Васкрасенне (1937)/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Частка другая Васкрасенне. Частка трэцяя
Раман
Аўтар: Леў Талстой
1937 год
Арыгінальная назва: Воскресение (1899)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ


I

Партыя, з якой ішла Маслава, прайшла блізка пяць тысяч вёрст. Да Пермі Маслава ішла па чыгунцы і на параходзе з крымінальнымі, і толькі ў гэтым горадзе Нехлюдаву ўдалося дабіцца пераводу яе да палітычных, як гэта раіла яму Богадухоўская, якая ішла з гэтай-жа партыяй.

Пераезд да Пермі быў вельмі цяжкім для Маславай і фізічна і маральна. Фізічна — ад цеснаты, бруду і агідных насякомых, якія не давалі спакою, і маральна — ад гэткіх самых агідных мужчын, якія, таксама, як насякомыя, хаця і пераменьваліся з кожным этапам, усюды былі аднолькава нахабнымі і прыліпчывымі і не давалі спакою. Паміж арыштанткамі і арыштантамі, надзірацелямі, і канвойнымі так укараніўся звычай цынічнай распусты, што ўсякай, асабліва маладой жанчыне, калі яна не хацела карыстацца сваім становішчам жанчыны, трэба было быць заўсёды пільнай. І гэта заўсёдняе становішча страху і барацьбы было вельмі цяжкім. На Маславу-ж было асабліва багата гэтых нападаў і таму, што яна была прыгожай, і таму, што ўсе ведалі яе мінулае. Той рашучы адпор, які яна давала цяпер назольным мужчынам, уяўляўся ім знявагай і выклікаў у іх супроць яе яшчэ і злосць. Памагала ёй у гэтых адносінах блізкасць яе з Фядос‘яй і Тарасам, які, даведаўшыся аб гэтых прыставаннях да яго жонкі, захацеў арыштавацца, каб абараняць яе, і з Ніжняга ехаў, як арыштант, разам са зняволенымі.

Перавод у аддзяленне палітычных палепшыў становішча Маславай з ўсіх бакоў. Не кажучы аб тым, што палітычныя мелі лепшае памяшканне на этапах, мелі лепшы харч, менш цярпелі ад грубіянства, перавод Маславай да палітычных палепшыў яе становішча тым, што спыніліся гэтыя прыставанні мужчын, і можна было жыць без таго, каб кожную мінуту ёй не напаміналі аб тым яе мінулым, якое яна гэтак хацела забыць цяпер. Галоўная-ж перавага гэтага пераводу была ў тым, што яна пазнаёмілася з некаторымі людзьмі, якія мелі на яе рашучы і вельмі добры ўплыў.

Знаходзіцца на этапах Маславай дазволена было з палітычнымі, але ісці яна, як здаровая жанчына, павінна была з крымінальнымі. Гэтак яна ішла ўвесь час ад самага Томска. З ёю ішлі таксама пехатою двое палітычных: Мар‘я Паўлаўна Шчэцініна, тая самая прыгожая дзяўчына з барановымі вачыма, якая здзівіла Нехлюдава пры спатканні з Богадухоўскай, і сасланы ў Якуцкую вобласць нехта Сімансон, той самы чорны калматы чалавек з глыбока запалымі пад лоб вачыма, якога Нехлюдаў таксама заўважыў на гэтым спатканні. Мар‘я Паўлаўна ішла пехотаю таму, што ўступіла сваё месца на фурманцы крымінальнай цяжарнай жанчыне; Сімансон-жа таму, што лічыў несправядлівым карыстацца класавай перавагай. Гэтыя трое асобна ад іншых палітычных, якія выязджалі пазней на фурманках, выходзілі з крымінальнымі досвіта. Так гэта і было на апошнім этапе перад вялікім горадам, на якім партыю прыняў новы канвойны афіцэр.

Быў хмуры вераснёвы досвітак. Ішоў то снег, то дождж з павевамі халоднага ветру. Усе арыштанты партыі, 400 чалавек мужчын і каля 50 жанчын, ужо былі на этапным дварэ, і частка іх згрудзілася каля канвойнага-старшога, які раздаваў старастам кармавыя грошы на двое сутак, частка іх купляла харчы ў прапушчаных на панадворак этапа гандлярак. Чуўся гул галасоў арыштантаў, якія лічылі грошы, куплялі правізію, і вісклівая гамонка гандлярак.

Кацюша з Мар‘яй Паўлаўнай, абедзве ў ботах і кажушках, абвязаныя хусткамі, вышлі на панадворак з этапнага памяшкання і накіраваліся да гандлярак, якія, седзячы за ветрам каля паўночнай сцяны паляў, адна перад другой прапаноўвалі свае тавары: свежы сітны, пірог, рыбу, лапшу, кашу, пячонку, мяса, яйкі, малако; у адной нават было смажанае парасё.

Сімансон, у гутаперчавай куртцы і гумавых галошах, прымацаваных зверху шарсцяных панчох шпагатам (ён быў вегетарыянцам і не карыстаўся скурамі забітых жывёл), быў таксама на панадворку, чакаючы выхаду партыі. Ён стаяў каля ганку і запісваў у запісную кніжку думку, што прышла яму ў галаву. Думка была такая:

„Калі-б, — пісаў ён, — бактэрыя назірала і даследавала пазногаць чалавека, яна прызнала-б яго неарганічнай істотай. Якраз таксама і мы прызналі зямны шар, назіраючы яго кару, істотай неарганічнай. Гэта няправільна“.

Купіўшы яек, вязку абаранкаў, рыбы і свежага пшанічнага хлеба, Маслава ўкладала ўсё гэта ў мяшок, а Мар‘я Паўлаўна разлічвалася з гандляркамі, калі сярод арыштантаў пачаўся рух. Усё змоўкла, і людзі пачалі строіцца. Вышаў афіцэр і рабіў апошнія перад выхадам загады. Усё ішло, як звычайна: пералічвалі, аглядалі цэльнасць кайданаў і злучалі пары, якія ішлі ў наручнях. Але раптам пачуўся па-начальніцку гнеўны крык афіцэра, удары па целе і плач дзіцёнка. Усё заціхла на момант, а потым па ўсяму натоўпу прабег нездаволены шэпт. Маслава і Мар‘я Паўлаўна пайшлі да месца шуму.


II

Падышоўшы да месца шуму, Мар‘я Паўлаўна і Кацюша ўбачылі наступнае: афіцэр, тоўсты чалавек з вялікімі белакурымі вусамі, хмурачыся, цёр левай рукой далонь правай, якую ён збіў аб твар арыштанта, і не перастаючы груба, непрыстойна лаяўся. Перад ім, выціраючы адной рукой разбіты да крыві твар, а другой трымаючы абкручаную хусткай дзяўчынку, якая прарэзліва крычала, стаяў у кароткім халаце і яшчэ карацейшых нагавіцах доўгі, худы арыштант з паголенай напалову галавой.

— Я цябе (брыдкая лаянка) навучу разважаць (зноў лаянка); бабам аддасі, — крычаў афіцэр. — Надзявай.

Афіцэр патрабаваў, каб былі надзеты нарўчні на „общественника“, які ішоў у ссылку і ўсю дарогу нёс на руках дзяўчынку, пакінутую яму памёршай у Томску ад тыфа жонкай. Адгаворкі арыштанта, што яму нельга ў наручнях несці дзіцёнка, раззлавалі афіцэра, які быў у дрэнным настроі, і ён збіў непакорлівага арыштанта[1].

Супроць збітага стаялі канвойны салдат і чорнабароды арыштант, з надзетай на адну руку наручняй. Ён панура глядзеў спадылба то на афіцэра, то на збітага арыштанта з дзяўчынкай. Афіцэр паўтарыў канвойнаму загад узяць дзяўчынку. Сярод арыштантаў усё мацней і мацней рабіўся шум.

— Ад Томска ішлі, не надзявалі, — чуўся хрыпкі голас з задніх радоў.

— Не шчанё, а дзіцёнак.

— Куды-ж яму дзяўчынку дзець?

— Не закон гэта, — сказаў яшчэ нехта.

— Гэта хто? — як ужалены, закрычаў афіцэр, кідаючыся ў натоўп. — Я табе пакажу закон. Хто сказаў? Ты? Ты?

— Усе гавораць. Таму… — сказаў шырокатвары прысадзісты арыштант.

Ён не паспеў дагаварыць. Афіцэр абодвума рукамі пачаў біць яго па твары.

— Вы бунтаваць! Я вам пакажу, як бунтаваць. Перастраляю, як сабак. Начальства толькі падзякуе. Бяры дзяўчынку!

Натоўп заціх. Дзяўчынку, якая крычала з усяе сілы, вырваў адзін канвойны, другі пачаў надзяваць наручні на пакорліва падстаўленую руку арыштанта.

— Аднясі бабам, — крыкнуў афіцэр канвойнаму, папраўляючы на сабе партупею шаблі.

Дзяўчынка, стараючыся аслабаніць ручкі з хусткі, з налітым крывёю тварам, не перастаючы, вішчэла. З натоўпу выступіла Мар‘я Паўлаўна і падышла да канвойнага.

— Пане афіцэр, дазвольце я панясу дзяўчынку.

Канвойны салдат з дзяўчынкай спыніўся.

— Ты хто? — спытаў афіцэр.

— Я палітычная.

Відавочна, прыгожы твар Мар‘і Паўлаўны з яе чароўнымі пукатымі вачыма (ён ужо бачыў яе пры прыёмцы) падзейнічаў на афіцэра. Ён моўчкі паглядзеў на яе, як быццам нешта вырашаючы.

— Мне ўсёроўна, нясіце, калі хочаце. Вам добра шкадаваць іх, а ўцячэ, хто адказваць будзе?

— Як-жа ён з дзяўчынкай уцячэ? — сказала Мар‘я Паўлаўна.

— Мне няма калі з вамі гутарыць. Бярыце, калі хочаце.

— Загадаеце аддаць? — спытаў канвойны.

— Аддай.

— Ідзі да мяне, — гаварыла Мар‘я Паўлаўна, стараючыся прывабіць да сябе дзяўчынку.

Але дзяўчынка, цягнучыся да бацькі з рук канвойнага, працягвала крычаць з усяе сілы і не хацела ісці да Мар‘і Паўлаўны.

— Пачакайце, Мар‘я Паўлаўна, яна да мяне пойдзе, — сказала Маслава, дастаючы абаранак з мяшка.

Дзяўчынка ведала Маславу і, убачыўшы яе твар і бублік, пайшла да яе.

Усё заціхла. Вароты адчынілі, партыя вышла з панадворку, пастроілася; канвойныя зноў пералічылі; уклалі, завязалі мяшкі, пасадзілі слабых. Маслава, з дзяўчынкай на руках, стала да жанчын, побач з Фядос‘яй. Сімансон, які ўвесь час сачыў за тым, што адбывалася, шырокай рашучай хадой падышоў да афіцэра, які скончыў даваць загады і садзіўся ўжо ў свой тарантас.

— Вы зрабілі дрэнны ўчынак, пане афіцэр, — сказаў Сімансон.

— Прэч на сваё месца, не ваша справа.

— Мая справа сказаць вам, і я сказаў, што вы дрэнна зрабілі, — сказаў Сімансон, гледзячы ўпарта ў твар афіцэра з-пад сваіх густых броваў.

— Гатова? Партыя, марш, — крыкнуў афіцэр, не звяртаючы ўвагі на Сімансона, і, узяўшыся за плячо салдата-фурмана, узлез у тарантас.

Партыя рушыла і, расцягнуўшыся, вышла на брудную, абкапаную абапал канавамі раз‘езджаную дарогу, якая ішла сярод густога лесу.


III

Пасля распуснага, раскошнага і распешчанага жыцця апошніх шасці год у горадзе і двух месяцаў у турме з крымінальнымі, жыццё цяпер з палітычнымі, не гледзячы на ўсю цяжкасць умоў, у якіх яны знаходзіліся, здавалася Кацюшы вельмі добрым. Пераходы ад дваццаці да трыццаці вёрст пешшу пры добрых харчах, аднадзённым адпачынку пасля двух дзён хады фізічна ўмацавалі яе; сувязь-жа з новымі таварышамі адкрыла ёй гэткія інтарэсы ў жыцці, аб якіх яна не мела ніякага ўяўлення. Такіх цудоўных людзей, як яна гаварыла, як тыя, з якімі яна ішла цяпер, яна не толькі не ведала, але не магла сабе і ўявіць.

„Вось плакала, што мяне прысудзілі, — гаварыла яна. — Ды я век павінна богу дзякаваць. Тое пазнала, чаго за ўвесь век не пазнала-б“. Яна вельмі лёгка і без намагання зразумела матывы, якімі кіраваліся гэтыя людзі, і, як чалавек з народу, цалкам спачувала ім. Яна зразумела, што людзі гэтыя ішлі за народ супроць паноў; і тое, што людзі гэтыя самі былі паны і ахвяравалі сваімі перавагамі, свабодай і жыццём за народ, прымушала яе асабліва цаніць гэтых людзей і захапляцца імі.

Яна захаплялася ўсімі сваімі новымі таварышамі; але больш за ўсіх яна захаплялася Мар‘яй Паўлаўнай, і не толькі захаплялася ёю, але палюбіла яе асаблівай, пачцівай і захопленай любоўю. Яе здзіўляла тое, што гэта прыгожая дзяўчына з багатага генеральскага дома, якая гаварыла на трох мовах, трымалася як самая простая работніца, аддавала з сябе іншым усё, што прысылаў ёй яе багаты брат, і адзявалася і абувалася не толькі проста, але і бедна, не звяртаючы ніякай увагі на свой выгляд. Гэта рыса — поўная адсутнасць какецтва — асабліва здзіўляла і таму вабіла Маславу. Маслава бачыла, што Мар‘я Паўлаўна ведала, і нават, што ёй прыемна было ведаць, што яна прыгожая, але што яна не толькі не радавалася таму ўражанню, якое рабіла на мужчын яе прыгажосць, але баялася гэтага і проста гідзілася і палохалася закахання. Таварышы яе, мужчыны, якія ведалі гэта, калі і мелі пачуццё да яе, дык ужо не дазвалялі сабе выказваць гэтага ёй і абыходзіліся з ёю, як з таварышам-мужчынай. Але незнаёмыя людзі часта прыставалі да яе, і ад іх, як яна расказвала, ратавала яе вялікая фізічная сіла, якой яна асабліва ганарылася. „Аднойчы, — як яна са смехам расказвала, — да мяне прыстаў на вуліцы нейкі пан і анізавошта не хацеў адчапіцца, дык я гэтак патрэсла яго, што ён спалохаўся і ўцёк ад мяне“.

Зрабілася яна рэволюцыянеркай, як яна расказвала, таму, што змалку гідзілася панскім жыццём, а любіла жыццё простых людзей, і яе заўсёды лаялі за тое, што яна ў дзявоцкім пакоі, на кухні, у стайні, а не ў гасцінай.

— А мне з кухаркамі і кучарамі было весела, а з нашымі панамі і дамамі сумна, — расказвала яна. — Потым, калі я пачала разумець, я ўбачыла, што наша жыццё зусім не добрае. Маці ў мяне не было, бацьку я не любіла і дзевятнаццаці год я з таварышкай пайшла з дому і паступіла работніцай на фабрыку.

Пасля фабрыкі яна жыла на вёсцы, потым прыехала ў горад і на кватэры, дзе была тайная друкарня, была арыштавана і засуджана на катаргу. Мар‘я Паўлаўна не расказвала ніколі гэтага сама, але Кацюша даведалася ад іншых, што засуджана яна была на катаргу за тое, што ўзяла на сябе стрэл, які ў час вобыску зрабіў у цемнаце адзін з рэволюцыянераў. З таго часу, як Кацюша пазнала яе, яна бачыла, што дзе-б яна ні была, пры якіх-бы ні была ўмовах, яна ніколі не думала пра сябе, а заўсёды клапацілася толькі аб тым, як-бы зрабіць паслугу, памагчы каму-небудзь вялікім або маленькім. Адзін з цяперашніх таварышоў яе, Новадвораў, жартуючы гаварыў пра яе, што яна захапляецца спортам добрадзейства. І гэта было праўда. Уся мэта яе жыцця была, як для іншага паляўнічага знайсці дзічыну, у тым, каб знайсці выпадак памагчы іншым. І гэты спорт зрабіўся прывычкай, зрабіўся справай яе жыцця. І рабіла яна гэта так натуральна, што ўсе знаёмыя яе, ужо не цанілі гэтага, а патрабавалі гэтага.

Калі Маслава паступіла да іх, Мар‘я Паўлаўна гідзілася ёю. Кацюша заўважыла гэта, але потым таксама заўважыла, што Мар‘я Паўлаўна, зрабіўшы намаганне над сабой, зрабілася з ёю асабліва ласкавай і добрай. І ласка і дабрата так расчулілі Маславу, што яна ўсёй душой аддалася ёй, несвядома засвойваючы яе погляды і мімаволі пераймаючы ўсё ад яе. Гэта адданая любоў Кацюшы расчуліла Мар‘ю Паўлаўну, і яна таксама палюбіла Кацюшу.

Жанчын гэтых звязала яшчэ і тое, што яны абедзве гідзіліся палавым каханнем. Адна ненавідзела гэта каханне, таму што пазнала ўсю жудасць яго; другая таму, што, не пазнаўшы яго, глядзела на яго, як на нешта незразумелае і разам з тым брыдкае і зняважлівае для чалавечага гонару.


IV

Уплыў Мар‘і Паўлаўны быў адным уплывам, якому падначальвалася Маслава. Гэта было таму, што Маслава палюбіла Мар‘ю Паўлаўну. Другім уплывам быў уплыў Сімансона. І гэты ўплыў быў таму, што Сімансон палюбіў Маславу.

Усе людзі жывуць і дзейнічаюць часткова па сваіх думках, часткова думкамі іншых людзей. З таго, наколькі людзі жывуць сваімі думкамі і наколькі думкамі іншых людзей, складаецца адна з галоўных розніц людзей паміж сабой. Адны людзі ў большасці выпадкаў карыстаюцца сваімі думкамі, як разумовай гульнёй, абыходзяцца з сваім розумам, як з махавым колам, з якога знялі пас, а ва ўчынках сваіх падначальваюцца чужым думкам — звычаю, паданню, закону; іншыя-ж, лічачы свае думкі галоўнымі рухавікамі ўсёй сваёй дзейнасці, амаль заўсёды прыслухоўваюцца да патрабаванняў свайго розуму і падначальваюцца яму, толькі часам, і то пасля крытычнай ацэнкі, робячы так, як рашылі іншыя. Такі чалавек быў Сімансон. Ён усё правяраў і рашаў розумам, а што рашаў, тое і рабіў.

Парашыўшы яшчэ гімназістам, што нажытае яго бацькам, былым інтэнданцкім чыноўнікам, нажыта несумленна, ён сказаў бацьку, што маёмасць гэту трэба аддаць народу. Калі-ж бацька не толькі не паслухаўся, а пачаў лаяць яго, ён пайшоў з дому і перастаў карыстацца сродкамі бацькі. Парашыўшы, што ўсё існуючае зло паходзіць ад неадукаванасці народу, ён, вышаўшы з універсітэта, зышоўся з народнікамі, паступіў у вёску настаўнікам і смела прапаведваў і вучням і сялянам усё тое, што лічыў справядлівым, і адмаўляў тое, што лічыў няправільным.

Яго арыштавалі і судзілі.

У часе суда ён парашыў, што суддзі не маюць права судзіць яго, і выказаў гэта. Калі-ж суддзі не пагадзіліся з ім і працягвалі яго судзіць, дык ён парашыў, што ён не будзе адказваць, і маўчаў на ўсе іхнія пытанні. Яго саслалі ў Архангельскую губерню. Там ён склаў сабе рэлігійнае вучэнне, якое кіравала ўсёй яго дзейнасцю. Рэлігійнае вучэнне гэта складалася з таго, што ўсё на свеце жывое, што мёртвага няма, што ўсе рэчы, якія мы лічым мёртвымі, неарганічнымі, ёсць толькі часткі вялізнага арганічнага цела, якое мы не можам ахапіць, і што таму задача чалавека, як маленькай часткі вялікага арганізма, складаецца з падтрымання жыцця гэтага арганізма і ўсіх частак яго. І таму ён лічыў злачынствам знішчаць жывое: быў супроць вайны, кары смерцю і ўсякага забойства не толькі людзей, але і жывёл.

У дачыненні да шлюбу ў яго была таксама свая тэорыя, якая складалася з таго, што размнажэнне людзей ёсць толькі ніжэйшая функцыя чалавека, вышэйшая-ж складаецца з служэння ўжо існуючаму жывому. Ён знаходзіў сцвярджэнне гэтай думкі ў існаванні фагацытаў у крыві. Нежанатыя людзі, на яго погляд, былі тыя самыя фагацыты, прызначэнне якіх было ў дапамозе слабым, хворым часткам арганізма. Ён так і жыў з таго часу, як рашыў гэта, хаця раней, юнаком, распуснічаў. Ён прызнаваў сябе цяпер, таксама як і Мар‘ю Паўлаўну, сусветнымі фагацытамі.

Любоў яго да Кацюшы не парушала гэтай тэорыі, бо ён любіў платанічна, думаючы, што такая любоў не толькі не перашкаджае фагацытнай дзейнасці служэння слабым, але яшчэ больш натхняе да яе.

Але, апрача таго, што маральныя пытанні ён вырашаў па-свойму, ён вырашаў па-свойму і большую частку практычных пытанняў. У яго на ўсе практычныя справы былі свае тэорыі: былі правілы, колькі трэба гадзін працаваць, колькі адпачываць, як харчавацца, як апранацца, як паліць печы, як асвятляцца.

Разам з гэтым Сімансон быў надзвычайна нясмелым з людзьмі і сціплым. Але калі ён рашаў што-небудзь, нічога ўжо не магло спыніць яго.

Вось гэты чалавек і меў рашучы ўплыў на Маславу тым, што пакахаў яе. Маслава жаночым чуццём вельмі скора здагадалася аб гэтым, і разуменне таго, што яна магла выклікаць каханне ў гэткім незвычайным чалавеку, павысіла яе ў сваіх уласных думках. Нехлюдаў прапаноўваў ёй шлюб ад велікадушнасці і ад таго, што было раней; але Сімансон кахаў яе гэткаю, якою яна была цяпер, і кахаў проста за тое, што кахаў. Апрача таго, яна адчувала, што Сімансон лічыць яе незвычайнай, непадобнай на іншых, жанчынай, якая мае асаблівыя высокія маральныя якасці. Яна добра не ведала, якія ўласцівасці ён надае ёй, але, на кожны выпадак, каб не ашукаць яго, старалася з усіх сіл выклікаць у сабе самыя лепшыя ўласцівасці, якія толькі яна магла сабе ўявіць. І гэта прымушала яе старацца быць такой добрай, якой яна толькі магла быць.

Пачалося гэта яшчэ ў турме, калі пры агульным спатканні палітычных яна заўважыла на сабе асабліва ўпарты з-пад крутога ілба і броваў погляд яго нявінных, добрых цёмнасініх вачэй. Яшчэ тады яна заўважыла, што гэта чалавек асаблівы і асабліва пазірае на яе, і яе мімаволі ўразіла гэтае спалучэнне ў адным абліччы суровасці, якую стваралі ўскудлачаныя валасы і нахмураныя бровы, дзіцячай лагоднасці і нявіннасці позірку. Потым, у Томску, калі яе перавялі да палітычных, яна зноў убачыла яго. І не гледзячы на тое, што паміж імі не было сказана ніводнага слова, у позірку, якім яны абмяняліся, было прызнанне таго, што яны помняць і маюць значэнне адзін для аднаго. Гутарак значных паміж імі і потым не было, але Маслава адчувала, што, калі ён гаварыў пры ёй, яго словы прызначаны для яе, і што ён гаварыў для яе, стараючыся выказваць сваю думку як мага больш зразумела. Асабліва-ж збліжэнне іх пачалося з таго часу, як ён пайшоў пехатою з крымінальнымі.


V

Ад Ніжняга да Пермі Нехлюдаву ўдалося пабачыцца з Кацюшай толькі два разы: адзін раз у Ніжнім, перад пасадкай арыштантаў на зацягненую сеткай лайбу, і другі раз у Пермі, у турмовай канторы. І ў абодва гэтыя спатканні ён знайшоў яе скрытай і нядобрай. На пытанні яго, ці добра ёй і ці не трэба ёй чаго, яна адказвала, не выразна, збянтэжана і з тым, як яму здавалася, варожым пачуццём дакору, якое і раней праяўлялася ў ёй. І гэты яе пануры настрой, якому былі прычынай толькі тыя праследаванні мужчын, што не давалі ёй спакою ўвесь час, мучыў Нехлюдава. Ён баяўся, каб пад уплывам тых цяжкіх і спрыяльных для распусты ўмоў, у якіх яна знаходзілася ў часе праезду, яна не вярнулася-б зноў да таго ранейшага становішча разладу самой з сабой і зняверанасці ў жыцці, у якім яна злавалася на яго і многа курыла і піла віна, каб забыцца. Але ён не мог нічым памагчы ёй, таму што ўвесь гэты першы час падарожжа не меў магчымасці бачыцца з ёю. Толькі пасля пераводу яе да палітычных ён не толькі пераканаўся ў неабгрунтаванасці сваіх трывог, але, наадварот, з кожным спатканнем з ёю пачаў заўважаць, як усё больш і больш вызначалася ў ёй тая ўнутраная змена, якую ён гэтак моцна жадаў бачыць у ёй. Пры першым-жа спатканні ў Томску яна зноў зрабілася такою, якою была перад ад‘ездам. Яна не нахмурылася і не збянтэжылася, убачыўшы яго, а, наадварот, радасна і проста сустрэла яго, дзякуючы за тое, што ён зрабіў для яе, асабліва за тое, што звёў яе з тымі людзьмі, з якімі яна была цяпер.

Пасля двух месяцаў паходу па этапу, перамена, што адбылася ў ёй, праявілася і ў яе выглядзе. Яна пахудала, загарэла, як быццам пастарэла; на скронях і каля рота з‘явіліся маршчынкі, валасы яна не распускала на лоб, а навязвала на галаву хустку, і ні ў адзенні, ні ў прычосцы, ні ў абыходжанні не было ўжо ранейшых адзнак какецтва. І гэта перамена, якая адбылася і адбывалася ў ёй, не перастаючы, выклікала ў Нехлюдава асабліва радаснае пачуццё.

У яго з‘явілася цяпер да яе пачуццё, якога ён ніколі не ведаў раней. Пачуццё гэта не мела нічога агульнага ні з першым паэтычным захапленнем, ні яшчэ менш з той пачуццёвай закаханасцю, якую ён адчуў потым, ні нават з тым усведамленнем выкананага абавязку, злучанага з самалюбаваннем, з якім ён пасля суда рашыў ажаніцца з ёю. Пачуццё гэта было тое самае простае пачуццё жалю і замілавання, якое ён адчуў упершыню пры спатканні з ёю ў турме і потым, з новай сілай пасля больніцы, калі ён, перамогшы сваю агіду, дараваў ёй уяўную гісторыю з фельчарам (несправядлівасць якой высветлілася потым); гэта было тое самае пачуццё, але толькі з той розніцай, што тады яно было часовым, цяпер-жа яно зрабілася сталым. Пра што-б ён ні думаў цяпер, што-б ні рабіў, агульным настроем яго было гэта пачуццё жалю і замілавання не толькі да яе, але і да ўсіх людзей. Гэта пачуццё як быццам раскрыла ў душы Нехлюдава струмень любові, які не знаходзіў раней выхаду, а цяпер накіроўваўся на ўсіх людзей, з якімі ён сустракаўся.

