яму, — звярнуўся ён да памочніка, які ўвайшоў, — што, як я сказаў, так і будзе: можа — добра, не можа — не трэба.

— Ды ён не згодзен.

— Ну, і не трэба, — сказаў адвакат, і твар у яго з радаснага і добрадушнага раптам зрабіўся панурым і злосным.

— Вось гавораць, што адвакаты дарэмна грошы бяруць, — сказаў ён, наводзячы на свой твар зноў ранейшую прыемнасць. — Я выпрастаў аднаго збанкрутаванага даўжніка з зусім няправільнага абвінавачвання, і цяпер яны ўсе да мяне лезуць. А кожная такая справа каштуе велізарнай працы. І мы-ж таксама, як нейкі пісьменнік гаворыць, пакідаем кавалачак мяса ў чарнільніцы. Ну-с, дык ваша справа, або справа, якая цікавіць вас, — працягваў ён, — вялася дрэнна, добрых повадаў для касацыі няма, але ўсё-жткі паспрабаваць касіраваць можна, і я вось напісаў наступнае.

Ён узяў аркуш запісанай паперы і, хутка праглатваючы некаторыя нецікавыя фармальныя словы і асабліва выразна вымаўляючы іншыя, пачаў чытаць:

„У крымінальны касацыйны дэпартамент і т. д. і т. д. такі-та і т. д. скарга. Рашэннем вынесенага і т. д. і т. д. вердыкта і т. д., прызнана такая-та Маслава вінаватай у забойстве шляхам атручэння купца Смелькова і на падставе 1454 артыкула ўкладання засуджана і т. д., катаржныя работы і т. д.“

Ён спыніўся; відаць, не гледзячы на вялікую прывычку, ён усё-ж ткі з задаволеннем слухаў свой твор.

„Прысуд гэты з‘яўляецца вынікам гэткіх-жа важных працэсуальных парушэнняў і памылак, — прадаўжаў ён салідна, — што падлягае адмене. Па-першае, чытанне ў часе судовага следства акта даследавання ўнутранасцей Смелькова было спынена ў самым пачатку старшынёй“ — раз.

— Але-ж гэта абвінаўца патрабаваў чытання, — з здзіўленнем сказаў Нехлюдаў.

— Усё-адно, абарона магла мець падставы патрабаваць таго-ж самага.

— Але-ж гэта ўжо зусім ні для чаго не патрэбна было.

— Усё-ж ткі гэта повад. Далей: „па-другое, адваката Маславай, — прадаўжаў ён чытаць, — спыніў судовы старшыня ў час прамовы, калі, жадаючы ахарактарызаваць асобу Маславай, ён закрануў унутраныя прычыны яе падзення, на той падставе, што словы адваката нібы не маюць непасрэднага дачынення да справы, а тым часам у справах крымінальных, як гэта было неаднаразова ўказана сенатам, высвятленне характару і наогул маральнага твара падсуднага мае галоўнае значэнне, хаця-б для правільнага вырашэння пытання аб ўмяненні“ — два, — сказаў ён, зірнуўшы на Нехлюдава.

— Але-ж ён вельмі дрэнна гаварыў, так што нельга было нічога зразумець, — яшчэ больш здзіўляючыся, сказаў Нехлюдаў.

— Малы дурны зусім і, зразумела, нічога не мог сказаць разумнага, — смеючыся сказаў Фанарын, — але ўсё-такі повад. Ну-с, потым. Па-трэцяе, у заключным слове сваім судавы старшыня, наперакор катэгарычнаму патрабаванню 1 п. 801 арт. Устава крымільнага судаўніцтва не растлумачыў прысяжным засядацелям, з якіх юрыдычных злементаў складаецца паняцце аб вінаватасці і не сказаў ім, што яны маюць права, прызнаўшы даказаным факт давання Маславаю атруты Смелькову, не лічыць яе гэты ўчынак за віну за адсутнасцю ў яе намеру забойства і такім чынам прызнаць яе не ў крымінальным злачынстве, а толькі ў праступку неасцярожнасці, вынікам якой, не чаканым для Маславай, была смерць купца“. Вось гэта галоўнае.

— Але мы і самі маглі зразумець гэта. Гэта наша памылка.

„І нарэшце, па-чацвертае, — прадаўжаў адвакат, — прысяжнымі засядацелямі адказ на запытанне суда аб вінаватасці Маславай быў даны ў такой форме, якая заключала ў сабе відавочную супярэчнасць. Маслава абвінавачвалася ў наўмысным атручэнні Смелькова выключна з мэтай рабунку, які з‘яўляўся адзіным матывам забойства, прысяжныя-ж у адказе сваім адхілілі мэту абрабавання і ўдзел Маславай у крадзяжы каштоўнасцей, з чаго відавочна было, што яны мелі на ўвазе адхіліць і намер падсуднай на забойства і толькі па неразуменню, выкліканаму непаўнатой заключнага слова старшыні, не выказалі гэта патрэбным чынам у сваім адказе, а таму гэткі адказ прысяжных безумоўна патрабаваў ужывання 816 і 808 артыкулаў Устава крымінальнага судаўніцтва, г. зн. растлумачання прысяжным з боку судовага старшыні зробленай імі памылкі і звароту да новай нарады і новаму адказу на пытанне аб віноўнасці падсуднай“, прачытаў Фанарын.

— Дык чаму-ж старшыня не зрабіў гэтага?

— Я-б таксама жадаў ведаць чаму, — смеючыся, сказаў Фанарын.

— Значыцца, сенат выправіць памылку?

— Гэта гледзячы на тое, якія там ў даны момант будуць засядаць багадулы.

— Як багадулы?

— Багадулы з багадзельні. Ну, дык вось. Далей пішам: „Такі вердыкт не даваў суду права, — прадаўжаў ён хутка, — падвесці Маславу пад крымінальнае пакаранне і дапасаванне да яе З пункта 771 артыкула Устава крымінальнага судаўніцтва з‘яўляецца рэзкім і буйным парушэннем галоўных асноў нашага крымінальнага працэса. Паводле выкладзеных падстаў маю гонар хадайнічаць і т. д. і т. д. аб адмене згодна 909, 910, 2 пункта 912 і 928 артыкулаў Устава крымінальнага судаўніцтва і т. д. і т. д. і аб перадачы справы гэтай у іншае аддзяленне таго самага суда для новага разгледжання“. Так вось, усё, што можна было зрабіць, зроблена. Але буду шчырым, надзеі на поспех мала. Аднак, усё залежыць ад складу дэпартамента сената. Калі ёсць рука, пахадайнічайце.

— Я некаторых ведаю.

— Ды і хутчэй, а то яны ўсе паедуць гемароі лячыць, і тады тры месяцы трэба чакаць… Ну, а ў выпадку няўдачы астаецца прашэнне на высачайшае імя. Гэта таксама залежыць ад закуліснай работы. І ў гэтым выпадку гатовы служыць, г. зн. не ў закуліснай, а ў складанні прашэння.

— Дзякую вам, ганарар, значыцца…

— Памочнік перадасць вам белавую скаргу і скажа.

— Яшчэ я хацеў запытаць вас: пракурор даў мне пропуск у турму да гэтай асобы, а ў турме мне сказалі, што патрэбен яшчэ дазвол губернатара для спаткання апроч дамоўленых дзён і месца. Ці патрэбна гэта?

— Але, я думаю. Але цяпер губернатара няма, кіруе пасадай віц. Толькі гэта такі драмучы дурань, што вы з ім наўрад ці што зробіце.

— Гэта Масленнікаў?..

— Але.

— Я ведаю яго, — сказаў Нехлюдаў і ўстаў, каб пайсці.

У гэты час у пакой уляцела хуткім крокам маленькая, вельмі непрыгожая, кірпатая, кастлявая, жоўтая жанчына — жонка адваката, якая, відаць, зусім не брала на ўвагу сваю непрыгожасць. Яна не толькі была надзвычайна арыгінальна адзета, — нешта было на ёй накручана і аксамітнае, і шоўкавае, і яркажоўтае, і зялёнае, — але і рэдкія валасы яе былі падвіты, і яна пераможна ўляцела ў прыймовы пакой. З ёю разам ішоў доўгі чалавек з усмешкай і земляным колерам твара, у сурдуце з шаўковымі адваротамі і белым гальштуку. Гэта быў пісьменнік; яго ведаў у твар Нехлюдаў.

— Анатоль, — вымавіла яна, адчыняючы дзверы, — хадзем да мяне. Вось Сямён Іванавіч абяцае прачытаць свой верш, а ты павінен чытаць пра Гаршына абавязкова.

Нехлюдаў хацеў пайсці, але жонка адваката пашапталася з мужам і адразу-ж звярнулася да яго.

— Калі ласка, князь, — я вас ведаю і лічу залішнім прадстаўляцца, — наведайце нашу літаратурную раніцу. Вельмі будзе цікава. Анатоль чароўна чытае.

— Бачыце, колькі ў мяне рознастайных спраў, — сказаў Анатоль, разводзячы рукамі, усміхаючыся і паказваючы на жонку, выказваючы гэтым немагчымасць процістаяць гэткай прывабнай асобе.

З сумным і суровым тварам і з вялікай пачцівасцю падзякаваўшы жонцы адваката за гонар запрашэння, Нехлюдаў адмовіўся за адсутнасцю магчымасці і вышаў у прыймовы пакой.

— Які грымаснік! — сказала пра яго жонка адваката, калі ён вышаў.

У прыймовым пакоі памочнік перадаў Нехлюдаву гатовае прашэнне і на запытанне аб ганарары сказаў, што Анатолій Пятровіч прызначыў 1000 рублёў, растлумачыўшы пры гэтым, што ўласна гэткіх спраў Анатолій Пятровіч не бярэ, але робіць гэта для яго.

— Як-жа падпісаць прашэнне, хто павінен? — запытаў Нехлюдаў.

— Можа сама падсудная, а калі ёсць перашкоды, дык і Анатолій Пятровіч, узяўшы ад яе даручэнне.

— Не, я паеду і вазьму яе подпіс, — сказаў Нехлюдаў радуючыся выпадку ўбачыць яе раней прызначанага дня.


XLVI

У звычайны час у турме прасвісцелі на калідорах свісткі наглядчыкаў; грымучы жалезам, адчыніліся дзверы калідораў і камер, зашлёпалі босыя ногі і абцасы котаў, па калідорах прайшлі парашачнікі, напаўняючы паветра агідным смуродам; памыліся, апрануліся арыштанты і арыштанткі і вышлі ў калідоры на паверку, а пасля паверкі пайшлі па кіпяток для чаю.

За чаем у гэты дзень па ўсіх камерах турмы ішлі ажыўленыя размовы аб тым, што ў гэты дзень павінны былі быць пакараны розгамі два арыштанты. Адзін з гэтых арыштантаў быў добра граматны малады чалавек, прыказчык Васільеў, які забіў сваю палюбоўніцу ў прыпадку рэўнасці. Яго любілі яго таварышы па камеры за яго вясёласць, шчодрасць і цвёрдасць у адносінах з начальствам. Ён ведаў законы і патрабаваў выканання іх. За гэта начальства не любіла яго. Тры тыдні перад гэтым надзірацель ўдарыў парашачніка за тое, што той абліў яго новы мундзір шчамі. Васільеў заступіўся за парашачніка, гаворачы, што няма закона біць арыштантаў. „Я табе пакажу закон“, сказаў надзірацель і аблаяў Васільева. Васільеў адказаў тым самым. Надзірацель хацеў ударыць, але Васільеў схапіў яго за рукі, патрымаў гэтак мінуты тры, павярнуў і выпіхнуў за дзверы. Надзірацель паскардзіўся, і сматрыцель загадаў пасадзіць Васільева ў карцар.

Карцары былі рад цёмных каморак, якія замыкаліся звонку заваламі. У цёмным, халодным карцары не было ні ложка, ні стала, ні крэсла, так што пасаджаны сядзеў ці ляжаў на бруднай падлозе, дзе цераз яго і па ім бегалі пацукі, якіх было ў карцары вельмі многа і якія былі гэткія смелыя, што ў цемнаце нельга было ўпільнаваць хлеба. Яны з‘ядалі хлеб з-пад рук у пасаджаных і нават нападалі на саміх пасаджаных, калі яны пераставалі варушыцца. Васільеў сказаў, што не пойдзе ў карцар, таму што не вінават. Яго павялі сілком. Ён пачаў адбівацца, і двое арыштантаў дапамагалі яму вырвацца ад надзірацеляў. Пазбіраліся надзірацелі і між іншым славуты сваёй сілай Петроў. Арыштантаў змялі і ўпіхнулі ў карцары. Губернатара адразу-ж паведамілі, што адбылося нешта падобнае на бунт. Была атрымана папера з прадпісаннем даць галоўным двум вінаватым — Васільеву і валацугу Непомняшчэму па 30 розаг.

Пакаранне павінна было адбыцца ў жаночай наведвальніцкай.

З вечара ўсё гэта было вядома ўсім жыхарам турмы, і па камерах ішлі ажыўленыя размовы аб наступным пакаранні.

Караблёва, Хорашаўка, Фядос‘я і Маслава сядзелі ў сваім кутку і ўсе чырвоныя і ажыўленыя, выпіўшы гарэлкі, якая цяпер не выводзілася ў Маславай і якою яна шчодра частавала таварышак, пілі чай і гаварылі аб тым-жа.

— Хіба ён буяніў ці што, — гаварыла Караблёва, адкусваючы малюпасенькія кавалачкі цукру ўсімі сваімі моцнымі зубамі. — Ён толькі за таварыша заступіўся. Таму што цяпер біцца не дазваляюць.

