Зьвечарэла… Над зямлёю,
Як дзяругі, віснуць хмары…
І глухою сьцяжыною
Бог і Пётра йдуць у пары…
Маўчаком, бо каля межы
Пастка ўсякаму гатова —
Кожны закутак мядзьвежы
Зловіць шэпнутае слова…
Ў лесе цемра — хоць ты вока!
Толькі обмацак і ногі
Пакіруюць, каб далёка
Ня сысьці з свае дарогі…
Ўсё бліжэй і бліжай мэта…
Раптам бліснула у цемры —
Ці ня панская ракета
Разарвалася ў паветры?
Стой за дрэвам… ані кроку…
Бо у побліжы залога —
Атрымаеш кулю з боку!
Хай уцішыцца трывога…
Бог і Пётра пачакалі,
Покуль сьціхла і пагасла… Ад мяжы яны стаялі
Не далей, як цераз прасла…
А цяпер — гайда з мярлогі
Так, як заяц з крутасклону —
Гоп! на ўсе чатыры ногі
Праз заказаную зону!
Трах-тах-тах… за куляй кулю —
Міма Сідара у сьцену!
І паном за кулю — дулю
Слала рэха у адмену…
Каля самага праходу,
Як-бы зналі і чакалі,
Толькі з лесу — ані ходу:
Бога з Пётрам затрымалі…
„Хто вы? Скуль?“ Няма адказу…
— „Няўжо і тут нанова
Нас палічаць за заразу,
Калі мы ня скажам слова?“
Болей голасна пытаюць:
„Мо‘ вы глухі, або немы?“
І аж плечы паціскаюць,
Бо ізноў ніякай „бэ-мы“…
Што рабіць? Чужыя грудзі,
Як у ночы тая глеба —
Хоць зусім, як людзі, людзі —
Ў ГПУ адправіць трэба… Бог ідзе сабе ў размове:
„Горш ня будзе, як у пана,
Што гарцуе на карове
І начуе ля паркану“…
Пётра-ж — не! Як на патэльні:
— „Панясло нас на пакуту,
Як з якой-небудзь цагельні
У шкляную тую гуту!
І чаго сюды нас пёрла?
Звадыяш стары — і толькі!
Каб табе смалы у горла
Мо‘-б язык ня лопаў столькі!“
Так ці гэтак — у падвале…
Але дзе тут тая кара:
Каб ня дзьверы на завале,
Жыў-бы лепш за камісара!
Гавару вам, як прад небам!
Я — дальбог — ня комуністы,
Але хлеб тут пахне хлебам,
Смак — ня так, затое — чысты…
З аржаной мукі… Заквашан
Не ў памыйніцы, а дзежцы…
Значыць — чорт ня гэтак страшан,
Як малююць ўсе драпежцы!
Сьцены выбелены бела,
Добра вымыта падлога: Хоць і голай сядзеш — сьмела!
Не запэцкаеш нічога…
Колькі хочаш каля кранту
Лі ваду — бяз ўсякай шкоды:
Не знайсьці другому франту,
І ў бацькоў такой выгоды!
Двор, як стол, — напроці ганку:
Крок адзін з тае сьпіжарні
Зразу маеш пагулянку
Так, як конь у малатарні!
Выйсьці трэ‘ — ідзе важаты,
Што спытаешся — раскажа,
Давядзе назад дахаты,
Нават закутак пакажа…
Не пакрыўдзіць ў кепскім слове!
Хоць і тут шануюць матку:
Бо часамі у размове
Матку ставяць на пачатку…
Пётра ўраз, як конь разорай!
Кінуў лаяць на старога
І пачуў сябе ня горай,
Як за пазухай у бога.
І хоць ў полудзень нікому
Не падалі марцыпанаў,
Але ўсякі еў, як з дому
Бяз прусоў і тараканаў…
Посьле панскага астрогу
Хто ня верыць, хай пазнае!
Тут быў рай Пятру і богу:
Чалавек адпачывае! Аднаго бракуе сьвету:
Бо вакенца у дзьве цалі…
Рады мала: хату гэту
Не на гэта будавалі…
Гэтак сама і у нарах
На развод крыху брыдоты…
Было-б дзіва, каб па шпарах
Не вялося ані ёты!
Але што? ці-ж гэта вошы?
Як той мак-відук часамі!
Хоць на выстаўку за грошы:
Толькі назва, а ня самі…
Але будзе ва ўсе косьці
Размалёўваць на ўсе бокі,
Бо самога клікнуць ў госьці —
Шлях астаўся недалёкі…
Каб хутчэй пачаць канчатак,
Бо і так я доўга бразгаў,
Што зрабілась на астатак
Раскажу без падрабязгаў…
Як на добрым сенавале,
Посьле добрае дарогі,
Бог і Пётра пераспалі
Бяз усякае трывогі…
Ў поўдзень сьледчы іх паклікаў,
Распытаў пачалавечы І ні разу не засыкаў
Так, як той пастух авечы…
Бог і Пётра не маўчалі:
Ня было чаго таіцца,
Калі людзі перасталі
І бяз гэтага маліцца…
Не патрэбны і драбіны —
Як па маслу ці па здору
Праз якое паўгадзіны
Праўда вылезла на гору…
Каб Эўропа не казала,
Што у нас няма закону,
Справа доўга не ляжала
І пабегла без разгону…
Перад цэлым белым сьветам
У вышэйшым трыбунале,
Дзе быў доступ і кабетам,
Бога з Пётрам — апраўдалі…
„Бо няма такіх на сьвеце
І не здаралася ніколі!
А табе за іх, поэце,
Трэба так усыпаць солі,
Каб якіх чатыры годы
Ад крыніцы да крыніцы
Бегаў піць і назаўсёды
Кінуў слухаць нябыліцы!“
Ліпень, 1925 г.
|