Нехлюдаў адчуваў сябе ў часе падарожжа ў тым усхваляваным становішчы, у якім ён мімаволі рабіўся спагадлівым і ўважлівым да ўсіх людзей, ад кучара і канвойнага салдата да начальніка турмы і губернатара, да якіх меў справу.

За гэты час Нехлюдаву, у выніку пераводу Маславай да палітычных, давялося пазнаёміцца шмат з кім з палітычных, спачатку ў Екацерынбургу, дзе іх вельмі свабодна трымалі ўсіх разам у вялікай камеры, а потым у дарозе з тымі пяццю мужчынамі і чатырма жанчынамі, да якіх далучылі Маславу. Гэта збліжэнне Нехлюдава з сасланымі палітычнымі зусім перайначыла яго погляды на іх. З самага пачатку рэволюцыйнага руху ў Расіі, і асабліва пасля 1 сакавіка, Нехлюдаў меў да рэволюцыянераў нядображадальнае і пагардлівае пачуццё. Адштурхвала яго ад іх перш за ўсё жорсткасць і скрытасць спосабаў, якія ўжываліся імі ў барацьбе супроць урада, галоўнае, жорсткасць забойстваў, што былі зроблены імі, і потым брыдкай яму была агульная для іх усіх рыса высока ставіць сябе. Але пазнаўшы іх бліжэй і ўсё тое, што яны, часта бязвінна, перацярпелі ад урада, ён убачыў, што яны не маглі быць іншымі, як такімі, якімі яны былі.

Як ні жудасна бессэнсоўнымі былі мукі, якімі катавалі так званых крымінальных, усё-ж такі над імі ўчынялася да і пасля прысуду нешта падобнае на законнасць; але ў справах з палітычнымі не было і гэтага падобнага, як гэта бачыў Нехлюдаў на Шуставай і потым на шмат і шмат з кім з сваіх новых знаёмых. З гэтымі людзьмі рабілі так, як робяць з рыбай, што патрапіць у невад: выцягваюць на бераг усё, што патрапіць, і потым выбіраюць тых буйных рыбін, якія патрэбны, не клапоцячыся пра малечу, якая гіне, засыхаючы на беразе. Так, захапіўшы сотні такіх, відавочна не толькі не вінаватых, але якія і не маглі быць шкоднымі для ўрада людзей, іх трымалі тады гадамі ў турмах, дзе яны заражаліся сухотамі, вар‘яцелі або самі забівалі сябе; і трымалі іх толькі таму, што не было прычыны выпускаць іх, тым часам, як будучы пад рукой у турме, яны маглі спатрэбіцца для высвятлення якога-небудзь пытання ў час следства. Лёс усіх гэтых часта нават з пункту гледжання ўрада нявінных людзей залежыў ад свавольства, вольнага часу, настрою жандарскага, паліцэйскага афіцэра, шпіёна, пракурора, судовага следчага, губернатара, міністра. Засумуе гэткі чыноўнік або пажадае вылучыцца — і робіць арышты і, гледзячы па настрою свайму або начальства, трымае ў турме або выпускае. А вышэйшы начальнік, таксама выходзячы з таго, ці патрэбна яму вылучыцца або якія ў яго дачыненні з міністрам, — або высылае на край свету, або трымае ў адзіночным зняволенні, або засуджвае на сасланне, на катаргу, на смерць, або выпускае, калі яго папросіць аб гэтым якая-небудзь дама.

З імі абыходзіліся, як на вайне, і яны, натуральна, ужывалі тыя самыя сродкі, якія ўжываліся супроць іх. І як ваенныя жывуць заўсёды ў атмасферы грамадскай думкі, якая не толькі хавае ад іх злачыннасць учынкаў, што робяцца імі, але выдае гэтыя ўчынкі за геройскія, — таксама і для палітычных існавала гэткая-ж, заўсёды спрыяльная для іх атмасфера грамадскай думкі іхняга асяроддзя, у выніку чаго тыя жорсткія ўчынкі, якія яны рабілі, з небяспекай згубы свабоды, жыцця і ўсяго, што дорага чалавеку, уяўляліся ім таксама не толькі дрэннымі, але геройскімі ўчынкамі. Гэтым тлумачылася для Нехлюдава тая дзіўная з‘ява, што самага лагоднага характару людзі, няздольныя не толькі прычыніць, але бачыць пакуты жывых істот, спакойна рыхтаваліся да забойства людзей, і ўсе амаль прызнавалі ў пэўных выпадках забойства, як сродак самаабароны і дасягнення вышэйшай мэты агульнага добрабыту, законным і справядлівым. Высокая думка-ж, якую яны мелі аб сваёй справе, а ў выніку таго і аб сабе, зусім натуральна выходзіла з таго значэння, якое надаваў ім урад, і той жорсткасці пакаранняў, якімі ён распраўляўся з імі. Ім трэба было мець пра сябе высокую думку, каб мець сілу пераносіць тое, што яны пераносілі. Пазнаўшы іх бліжэй, Нехлюдаў пераканаўся, што гэта не былі злачынцы з галавы да пят, якімі іх уяўлялі сабе адны, і не былі героямі з галавы да пят, якімі лічылі іх іншыя, а былі звычайнымі людзьмі, сярод якіх былі, як і ўсюды, добрыя і кепскія, і сярэднія людзі. Былі сярод іх людзі, якія зрабіліся рэволюцыянерамі таму, што шчыра лічылі сябе абавязанымі змагацца з існуючым злом; але былі і такія, якія абралі гэту дзейнасць з эгаістычных матываў, жадаючы праславіцца; большасць-жа была прыцягнена да рэволюцыі знаёмым Нехлюдаву па ваеннаму часу жаданнем небяспекі, рызыкі, прыемнасцю ставіць на карту жыццё — пачуццямі, уласцівымі самай звычайнай энергічнай моладзі. Розніца між імі і звычайнымі людзьмі, і на іхнюю карысць, складалася з таго, што патрабаванні маральнасці сярод іх былі вышэй, як тыя, якія былі прыняты ў асяроддзі звычайных людзей. Сярод іх лічылася абавязковым не толькі ўстрыманне, суровасць жыцця, шчырасць, незацікаўленасць у выгадзе, але і гатоўнасць ахвяраваць усім, нават і сваім жыццём, для агульнай справы. І таму тыя з гэтых людзей, якія былі вышэй сярэдняга ўзроўню, былі значна вышэй яго, уяўлялі з сябе ўзор рэдкай маральнай вышыні; тыя-ж, якія былі ніжэй сярэдняга ўзроўню, былі значна ніжэй яго, уяўляючы з сябе часта людзей няшчырых, фальшывых і разам з тым самаўпэўненых і ганарыстых. Так што некаторых з сваіх новых знаёмых Нехлюдаў не толькі паважаў, але і палюбіў ад усёй душы, да іншых-жа ставіўся больш як абыякава.


VI

Асабліва палюбіў Нехлюдаў сухотнага маладога чалавека Крыльцова, які высылаўся на катаргу і ішоў з той партыяй, да якой была прылучана Кацюша. Нехлюдаў пазнаёміўся з ім яшчэ ў Екацерынбургу і потым у часе дарогі некалькі разоў бачыўся і гутарыў з ім. Аднойчы ўлетку на этапе ў часе днёўкі Нехлюдаў правёў з ім амаль што цэльны дзень, і Крыльцоў, разгаварыўшыся, расказаў яму сваю гісторыю, і як ён зрабіўся рэволюцыянерам. Гісторыя яго да турмы была вельмі кароткаю. Бацька яго, багаты памешчык паўднёвых губерняў, памёр, калі ён быў яшчэ дзіцянём. Ён быў адзіным сынам, і маці выхоўвала яго. Вучыўся ён лёгка і ў гімназіі і ў універсітэце і скончыў курс першым кандыдатам матэматычнага факультэта. Яму прапаноўвалі астацца пры універсітэце і ехаць за граніцу. Але ён марудзіў. Была дзяўчына, якую ён кахаў, і ён пачынаў думаць аб жаніцьбе і земскай дзейнасці. Усяго хацелася і ні на што не наважваўся. У гэты час таварышы па універсітэце папрасілі ў яго грошы на агульную справу. Ён ведаў, што гэта агульная справа была рэволюцыйнаю справай, якой ён тады зусім не цікавіўся, але з пачуцця таварыскасці і з-за ганарлівасці, каб не падумалі, што ён баіцца, даў грошы. Тыя, што ўзялі грошы, былі выкрыты; была знойдзена запіска, з якой даведаліся, што грошы дадзены Крыльцовым; яго арыштавалі, пасадзілі спачатку ў часць, а пасля ў турму.

— У турме, куды мяне пасадзілі, — расказваў Крыльцоў Нехлюдаву (ён сядзеў з сваімі ўпалымі грудзьмі на высокіх нарах, аблакаціўшыся на калені, і толькі зрэдку паглядваючы бліскучымі, ліхаманкавымі, прыгожымі, разумнымі і добрымі вачыма на Нехлюдава), — у турме гэтай не было асаблівай строгасці: мы не толькі перастукваліся, але і хадзілі па калідоры, перагаварваліся, дзяліліся харчамі, тытуном і вечарамі нават спявалі хорам. У мяне быў голас добры. Так, каб не маці, — яна вельмі гаравала, — мне добра было-б у турме, нават прыемна і дужа цікава. Тут я пазнаёміўся, паміж іншым, са славутым Петровым (ён пасля зарэзаўся шклом у крэпасці) і яшчэ з іншымі. Але я не быў рэволюцыянерам. Пазнаёміўся я таксама з двума суседзямі па камеры. Яны былі ўзяты па адной і той-жа справе з польскімі пракламацыямі і судзіліся за спробу вызваліцца ад канвоя, калі іх вялі на чыгунку. Адзін быў паляк Лазінскі, другі — яўрэй, Разоўскі прозвішча. Так. Разоўскі гэты быў зусім хлопчык. Ён гаварыў, што яму было год семнаццаць, але на выгляд яму было гадоў пятнаццаць. Худзенькі, маленькі, з бліскучымі чорнымі вачыма, жвавы і, як усе яўрэі, вельмі чулы да музыкі. Голас у яго яшчэ ламаўся, алё ён добра спяваў. Так. Пры мне іх абодвух вадзілі на суд. Раніцою адвялі. Увечары яны вярнуліся і расказалі, што іх прысудзілі да пакарання смерцю. Ніхто гэтага не чакаў. Гэткай нязначнай была іхняя справа — яны толькі паспрабавалі адбіцца ад канвоя і нікога не паранілі нават. І потым неяк не верылася, каб можна было такога дзіцёнка, як Разоўскі, пакараць смерцю. І мы ўсе ў турме парашылі, што гэта толькі, каб напалохаць і што прысуд не будзе канфірмаваны. Пахваляваліся спачатку, а потым супакоіліся, і жыццё пайшло па-стараму. Так. Толькі аднаго разу ўвечары падыходзіць да маіх дзвярэй вартаўнік і таямніча паведамляе, што прышлі цесляры ставіць шыбеніцу. Я спачатку не зразумеў, што такое? якая шыбеніца? Але стары вартаўнік быў так усхваляваны, што, зірнуўшы на яго, я зразумеў, што гэта для нашых двух. Я хацеў пастукаць, перагаварыцца з таварышамі, але баяўся, каб тыя не пачулі. Таварышы таксама маўчалі. Відавочна, усе ведалі. У калідоры і ў камерах увесь вечар была мёртвая цішыня. Мы не перастукваліся і не спявалі. Гадзін у дзесяць зноў падышоў да мяне вартаўнік і абвясціў, што ката прывезлі з Масквы. Сказаў і адышоў. Я пачаў яго клікаць, каб вярнуўся. Раптам чую, Разоўскі са сваёй камеры праз калідор крычыць мне: „Што вы? Навошта вы яго клічаце?“ Я сказаў яму нешта, што ён тытун мне прыносіў, але ён нібы здагадваўся і пачаў пытацца ў мяне, чаму мы не спявалі, чаму не перастукваліся. Не помню, што я сказаў яму. І хутка адышоў, каб не гаварыць з ім. Так. Жудасная была ноч. Усю ноч прыслухоўваўся да розных гукаў. Раптам пад раніцу чую — адчыняюць дзверы і ідуць нехта, многа. Я стаў каля акенца. У калідоры гарэла лямпа. Першым прайшоў сматрыцель. Тоўсты быў, здавалася, самаўпэўнены, рашучы чалавек. Ён аж зблажэў: бледны, пануры, быццам спалоханы. За ім памочнік — нахмураны, з рашучым выглядам; затым караул. Прайшлі паўз мае дзверы і спыніліся перад камерай побач. І чую — памочнік нейкім дзіўным голасам крычыць: „Лазінскі, уставайце, надзявайце чыстую бялізну“. Так. Потым чую, заскрыгаталі дзверы, яны прайшлі да яго, потым чую крокі Лазінскага: ён пайшоў у процілеглы бок калідора. Мне відаць было толькі сматрыцеля. Стаіць бледны і расшпільвае і зашпільвае гузік і паціскае плячыма. Так. Раптам быццам спалохаўся нечага, збочыў. Гэта Лазінскі прайшоў міма яго і падышоў да маіх дзвярэй. Прыгожы быў юнак, ведаеце, таго добрага польскага тыпу: шырокі, просты лоб з шапкай русых кучаравых тонкіх валасоў, надзвычайна прыгожыя блакітныя вочы. Гэткі дужы, сакавіты, здаровы быў юнак. Ён спыніўся перад маім акенцам, так што я бачыў усё яго аблічча. Страшнае хударлявае, шэрае аблічча: „Крыльцоў, папяросы ёсць?“ Я хацеў падаць яму, але памочнік, як быццам баючыся спазніцца, выхапіў свой партсігар і перадаў яму. Ён узяў адну папяроску, памочнік запаліў яму сярнічку. Ён пачаў курыць і як быццам задумаўся. Потым нібы ўспомніў нешта і пачаў гаварыць: „і жорстка і несправядліва. Я ніякага злачынства не зрабіў. Я…“ У белай маладой шыі яго, ад якой я не мог адарваць вачэй, нешта задрыжэла, і ён спыніўся. Так. У гэты час, чую, Разоўскі з калідора крычыць нешта сваім тонкім яўрэйскім голасам. Лазінскі кінуў акурак і адышоў ад дзвярэй. І ў акенцы з‘явіўся Разоўскі. Дзіцячы твар з вільготнымі чорнымі вачыма быў чырвоным і потным. На ім была таксама чыстая бялізна, і нагавіцы былі занадта шырокія, і ён усё падцягваў іх абодвума рукамі і ўвесь дрыжэў. Ён наблізіў свой жалкі твар да майго акенца: „Анатолій Пятровіч, праўда-ж, што доктар прыпісаў мне грудны чай? Я нездаровы, я вып‘ю яшчэ груднога чаю“. Ніхто не адказваў, і ён з запытаннем глядзеў то на мяне, то на сматрыцеля. Што ён гэтым хацеў сказаць, я так і не зразумеў. Так. Раптам памочнік зрабіў строгі твар і зноў нейкім пісклявым голасам закрычаў: „Што за жарты? Хадзем“. Разоўскі, відавочна, няздольны быў зразумець тое, што яго чакала, і, як быццам спяшаючыся, пайшоў, амаль пабег, уперадзе ўсіх па калідоры. Але потым ён упёрся — я чуў яго прарэзлівы голас і плач. Пачалася мітусніна, тупат ног. Ён прарэзліва вішчэў і плакаў. Потым далей і далей, — зазвінелі дзверы калідора, і ўсё заціхла… Так. Так і павесілі. Вяроўкамі задушылі абодвух. Вартаўнік, другі, бачыў і расказваў мне, што Лазінскі не працівіўся, але Разоўскі доўга біўся, так што яго цягнулі на эшафот і сілком уклалі яму галаву ў пятлю. Так. Вартаўнік гэты быў дуркаваты хлапец. „Мне казалі, пане, што страшна. А нічога не страшна. Як павіслі яны — толькі два разы так плячыма, — ён паказаў, як сударгліва падняліся і апусціліся плечы. — Потым кат дзергануў, каб, значыцца, петлі нацягнуліся лепш, і аман: не ўздрыгнулі больш“. „Нічога не страшна“, — паўтарыў Крыльцоў словы вартаўніка і хацеў усміхнуцца, але замест усмешкі разрыдаўся.

Доўга пасля гэтага ён маўчаў, цяжка дыхаючы і глытаючы рыданні, што падступалі да яго горла.

— З той пары я і зрабіўся рэволюцыянерам. Так, — сказаў ён, супакоіўшыся, і каротка дасказаў сваю гісторыю.

Ён належаў да партыі народавольцаў і стаяў нават на чале дэзарганізацыйнай групы, якая мела мэтай тэрарызаваць урад так, каб ён сам адмовіўся ад улады і паклікаў народ. З гэтай мэтаю ён ездзіў то ў Пецербург, то за граніцу, то ў Кіеў, то ў Одэсу і ўсюды меў поспех. Чалавек, якому ён цалкам давяраў, здрадзіў яму. Яго арыштавалі, судзілі, пратрымалі два гады ў турме і прыгаварылі да пакарання смерцю, замяніўшы яе на бестэрміновую катаргу.

У турме ў яго пачаліся сухоты, і цяпер, у тых умовах, у якіх ён знаходзіўся, яму, відавочна, аставалася толькі некалькі месяцаў жыцця, і ён ведаў гэта і не каяўся ў тым, што ён рабіў, а гаварыў, каб у яго было другое жыццё, ён яго скарыстаў-бы для таго самага — для разбурэння таго ладу, пры якім магчыма было тое, што ён бачыў.

Гісторыя гэтага чалавека і забліжэнне з ім вытлумачылі Нехлюдаву шмат таго, чаго ён не разумеў раней.


VII

У той дзень, калі пры выхадзе з этапа адбылася сутычка канвойнага афіцэра з арыштантамі з-за дзіцёнка, Нехлюдаў, начуючы на заезджым дварэ, прачнуўся позна і яшчэ заседзеўся за лістамі, якія ён рыхтаваў да губернскага горада; так што выехаў з заезджага двара пазней, як звычайна і не абагнаў партыю дарогаю, як гэта бывала раней, а прыехаў у сяло, каля якога быў поўэтап, ужо ў поцемкі. Абсушыўшыся на заезджым дварэ, гаспадыняй якога была паджылая, гладкая, з незвычайна тоўстай шыяй жанчына, удава, Нехлюдаў у чыстым пакоі, аздобленым вялікай колькасцю абразоў і карцін, напіўся чаю і паспяшыў на этапны двор да афіцэра прасіць дазволу на спатканне. На шасці папярэдніх этапах канвойныя афіцэры ўсе, не гледзячы на тое, што перамяняліся, усе, як адзін, не дапускалі Нехлюдава ў этапнае памяшканне, так што ён больш тыдня не бачыў Кацюшы. Строгасць гэта была таму, што чакалі праезду важнага турэмнага начальніка. Цяпер-жа начальнік праехаў, не заглянуўшы на этапы, і Нехлюдаў спадзяваўся, што канвойны афіцэр, які ўранні прыняў партыю, дазволіць яму, як і ранейшыя афіцэры, спатканне з арыштантамі.

Гаспадыня прапанавала Нехлюдаву тарантас даехаць да поўэтапа, які знаходзіўся ў канцы сяла, але Нехлюдаў палічыў за лепшае ісці пехатою. Малады хлопец, плячысты асілак, парабак, у вялізных свежа-намазаных пахучым дзёгцем ботах, узяўся праводзіць. З неба ішла імгла, і было гэтак цёмна, што як толькі хлопец адыходзіў крокі на тры ў тых мясцінах, дзе не падала святло з акон, Нехлюдаў ужо не бачыў яго, а чуў толькі хлюпанне яго ботаў па вязкай глыбокай гразі.

Прайшоўшы плошчу з царквою і доўгую вуліцу, на якой ярка свяціліся вокны дамоў, Нехлюдаў услед за правадніком вышаў на край сяла ў непраглядную цемрадзь. Але неўзабаве і ў гэтай цемрадзі завіднеліся, разыходзячыся, у тумане, праменні ліхтароў, якія гарэлі каля этапа. Чырванаватыя плямы агнёў рабіліся ўсё большымі і святлейшымі, завіднеліся слупы агарожы, чорная постаць вартавога, паласаты слуп і будка. Вартавы аклікнуў іх звычайным: „хто ідзе?“ і, даведаўшыся, што не свае, зрабіўся такім строгім, што не хацеў дазволіць чакаць каля агарожы. Але правадніка Нехлюдава не збянтэжыла строгасць вартавога.

— Эх ты, дзядзька, сярдзіты які! — сказаў ён яму. — Ты гукні старшога, а мы пачакаем.

Вартавы, не адказваючы, пракрычаў нешта ў фортку і спыніўся, уважліва гледзячы на тое, як плячысты хлопец у святле ліхтара абчышчаў трэскай боты Нехлюдава ад наліплай гразі. За слупамі агарожы чуўся гул галасоў, мужчынскіх і жаночых. Мінуты праз тры зазвінела жалеза, фортка адчынілася, і з цемрадзі ў святло ліхтара вышаў старшой у шынелі напашкі і спытаў, што трэба. Нехлюдаў перадаў сваю загадзя загатаваную картачку з запіскай, у якой прасіў прыняць яго па асабістай справе, і прасіў перадаць афіцэру. Старшой не быў гэткім строгім, як вартавы, але затое асабліва цікаўным. Ён абавязкова хацеў ведаць, навошта Нехлюдаву трэба бачыць афіцэра і хто ён, відавочна прадбачачы спажыву і не жадаючы выпусціць яе. Нехлюдаў сказаў, што ёсць асаблівая справа, і ён аддзякуе, і прасіў перадаць запіску. Старшой узяў запіску і, кіўнуўшы галавой, пайшоў. Праз некаторы час пасля таго, як ён пайшоў, зноў зазвінела фортка, і з яе пачалі выходзіць жанчыны з кашолкамі, туесамі, гладышамі і мяшкамі. Звонка гаворачы на сваёй асаблівай сібірскай гаворцы, ішлі яны цераз парог форткі. Усе яны былі апрануты не па-вясковаму, а па-гарадскому, у паліто і шубкі; спадніцы былі высока падтыканы, а галовы абвязаны хусткамі. Яны з цікаўнасцю аглядалі пры святле ліхтара Нехлюдава і яго правадніка. Адна-ж, пэўна ўзрадаваўшыся сустрэчы з плячыстым хлопцам, адразу-ж ласкава аблаяла яго па-сібірску.

— Ты, лесавік, што тут, каб на цябе немач, робіш? — звярнулася яна да яго.

— Вось праезджага праводзіў, — адказаў хлопец. — А ты што насіла?

— Малочнае, раніцой яшчэ загадалі прыходзіць.

— А начаваць не пакідалі? — запытаў хлапец.

— Чоб цябе „соскало“[2], брахун! — крыкнула яна, смеючыся. — Гайда да сяла разам, нас праводзь.

Праваднік яшчэ нешта сказаў ёй такое, што засмяяліся не толькі жанчыны, але і вартавы, і звярнуўся да Нехлюдава.

— Што-ж, знойдзеце адны? Не заблудзіце?

— Знайду, знайду.

— Як пройдзеце царкву, ад двухяруснага дома направа другі. Ды вось вам кіёк, — сказаў ён, аддаючы Нехлюдаву доўгі, вышэй яго кій, з якім ён ішоў, і, хлюпаючы сваімі вялізнымі ботамі, знік у цемрадзі разам з жанчынамі.

Яго голас, у перамешку з жаночымі, яшчэ чуўся з туману, калі зноў зазвінела фортка, і вышаў старшой, запрашаючы Нехлюдава за сабой да афіцэра.


VIII

Поўэтап знаходзіўся таксама, як і ўсе этапы і поўэтапы па сібірскай дарозе: на дварэ, акружаным завостранымі бярвеннямі-палямі, былі тры аднапавярховыя жылыя дамы. У адным, у самым вялікім, з кратчастымі вокнамі, знаходзіліся арыштанты, у другім — канвойная каманда, у трэцім — афіцэр і канцылярыя. Ва ўсіх трох дамах цяпер свяціліся агні, манліва абяцаючы нешта добрае, утульнае ў асветленых сценах. Перад ганкамі дамоў гарэлі ліхтары, і яшчэ ліхтароў пяць гарэлі каля сцен, асвятляючы двор. Унтэр-афіцэр падвёў Нехлюдава па дошцы да ганка меншага з дамоў. Падняўшыся на тры сходні, ён прапусціў яго наперад у асветлены лямпачкай прадпакой, які пахнуў чадам. Каля печы салдат у грубай кашулі і гальштуку і чорных нагавіцах, у адным боце з жоўтай халявай, схіліўшыся, раздзьмуваў самавар другой халявай. Убачыўшы Нехлюдава, салдат пакінуў самавар, зняў з Нехлюдава скураны плашч і ўвайшоў ва ўнутраны пакой.

— Прышоў, ваша благароддзе.

— Ну, пакліч, — пачуўся сярдзіты голас.

— У дзверы ідзіце, — сказаў салдат і адразу-ж зноў узяўся за самавар.

У другім пакоі, асветленым вісячай лямпай, за накрытым з рэшткамі абеду і двума бутэлькамі сталом сядзеў ў аўстрыйскай куртцы, якая аблягала яго шырокія грудзі і плечы, з вялікімі бялявымі вусамі і з вельмі чырвоным тварам афіцэр. У цёплым пакоі, апрача тытуновага паху, пахла яшчэ вельмі моцна нейкімі моцнымі кепскімі духамі. Убачыўшы Нехлюдава, афіцэр прыўстаў і як быццам глумліва і падазрона ўтаропіўся на яго.

— Чым магу служыць? — сказаў ён. — Берноў! Самавар, што-ж, будзе калі?

— Зараз.

— Вось я табе дам зараз, што будзеш памятаць! — крыкнуў афіцэр, бліснуўшы вачыма.

— Нясу! — пракрычаў салдат і ўвайшоў з самаварам.

Нехлюдаў пачакаў, пакуль салдат паставіў самавар (афіцэр праводзіў яго маленькімі злымі вачыма, нібы прыцэльваючыся, куды-б ударыць яго). Калі-ж самавар стаў на месца, афіцэр заварыў чай. Потым дастаў са скрынкі для пляшак чатырохвугольны графінчык з кан‘яком і бісквіты Альберт. Паставіўшы ўсё гэта на абрус, ён зноў звярнуўся да Нехлюдава.

— Дык чым магу служыць?

— Я прасіў-бы спаткання з адной арыштанткай, — сказаў Нехлюдаў, стоячы.

— Палітычная? Гэта забаронена законам, — сказаў афіцэр.

— Жанчына гэта не палітычная, — сказаў Нехлюдаў.

— Калі ласка, сядайце, — сказаў афіцэр.

Нехлюдаў сеў.

— Яна не палітычная, — паўтарыў ён, — але па маёй просьбе ёй дазволена вышэйшым начальствам ісці з палітычнымі…

— А, ведаю перабіў афіцэр. — Маленькая, чарнявая? Што-ж, гэта можна. Курыць не жадаеце?

Ён падсунуў Нехлюдаву скрынку з папяросамі і, акуратна наліўшы дзве шклянкі чаю, падсунуў адну з іх Нехлюдаву.

— Прашу, — сказаў ён.

— Дзякую, я-б жадаў пабачыцца.

— Ноч вялікая. Паспееце. Я вам загадаю яе выклікаць.

— А ці нельга, не выклікаючы яе, пусціць мяне ў памяшканне? — сказаў Нехлюдаў.

— Да палітычных? Не па закону.

— Мяне некалькі разоў пускалі. Бо калі баяцца, што я перадам што-небудзь, дык я праз яе мог-бы перадаць.

— Ну, не, яе абшукаюць, — сказаў афіцэр і засмяяўся непрыемным смехам.