— Хлопец, гавораць, добры, — дадала Фядос‘я, проставалосая, з даўгімі косамі, седзячы на палене супроць нар, на якіх быў чайнік.

— Вось-бы яму сказаць, Міхайлаўна, — звярнулася вартаўніца да Маславай, маючы ў думках пад „ім“ Нехлюдава.

— Я скажу. Ён для мяне ўсё зробіць, — усміхаючыся і ўскідваючы галавой, адказала Маслава.

— Але-ж калі ён прыедзе, а яны, гавораць, зараз пайшлі за імі, — сказала Фядос‘я. — Страсць гэта, — дадала яна, уздыхаючы. — Я аднаго разу бачыла, як у валасным мужыка лупцавалі. Мяне да старшыні бацюхна-свёкар паслаў, прышла я, а ён, бач… — пачала вартаўніца доўгую гісторыю.

Расказ вартаўніцы перабілі гукі галасоў і крокаў у верхнім калідоры.

Жанчыны сціхлі, прыслухоўваючыся.

— Пацягнулі, чэрці, — сказала Хорашаўка. — Засякуць яны яго цяпер. Злыя ўжо надта на яго надзірацелі, таму што ён ім не даруе.

Наверсе ўсё сціхла, і вартаўніца даказала сваю гісторыю, як яна спужалася ў валасным, калі там у хляве мужыка секлі, як у яе ўсе ўнутранасці адскочылі. Хорашаўка-ж расказвала, як Шчэглова нагайкамі білі, а ён і голаса не падаў. Потым Фядос‘я прыбрала чай, і Караблёва і старажыха ўзяліся за шыццё, а Маслава села, абняўшы каленкі, на нары, сумуючы ад нуды. Яна сабралася была легчы заснуць, як надзірацельніца паклікала яе ў кантору да наведвальніка.

— Абавязкова скажы пра нас, — гаварыла ёй бабулька Меншова ў той час, як Маслава папраўляла хусцінку перад люстэркам з напалову аблезлай ртуццю, — не мы запалілі, а ён сам, злодзей, і парабак бачыў; ён душу не заб‘е. Ты скажы яму, каб ён Мітрыя выклікаў. Мітрый усё яму выкладзе, як на далоні, а то, што-ж гэта, замкнулі ў замак, а мы і не чулі ніколі, а ён, злодзей, пануе з чужой жонкай, у шынку сядзіць.

— Не закон гэта! — сцвярдзіла Карабліха.

— Скажу, абавязкова скажу, — адказала Маслава. — А то выпіць яшчэ для смеласці, — дадала яна падміргнуўшы вокам.

Карабліха наліла ёй палову чашкі. Маслава выпіла, выцерлася і ў самым вясёлым настроі, паўтараючы сказаныя ёю словы: „для смеласці“, ківаючы галавой і ўсміхаючыся, пайшла за надзірацельніцай па калідоры.


XLVII

Нехлюдаў ужо даўно чакаў у сенцах.

Прыехаўшы ў астрог, ён пазваніў каля ўваходных дзвярэй і падаў дзяжурнаму надзірацелю дазвол пракурора.

— Вам каго?

— Бачыць арыштантку Маславу.

— Нельга цяпер: сматрыцель заняты.

— У канторы? — запытаў Нехлюдаў.

— Не, тут, у наведвальніцкай, — адказаў збянтэжаны, як здалося Нехлюдаву, надзірацель.

— Хіба сёння прымаюць?

— Не, асаблівая справа, — сказаў ён.

— Як-жа яго ўбачыць?

— Вось выйдуць, тады скажаце. Пачакайце.

У гэты час з бакавых дзвярэй вышаў з бліскучымі галунамі і ззяючым, глянцавітым тварам, з прасякнутымі тытуновым дымам вусамі, фельдфебель і сурова звярнуўся да надзірацеля:

— Навошта сюды пусцілі?.. У кантору…

— Мне сказалі, што сматрыцель тут, — сказаў Нехлюдаў, здзіўляючыся ад таго неспакою, які магчыма было заўважыць і ў фельдфебеля.

У гэты час унутраныя дзверы адчыніліся, і вышаў запацелы, распалены Петроў.

— Будзе памятаць, — вымавіў ён, звяртаючыся да фельдфебеля.

Фельдфебель паказаў вачыма на Нехлюдава, і Петроў замаўчаў, нахмурыўся і прайшоў у заднія дзверы.

„Хто будзе памятаць? Чаму яны ўсе гэтак збянтэжаны? Чаму фельдфебель зрабіў яму нейкі знак?“ думаў Нехлюдаў.

— Нельга тут чакаць, калі ласка — у кантору, — зноў звярнуўся фельдфебель да Нехлюдава, і Нехлюдаў ужо хацеў выходзіць, калі з задніх дзвярэй вышаў сматрыцель яшчэ больш збянтэжаны, чым яго падначаленыя. Ён не перастаючы ўздыхаў. Убачыўшы Нехлюдава, ён звярнуўся да надзірацеля:

— Федотаў, Маславу з пятай жаночай у кантору, — сказаў ён.

— Калі ласка, — звярнуўся ён да Нехлюдава. Яны прайшлі па крутых сходнях у маленькі пакой з адным акном, пісьмовым сталом і некалькімі крэсламі. Сматрыцель сеў.

— Цяжкія, цяжкія абавязкі, — сказаў ён, звяртаючыся да Нехлюдава і вымаючы тоўстую папяросу.

— Вы, відаць, стаміліся, — сказаў Нехлюдаў.

— Стаміўся ад усёй службы, вельмі цяжкія абавязкі. Хочаш палёгку зрабіць, а выходзіць горш; толькі і думаю, як уцячы; цяжкія, цяжкія абавязкі…

Нехлюдаў не ведаў, у чым асаблівая была для сматрыцеля цяжкасць, але сёння ён бачыў у ім нейкі асаблівы пануры і безнадзейны настрой, які ўзбуджаў жаласлівасць.

— Але, я думаю, што вельмі цяжкія, — сказаў ён. — Навошта-ж вы выконваеце гэты абавязак?

— Сродкаў не маю, сям‘я.

— Але калі вам цяжка…

— Ну, усё-такі я вам скажу, як сілы стае робіш карыснае, усё-такі, што магу, змякчаю. Іншы на маім месцы зусім-бы не гэтак рабіў. Гэта толькі лёгка сказаць: 2000 з лішнім чалавек, ды якіх. Трэба ведаць, як абыходзіцца. Таксама людзі, шкадуеш іх. А распусціць таксама нельга.

Сматрыцель пачаў расказваць нядаўні выпадак бойкі паміж арыштантамі, якая скончылася забойствам.

Расказ яго перапыніў прыход Маславай. Уперадзе ішоў надзірацель.

Нехлюдаў убачыў яе ў дзвярах, калі яна яшчэ не бачыла сматрыцеля. Твар яе быў чырвоны. Яна спрытна ішла за надзірацелем і бесперастанку ўсміхалася, ківаючы галавой. Убачыўшы сматрыцеля, яна са спалоханым тварам утаропілася на яго, але адразу-ж выправілася і жвава і весела звярнулася да Нехлюдава.

— Добры дзень, — сказала яна нараспеў і ўсміхаючыся і моцна, не гэтак, як той раз, паціснула яго руку.

— Я вось прывёз вам падпісаць прашэнне, — сказаў Нехлюдаў, крыху здзіўляючыся з таго жвавага выгляду, з якім яна сёння сустрэла яго. — Адвакат склаў прашэнне, і трэба падпісаць, і мы пашлем у Пецербург.

— Што-ж, можна і падпісаць. Усё можна, — сказала яна, жмурачы адно вока і ўсміхаючыся.

Нехлюдаў дастаў з кішэні складзены ліст і падышоў да стала.

— Можна тут падпісаць? — запытаў Нехлюдаў у сматрыцеля.

— Ідзі сюды, сядай, — сказаў сматрыцель, — вось табе і пяро. Пісьменная?

— Некалі ведала, — сказала яна і, усміхаючыся, паправіўшы спадніцу і рукаў кофты, села за стол, нязграбна ўзяла сваёй маленькай, энергічнай рукой пяро і, засмяяўшыся, азірнулася на Нехлюдава.

Ён паказаў ёй, што і дзе напісаць.

Старанна макаючы і абтрасаючы пяро, яна напісала сваё імя.

— Больш нічога не трэба? — запыталася яна, гледзячы то на Нехлюдава, то на сматрыцеля і кладучы пяро то на чарнільніцу, то на паперы.

— Мне трэба тое-сёе сказаць вам, — сказаў Нехлюдаў, узяўшы ў яе з рук пяро.

— Што-ж, скажыце, — сказала яна і раптам, нібы пра нешта задумалася ці захацела спаць, зрабілася сур‘ёзнай.

Сматрыцель устаў і вышаў, і Нехлюдаў астаўся з ёю сам-на-сам.


XLVIII

Надзірацель, які прывёў Маславу, прысеў на падаконнік. Для Нехлюдава надышла рашучая мінута. Ён, не перастаючы, папікаў сябе за тое, што пры першым спатканні не сказаў ёй галоўнага — таго, што ён мае намер ажаніцца з ёю, і цяпер цвёрда наважыўся сказаць ёй гэта. Яна сядзела з аднаго боку стала, Нехлюдаў сеў супроць яе з другога. У пакоі было светла, і Нехлюдаў упершыню ясна на блізкай адлегласці ўбачыў яе твар, — маршчынкі каля вачэй і губ і падпухласць вачэй. І яму зрабілася яшчэ больш, як раней, шкада яе.

Абапёршыся лакцямі на стол так, каб не пачуў надзірацель, чалавек яўрэйскага тыпу, з сіваватымі бакенбардамі, які сядзеў каля акна, а пачула адна яна, ён сказаў:

— Калі прашэнне гэта не выйдзе, дык пададзім на высачайшае імя. Зробім усё, што можна.

— Вось каб раней адвакат быў-бы добры… — перабіла яна яго. — А то гэты мой абаронца зусім дурнем быў. Усё мне кампліменты гаварыў, — сказала яна і засмяялася. — Каб тады ведалі, што я ваша знаёмая, іншае было-б. А то што? Думаюць усе — зладзейка.

„Якая яна дзіўная сёння“, падумаў Нехлюдаў і толькі што хацеў сказаць сваё, як яна зноў загаварыла.

— А я вось што. Ёсць у нас адна бабулька, дык усе, ведаеце, здзіўляюцца нават. Гэткая бабулька добрая, а вось нізавошта сядзіць, і яна і сын; і ўсе ведаюць, што яны не вінаваты, а іх абвінавацілі, што падпалілі, і сядзяць. Яна, ведаеце, пачула, што я з вамі знаёма, — сказала Маслава, круцячы галавой і пазіраючы на яго, — і гаворыць: „скажы яму, хай, гаворыць, сына запросяць, і ён ім усё раскажа“. Меншовы іхняе прозвішча. Што-ж, зробіце? Гэткая, ведаеце, бабулька добрая; відаць адразу, што нізавошта. Вы, галубок, пахадайнічайце, — сказала яна, пазіраючы на яго, апускаючы вочы і ўсміхаючыся.

— Добра, я зраблю, даведаюся, — сказаў Нехлюдаў, усё больш і больш здзіўляючыся яе вольнасці. — Але мне аб сваёй справе хацелася пагаварыць з вамі. Вы памятаеце, што я вам гаварыў той раз? — сказаў ён.

— Вы многа гаварылі. Што гаварылі той раз? — сказала яна, не перастаючы ўсміхацца і паварачваючы галаву то ў той, то ў другі бок.

— Я гаварыў, што прышоў прасіць вас дараваць мне, — сказаў ён.

— Ну што, усё дараваць, дараваць, ні да чаго гэта… вы лепш…

— Што я хачу выправіць сваю віну, — прадаўжаў Нехлюдаў, — выправіць не словамі, а справай. Я парашыў ажаніцца з вамі.

Твар яе раптам выказаў сполах. Касыя вочы яе, спыніўшыся, глядзелі і не глядзелі на яго.

— Гэта яшчэ навошта спатрэбілася? — вымавіла яна, злосна хмурачыся.

— Я адчуваю, што я перад богам павінен зрабіць гэта.

— Якога яшчэ бога там знайшлі? Усё вы не тое гаворыце. Бога? Якога бога? Вось вы-б тады памяталі бога, — сказала яна і, адкрыўшы рот, спынілася.

Нехлюдаў толькі цяпер пачуў моцны пах віна з яе рота і зразумеў прычыну яе ўзбуджэння.

— Супакойцеся, — сказаў ён.

— Няма чаго мне супакойвацца. Ты думаеш, я п‘яная? Я і п‘яная, але памятаю, што кажу, — хутка загаварыла яна і ўся барвова пачырванела: — Я катаржная, б…, а вы пан, князь, і няма чаго табе са мной пэцкацца. Ідзі да сваіх князёўнаў, а мая цана — красненькая.

— Як-бы жорстка ты ні гаварыла, ты мне не можаш сказаць таго, што я адчуваю, — дрыжучы ўсім целам, ціха сказаў Нехлюдаў, — ні можаш сабе ўявіць, да якой ступені я адчуваю сваю віну перад табой!..

— Адчуваю віну… — злосна перадражніла яна. — Тады не адчуваў, а сунуў 100 рублёў. — Вось — твая цана…

— Ведаю, ведаю, але што-ж цяпер рабіць? — сказаў Нехлюдаў. — Цяпер я парашыў, што не пакіну цябе; што сказаў, тое зраблю.

— А я кажу, не зробіш! — вымавіла яна і голасна засмяялася.

