Быў я сёлета у хаце
Ў дзядзькі нашага Стафана —
І сьмяяўся, родны браце,
Аж да вечара ад рана,
Бо як вытне Стэфка казкі
Усьмяшліва загаворыць,
Лопне бруха без завязкі —
Чуць да сьмерці не заморыць!
Дзе й бярэцца у старога?
Але, праўда, жыў нямала
І ня дзіва — бачыў многа;
Ад яго-ж і мне папала!
А усім ужо вядома,
Што я песьні ня трымаю
Так, як жонку тую дома,
І хутчэй у сьвет пускаю…
Так і тут… Прашу — сядайце,
Хто на зэдлі, хто на лаве.
І па поўніцы глытайце
Праўду ў казачнай аправе…
|