Расчыні шырока дзверы,
Мілая старонка,
Выйдзі стрэнуць свой Кастрычнік
Песняй гулкай, звонкай!
Свята нашай гадавіны,
Хоць і ўвосень свята,
Свеціць вечнаю вясною
Нашым гоням, хатам.
Гэй вы, хлопцы, гэй, дзяўчаты,
Комсамол шчаслівы,
Cыпце кветкі, сыпце радасць
Нашым сёлам, нівам!
Перад намі ў сонцы, ў зорах
Будучыня наша,
Кожны дзень сягоння лепшы,
Як быў учарайшы.
Наша праца не йдзе марна
У полі, на заводзе, —
Аб здабытках, дасягненнях
Слава ходам ходзіць.
Мы не марамі сягаем
Высака пад неба, —
Самалёты — нашы птахі —
Даль вышынь цярэбяць.
Мы не пекла дасягаем
У зямлі глыбінах,
А багацце здабываюць
Нашыя машыны.
Нашы межы не баяцца
Здрадніцкіх напасцяў,
Мы сяўцы для чалавецтва
Яснай праўды, шчасця.
Нашых песень, светлых думак
Нішто не зацемрыць —
Ні наганы, ні кайданы
Фашыстоўскай хэўры.
Мы ідзем у сонцы з сонцам
Маладым паходам.
Слава бацькаўшчыне нашай
І яе народам!
Слава сокалу, што родам
З-пад каўказскіх скалаў,
Што з Крэмля праменні сее
З юнацкім запалам!
|