То не шум баравы
Шуміць весткаю добрай,
То не кліч баявы
Арміі харобрай —
Гэта гоман ідзе
Па свеце вялікім,
Нечуваны нідзе,
Ад полюсаў дзікіх.
То не шум баравы
Патрасае светам,
То не гром векавы
Грымнуў гэтым летам,
А легендай сусвет
Ганарыць належна
Нашых лётчыкаў цвет
На ўвесь свет бязмежны.
То не шум баравы
Шмідта ўвекапомніў, —
Магілеў наш сівы
Земляка успомніў
І падумаў сабе:
Добра ў часе гэткім
Шмідта мець у сяўбе
На нашых палетках.
То не шум баравы
Хвалюе прыволле,
Дум напеў векавы
Аб вялікай волі, —
Гэта едуць да нас
Саюза героі
Ва ўсёй велічы крас,
У палярнай зброі.
То не шум баравы
Шуміць небывала
Ад марэй да Масквы
Нечувавай хваляй, —
Гэта едзе экспрэс
З чэлюскінскай славай, —
Яму сонца і лес
І людзі б‘юць брава.
То не шум баравы
Калыша прасторам
І не зоў баявы
Заклікае к зорам, —
Гэта наша жыццё
Пяе гімн шчаслівы
Пра ўсё наша быццё
Нашых родных ніваў.
|