— Кацюша! — пачаў ён, дакранаючыся да яе рукі.

— Ідзі ад мяне. Я катаржная, а ты князь, і няма чаго табе тут быць, — ускрыкнула яна, са змененым ад гневу выглядам, вырываючы ў яго руку. Ты мной хочаш выратавацца, — працягвала яна, стараючыся хутчэй выказаць усё, што ўзнялося ў яе душы. — Ты мной у гэтым жыцці цешыўся, мной-жа хочаш і на тым свеце выратавацца! Брыдкі ты мне, і акуляры твае, і тлустая, паганая ўся морда твая. Ідзі, ідзі ты! — закрычала яна, энергічна ўскочыўшы на ногі.

Надзірацель падышоў да іх.

— Ты што скандаліш! Хіба гэтак можна…

— Пакіньце, калі ласка, — сказаў Нехлюдаў.

— Каб не забывалася, — сказаў надзірацель.

— Не, пачакайце, калі ласка, — сказаў Нехлюдаў.

Надзірацель адышоў зноў да акна.

Маслава зноў села, апусціўшы вочы і моцна сціснуўшы свае скрыжаваныя пальцамі маленькія рукі.

Нехлюдаў стаяў перад ёю, не ведаючы, што рабіць.

— Ты не верыш мне, — сказаў ён.

— Што вы жаніцца хочаце — не будзе гэтага ніколі. Павешуся хутчэй! Вось вам.

— Я ўсё-ж буду служыць табе.

— Ну, гэта ваша справа. Толькі мне ад вас нічога не трэба. Гэта я шчыра вам кажу, — сказала яна. — І чаму я не памерла тады? — дадала яна і заплакала жаласлівым плачам.

Нехлюдаў не мог гаварыць: яе слёзы перадаліся яму.

Яна падняла вочы, зірнула на яго, нібы здзівілася, і пачала выціраць хусцінкай слёзы, якія цяклі па шчаках.

Надзірацель цяпер зноў падышоў і напомніў, што пара разыходзіцца. Маслава ўстала.

— Вы цяпер усхваляваны. Калі можна будзе, я заўтра прыеду. А вы падумайце, — сказаў Нехлюдаў.

Яна нічога не адказала і, не гледзячы на яго, вышла за надзірацелем.


— Ну, дзеўка, зажывеш цяпер, — гаварыла Караблёва Маславай, якая вярнулася ў камеру. — Відаць, здорава ў цябе ўтрэскаўся; не спі ў шапку, пакуль ён ездзіць. Ён выручыць. Багатым людзям усё можна.

— Гэта як ёсць, — пявучым голасам гаварыла старажыха. — Беднаму жаніцца і ноч кароткая, багатаму толькі задумаў, загадаў, — усё табе як пажадаў, гэтак і здзейсніцца. У нас гэткі, лябёдка, шаноўны, так што зрабіў…

— Што-ж, пра маю справу гаварыла? — запытала бабулька.

Але Маслава не адказвала сваім таварышкам, а лягла на нары і з утаропленымі ў кут касымі вачыма ляжала так да вечара. У ёй ішла пакутлівая работа. Тое, што ёй сказаў Нехлюдаў, выклікала яе ў той свет, у якім яна пакутвала і з якога пайшла, не зразумеўшы і ўзненавідзеўшы яго. Яна цяпер згубіла тое забыццё, у якім жыла, а жыць з яснай памяццю аб тым, што было, было занадта пакутліва. Увечары яна зноў купіла віна і напілася разам з сваімі таварышкамі.


XLIX

„Але, дык вось яно што. Вось што“, думаў Нехлюдаў выходзячы з турмы і толькі цяпер цалкам разумеючы ўсю віну сваю. Калі-б ён не паспрабаваў выправіць, апраўдаць свой учынак, ён ніколі-б не адчуў усёй злачыннасці яго; мала таго, і яна-б не адчувала ўсяго зла, зробленага ёй. Толькі цяпер гэта ўсё вышла на свет ва ўсёй сваёй жахлівасці. Ён убачыў цяпер толькі тое, што ён зрабіў з душой гэтай жанчыны, і яна ўбачыла і зразумела, што было зроблена з ёю. Раней Нехлюдаў іграў сваім пачуццём любавання самаго на сябе, на сваё раскайванне; цяпер яму проста было страшна. Пакінуць яе — ён адчуваў гэта — цяпер ён не мог, а тым часам не мог сабе ўявіць, што выйдзе з яго адносін да яе.

На самым выхадзе да Нехлюдава падышоў надзірацель з крыжамі і медалямі і непрыемным, ліслівым тварам і таямнічна перадаў яму запіску.

— Вось вашаму сіяцельству запіска ад адной асобы… — сказаў ён, даючы Нехлюдаву канверт.

— Якой асобы?

— Прачытайце, — убачыце. Зняволеная, палітычная. Я пры іх знаходжуся. Дык вось яна прасіла мяне. І хаця і не дазволена, але па-чалавецтву… — ненатуральна гаварыў надзірацель.

Нехлюдаў здзівіўся, якім чынам надзірацель, прыстаўлены да палітычных, перадае запіскі, і ў самой турме, амаль на віду ва ўсіх; ён не ведаў яшчэ тады, што гэта быў і надзірацель і шпіён, але ўзяў запіску і, выходзячы з турмы, прачытаў яе. У запісцы было напісана алоўкам, жвавым пачыркам, без ераў, наступнае:

„Даведаўшыся, што вы наведваеце астрог, цікавячыся адной крымінальнай асобай, мне захацелася пабачыцца з вамі. Прасіце спаткання са мной. Вам дадуць, а я перадам вам многа важнага і для вашай пратэжэ і для нашай групы. Удзячная вам Вера Богадухоўская“.

Вера Богадухоўская была настаўніца ў глухой Ноўгарадскай губерні, куды Нехлюдаў з таварышамі заехаў для палявання на мядзведзяў. Настаўніца гэта звярнулася да Нехлюдава з просьбай даць ёй грошай, каб ехаць на курсы. Нехлюдаў даў ёй гэтыя грошы і забыў пра яе. Цяпер сталася так, што гэта пані была палітычная злачынніца, сядзела ў турме, дзе, напэўна, даведалася пра яго гісторыю, і вось прапанавала яму свае паслугі. Як тады ўсё было лёгка і проста. І як цяпер усё цяжка і складана. Нехлюдаў жыва і радасна ўспомніў той час і сваё знаёмства з Богадухоўскай. Гэта было перад масленіцай, у глушы, вёрст за шэсцьдзесят ад чыгункі. Паляванне было шчаслівае, забілі двух мядзведзяў і абедалі, збіраючыся ад‘язджаць, калі гаспадар хаты, у якой спыняліся, прышоў сказаць, што прышла дзяканава дачка, хоча пабачыцца з князем Нехлюдавым.

— Прыгожанькая? — запытаў нехта.

— Ну, досыць! — сказаў Нехлюдаў, зрабіў сур‘ёзны твар, устаў з-за стала і, выціраючы рот і здзіўляючыся, навошта ён спатрэбіўся дзяканавай дачцы, пайшоў у гаспадарову хату.

У пакоі была дзяўчына ў лямцавым капелюшы, у кажуху, жылістая, з худым непрыгожым тварам, у якім пекнымі былі адны вочы з паднятымі над імі бровамі.

— Вось, Вера Ефрэмаўна, пагавары з імі, — сказала бабулька-гаспадыня, — гэта самы князь. А я пайду.

— Чым магу вам служыць? — сказаў Нехлюдаў.

— Я… я… Бачыце, вы багаты, вы кідаеце грошы на вецер, на паляванне, я ведаю, — пачала дзяўчына, вельмі саромечыся, — а я хачу толькі аднаго — хачу быць карыснай для людзей, і нічога не магу, таму што нічога не ведаю.

Вочы былі праўдзівыя, добрыя, і ўвесь выраз рашучасці і сарамяжнасці быў такім мілым, што Нехлюдаў, як гэта бывала з ім, раптам перанёсся ў яе становішча, зразумеў яе і пашкадаваў.

— Што-ж я магу зрабіць?

— Я настаўніца, але хацела-б на курсы, і мяне не пускаюць. Не тое, што не пускаюць, яны пускаюць, але патрэбны сродкі. Дайце мне, і я скончу курс і заплачу вам. Я думаю, багатыя людзі б‘юць мядзведзяў, мужыкоў пояць — усё гэта дрэнна. Чаму-б ім не зрабіць добрую справу? Мне патрэбна-б толькі 80 рублёў. А не хочаце, мне ўсё-адно, — сярдзіта сказала яна.

— Наадварот, я вельмі ўдзячны вам, што вы мне далі выпадак… Я зараз прынясу, — сказаў Нехлюдаў.

Ён вышаў у сенцы і тут заспеў таварыша, які падслухоўваў іхнюю размову. Ён, не адказваючы на жарты таварышоў, дастаў з сумкі грошы і панёс ёй.

— Калі ласка, калі ласка, не дзякуйце. Я вам павінен дзякаваць.

Нехлюдаву прыемна было цяпер успомніць усё гэта, прыемна было ўспомніць, як ён ледзьве не пасварыўся з афіцэрам, які хацеў зрабіць з гэтага нядобры жарт, як другі таварыш падтрымаў яго, і як ад гэтага бліжэй сышоўся з ім, і як усё паляванне было шчаслівым і вясёлым і як яму было добра, калі яны варочаліся ўначы назад да чыгуначнай станцыі. Чарада саней парамі цугам рухалася без шуму трушком па вузкай дарозе лясамі, часам высокімі, часам нізкімі, з ялінкамі, зусім задаўленымі цэльнымі ляпёшкамі снегу. У цемрадзі, бліскаючы чырвоным агнём, закурываў хто-небудзь папяросу з добрым пахам, Осіп, абкладчык, перабягаў ад саней да саней, па калені ў снезе і падсядаў, расказваючы пра лосяў, якія цяпер ходзяць па глыбокім снезе і грызуць асінавую кару, і пра мядзведзяў, якія ляжаць цяпер у сваіх цёмных бярлогах, сапучы ў прадушыны цёплым дыханнем.

Нехлюдаву ўспомнілася ўсё гэта і больш за ўсё шчаслівае пачуццё разумення свайго здароўя, сілы і бесклапотнасці. Лёгкія, напружваючы кажух, дыхаюць марозным паветрам, на твар сыплецца з зачэпленых дугой галін снег, целу цёпла, твару свежа, на душы ні турбот, ні дакораў, ні страхаў, ні жаданняў. Як было хораша. А цяпер? Божа мой, як усё гэта было пакутліва і цяжка!..

Як відаць, Вера Ефрэмаўна была рэволюцыянерка і цяпер за рэволюцыйныя справы была ў турме. Трэба было пабачыць яе, асабліва таму, што яна абяцала параіць, як палепшыць становішча Маславай.


L

Прачнуўшыся на другі дзень уранні, Нехлюдаў успомніў усё тое, што было напярэдадні, і яму зрабілася страшна.

Але, не гледзячы на гэты страх, ён больш, чым калі-небудзь раней, рашыў, што будзе працягваць пачатае. З гэтым адчуваннем разумення свайго абавязку ён паехаў з дому да Масленнікава — прасіць яго дазволіць яму наведваць у турме, апрача Маславай яшчэ і тую бабульку Меншову з сынам, пра якую Маслава прасіла яго. Апрача таго ён хацеў прасіць аб спатканні з Богадухоўскай, якая магла быць карыснай Маславай.

Нехлюдаў ведаў Масленнікава яшчэ даўно па палку. Масленнікаў быў тады палкавым скарбнікам. Гэта быў добрадушнейшы і спраўнейшы афіцэр, які нічога не ведаў і не хацеў ведаць на свеце, апрача палка і царскай фаміліі. Цяпер Нехлюдаў застаў яго адміністратарам. Масленнікаў замяніў полк губерняй і губернскім кіраўніцтвам. Ён ажаніўся з багатай і жвавай жанчынай, якая і прымусіла яго перайсці з вайсковай на штацкую службу.

Яна смяялася з яго і песціла яго, як сваю прывучаную жывёлу. Нехлюдаў мінулай зімой быў аднаго разу ў іх, але яму гэткай нецікавай здалася гэтая пара, што ні разу і пасля ён не быў.

Масленнікаў увесь зазіхацеў, убачыўшы Нехлюдава. Гэткі-ж быў тлусты і чырвоны твар, і тая самая карпуленцыя, і гэткая-ж, як на вайсковай службе, добрая вопратка. Там гэта быў заўсёды чысты мундзір ці тужурка, якая па апошнай модзе аблягала яго плечы і грудзі. Цяпер гэта была па апошняй модзе цывільная вопратка, якая таксама аблягала яго сытае цела і выстаўляла шырокія грудзі. Ён быў у віцмундзіры. Не гледзячы на розніцу ў гадах (Масленнікаву было каля сарака), яны былі на „ты“.

— Ну вось, дзякую, што прыехаў. Пойдзем да жонкі. А ў мяне якраз дзесяць мінут вольных перад паседжаннем. Прынцыпал-жа паехаў. Я кірую губерняй, — сказаў ён са здавальненнем, якога не мог захаваць.

— Я да цябе па справе.

— Што такое? — раптам, быццам настаражыўшыся, спалоханым і крыху суровым тонам сказаў Масленнікаў.

— У астрозе ёсць адна асоба, якой я вельмі цікаўлюся (пры слове астрог твар Масленнікава яшчэ больш зрабіўся суровым), і мне хацелася-б мець спатканне з ёю не ў агульным, а ў канторы, і не толькі ў вызначаныя дні, але і часцей. Мне сказалі, што гэта ад цябе залежыць.