— Ну, дык мяне абшукайце.

— Ну, і без гэтага абыйдземся, — сказаў афіцэр, падносячы адкупораны графінчык да шклянкі Нехлюдава. — Дазволіце? Ну, як жадаеце. Жывеш у гэтай Сібіры, дык чалавеку адукаванаму да смерці рады. Бо наша служба, самі ведаеце, самая сумная. А калі чалавек да другога прывык, дык і цяжка. Пра нашага-ж брата такое паняцце, што канвойны афіцэр — значыць грубы чалавек, неадукаваны, а таго не думаюць, што чалавек можа быць зусім для іншага нарадзіўся.

Чырвоны твар гэтага афіцэра, яго духі, пярсцёнак і асабліва непрыемны смех былі вельмі брыдкімі для Нехлюдава, але ён і сёння, як і ўвесь час свайго падарожжа, быў у тым сур‘ёзным і ўважлівым настроі, у якім ён не дазваляў сабе лёгкадумна і пагардліва абыходзіцца з якім-бы ні было чалавекам і лічыў неабходным з кожным чалавекам гаварыць „ва ўсю“, як ён сам з сабой азначаў гэту акалічнасць.

Выслухаўшы афіцэра і зразумеўшы яго душэўнае становішча ў тым сэнсе, што яму цяжка ўдзельнічаць у тыранстве падуладных яму людзей, ён сур‘ёзна сказаў:

— Я думаю, што ў вашай-жа дзейнасці можна знайсці збаўленне ў тым, каб аблягчаць пакуты людзей, — сказаў ён.

— Якія іхнія пакуты? Гэта-ж народ такі.

— Які-ж асаблівы народ? — сказаў Нехлюдаў. — Такі самы як усе. А ёсць і нявінныя.

— Зразумела, ёсць усякія. Канечне, шкадуеш. Іншыя нідзе палёгкі не дадуць, а я, дзе магу, стараюся аблягчыць. Няхай лепш я пацярплю, ды не яны. Іншыя, як што-небудзь не гэтак, адразу па закону, а то страляць, а я шкадую. — Жадаеце? — Калі ласка, — сказаў ён, наліваючы яшчэ чаю. — Яна хто, уласна, — жанчына, якую бачыць жадаеце? — запытаў ён.

— Гэта няшчасная жанчына, якая апынулася ў публічным доме, і там яе няправільна абвінавацілі ў атручэнні, а яна вельмі добрая жанчына, — сказаў Нехлюдаў.

Афіцэр паківаў галавой.

— Так, бывае. У Казані, я вам далажу, была адна, — Эмай звалі. Родам венгерка, а вочы сапраўдныя персідскія, — працягваў ён, не маючы сілы стрымаць усмешку пры гэтым успаміне. — Шыку было колькі, што нават графіні…

Нехлюдаў перабіў афіцэра і вярнуўся да ранейшай размовы.

— Я думаю, што вы можаце аблягчыць становішча такіх людзей, пакуль яны пад вашай уладай. І, робячы гэтак, я ўпэўнен, што вы знайшлі-б вялікую радасць, — сказаў Нехлюдаў, стараючыся вымаўляць, як мага выразна, так, як гавораць з іншаземцамі або дзяцьмі.

Афіцэр глядзеў на Нехлюдава бліскучымі вачыма і, відавочна, чакаў з нецярплівасцю, калі ён скончыць, каб расказаць далей пра венгерку з персідскімі вачыма, якая, відавочна, жыва ўяўлялася яму і паглынала ўсю яго ўвагу.

— Гэта, канечне, правільна, — сказаў ён. — Я і шкадую іх. Толькі я хацеў вам пра гэту Эму расказаць. Дык яна што рабіла…

— Я не цікаўлюся гэтым, — сказаў Нехлюдаў, — і проста скажу вам, што хаця я і сам быў раней іншым, але цяпер ненавіджу такія дачыненні да жанчын.

Афіцэр спалохана паглядзеў на Нехлюдава.

— А яшчэ чайку не жадаеце? — сказаў ён.

— Не, дзякую.

— Берноў! — крыкнуў афіцэр, — праводзь іх да Вакулава, скажы прапусціць у асобную камеру да палітычных; могуць там пабыць да паверкі.


IX

Разам з веставым Нехлюдаў вышаў зноў на цёмны двор, блекла асветлены чырвонымі праменнямі ліхтароў.

— Куды? — спытаў сустрэчны канвойны ў таго, які праводзіў Нехлюдава.

— У асобную, 5-ы нумар.

— Тут не пройдзеш, замкнута, трэба праз той ганак.

— А чаму замкнута?

— Старшой замкнуў, а сам на сяло пайшоў.

— Ну, дык ідзіце сюды.

Салдат павёў Нехлюдава на другі ганак і падышоў па дошках да другога ўваходу. Яшчэ з двара чулася гудзенне галасоў і ўнутраная мітусніна, як у добрым вуллі, які рыхтаваўся да раення, але калі Нехлюдаў падышоў бліжэй, і адчыніліся дзверы, гудзенне гэта зрабілася гучнейшым і перайшло ў гук галасоў, якія перагукваюцца, лаюцца, смяюцца. Пачуўся пераліўны гук кайданаў, і тхнула знаёмым цяжкім пахам калу і дзёгцю. Абодва гэтыя ўражанні — гул галасоў са звонам кайданаў і гэты жудасны пах — заўсёды зліваліся для Нехлюдава ў адно балючае пачуццё маральнай моташнасці, якая пераходзіла ў моташнасць фізічную. І абодва ўражанні змешваліся і ўзмацнялі адно другое. Увайшоўшы цяпер у сенцы поўэтапа, дзе стаяла вялізная смярдзючая кадка, так звавая „параха“, першае, што ўбачыў Нехлюдаў, была жанчына, якая сядзела на краі кадкі. Насупраць яе — мужчына з насунутай набок на паголенай галаве шапкай, падобнай на блін. Яны аб нечым гутарылі. Арыштант, убачыўшы Нехлюдава, падміргнуў вокам і сказаў:

— І цар вады не стрымае.

Жанчына-ж апусціла крысы халата і збянтэжылася.

З сенцаў ішоў калідор, у які адчыняліся дзверы камер. Першая была камера сямейных, потым вялікая камера халастых і ў канцы калідора дзве маленькія камеры, прызначаныя для палітычных. Памяшканне этапа, прызначанае на 150 чалавек, памяшчаючы 450, было гэткім цесным, што арыштанты, не знаходзячы месца ў камерах, напаўнялі калідор. Адны сядзелі і ляжалі на падлозе, другія рухаліся ўзад і ўперад з пустымі і напоўненымі кіпятком чайнікамі. У ліку гэтых быў Тарас. Ён дагнаў Нехлюдава і ласкава прывітаўся з ім. Добры твар Тараса быў скалечан сінебарвовымі падцёкамі на носе і пад вокам.

— Што гэта з табой? — спытаў Нехлюдаў.

— Была справа такая, — сказаў Тарас, усміхаючыся.

— Ды б‘юцца ўсё, — пагардліва сказаў канвойны.

— З-за бабы, — дадаў арыштант, што ішоў услед за імі, — з Федзькам сляпым пабіліся.

— А Фядос‘я як? — спытаў Нехлюдаў.

— Дармо, здаровая, вось ёй на чай кіпяток нясу, — сказаў Тарас і ўвайшоў у сямейную камеру.

Нехлюдаў заглянуў у дзверы. Уся камера была запоўнена жанчынамі і мужчынамі і на нарах і пад нарамі. У камеры стаяла пара ад мокрай вопраткі, якая сохла, і чуўся нязмоўклы крык жаночых галасоў. Наступныя дзверы былі дзверы камеры халастых. Гэта была яшчэ больш запоўнена, і нават у самых дзвярах, і выступаючы ў калідор, стаялі шумным натоўпам арыштанты ў мокрай вопратцы, якія нешта дзялілі або рашалі. Канвойны растлумачыў Нехлюдаву, што гэта стараста выдаваў узятыя або прайграныя ўперад па білеціках, зробленых з карт, кармавыя грошы майданшчыку. Убачыўшы унтэр-афіцэра і пана, тыя, што стаялі бліжэй, замаўчалі, няласкава аглядаючы іх. У ліку тых, што дзялілі, Нехлюдаў заўважыў знаёмага катаржнага Фёдарава, які заўсёды трымаў пры сабе ўбогага, з паднятымі бровамі, белага, нібы апухлага маладога хлопца і яшчэ брыдкага, з рабаціннем, бязносага валацугу, вядомага тым, што ён у часе пабегу ў тайзе нібыта забіў таварыша і еў яго мяса. Валацуга стаяў у калідоры, накінуўшы на адно плячо мокры халат, і глумліва і дзерзка глядзеў на Нехлюдава, не збочыўшы перад ім. Нехлюдаў абышоў яго.

Як ні знаёма было Нехлюдаву гэта відовішча, як ні часта бачыў ён на працягу гэтых трох месяцаў усіх тых самых 400 чалавек крымінальных арыштантаў у самых рознастайных становішчах: і ў спякоце, у хмары пылу, што яны ўзнімалі нагамі, якія цягнулі за сабой ланцугі, і на прывалах у дарозе, і на этапах цёплаю парою на дварэ, дзе адбываліся жудасныя сцэны адкрытай распусты, ён усё такі кожны раз, калі ўваходзіў у сярэдзіну іх і адчуваў, як цяпер, што ўвага іх звернута на яго, перажываў балючае пачуццё сораму і разумення сваёй вінаватасці перад імі. Самым цяжкім для яго было тое, што да гэтага пачуцця сораму і вінаватасці прымешвалася яшчэ непераможнае пачуццё агіднасці і жаху. Ён ведаў, што ў тым становішчы, у якое яны былі пастаўлены, нельга было не быць такімі, як яны, і ўсё-такі не мог перамагчы сваёй агіднасці да іх.

— Ім добра, дармаедам, — пачуў Нехлюдаў, калі ён ужо падыходзіў да дзвярэй палітычных, — што ім, чарцям, робіцца; пуза не забаліць, — сказаў нейчы хрыплы голас, дадаўшы яшчэ непрыстойную лаянку.

Пачуўся няласкавы, глумлівы рогат.


X

Прайшоўшы камеру халастых, унтэр-афіцэр, праважаты Нехлюдава, сказаў яму, што прыдзе да яго перад паверкай, і вярнуўся назад. Толькі унтэр-афіцэр адышоўся, як да Нехлюдава хуткай, босай хадой, прытрымліваючы кайданы, зусім блізка падышоў, абдаючы яго цяжкім і кіслым пахам поту, арыштант і таемным шэптам прагаварыў:

— Заступіцеся, пане. Зусім абшальмавалі хлопца. Прапілі. А сёння ўжо на прыёмцы Карманавым назваўся. Заступіцеся, а нам нельга, заб‘юць, — сказаў арыштант, непакойна азіраючыся, і адразу-ж адышоўся ад Нехлюдава.

Справа была ў тым, што катаржны Карманаў падгаварыў падобнага да яго з твару хлопца, сасланага на пасяленне, змяніцца з ім так, каб катаржны ішоў у сасланне, а хлопец на катаргу, на яго месца.

Нехлюдаў ведаў ужо пра гэту справу, бо той самы арыштант тыдзень перад гэтым паведаміў яму пра гэты абмен. Нехлюдаў кіўнуў галавой у знак таго, што ён зразумеў і зробіць тое, што можа, і, не азіраючыся, пайшоў далей.

Нехлюдаў ведаў гэтага арыштанта з Екацерынбурга, дзе ён прасіў яго хадайніцтва аб тым, каб дазволілі яго жонцы следаваць за ім, і быў здзіўлен яго ўчынкам. Гэта быў сярэднага росту і самага звычайнага сялянскага выгляду чалавек год пад трыццаць, якога высылалі на катаргу за замах на рабунак і забойства. Прозвішча яго было Макар Дзеўкін. Злачынства яго было вельмі дзіўнае. Злачынства гэта, як ён сам расказваў Нехлюдаву, было справай не яго, Макара, а яго, нячысціка. Да бацькі Макара, расказваў ён, заехаў падарожны і наняў у яго за два рублі фурманку ў сяло за 40 вёрст. Бацька загадаў Макару везці падарожнага. Макар запрог каня, апрануўся і разам з падарожным пачаў піць чай. Падарожны за чаем расказаў, што едзе жаніцца і вязе з сабой нажытыя ў Маскве 500 рублёў. Пачуўшы гэта, Макар вышаў на двор і паклаў у сані пад салому сякеру.

— І сам я не ведаю, навошта я сякеру ўзяў, — расказваў ён. — „Вазьмі, кажа, сякеру“, я і ўзяў. Селі, паехалі. Едзем, нічога. Я і забыў было пра сякеру. Толькі пачалі пад‘язджаць да сяла, — вёрст шэсць асталося. З выселка на гасцінец шлях угору ідзе. Злез я, іду за санямі, а ён шэпча: „Ты што-ж думаеш? Уз‘едзеш на гару, па гасцінцу народ, а там вёска. Звязе ён грошы; рабіць, дык цяпер, — чакаць няма чаго. Нахіліўся я да саней, як быццам папраўляючы салому, а тапарышча нібы само ў рукі ўскочыла. Азірнуўся ён. „Чаго ты?“ гаворыць. Узмахнуў я сякерай, хацеў ударыць, а ён, чалавек, адным імпэтам саскочыў з саней, ухапіў мяне за рукі. „Што ты, кажа, душагуб, робіш?..“ Паваліў мяне на снег, і не бароўся я, сам даўся. Звязаў ён мне рукі поясам, кінуў у сані. Павёз проста ў стан. Пасадзілі ў турму. Судзілі. Вобчаства ўхваліла, што чалавек добры, і дрэннага нічога не рабіў. Гаспадар, у якога жыў, таксама ўхваліў. Ды аблаката наняць не было за што, — гаварыў Макар, — і таму засудзілі на чатыры гады.

І вось цяпер гэты чалавек, жадаючы выратаваць земляка, ведаючы, што ён гэтымі словамі рызыкуе жыццём, усё-ж такі перадаў Нехлюдаву арыштанцкую тайну, завошта, — калі-б толькі даведаліся, што ён зрабіў гэта, — абавязкова-б задушылі яго.


XI

Памяшканне палітычных складалася з двух маленькіх камер, дзверы якіх выходзілі ў адгароджаную частку калідора. Увайшоўшы ў адгароджаную частку калідора, Нехлюдаў убачыў Сімансона з сасновым паленам у руцэ, які сядзеў у сваёй куртцы на карачках перад засланкай, якая дрыжэла і ўцягвалася жарам распаленай печы.

Убачыўшы Нехлюдава, ён, не ўстаючы, гледзячы знізу ўверх з-пад сваіх навіслых броваў, падаў руку.

— Я рады, што вы прышлі, мне трэба вас бачыць, — сказаў ён са значным выглядам, проста гледзячы ў вочы Нехлюдаву.

— А што іменна? — спытаў Нехлюдаў.

— Пасля. Цяпер я заняты.

І Сімансон зноў узяўся за печку, якую паліў па сваёй асаблівай тэорыі найменшай траты цеплавой энергіі.

Нехлюдаў ужо хацеў прайсці ў першыя дзверы, калі з другіх дзвярэй, схіліўшыся, з венікам у руцэ, якім яна падсоўвала да печкі вялікую кучку смецця і пылу, вышла Маслава. Яна была ў белай кофтачцы, падаткнутай спадніцы і панчохах. Галава яе па самыя бровы была ад пылу абвязана белай хусткай. Убачыўшы Нехлюдава, яна выпрасталася і, уся чырвоная і ажыўленая, паклала венік і, выцершы руку аб спадніцу, проста спынілася перад ім.

— Упарадкоўваеце памяшканне? — сказаў Нехлюдаў, працягваючы руку.

— Але, мой даўні занятак, — сказала яна і ўсміхнулася. — А гразь такая, што падумаць нельга. Ужо мы чысцілі, чысцілі. Што-ж, плед высах? — звярнулася яна да Сімансона.

— Амаль, — сказаў Сімансон, пазіраючы на яе нейкім асаблівым поглядам, які здзівіў Нехлюдава.

— Ну, дык я прыду па яго і прынясу кажухі сушыць. Нашы ўсе тут, — сказала яна Нехлюдаву, ідучы ў дальнія і паказваючы на бліжэйшыя дзверы.

Нехлюдаў адчыніў дзверы і ўвайшоў у невялікую камеру, слаба асветленую маленькай металічнай лямпачкай, якая нізка стаяла на нарах. У камеры было холадна і пахла ўзнятым пылам і тытуном. Бляшаная лямпа ярка асвятляла ўсіх, хто знаходзіўся каля яе, але нары былі ў поцемках, і па сценах, хістаючыся, хадзілі цені.

У невялікай камеры былі ўсе, за выключэннем двух мужчын, якія загадвалі харчаваннем і пайшлі па кіпяток і правізію. Тут была даўняя знаёмая Нехлюдава, яшчэ больш схудалая і пажоўклая Вера Ефрэмаўна з сваімі вялізнымі спалоханымі вачыма і ўспухлай жылай на ілбе, у пярэстай кофце і з кароткімі валасамі. Яна сядзела перад газетнай паперай з рассыпаным на ёй тытуном і набівала яго парыўчатымі рухамі ў папяросныя гільзы.

Тут-жа была і адна з самых для Нехлюдава прыемных палітычных жанчын — Эмілія Ранцэва, якая загадвала знешняй гаспадаркай і надавала ёй, у самых нават цяжкіх умовах, жаночую гаспадарнасць і прывабнасць. Яна сядзела каля лямпы і з закасанымі рукавамі над загарэлымі прыгожымі і спрытнымі рукамі перацірала і расстаўляла кубкі і чашкі на разасланы на нарах ручнік. Ранцэва была непрыгожая маладая жанчына з разумным і лагодным тварам, які меў уласцівасць раптам, пры ўсмешцы, змяняць выгляд і рабіцца вясёлым, бадзёрым і чароўным. Яна цяпер сустрэла такой усмешкай Нехлюдава.

— А мы думалі, што вы ўжо зусім у Расію паехалі, — сказала яна.

Тут-жа была ў цяні, у далёкім кутку, і Мар‘я Паўлаўна, якая нешта рабіла з маленькай белагаловай дзяўчынкай, якая няспынна лапатала сваім мілым дзіцячым галаском.

— Як добра, што вы прышлі! Бачылі Кацю? — спытала яна Нехлюдава. — А ў нас вось якая госця. — Яна паказала на дзяўчынку.

Тут-жа быў і Анатолій Крыльцоў. Схудалы і бледны, з падкурчанымі пад сябе нагамі ў валёнках, ён, згорбіўшыся і дрыжучы, сядзеў у далёкім кутку нар і, засунуўшы рукі ў рукавы кажушка, ліхарадачнымі вачыма глядзеў на Нехлюдава. Нехлюдаў хацеў падыйсці да яго, але направа ад дзвярэй, разбіраючы нешта ў мяшку і гутарачы з прыгожанькай Грабец, якая ўсміхалася, сядзеў кучаравы рыжаваты чалавек у акулярах і гутаперчавай куртцы. Гэта быў славуты рэволюцыянер Новадвораў, і Нехлюдаў паспяшаўся прывітацца з ім. Ён асабліва паспяшаўся гэта зрабіць таму, што з усіх палітычных гэтай партыі адзін гэты чалавек быў непрыемны яму. Новадвораў бліснуў праз акуляры сваімі блакітнымі вачыма на Нехлюдава і, нахмурыўшыся, падаў яму сваю вузкую руку.

— Што-ж, прыемна падарожнічаеце? — сказаў ён, відавочна, іранічна.

— Але, багата цікавага, — адказаў Нехлюдаў, робячы выгляд, што не бачыць іроніі, а прымае гэта за ветлівасць, і падышоў да Крыльцова. Выглядам Нехлюдаў выказаў абыякавасць, але ў душы ён далёка не быў абыякавым да Новадворава. Гэтыя словы Новадворава, яго відавочнае жаданне сказаць і зрабіць непрыемнае парушылі той добры настрой, у якім знаходзіуся Нехлюдаў. І яму зрабілася нудна і сумна.

— Што, як здароўе? — сказаў ён, паціскаючы халодную руку Крыльцова, якая дрыжэла.

— Ды нічога, не сагрэюся толькі, прамок, — сказаў Крыльцоў, паспешна хаваючы руку ў рукаў кажушка, — тут сабачы холад. Вось вокны пабітыя. — Ён паказаў на пабітыя ў двух месцах шыбы за жалезнымі кратамі. — Што вы, чаму не былі?

— Не пускаюць, строгае начальства. Сёння толькі афіцэр трапіўся далікатны.

— Ну і далікатны! — сказаў Крыльцоў. — Спытайце ў Машы, што ён уранні рабіў.

Мар‘я Паўлаўна, не ўстаючы з свайго месца, расказала тое, што было з дзяўчынкай уранні пры выхадзе з этапа.

— На маю думку, неабходна заявіць калектыўны пратэст, — рашучым голасам сказала Вера Ефрэмаўна, разам з тым нерашуча і спалохана пазіраючы на твар то аднаго, то другога. — Владзімір заявіў, але гэтага мала.

— Які пратэст? — нездаволена маршчынячыся, сказаў Крыльцоў. Відавочна, няшчырасць, штучнасць тону і нервовасць Веры Ефрэмаўны ўжо даўно раздражалі яго. — Вы Кацю шукаеце? — звярнуўся ён да Нехлюдава. — Яна ўсё працуе, чысціць. Гэты вычысціла, наш — мужчынскі; цяпер жаночы. Толькі блох ужо не вычысціць, ядуць поедам.

— А Маша што там робіць? — спытаў ён, паказваючы галавой на кут, у якім была Мар‘я Паўлаўна.

— Чэша сваю прыёмную дачку, — сказала Ранцэва.

— А вошай яна не распусціць на нас? — сказаў Крыльцоў.

— Не, не, я акуратна. Яна цяпер чысценькая, — сказала Мар‘я Паўлаўна. — Вазьміце яе, — звярнулася яна да Ранцэвай, — а я пайду памагаць Каці. Ды і плед яму прынясу.

Ранцэва ўзяла дзяўчынку і, з матчынай пяшчотнасцю прыціскаючы да сябе голенькія і пухленькія ручкі дзіцяці, пасадзіла да сябе на калені і дала ёй кавалак цукру.

Мар‘я Паўлаўна вышла, а ўслед за ёю ў камеру ўвайшлі два чалавекі з кіпятком і правізіяй.


XII

Адзін з іх быў невысокі, хударлявы малады чалавек у абшытым кажушку і высокіх ботах. Ён ішоў лёгкай і шпаркай хадою, несучы два вялікія чайнікі з гарачай вадою і прытрымліваючы падпахай загорнуты ў хустку хлеб.

— Ну, вось і князь наш з‘явіўся, — сказаў ён, ставячы чайнік сярод чашак і перадаючы хлеб Маславай. — Цудоўных рэчаў мы накуплялі, — сказаў ён, скідаючы кажушок і кідаючы яго цераз голавы ў кут нараў. — Маркел малака і яек купіў; проста баль сёння будзе. А Кірылаўна ўсё сваю эстэтычную чыстату наводзіць, — сказаў ён усміхаючыся, гледзячы на Ранцэву. — Ну, цяпер заварвай чай, — звярнуўся ён да яе.

Ад усяго выгляду гэтага чалавека, ад яго рухаў, гуку яго голаса, погляду павявала бадзёрасцю і вясёласцю. Другі-ж з тых, што ўвайшлі — таксама невысокі, кастлявы, з вельмі выпятымі косткамі худых шчок шэрага твара, з чароўнымі зеленаватымі шырока расстаўленымі вачыма і тонкімі губамі — быў чалавек, наадварот, з панурым і сумным выглядам. На ім было старае ватняе паліто і боты з галошамі. Ён нёс два гаршкі і два туесы. Паставіўшы перад Ранцэвай сваю ношу, ён пакланіўся Нехлюдаву шыяй, так што, кланяюсчыся, не перастаючы глядзеў на яго. Потым, неахвотна падаўшы яму потную руку, ён павольна пачаў расстаўляць, вымаючы з кашолкі, правізію.

Абодва гэтыя палітычныя былі людзьмі з народу: першы быў селянін Набатаў, другі быў фабрычны Маркел Кандрац‘еў. Маркел далучыўся да рэволюцыйнага руху ўжо паджылым трыццаціпяцігадовым чалавекам; Набатаў-жа з восемнаццаці год. Патрапіўшы з вясковай школы дзякуючы сваім выдатным здольнасцям у гімназію, Набатаў, жывучы ўвесь час урокамі, скончыў курс з залатым медалем, але не пайшоў ва універсітэт, таму што яшчэ ў VII класе парашыў, што пойдзе ў народ, з якога вышаў, каб вучыць сваіх забытых братоў. Ён так і зрабіў: спачатку паступіў пісарам у вялікае сяло, але скора яго арыштавалі за тое, што чытаў сялянам кніжкі і арганізаваў сярод іх спажывецкае і вытворчае таварыства. Першы раз яго пратрымалі ў турме 8 месяцаў і выпусцілі пад тайны нагляд. Вызваліўшыся, ён адразу-ж паехаў у другую губерню, у другое сяло і, паступіўшы там настаўнікам, рабіў тое самае. Яго зноў узялі і гэты раз пратрымалі год і два месяцы ў турме, і ў турме ён яшчэ ўмацаваўся ў сваіх перакананнях.

Пасля другой турмы яго саслалі ў Пермскую губерню. Ён уцёк адтуль. Яго зноў узялі і, пратрымаўшы 7 месяцаў, выслалі ў Архангельскую губерню. Адтуль за адмаўленне ад прысягі новаму цару яго прысудзілі да высылкі ў Якуцкую вобласць; так што ён пражыў палову дарослага жыцця ў турме і высылцы. Усе гэтыя прыгоды ніколькі не азлабілі яго, але і не паслабілі яго энергію, а нават распалілі яе. Гэта быў рухавы чалавек з вельмі добрым страўнікам, заўсёды аднолькава працавіты, вясёлы і бадзёры. Ён ніколі ні ў чым не раскайваўся і нічога далёка наперад не задумваў, а з усіх сіл свайго розуму, спрытнасці, практычнасці дзейнічаў у цяперашнім. Калі ён быў на волі, ён працаваў для той мэты, якую ён сабе паставіў, а іменна: асвета, з‘яднанне рабочага, пераважна, сялянскага народу; калі-ж ён быў у няволі, ён дзейнічаў таксама энергічна і практычна для зносін з знешнім светам і для пабудовы найлепшага ў даных умовах жыцця не толькі для сябе, але і для свайго асяроддзя. Ён раней за ўсё быў чалавек грамадскі. Для сябе яму, здавалася, нічога не трэба было, і ён мог задаволіцца нічым, але для таварышоў сваіх ён патрабаваў багата і мог рабіць усякую — і фізічную і разумовую — работу, не пакладаючы рук, без сна, без яды. Як селянін, ён быў працавітым, кемкім, спрытным у рабоце і натуральна стрыманым і без намагання пачцівым, уважлівым не толькі да пачуццяў, але і да думак іншых. Старая маці яго, непісьменная сялянская ўдава, поўная забабонаў, жыла яшчэ, і Набатаў памагаў ёй і, калі быў на волі, наведваў яе. У часе сваіх пабывак дома ён цікавіўся кожнай драбніцай яе жыцця, памагаў ёй у работах і не перарываў зносін з былымі таварышамі, сялянскімі хлопцамі; курыў з імі тытун у сабачай ножцы, біўся на кулачкі і тлумачыў ім, як яны ўсе ашуканы і як ім трэба вызваляцца ад таго ашуканства, у якім іх трымаюць. Калі ён думаў і гаварыў аб тым, што дасць рэволюцыя народу, ён заўсёды ўяўляў сабе той самы народ, з якога ён вышаў, у тых самых амаль умовах, але толькі з зямлёй і без паноў і чыноўнікаў. Рэволюцыя, у яго ўяўленні, не павінна была змяніць асноўныя формы жыцця народу — у гэтым ён не згаджаўся з Новадворавым і прыхільнікам Новадворава Маркелам Кандрац‘евым, — рэволюцыя, на яго думку, не павінна была ламаць увесь будынак, а павінна была толькі іначай размеркаваць унутраныя памяшканні гэтага прыгожага, трывалага, велізарнага, палка любімага ім старога будынка.

