Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Прывет вам!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Маладым паэтам Прывет вам!
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Трэба нам песень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прывет вам…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРЫВЕТ ВАМ…

Прывет вам, вольныя паэты,
Прывет вам ад душы ўсяе!
Хай вашы песні з лета ў лета
Зямля совецкая пяе!

Жывем у сонечнай краіне,
І будзем жыць у добры час,
Дзе праўда ясная не гіне,
Дзе праўдзе служыць кожны з нае.

*

Прывет вам, вольныя паэты!
Мінуўся подлы гнёт і здзек, —
Мы з цемры вышлі да прасвету,
Мы рабства скінулі навек.

Ніхто нам песень не спаганіць,
Свабодных песень, як віхор,
Ні чорных здрайцаў завыванне,
Ні рабаўласнікаў тапор.

*

Прывет вам, вольныя паэты,
Квяцістай волі песняры,
Вам з блізкіх і далёкіх светаў,
Людскіх душ слаўныя майстры!

Нам расцярэблены дарогі
Да небывалых новых дзён,
Нам сэрцы б‘юцца без трывогі,
Спакойны нашы ява, сон.

*

Прывет вам, вольныя паэты,
Хай час вам радасна бяжыць!
Нам пад шчасліваю каметай
Так лёгка жыць, тварыць і жыць!

Тут гаспадарку мудры Сталін
Вядзе на дзіва ўсіх вякоў,
Тут людзі плакаць перасталі,
У заможных вышлі з жабракоў.

*

Прывет вам, вольныя паэты,
Народаў братніх дружны хор!
Хай прамянее агняцветам
Радзімы нашае прастор!

Зайграюць сурмы нам да бойкі,
Пажарам задымяць шляхі, —
Алоўкі зменім на вінтоўкі,
Заменім пёры на штыхі.

*

Прывет вам, вольныя паэты!
Вітае вас і мал і стар.
Нясіце-ж ленінскім заветам
Свой шчыры песень вашых дар!

Каб праз вякі вясной распетай
Дум вашых сказы ў свет ішлі…
Прывет вам, вольныя паэты
На беларускае зямлі!

Менск, люты, 1936 г.