— Зразумела, mon cher[13], я ўсё гатоў для цябе зрабіць, — дакранаючыся абодвума рукамі да яго кален, сказаў Масленнікаў, нібы жадаючы змякчыць сваю веліч, — гэта можна, але, бачыш, я каліф на гадзіну.

— Дык ты можаш даць мне паперу, каб я мог бачыцца з ёю?

— Гэта жанчына?

— Але.

— Дык за што-ж яна?

— За атручэнне. Але яна няправільна асуджана.

— Але, вось табе і справядлівы суд, ils n‘en font point d‘autres[14], — сказаў ён чамусьці па-французску. — Я ведаю, ты не згодзен са мною, але што-ж рабіць, c‘est mon opinion bien arrêtèe[15], — дадаў ён, выказваючы думку, якую ён у розных выглядах на працягу года чытаў у рэтраграднай, кансерватыўнай газеце. — Я ведаю, ты ліберал.

— Не ведаю, ці ліберал я, ці што-небудзь іншае, — усміхаючыся сказаў Нехлюдаў, бо ён заўсёды здзіўляўся з таго, што яго ўсе прылічалі да нейкай партыі і называлі лібералам толькі таму, што ён, судзячы чалавека, гаварыў, што трэба раней выслухаць яго, што перад судом усе людзі роўныя, што не трэба мучыць і біць людзей наогул, а асабліва такіх, якія не асуджаны. — Не ведаю, ці ліберал я, ці не, але толькі ведаю, што цяперашнія суды, якія яны ні дрэнныя, усё-ж такі лепей, чым ранейшыя.

— А каго ты ўзяў адвакатам?

— Я звярнуўся да Фанарына.

— Ах, Фанарын! — зморшчыўшыся, сказаў Масленнікаў, успамінаючы, як у мінулым годзе гэты Фанарын на судзе дапытваў яго як сведку, і з далікатнейшай пачцівасцю на працягу поўгадзіны падымаў на смех. — Я-б не параіў табе мець з ім справу. Фанарын — est in homme taré[16].

— І яшчэ да цябе просьба, — не адказваючы яму, сказаў Нехлюдаў. — Даўно вельмі я ведаў адну дзяўчыну — настаўніцу. Яна вельмі жалкая істота і цяпер у турме, а жадае пабачыцца са мной. Можаш ты мне даць і да яе пропуск?

Масленнікаў крыху ўбок схіліў галаву і задумаўся.

— Гэта палітычная?

— Але, мне сказалі так.

— Вось бачыш, спатканні з палітычнымі даюцца толькі сваякам, але табе я дам агульны пропуск. Je sats que vous n‘abuserez pas…[17] Як яе клічуць, тваю protegée?.. Богадухоўскай? Elle est jolie?[18].

— Hideuse[19].

Масленнікаў з непрыемнасцю паківаў галавой, падышоў да стала і на паперы з друкаваным загалоўкам шпарка напісаў: „Прад‘яўніку гэтага, князю Дзмітрыю Іванавічу Нехлюдаву, дазваляю спатканне ў турэмнай канторы са зняволенай мяшчанкай Маславай, таксама і з фельчарыцай Богадухоўскай“, дапісаў ён і зрабіў размашысты росчырк.

— Вось ты пабачыш, які парадак там. А захаваць там парадак вельмі цяжка, таму што перапоўнена, асабліва перасыльнымі; але я ўсё-ж пільна даглядаю і люблю гэту справу. Ты ўбачыш — ім там вельмі добра, і яны задаволены. Толькі трэба ўмець абыходзіцца з імі. Вось надоечы была непрыемнасць — непадначальванне. Іншы прызнаў-бы гэта бунтам і зрабіў-бы многа няшчасных. А ў нас прайшло ўсё вельмі добра. Патрэбна, з аднаго боку, дбайнасць, з другога — цвёрдая ўлада, — сказаў ён, сціскаючы белы пухлы кулак з бірузовым перснем, які выпіраўся з-за белага калянага рукава кашулі, — дбайнасць і цвёрдая ўлада.

— Ну, гэтага я не ведаю, — сказаў Нехлюдаў, — я быў там два разы, і мне было цяжка.

— Ведаеш што? Табе трэба сайціся з графіняй Пасек, — прадаўжаў, разгаварыўшыся, Масленнікаў, — яна ўся аддалася гэтай справе. Elle fait beaucoup de bien[20]. Дзякуючы ёй, мабыць, і мне, без фальшывай скромнасці скажу, удалося ўсё змяніць, і змяніць так, што няма ўжо тых жахаў, якія былі раней, а ім проста там вельмі добра. Вось ты ўбачыш. Вось Фанарын, я не ведаю яго асабова, ды і па майму грамадскаму становішчу нашы шляхі не зыходзяцца, але ён канчаткова дрэнны чалавек, разам з тым дазваляе сабе гаварыць на судзе гэткія рэчы, гэткія рэчы…

— Ну, дзякую, — сказаў Нехлюдаў, узяўшы паперу, і, не даслухаўшы, развітаўся з сваім былым таварышам.

— А да жонкі ты не пойдзеш?

— Не, выбачай, цяпер не маю часу.

— Ну, як-жа, яна не даруе мне, — гаварыў Масленнікаў, праводзячы былога таварыша да першай пляцоўкі сходняў, як ён праводзіў людзей не першай важнасці, а другой важнасці, да якіх ён прылічаў Нехлюдава. — Не, калі ласка, зайдзі хаця на мінутку.

Але Нехлюдаў астаўся цвёрды, і ў той час, калі лёкай і швейцар падскоквалі да Нехлюдава, даючы яму паліто і кій, і адчынялі дзверы, каля якіх знадворку стаяў гарадавы, ён сказаў, што ніяк не можа цяпер.

— Ну, дык у чацвер, калі ласка. Гэта яе прыймовы дзень. Я ёй скажу! — пракрычаў яму Масленнікаў са сходняў.


LI

У той самы дзень, проста ад Масленнікава прыехаўшы ў турму, Нехлюдаў накіраваўся да знаёмай ужо кватэры сматрыцеля. Зноў чуліся тыя самыя, як і той раз, гукі дрэннага фартэп‘яна, але цяпер ігралася не рапсодыя, а эцюды Клеменці, таксама з незвычайнай сілай, выразнасцю і хуткасцю. Пакаёўка з падвязаным вокам, адчыняючы, сказала, што капітан дома, і правяла Нехлюдава ў маленькую гасціную з канапай, сталом і абпаленым з аднаго боку ружовым папяровым каптурком вялікай лямпы, якая стаяла на шарсцянай вязанай сарветачцы. Вышаў галоўны сматрыцель са змучаным, сумным тварам.

— Прашу пакорліва, што патрэбна? — сказаў ён, зашпільваючы сярэднюю пугаўку свайго мундзіра.

— Я вось быў у віцэ-губернатара, і вось дазвол, — сказаў Нехлюдаў, даючы паперу. — Я жадаў-бы бачыць Маславу.

— Маркаву? — перапытаў сматрыцель, не дачуўшы з-за музыкі.

— Маславу.

— Ну, але! Ну, але!

Сматрыцель устаў і падышоў да дзвярэй, з якіх чуліся рулады Клеменці.

— Маруся, хаця крыху пачакай, — сказаў ён голасам, па якому відаць было, што гэта музыка складала крыж яго жыцця, — нічога не чутна.

Фартэп‘яна змоўкла, пачуліся незадаволеныя крокі, і нехта заглянуў у дзверы.

Сматрыцель, быццам адчуваючы палягчэнне ад гэтага перапынку музыкі, закурыў тоўстую папяросу з слабага тытуну і прапанаваў Нехлюдаву. Нехлюдаў адмовіўся.

— Дык вось я-б жадаў бачыць Маславу.

— Маславу сёння нязручна бачыць, — сказаў сматрыцель.

— Чаму?

— Ды так, вы самі вінаваты, — злёгку ўсміхаючыся, сказаў сматрыцель. — Князь, не давайце вы ёй самой грошы. Калі жадаеце, дайце мне. Усё будзе належаць ёй. А то ўчора вы ёй, напэўна, далі грошай, яна дастала віна — ніяк не знішчыш гэта зло — і сёння напілася зусім, так што нават буянай зрабілася.

— Ды няўжо?

— Як-жа, нават павінен быў захады ўздзейнічання ўжыць — перавёў у іншую камеру. Так яна жанчына рахманая, але грошай вы, калі ласка, не давайце. Гэта такі народ…

Нехлюдаў жыва ўспомніў учарашняе, і яму зрабілася зноў страшна.

— А Богадухоўскую, палітычную, можна бачыць? — запытаў Нехлюдаў, памаўчаўшы.

— Што-ж, гэта можна, — сказаў сматрыцель. — Ну, ты чаго, — звярнуўся ён да дзяўчынкі гадоў пяці ці шасці, якая прышла ў пакой, і накіроўвалася да бацькі, павярнуўшы галаву так, каб не зводзіць вачэй з Нехлюдава. — Вось і ўпадзеш, сказаў сматрыцель, усміхаючыся на тое, як дзяўчынка, не гледзячы перад сабой, зачапілася за дыван і падбегла да бацькі.

— Дык, калі можна, я-б пайшоў.

— Калі ласка, можна, — сказаў сматрыцель, абняўшы дзяўчынку, якая ўсё глядзела на Нехлюдава, устаў і, ласкава адхіліўшы дзяўчынку, вышаў у прадпакой.

Яшчэ сматрыцель не паспеў адзець паданае яму падвязанай дзяўчынай паліто і выйсці ў дзверы, як зноў загучэлі выразныя рулады Клеменці.

— У кансерваторыі была, але там непарадкі. А вялікі талент, — сказаў сматрыцель, ідучы ўніз, па сходнях. — Хоча выступаць на канцэртах.

Сматрыцель з Нехлюдавым падышлі да турмы. Фортка ўмомант адчынілася пры набліжэнні сматрыцеля. Надзірацелі, узяўшы пад казырок, праводзілі яго вачыма. Чатыры чалавекі з паголенымі поўгаловамі і несучы кадкі з нечым, сустрэліся ім у прадпакоі, і ўсе сціснуліся, убачыўшы сматрыцеля. Адзін асабліва прыгнуўся і панура нахмурыўся, бліскаючы чорнымі вачыма.

— Зразумела, талент трэба ўдасканальваць, нельга зарываць, але ў маленькай кватэры, ведаеце, цяжка бывае, — прадаўжаў сматрыцель размову, не звяртаючы на гэтых арыштантаў ніякай увагі, і, стомленымі крокамі цягнучы ногі, прайшоў, разам з Нехлюдавым, у зборную.

— Вы каго бачыць жадалі? — запытаў сматрыцель.

— Богадухоўскую.

— Гэта з вежы? Вам пачакаць давядзецца, — звярнуўся ён да Нехлюдава.

— А ці нельга мне пакуль пабачыць арыштантаў Меншовых — маці з сынам, іх абвінавачваюць за падпал.

— А гэта з 21 камеры? Што-ж, можна іх выклікаць.

— А ці нельга мне пабачыць Меншова ў яго камеры?

— Дык вам спакайней у зборнай.

— Не, мне цікава.

— Вось знайшлі цікавае.

У гэты час з бакавых двярэй вышаў франтаваты афіцэр-памочнік.

— Вось адвядзіце князя ў камеру, да Меншова. Камера 21-я, — сказаў сматрыцель памочніку, — а потым у кантору. А я паклічу. Як яе зваць?

— Вера Богадухоўская, — сказаў Нехлюдаў.

Памочнік сматрыцеля быў бялявы малады, з нафарбаванымі вусамі афіцэр, які пашыраў вакол сябе пах кветкавага адэкалону.

— Калі ласка, — звярнуўся ён да Нехлюдава з прыемнай усмешкай. — Цікавіцеся нашай установай?

— Але, і цікаўлюся я гэтым чалавекам, які, як мне сказалі, зусім без віны патрапіў сюды.

Памочнік павёў плячамі.

— Але, гэта бывае, — спакойна сказаў ён, пачціва ўперад сябе прапускаючы госця ў шырокі смуродны калідор. — Бывае, і хлусяць яны. Калі ласка.

Дзверы камер былі адамкнуты, і некалькі арыштантаў было ў калідоры. Ледзь прыкметна ківаючы надзірацелям і пазіраючы скоса на арыштантаў, якія або, прыціскаючыся да сцен, праходзілі ў свае камеры, або, выцягнуўшы рукі па швах і па-салдацку праводзячы вачыма начальства, спыняліся каля дзвярэй, памочнік правёў Нехлюдава цераз адзін калідор, падвёў яго да другога калідора, зачыненага жалезнымі дзвярыма.

Калідор гэты быў вузей, цямней і яшчэ больш смярдзючы, чым першы. У калідоры з абодвух бакоў выходзілі дзверы, замкнёныя замкамі. У дзвярах былі дзірачкі, так званыя вочкі, поўвяршка дыяметрам. У калідоры нікога не было, апрача дзядка-надзірацеля з сумным, зморшчаным тварам.

— У каторай Меншоў? — запытаў памочнік надзірацеля.

— Восьмая налева.


LII

— Можна паглядзець? — запытаў Нехлюдаў.

— Зрабіце ласку, — з прыемнай усмешкай сказаў памочнік і пачаў нешта запытваць у надзірацеля. Нехлюдаў заглянуў у адну дзірачку: там высокі малады чалавек у адной балізне, з маленькай чорнай бародкай, хутка хадзіў узад і ўперад; пачуўшы шолах каля дзвярэй, ён зірнуў, нахмурыўся і прадаўжаў хадзіць.