У рэлігійных адносінах ён быў таксама тыповым селянінам: ніколі не думаў аб метафізічных пытаннях, аб пачатку ўсіх пачаткаў, аб загробным жыцці. Бог быў для яго, як і для Араго, гіпотэзай, у якой ён дагэтуль не меў патрэбы. Яго зусім не цікавіла, якім чынам пачаўся свет, па Маісею або Дарвіну, і дарвінізм, які здаваўся гэткім важным яго таварышам, для яго быў такой самай цацкай думкі, як і стварэнне ў 6 дзён.

Яго не цікавіла пытанне аб тым, як узнік свет, іменна таму, што пытанне аб тым, як лепей жыць на ім, заўсёды стаяла перад ім. Аб будучым жыцці ён таксама ніколі не думаў, у глыбіні сваёй душы хаваючы тое атрыманае ім у спадчыну ад продкаў цвёрдае спакойнае перакананне, агульнае ўсім земляробам, што як у свеце жывёл і раслін нішто не канчаецца, а заўсёды перарабляецца з адной формы ў другую — гной у зерне, зерне ў курыцу, галавасцік у жабу, чарвяк у матыля, жолуд у дуб, гэтак і чалавек не знішчаецца, але толькі змяняецца. Ён верыў у гэта і таму бадзёра і нават весела заўсёды глядзеў у вочы смерці і цвёрда пераносіў пакуты, якія вядуць да яе, але не любіў і не ўмеў гаварыць аб гэтым. Ён любіў працаваць і заўсёды быў заняты практычнымі справамі і на такія-ж практычныя справы наводзіў таварышоў.

Другі палітычны арыштант у гэтай партыі з народу, Маркел Кандрац‘еў, быў чалавек іншага кірунку думак. З пятнаццаці год ён паступіў на работу і пачаў курыць і піць, каб заглушыць цмянае адчуванне крыўды. Крыўду гэту ён адчуў упершыню, калі на каляды іх, дзяцей, прывялі на ёлку, наладжаную жонкай фабрыканта, дзе яму з таварышамі падарылі дудачку цаной у адну капейку, яблык, пазалочаны арэх і вінную ягаду, а дзецям фабрыканта — цацкі, якія здаліся яму падарункамі чараўніцы і каштавалі, як ён пасля даведаўся, больш чым 50 рублёў. Яму было дваццаць год, калі на фабрыку паступіла роботніцай славутая рэволюцыянерка і, заўважыўшы выдатныя здольнасці Кандрац‘ева, пачала даваць яму кнігі, брашуры і гаварыць з ім, тлумачачы яму яго становішча і прычыны яго і сродкі яго палепшыць. Калі ён ясна ўявіў сабе магчымасць вызвалення сябе і іншых ад таго прыгнечанага становішча, у якім ён знаходзіўся, несправядлівасць гэтага становішча здалася яму яшчэ больш жорсткай і жахлівай, чым раней, і яму палка захацелася не толькі вызвалення, але і пакарання тых, якія зрабілі і падтрымлівалі гэтую жорсткую несправядлівасць. Магчымасць гэту, як гэта яму растлумачылі, давалі веды, і Кандрац‘еў аддаўся з палкасцю набыванню ведаў. Але для яго было няясна, якім чынам ажыццяўленне соцыялістычнага ідэала зробіцца праз веды, але ён верыў, што як веды адкрылі яму несправядлівасць таго становішча, у якім ён знаходзіўся, так гэтыя-ж веды і выправяць гэту несправядлівасць. Апрача таго, веды ўзнімалі яго, на яго думку, вышэй іншых людзей. І таму, кінуўшы піць і курыць, ён увесь вольны час, якога ў яго зрабілася больш, калі яго паставілі за кладаўшчыка, аддаў навуцы.

Рэволюцыянерка вучыла яго і здзіўлялася той надзвычайнай здольнасці, з якой ён паглынаў усякія веды. У два гады ён вывучыў алгебру, геаметрыю, гісторыю, якую ён асабліва любіў, і перачытаў усю мастацкую і крытычную літаратуру і, галоўнае, соцыялістычную.

Рэволюцыянерку арыштавалі і з ёю Кандрац‘ева за знойдзеныя ў яго забароненыя кнігі і пасадзілі ў турму, а потым саслалі ў Валагодскую губерню. Там ён пазнаёміўся з Новадворавым, перачытаў яшчэ багата рэволюцыйных кніжак, усё запомніў і стаў яшчэ больш цвёрдым у сваіх соцыялістычных поглядах. Пасля ссылкі ён быў кіраўніком вялікай забастоўкі рабочых, якая скончылася разгромам фабрыкі і забойствам дырэктара. Яго арыштавалі і прысудзілі да пазбаўлення правоў і да ссылкі.

Да рэлігіі ён ставіўся таксама адмоўна, як і да існуючага эканамічнага ладу. Зразумеўшы бязглуздзе веры, у якой ён вырас, і з цяжкасцю і спачатку страхам, а потым з захапленнем вызваліўшыся ад яе, ён, нібы ў адплату за тую ману, у якой трымалі яго і яго продкаў, не пераставаў едка і злосна смяяцца з папоў і з рэлігійных догматаў.

Ён быў па звычках аскет, задавольваўся самым малым і, як усякі змалку прывучаны да работы, з развітымі мускуламі чалавек, лёгка і многа і спрытна мог рабіць усякую фізічную работу, але больш за ўсё даражыў вольным часам, каб у турмах і на этапах працягваць вучыцца. Ён цяпер вывучаў першы том Маркса і з вялікай дбайнасцю, як вялікую каштоўнасць, хаваў гэту кнігу ў сваім мяшку. Да ўсіх таварышоў ён ставіўся стрымана, роўнадушна, за выключэннем Новадворава, якому ён быў асабліва адданы і погляды якога аб усіх рэчах прымаў за бясспрэчныя ісціны.

Да жанчын-жа, на якіх ён глядзеў як на перашкоду ва ўсіх патрэбных справах, ён ставіўся з непераможнай пагардлівасцю. Але Маславу ён шкадаваў і быў з ёю ласкавым, бачачы ў ёй узор эксплаатацыі ніжэйшага класа вышэйшым. З гэтай самай прычыны ён не любіў Нехлюдава, быў маўклівым з ім і не сціскаў яго рукі, а толькі падаваў, каб паціснулі сваю выцягнутую руку, калі Нехлюдаў вітаўся з ім.


XIII

Печка вытапілася, сагрэлася, чай заварылі і разлілі па шклянках і кружках, забялілі малаком, выклалі абаранкі, свежы сітны і пшанічны хлеб, крутыя яйкі, масла і цялячую галаву і ножкі. Усе пасунуліся да месца на нарах, якое замяняла стол, і пілі, елі і гутарылі. Ранцэва сядзела на скрыні, разліваючы чай. Вакол яе згрудзіліся ўсе астатнія, апрача Крыльцова, які, зняўшы мокры кажушок і завярнуўшыся ў сухі плед, ляжаў на сваім месцы і гутарыў з Нехлюдавым. Пасля холаду, вільгаці ў часе пераходу, пасля гразі і непаладак, якія яны знайшлі тут, пасля работы, пакладзенай на тое, каб упарадкаваць усё, пасля яды і гарачага чаю ўсе былі ў самым прыемным, радасным настроі.

Тое, што за сцяной чуўся тупат, крыкі і лаянка крымінальных, нібы напамінаючы аб тым, што акружала іх, яшчэ павялічвала адчуванне ўтульнасці. Як на астраўку сярод мора, людзі гэтыя адчувалі сябе часова не залітымі тым прыгнечаннем і пакутай, якія абкружалі іх, і з прычыны гэтага былі ва ўзбуджана-прыўзнятым настроі. Гаварылі аб усім, але толькі не аб сваім становішчы і аб тым, што чакала іх. Апрача таго, як гэта заўсёды бывае паміж маладымі мужчынамі і жанчынамі, асабліва калі яны сілком злучаны, як былі злучаны ўсе гэтыя людзі, між імі ўзніклі згодныя і нязгодныя, па-рознаму пераплеценыя імкненні адзін да аднаго. Яны амаль усе былі закаханы. Новадвораў быў закаханы ў прыгожанькую Грабец, якая заўсёды ўсміхалася. Грабец гэта была маладзенькая курсістка. Яна вельмі мала думала і зусім абыякава ставілася да пытанняў рэволюцыі. Але яна падпала пад уплыў часу, нечым скампраметавала сябе, і яе саслалі. Як на волі галоўныя інтарэсы яе жыцця былі ў поспехах сярод мужчын, таксама гэта было і на допытах, і ў турме, і ў ссылцы. Цяпер, у часе пераходу, яна ўцяшалася тым, што Новадвораў захапіўся ёю, і сама закахалася ў яго. Вера Ефрэмаўна, якая была вельмі ўлюбчывая і не выклікала да сябе кахання, але спадзявалася на ўзаемнасць, была закахана то ў Набатава, то ў Новадворава. Нешта падобнае на закаханасць было з боку Крыльцова да Мар‘і Паўлаўны. Ён кахаў яе, як мужчыны кахаюць жанчын, але, ведаючы яе адносіны да кахання, умела хаваў свае пачуцці пад шыльдай дружбы і ўдзячнасці за тое, што яна з асаблівай пяшчотнасцю даглядала яго. Набатаў і Ранцэва былі звязаны вельмі складанымі любоўнымі адносінамі. Як Мар‘я Паўлаўна была зусім чыстая нявінная дзяўчына, так Ранцэва была цалкам чыстая мужняя жонка-жанчына.

Шаснаццаці год, яшчэ ў гімназіі, яна пакахала Ранцэва, студэнта пецербургскага універсітэта, і 19-ці год вышла за яго замуж, пакуль яшчэ ён быў ва універсітэце. З чацвертага курса мужа яе, замешанага ва універсітэцкай гісторыі, выслалі з Пецербурга, і ён зрабіўся рэвалюцыянерам. Яна-ж пакінула медычныя курсы, на якіх займалася, паехала за ім і таксама зрабілася рэволюцыянеркай. Калі-б яе муж не быў тым чалавекам, якога яна лічыла самым добрым, самым разумным з усіх людзей на свеце, яна-б не пакахала яго, а не пакахаўшы, не вышла-б замуж. Але, раз пакахаўшы і вышаўшы замуж за самага, па яе перакананнях, добрага і разумнага чалавека на свеце, яна, канечне, разумела жыццё і мэту яго якраз таксама, як разумеў яго самы добры і разумны чалавек на свеце. Ён спачатку разумеў жыццё ў тым, каб вучыцца, і яна ў тым самым разумела. Ён зрабіўся рэволюцыянерам, і яна зрабілася рэволюцыянеркай. Яна вельмі добра магла даказваць, што існуючы лад немагчымы, і што абавязак усякага чалавека складаецца з таго, каб змагацца з гэтым ладам і спрабаваць устанавіць той палітычны і эканамічны лад жыцця, пры якім асоба магла-б свабодна развівацца, і таму падобнае. І ёй здавалася, што яна сапраўды так думае і адчувае, але, па сутнасці, яна думала толькі тое, што ўсё тое, што думае муж, з‘яўляецца чыстай праўдай, і шукала толькі аднаго — поўнай згоды, зліцця з душой мужа, што адно давала ёй маральнае задавальненне.

Разлука з мужам і дзіцёнкам, якога ўзяла яе маці, была цяжкай для яе. Але яна пераносіла гэтую разлуку цвёрда і спакойна, ведаючы, што церпіць яна гэта для мужа і для той справы, якая бясспрэчна ісцінная, таму што ён служыць ёй. Яна заўсёды была ў думках з мужам і як раней нікога не кахала, гэтак і цяпер не магла кахаць нікога, апрача свайго мужа. Але адданае і чыстае каханне да яе Набатава расчульвала і хвалявала яе. Ён, маральны і цвёрды чалавек, друг яе мужа, стараўся абыходзіцца з ёю як з сястрой, але ў адносінах яго да яе адчувалася часам нешта большае, і гэта нешта большае палохала іх абодвух і разам з тым упрыгожвала цяпер іхняе цяжкае жыццё.

Так што зусім вольнымі ад закахання былі ў гэтым гуртку толькі Мар‘я Паўлаўна і Кандрац‘еў.


XIV

Разлічваючы пагутарыць асобна з Кацюшай, як ён рабіў гэта звычайна пасля агульнага чаю і вячэры, Нехлюдаў сядзеў каля Крыльцова, гутарачы з ім. Між іншым, ён расказаў яму пра той зварот да яго Макара і пра гісторыю яго злачынства. Крыльцоў слухаў уважліва, спыніўшы бліскучы погляд на твары Нехлюдава.

— Так, — сказаў ён раптам. — Мяне часта займае думка, што вось мы ідзем разам, побач з імі, — з кім з „імі“? З тымі самымі людзьмі, за якіх мы і ідзем. А тым часам мы не толькі не ведаем, але і не хочам ведаць іх. А яны, горш за гэта, ненавідзяць нас і лічаць сваімі ворагамі. Вось гэта жудасна.

— Нічога няма жудаснага, — сказаў Новадвораў, прыслухоўваючыся да размовы. — Масы заўсёды абажаюць толькі ўладу, — сказаў ён сваім траскатлівым голасам. — Урад пануе — яны абажаюць яго і ненавідзяць нас; заўтра мы будзем мець уладу — яны будуць абажаць нас…

У гэты час з-за сцяны пачуўся выбух лаянкі, таўханіна і ўдары ў сцяну, звон ланцугоў, віск і крыкі. Некага білі, нехта крычаў: „ратуйцеі!“

— Вось яны зверы! Якія-ж могуць быць дачыненні паміж намі і імі? — спакойна сказаў Новадвораў.

— Ты гаворыш — зверы. А вось толькі што Нехлюдаў расказваў пра такі ўчынак, — нервова сказаў Крыльцоў, і ён расказаў пра тое, як Макар рызыкуе жыццём, ратуючы земляка. — Гэта ўжо не зверства, а геройства.

— Сентыментальнасць! — іранічна сказаў Новадвораў. — Нам цяжка зразумець эмоцыі гэтых людзей і матывы іхніх учынкаў. Ты бачыш тут велікадушнасць, а тут можа зайздрасць да таго, катаржніка.

— Як гэта ты не хочаш у іншым бачыць нічога добрага, — раптам разгарачыўшыся, сказала Мар‘я Паўлаўна (яна была на „ты“ з усімі).

— Нельга бачыць таго, чаго няма.

— Як няма, калі чалавеку пагражае жудасная смерць?

— Я думаю, — сказаў Новадвораў, — што калі мы хочам рабіць сваю справу, дык першая для гэтага ўмова (Кандрац‘еў пакінуў кнігу, якую ён чытаў каля лямпы, і ўважліва пачаў слухаць свайго настаўніка) тое, каб не фантазіраваць, а глядзець на рэчы, як яны ёсць. Рабіць усё для мас народу, але не чакаць нічога ад іх; масы з‘яўляюцца аб‘ектам нашай дзейнасці, але не могуць быць нашымі супрацоўнікамі да тае пары, пакуль яны будуць інертнымі, як цяпер, — пачаў ён як быццам чытаў лекцыю. — І таму зусім ілюзорна чакаць ад іх дапамогі да тае пары, пакуль не адбыўся працэс развіцця, той працэс развіцця, да якога мы падрыхтоўваем іх.

— Які працэс развіцця, — расчырванеўшыся, загаварыў Крыльцоў. — Мы гаворым, што мы супроць гвалту і дэспатызма, хіба гэта не самы жудасны дэспатызм?

— Няма ніякага дэспатызма, — спакойна адказаў Новадвораў. — Я толькі скажу, што ведаю той шлях, па якім павінен ісці народ, і я магу паказваць гэты шлях.

— Але чаму ты ўпэўнен, што шлях, які ты паказваеш, ісцінны? Хіба гэта не дэспатызм, з якога вынікалі інквізіцыі і кары вялікай рэволюцыі? Яны таксама ведалі з навукі адзіны ісцінны шлях.

— Тое, што яны памыляліся, не даводзіць таго, каб я памыляўся. І потым, вялікая розніца паміж трызнёй ідэёлагаў і фактамі сапраўднай эканамічнай навукі.

Голас Новадворава напаўняў усю камеру. Ён адзін гаварыў, а ўсе маўчалі.

— Заўсёды спрачаюцца, — сказала Мар‘я Паўлаўна, калі ён на мінуту заціх.

— А вы самі як пра гэта думаеце?— спытаў Нехлюдаў у Мар‘і Паўлаўны.

— Думаю, што Анатолій мае рацыю, што нельга навязваць народу нашы погляды.

— Ну, а вы, Кацюша? — усміхаючыся, спытаў Нахлюдаў са страхам таго, што яна скажа што-небудзь не тое, чакаючы яе адказу.

— Я думаю, пакрыўджаны просты народ, — сказала яна, уся загарэўшыся, — надта ўжо пакрыўджаны просты народ.

— Правільна, Міхайлаўна, правільна, — крыкнуў Набатаў, — дужа пакрыўджаны народ. Трэба, каб не крыўдзілі яго. У гэтым уся наша справа.

— Дзіўнае ўяўленне пра задачы рэволюцыі, — сказаў Новадвораў і моўчкі сярдзіта пачаў курыць.

— Не магу з ім гаварыць, — прашаптаў Крыльцоў і замаўчаў.

— І самае лепшае не гаварыць, — сказаў Нехлюдаў.


XV

Не гледзячы на тое, што Новадворава вельмі паважалі ўсе рэволюцыянеры, не гледзячы на тое, што ён быў вельмі вучоным і лічыўся вельмі разумным, Нехлюдаў прылічаў яго да тых рэволюцыянераў, якія, будучы па маральных сваіх якасцях ніжэйшымі за сярэдні ўзровень, былі куды ніжэй яго. Разумовыя сілы гэтага чалавека — яго лічнік — былі вялікія; але думка яго пра сябе — яго назоўнік — была непамерна вялікай і даўно перарасла ўжо яго разумовыя сілы.

Гэта быў чалавек зусім процілеглага складу ўнутранага жыцця, як Сімансон. Сімансон быў адным з тых людзей, пераважна мужчынскага складу, у якіх учынкі вынікаюць з дзейнасці думкі і азначаюцца ёю. Новадвораў-жа належаў да роду людзей пераважна жаночага складу, у якіх дзейнасць думкі накіравана часткова на дасягненне мэт, пастаўленых пачуццём, часткова-ж на апраўданне ўчынкаў, выкліканых пачуццём.

Уся рэволюцыйная дзейнасць Новадворава, не гледзячы на тое, што ён умеў красамоўна тлумачыць яе вельмі пераканаўчымі довадамі, здавалася Нехлюдаву абгрунтаванай толькі жаданнем славы, жаданнем мець перавагу над людзьмі. Спачатку, дзякуючы сваёй здольнасці схопліваць чужыя думкі і дакладна перадаваць іх, ён у перыяд навучання, у асяроддзі тых, хто вучыць і тых, хто вучыцца, дзе гэта здольнасць высока цэніцца (гімназія, універсітэт і магістэрства), меў перавагу, і ён быў задаволены. Але калі ён атрымаў дыплом і скончыў вучыцца, і страціў гэту перавагу, ён раптам, як гэта расказваў Нехлюдаву Крыльцоў, які не любіў Новадворава, для таго, каб атрымаць перавагу ў новай сферы, зусім змяніў свае погляды і з памяркоўнага ліберала зрабіўся чырвоным, народавольцам. Дзякуючы адсутнасці ў яго характары ўласцівасцей маральных і эстэтычных, якія выклікаюць сумненні і хістанні, ён вельмі хутка заняў у рэволюцыйным свеце становішча кіраўніка партыі, якое задавальняла яго гонар. Раз абраўшы кірунак, ён ужо ніколі не меў сумненняў і не хістаўся, і таму быў упэўнены, што ніколі не памыляўся. Усё яму здавалася надзвычайна простым, зразумелым, бясспрэчным. І пры вузкасці і аднабаковасці яго погляду, усё сапраўды было вельмі простым і зразумелым, і трэба было толькі, як ён казаў, быць лагічным. Самаўпэўненасць яго была гэткай вялікай, што яна магла толькі адштурхваць ад сябе людзей ці падначальваць сабе. А таму што дзейнасць яго праходзіла сярод вельмі маладых людзей, якія прымалі яго бязмежную самаўпэўненасць за глыбокадумнасць і мудрасць, большасць падначальвалася яму, і ён меў вялікі поспех у рэволюцыйных колах. Дзейнасць яго была ў падрыхтоўцы да паўстання, у якім ён павінен быў захапіць уладу і склікаць сабор. На саборы-ж павінна была быць прапанавана складзеная ім праграма, і ён быў цалкам упэўнены, што праграма гэта вырашала ўсе пытанні, і нельга было не выканаць яе.

Таварышы паважалі яго за яго смеласць і рашучасць, але не любілі. Ён-жа нікога не любіў і да ўсіх выдатных ставіўся як да канкурэнтаў, і з ахвотаю зрабіў-бы з імі, як старыя самцы-малпы робяць з маладымі, каб мог. Ён вырваў-бы ўвесь розум, усе здольнасці ў іншых людзей, абы яны не перашкаджалі праяўленню яго здольнасцей. Ён ставіўся добра толькі да людзей, якія схіляліся перад ім. Так ён ставіўся цяпер, у дарозе, да распрапагандаванага ім рабочага Кандрац‘ева, да Веры Ефрэмаўны і да прыгожанькай Грабец, якія абедзве былі закаханы ў яго. Хаця ён прынцыпова і быў за жаночае пытанне, але ў глыбіні душы лічыў усіх жанчын дурнымі і нікчэмнымі, за выключэннем тых, у якіх часта бываў сентыментальна закаханы так, як цяпер быў закаханы ў Грабец, і тады лічыў іх незвычайнымі жанчынамі, выдатныя якасці якіх умеў заўважыць толькі ён.

Пытанне аб дачыненнях палоў здавалася яму, як і ўсе пытанні, вельмі простым і зразумелым і зусім вырашаным прызнаннем свабоднага кахання.

У яго была адна жонка фіктыўная, другая сапраўдная, з якою ён разышоўся, пераканаўшыся, што паміж імі няма сапраўднага кахання, і цяпер збіраўся ўступіць у новы свабодны шлюб з Грабец.

На Нехлюдава ён глядзеў з пагардай за тое, што ён „крыўляецца“, як ён казаў, з Маславай, і асабліва за тое, што ён дазваляе сабе думаць аб недахопах існуючага ладу і спосабах паляпшэння яго не толькі не слова ў слова таксама, як думаў ён, Новадвораў, але нават неяк па-свойму, па-княжаску, г. зн. па-дурному. Нехлюдаў ведаў гэты погляд на сябе Новадворава і, на вялікі жаль свой, адчуваў, што, не зважаючы на той лагодны настрой, у якім ён быў у часе падарожжа, плоціць яму той самай манетай і ніяк не можа перамагчы надзвычайнай антыпатыі да гэтага чалавека.


XVI

У суседняй камеры пачуліся галасы начальства. Усё заціхла, і ўслед за гэтым увайшоў старшой з двума канвойнымі. Гэта была паверка. Старшой палічыў усіх, паказваючы на кожнага пальцам. Калі дайшла чарга да Нехлюдава, ён з добрадушнай фамільярнасцю сказаў яму:

— Цяпер, князь, ужо нельга аставацца пасля паверкі. Трэба ісці.

Нехлюдаў, ведаючы, што гэта азначае, падышоў да яго і сунуў яму прыгатаваныя тры рублі.

— Ну, што-ж з вамі рабіць! Пасядзіце яшчэ.

Старшой хацеў ісці, калі ўвайшоў другі унтэр-афіцэр і ўслед за ім высокі худы арыштант з падбітым вокам і рэдкай бародкай.

— Я наконт дзяўчынкі, — сказаў арыштант.

— А вось і тата прышоў, — пачуўся раптам звонкі дзіцячы галасок, і белавалосая галоўка паднялася з-за Ранцэвай, якая разам з Мар‘яй Паўлаўнай і Кацюшай шыла дзяўчынцы новую адзежу з ахвяраванай Ранцэвай спадніцы.

— Я, дачушка, я, — ласкава сказаў Бузоўкін.

— Ёй тут добра, — сказала Мар‘я Паўлаўна, з болем углядаючыся ў разбіты твар Бузоўкіна. — Пакіньце яе ў нас.

— Пані мне новую адзежу шыюць, — сказала дзяўчынка, паказваючы бацьку на работу Ранцэвай. — Добрая, чырво-о-ная, — лапатала яна.

— Хочаш у нас начаваць? — сказала Ранцэва, ласкаючы дзяўчынку.

— Хачу. І тату.

Ранцэва асвятлілася сваёй усмешкай.

— Бацю нельга, — сказала яна. — Дык пакіньце яе, — звярнулася яна да бацькі.

— Калі ласка, пакіньце, — сказаў старшой, спыніўшыся ў дзвярах, і вышаў разам з унтэр-афіцэрам.

Як толькі канвойныя вышлі, Набатаў падышоў да Бузоўкіна і, дакранаючыся да яго пляча, сказаў:

— А што, браце, праўда, у вас Карманаў памяняцца хоча?

Добрадушны, ласкавы твар Бузоўкіна раптам зрабіўся сумным, і вочы яго зацягнуліся нейкай плёнкай.

— Мы не чулі. Мабыць, няпраўда, — сказаў ён і, не здымаючы з вачэй сваіх плёнкі, дадаў: — Ну, Аксютка, пануй, відаць, з панямі, — і паспяшыў выйсці.

— Усё вёдае, і праўда, што памяняліся, — сказаў Набатаў. — Што-ж вы зробіце?

— Скажу ў горадзе начальству. Я іх абодвух ведаю ў твар, — сказаў Нехлюдаў.

Усе маўчалі, відавочна, баючыся аднаўлення спрэчак.

Сімансон, які ўвесь час моўчкі, закінуўшы рукі за галаву, ляжаў у кутку на нарах, рашуча ўстаў і, абышоўшы асцярожна тых, што сядзелі, падышоў да Нехлюдава.

— Можаце цяпер выслухаць мяне?

— Зразумела, — сказаў Нехлюдаў, і ўстаў, каб ісці за ім.

Зірнуўшы на Нехлюдава і сустрэўшыся з ім вачыма, Кацюша пачырванела і нібы не зусім разумеючы паківала галавой.

— Справа мая да вас у наступным, — пачаў Сімансон, калі яны разам з Нехлюдавым вышлі ў калідор. У калідоры асабліва чулася гудзенне і выбухі галасоў сярод крымінальных. Нехлюдаў паморшчыўся, але на Сімансона, відаць, не дзейнічала гэта. — Ведаючы вашы дачыненні да Кацярыны Міхайлаўны, — пачаў ён, уважліва і проста сваімі добрымі вачыма гледзячы ў твар Нехлюдава, — лічу сябе абавязаным, — працягваў ён, але павінен быў спыніцца, таму што каля самых дзвярэй два галасы крычалі разам, аб нейчым спрачаючыся:

— Кажуць табе, ідал: не мае! — крычаў адзін голас.

— Падавішся, чорт, — хрыпеў другі.

