Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Якубу Коласу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трэба нам песень Якубу Коласу
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Заўсёды наперад
Іншыя публікацыі гэтага твора: Якубу Коласу (Жыві у радасьці і ў шчасьці…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыві у радасці і ў шчасці,
У яснай далі, слаўнай волі,
Няхай праклятыя напасці
Цябе, брат, не крануць ніколі.

Хай сонца след табе карчуе
Да новых песень каласістых,
Хай кожны знае, хай пачуе,
Як мы йдзем сцежкай залацістай.

А дні былі, калі жылі мы
У нядолі, ў падняволлі цяжкім;
Жыла уся наша радзіма
Пад гнётам панскім і пад царскім.

Над Нёманам спяваць пачаў ты
У хаце курнай, загібелай
У час рэакцыі праклятай,
Пад скрогат шыбеніц, расстрэлаў.

Былі то песні смутку, жалю
Над сваім краем, над народам;
Свабодны вецер бліжай, далей
Разносіў іх у непагоду.

Ты помніш, помніш, Колас мілы,
Як я к табе ішоў у госці,
У час той подыху магілаў,
У час бяссільнай помсты, злосці.

Княжацкі бор шумеў пакутна,
Як нашы песні таго часу,
Пужалі зверы штомінутна,
Душа не бачыла папасу.

Княжацкі бор шумеў, а Нёман
Мне да цябе дарогу значыў,
Блішчэлі зоры, чуўся гоман
Над Нёманам, змяшаны з плачам.

Сягоння пешкі мы не ходзім,
А на машыне ў госці едзем.
Княжацкі бор пужаць нас годзе.
Не страшны князевы мядзведзі.

Ды веру, хутка, незадоўга,
У непрымушанай ахвоце,
З табой нябеснаю дарогай
Мы паляцім на самалёце.

Мы паляцім над Нёман сіні,
Над бор, ад князя ўжо свабодны,
Заглянем хто жыве ў хаціне,
Дзе жыў ты, брат, з жыццём нязгодны.

Стуль паляцім мы і да Вільні,
Дзе хлеб і соль дзялілі спольна,
І ўсё агледзім вокам пільным
У Вільні ўжо совецкай вольнай.

Жыві у радасці і ў шчасці,
У яснай долі, слаўнай волі,
Няхай праклятыя напасці
Цябе, брат, не крануць ніколі.

Шляхі нам партыя да зораў,
Да небывалых цудаў знача, —
Народ не знае болей гора,
Народ раскованы не плача.

Гудкі на фабрыках, заводах
Гудуць гудліва, безустанна.
Заваяваную свабоду
Рабочы люд не дасць спаганіць,

Калгаснік — а мужык нядаўна —
Паходкай пахаджае гордай,
Зямлю парадкуе аддана,
І ў Сталіна ён верыць цвёрда.

Дык хай-жа песні з лета ў лета
Твае мкнуць, Колас, вольнай хваляй,
І кажуць людзям, кажуць свету,
Як тут кіруе мудры Сталін.

Менск, кастрычнік 1936 г.