Нехлюдаў заглянуў у другую дзірачку: вока яго сустрэлася з другім спалоханым вялікім вокам, якое глядзела ў шчыліну; ён адразу-ж адхіліўся. Заглянуўшы ў трэцяе вочка, ён убачыў на ложку соннага, вельмі маленькага росту, скурчанага чалавека, з галавой накрытага халатам. У чацвертай камеры сядзеў шырокатвары бледны чалавек, нізка апусціўшы галаву і абапёршыся лакцямі на калені. Пачуўшы крокі, чалавек гэты падняў галаву і паглядзеў. Ва ўсім абліччы, асабліва ў вялікіх вачах, быў выраз безнадзейнага суму. Яго, відавочна, не цікавіла даведацца, хто глядзіць у яго камеру. Хто-б ні глядзеў, ён відавочна не чакаў ні ад каго нічога добрага. Нехлюдаву зрабілася страшна; ён перастаў заглядваць і падышоў да 21-й камеры Меншова. Надзірацель адамкнуў замок і адчыніў дзверы. Малады, з доўгай шыяй, мускулісты чалавек, з добрымі, круглымі вачыма і маленькай бародкай стаяў каля ложка і з спалоханым тварам, паспешна адзяваючы халат, глядзеў на іх. Асабліва здзівілі Нехлюдава добрыя, круглыя вочы, запытальна і спалохана перабягаючыя з яго на надзірацеля, на памочніка і зноў на яго.

— Вось пан хоча пра тваю справу распытаць.

— Пакорліва дзякуем.

— Так, мне расказвалі пра вашу справу, — сказаў Нехлюдаў, праходзячы ў глыб камеры і спыняючыся каля бруднага акна ў кратах, — і хацелася-б ад вас саміх пачуць.

Меншоў падышоў таксама да акна і адразу-ж пачаў расказваць, спачатку нясмела паглядаючы на сматрыцеля, потым усё смялей і смялей; калі-ж сматрыцель зусім пайшоў з камеры ў калідор, аддаючы там нейкія загады, ён зусім пасмялеў. Расказ гэты па мове і манерах быў расказ самага простага, добрага мужыцкага хлопца, і Нехлюдаву было асабліва дзіўна чуць гэты расказ з вуснаў арыштанта ў ганебнай вопратцы і ў турме. Нехлюдаў слухаў і разам з тым аглядаў і нізкі ложак з саламяным сенніком, і акно з таўстымі жалезнымі кратамі, і брудныя адсырэлыя і замазаныя сцены, і ўбогі твар, і постаць няшчаснага, скалечанага мужыка ў котах і халаце, і яму рабілася ўсё сумней і сумней; не хацелася верыць, каб было праўда тое, што расказваў гэты добрадушны чалавек, — гэтак было страшна думаць, што маглі людзі нізавошта, толькі за тое, што яго-ж пакрыўдзілі, схапіць чалавека і, адзеўшы яго ў арыштанцкую вопратку, пасадзіць у гэта жахлівае месца. А між тым яшчэ жахлівей было думаць, каб гэты праўдзівы расказ, з гэтым добрадушным тварам, быў-бы ашуканствам і выдумкай. Расказ складаўся з таго, што цалавальнік неўзабаве пасля жаніцьбы адбіў у яго жонку. Ён шукаў закона ўсюды. Усюды шынкар падкупляў начальства, і яго апраўдвалі. Аднаго разу ён сілком павёў жонку, яна ўцякла наступным днём. Тады ён прышоў патрабаваць сваю жонку. Шынкар сказаў, што жонкі яго няма (а ён бачыў яе, уваходзячы), і загадаў яму выйсці. Ён не пайшоў, цалавальнік з работнікам пабілі яго да крыві, а наступным днём загарэўся ў цалавальніка двор. Яго абвінавацілі з маткай, а ён не падпальваў, а быў у кума.

— І сапраўды ты не падпальваў?

— І думкі, пане, не меў. А ён, ліхадзей мой, напэўна сам падпаліў. Казалі, ён толькі застрахаваў. А на нас з маці сказалі, што мы былі, пагражалі яму. Яно так, я той раз аблаяў яго, не выцерпела сэрца. А падпальваць не падпальваў. І не быў там, калі пажар пачаўся. А гэта, ён наўмысля падагнаў да таго дня, калі мы з маткай былі. Сам запаліў для страхоўкі, а на нас сказаў.

— Ды няўжо?

— Праўда, перад богам кажу, пане. Будзьце бацькам родным! — Ён хацеў кланяцца ў зямлю, і Нехлюдаў ледзьве стрымаў яго.

— Вызвальце, нізавошта гіну, — прадаўжаў ён.

І раптам шчокі яго заторгаліся, і ён заплакаў, і, закасаўшы рукаў халата, пачаў выціраць вочы рукавом бруднай кашулі.

— Скончылі? — запытаў сматрыцель.

— Але. Дык не журыцеся; зробім, што можна, — сказаў Нехлюдаў і вышаў. Меншоў стаяў ля дзвярэй, так што надзірацель штурхануў яго дзвярыма, калі зачыняў іх. Пакуль надзірацель замыкаў замок на дзвярах, Меншоў глядзеў у дзірку ў дзвярах.


LIII

Ідучы назад па шырокаму калідору (быў час абеду, і камеры былі адамкнуты) паміж апранутымі ў светлажоўтыя халаты, кароткія, шырокія нагавіцы і коты людзей, якія прагна глядзелі на яго, Нехлюдавым авалодалі незвычайныя адчуванні — і спагады да тых людзей, якія сядзелі, і жаху і неўразумення перад тымі, хто пасадзілі і трымаюць іх тут, і чамусьці сораму за сябе, за тое, што ён спакойна разглядае гэта.

У адным калідоры прабег нехта, грукаючы котамі, у дзверы камеры, і адтуль вышлі людзі і сталі на дарозе Нехлюдаву, кланяючыся яму.

— Загадайце, ваша благароддзе, не ведаю, як назваць, рашыць нас як-небудзь.

— Я не начальнік, я нічога не ведаю.

— Усё-адно, скажыцё каму, начальству, ці што, — сказаў абураны голас. — Ні ў чым не вінаваты, пакутваем другі месяц.

— Як? Чаму? — запытаў Нехлюдаў.

— Ну вось замкнулі ў турме. Сядзім другі месяц, самі не ведаем, завошта.

— Праўда, гэта выпадкова, — сказаў памочнік сматрыцеля, — за бяспашпартнасць узялі гэтых людзей, і трэба было адаслаць іх у іхнюю губерню, а там турма згарэла, і губернскае кіраўніцтва паведаміла нас, каб не дасылаць да іх. Вось мы ўсіх з іншых губерняў разаслалі, а гэтых трымаем.

— Як, толькі таму? — запытаў Нехлюдаў, спыняючыся ў дзвярах.

Натоўп, чалавек 40, усе ў арыштанцкіх халатах, абкружыў Нехлюдава і памочніка. Адразу пачалі гаварыць неалькі галасоў. Памочнік спыніў.

— Гаварыце адзін хто-небудзь.

З усіх вылучыўся высокі прыстойны селянін, год пад пяцьдзесят. Ён растлумачыў Нехлюдаву, што іх усіх выслалі і пасадзілі ў турму за тое, што ў іх не было пашпартоў. Пашпарты-ж у іх былі, але толькі пратэрмінаваныя тыдні на два. Кожны год бывалі так пратэрмінаваны пашпарты, і нічога не спаганялі, а цяпер узялі ды вось другі месяц трымаюць тут, як злачынцаў.

— Мы ўсе па каменнай рабоце, усе адной арцелі. Кажуць, у губерні турма згарэла. Дык мы ў гэтым не вінаваты. Зрабіце боскую ласку.

Нехлюдаў слухаў і амаль не разумеў таго, што гаварыў стары прыстойны чалавек, таму што ўся ўвага яго была паглынута вялікай цёмнашэрай шматногай вошшу, якая паўзла паміж валасоў па шчацэ прыстойнага муляра.

— Як-жа гэтак? Няўжо толькі за гэта? — гаварыў Нехлюдаў, звяртаючыся да сматрыцеля.

— Але, начальства зрабіла памылку, іх-бы трэба паслаць на месца жыхарства, — гаварыў памочнік.

Толькі што сматрыцель скончыў, як з натоўпу вылучыўся маленькі чалавечак, таксама ў арыштанцкім халаце, пачаў, дзіўна крывячы ротам, гаварыць аб тым, што іх тут мучаць нізавошта.

— Горш сабак… — пачаў ён.

— Ну, ну, лішняга таксама не размаўляй, маўчы, а то ведаеш…

— Што мне ведаць, — у роспачы пачаў гаварыць маленькі чалавечак. — Хіба мы ў чым вінаваты?

— Маўчаць! — крыкнуў начальнік, і маленькі чалавечак замаўчаў.

„Што-к гэта такое?“ — гаварыў сабе Нехлюдаў, выходзячы з камеры, як быццам ідучы скрозь строй міма сотні вачэй арыштантаў, якія выглядалі з-за дзвярэй і сустракаліся на дарозе.

— Няўжо сапраўды трымаюць так проста невінаватых людзей? — вымавіў Нехлюдаў, калі яны вышлі з калідора.

— Што-ж скажаце рабіць? Але толькі і багата яны хлусяць. Паслухаеш іх — усе невінаваты, — гаварыў памочнік сматрыцеля.

— Але-ж гэтыя не вінаваты ні ў чым.

— Гэта яшчэ невядома. Але толькі народ вельмі папсаваны. Без строгасці немагчыма. Ёсць гэткія тыпы пахабныя, таксама пальца ў рот не кладзі. Вось учора дваіх прымушаны былі пакараць.

— Як пакараць? — сказаў Нехлюдаў.

— Розгамі пакаралі згодна прадпісання…

— Але-ж цялеснае пакаранне адменена.

— Не для пазбаўленых праў. Гэтыя падлягаюць.

Нехлюдаў успомніў усё, што ён бачыў учора, чакаючы ў сенцах, і зразумеў, што пакаранне адбывалася іменна ў той час, калі ён чакаў, і яго з асаблівай сілай ахапіла тое змешанае пачуццё цікаўнасці, суму, неўразумення і маральнай моташнасці, пераходзячай амаль у фізічную моташнасць, якое надыходзіла і раней, але ніколі з гэткай сілай не ахапляла яго.

Не слухаючы памочніка сматрыцеля і не гледзячы вакол сябе, ён паспешна вышаў з калідораў і накіраваўся ў кантору. Сматрыцель быў у калідоры і, заняўшыся іншымі справамі, забыў выклікаць Богадухоўскую. Ён успомніў, што абяцаў выклікаць яе, толькі тады, калі Нехлюдаў увайшоў у кантору.

— Зараз я пашлю за ёю, а вы пасядзіце, — сказаў ён.


LIV

Кантора змяшчалася ў двух пакоях. У першым пакоі, з вялікай аблезлай печкай і двума бруднымі вокнамі, стаяла ў адным кутку чорная мерка для вымервання росту арыштантаў, у другім кутку вісеў — звычайная прыналежнасць усіх месцаў катавання, нібы для глумлення з яго вучэння, — вялікі абраз хрыста. У гэтым першым пакоі стаяла некалькі надзірацеляў. У другім-жа пакоі сядзелі каля сценаў і асобнымі групамі ці парачкамі чалавек дваццаць мужчын і жанчын і паціху гутарылі. Каля акна стаяў пісьмовы стол.

Сматрыцель сеў каля пісьмовага стала і прапанаваў Нехлюдаву крэсла, што стаяла побач. Нехлюдаў сеў і пачаў разглядаць прысутных.

Раней за ўсё ён звярнуў увагу на маладога чалавека ў кароткай жакетцы з прыемным тварам, які, стоячы перад немаладой ужо чорнабровай жанчынай, нешта горача і з жэстамі рук гаварыў ёй. Побач сядзеў стары чалавек у сініх акулярах і нерухома слухаў, трымаючы за руку маладую жанчыну ў арыштанцкім адзенні, якая нешта расказвала яму. Хлопчык-рэаліст з утаропленым спалоханым выглядам твара, не адводзячы вачэй глядзеў на старога. Недалёка ад іх, у кутку, сядзела парачка закаханых: яна была з кароткімі валасамі і з энергічным тварам, бялявая, прыгожая, зусім маладзенькая дзяўчына ў модным плацці; ён — з тонкімі рысамі твара і кучаравымі валасамі прыгожы юнак у гутаперчавай куртачцы. Яны сядзелі ў кутку і шапталіся, напэўна млеючы ад кахання. Бліжэй-жа ўсіх да стала сядзела сівая ў чорным адзенні жанчына, відаць маці. Яна глядзела прагна на маладога чалавека з сухотным выглядам у такой самай куртачцы і хацела нешта сказаць, але не магла вымавіць ад слёз: і пачынала і спынялася. Малады чалавек трымаў у руках паперку і, відаць, не ведаючы, што яму рабіць, з сярдзітым тварам перагінаў і камячыў яе. Каля іх сядзела поўная, румяная, прыгожая дзяўчына з вельмі пукатымі вачыма, у шэрым плацці і пелярынцы. Яна сядзела побач з заплаканай маці і ласкава гладзіла яе плечы. Усё было прыгожа ў гэтай дзяўчыны: і вялікія белыя рукі, і кучаравыя абстрыжаныя валасы, і моцныя нос і губы; але галоўнай прывабнасцю яе твара былі карыя, барановыя, добрыя, праўдзівыя вочы. Прыгожыя вочы яе адарваліся ад твара маці ў тую мінуту, калі ўвайшоў Нехлюдаў, і сустрэліся з яго поглядам. Але адразу-ж яна адвярнулася, і нешта пачала гаварыць маці. Недалёка ад закаханай парачкі сядзеў чорны калматы чалавек з панурым тварам і сярдзіта гаварыў нешта безбародаму наведвальніку, падобнаму да скапца. Нехлюдаў сеў побач з сматрыцелям і з напружанай ціканаўсцю глядзеў вакол сябе. Яго забавіў гладка стрыжаны дзіцёнак-хлопчык, які падышоў да яго і тоненькім галаском звярнуўся да яго з запытаннем:

— А вы каго чакаеце?