У гэты час Мар‘я Паўлаўна вышла ў калідор.

— Хіба можна тут гутарыць, — сказала яна: — прайдзіце сюды, там адна Верачка. — І яна ўперад прайшла ў суседнія дзверы маленькай, відавочна, адзіночнай камеры, адведзенай цяпер для палітычных жанчын. На нарах, накрыўшыся з галавой, ляжала Вера Ефрэмаўна.

— У яе мігрэнь, яна спіць і не чуе, а я пайду! — сказала Мар‘я Паўлаўна.

— Наадварот, аставайся, — сказаў Сімансон, — я сакрэтаў ні ад каго не маю, тым больш ад цябе.

— Ну, добра, — сказала Мар‘я Паўлаўна і, па-дзіцячаму рухаючыся ўсім целам з боку ў бок і гэтым рухам глыбей усаджваючыся на нарах, прыгатавалася слухаць, гледзячы некуды ўдалячынь сваімі прыгожымі барановымі вачыма.

— Дык справа мая ў тым, — паўтарыў Сімансон, — што, ведаючы вашы дачыненні да Кацярыны Міхайлаўны, я лічу сябе абавязаным абвясціць вам мае дачыненні да яе.

— А іменна што? — спытаў Нехлюдаў, мімаволі любуючыся той простасцю і праўдзівасцю, з якой Сімансон гаварыў з ім.

— Тое, што я хацеў-бы жаніцца з Кацярынай Міхайлаўнай…

— Дзіўна! — сказала Мар‘я Паўлаўна, спыніўшы вочы на Сімансоне.

— …І парашыў прасіць яе аб гэтым, аб тым, каб быць маёй жонкай, — працягваў Сімансон.

— Што-ж я магу? Гэта залежыць ад яе, — сказаў Нехлюдаў.

— Так, але яна не вырашыць гэта пытанне без вас.

— Чаму?

— Таму што, пакуль пытанне вашых з ёю дачыненняў не вырашана канчаткова, яна не можа нічога абраць.

— З майго боку пытанне вырашана канчаткова. Я жадаў зрабіць тое, што лічу патрэбным, і, апрача таго, аблягчыць яе становішча, але ні ў якім разе не жадаю перашкаджаць ёй.

— Так, але яна не хоча вашай ахвяры.

— Ніякай ахвяры няма.

— І я ведаю, што гэта рашэнне яе беспаваротнае.

— Ну, дык аб чым-жа гаварыць са мной? — сказаў Нехлюдаў.

— Ёй трэба, каб і вы прызналі тое самае.

— Як-жа я магу прызнаць, што я не павінен зрабіць тое, што лічу патрэбным. Адно, што я магу сказаць, гэта тое, што я не свабодны, але яна свабодная.

Сімансон памаўчаў, задумаўшыся.

— Добра, я так і скажу ёй. Вы не думайце, што я закаханы ў яе, — працягваў ён. — Я люблю яе як добрага, рэдкага чалавека, які шмат пацярпеў. Мне ад яе нічога не трэба, але дужа хочацца дапамагчы ёй, аблягчыць яе стано…

Нехлюдаў здзівіўся, пачуўшы дрыжэнне голаса Сімансона.

— …аблягчыць яе становішча, — працягваў Сімансон. — Калі яна не хоча прыняць вашай дапамогі, хай яна прыме маю. Калі-б яна згадзілася, я-б прасіў, каб мяне саслалі ў яе месца зняволення. Чатыры гады — не вечнасць, Я-б пражыў каля яе і, магчыма, аблягчыў-бы яе жыццё… — зноў ён спыніўся ад хвалявання.

— Што-ж я магу сказаць? — сказаў Нехлюдаў. — Я рады, што яна знайшла такога пакравіцеля, як вы…

— Вось гэта мне і трэба было ведаць, — працягваў Сімансон. — Я хацеў ведаць, кахаючы яе, жадаючы ёй дабра, ці знайшлі-б вы добрым для яе шлюб са мною?

— О, так, — рашуча сказаў Нехлюдаў.

— Уся справа ў ёй, мне ж трэба толькі, каб гэта пакутная душа адпачыла, — сказаў Сімансон, пазіраючы на Нехлюдава з такой дзіцячай пяшчотнасцю, якой ніяк нельга было чакаць ад гэтага хмурага на выгляд чалавека.

Сімансон устаў і, узяўшы за руку Нехлюдава, пацягнуўся да яго тварам, сарамяжна ўсміхнуўся і пацалаваў яго.

— Дык я так і скажу ёй, — сказаў ён і вышаў.


XVII

— А, якаво? — сказала Мар‘я Паўлаўна. — Закахаўся, зусім закахаўся. Вось ужо чаго ніколі не чакала-б, каб Владзімір Сімансон закахаўся гэткім самым дурным, хлапецкім каханнем. Дзіўна і, па праўдзе скажу, сумнавата, — дадала яна, уздыхнуўшы.

— Але яна, Каця? Як, вы думаеце, ставіцца яна да гэтага? — спытаў Нехлюдаў.

— Яна? — Мар‘я Паўлаўна спынілася, відавочна жадаючы, як мага больш дакладна адказаць на запытанне. — Яна? — Ці, бачыце, яна, не гледзячы на яе мінулае, па прыродзе адна з самых маральных натур… І так тонка адчувае… Яна кахае вас, хораша кахае, і шчаслівая тым, што можа зрабіць для вас хоць тую адмоўную добрую справу, каб не заблытаць вас сабою. Для яе замужаства з вамі было-б страшэнным падзеннем, горш за ўсё мінулае, і таму яна ніколі не згодзіцца на гэта. А тым часам ваша прысутнасць трывожыць яе.

— Дык што-ж, знікнуць мне? — сказаў Нехлюдаў.

Мар‘я Паўлаўна ўсміхнулася сваёй мілай дзіцячай усмешкай.

— Так, часткова

— Як-жа знікнуць часткова?

— Я схлусіла; але пра яе я хацела вам сказаць, што, напэўна, яна бачыць недарэчнасць яго нейкага захопленага кахання (ён нічога не гаварыў ёй), і яно прыемна ёй і яна баіцца яго. Вы ведаеце, я не кампетэнтная ў гэтых справах, але мне здаецца, што з яго боку самае звычайнае мужчынскае пачуццё, хоць і замаскаванае. Ён гаворыць, што гэта каханне павялічвае ў ім энергію і што гэта каханне — платанічнае. Але-ж я ведаю, што калі гэта выключнае каханне, дык у аснове яго ляжыць немінуча ўсё-такі брыдкасць… Як у Новадворава з Любачкай.

Мар‘я Паўлаўна адышла ўбок ад пытання, разгаварыўшыся на сваю любімую тэму.

— Але што-ж мне рабіць? — запытаў Нехлюдаў.

— Я думаю, што трэба вам сказаць ёй. Заўсёды лепш, каб было ўсё ясным. Пагаварыце з ёю, я паклічу яе. Хочаце? — сказала Мар‘я Паўлаўна.

— Калі ласка, — сказаў Нехлюдаў, і Мар‘я Паўлаўна вышла.

Дзіўнае пачуццё ахапіла Нехлюдава, калі ён астаўся адзін у маленькай камеры, слухаючы ціхае дыханне, якое перарывалася зрэдку стогнамі Веры Ефрэмаўны, і няспынны гул крымінальнікаў, які даходзіў з-за двух дзвярэй.

Тое, што сказаў яму Сімансон, давала яму вызваленне ад узятага на сябе абавязку, які ў мінуты слабасці здаваўся яму цяжкім і страшным, а тым часам яму было нешта, не толькі непрыемна, але і балюча. У пачуцці гэтым было і тое, што прапанова Сімансона скасавала выключнасць яго ўчынку, змяншала ў вачах сваіх і чужых людзей цану ахвяры, якую ён прыносіў: калі чалавек, і такі добры, нічым не звязаны з ёю, жадаў злучыць з ёю свой лёс, дык яго ахвяра ўжо не была гэтакай значнай. Было таксама, магчыма, простае пачуццё рэўнасці: ён так прывык да яе кахання да сябе, што не мог дапусціць, каб яна магла пакахаць іншага. Было тут і разбурэнне раз складзенага плана — жыць пры ёй, пакуль яна будзе адбываць пакаранне. Калі-б яна вышла за Сімансона, прысутнасць яго рабілася непатрэбнай, і яму трэба было складаць новы план жыцця. Ён не паспеў разабрацца ў сваіх адчуваннях, як у адчыненыя дзверы ўварваўся моцны гул крымінальных (у іх сёння было нешта асаблівае), і ў камеру ўвайшла Кацюша.

Яна падышла да яго хуткімі крокамі.

— Мар‘я Паўлаўна паслала мяне, — сказала яна, спыняючыся блізка каля яго.

— Так, мне трэба пагаварыць. Ды сядайце. Владзімір Іванавіч гаварыў са мною.

Яна села, склаўшы рукі на каленях, і здавалася спакойнаю, але як толькі Нехлюдаў вымавіў імя Сімансона, яна барвова пачырванела.

— Што-ж ён вам гаварыў? — запытала яна.

— Ён сказаў мне, што хоча жаніцца з вамі.

Твар яе раптам зморшчыўся, выражаючы пакуту. Яна нічога не сказала і толькі апусціла вочы.

— Ён пытаецца мае згоды ці парады. Я сказаў, што ўсё залежыць ад вас, што вы павінны вырашыць.

— Ах, што гэта? Навошта? — сказала яна і тым дзіўным, касаватым позіркам, які заўсёды асабліва моцна дзейнічаў на Нехлюдава, паглядзела яму ў вочы. Некалькі секунд яны моўчкі глядзелі ў вочы адзін аднаму, і погляд гэты шмат чаго сказаў і таму і другому.

— Вы павінны вырашыць, — паўтарыў Нехлюдаў.

— Што мне вырашаць? — сказала яна. — Усё даўно вырашана.

— Не, вы павінны вырашыць, ці прымаеце вы прапанову Владзіміра Іванавіча? — сказаў Нехлюдаў.

— Якая я жонка — катаржная? Навошта мне пагубіць яшчэ і Владзіміра Іванавіча? — сказала яна, нахмурыўшыся.

— Так, але калі-б вышла памілаванне? — сказаў Нехлюдаў.

— Ах, пакіньце мяне. Больш няма чаго гаварыць, — сказала яна і, устаўшы, вышла з камеры.


XVIII

Калі Нехлюдаў вярнуўся ўслед за Кацюшай у мужчынскую камеру, там усе былі ў хваляванні. Набатаў, які ўсюды хадзіў, з усімі завязваў сувязь, усё назіраў, прынёс вестку, якая ўразіла ўсіх. Вестка была тая, што ён на сцяне знайшоў запіску, напісаную рэволюцыянерам Петліным, засуджаным на катаржныя работы. Усе меркавалі, што Петлін ужо даўно на Кары, і раптам выявілася, што ён толькі нядаўна прайшоў па гэтай самай дарозе адзін з крымінальнымі.

„17-га жніўня, — значылася ў запісцы, — мяне адправілі аднаго з крымінальнымі. Невераў быў са мной і павесіўся ў Казані, у вар‘яцкім доме. Я здаровы і бадзёры і спадзяюся на ўсё добрае“.

Усе абмяркоўвалі становішча Петліна і прычыны самагубства Неверава. Крыльцоў-жа з задумлівым выглядам маўчаў, пазіраючы перад сабою нерухомымі бліскучымі вачыма.

— Мне муж казаў, што Невераў бачыў прывіды яшчэ ў Петрапаўлаўцы, — сказала Ранцэва.

— Так, паэт, фантазёр, такія людзі не вытрымліваюць адзіночкі, — сказаў Новадвораў. — Я, калі трапляў у адзіночку, не дазваляў ваабражэнню працаваць, а самым сістэматычным чынам размяркоўваў свой час. Таму заўсёды і пераносіў добра.

— Чаго не пераносіш? Я дык часта проста радаваўся, калі пасадзяць, — сказаў Набатаў бадзёрым голасам відавочна жадаючы разагнаць пануры настрой. — То ўсяго баішся: і што сам пападзешся, і іншых заблытаеш, і справу папсуеш, а як пасадзяць — канец адказнасці, адпачыць можна. Сядзі сабе ды пакурывай.

— Ты яго добра ведаў? — запытала Мар‘я Паўлаўна, непакойліва пазіраючы на твар Крыльцова, які раптам змяніўся і асунуўся.

— Невераў фантазёр? — загаварыў раптам Крыльцоў, задыхаючыся, як быццам ён доўга крычаў ці спяваў. — Невераў — гэта быў такі чалавек, якіх, як наш швейцар гаварыў, мала зямля родзіць… Так… гэта быў увесь крыштальны чалавек, усяго наскрозь відаць. Так… Ён не тое, што схлусіць — не мог прыкідацца. Не тое, што тонкаскуры, ён як быццам увесь быў абадраны і ўсе нервы звонку. Так… складаная, багатая натура, не такая… Ну, ды што казаць!.. — Ён памаўчаў. — Мы спрачаемся, што лепей, — злосна хмурачыся, сказаў ён, — перш адукаваць народ, а потым змяніць формы жыцця, ці перш змяніць формы жыцця і потым — як змагацца: мірнай прапагандай, тэрорам? Спрачаемся, так. А яны не спрачаюцца, яны ведаюць сваю справу, для іх зусім усёроўна, загінуць ці не загінуць дзесяткі-сотні людзей, ды якіх людзей! Наадварот, ім іменна трэба, каб загінулі лепшыя. Так, Герцэн казаў, што, калі дзекабрыстаў вынялі з абароту, панізілі агульны ўзровень. Яшчэ-б не панізілі! Потым вынялі з абароту самога Герцэна і яго таварышоў. Цяпер Неверавых…

— Усіх не знішчаць, — сваім бадзёрым голасам сказаў Набатаў. — Усё-ж на завод астануцца.

— Не, не астануцца, калі мы будзем шкадаваць іх, — павышаючы голас і не даючы перабіць сябе, сказаў Крыльцоў. — Дай мне папяроску.

— Ды нядобра табе, Анатолій, — сказала Мар‘я Паўлаўна, — калі ласка, не куры.

— Ах, пакінь, — сярдзіта сказаў ён і закурыў, але адразу-ж закашляўся; яму зрабілася нібы моташна. Адпляваўшыся, ён працягваў: — Не тое мы робім, не, не тое. Не разважаць, а ўсім з‘яднацца… і знішчаць іх. Так.

— Але-ж яны таксама людзі, — сказаў Нехлюдаў.

— Не, гэта не людзі, — тыя, якія могуць рабіць тое, што яны робяць... Не, вось, гавораць, бомбы выдумалі і балоны. Так, падняцца на балоне і пасыпаць іх, як клапоў, бомбамі, пакуль звядуцца... Так. Таму што... — пачаў ён было, але, увесь чырвоны, раптам яшчэ мацней закашляўся, і кроў хлынула з яго рота.

Набатаў пабег па снег. Мар‘я Паўлаўна дастала валер‘янку і прапанавала яму, але ён, заплюшчыўшы вочы, адпіхваў яе белай схудалай рукой і цяжка і часта дыхаў. Калі снег і халодная вада крыху заспакоілі яго, і яго паклалі спаць, Нехлюдаў развітаўся з усімі і разам з унтэр-афіцэрам, які прышоў па яго і ўжо даўно чакаў яго, — пайшоў да выхаду.

Крымінальныя цяпер заціхлі і большасць спала. Не гледзячы на тое, што людзі ў камерах ляжалі і на нарах, і пад нарамі, і ў праходах, яны ўсё-ж такі не маглі змясціцца, і частка іх ляжала на падлозе, у калідоры, паклаўшы галовы на мяшкі і накрываючыся сырымі халатамі.

З дзвярэй камер і ў калідоры чуліся храп, стогны і сонная гаворка. Усюды віднеліся густыя кучкі чалавечых постацей, накрытых халатамі. Не спалі толькі ў халастой крымінальнай некалькі чалавек, што сядзелі ў кутку каля агарка, які яны пагасілі, убачыўшы салдата, і яшчэ ў калідоры, пад лямпай, стары; ён сядзеў голы і абіраў вошы з кашулі. Заразнае паветра памяшкання палітычных здавалася чыстым у параўнанні са смярдзючай духатою, якая была тут.

Лямпа дыміла, здавалася віднелася нібы скрозь туман, і дыхаць было цяжка. Для таго, каб прайсці па калідоры, не наступіўшы, або не зачапіўшы нагой каго-небудзь з тых, хто спаў, трэба было выглядаць наперад пустое мёсца і, паставіўшы на яго нагу, адшукваць месца для наступнага крока. Тры чалавекі, якія, відаць не знайшлі месца і ў калідоры, леглі ў прадпакоі, пад самай смярдзючай кадкай-парашай, якая цякла з усіх бакоў. Адзін з гэтых людзей быў дурны дзядок, якога Нехлюдаў часта бачыў на пераходах. Другі быў хлопчык гадоў дзесяці; ён ляжаў паміж двума арыштантамі і, падклаўшы руку пад шчаку, спаў на назе аднаго з іх.

Вышаўшы з брамы, Нехлюдаў спыніўся і, на ўсе лёгкія расцягваючы грудзі, доўга і моцна ўдыхаў марознае паветра.


XIX

На дварэ высыпалі зоры. Вярнуўшыся па закаванай гразі, якая толькі яшчэ дзе-ні-дзе прасоўвалася, на свой заезджы двор, Нехлюдаў пастукаў у цёмнае акно, і плячысты басаногі парабак адчыніў яму дзверы і ўпусціў у сенцы. З сенцаў направа чуцен быў гучны храп возчыкаў у чорнай хаце; наперадзе за дзвярамі, на дварэ, чутна было жаванне аўса вялікай колькасцю коней. Налева вялі дзверы ў чысты пакой. У чыстым пакоі пахла палыном і потам, і чуўся з-за пераборкі роўнамерны з прыхлёбваннем храп нечых магутных лёгкіх, і гарэла ў чырвоным шкле лампадка перад абразамі. Нехлюдаў раздзеўся, паслаў на цыратавую канапу плед, сваю скураную падушку і лёг, перабіраючы ў сваіх думках усё, што ён бачыў і чуў за сёнешні дзень. З усяго таго, што бачыў сёння Нехлюдаў, самым жудасным здаўся яму хлопчык, які спаў на жыжцы, што выцякала з парашы, паклаўшы галаву на нагу арыштанта.

Не гледзячы на нечаканасць і значнасць размовы сёння ўвечары з Сімансонам і Кацюшай, ён не спыняўся на гэтай падзеі: дачыненні яго да гэтага былі занадта складанымі і разам з тым не вызначанымі, і таму ён адганяў ад сябе думку аб гэтым. Але тым больш яскрава ўспамінаў ён гэтых няшчасных, якія задыхаліся ў задушлівым паветры і валяліся на вадкасці, што выцякала са смярдзючай кадкі, і асабліва гэтага хлопчыка з нявінным тварам, што спаў на назе катаржнага, які не выходзіў з яго галавы.

Ведаць, што недзе далёка адны людзі мучаць другіх, падвяргаючы іх рознага роду разбэшчванню, нечалавечым здзекам і пакутам, ці на працягу трох месяцаў бачыць бесперапынна гэтае разбэшчванне і мучыцельства адных людзей другімі — гэта зусім іншае. І Нехлюдаў перажываў гэта. Ён не раз на працягу гэтых трох месяцаў пытаўся сам у сябе: „ці я вар‘ят, што бачу тое, чаго іншыя не бачаць, ці вар‘яты тыя, якія робяць тое, што я бачу?“ Але людзі (і іх было гэтак многа) рабілі тое, што яго так здзіўляла і даводзіла да жаху, з такой спакойнай упэўненасцю ў тым, што гэта не толькі так трэба, але тое, што яны робяць, ёсць вельмі значная і карысная справа, — што цяжка было прызнаць усіх гэтых людзей за вар‘ятаў; сябе-ж за вар‘ята ён не мог прызнаць, бо ўсведамляў яснасць сваёй думкі. І таму заўсёды быў у недаўменні.

Тое, што на працягу гэтых трох месяцаў бачыў Нехлюдаў, уяўлялася яму ў наступным выглядзе: з усіх людзей, якія жывуць на волі, з дапамогай суда і адміністрацыі адбіраліся самыя нервовыя, гарачыя, чуллівыя, здольныя і моцныя і менш за іншых хітрыя і асцярожныя людзі, і людзі гэтыя, ніяк не больш вінаватыя ці небяспечныя для грамадства, як тыя, якія аставаліся на волі, па-першае, замыкаліся ў турмы, этапы, катаргі, дзе і трымаліся месяцамі і гадамі ў поўнай бяздзейнасці, матэрыяльнай забяспечанасці і адарваныя ад прыроды, сям‘і, працы, г. зн. па-за ўсякімі ўмовамі прыроднага і маральнага жыцця чалавека. Гэта, па-першае. Па-другое, людзі гэтыя ў гэтых установах цярпелі ўсякія непатрэбныя здзекі — ланцугі, паголеныя галовы, ганебную вопратку, г. зн. пазбаўляліся галоўнай асновы добрага жыцця слабых людзей — клопатаў пра людзскую думку, сораму, усведамлення чалавечай годнасці. Па-трэцяе, жывучы заўсёды пад пагрозай смерці, — не кажучы ўжо аб выключных выпадках сонечных удараў, утаплення, пажараў, — ад заўсёдашніх у месцах зняволення заразных хвароб, знесілення, біцця, — людзі гэтыя заўсёды знаходзіліся ў тым становішчы, у якім самы добры, маральны чалавек, з пачуцця самазахавання, робіць і даруе іншым самыя жудасныя па жорсткасці ўчынкі. Па-чацвертае, людзі гэтыя гвалтоўна злучаліся з выключна разбэшчанымі жыццём (і, асабліва, гэтымі-ж установамі) распуснікамі, забойцамі і зладзеямі, якія дзейнічалі, як рашчына на цеста, на ўсіх яшчэ не зусім разбэшчаных ужытымі сродкамі людзей. І, па-пятае, нарэшце, усім людзям, якія цярпелі гэтыя ўздзейнічанні, настаўлялася самымі пераканаўчымі спосабамі, а іменна: праз усякія нечалавечыя ўчынкі над імі самімі, праз катаванні дзяцей, жанчын, старых, біццё, лупцаванне бізунамі, розгамі, выдаванне прэмій тым, хто прадставіць жывым ці мёртвым уцекача-беглага, разлучэнне мужоў з жонкамі і злучэнне для сумеснага жыцця чужых жонак з чужымі мужчынамі, расстрэльванне, вешанне, — настаўлялася самым пераканаўчым спосабам, што ўсякія гвалтаванні, жорсткасць, зверствы не толькі не забараняюцца, але дазваляюцца ўрадам, калі гэта для яго выгадна, і таму тым больш дазволена тым, якія знаходзяцца ў няволі, нястачы і гараваннях.

Усё гэта былі, як быццам знарок выдуманыя ўстановы для вырабу згушчаных да апошняй ступені гэткай распусты і заган, якіх нельга было дасягнуць ні пры якіх іншых умовах, з тым каб потым распаўсюдзіць у самых шырокіх памерах гэтыя згушчаныя заганы і распусту сярод усяго народу. „Як быццам была задана задача, як найлепшым, найбольш пэўным спосабам разбэсціць як мага больш людзей“, — думаў Нехлюдаў, асэнсоўваючы тое, што рабілася ў турмах і этапах. Сотні тысяч людзей штогод даводзіліся да вышэйшай ступені разбэшчвання, і, калі яны былі зусім разбэшчаны, іх выпускалі на волю для таго, каб яны разносілі ўспрынятае імі ў турмах разбэшчванне і распусту сярод усяго народу.

У турмах — Тюменскай, Екацерынбургскай, Томскай і на этапах Нехлюдаў бачыў, як гэтая мэта, якую, здавалася, паставіла сабе грамадства, паспяхова дасягалася. Людзі простыя, звычайныя, з патрабаваннямі рускай грамадскай, сялянскай, хрысціянскай маральнасці, пакідалі гэтыя разуменні і ўспрыймалі новыя, турэмныя, якія складаліся, галоўным чынам, з таго, што ўсякі здзек, гвалт над чалавечай асобай, усякае знішчэнне яе дазволена, калі яно выгадна. Людзі, якія пажылі ў турме, усёй істотай сваёй даведваліся, што, мяркуючы па тым, што робіцца над імі, усе тыя маральныя законы пашаны і спагады да чалавека, якія прапаведваюцца і царкоўнымі і маральнымі настаўнікамі, у сапраўднасці скасаваны, і што таму і ім не трэба прытрымлівацца іх. Нехлюдаў бачыў гэта на ўсіх знаёмых яму арыштантах: на Фёдараве, на Макары і нават на Тарасе, які, правёўшы два месяцы на этапах, здзівіў Нехлюдава безмаральнасцю сваіх разважанняў. У дарозе Нехлюдаў даведаўся, як валацугі, ўцякаючы ў тайгу, падгаварваюць з сабой таварышоў і потым, забіваючы іх, харчуюцца іхнім мясам. Ён бачыў жывога чалавека, якога абвінавачвалі і які прызнаўся ў гэтым. І самае жудаснае было тое, што выпадкі людаедства былі не адзіночнымі, а ўвесь час паўтараліся.

Толькі пры асаблівым культываванні заган, як яно робіцца ў гэтых установах, можна было давесці рускага чалавека да таго становішча, да якога ён быў даведзены ў валацугах, што папярэдзілі найноўшае вучэнне Ніцшэ і лічылі ўсё магчымым і нічога не забароненым і распаўсюджвалі гэта вучэнне спачатку сярод арыштантаў, а потым сярод усяго народу.

Адзінае тлумачэнне ўсяго, што адбывалася, было касаванне, застрашэнне, выпраўленне і законамернае пакаранне, як гэта пісалі ў кнігах. Але ў сапраўднасці не было нічога падобнага ні на тое, ні на другое, ні на трэцяе, ні на чацвертае. Замест касавання было толькі распаўсюджванне злачынстваў. Замест застрашэння было патуранне злачынцам, з якіх шмат хто, як валацугі, добраахвотна ішлі ў турмы. Замест выпраўлення было сістэматычнае заражэнне ўсімі заганамі. Патрэба-ж „возмездия“ не толькі не змякчалася ўрадавымі пакараннямі, але выхоўвалася ў народзе, дзе яе і не было.

„Дык навошта-ж яны робяць гэта?“ — пытаў сябе Нехлюдаў і не знаходзіў адказу.

І што больш за ўсё здзіўляла яго, гэта было тое, што ўсё рабілася не мімаволі, не выпадкова, не адзін раз, а што ўсё гэта рабілася стала, на працягу сотні гадоў, з той толькі розніцай, што, даўней гэта былі з вырыванымі насамі і рэзанымі вушамі, потым кляймёныя, на прутах, а цяпер у наручнях і вялі іх параю, а не везлі на калёсах.

Разважанні пра тое, што абурала яго, вынікалі, як яму гаварылі служачыя, з недасканаласці абсталявання месц зняволення і ссылкі, і што гэта ўсё можна паправіць, пабудаваўшы новага фасону турмы, — не здавальнялі Нехлюдава, таму што ён адчуваў, што тое, што абурала яго, вынікала не ад больш ці менш дасканалага абсталявання месцаў зняволення. Ён чытаў пра ўдасканаленыя турмы з электрычнымі званкамі, пра пакаранні электрычнасцю, рэкамендаваныя Тардам, і ўдасканалены гвалт яшчэ больш абураў яго.

