Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Песня будаўніцтву

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нашай Канстытуцыі Песня будаўніцтву
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
З‘езду Советаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песня будаўніцтву (Купала, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСНЯ БУДАЎНІЦТВУ

Прыдзе новы — а мудры — гісторык,
А ён прыдзе — ужо ён ідзе —
І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак
І да зорак аб нашых прасторах,
Аб падзеях, людзях павядзе.

Ён раскажа, як з творчым імкненнем
Для народаў закон выдавала
Большэвіцкая праўда, сумленне,
Каб жыццё ўжо было без цярпенняў
І мінула пракляццяў навала.

Як знішчаліся цвёрдай рукою
Пролетараў варожыя класы,
Як на фронтах ішоў бой за боем,
Як зброд ворагаў здаўся, не ўстояў
Ў тыя грозныя бурныя часы.

Як ішла рэканструкцыя смела
Па заводах, на полі, па думках,
Перашкоды знішчаючы ўмела,
Хоць варожы табун адзічэлы
Ёй імшу пахавальную крумкаў.

Як мінулым спаганена праца
Ад батрацкай прыгоннай сярмягі,
Сабе ўзносячы ў сонцах палацы,
Стала горда навек называцца
Справай гонару, славы, адвагі.

Маладому свайму пакаленню
Ён апіша з палётам арліным,
Як бліскотна з бетону, з камення,
З цэглы, з сталі, жалеза ў праменнях
Тут за гмахам рос гмах на руінах.

Як узняўшыся слаўна ў вышыні,
Соцспаборніцтва, ўдарніцтва ўдала
Здабывала багацце краіне,
Гарады будавала ў пустынях
І пустынную ноч асвятляла.

Як за трактарам трактар выходзіў
На сялянскія стужкі-палоскі,
Каб у дружным, як войска, паходзе
Нішчыць межы, машыны заводзіць,
Будзіць спячыя сёлы і вёскі.

Як яна, большэвіцкая партыя,
Каб да тла зруйнаваць стары свет,
Барацьбою зацятай, упартай,
Сваю ставячы голаў на карту,
Дасягла недасяглых пабед.

Прыдзе новы — а мудры — гісторык,
А ён прыдзе — ужо ён ідзе —
І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак
І да зорак аб нашых прасторах,
Аб падзеях, людзях павядзе.

Менск. 22/XI-31 г.