Нехлюдава здзівіла запытанне, але, зірнуўшы на хлопчыка і ўбачыўшы сур‘ёзны, удумлівы твар з уважлівымі, жывымі вачыма, сур‘ёзна адказаў яму, што чакае знаёмую жанчыну.

— Што-ж, яна вам сястра? — запытаў хлопчык.

— Не, не сястра, — адказаў здзіўлена Нехлюдаў. — А ты, з кім тут? — запытаў ён хлопчыка.

— Я з мамай. Яна палітычная, — з гонарам сказаў хлопчык.

— Мар‘я Паўлаўна, вазьміце Колю, — сказаў сматрыцель, знайшоўшы, відаць, процізаконным размову Нехлюдава з хлопчыкам.

Мар‘я Паўлаўна, тая самая прыгожая дзяўчына з барановымі вачыма, на якую звярнуў увагу Нехлюдаў, устала на ўвесь свой высокі рост і моцнай, шырокай, амаль мужчынскай хадой падышла да Нехлюдава і хлопчыка.

— Што ён у вас пытаецца, хто вы? — запытала яна ў Нехлюдава, злёгку ўсміхаючыся і даверліва гледзячы яму ў вочы так проста, нібы не магло быць сумнення ў тым, што яна з усімі была, ёсць і павінна быць у простых, ласкавых брацкіх адносінах. — Яму ўсё патрэбна ведаць, — сказала яна і зусім усміхнулася ў твар хлопчыку гэткай добрай, мілай усмешкай, што і хлопчык і Нехлюдаў — абодва мімаволі ўсміхнуліся на яе ўсмешку.

— Але, пытаўся ў мяне, да каго я.

— Мар‘я Паўлаўна, нельга размаўляць з староннімі. Вы-ж ведаеце, — сказаў сматрыцель.

— Добра, добра, — сказала яна і, узяўшы сваёй вялікай белай рукой за ручку Колю, які не зводзіў з яе вачэй, вярнулася да маці сухотнага.

— Чый-жа гэта хлопчык? — запытаў Нехлюдаў ужо ў сматрыцеля.

— Палітычнай адной, ён у турме і нарадзіўся, — адказаў сматрыцель з некаторым задавальненнем, нібы паказваючы рэдкасць сваёй установы.

— Няўжо?

— Але, вось цяпер едзе ў Сібір з маці.

— А гэта дзяўчына?

— Не магу вам адказваць, — сказаў сматрыцель, паводзячы плячыма. — А вось і Богадухоўская.


LV

З задніх дзвярэй вёрткай хадою вышла маленькая стрыжаная, худая, жоўтая Вера Ефрэмаўна, з сваімі вялікімі добрымі вачыма.

— Ну, дзякую, што прышлі, — сказала яна, паціскаючы руку Нехлюдава. — Успомнілі мяне? Сядзем.

— Не думаў вас знайсці гэтак.

— О, мне добра! Так добра, так добра, што лепшага і не жадаю, — гаварыла Вера Ефрэмаўна, як заўсёды, спалохана гледзячы сваімі велізарнымі добрымі круглымі вачыма на Нехлюдава і верцячы жоўтай тонкай-тонкай жылістай шыяй, якая выпіралася з-за ўбогіх, памятых і брудных каўнерчыкаў кофтачкі.

Нехлюдаў пачаў пытацца аб тым, як яна апынулася ў гэтым становішчы. Адказваючы яму, яна з вялікім ажыўленнем пачала расказваць аб сваёй справе. Мова яе была перасычана іншаземнымі словамі аб прапагандаванні, аб дэзарганізацыі, аб групах і секцыях і падсекцыях, аб якіх яна была, відаць, зусім упэўнена, што ўсе ведалі, а аб якіх Нехлюдаў ніколі не чуў.

Яна расказвала яму, відаць, зусім упэўненая, што яму вельмі цікава і прыемна ведаць усе тайны народавольства. Нехлюдаў-жа глядзеў на яе ўбогую шыю, на рэдкія зблытаныя валасы і здзіўляўся, навошта яна ўсё гэта рабіла і расказвала. Яму было шкада яе, але зусім не так, як было шкада Меншова мужыка, які без усякай віны з яго боку сядзеў у смярдзючай турме. Яе было шкада больш за ўсё за тую відавочную блытаніну, што была ў яе галаве. Яна, напэўна, лічыла сябе гераіняй, гатовай ахвяраваць жыццё для поспехаў сваёй справы, а тым часам бадай і не растлумачыла-б, з чаго складалася гэта справа і ў чым поспех яе.

Справа, аб якой хацела гаварыць Вера Ефрэмаўна з Нехлюдавым, была ў тым, што адна таварышка яе, нехта Шустава, якая нават і не належала да іхняй падгрупы, як яна казала, была схоплена пяць месяцаў перад гэтым разам з ёю і пасаджана ў Петрапаўлаўскую крэпасць толькі таму, што ў яе знайшлі кнігі і паперы, перададзеныя ёй на хаванне. Вера Ефрэмаўна лічыла сябе часткова вінаватай у зняволенні Шуставай і ўпрашала Нехлюдава, які меў сувязі, зрабіць усё магчымае для таго, каб вызваліць яе. Другая справа, аб якой прасіла Богадухоўская, была ў тым, каб дамагчыся зняволенаму ў Петрапаўлаўскай крэпасці Гуркевічу дазволу на спатканне з бацькамі і на атрыманне навуковых кніжак, якія яму патрэбны былі для яго вучоных заняткаў.

Нехлюдаў абяцаў паспрабаваць зрабіць усё магчымае, калі будзе ў Пецербургу.

Сваю гісторыю Вера Ефрэмаўна расказала так, што яна, скончыўшы акушэрскія курсы, зышлася з партыяй народавольцаў і працавала з імі. Спачатку ішло ўсё добра, пісалі пракламацыі, прапагандавалі на фабрыках, але потым схапілі адну выдатную асобу, захапілі паперы і пачалі ўсіх браць.

— Узялі і мяне, і вось цяпер высылаюць… — скончыла яна сваю гісторыю. — Але гэта нічога. Я адчуваю сябе вельмі добра, самапачуццё алімпійскае, — сказала яна і ўсміхнулася жаласнай усмешкай.

Нехлюдаў запытаў пра дзяўчыну з барановымі вачыма. Вера Ефрэмаўна расказвала, што гэта дачка генерала, даўно ўжо належыць да рэволюцыйнай партыі і папалася за тое, што ўзяла на сябе стрэл у жандара. Яна жыла на канспіратыўнай кватэры, у якой быў друкарскі станок. Калі ўначы прышлі з вобыскам, дык жыхары кватэры парашылі абараняцца, пагасілі агонь і пачалі знішчаць доказы. Паліцэйскія ўварваліся, і тады адзін з змоўнікаў стрэліў і параніў смяртэльна жандара. Калі пачалі дапытваць, хто страляў, яна сказала, што страляла яна, не гледзячы на тое, што ніколі не трымала ў руцэ рэвальвера і павука не заб‘е. І так і асталося. І цяпер ідзе на катаргу.

— Альтруістычная, добрая асоба… — спагадліва сказала Вера Ефрэмаўна.

Трэцяя справа, аб якой хацела гаварыць Вера Ефрэмаўна, была адносна Маславай. Яна ведала, як усё было вядома ў астрозе, гісторыю Маславай і дачыненне да яе Нехлюдава, і раіла хадайнічаць аб пераводзе яе да палітычных або, прынамсі, у сядзелкі ў больніцу, дзе цяпер асабліва багата хворых і патрэбны работніцы. Нехлюдаў падзякаваў ёй за параду і сказаў, што будзе старацца скарыстаць яе.


LVI

Размову іхнюю спыніў сматрыцель, які падняўся і сказаў, што час спаткання скончыўся, і трэба разыходзіцца. Нехлюдаў устаў, развітаўся з Верай Ефрэмаўнай і адышоў да дзвярэй, ля якіх спыніўся, назіраючы тое, што адбывалася перад ім.

— Панове, пара, пара, — гаварыў сматрыцель, то ўстаючы, то зноў сядаючы.

Патрабаванне сматрыцеля выклікала ў прысутных у пакоі — і ў зняволеных і наведвальніках — толькі асаблівае ажыўленне, але ніхто і не думаў разыходзіцца. Некаторыя ўсталі і гаварылі стоячы. Некаторыя прадаўжалі сядзець і гутарыць. Некаторыя пачалі развітвацца і плакаць. А асабліва жаласлівай была маці з сухотным сынам. Малады чалавек усё круціў паперку, і твар яго рабіўся ўсё больш і больш злосным, — гэткія вялікія былі намаганні, якія ён рабіў, каб не заразіцца матчыным пачуццём. А маці, пачуўшы, што трэба развітвацца, лягла яму на плячо і рыдала, сапучы носам. Дзяўчына з барановымі вачамі — Нехлюдаў мімаволі сачыў за ёю — стаяла перад маці, якая рыдала, і нешта заспакойваючы гаварыла ёй. Стары ў сініх акулярах, стоячы, трымаў за руку сваю дачку і ківаў галавой на тое, што яна гаварыла. Маладыя закаханыя ўсталі і трымаліся за рукі, моўчкі гледзячы адзін аднаму ў вочы.

— Вось гэтым адным весела, — сказаў, паказваючы на закаханую парачку, малады чалавек у кароткай жакетцы, стоячы каля Нехлюдава, таксама, як і ён, гледзячы на тых, што развітваліся.

Адчуваючы на сабе погляды Нехлюдава і маладога чалавека, закаханыя — малады чалавек у гутаперчавай куртцы і бялявая прыгожая дзяўчына — выцягнулі счэпленыя рукі, захіліліся назад, і смеючыся пачалі кружыцца.

Сёння ўвечары жэняцца тут, у турме, і яна з ім ідзе ў Сібір, — сказаў малады чалавек.

— Ён што-ж?

— Катаржны. Хаця яны павесяляцца, а то надта ўжо балюча слухаць, — дадаў малады чалавек у жакетцы, прыслухоўваючыся да рыданняў маткі сухотнага.

— Панове! Калі ласка, калі ласка! не прымушайце мяне ўжыць захады строгасці, — гаварыў сматрыцель, паўтараючы некалькі разоў адно і тое-ж самае. — Калі ласка, ды ну, калі ласка! — гаварыў ён слаба і нерашуча. — Што гэта? Ужо даўно пара. Гэтак-жа немагчыма. Я апошні раз кажу, — паўтараў ён панура, то закурваючы, то гасячы сваю марыландскую папяроску.

Відавочна было, што, як ні дасканалы і ні стары і прывычны былі довады, якія дазвалялі людзям рабіць зло іншым, не адчуваючы сябе за яго адказнымі, сматрыцель не мог не ўсведамляць, што ён адзін з вінавайцаў таго гора, якое праяўлялася ў гэтым пакоі; і яму, відаць, было дужа цяжка.

Урэшце зняволеныя і наведвальнікі пачалі разыходзіцца: адны праз унутраныя, другія праз знадворныя дзверы. Прайшлі мужчыны — у гутаперчавых куртках, і сухотны, і чорны калматы; пайшла і Мар‘я Паўлаўна з хлопчыкам, што нарадзіўся ў турме.

Пачалі выходзіць і наведвальнікі. Пайшоў цяжкою хадою стары ў сініх акулярах, за ім пайшоў і Нехлюдаў.

— Але, дзіўныя парадкі, — нібы прадаўжаў перапыненую размову гаваркі малады чалавек, спускаючыся з Нехлюдавым разам са сходак. — Дзякаваць трэба, што капітан — добры чалавек, не трымаецца правілаў. Усе пагавораць — адпачнуць душою.

— Хіба ў іншых турмах няма гэткіх спатканняў?

— І-і! Нічога падобнага. Але ці жадаеце па аднаму, ды яшчэ праз краты.

Калі Нехлюдаў, размаўляючы з Медынцэвым — гэтак адракамендаваў сябе гаваркі малады чалавек, — сышоў у сенцы, да іх падышоў з стомленым выглядам сматрыцель.

— Так, калі хочаце бачыць Маславу, дык калі ласка заўтра, — сказаў ён, відавочна жадаючы быць ветлівым з Нехлюдавым.

— Вельмі добра, — сказаў Нехлюдаў і паспяшыў выйсці.

Жахлівымі былі, відавочна, нявінныя пакуты Меншова — і не гэтак яго фізічныя пакуты, як тое неўразуменне, тая недаверлівасць да дабра і да бога, якія ён павінен быў адчуваць, бачачы жорсткасць людзей, што без дай прычыны мучылі яго; жахліва была ганьба і пакуты, накладзеныя на гэтыя сотні ні ў чым невінаватых людзей толькі таму, што ў паперы не гэтак напісана; жахлівы гэтыя адурэлыя надзірацелі, занятыя мучаннем сваіх братоў і ўпэўненыя, што яны робяць і добрую і карысную справу. Але жахлівейшым за ўсё здаўся яму гэты стараваты і слабы здароўем і добры сматрыцель, які павінен разлучаць маці з сынам, бацьку з дачкой — дакладна гэткіх самых-жа людзей, як ён сам і яго дзеці.

