Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Сыны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старыя акопы Сыны
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Выпраўляла маці сына
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сыны (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЫНЫ

Сыноў бацька сваіх кліча
На параду ў хату,
А ўрачыста як-бы кліча
На якое свята.

І з павагаю пытае
Кожнага з асобку,
Кім з іх кожны быці хоча,
Якім жыць заробкам.

*

— Бо сыны мае, — так кажа,—
Жывіцё ў краіне,
Чалавечая дзе праца
На марна не гіне.

І сыны адказ трымалі
Перад бацькам родным,
А стараўся з іх быць кожны
Свайго бацькі годным.

*

Першы кажа: — Землі буду
Трактарам варочаць,
Каб рунелі, зелянелі,
Аж яснелі вочы.

Каб раслі ў рост чалавека
Жыта і пшаніца,
Каб аж госці к нам з-за свету
Ехалі дзівіцца.

*

Другі кажа: — На заводзе
Быць хачу даўно я,
Дзе чыгун ракою льецца,
Дзе звініць сталь звонам.

Будаваць буду дзень цэлы
Домны і мартэны,
Медзь і вугаль браць у дзела
Ад шахтаў падземных.

*

— Плаваць я пайду на мора, —
Сказаў гэтак трэці, —
Дзе „Чэлюскін“ горда плаваў,
Дзе пурга, дзе вецер.

Ад халодных да гарачых
Мораў рэйс мой будзе,
Параход мой будзе грозна
Рэзаць хваляў грудзі.

*

Сын чацверты: — Хочу лётаць
Птушкаю крылатай,
Мераць неба ў самалёце
Над тваёю хатай.

Арлянём сябе ў сне бачу,
Не знаю спакою…
Хачу быць я, мой ты бацька,
Лётчыкам-героем!

*

— Байцом буду я чырвоным, —
Пяты кажа гэтак, —
Сцерагчы граніцы-межы
Краіны Советаў.

Каб наш вораг пры нападзе
Сустрэнуў магілу.
Байцом буду, каб з мяне быў
Рад сам Варашылаў.

*

А сын шосты: — Складаць песні
Буду колькі змогі.
Пра вялікія падзеі
Сталінскай эпохі.

Як працуем, як знішчаем
Здрадныя напасці,
Як будуем, як ствараем
Казачнае шчасце.

*

Так сыны адказ трымалі
З гонарам юначым,
Свае выказаці думкі
Не ўмелі іначай.

Большэвік быў іхні бацька,
Пролетарый родам,
Зведаў сушы, зведаў моры,
Бітвы і паходы.

Ляўкі. Аршаншчына.
Чэрвень. 1935 г.