Перайсці да зместу

Бог удвох (1930)/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Частка 2-я Частка 3-я
Паэма
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Частка 4-я

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ


сьпяць пакараныя

Водгук тупату і гукаў
У немай далі мерна згінуў…
Стала ціха. Толькі тукаў
Недзе дзяцел ў дамавіну…
Ў небе нібы ненарокам
Выплыў месячык з-за хмары
І пахмурым глянуў вокам
На крывавыя ахвяры…
Пасярод лагчыны пністай
Ў агарожы елахвойнай,
На траве зялёна мшыстай
Бог і Пётра сьпяць спакойна…
Сьпяць пакараныя людзі
І залітыя крывёю;
Чырванеюцца іх грудзі
У бязьлюдным супакою!
Але — цыц! паміж кустамі
Нехта йдзе нячутным крокам
І паглядае часамі
Ў цемнату бліскучым вокам…
Ўсё мацней трашчаць галінкі
Нецярэбленае гушчы…
Ці ня воўкі на памінкі
Падыходзяць з цёмнай пушчы, —
Каб з усёй зьвярынай сілы,
Надрываючы вантробы
Скавытаць каля магілы
Песьню воўчае жалобы?
Стойце… ціха… Мо‘ здаецца
Мне са страху ці праўдзіва, -
Як-бы нехта ўжо сьмяецца
У паўголас — палахліва?
Не, напраўду! У пустэчы
Чалавечы чуцён рогат
І у тон, пачалавечы,
Аддаецца воўчы скогат…

ня было тут цуда

Покуль бег я — разьвіднела…
Бачу ясна, хоць здалёку,
Але гэтакае дзела,
Што ня даў-бы веры воку,
Каб хоць трошкі ў цуды верыў
І ня гэтулькі па сьвеце
Розных сьцежак перамерыў!
Толькі самі паглядзеце: —
Бог і Пётра посьле казьні,
Сеўшы верхам на калодзе,
Лушчаць вошай, як у лазьні,
І сьмяюцца на свабодзе…
„Ха-ха-ха! не дачакалі
Чужаеды нашай згубы,
Каб над намі балявалі
Губы воўчыя і зубы!
Ха-ха-ха! ў вачох у ката
Мусіць бляск стаяў чырвоны
Ад штандараў, што багата
Ўзьнялі ужо мільёны!
Ха-ха-ха! Усюды здрада…
Ні вастрог, ні бог крывавы
Ўратаваць ня могуць гада
Ад крывавае расправы!“
„Значыць — іх не расстралялі?
Як-жа гэта вышла, браце?“
Лепш-бы, хлопцы вы маўчалі:
У старой замшэлай хаце
Нават сьцены вушы маюць!
Мо‘ і тутака шпіёны,
Як усюды, пазіраюць
Праз трухлявыя бярвёны?
Трохі бліжай сесьці трэба
Бог і Пётра сьведчаць самі —
Ня было тут цуда з неба!
Чуйце ўласнымі вушамі.
Мудрагеліць трэ‘ нямнога:
Хай другія з цэлай скуры
Аж крычаць: усё — ад бога!
Я скажу ім: не — з натуры!
Ня усе у Польшы каты,
Што у вопратцы жаўнера.
І ня ўсіх яшчэ за краты
Завялі паны, як зьверы!
Ёсьць крыху яшчэ і дома…
Вось усе мае вам словы:
Рэшта ўся цяпер вядома
Без далёкае размовы…
Трэ‘ ісьці на помач богу,
Бо баюся, што часамі
Ён, ня знаючы дарогу,
Можа стрэнуцца з панамі.
А тады — усё прапала,
Бо і тым нядобра будзе,
Што стралялі, як папала,
Толькі так, каб ня у грудзі!

годзе сьвечкі тыкаць…

Сярод лесу у крыніцы,
Што бурчэла між травою,
Бог і Пётра нагавіцы
Мыюць чыстаю жарствою…
Посьле вымыліся самі
І на сонейку абсохлі…
Ой, як добра не з панамі —
Каб яны усе падохлі.
„Ну, Пятрок, куды падацца,
Каб ні хвілі, і ніколі
Ўжо з багатымі ня знацца
Ні у хаце, ні на полі?
У якой ляжыць старонцы
Край надзеі і свабоды
І растуць-цьвітуць на сонцы
Кветкі Працы — асалоды?
Ці ня ўсходнія абшары,
Дзе закінуты аблогам
Дзьве траціны у папары,
І дзе людзі басаногам?
Але дзе ідзе навука
Новым шляхам, без разбою,
І з усім старым разлука,
Нават з богам і з табою.
Хваціць! Годзе сьвечкі тыкаць
Мне пад самы нос, як дулю,
І у вочы дымам пыкаць,
Ўзьдзеўшы рызу ці кашулю!
Мне здавала — у Польшчы рай мо‘?
А папалі у ваброць мы…
Не чакайма-ж! Уцякайма
Ад паноў, ксяндзоў і процьмы…