„Навошта гэта?“ запытаў сябе Нехлюдаў, перажываючы цяпер у вышэйшай ступені тое пачуццё маральнай моташнасці, якая пераходзіла ў фізічную моташнасць, якую заўсёды адчуваў у турме, і не знаходзіў адказу.


LVII

Наступным днём Нехлюдаў паехаў да адваката і расказаў яму справу Меншовых, просячы ўзяць на сябе абарону. Адвакат выслухаў і сказаў, што паглядзіць справу, і калі ўсё гэтак, як гаворыць Нехлюдаў, што вельмі магчыма, дык ён без усякай узнагароды возьмецца за абарону. Нехлюдаў, тым часам, расказаў аб арыштованых 130 чалавеках па непаразуменню і запытаў, ад каго гэта залежыць, хто вінаваты. Адвакат памаўчаў, відаць, жадаючы адказаць дакладна.

— Хто вінават? Ніхто, — сказаў ён рашуча. — Скажыце пракурору — ён скажа, што вінават губернатар, скажыце губернатару — ён скажа, што вінават пракурор. Ніхто не вінават.

— Я зараз паеду да Масленнікава і скажу яму.

— Ну-с, гэта дарэмна, — усміхаючыся, адказаў адвакат. — Гэта такая — ён не сваяк і не прыяцель? — гэта такая, дазвольце сказаць, дубіна і разам з тым хітрая скаціна.

Нехлюдаў, успомніўшы, што гаварыў Масленнікаў пра адваката, нічога не адказаў і, развітаўшыся, паехаў да Масленнікава.

Масленнікава Нехлюдаву трэба было прасіць аб двух рэчах: аб пераводзе Маславай у больніцу і аб 130 бяспашпартных, якіх без віны трымалі ў турме. Як ні цяжка яму было прасіць чалавека, якога ён не паважаў, — гэта было адзіным сродкам дасягнуць мэты, і трэба было прайсці праз гэта.

Пад‘язджаючы да дома Масленнікава, Нехлюдаў убачыў каля ганку некалькі зкіпажаў: пралёткі, каляскі і карэты, і ўспомніў, што якраз сёння быў той прыймовы дзень жонкі Масленнікава, у які ён прасіў яго прыехаць. У той час, калі Нехлюдаў пад‘язджаў да дома, адна карэта стаяла каля пад‘езда, і лёкай у капелюшы з какардай і пелярынцы падсаджваў з парогу ганка даму, якая падхапіла свой шлейф і адкрыла чорныя тонкія шчыкалаткі ў туфлях. Сярод тых экіпажаў, што ўжо стаялі, ён пазнаў закрытае ландо Карчагіных. Сівы румяны кучар пачціва і ветліва зняў капялюш, як асабліва знаёмаму пану. Не паспеў Нехлюдаў запытаць швейцара аб тым, дзе Міхаіл Іванавіч (Масленнікаў), як ён сам паказаўся на дыванавых сходнях, праводзячы вельмі важнага госця, гэткага, якога ён праводзіў ужо не да пляцоўкі, а да самага нізу. Вельмі важны ваенны госць гэты, ідучы, гаварыў па-французску аб алегры на карысць прытулкаў, якія адкрываюцца ў горадзе, выказваючы думку, што гэта добры занятак для дам: „і ім весела, і грошы збіраюцца“.

— Qu‘elles s‘amusent et que le bon dieu les bénisse…[21]. А, Нехлюдаў, добры дзень! Нешта даўно вас не відаць? — прывітаў ён Нехлюдава. — Alle presenter vos devoirs à madame[22]. І Карчагіны тут. Et Nadine Bukshevden. Toutes les jolies iemmes de la ville[23], — сказаў ён, падстаўляючы і крыху прыўзнімаючы свае ваенныя плечы пад падаваемы яму яго-ж пышным, з залатымі галунамі лёкаем, шынель. — Au revoir, mom cher![24] — Ён паціснуў яшчэ руку Масленнікаву.

— Ну, хадзем наверх, як я рад! — узрушана пачаў гаварыць Масленнікаў, падхапляючы пад руку Нехлюдава, і не гледзячы на сваю карпуленцыю, хутка павёў яго наверх.

Масленнікаў быў у асабліва радасным узрушаным настроі, прычынай якога была звернутая на яго ўвага важнай асобай. Здавалася, служачы ў гвардэйскім, блізкім да царскай фаміліі палку, Масленнікаву час ужо прызвычаіцца-б да блізкасці з царскай фаміліяй, але, відаць, подласць толькі ўзмацняецца паўтарэннем, і кожны гэтакі выказ увагі прыводзіў Масленнікава ў гэткае самае захапленне, якое прыходзіць да ласкавага сабачкі пасля таго, як гаспадар пагладзіць, патрэпле, пачэша яго за вушамі. Ён матляе хвастом, сціскаецца, круціцца і шалёна носіцца кругамі. Тое самае гатоў быў зрабіць Масленнікаў. Ён не заўважаў сур‘ёзнага выразу твара Нехлюдава, не слухаў яго і нястрымна вёў яго ў гасціную, так што нельга было адмовіцца, і Нехлюдаў ішоў з ім.

— Справа потым; што загадаеш — усё зраблю, — гаварыў Масленнікаў, праходзячы з Нехлюдавым праз залу. — Паведамце генеральшы, што князь Нехлюдаў, — нахаду сказаў ён лёкаю; лёкай інахаддзю, выпярэджваючы іх, рушыў уперад. — Vous n‘avez qu‘á ordonner[25]. Але жонку пабач абавязкова. Мне і то нагарэла за тое, што я той раз не прывёў цябе.

Лёкай паспеў ужо паведаміць, калі яны ўвайшлі, і Анна Ігнац‘еўна, віцэ-губернатарша, генеральша, як яна называла сябе, ужо з ззяючай усмешкаю нахілілася да Нехлюдава з-за шляпак і галоў, што акружалі яе каля канапы. На другім канцы гасцінай каля стала з чаем сядзелі пані і стаялі мужчыны — ваенныя і штацкія, і чулася безупынная траскатня мужчынскіх і жаночых галасоў.

— Enfin![26] Што-ж гэта вы нас ведаць не хочаце? Чым мы вас пакрыўдзілі?

Гэткімі словамі, якія прадугледжвалі інтымнасць паміж ёю і Нехлюдавым, каторай ніколі не было, сустрэла яго Анна Ігнац‘еўна.

— Вы знаёмы? Знаёмы? Мадам Беляўская, Міхаіл Іванавіч Чэрноў. Сядайце бліжэй.

— Місі, venez donc à notre table. On vous apportera votre thé[27]… І вы… — звярнулася яна да афіцэра, які гаварыў з Місі, відаць забыўшы яго імя, — калі ласка, сюды. Чаю, князь, загадаеце?

— Ні за што, ні за што не згаджуся; яна проста не любіла, — гаварыў жаночы голас.

— А любіла піражкі.

— Заўсёды недарэчныя жарты, — смеючыся, заступілася другая дама ў высокім капелюшы, на якім зіхацелі шоўк, золата і каменні.

— C‘est excellent[28] — гэта вафелькі, і лёгка. Падайце яшчэ сюды.

— Што-ж, хутка едзеце?

— Ды ўжо сёння апошні дзень. Таму мы і прыехалі.

— Такая цудоўная вясна, так хораша цяпер у вёсцы!

Місі ў капелюшы і нейкім цмяна-паласатым плацці, якое без складак ахоплівала яе тонкі стан, быццам яна радзілася ў гэтым плацці, была вельмі прыгожай. Яна пачырванела, убачыўшы Нехлюдава.

— А я думала, што вы паехалі, — сказала яна яму.

— Амаль паехаў, — сказаў Нехлюдаў. — Справы затрымліваюць. Я і сюды прыехаў па справе.

— Заязджайце да мамà. Яна вельмі хоча вас бачыць, — сказала яна і, адчуваючы, што яна хлусіць, і ён разумее гэта, пачырванела яшчэ больш.

— Бадай не паспею, — панура адказаў Нехлюдаў, стараючыся зрабіць выгляд, што не заўважыў, як яна пачырванела.

Місі сярдзіта нахмурылася, павяла плячыма і звярнулася да элегантнага афіцэра, які падхапіў у яе з рук пустую чашку, чапляючы шабляй за крэсла, мужна перанёс яе на другі стол.

— Вы павінны таксама афяраваць на прытулак.

— Але я і не адмаўляюся, але хачу зберагчы ўсю сваю шчодрасць да алегры. Там я выкажу сябе ўжо на ўсю сілу.

— Ну, глядзіце! — пачуўся яўна ненатуральна вясёлы голас.

Прыймовы дзень быў бліскучы, і Анна Ігнац‘еўна была ў захапленні.

— Мне Міка гаварыў, што вы заняты ў турмах. Я вельмі разумею гэта, — гаварыла яна Нехлюдаву. — Міка (гэта быў яе тоўсты муж, Масленнікаў) можа мець і іншыя недахопы, але вы ведзеце, які ён добры. Усе гэтыя няшчасныя зняволеныя — яго дзеці. Ён інакш не глядзіць на іх. Il est d‘une bonte…[29].

Яна спынілася, не знайшоўшы слоў, якія маглі-б выкаваць bonte таго яе мужа, па загаду якога секлі людзей, і адразу-ж, усміхаючыся, звярнулася да старой зморшчанай бабулі ў ліловых бантах, якая ўваходзіла ў пакой.

Пагаварыўшы, колькі патрэбна было, і так беззмястоўна, як таксама патрэбна было для таго, каб не парушыць прыстойнасці, Нехлюдаў устаў і падышоў да Масленнікава.

— Так, калі ласка, можаш ты мяне выслухаць?

— Ах, праўда! Ну што-ж? Хадзем сюды.

Яны ўвайшлі ў маленькі японскі габінецік і селі ля акна.


LVIII

— Ну, je suis à vous[30]. Хочаш курыць? Толькі пачакай, як-бы нам тут не папсаваць, — сказаў ён і прынёс попельніцу. — Ну-с?

— Я да цябе з двума справамі.

— Вось як.

Твар Масленнікава зрабіўся панурым і сумным. Усе сляды таго ўзрушэння сабачкі, у якога гаспадар пачасаў за вушамі, прайшлі без следу. З гасцінай даносіліся галасы. Адзін жаночы гаварыў: „jamais, jamais je ne croirais“[31], а другі, з іншага боку, мужчынскі, нешта расказваў, усё паўтараючы: і „la comtesse Voronzoff i Victor Apraksine“[32]. З трэцяга боку чуўся толькі гул галасоў і смех. Масленнікаў прыслухоўваўся да таго, што рабілася ў гасцінай, слухаў і Нехлюдава.

— Я зноў пра тую самую жанчыну, — сказаў Нехлюдаў.

— Але, нявінна засуджаная. Ведаю, ведаю.

— Я прасіў-бы перавесці яе служанкай у больніцу. Мне казалі, што гэта можна зрабіць.

Масленнікаў сціснуў губы і задумаўся.

— Бадай ці можна, — сказаў ён. — Але-ж я параюся і заўтра тэлеграфую табе.

— Мне казалі, што там шмат хворых, і патрэбны памочніцы.

— Ну, так, ну так. Ва ўсякім выпадку я паведамлю цябе.

— Калі ласка, — сказаў Нехлюдаў.

З гасцінай пачуўся агульны і нават натуральны смех.

— Гэта ўсё Віктар, — сказаў Масленнікаў, усміхаючыся: — ён надзвычай жартуе, калі бывае ў гуморы.

— А яшчэ, — сказаў Нехлюдаў: — цяпер у турме сядзяць 130 чалавек толькі за тое, што іхнія пашпарты пратэрмінаваны. Іх трымаюць месяц тут.

І ён расказаў прычыны, з-за якіх іх трымаюць.

— Як-жа ты даведаўся пра гэта? — запытаў Масленнікаў, і на твары яго раптам выказаліся неспакой і незадавальненне.

— Я хадзіў да падсуднага, і мяне ў калідоры абступілі гэтыя людзі і прасілі…

— Да якога падсуднага ты хадзіў?

— Селянін, які нявінна абвінавачваецца і да якога я запрасіў адваката. Але не ў гэтым справа. Няўжо гэтыя людзі, ні ў чым не вінаватыя, знаходзяцца ў турме толькі за тое, што тэрмін іхніх пашпартоў прапушчаны і…

— Гэта справа пракурора, — з прыкрасцю перабіў Масленнікаў Нехлюдава. — Вось ты гаворыш: суд хуткі і правільны. Абавязак таварыша пракурора — наведваць турму і даведвацца, ці законна трымаюць зняволеных. Яны нічога не робяць: гуляюць у вінт.

— Дык ты нічога не можаш зрабіць? — панура сказаў Нехлюдаў, успамінаючы словы адваката аб тым, што губернатар будзе звальваць на пракурора.

— Не, я зраблю. Я даведаюся зараз.

— Для яе-ж горш. C‘est un souffre-douleur[33], — чуўся з гасцінай голас жанчыны, відаць зусім абыякавай да таго, што яна казала.

— Тым лепш, я і гэту вазьму, — чуўся з другога боку ігрывы голас мужчыны і ігрывы смех жанчыны, якая нешта не давала яму.

— Не, не, ніколі, — гаварыў жаночы голас.

— Дык вось, я зраблю ўсё, — паўтарыў Масленнікаў, гасячы папяроску сваёй белай рукой з бірузовым пярсцёнкам, — а цяпер пойдзем да дам.