Абурала Нехлюдава, галоўнае, тое, што ў судах і міністэрствах сядзелі людзі, якія атрымлівалі вялікія, сабраныя з народу грошы за тое, што яны, спраўляючыся ў кніжках, напісаных такімі самымі чыноўнікамі, з тымі самымі матывамі, падганялі ўчынкі людзей, якія парушалі напісаныя імі законы, пад артыкулы, і па гэтых артыкулах адпраўлялі людзей некуды ў гэткае месца, дзе яны ўжо не бачылі іх, і дзе гэтыя людзі пад поўнай уладаю жорсткіх, агрубелых сматрыцеляў, надзірацеляў, канвойных, мільёнамі гінулі душой і целам.

Пазнаёміўшыся бліжэй з турмамі і этапамі, Нехлюдаў пабачыў, што ўсе тыя заганы, якія развіваюцца сярод арыштантаў: п‘янства, гульні, жорсткасць і ўсе тыя страшэнныя злачынствы, якія робяць астрожнікі, і самае людаедства, — не з‘яўляюцца выпадковасцямі ці з‘явамі выраджэння злачыннага тыпу, калецтва, як гэта, на руку ўрадам, тлумачаць дурныя вучоныя, а ёсць немінучы вынік незразумелага памылковага пераканання ў тым, што людзі могуць караць іншых. Нехлюдаў бачыў, што людаедства пачынаецца не ў тайзе, а ў міністэрствах, камітэтах і дэпартаментах і канчаецца толькі ў тайзе; што яго швагру, напрыклад, ды і ўсім тым судовым службоўцам і чыноўнікам, пачынаючы ад прыстава да міністра, не было ніякай справы да справядлівасці ці добрабыту народу, пра якія яны гаварылі, а што ўсім патрэбны былі толькі тыя рублі, якія ім плацілі за тое, каб яны рабілі ўсё тое, з чаго вынікае гэта разбэшчванне і пакуты. Гэта было зусім відавочна.

„Дык няўжо-ж і гэта ўсё рабілася толькі з непаразумення? Як-бы зрабіць так, каб забяспечыць усім гэтым чыноўнікам іхняе існаваяне і нават даваць ім прэмію за тое, каб яны толькі не рабілі ўсяго таго, што яны робяць?“ — думаў Нехлюдаў. І па гэтых думках ужо пасля другіх пеўняў, не зважаючы на блох, якія, як толькі ён варушыўся, як фантан, пырскалі вакол яго, — ён заснуў моцным сном.


XX

Калі Нехлюдаў прачнуўся, возчыкі ўжо даўно паехалі, гаспадыня напілася чаю, і, выціраючы хусткаю потную тоўстую шыю, прышла сказаць, што этапны салдат прынёс запіску. Запіска была ад Мар‘і Паўлаўны. Яна пісала, што прыпадак Крыльцова больш сур‘ёзны, чым яны думалі. „Мы адзін час хацелі пакінуць яго і астацца з ім, але гэтага не дазволілі, і мы павязем яго, але ўсяго баімся. Пастарайцеся ў горадзе зрабіць так, каб, калі яго пакінуць, пакінулі-б каго-небудзь з нас. Калі для гэтага трэба, каб я вышла за яго замуж, дык я, разумеецца, гатова“.

Нехлюдаў паслаў хлопца на станцыю па коней і спехам пачаў укладацца. Ён яшчэ не дапіў другой шклянкі, як перакладная тройка, звонячы бубянцамі і грукаючы коламі па мёрзлай гразі, як па бруку, пад‘ехала да ганку. Расплціўшыся з тоўсташыяю гаспадыняй, Нехлюдаў паспяшыў выйсці і, усеўшыся на пераплёт калёсаў, загадаў ехаць як мага хутчэй, жадаючы дагнаць партыю. Недалёка за варотамі агарожы для быдла ён сапраўды дагнаў калёсы, нагружаныя мяшкамі і хворымі, якія грукацелі па мёрзлай дарозе, што пачынала ўжо накатвацца (афіцэра не было, ён паехаў уперад).

Салдаты, відаць выпіўшы, весела балбочучы, ішлі ззаду і па баках дарогі. Калёсаў было многа. У пярэдніх цесна сядзела чалавек па шасці слабых крымінальных, на задніх трох ехалі — па тры на падводзе — палітычныя. На самай задняй сядзелі Новадвораў, Грабец і Кандрац‘еў, на другой — Ранцэва, Набатаў і тая слабая жанчына з раматусам, якой Мар‘я Паўлаўна пераступіла сваё месца. На трэцяй, на сене і падушках, ляжаў Крыльцоў. На козлах сядзела Мар‘я Паўлаўна. Нехлюдаў спыніў возчыка каля Крыльцова і пайшоў да яго. П‘янаваты канвойны замахаў рукой на Нехлюдава, але Нехлюдаў, не звяртаючы на яго ўвагі, падышоў да калёсаў і, трымаючыся за іх, пайшоў побач. Крыльцоў у кажуху і мярлушкавай шапцы, з завязаным хусткай ротам, здаваўся яшчэ худзейшым і бляднейшым. Прыгожыя вочы яго здаваліся асабліва вялікімі і бліскучымі. Слаба ківаючыся ад дарожнай трасаніны, ён, не спускаючы вачэй, глядзеў на Нехлюдава і на пытанне аб здароўі толькі заплюшчыў вочы і сярдзіта заківаў галавою. Уся энергія яго, відавочна, ішла на перамаганне дарожнай трасаніны. Мар‘я Паўлаўна сядзела на другім баку калёсаў. Яна пераглянулася з Нехлюдавым значным позіркам, які выказваў усю заклапочанасць становішчам Крыльцова, і потым зараз-жа загаварыла вясёлым голасам:

— Відаць, засароміўся афіцэр, — закрычала яна, каб Нехлюдаў мог яе пачуць з-за грукату колаў. — З Бузоўкіна знялі наручнікі. Ён сам нясе дзяўчынку, а з ім ідзе Каця і Сімансон і замест мяне Верачка.

Крыльцоў, нешта, чаго нельга было пачуць, паказваючы на Мар‘ю Паўлаўну, і, нахмурыўшыся, відавочна, стрымліваючы кашаль, заківаў галавою. Нехлюдаў прыблізіў галаву, каб пачуць. Тады Крыльцоў вызваліў рот ад хусткі і прашаптаў:

— Цяпер куды лепш. Толькі-б не застудзіцца.

Нехлюдаў кіўнуў сцвярджальна галавою і пераглянуўся з Мар‘яй Паўлаўнай.

— Ну, што праблема трох цел? — прашаптаў яшчэ Крыльцоў і трудна, цяжка ўсміхнуўся. — Мудраная развязка?

Нехлюдаў не зразумеў, але Мар‘я Паўлаўна растлумачыла яму, што гэта славутая матэматычная праблема азначэння адносін трох цел: сонца, месяца і зямлі, і што Крыльцоў жартуючы прыдумаў гэтае параўнанне з дачыненнямі Нехлюдава, Кацюшы і Сімансона. Крыльцоў кіўнуў галавою ў знак таго, што Мар‘я Паўлаўна правільна растлумачыла яго жарт.

— Не за мною развязка, — сказаў Нехлюдаў.

— Атрымалі маю запіску, зробіце? — запытала Мар‘я Паўлаўна.

— Абавязкова, — сказаў Нехлюдаў і, заўважыўшы незадавальненне на твары Крыльцова, адышоў да сваёй павозкі, узлез на свой правіслы пераплёт і, трымаючыся за краі калёсаў, трасучыся на выбоінах ненакатанай дарогі, пачаў абганяць расцягнутую на вярсту партыю шэрых халатаў і кажухоў калоднікаў і парных у наручніках. На процілеглым баку дарогі Нехлюдаў пазнаў сінюю хустку Кацюшы, чорнае паліто Веры Ефрэмаўны, куртку і вязаную шапку і белыя шарсцяныя панчохі, абвязаныя накшталт сандаляў раменнямі, Сімансона. Ён ішоў побач з жанчынамі і нешта горача гаварыў.

Убачыўшы Нехлюдава, жанчыны пакланіліся яму, а Сімансон урачыста прыпадняў шапку. Нехлюдаў не меў нічога сказаць і, не спыніўшы возчыка, абагнаў іх. Выехаўшы зноў на накатаную дарогу, возчык паехаў яшчэ хутчэй, але бесперапынна мусіў з‘язджаць з накатанага, каб аб‘язджаць абозы, якія цягнуліся па дарозе ў абодва бакі.

Дарога, уся парэзаная глыбокімі каляінамі, ішла цёмным хваёвым лесам, з пярэстай яркай і пясочнай жаўцізною яшчэ не апалых лістоў бярозы і лісцвеніцы абапал. На палавіне перагону лес скончыўся, і з бакоў адкрыліся палі, паказаліся залатыя крыжы і купалы манастыра. Дзень зусім разгуляўся, хмары разышліся, сонца паднялося над лесам, і мокрае лісце, і лужыны, і купалы, і крыжы царквы ярка блішчэлі на сонцы. Уперадзе направа, у шызай далі, забялелі высокія горы. Тройка ўехала ў падгародняе вялікае сяло. Вуліца сяла была поўная народу: і рускімі і інародцамі ў сваіх дзіўных шапках і халатах. П‘яныя і цвярозыя мужчыны і жанчыны капашыліся і галдзелі каля крам, тракціраў, шынкоў і вазоў. Адчувалася блізкасць горада.

Падхляснуўшы і падцягнуўшы правую прысцяжную і перасеўшы на козлах бачком так, каб лейцы прыходзіліся направа, возчык, відавочна, надаючы форсу, пракаціў па вялікай вуліцы і, не стрымліваючы ходу, пад‘ехаў да ракі, праз якую пераезд быў на пароме. Паром быў на сярэдзіне быстрай ракі і ішоў з таго боку. На гэтым баку дзесяткі два вазоў чакалі. Нехлюдаву давялося чакаць нядоўга. Забраўшыся высока ўверх супроць плыні, паром, паднесены хуткай вадой, скора падагнаўся да дошак прыстані.

Высокія, плячыстыя, мускулістыя і маўклівыя перавозчыкі, у кажухах і броднях[3], спрытна, прывычна закінулі канаты, закруцілі іх за слупы і, адпусціўшы запоры, выпусцілі вазы, якія стаялі на пароме, на бераг і пачалі грузіць вазы, цесна застаўляючы паром павозкамі і коньмі, якія шарахаліся ад вады. Быстрая, шырокая рака хлястала ў барты лодак парома, нацягваючы канаты. Калі паром напоўніўся, і нехлюдаўскія калёсы з адпрэжанымі коньмі, сціснутыя з усіх бакоў вазамі, стаялі каля аднаго краю, перавозчыкі заклалі запоры, не звяртаючы ўвагі на просьбы тых, хто не змясціўся, адпусцілі капоты і рушылі. На пароме было ціха, толькі чуліся тупат ног перавозчыкаў і грук аб дошкі капытоў коней, якія перастаўлялі ногі.


XXI

Нехлюдаў стаяў на краі парома, гледзячы на шырокую быструю раку. У ваабражэнні яго, змяняючыся, паўставалі два вобразы: галава паміраючага ў азлабленні Крыльцова, якая ўздрыгвала ад штуршкоў, і постаць Кацюшы, што бадзёра ішла з краю дарогі з Сімансонам. Адно ўражанне — паміраючага і абыякавага да смерці Крыльцова — было цяжкае і сумнае. Другое-ж уражанне — бадзёрай Кацюшы, якая знайшла любоў такога чалавека, як Сімансон, і стала цяпер на цвёрды шлях дабра — павінна было-б быць радасным, але для Нехлюдава яно было таксама цяжкім, і ён не мог перамагчы гэтага цяжару.

З горада данёсся па вадзе гул і мядзянае дрыжэнне вялікага ахотніцкага[4] звону. Возчык, што стаяў каля Нехлюдава, і ўсе падводчыкі адзін за адным паздымалі шапкі і перахрысціліся. А невысокі калматы дзед, што бліжэй да ўсіх стаяў каля парэнчаў, якога Нехлюдаў спачатку не заўважыў, не перахрысціўся, а, падняўшы галаву, утаропіўся на Нехлюдава. Дзед гэты быў апрануты ў залатаны азям, суконныя нагавіцы і разношаныя бродні. За плячыма была невялікая торба, на галаве высокая пацёртая футровая шапка.

— Ты што-ж, стары, не молішся? — сказаў нехлюдаўскі возчык, надзеўшы і паправіўшы шапку. — Хіба нехрышчоны?

— Каму маліцца? — рашуча, напорліва і хутка вымаўляючы склад за складам, сказаў калматы дзед.

— Вядома каму, богу, — іранічна сказаў возчык.

— А ты пакажы мне дзе ён? бог?

Нешта было такое сур‘ёзнае і цвёрдае ў словах дзеда, што возчык, адчуўшы, што ён мае справу з моцным чалавекам, крыху збянтэжыўся, але не паказваў гэтага і, стараючыся не замаўчаць і не набрацца сораму перад публікай, якая прыслухоўвалася, быстра адказаў:

— Дзе? Вядома — на небе.

— А ты быў там?

— Быў — не быў, а ўсе ведаюць, што богу маліцца трэба.

— Бога ніхто-ж не бачыў нідзе-ж. Адзіны сын, сушчы ў недры отчым, ён явіў, — сурова хмурачыся, той-жа скорагаворкай сказаў дзед.

— Ты, відаць, нехрысць, дзірнік. Дзірцы молішся, — сказаў возчык, засоўваючы пугаў‘ё за пояс і папраўляючы шляю на прысцяжной.

Нехта засмяяўся.

— А ты якой, дзядуля, веры? — спытаў немалады ўжо чалавек, што стаяў з возам на краі парома.

— Ніякай веры ў мяне няма. Таму нікому я, нікому не веру, акрамя сябе, — таксама хутка і рашуча адказаў дзед.

— Ды як-жа сабе верыць? — сказаў Нехлюдаў, уступаючы ў размову. — Можна памыліцца.

— Ніколі, — трасануўшы галавой, рашуча адказаў дзед.

— Дык чаму-ж розныя веры ёсць? — спытаў Нехлюдаў.

— Таму і розныя веры, што людзям вераць, а сабе не вераць. І я людзям верыў і блукаў, як у тайзе; гэтак заблудзіў, што не спадзяваўся выбрацца. І стараверы, і новаверы, і суботнікі, і хлысты, і папоўцы, і беспапоўцы, і аўстрыякі, і малакане, і скапцы. Кожная вера сябе адна хваліць. Вось усе і распаўзліся, як куцяты[5] сляпыя. Вераў многа, а дух адзін. І ў цябе, і ва мне, і ў ім. Значыць, вер усякі свайму духу, і вось будуць усе злучаны. Будзь кожны сам сабе, і ўсе будуць з‘яднаны.

Дзед гаварыў гучна і ўсё азіраўся, відавочна жадаючы, каб як мага больш людзей чулі яго.

— Што-ж, вы даўно гэтак верыце? — спытаў яго Нехлюдаў.

— Я? Даўно ўжо. Ужо яны мяне дваццаць трэці год гоняць.

— Як гоняць?

— Як хрыста гналі, гэтак і мяне гоняць. Хапаюць ды па судах, па папах — па кніжніках, па фарысеях і водзяць; у вар‘яцкі дом саджалі. Але мне нічога зрабіць нельга, бо я вольны. „Як, — кажуць, — цябе завуць?“ Думаюць, я званне якое вазьму на сябе. Але я не бяру ніякага. Я ўсяго выракся: няма ў мяне ні імя, ні месца, ні бацькаўшчыны, — нічога няма. Я сам сабе. Завуць як? Чалавекам. „А гадоў колькі?“ — Я кажу, не лічу, ды і палічыць нельга, таму што я заўсёды быў, заўсёды і буду. — „Хто твае, — кажуць, — бацька, матка?“ — Няма, кажу, у мяне ні бацькі, ні маткі, акрамя бога і зямлі. Бог — бацька, зямля — маці. — „А цара, — кажуць, — прызнаеш?“ — Чаму-ж не прызнаваць? Ён сабе цар, а я сабе цар. — „Ну, — кажуць, — з табой гутарыць“. — Я кажу: я і не прашу цябе са мной гутарыць. Так і мучаць.

— А куды-ж вы ідзеце цяпер? — спытаў Нехлюдаў.

— А куды бог прывядзе. Працую, а няма работы — прашу, — скончыў дзед, заўважыўшы, што паром падыходзіць да таго берагу, і пераможна аглянуўся на ўсіх сваіх слухачоў.

Паром прыстаў да другога берагу. Нехлюдаў дастаў кашалёк і прапанаваў дзеду грошай. Дзед адмовіўся.

— Я гэтага не бяру. Хлеб бяру, — сказаў ён.

— Ну, „прощай“.

— Няма чаго „прощать“. Ты мяне не пакрыўдзіў. Ды і пакрыўдзіць мяне нельга, — сказаў дзед і пачаў на плячо надзяваць знятую торбу. Тым часам перакладныя калёсы выкацілі і запрэглі коней.

— І ахвота вам, пане, разгаварваць, — сказаў возчык Нехлюдаву, калі ён, даўшы на чай магутным паромшчыкам, узлез на калёсы. — Так, валацужка недарэчны.


XXII

Выехаўшы ў горку, возчык абярнуўся.

— У якую гасцініцу везці?

— Якая лепш?

— Няма лепшай, як „Сібірская“. А то ў Дзюкава добра.

— Куды хочаш.

Возчык зноў сеў бачком і падагнаў коней. Горад быў, як і ўсе гарады: такія самыя дамы з мезанінамі і зялёнымі дахамі, такі самы сабор, крамы і на галоўнай вуліцы магазіны і нават такія самыя гарадавыя. Толькі дамы былі амаль усе драўляныя і вуліцы не брукаваныя. На адной з самых ажыўленых вуліц возчык спыніў тройку каля пад‘езду гасцініцы. Але ў гасцініцы не знайшлося незанятых нумароў, так што трэба было ехаць у другую. У гэтай другой быў незаняты нумар, і Нехлюдаў упершыню пасля двух месяцаў апынуўся зноў у прывычных умовах адноснай чыстаты і ўтульнасці. Як ні мала было раскошы ў нумары, які адвялі для Нехлюдава, ён адчуў вялікую палёгку пасля перакладной, заезджых двароў і этапаў. Галоўнае, яму трэба было ачысціцца ад вошай, ад якіх ён ніколі не мог зусім збавіцца пасля наведвання этапаў. Расклаўшыся, ён адразу-ж паехаў у лазню, а адтуль, прыбраўшыся па-гарадскому — надзеўшы накрухмаленую кашулю і са складкамі ад доўгага ляжання панталоны, сурдут і паліто, — да начальніка края. Прыведзены швейцарам гасцініцы рамізнік на гладкай буйнай кіргізцы, запрэжанай у бразгатлівую таратайку, падвёз Нехлюдава да вялікага прыгожага будынка, каля якога стаялі вартавыя і гарадавы. Перад домам і за домам быў сад, сярод апалых асін і бяроз, якія тырчэлі голымі галінамі, густа і цёмна зелянелі ёлкі, сосны і піхты.

Генералу нядужылася, і ён не прымаў. Нехлюдаў усё-ж папрасіў лёкая перадаць сваю картачку, лёкай вярнуўся з добрым адказам:

— Загадалі прасіць.

Пярэдняя, лёкай, веставы, сходні, зала з гланцавіта нацёртым паркетам — усё гэта было падобна на Пецербург, толькі было больш бруду і больш велічы. Нехлюдава ўвялі ў габінет.

Генерал, адуты, з бульбяным носам і выпятымі гузамі на ілбе і голым чэрапе і мяшкамі пад вачыма, сангвінічны чалавек, сядзеў у татарскім шаўковым халаце і з папяроскаю ў руках піў чай з шклянкі ў срэбраным падстаканніку.

— Добры дзень, бацюхна! Прабачце, што я ў халаце прымаю: усё-ж лепей, як зусім не прыняць, — сказаў ён, захінаючы халатам сваю тоўстую, складкамі паморшчаную ззаду шыю. — Я не зусім здаровы і не выходжу. Як гэта вас занясло ў наша трыдзевятае царства?

— Я праваджаў партыю арыштантаў, у якой ёсць асоба мне блізкая, — сказаў Нехлюдаў, — і вось прыехаў прасіць ваша прэвасхадзіцельства часткова аб гэтай асобе і яшчэ аб адной акалічнасці.

Генерал зацягнуўся, адпіў чаю, загасіў папяроску аб малахітавую попельніцу і, не спускаючы вузкіх, бліскучых вачэй, якія заплылі тлустасцю, з Нехлюдава, сур‘ёзна слухаў. Ён перабіў яго толькі для таго, каб спытаць, ці не хоча ён курыць.

Генерал належаў да тыпу вучоных ваенных, якія лічылі магчымым прымірэнне ліберальнасці і гуманнасці з сваёй прафесіяй. Але, як чалавек ад прыроды разумны і добры, ён вельмі скора адчуў немагчымасць такога прымірэння і, каб не бачыць той унутранай супярэчнасці, у якой ён увесь час знаходзіўся, усё больш і больш аддаваўся гэтак пашыранай сярод ваенных прывычцы піць многа віна і так прызвычаіўся, што пасля трыццаціпяцігадовай ваеннай службы зрабіўся тым, што дактары называюць алкаголікам. Ён быў увесь прасякнуты віном. Яму дастаткова выпіць якой-небудзь вадкасці, каб адчуваць ап‘яненне. Піць-жа віно было для яго такой патрэбай, без якой ён не мог жыць, і кожны дзень пад вечар ён бываў зусім п‘яны, хаця гэтак прызвычаіўся да гэтага становішча, што не хістаўся і не гаварыў асаблівых недарэчнасцей. Калі-ж ён і гаварыў іх, дык ён займаў такую значную і высокую пасаду, што якую-б недарэчнасць ён ні сказаў, яе лічылі за разумныя думкі. Толькі раніцой, іменна ў той час, калі Нехлюдаў застаў яго, ён быў падобны на разумнага чалавека і мог разумець, што яму гаварылі, і больш ці менш паспяхова выконваць на справе прыказку, якую любіў паўтараць: „пьян да умен — два угодья в нем“. Вышэйшая ўлада ведала, што ён п‘яніца, але ён быў ўсё-ж больш адукаваны, як іншыя, — хаця і спыніўся ў сваёй адукацыі на тым месцы, дзе яго заспела п‘янства, — быў смелы, спрытны, салідны, ўмеў і ў п‘яным выглядзе трымаць сябе тактоўна, і таму яго прызначылі і трымалі на тым відным і адказным месцы, якое ён займаў.

Нехлюдаў расказаў яму, што асоба, якая яго цікавіла, — жанчына, што яна без віны засуджана, што пададзена аб ёй на высачайшае імя.

— Так-с. Ну-с? — сказаў генерал.

— Мне абяцалі з Пецербурга, што паведамленне аб лёсе гэтай жанчыны дашлюць мне не пазней гэтага месяца і сюды…

Не спускаючы вачэй з Нехлюдава, генерал працягнуў з кароткімі пальцамі руку да стала, пазваніў і працягваў моўчкі слухаць, пыхкаючы папяроскай і асабліва гучна адкашліваючыся.

— Дык я папрасіў-бы, калі магчыма, затрымаць гэту жанчыну тут да таго часу, пакуль атрымаецца адказ на пададзенае прашэнне.

Увайшоў лёкай, дзяншчык, адзеты па-ваеннаму.

— Спытай, ці ўстала Анна Васільеўна, — сказаў генерал дзеншчыку, — і падай яшчэ чаю. Яшчэ што-с? — звярнуўся генерал да Нехлюдава.

— Другая мая просьба, — працягваў Нехлюдаў, — датычыцца палітычнага арыштанта, які ідзе ў гэтай самай партыі.

— Вось як! — сказаў генерал, значна ківаючы галавой.

— Ён дужа хворы — памірае чалавек. І яго, напэўна, пакінуць тут у больніцы. Дык адна з палітычных жанчын жадала-б астацца пры ім.

— Яна чужая яму?

— Так, але яна гатова выйсці за яго замуж, калі толькі гэта дасць ёй мажлівасць астацца пры ім.

Генерал уважліва глядзеў сваімі бліскучымі вачыма і маўчаў, слухаючы, відавочна жадаючы збянтэжыць свайго субяседніка поглядам, і ўсё курыў.

Калі Нехлюдаў скончыў, ён дастаў з стала кнігу і, хутка мусолячы пальцы, якімі перагортваў лісты, знайшоў артыкул аб шлюбе і прачытаў.

— Што ёй прысудзілі? — спытаў ён, падняўшы вочы ад кнігі.

— Ёй — катаргу.

— Ну, дык становішча засуджанага з прычыны яго шлюбу не можа палепшыцца.

— Але-ж…

— Дазвольце. Калі-б жаніўся вольны, яна ўсёроўна таксама павінна несці сваё пакаранне — ён ці яна?

— Яны абодва засуджаны на катаржныя работы.

— Ну, дык і квіт, — смеючыся, сказаў генерал. — Што яму, тое і ёй. Яго, як хворага, пакінуць можна, — працягваў ён, — і, зразумела, будзе зроблена ўсё, што магчыма, для палягчэння яго лёсу; але яна, хаця-б вышла за яго, не можа астацца тут…

— Генеральша кушаюць каву, — далажыў лёкай.

Генерал кіўнуў галавой і працягваў:

— Аднак, я яшчэ падумаю. Як іхнія прозвішчы? Запішыце, вось сюды.

Нехлюдаў запісаў.

— І гэтага не магу, — сказаў генерал Нехлюдаву на просьбу яго бачыцца з хворым. — Я, канечне, вас не падазраваю, — сказаў ён, — але вы цікавіцеся ім і іншымі, і вы маеце грошы. А тут у нас усё прадажнае. Мне гавораць: знішчыць хабарніцтва. Ды як-жа знішчыць, калі ўсе хабарнікі? І чым ніжэй чынам, тым больш. Ну, дзе-ж гэта ўгледзець за чалавекам за 5000 вёрст? Ён там царок, такі самы як я тут, — і ён засмяяўся. — Вы-ж, мабыць, бачыліся з палітычнымі, давалі грошы, і вас пускалі? — сказаў ён, усміхаючыся. — Ці не так?

— Так, гэта праўда.

— Я разумею, што вы так павінны зрабіць. Вы хочаце бачыць палітычнага, і вам шкада яго. А сматрыцель ці канвойны возьме, таму што ў яго два двугрывенных пенсіі і сям‘я, і яму нельга не ўзяць, і на яго і на вашым месцы я зрабіў-бы таксама, як і вы і ён. Але на сваім месцы я не дазваляю сабе адступіць ад самай строгай літары закона, іменна таму, што я — чалавек і магу захапіцца спачуваннем. А я выканаўчы, мне даверылі пад вядомыя ўмовы, і я павінен апраўдаць гэта давер‘е. Ну вось, гэтае пытанне скончана. Ну-с, цяпер раскажыце мне, што ў вас у метраполіі робіцца?

І генерал пачаў распытваць і расказваць, відавочна жадаючы адначасова і даведацца пра навіны і паказаць усё сваё значэнне і сваю гуманнасць.


XXIII

— Ну-с, дык вось што: вы ў каго? у Дзюка? Ну, і там паскудна. А вы прыходзьце абедаць, — сказаў генерал, адпускаючы Нехлюдава, — у 5 гадзін. Вы па-англійску размаўляеце?

— Так, размаўляю.

— Ну, вось і добра. Сюды, бачыце, прыехаў англічанін, падарожнік. Ён вывучае ссылку і турмы ў Сібіры. Дык вось ён у нас будзе абедаць, і вы прыязджайце. Абедаем у пяць, і жонка патрабуе дакладнасці. Я-вам тады і адказ дам і пра тое, як зрабіць з гэтай жанчынай, а таксама пра хворага. Магчыма і можна будзе пакінуць каго-небудзь пры ім.

Развітаўшыся з генералам, Нехлюдаў, адчуваючы сябе ў асабліва ўзбуджана-дзейным настроі, паехаў на пошту.

