Я веру — настане
такая часіна
І руняй совецкай
уквецяцца гоні,
Дзе Віслы, дзе Сены,
дзе Темзы даліны,
Дзе праца людская
сягоння ў прыгоне.
Развеюцца ў попел
кароны і троны,
Штэрлінгі і франкі,
дукаты, далары;
Мікадаў, пралатаў,
банкіраў, баронаў
Захлынуць паўстанняў
народных пажары.
Рабочых грамады
ў свае возьмуць рукі
Заводы і фабрыкі,
шахты і домны,
Збудуюць палацы
сабе і для ўнукаў,
Дзе радасць і сонца
загосцяць векпомна.
Калгасны стальны плуг
засыпле навекі
Ў барозны-магілы
паноў-феадалаў,
Каб сейбіт старанны
не гнуўся пад здзекам,
Каб сочная ніва
буйней красавала.
Хрыстоў, магаметаў,
еговаў і будаў,
Бажніцы, капліцы
ўсіх вераў і нацый,
Як смецце на свеце,
як тухлыя груды,
Змяце дыктатура
раскованай працы.
А белыя, жоўтыя,
чорныя расы
Да мовы супольнай
прачысцяць дарогу…
Сунімуцца бітвы,
загубяцца класы.
Граніцы, заставы
парве перамога.
Н‘ю-Йоркі, Парыжы
і Вільні, Берліны,
Шанхаі, Варшавы,
Жэневы, Такіі
Аздобяцца ў сцягі
чырвонасці дзіўнай,
Што ў нас зіхацяцца —
у сцягі такія.
Пад ленінскім сцягам
пролетарыята
Паўстане рваць путы —
хто долі не ведаў, —
Хто сохне без хлеба,
хто гіне без хаты,
Хто корміць сваім
мазалём дармаедаў.
Ад мораў паўночных
да мораў паўдзённых
Уздымецца песня
свабодна і думна:
Хай праца пануе
на вольных загонах.
Хай зоры іскрацца
сусветнай комуны.
Я веру — настане
такая часіна
І руняй совецкай
уквецяцца гоні,
Дзе Віслы, дзе Сены,
дзе Темзы даліны,
Дзе праца людская
сягоння ў прыгоне.
Менск, сакавік 1932 г.
|