— Але, яшчэ вось што, — сказаў Нехлюдаў, не ўваходзячы ў гасціную і спыняючыся каля дзверы. — Мне казалі, што ўчора ў турме каралі цялесна людзей. Ці праўда гэта?

Масленнікаў пачырванеў.

— Ах, ты пра гэта? Не, mo cher, зусім цябе не трэба пускаць, ты ўсюды лезеш. Хадзем, хадзем. Annette кліча нас, — сказаў ён, падхопліваючы яго пад руку і выказваючы зноў гэткае-ж узбуджэнне, як і пасля важнай асобы, але толькі цяпер ужо не радаснае, а трывожнае.

Нехлюдаў вырваў сваю руку з яго і, нікому не кланяючыся і нічога не гаворачы, з панурым выглядам прайшоў цераз гасціную, залу, і, міма лёкаяў, якія выбеглі насустрач, у прадпакой і на вуліцу.

— Што з ім? Што ты яму зрабіў? — запытала ў мужа Annette.

— Гэта à la française[34], — сказаў нехта.

— Які гэта à la française, гэта à la zoulou[35].

— Ну, але ён заўсёды быў гэткі.

Нехта падняўся, нехта прыехаў, і шчабятанні пайшлі сваёй чаргой: грамада карысталася эпізодам з Нехлюдавым, як зручнай тэмай для размовы на сёнешнім jour fixe‘a.

На другі дзень пасля наведвання Масленнікава Нехлюлаў атрымаў ад яго на тоўстай глянцавітай з гербам і пячаткамі паперы ліст цудоўным цвёрдым почыркам аб тым, што ён напісаў аб пераводзе Маславай у больніцу ўрачу, і што, напэўна, жаданне яго будзе выканана. Было падпісана: „любячы цябе старшы таварыш“, і пад подпісам „Масленнікаў“ быў зроблены па-мастацку, вялікі і цвёрды росчарк.

— Дурань! — не мог утрымацца, каб не сказаць Нехлюдаў, асабліва за тое, што ў гэтым слове „таварыш“ ён адчуваў, што Масленнікаў рабіў яму ласку, г. зн., не гледзячы на тое, што займаў самую маральна-брудную і ганебную пасаду, лічыў сябе вельмі важным чалавекам і думаў, калі не пальсціць, дык паказаць, што ён усё-ж такі не вельмі ганарыцца сваёй веліччу, называючы сябе яго таварышом.


LIX

Адзін з самых звычайных і пашыраных забабонаў тое, што кожны чалавек мае толькі свае пэўныя ўласцівасці, што бывае чалавек добры, злы, разумны, дурны, энергічны, апатычны і т. д. Людзі не бываюць гэткімі. Мы можам сказаць пра чалавека, што ён часцей бывае добрым, чым злым, часцей разумным, чым дурным, часцей энергічным, чым апатычным і, наадварот; але будзе няпраўда, калі мы скажам пра аднаго чалавека, што ён добры, або разумны, а пра другога, што ён злы або дурны. А мы заўсёды гэтак падзяляем людзей. І гэта няправільна. Людзі, як рэкі: вада ва ўсіх аднолькавая і ўсюды тая самая, але кожная рака бывае то вузкая, то быстрая, то шырокая, то ціхая, то чыстая, то халодная, то каламутная, то цёплая. Гэтак і з людзі. Кожны чалавек носіць у сабе зародкі ўсіх уласцівасцей чалавечых, і часам выяўляе адны, часам другія, бывае часта зусім не падобен на сябе, астаючыся, тым часам, адным і самім сабою. У некаторых людзей гэтыя змены бываюць асабліва рэзкімі. І да гэткіх людзей належаў Нехлюдаў. Змены гэтыя адбываліся ў ім і ад фізічных, і ад духоўных прычын. І гэткая змена адбылася ў ім цяпер.

Тое пачуццё ўрачыстасці і радасці аднаўлення, якое ёй перажываў пасля суда і пасля першага спаткання з Кацюшай, прайшло зусім і замянілася пасля апошняга спаткання страхам, нават брыдкасцю да яе. Ён парашыў, што не пакіне яе, не зменіць свайго рашэння ажаніцца з ёю, калі толькі яна захоча гэтага; але гэта было яму цяжка і балюча.

Наступным днём пасля свайго наведвання Масленнікава ён зноў паехаў у турму, каб пабачыць яе.

Сматрыцель дазволіў спатканне, але не ў канторы і не ў адвакацкай, а ў пакоі жаночага аддзялення. Не гледзячы на сваю добрадушнасць, сматрыцель быў стрыманей, чым раней, з Нехлюдавым; відаць, размовы з Масленнікавым мелі вынікам прадпісанне трымацца больш асцярожна з гэтым наведвальнікам.

— Бачыцца можна, — сказаў ён, — толькі, калі ласка, наконт грошай, як я прасіў вас… А што датычыцца пераводу яе ў больніцу, як пісала яго сіяцельства, дык гэта можна, і доктар згодзен. Толькі яна сама не хоча, гаворыць: „вельмі мне трэба за паскуднікамі гаршкі выносіць…“ Гэта-ж, князь, такі народ, — дадаў ён.

Нехлюдаў нічога не адказваў і папрасіў дапусціць яго да спаткання. Сматрыцель паслаў надзірацеля, і Нехлюдаў увайшоў за ім у пусты пакой для наведвальнікаў жаночага аддзялення.

Маслава ўжо была там і вышла з-за кратаў ціхая і палахлівая. Яна блізка падышла да Нехлюдава і, гледзячы міма яго, ціха сказала:

— Даруйце мне, Дзмітрый Іванавіч, я не добра гаварыла пазаўчора.

— Не мне дараваць вам… — пачаў было Нехлюдаў.

— Але ўсё-ж такі вы пакіньце мяне, — дадала яна, і ў страшна скасіўшыхся вачах, якімі яна зірнула на яго, Нехлюдаў прачытаў зноў напружаны і злы выраз.

— Навошта-ж мне пакідаць вас?

— Ды ўжо так.

— Чаму так?

Яна зірнула на яго зноў тым самым, як яму здалося, злым поглядам.

— Ну, дык вось што, — сказала яна. — Вы мяне пакіньце, гэта я вам правільна кажу. Не магу я. Вы гэта зусім пакіньце, — сказала яна дрыжачымі губамі і замаўчала. — Гэта праўда. Лепей павешуся.

Нехлюдаў адчуваў, што ў гэтай адмове яе была нянавісць да яго, недараваная крыўда, але было нешта і іншае — добрае і важнае. Гэтае ў зусім спакойным становішчы сцвярджэнне сваёй ранейшай адмовы адразу знішчыла ў душы Нехлюдава ўсе яго сумненні і вярнула яго да ранейшага сур‘ёзнага, урачыстага і расчуленага настрою.

— Кацюша, як я казаў, гэтак і кажу, — вымавіў ён асабліва сур‘ёзна. — Я прашу цябе выйсці за мяне замуж. Калі-ж ты не хочаш, і пакуль не хочаш, я, таксама як і раней буду там, дзе ты будзеш, і паеду туды, куды цябе павязуць.

— Гэта ваша справа, я больш гаварыць не буду, — сказала яна, і зноў губы яе задрыжэлі.

Ён таксама маўчаў, адчуваючы, што не мае сілы гаварыць.

— Я цяпер еду ў вёску, а потым паеду ў Пецербург, — сказаў ён, нарэшце аправіўшыся. — Буду хадайнічаць па вашай, па нашай справе, і, бог дасць, адменяць прысуд.

— І не адменяць — усё-адно. Я не за гэта, дык за іншае таго варта… — сказала яна, і ён бачыў, як яна напружвала ўсе сілы, каб не заплакаць. — Ну, што-ж, бачылі Меншова? — запытала яна раптам, каб захаваць сваё хваляванне. — Праўда-ж, што яны не вінаваты?

— Але, я думаю.

— Гэткая цудоўная бабулька, — сказала яна.

Ён расказаў ёй усё, што даведаўся ад Меншова, і запытаў, ці не трэба ёй чаго-небудзь; яна адказала, што нічога не трэба.

Яны зноў памаўчалі.

— Ну,а наконт больніцы, — раптам сказала яна, зірнуўшы на яго сваім косым поглядам, — калі вы хочаце, я пайду і віна таксама не буду піць…

Нехлюдаў моўчкі паглядзеў ёй у вочы. Вочы яе ўсміхаліся.

— Гэта вельмі добра, — толькі мог сказаць ён і развітаўся з ёю.

„Так, так, яна зусім іншы чалавек“, — думаў Нехлюдаў, адчуваючы пасля ранейшых сумненняў зусім новае, ніколі не перажыванае ім пачуццё ўпэўненасці ў непераможнасці кахання.


Вярнуўшыся пасля гэтага спаткання ў сваю смуродную камеру, Маслава скінула халат і села на сваё месца на нары, зпусціўшы рукі на калені. У камеры былі толькі: сухотная владзімірская з грудным дзіцёнкам, старая Меншова і вартаўніца з двума дзецьмі. Дзякаву дачку ўчора прызналі вар‘яткай і накіравалі ў больніцу. Астатнія-ж усе жанчыны мылі бялізну. Бабулька ляжала на нарах і спала; дзеці былі ў калідоры, дзверы ў які былі адчынены. Владзімірская з дзіцёнкам на руках і вартаўніца з панчохай, якую яна не пакідала вязаць хуткімі пальцамі, падышлі да Маславай.

— Ну, што, пабачыліся? — запыталі яны.

Маслава, не адказваючы, сядзела на высокіх нарах, боўтаючы нагамі, якія не даставалі падлогі.

— Чаго зажурылася? — сказала вартаўніца. — Галоўнае, не журыся. Эх, Кацюха! Ну! — сказала яна, хутка варушачы пальцамі.

Маслава не адказвала.

— А нашы мыць пайшлі. Казалі, сёння міласціна вялікая. Нанасілі многа, кажуць, — сказала владзімірская.

— Фінашка! — закрычала вартаўніца ў дзверы. — Куды, непаседа, забег.

І яна выняла адну спіцу і, утыркнуўшы яе ў клубок і панчоху, пайшла ў калідор.

У гэты час пачуўся шум крокаў і жаночая гамонка ў калідоры, і жыхары камеры ў котах на босыя ногі ўвайшлі ў яе, кожная несучы па калачу, а некаторыя і па два. Фядос‘я адразу-ж падышла да Маславай.

— Што-ж, хіба нядобрае што? — запытала Фядос‘я, сваімі яснымі блакітнымі вачамі з замілаваннем гледзячы на Маславу. — А вось нам к чаю, — і яна пачала складаць калачы на паліцу.

— Што-ж, хіба раздумаў жаніцца? — сказала Караблёва.

— Не, не раздумаў, але я не хачу, — сказала Маслава, — Так і сказала.

— Вось і дура! — сказала сваім басам Караблёва.

— Што-ж, калі не жыць разам, навошта жаніцца? — сказала Фядос‘я.

— Ды вось твой муж ідзе-ж з табой, — сказала вартаўніца.

— Што-ж, мы з ім па закону, — сказала Фядос‘я. — А яму навошта закон прымаць, калі не жыць?

— Во дура! Навошта? Ды калі ажэніцца ён, дык ён азалоціць яе.

— Ён сказаў: „куды-б цябе ні паслалі, я за табой паеду“, — сказала Маслава. — Паедзе — паедзе, не паедзе — не паедзе. Я прасіць не буду. Цяпер ён у Пецербург едзе хадайнічаць. У яго там усе міністры сваякі, — працягвала яна, — толькі ўсё-ж такі не патрэбен ён мне.

— Вядомая справа! — раптам згадзілася Караблёва, разбіраючы свой мяшок, і, пэўна, думаючы пра іншае. — Што-ж, вінца вып‘ем?

— Я не буду, — адказала Маслава. — Піце самі.


КАНЕЦ ПЕРШАЙ ЧАСТКІ.


  1. Прынамсі, калі вы не маеце намеру плаціць суду 300 рублёў штрафу, якіх вы пашкадавалі на тое, каб купіць каня.
  2. Мама прасіла вам перадаць, што ваш прыбор будзе чакаць вас да начы. Прыходзьце, абавязкева, калі хочаце.
  3. Падтрымаць.
  4. Наш дарагі філосаф.
  5. Зграбная.
  6. Як гэта праўдзіва.
  7. Дрэнны настрой.
  8. Як гэта мяне цікавіць.
  9. Якая-небудзь справа, у якой замешана самалюбства: ён вельмі крыўдлівы, наш дарагі Міця.
  10. Хутчэй справа, у якой замешана бруднае каханне — непераводны каламбур.
  11. Дасціпнасць.
  12. Перагарнуць старонку.
  13. Мой дарагі.
  14. Іншага яны не робяць.
  15. Гэта маё цвёрдае перакананне.
  16. Чалавек з падарванай рэпутацыяй.
  17. Я ведаю, што ты не будзеш злоўжываць…
  18. Яна прыгожанькая?
  19. Вельмі непрыгожая.
  20. Яна робіць многа добрага.
  21. Хай вяселяцца і хай блаславіць іх бог…
  22. Ідзіце выкажыце шанаванне гаспадыні.
  23. І Надзіна Буксгеўдзен. Усе гарадскія красуні.
  24. Да пабачэння, дарагі мой!
  25. Трэба толькі табе загадаць.
  26. Нарэшце!
  27. Ідзіце да вашага стала. Вам сюды пададуць чай…
  28. Надзвычайна добра.
  29. Ён такі добры.
  30. Я ў тваім распараджэнні.
  31. Ніколі, ніколі не паверу.
  32. Графіня Варанцова і Віктар Апраксін.
  33. Гэта пакутніца.
  34. Па-французску.
  35. Па-зулуску.