Паштамт быў нізкі са скляпеннямі пакой: за канторкай сядзелі чыноўнікі і выдавалі народу, які цясніўся вакол іх. Адзін чыноўнік, сагнуўшы на бок галаву, не перапыняючыся стукаў пячаткай па канвертах, якія лоўка да яго падсоўваліся. Нехлюдава не прымусілі доўга чакаць, і, даведаўшы яго прозвішча, яму адразу-ж выдалі яго даволі вялікую карэспандэнцыю. Тут былі і грошы, і некалькі лістоў, і кніг, і апошні нумар „Отечественных записок“. Атрымаўшы свае лісты, Нехлюдаў адышоў да драўлянай лаўкі, на якой сядзеў, чакаючы нечага, салдат з кніжкай, і сеў з ім побач, пераглядаючы атрыманыя лісты. У ліку іх быў адзін заказны — адменны канверт з выразнай пячаткаю яркага чырвонага сургуча. Ён распячатаў канверт і, убачыўшы ліст Селеніна разам з нейкай афіцыйнай паперай, адчуў, што кроў кінулася яму ў твар і сэрца сціснулася. Гэта была пастанова па справе Кацюшы. Якою была гэта пастанова? Няўжо адмова? Нехлюдаў спехам праглядзеў напісанае дробным цяжка чытэльным цвёрдым ламаным почыркам і радасна ўздыхнуў. Пастанова была спрыяльная.

„Любы дружа! — пісаў Селенін. — Апошняя размова наша пакінула ва мне моцнае ўражанне. Ты меў рацыю адносна Маславай. Я прагледзеў уважліва справу і ўбачыў, што зроблена была з ёю вялікая несправядлівасць. Паправіць можна толькі камісіі прашэнняў, куды ты і падаў. Мне ўдалося пасадзейнічаць вырашэнню справы там, і вось пасылаю табе копію з памілавання на адрас, які дала мне графіня Кацярына Іванаўна. Арыгінал пастановы адпраўлены ў тое месца, дзе яна знаходзілася ў часе суда і, напэўна, будзе зараз-жа пераслана ў Сібірскае галоўнае ўпраўленне. Спяшаюся паведаміць цябе пра гэтую прыемную вестку. Сяброўскі поціск рукі. Твой Селенін“.

Змест самой паперы быў наступны: „Канцылярыя яго імператарскай вялікасці па прыняццю прашэнняў, што на высачайшае імя падаюцца. Такая-та справа справаводства, такі-та стол, такое-та чысло, год. Згодна распараджэння галоўнага загадчыка канцылярыі яго імператарскае вялікасці па прыйманні прашэнняў, што на высачайшае імя падаюцца, гэтым абвяшчаецца мяшчанцы Кацярыне Маславай, што яго імператарская вялікасць, па найпадданейшым дакладзе яму, спагадліва зыходзячы да просьбы Маславай, высачайша загадаць пажадаў змяніць ёй катаржныя работы на пасяленне ў мясцовасцях не надта далёкіх Сібіры“.

Вестка была радаснаю і значнаю: здарылася ўсё тое, што Нехлюдаў мог жадаць для Кацюшы, ды і для сябе самога. Праўда, што гэтая змена ў яе становішчы ўносіла новыя ўскладненні ў дачыненнях да яе. Пакуль яна аставалася катаржнай, шлюб, які ён прапаноўваў ёй, быў фіктыўным і меў значэнне толькі ў тым, што аблягчаў яе становішча. Цяпер-жа нічога не перашкаджала іхняму сумеснаму жыццю. А да гэтага Нехлюдаў не рыхтаваўся. Апрача таго, яе адносіны з Сімансонам? Што значылі яе ўчарашнія словы? І калі яна згадзілася выйсці за Сімансона, ці добра гэта было-б або дрэнна? Ён ніяк не мог разабрацца ў гэтых думках і не спрабаваў нават думаць аб гэтым. „Усё гэта высветліцца потым, — падумаў ён, — цяпер-жа трэба як мага хутчэй пабачыць яе і перадаць ёй радасную навіну і вызваліць яе“. Ён думаў, што копіі, якая ў яго была ў руках, было дастаткова для гэтага. І вышаўшы з паштовай канторы, ён загадаў рамізніку ехаць у турму.

Не гледзячы на тое, што генерал не дазволіў яму наведаць турму раніцою, Нехлюдаў, ведаючы з практыкі што часта тое, чаго ніяк нельга дусягнуць у вышэйшых начальнікаў, вельмі лёгка можна дасягнуць у ніжэйшых, наважыў усё-ж паспрабаваць пранікнуць у турму цяпер з тым, каб абвясціць Кацюшы радасную навіну і, магчыма, вызваліць яе і разам з тым даведацца аб здароўі Крыльцова і перадаць яму і Мар‘і Паўлаўне тое, што сказаў генерал.

Сматрыцель турмы быў вельмі высокі і тоўсты, поўны велічы чалавек з вусамі і бакенбардамі, якія загіналіся да куткоў рота. Ён вельмі сурова прыняў Нехлюдава і проста абвясціў, што староннім асобам спатканні без дазволу начальства ён дапусціць не можа. На заўвагу Нехлюдава аб тым, што яго пускалі ў сталіцах, сматрыцель адказаў:

— Вельмі магчыма, толькі я не дапускаю. — Пры гэтым тон яго гаварыў: „вы, сталічныя паны, думаеце, што вы нас здзівіце і азадачыце: але мы і ва ўсходняй Сібіры ведаем цвёрда парадкі і вам яшчэ пакажам“.

Копія з паперы з уласнай яго вялікасці канцылярыі таксама не падзейнічала на сматрыцеля. Ён рашуча адмоўвіўся дапусціць Нехлюдава ў сцены турмы. На наіўнае меркаванне Нехлюдава, што Маслава можа быць вызвалена пасля прад‘яўлення гэтай копіі, ён толькі пагардліва ўсміхнуўся, заявіўшы, што для вызвалення каго-небудзь павінна быць распараджэнне ад яго непасрэднага начальства. Усё, што ён абяцаў, было тое, што ён паведаміць Маславу пра тое, што ёй вышла памілаванне, і не затрымае яе ніводнай гадзіны, як толькі атрымае прадпісанне ад свайго начальства.

Аб здароўі Крыльцова ён таксама адмовіўся даць якія-небудзь весткі, сказаўшы, што ён не можа сказаць нават таго, ці ёсць гэткі арыштант. Так, нічога не дамогшыся, Нехлюдаў сеў на свайго рамізніка і паехаў у гасцініцу.

Строгасць сматрыцеля тлумачылася пераважна тым, што ў перапоўненай удвая проці нармальнага турме ў гэты час быў павальны тыф. Рамізнік, які вёз Нехлюдава, расказаў яму дарогай, што „ў турме надта народ гіне. Нейкая на іх хворасць напала. Чалавек па дваццаць у дзень закопваюць“.


XXIV

Незважаючы на няўдачу ў турме, Нехлюдаў у тым-жа бадзёрым, узбуджана-дзейным настроі паехаў у канцылярыю губернатара даведацца, ці не атрымана там папера аб памілаванні Маславай. Паперы не было, і таму Нехлюдаў, вярнуўшыся ў гасцініцу, паспяшаўся-ж адразу-ж, не адкладаючы, напісаць аб гэтым Селеніну і адвакату. Скончыўшы лісты, ён зірнуў на гадзіннік; быў ужо час ехаць на абед да генерала.

Зноў па дарозе да яго прышла думка аб тым, як успрыме Кацюша сваё памілаванне. Дзе паселяць яе? Як ён будзе жыць з ёю? Што Сімансон? Якія яе адносіны да яго? Успомніў пра тую змену, якая адбылася ў ёй. Успомніў пры гэтым і яе мінулае.

„Трэба забыцца, выкрасліць, — падумаў ён і зноў паспяшыў адагнаць ад сябе думкі пра яе. — Тады відаць будзе“, — сказаў ён сабе і пачаў думаць пра тое, што яму трэба сказаць генералу.

Абед у генерала, абстаўлены ўсёю прывычнаю для Нехлюдава раскошаю жыцця багатых людзей і буйных чыноўнікаў, быў пасля доўгай адсутнасці не толькі раскошы, але і самых неабходных рэчаў, асабліва прыемным для яго.

Гаспадыня была пецербургскага старога завета grande dame[6], былая фрэйліна Нікалаеўскага двара, якая гаварыла натуральна па-французску і ненатуральна па-руску. Яна трымалася надзвычайна прама і, робячы рухі рукамі, не аднімала лакцей ад таліі. Яна была спакойна і трохі журботна паважлівай да мужа і надзвычай ласкаваю, хоць і з рознымі, гледзячы па асобах, адценнямі абыходжання да сваіх госцяў. Нехлюдава яна прыняла, як свайго, з той асабліваю тонкаю, непрыкметнаю ільсцівасцю, дзякуючы якой Нехлюдаў зноў даведаўся пра ўсе свае высокія якасці і адчуў прыемнае здавальненне. Яна дала адчуць яму, што ведае яго, хаця і арыгінальны, але сумленны ўчынак, які прывёў яго ў Сібір, і лічыць яго за выключнага чалавека. Гэта тонкая ільсцівасць і ўсё далікатнае і багатае абсталяванне жыцця ў доме генерала зрабілі тое, што Нехлюдаў увесь аддаўся прыемнасці прыгожага абсталявання, смачнай ежы і лёгкасці і прыемнасці дачыненняў з добра выхаванымі людзьмі свайго звычайнага асяроддзя, як быццам усё тое, сярод чаго ён жыў апошнім часам, быў сон, ад якога ён прачнуўся да сапраўднай рэчаіснасці.

За абедам, апрача хатніх — генеральскай дачкі з яе мужам і ад‘ютанта — былі яшчэ англічанін, купец-золатапрамыслоўца і прыезджы губернатар з далёкага сібірскага горада. Усе гэтыя людзі былі прыемнымі для Нехлюдава.

Англічанін, здаровы, румяны чалавек, які вельмі дрэнна гаварыў па-французску, але надзвычайна хораша і па-аратарску пераканаўча па-англійску, вельмі багата чаго бачыў і быў цікавы сваімі расказамі аб Амерыцы, Індыі, Японіі і Сібіры.

Малады купец золатапрамыслоўца, сын мужыка, у пашытай у Лондане фрачнай пары з дыяментавымі запанкамі, які меў вялікую бібліятэку, ахвяроўваў багата на добрачыннасць і падтрымліваўся еўрапейска-ліберальных перакананняў, быў прыемны і цікавы для Нехлюдава, уяўляючы з сябе зусім новы і добры тып адукаванай прышчэпкі еўрапеўскай культурнасці на здаровай мужыцкай дзічцы.

Губернатар далёкага горада быў той самы былы дырэктар дэпартамента, пра якога так многа гаварылі ў той час, як Нехлюдаў быў у Пецербургу. Гэта пульхны чалавек з завітымі рэдкімі валасамі, далікатнымі блакітнымі вачыма, вельмі тоўсты знізу і з выпешчанымі, белымі, у пярсцёнках рукамі і з прыемнай усмешкай. Губернатара гэтага паважаў гаспадар дома за тое, што сярод хабарнікаў ён адзін не браў хабараў. Гаспадыня-ж, вялікая аматарка музыкі і сама вельмі добрая піяністка, паважала яго за тое, што ён быў добры музыка і іграў з ёю ў чатыры рукі. Настрой Нехлюдава быў да такой ступені добрадушным, што і гэты чалавек быў не непрыемны яму.

Вясёлы, энергічны, з шызым падбародкам афіцэр-ад‘ютант, які прапаноўваў ва ўсім свае паслугі, быў прыемны сваёй добрадушнасцю.

Але больш за ўсіх прыемнай была Нехлюдаву мілая маладая пара дачка генерала з яе мужам. Дачка гэта была непрыгожая, прастадушная маладая жанчына, уся захопленая сваімі першымі двума дзецьмі; муж яе, за якога яна пасля доўгага змагання з бацькамі вышла, кахаючы, ліберальны кандыдат маскоўскага універсітэта, сціплы і разумны, служыў і займаўся статыстыкай, асабліва інародцамі, якіх ён вывучаў, любіў і стараўся выратаваць ад вымірання.

Усе былі не толькі ласкавымі і далікатнымі з Нехлюдавым, але, відавочна, былі ўзрадаваны яму, як новай і цікавай асобе. Генерал, вышаўшы к абеду ў ваенным сурдуце, з белым крыжыкам на шыі, як са старым знаёмым, прывітаўся з Нехлюдавым і зараз-жа запрасіў гасцей да закускі і гарэлкі. На запытанне генерала ў Нехлюдава пра тое, што ён рабіў пасля таго, як быў у яго, Нехлюдаў расказаў, што быў на пошце і даведаўся пра памілаванне той асобы, пра якую ён гаварыў раніцою, і цяпер зноў просіць дазволу наведаць турму.

Генерал, відавочна нездаволены тым, што за абедам гавораць пра справы, нахмурыўся і нічога не сказаў.

— Хочаце гарэлкі? — звярнуўся ён па-французску да англічаніна, які падышоў. Англічанін выпіў гарэлкі і расказаў, што наведаў сёння сабор і завод, але жадаў-бы яшчэ бачыць вялікую перасыльную турму.

— Вось і добра, — сказаў генерал, звяртаючыся да Нехлюдава, — можаце разам. Дайце ім пропуск, — сказаў ён ад‘ютанту.

— Вы калі хочаце ехаць? — спытаў Нехлюдаў англічаніна.

— Я лічу за лепшае наведваць турмы ўвечары, — сказаў англічанін, — усе дома, і няма падрыхтаванняў, а ўсё ёсць, як ёсць.

— А, ён хоча бачыць ва ўсім харастве? Няхай бачыць. Я пісаў, мяне не слухаюць. Дык няхай даведаюцца з чужаземнага друку, — сказаў генерал і падышоў да абедзенага стала, каля якога гаспадыня размясціла гасцей.

Нехлюдаў сядзеў паміж гаспадыняй і англічанінам. Насупраць яго сядзела дачка генерала і былы дырэктар дэпартамента.

За абедам гутарка ішла ўрыўкамі, то аб Індыі, пра якую расказваў англічанін, то аб Тонкінскай экспедыцыі, якую генерал строга асуджваў, то аб сібірскім усеагульным шальмоўстве і хабарніцтве. Усе гэтыя размовы мала цікавілі Нехлюдава.

Але пасля абеду, у гасцінай за кавай, зайшла вельмі цікавая гаворка з англічанінам і гаспадыняй аб Гладстоне, у якім Нехлюдаву здавалася, што ён добра выказаў шмат разумнага, заўважанага яго субяседнікамі. І Нехлюдаву, пасля добрага абеду, віна, за каваю, на мяккім крэсле, сярод ласкавых і добра выхаваных людзей, рабілася ўсё больш і больш прыемна. Калі-ж гаспадыня, па просьбе англічаніна, разам з былым дырэктарам дэпартамента селі за фартэпіяна і зайгралі добра развучаную імі 5 сімфонію Бетховена, Нехлюдаў адчуў даўно не перажываны ім душэўны настрой поўнага задавальнення сабой, як быццам ён цяпер толькі даведаўся, які ён быў добры чалавек.

Раяль быў надзвычайны, і выкананне сімфоніі было добрае. Прынамсі, так здалося Нехлюдаву, які любіў і ведаў гэту сімфонію. Слухаючы надзвычайнае андантэ, ён адчуў шчыпанне ў носе ад замілавання з самога сябе і ўсіх сваіх добрых якасцей.

Падзякаваўшы гаспадыні за даўно не перажываную ім асалоду, Нехлюдаў хацеў ужо развітацца і выходзіць, калі гаспадыніна дачка з рашучым выглядам падышла да яго і, чырванеючы, сказала:

— Вы пыталіся пра маіх дзяцей; хочаце бачыць іх?

— Ёй здаецца, што ўсім цікава бачыць яе дзяцей, — сказала маці, усміхаючыся на мілую бестактоўнасць дачкі. — Князю зусім не цікава.

— Наадварот, вельмі цікава, — сказаў Нехлюдаў, расчулены гэтай перапоўненай праз край шчаслівай матчынай любоўю. — Калі ласка, пакажыце.

— Вядзе князя глядзець сваю малечу, — смеючыся, закрычаў генерал ад картачнага стала, за якім ён сядзеў з шваграм, золатапрамыслоўцам і ад‘ютантам. — Адбудзьце, адбудзьце павіннасць.

Маладая жанчына тым часам, відавочна ўсхваляваная тым, што зараз будуць ацэньваць яе дзяцей, ішла хуткімі крокамі перад Нехлюдавым ва ўнутраныя пакоі. У трэцім, высокім, з белымі шпалерамі пакоі, асветленым невялікай лямпай з цёмным абажурам, стаялі побач дзве пасцелькі, і паміж імі ў белай пелярынцы сядзела нянька з сібірскім скуластым, добрадушным тварам. Нянька ўстала і пакланілася. Маці нагнулася ў першую пасцельку, у якой, раскрыўшы роцік, ціха спала двухгадовая дзяўчынка з даўгімі кучаравымі, раскудлачанымі па падушцы валасамі.

— Вось гэта Каця, — сказала маці, папраўляючы з блакітнымі палосамі вязаную коўдру, з-пад якой высоўвалася маленькая белая ступня. — Добрая? Ёй-жа толькі два гады.

— Цудоўна!

— А гэта Васюк, як яго дзед празваў. Зусім іншы тып. Праўда?

— Надзвычайны хлопчык, — сказаў Нехлюдаў, разглядаючы таўстунчыка, які спаў на жываце.

— Няўжо? — сказала маці, многазначна ўсміхаючыся.

Нехлюдаў ўспомніў ланцугі, паголеныя голавы, біццё, распусту, Крыльцова пры смерці, Кацюшу з усім яе мінулым. І яму зрабілася зайздросна і захацелася сабе гэтага-ж далікатнага, чыстага, як яму здавалася цяпер, шчасця.

Некалькі разоў пахваліўшы дзяцей і тым хаця часткова задаволіўшы маці, якая прагна ўпітвала ў сябе гэтыя пахвалы, ён вышаў за ёю ў гасціную, дзе англічанін ужо чакаў яго, каб разам, як яны ўмовіліся, ехаць у турму. Развітаўшыся са старымі і маладымі гаспадарамі, Нехлюдаў вышаў разам з англічанінам на ганак генеральскага дома.

Надвор‘е змянілася. Ішоў клоччамі спорны снег і ўжо засыпаў дарогу і дах, і дрэвы саду, і пад‘езд, і верх таратайкі, і спіну каня. У англічаніна быў свой экіпаж, і Нехлюдаў загадаў кучару англічаніна ехаць у турму, сеў адзін у сваю таратайку і з цяжкім пачуццём выканання непрыемнага абавязку паехаў за ім у мяккай таратайцы, якая з цяжкасцю кацілася па снягу.


XXV

Пануры дом турмы з вартавымі і ліхтаром над варотамі, незважаючы на чыстую, белую пялёну, якая пакрывала цяпер усё — і пад‘езд, і дах, і сцены, рабіў яшчэ больш, як раніцою, панурае ўражанне сваімі па ўсім фасадзе асветленымі вокнамі.

Самавіты сматрыцель вышаў да варот і, прачытаўшы каля ліхтара пропуск, выдадзены Нехлюдаву і англічаніну, недаўменна павёў магутнымі плячыма, але, выконваючы загад, запрасіў наведвальнікаў ісці за ім. Ён прывёў іх спачатку на двор і потым у дзверы направа і на сходкі ў кантору. Прапанаваўшы ім садзіцца, ён спытаў, чым можа быць ім карысны, і, даведаўшыся пра жаданне Нехлюдава бачыць зараз-жа Маславу, паслаў па яе надзірацеля і падрыхтаваўся адказваць на запытанні, якія англічанін адразу-ж пачаў праз Нехлюдава рабіць яму.

— Наколькі чалавек пабудавана турма? — пытаўся англічанін. — Колькі зняволеных? — Колькі мужчын, колькі жанчын, дзяцей? — Колькі катаржных, сасланых, колькі ідзе добраахвотна са сваякамі, знаёмымі? — Колькі хворых?

Нехлюдаў перакладаў словы англічаніна і сматрыцеля, не ўдумваючыся ў іхні сэнс, зусім нечакана для сябе збянтэжаны спатканнем, якое мелася быць. Калі пасярод сказу, які ён перакладаў англічаніну, ён пачуў, як набліжаюцца крокі, і дзверы канторы адчыніліся, і, як гэта было шмат разоў, увайшоў надзірацель і за ім, павязаная хусткай, у арыштанцкай кофце Кацюша, ён, убачыўшы яе, быў уражаны цяжкім пачуццём.

„Я жыць хачу, хачу сям‘ю, дзяцей, хачу чалавечага жыцця“, — мільганула ў яго галаве ў той час, як яна хуткімі крокамі, не падымаючы вачэй, уваходзіла ў пакой.

Ён устаў і ступіў некалькі крокаў ёй насустрач, і твар яе здаўся яму суровым і непрыемным. Ён зноў быў такім самым, як тады, калі яна папракала яго. Яна чырванела і бялела, пальцы яе сударгава круцілі краі кофты, і то пазірала на яго, то апускала вочы.

— Вы ведаеце, што вышла памілаванне? — сказаў Нехлюдаў.

— Так, надзірацель гаварыў.

— Так што, як толькі атрымаецца папера, вы можаце выйсці і пасяліцца, дзе хочаце. Мы абдумаем…

Яна паспешна перабіла яго:

— Што мне абдумваць? Дзе Владзімір Іванавіч будзе, там і я з ім.

Не гледзячы на ўсё сваё хваляванне, яна, падняўшы вочы на Нехлюдава, прагаварыла гэта хутка, выразна, як быццам наперад падрыхтаваўшы ўсё тое, што яна скажа.

— Вось як! — сказаў Нехлюдаў.

— Што-ж, Дзмітрый Іванавіч, калі ён хоча, каб я з ім жыла, — яна спалохана спынілася і паправілася, — каб я пры ім была. Мне чаго-ж лепш? Я гэта за шчасце павінна лічыць. Што-ж мне?..

„Адно з двух: ці яна пакахала Сімансона і зусім не жадала той ахвяры, якую я ваабражаў, што прыношу ёй, ці яна працягвае кахаць мяне і дзеля майго-ж дабра адмаўляецца ад мяне і назаўсёды паліць свае караблі, злучаючы свой лёс з Сімансонам“, — падумаў Нехлюдаў, і яму зрабілася сорамна. Ён адчуў, што чырванее.

— Калі вы кахаеце яго… — сказаў ён.

— Што кахаць, не кахаць? Я ўжо гэта пакінула, і Владзімір Іванавіч зусім-жа асаблівы.

— Так, разумеецца, — пачаў Нехлюдаў. — Ён надзвычайны чалавек, і я думаю…

Яна зноў перапыніла яго, нібы баючыся, што ён скажа лішняе, ці што яна не скажа ўсяго.

— Не, вы мяне, Дзмітрый Іванавіч, даруйце, калі я не тое раблю, што вы хочаце, — сказала яна, пазіраючы яму ў вочы сваім косым таемным поглядам. — Ды, відаць, ужо так выходзіць. І вам жыць трэба.

Яна сказала яму тое самае, што ён толькі што гаварыў сабе, але цяпер ужо ён гэтага не думаў, а думаў і адчуваў зусім іншае. Яму не толькі было сорамна, але было шкада ўсяго, што ён траціў з ёю.

— Я не чакаў гэтага, — сказаў ён.

— Што-ж вам тут жыць і мучыцца. Даволі вы памучыліся, — сказала яна і дзіўна ўсміхнулася.

— Я не мучыўся, а мне добра было, я жадаў-бы яшчэ служыць вам, каб мог.

— Нам, — яна сказала: „нам“, і зірнула на Нехлюдава, — нічога не трэба. Вы ўжо і так столькі для мяне зрабілі. Каб не вы… — яна хацела нешта сказаць, і голас яе задрыжэў.

— Вам дык ужо мне не можна дзякаваць, — сказаў Нехлюдаў.

— Што лічыцца? Бог нас паквітае, — прагаварыла яна, і чорныя вочы яе заблішчэлі, наліўшыся слязьмі.

— Якая вы добрая жанчына! — сказаў ён.

— Гэта я добрая? — сказала яна праз слёзы і жаласлівая ўсмешка асвяціла яе твар.

— Arе уоu ready?[7] — спытаў тым часам англічанін.

— Directly[8], — адказаў Нехлюдаў і спытаў у яе пра Крыльцова.

Яна перамагла хваляванне і спакойна расказала, што ведала: Крыльцоў вельмі аслабеў у дарозе, і яго адразу-ж змясцілі ў больніцу. Мар‘я Паўлаўна вельмі непакоілася, прасілася ў больніцу ў нянькі, але яе не пускалі.

— Дык мне ісці? — сказала яна, заўважыўшы, што англічанін чакае.

— Я не развітваюся; я яшчэ пабачуся з вамі, — сказаў Нехлюдаў.

— Даруйце, — сказала яна ледзь чутна. Вочы іх сустрэліся, і ў дзіўным косым поглядзе і жаласлівай усмешцы, з якой яна сказала гэта не „бывайце“ а „даруйце“, Нехлюдаў зразумеў, што з двух меркаванняў аб прычыне яе рашэння верным было другое: яна кахала яго і думала, што, звязаўшы сябе з ім, яна папсуе яго жыццё, а, ідучы з Сімансонам, вызваляла яго і цяпер радавалася таму, што выканала тое, што хацела, і разам з тым ёй было балюча расставацца з ім.

Яна паціснула яму руку, хутка павярнулася і вышла.

Нехлюдаў азірнуўся на англічаніна, гатовы ісці з ім, але англічанін нешта запісваў у сваю запісную кніжку. Нехлюдаў, не адрываючы яго, сеў на драўляную канапу, якая стаяла каля сцяны, і раптам адчуў страшную стому. Ён стаміўся не ад бяссоннай начы, не ад падарожжа, не ад хвалявання, а ён адчуваў, што страшна стаміўся ад усяго жыцця. Ён прыхіліўся да спінкі канапы, на якой сядзеў, заплюшчыў вочы і ўмомант заснуў цяжкім, мёртвым сном.

— Што-ж, жадаеце цяпер прайсці па камерах? — спытаў сматрыцель.

Нехлюдаў прачнуўся і здзівіўся таму, дзе ён. Англічанін скончыў свае занатоўкі і жадаў агледзець камеры. Нехлюдаў, стомлены і безудзельны, пайшоў за ім.


ХХVІ

Прайшоўшы сенцы і да моташнасці смярдзючы калідор, у якім яны, на сваё здзіўленне, заспелі двух арыштантаў, якія мачыліся проста на падлогу, сматрыцель, англічанін і Нехлюдаў разам з надзірацелямі ўвайшлі ў першую камеру катаржных. У камеры, з нарамі ў сярэдзіне, усе арыштанты ўжо ляжалі. Іх было чалавек 70. Яны ляжалі галава з галавой і бок з бокам. Пры ўваходзе наведвальнікаў усе, бразгаючы ланцугамі, ускочылі і сталі каля нар, ззяючы сваімі свежа-паголенымі поўгаловамі. Асталіся ляжаць двое. Адзін быў малады чалавек, чырвоны, відавочна ў гарачцы, другі — стары, які няспынна войкаў.

Англічанін спытаў, ці даўно захварэў малады арыштант. Сматрыцель сказаў, што з рання, а стары ўжо даўно хварэў жыватом, але змясціць яго не было куды, бо лазарэт даўно перапоўнены. Англічанін нездаволена паківаў галавой і сказаў, што ён жадаў-бы сказаць гэтым людзям некалькі слоў, і папрасіў Нехлюдава перакласці тое, што будзе гаварыць. Выявілася, што англічанін, апрача адной мэты свайго падарожжа — апісання ссылкі і месцаў зняволення ў Сібіры, меў яшчэ другую мэту — прапаведванне ратунку вераю і збавеннем.

— Скажыце ім, што Хрыстос шкадаваў іх і любіў, — сказаў ён, — і памёр за іх. Калі яны будуць верыць у гэта, яны выратуюцца. — Пакуль ён гаварыў, усе арыштанты моўчкі стаялі перад ім, выцягнуўшы рукі па швах. — У гэтай кнізе, скажыце ім, — скончыў ён, — усё гэта сказана. Ёсць пісьменныя?

Выявілася, што пісьменных было больш за 20 чалавек. Англічанін выняў з ручнога мяшка некалькі пераплеценых Новых заветаў і мускулістыя рукі з моцнымі чорнымі пазногцямі з-за пасконных рукавоў пацягнуліся да яго, адпіхваючы адзін аднаго. Ён раздаў у гэтай камеры два евангеллі і пайшоў у наступную.

У наступнай камеры было тое самае. Такая-ж была духата, смурод; таксама ўперадзе, між вокнамі, вісеў абраз, а налева ад дзвярэй стаяла параша, і так-жа ўсе цесна ляжалі бок з бокам, і так-жа ўсе ўскочылі і выцягнуліся, і таксама не ўстала тры чалавекі. Два падняліся і селі, а адзін працягваў ляжаць і нават не паглядзеў на тых, што ўвайшлі; гэта былі хворыя. Англічанін таксама сказаў тую-ж прамову і так-жа даў два евангеллі.

У трэцяй камеры пачуліся крыкі і мітусяніна. Сматрыцель застукаў і закрычаў: „ціха!“ Калі дзверы адчынілі, зноў усе выцягнуліся каля нар, апрача некалькіх хворых і дваіх, якія біліся са скрыўленымі злосцю тварамі, учапіўшыся адзін у аднаго, адзін за валасы, другі за бараду. Яны толькі тады пусцілі адзін аднаго, калі надзірацель падбег да іх. У аднаго быў да крыві разбіты нос і цяклі соплі, сліна і кроў, якія ён абціраў рукавом кафтана; другі выбіраў выдраныя з барады валасы.

— Стараста! — строга крыкнуў сматрыцель.

Выступіў прыгожы, моцны чалавек.

— Ніяк не магчыма суняць, ваша высокаблагароддзе, — сказаў стараста, весела ўсміхаючыся вачыма.

— Вось я суніму, — сказаў, хмурачыся, сматрыцель.

— What did they fight for?[9] — спытаў англічанін.

Нехлюдаў спытаў у старасты, з-за чаго была бойка.

— За падвёртку, укляпаўся ў чужыя, — сказаў стараста, працягваючы ўсміхацца. — Гэты штурхануў, той назад даў.

Нехлюдаў сказаў англічаніну.

— Я-б жадаў сказаць ім некалькі слоў, — сказаў англічанін, звяртаючыся да сматрыцеля.

Нехлюдаў пераклаў. Сматрыцель сказаў: „Можаце“. Тады англічанін выняў сваё евангелле ў скураной аправе.

— Калі ласка, перакладзіце гэта, — сказаў ён Нехлюдаву. — Вы пасварыліся і пабіліся, а хрыстос, які памёр за нас, даў нам іншы спосаб развязваць нашы спрэчкі. Спытайце ў іх, ці ведаюць яны, як па хрыстовым законе трэба. зрабіць з чалавекам, які крыўдзіць нас?

Нехлюдаў пераклаў словы і запытанне англічаніна.

— Начальству паскардзіцца, яно разбярэцца? — з запытаннем сказаў адзін, косячыся на самавітага сматрыцеля.

— Даць яму ў косці, вось ён і не будзе крыўдзіць, — сказаў другі.

Недзе нехта кпліва хіхікнуў. Нехлюдаў пераклаў англічаніну іхнія адказы.

— Скажыце ім, што па хрыстовым законе трэба зрабіць проста адваротнае: калі цябе ўдарылі па адной шчацэ, падстаў другую, — сказаў англічанін, жэстам, як быццам падстаўляючы сваю шчаку. Нехлюдаў пераклаў.

— Ён сам-бы паспрабаваў, — сказаў нейчы голас.

— А як ён па другой залепіць, якую-ж яшчэ падстаўляць? — сказаў лежачы адзін з хворых.

— Гэтак ён цябе ўсяго змачаліць.

— А ну, паспрабуй, — сказаў нехта ззаду і весела засмяяўся.

Агульны нястрыманы рогат ахапіў усю камеру; нават пабіты зарагатаў праз сваю кроў і соплі. Смяяліся і хворыя.

Англічанін не збянтэжыўся і прасіў перадаць ім, што тое, што здаецца немагчымым, робіцца магчымым і лёгкім для тых, хто веруе.

— А спытайце, ці п‘юць яны?

— Так точна, — пачуўся адзін голас, а разам з ім зноў фырканне і рогат.

У гэтай камеры хворых было чацвёра. На пытанне англічаніна, чаму хворых не злучаюць у адну камеру, сматрыцель адказаў, што яны самі не жадаюць. Хворыя-ж гэтыя не заразныя, і фельчар назірае за імі і аказвае дапамогу.

— Другі тыдзень носа не сунуў, — сказаў голас.

Сматрыцель не адказаў і павёў у наступную камеру. Зноў адамкнулі дзверы, зноў усе ўсталі і заціхлі, і зноў англічанін раздаваў евангеллі; тое самае было і ў пятай і ў шостай, направа і налева, і на абодва бакі.

Ад катаржных перайшлі да перасыльных, ад перасыльных да „общественников“ і да тых, хто ішоў сваёй ахвотаю за сваякамі ці блізкімі. Усюды было тое самае: усюды тыя самыя халодныя, галодныя, бяздзейныя, заражоныя хваробай, зганьбаваныя, замкнутыя людзі паказваліся, як дзікія зверы.

Англічанін, раздаўшы прызначаны лік евангелляў, ужо больш не раздаваў і нават не гаварыў прамоў, Цяжкае відовішча і, галоўнае, задушлівае паветра, відавочна, прыгнялі і яго энергію, і ён ішоў па камерах, толькі прымаўляючы „аll right“[10] на данясенні сматрыцеля, якія былі арыштанты ў кожнай камеры. Нехлюдаў ішоў, як у сне, не маючы сілы адмовіцца і пайсці, адчуваючы ўсё тую самую стомленасць і безнадзейнасць.


XXVII

У адной з камер ссыльных Нехлюдаў, на дзіва сабе, убачыў таго самага дзіўнага старога, якога ён раніцою бачыў на пароме. Стары гэты, ускудлачаны і ўвесь у маршчынах, у адной бруднай, попелавага колеру, падранай на плячы кашулі, такіх самых портках, босы, сядзеў на падлозе каля нар і строга-запытальна глядзеў на тых, што ўвайшлі. Схудалае цела яго, якое віднелася праз дзіры бруднай кашулі, было ўбогім і слабым, але твар яго быў яшчэ больш удумлівым і сур‘ёзна ажыўленым, чым на пароме. Усе арыштанты, як і ў іншых камерах, ускочылі і выцягнуліся пры ўваходзе начальства; стары-ж сядзеў. Вочы яго блішчэлі, і бровы гнеўна хмурыліся.

— Устаць! — крыкнуў на яго сматрыцель.

Стары не зварухнуўся і толькі пагардліва ўсміхнуўся.

— Перад табою твае слугі стаяць, а я не твой слуга. На табе пячатка… — праказаў стары, паказваючы сматрыцелю на яго лоб.

— Што-о-о? — з пагрозай сказаў сматрыцель, насоўваючыся на яго.

— Я ведаю гэтага чалавека, — паспяшаўся сказаць Нехлюдаў сматрыцелю. — Завошта яго ўзялі?

— Паліцыя прыслала за бяспашпартнасць. Мы просім не прысылаць, а яны ўсё шлюць, — сказаў сматрыцель, сярдзіта косячыся на старога.

— А ты, відаць, таксама анціхрыстава войска? — звярнуўся стары да Нехлюдава.

— Не, я наведвальнік, — сказаў Нехлюдаў.

— Што-ж, прышлі падзівіцца, як анціхрыст людзей мучыць. На от, глядзі. Забраў людзей, замкнуў у клетку войска цэлае. Людзі павінны ў поце твару свайго хлеб есці, а ён іх замкнуў, як свіней, корміць без работы, каб яны азвярэлі.

— Што-ж ён гаворыць? — спытаў англічанін.

Нехлюдаў сказаў, што стары асуджае сматрыцеля за тое, што ён трымае ў няволі людзей.

— Як-жа, спытайцеся, на яго думку, трэба рабіць з тымі, якія парушаюць закон? — сказаў англічанін.

Нехлюдаў пераклаў запытанне.

Стары дзіўна засмяяўся, выскаліўшы густыя зубы.

— Закон! — паўтарыў ён пагардліва. — Ён перш абрабаваў усіх, усё багацце ў людзей адабраў, пад сябе падабраў, усіх пабіў, якія супроць яго ішлі, а потым закон напісаў, каб не рабавалі ды не забівалі. Ён-бы раней гэты закон напісаў.

Нехлюдаў пераклаў. Англічанін усміхнуўся.

— Ну, усё-такі як-жа рабіць цяпер са зладзеямі і забойцамі, спытайце ў яго.

Нехлюдаў зноў пераклаў запытанне. Стары строга нахмурыўся.

— Скажы яму, каб ён з сябе анціхрыставу пячатку зняў, тады і не будзе ў яго ні зладзеяў, ні забойцаў. Так і скажы яму.

— He is crazy[11], — сказаў англічанін, калі Нехлюдаў пераклаў яму словы старога, і, павёўшы плячыма, вышаў з камеры.

— Ты рабі сваё, а іх пакінь. Кожны сам сабе. Бог ведае, каго караць, каму дараваць, а не мы ведаем, — прагаварыў стары. — Будзь сам сабе начальнікам, тады і начальнікаў не трэба. Ідзі, ідзі, — дадаў ён, сярдзіта хмурачыся і бліскаючы вачыма на Нехлюдава, які было прыпыніўся ў камеры. — Нагледзеўся, як анціхрыставы слугі людзьмі вошай кормяць. Ідзі, ідзі!

Калі Нехлюдаў вышаў у калідор, англічанін са сматрыцелем стаяў каля адчыненых дзвярэй пустой камеры і пытаўся пра прызначэнне гэтай камеры. Сматрыцель растлумачыў, што гэта была трупярня.

— О, — сказаў англічанін, калі Нехлюдаў пераклаў яму, і пажадаў увайсці.

Трупярня была звычайная невялікая камера. На сцяне гарэла лямпачка і слаба асвятляла ў адным куце наваленыя мяшкі, дровы і на нарах направа — чатыры мёртвыя целы. Першы труп у пасконнай кашулі і портках быў вялікага росту чалавек, з маленькай вострай бародкай і з паголенай палавінай галавы. Цела ўжо адубела; шызыя рукі, відавочна, былі складзены на грудзях, але разышліся; босыя ногі таксама разышліся і тырчэлі ступнямі ў розныя бакі. Побач з ім ляжала ў белай спадніцы і кофце, босая і проставалосая з рэдкай, кароткай касічкай старая жанчына, са зморшчаным, маленькім, жоўтым тварам і вострым носікам. За старой быў яшчэ труп мужчыны ў нечым ліловым. Колер гэты нешта нагадаў Нехлюдаву.

Ён падышоў бліжэй і пачаў глядзець на яго.

Маленькая, вострая, тырчком угору бародка, моцны прыгожы нос, белы, высокі лоб, рэдкія кучаравыя валасы. Ён пазнаваў знаёмыя рысы і не даваў веры сваім вачам. Учора ён бачыў гэты твар узбуджана-ўзлаваным, пакутлівым. Цяпер ён быў спакойным, непарушным і прыгожым.

Так, гэта быў Крыльцоў, ці прынамсі той след, як пакінула яго матэрыяльнае існаванне.

„Навошта ён пакутваў? Навошта ён жыў? Ці зразумеў ён гэта цяпер?“ думаў Нехлюдаў, і яму здавалася, што адказу гэтага няма, што нічога няма, апрача смерці, і яму зрабілася дрэнна.

Не развітаўшыся з англічанінам, Нехлюдаў папрасіў надзірацеля правесці яго на двор і, адчуваючы патрэбу астацца аднаму, каб абдумаць усё тое, што ён перажыў за сёнешні вечар, ён паехаў у гасцініцу.


XXVIII

Не кладучыся спаць, Нехлюдаў доўга хадзіў узад і ўперад па нумары гасцініцы. Справа яго з Кацюшай была скончана. Ён быў не патрэбен ёй, і яму гэта было і сумна і сорамна. Але не гэта цяпер мучыла яго. Другая яго справа не толькі не была скончана, але мацней, як калі, мучыла яго і вымагала ад яго дзейнасці.

Усё тое страшнае зло, якое ён бачыў і пра якое даведаўся за гэты час і асабліва сёння, у гэтай жудаснай турме, усё гэта зло, што загубіла і мілага Крыльцова, панавала, царавала, і не відаць было ніякай магчымасці не толькі перамагчы яго, але нават зразумець, як перамагчы яго.

Перад ім паўсталі гэтыя замкнутыя ў заразлівым паветры сотні і тысячы зганьбаваных людзей, якія замыкаліся роўнадушнымі генераламі, пракурорамі, сматрыцелямі, успомніўся дзіўны, вольны дзед, што вінаваціў начальства, і якога лічылі вар‘ятам, і сярод трупаў прыгожы, мёртвы, васковы твар у азлабленні памёршага Крыльцова. І даўнейшае пытанне пра тое, ці ён, Нехлюдаў, вар‘ят, ці вар‘яты людзі, якія лічаць сябе разумнымі і робяць усё гэта, — з новаю сілаю паўстала перад ім і патрабавала адказу.

Стаміўшыся хадзіць і думаць, ён сеў на канапу перад лямпаю і машынальна разгарнуў дадзенае яму на памяць англічанінам евангелле, якое ён, вымаючы тое, што было ў кішэнях, кінуў на стол. „Гавораць там вырашэнне ўсяго“, — падумаў ён і, разгарнуўшы евангелле, пачаў чытаць там, дзе разгарнулася. Мацфея гл. ХVIII.

1. У той час вучні прыступілі да Ісуса і сказалі: хто большы ў царстве нябесным? — чытаў ён.

2. Ісус, прызваўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх.

3. І сказаў: ісцінна кажу вам, калі не ўверуеце і не будзеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў царства нябеснае.

4. І так, хто змаліцца, як гэта дзіця, той і больш ў царстве нябесным.

„Але, але, гэта так“, — падумаў ён, успамінаючы, як ён адчуў заспакаенне і радасць жыцця толькі ў той меры, у якой змаляў сябе.

5. І хто возьме адно такое дзіця ў імя мае, той мяне бярэ.

6. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія веруюць у мяне, таму лепей было-б, каб павесілі яму жоран на шыю і затапілі яго ў глыбіні морскай.

„Да чаго тут: хто возьме і куды возьме? І што значыць: у імя мае? — спытаў ён сябе, адчуваючы, што словы гэтыя нічога не гавораць яму. — „І навошта жоран на шыю і глыбіня морская? Не, гэта нешта не тое: недакладна, цмяна“, — падумаў ён, успамінаючы, як ён некалькі разоў у сваім жыцці браўся чытаць евангелле, і як заўсёды цмянасць гэткіх мясцін адштурхоўвала яго. Ён прачытаў яшчэ 7, 8, 9 і 10 сціхі аб спакусах, аб тым, што яны павінны прысці ў свет, аб пакаранні праз геенну вогненую, у якую ўкінуты будуць людзі, і аб нейкіх ангелах дзяцей, якія бачаць аблічча айца нябеснага. „Як шкада, што гэта так няскладна, — падумаў ён, — а адчуваецца, што тут штосьці добрае”.

11. Бо сын чалавечы прышоў спагнаць і выратаваць тое, што загінула, — чытаў ён далей.

12. Як вам здаецца? Каб у каго было сто авечак, і адна з іх заблудзілася; дык ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у горах і ці не пойдзе шукаць тую, што заблудзілася?

13. І калі здарыцца, што знойдзе яе, дык ісцінна кажу вам, ён радуецца за яе больш, як з дзевяноста дзевяці, што не заблудзіліся.

14. Так, няма волі айца вашага нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.

„Так, не было волі айца, каб яны загінулі, а вось яны гінуць сотнямі, тысячамі. І няма спосабу выратаваць іх“, — падумаў ён.

21. Тады Пётр прыступіў да яго і сказаў, — чытаў ён далей: — Госпадзі! Колькі разоў дараваць брату майму, які саграшае супроць мяне? Ці да сямі разоў?

22. Ісус гаворыць яму: не кажу табе: да сямі, але да седміжды сямідзесяці разоў.

23. Таму царства нябеснае падобна да дара, які захацеў палічыцца з нявольнікамі сваімі.

24. Калі пачаў ён лічыцца, прыведзены быў да яго нехта, які павінен быў яму дзесяць тысяч талантаў.

25. А як ён не меў чым заплаціць, дык цар яго загадаў прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.

26. Тады нявольнік той паў і, кланяючыся яму, казаў: цар! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу.

27. Цар, злітаваўшыся над нявольнікам тым, адпусціў яго і доўг дараваў яму.

28. Нявольнік-жа той, вышаўшы, знайшоў аднаго з таварышоў сваіх, які павінен быў яму сто дынарыяў і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: аддай мне, што вінен.

29. Тады таварыш яго паў да ног яго, маліў яго і казаў: пацярпі на мне, і ўсё аддам табе.

30. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў цямніцу, пакуль не аддасць доўг.

31. Таварышы яго, бачыўшы, што адбылося, вельмі засмуціліся і, прышоўшы, расказалі цару свайму ўсё, як было.

32. Тады цар яго выклікае яго і кажа: злы нявольнік! увесь доўг твой я дараваў табе, таму што ты ўпрасіў мяне.

33. Ці не належала і табе памілаваць таварыша твайго, як я памілаваў цябе?

— Ды няўжо толькі гэта? — раптам голасна ўскрыкнуў Нехлюдаў, прачытаўшы гэтыя словы. І ўнутраны голас усёй істоты яго гаварыў: „Так, толькі гэта“.

І з Нехлюдавым здарылася тое, што часта здараецца з людзьмі, якія жывуць духоўным жыццём. Здарылася тое, што думка, якая здавалася яму спачатку дзівацтвам, парадоксам, нават жартам, усё часцей і часцей знаходзячы сабе сцвярджэнне ў жыцці, раптам паўстала перад ім, як самая простая, бясспрэчная ісціна. Так зразумеў ён цяпер думку пра тое, што адзіны і бясспрэчны спосаб, каб выратавацца ад таго жудаснага зла, ад якога пакутуюць людзі, быў толькі ў тым, каб людзі прызнавалі сябе заўсёды вінаватымі перад богам і таму няздольнымі ні караць, ні папраўляць іншых людзей. Яму зрабілася зразумела цяпер, што ўсё тое страшэннае зло, якога ён быў сведкам у турмах і астрогах, і спакойная самаўпэўненасць тых, якія рабілі гэтае зло, сталася толькі таму, што людзі хацелі рабіць немагчымую справу: будучы злымі, папраўляць зло. Людзі з заганамі хацелі папраўляць людзей з заганамі і думалі дасягнуць гэтага механічным шляхам. Але з усяго гэтага вынікла толькі тое, што людзі, якія жывуць у нястачы і любяць выгоду, зрабіўшы сабе прафесію з гэтага ўяўнага пакарання і папраўлення людзей, самі разбэсціліся да апошняй ступені і бесперапынна разбэшчваюць і тых, якіх мучаць. Цяпер яму зрабілася зразумелым, адкуль ідзе ўся тая жудасць, якую ён бачыў, і што трэба рабіць для таго, каб знішчыць яе. Адказ, якога ён не мог знайсці, быў той самы, які хрыстос даў Пятру: ён быў у тым, каб дараваць заўсёды, усім, бясконцы лік разоў дараваць, бо няма такіх людзей, якія-б самі не былі вінаватымі і таму маглі-б караць ці папраўляць.

„Ды не можа быць, каб гэта было так проста“, — гаварыў сабе Нехлюдаў, а тым часам бясспрэчна бачыў, што, як ні дзіўным гэта здалося яму спачатку, прызвычаенаму да адваротнага, — што гэта было бясспрэчнае і не толькі тэарэтычнае, але і самае практычнае вырашэнне пытання.

Заўсёдашняе запытанне аб тым, што рабіць са зладзеямі, — няўжо так і пакінуць іх непакаранымі? — ужо не збівала яго цяпер. Запытанне гэта мела-б значэнне, каб было даведзена, што пакаранне змяншае злачынствы, папраўляе злачынцаў; але калі даведзена зусім адваротнае, і відавочна, што не ў сіле адных людзей папраўляць другіх, дык адзінае разумнае, што вы можаце зрабіць, гэта тое, каб пакінуць рабіць тое, што не толькі не карысна, але шкодна і, апрача таго, амаральна і жорстка. „Вы некалькі стагоддзяў караеце людзей, якіх прызнаеце за злачынцаў. Што-ж, зніклі яны? Не зніклі, а колькасць іх толькі павялічылася, і тымі злачынцамі, якія разбэшчваюцца пакараннямі, і яшчэ тымі злачынцамі-суддзямі, пракурорамі, следчымі, турэмнікамі, якія сядзяць і караюць людзей“. Нехлюдаў зразумеў цяпер, што грамадства і парадак існуюць наогул не таму, што ёсць гэтыя ўзаконеныя злачынцы, якія судзяць і караюць іншых людзей, а таму, што, не гледзячы на такое разбэшчванне, людзі ўсё-ж шкадуюць і любяць адзін аднаго.

Спадзяючыся знайсці сцвярджэнне гэтай думкі ў тым самым евангеллі, Нехлюдаў з пачатку пачаў чытаць яго. Прачытаўшы нагорнае казанне, якое заўсёды расчульвала яго, ён сёння ў першы раз убачыў у гэтым казанні не адцягненыя, прыгожыя думкі, што большай часткай ставяць надмерныя і невыканальныя запатрабаванні, а простыя, яскравыя і практычна-выканальныя запаведзі, якія, у выпадку выканання іх (што было зусім магчыма), устанаўлялі зусім новы лад чалавечага грамадства, пры якім не толькі сам сабой знішчаўся ўвесь той гвалт, які так абураў Нехлюдава, але дасягалася вышэйшае, даступнае чалавецтву дабро — царства божае на зямлі.

Запаведзяў гэтых было пяць.

Першая запаведзь (Мф. V, 21-26) была ў тым, што чалавек не толькі не павінен забіваць, але не павінен гневацца на брата, не павінен нікога лічыць нікчэмным, „рака“, а калі пасварыцца з кім-небудзь, павінен мірыцца, перш чым прыносіць дар богу, г. зн. маліцца.

Другая запаведзь (Мф. V, 27-32) была ў тым, што чалавек не толькі не павінен блуднічаць, але павінен унікаць асалоды хараством жанчыны, павінен, раз зышоўшыся з адной жанчынай, ніколі не здраджваць ёй.

Трэцяя запаведзь (Мф. V, 33-37) была ў тым, што чалавек не павінен абяцаць чаго-небудзь з прысягай.

Чацвертая запаведзь (Мф. V, 38-42) была ў тым, што чалавек не толькі не павінен помсціць вока за вока, але павінен падстаўляць другую шчаку, калі ўдараць па адной, павінен дараваць крыўду і з пакораю несці іх і нікому не адмаўляць у тым, чаго хочуць ад яго людзі.

Пятая запаведзь (Мф. V,43-48) была ў тым, што чалавек не толькі не павінен ненавідзець ворагаў, не ваяваць з імі, але павінен любіць іх, дапамагаць, служыць ім.

Нехлюдаў утаропіўся на святло лямпы і застыў. Успомніўшы ўсю брыдкасць нашага жыцця, ён яскрава ўявіў сабе, чым магло быць-бы гэтае жыццё, каб людзі выхоўваліся на гэтых правілах, і даўно неадчуванае захапленне ахапіла яго душу. Як быццам ён пасля доўгага тамлення і пакуты знайшоў раптам заспакаенне і свабоду.

Ён не спаў усю ноч і, як гэта здаралася са шмат і шмат кім, хто чытае евангелле ўпершыню, чытаючы, разумеў ва ўсім іх значэнні словы, шмат разоў чытаныя і незаўважаныя. Як губка ваду, ён упітваў у сябе тое патрэбнае, значнае і радаснае, што адкрывалася яму ў гэтай кнізе. І ўсё, што ён чытаў, здавалася яму знаёмым, здавалася, сцвярджала, даводзіла да свядомасці, тое, што ён ведаў ужо даўно, раней, але не ўсведамляў цалкам і не верыў. Цяпер-жа ён усведамляў і верыў.

Але мала таго, што ён усведамляў і верыў, што, выконваючы гэтыя запаведзі, людзі дасягнуць найвышэйшага даступнага ім дабра, ён усведамляў і верыў цяпер, што кожнаму чалавеку больш няма чаго рабіць, як выконваць гэтыя запаведзі, што ў гэтым адзіны разумны сэнс чалавечага жыцця, што кожнае адступленне ад гэтага ёсць памылка, якая зараз-жа цягне за сабою пакаранне. Гэта вынікала з усяго вучэння і з асабліваю яскравасцю і сілаю было выяўлена ў байцы пра вінаградараў. Вінаградары ўявілі, што сад, у які яны былі пасланы, каб працаваць на гаспадара, быў іхняю ўласнасцю; што ўсё, што было ў садзе, зроблена для іх, і што іхняя справа толькі ў тым, каб цешыцца ў гэтым садзе сваім жыццём, забыўшы пра гаспадара і забіваючы тых, якія нагадвалі ім аб гаспадары і аб іх абавязках да яго.

„Тое самае робім мы, — думаў Нехлюдаў, — жывучы ў недарэчнай упэўненасці, што мы самі гаспадары свайго жыцця, што яно дадзена нам для нашай асалоды. А гэта-ж, відавочна, недарэчна. Бо калі мы пасланы сюды, дык-жа чыёй-небудзь воляю і для чаго-небудзь, а мы парашылі, што жывем толькі для сваёй радасці, і зразумела, што нам кепска, як будзе кепска парабку, які не выконвае волі гаспадара. Воля-ж гаспадара выказана ў гэтых запаведзях. Толькі-б выконвалі людзі гэтыя запаведзі, і на зямлі ўстановіцца царства божае, і людзі атрымаюць найвялікшае дабро, якое даступна для іх.

Шукайце царства божага і праўды яго, а астатняе прыкладзецца вам. А мы шукаем астатняга і, відавочна, не знаходзім яго.

Дык вось яна, справа мойго жыцця. Толькі скончылася адна, пачалася другая“.

З гэтай начы пачалося для Нехлюдава зусім новае жыццё, не столькі таму, што ён увайшоў у новыя ўмовы жыцця, а таму, што ўсё, што здаралася з ім з гэтага часу, набывала для яго зусім іншае, як раней, значэнне. Чым скончыцца гэты новы перыяд яго жыцця, пакажа будучае.

16 снежня 1899 года.

КАНЕЦ


  1. Факт апісаны ў кнізе Д. А. Лінева: „Па этапу“.
  2. Каб цябе скруціла.
  3. Сібірская назва верхняга сялянскага абутку.
  4. Ахотніцкі звон — аматарскі звон, які мае асаблівыя якасці.
  5. Куцяты — шчаняты.
  6. Свецкая жанчына.
  7. Вы гатовы?
  8. Зараз.
  9. Завошта яны біліся?
  10. Добра.
  11. Ён вар‘ят.