Гэй ты, моладзь, наша змена,
Комсамольцы, комсамолкі,
Як-жа светла, як адменна
Свеціш колерам вясёлкі!
Маладой юнацкай славай,
Ці то ўзімку, ці то летам,
Нібы сонца, цуднай з‘явай
Прамянееш ты ў сусветах.
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай з сяўбы багаты,
Комсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
*
Хто наперадзе са сцягам,
На якім красуе Сталін,
Пакарыў сваёй адвагай
Неразгаданыя далі?
Хто найшчыршыя парывы
Сваіх думак, свайго сэрца
Аддае совецкім нівам,
Дрогнуць светам з сэрцам рвецца? Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай з сяўбы багаты,
Комсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
*
Ці то сушы, ці то моры,
Ці то высі паднябесся,
Ўсюды стрэнеш непакораў —
Комсамольцаў нашых з песняй.
Хай там бура, завіруха,
Хай пурга сапе і плача,
Стуль тваё пачуе вуха
Комсамольскі гарт юначы.
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай з сяўбы багаты,
Комсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
*
Чыя кірка ў падзямеллі
Першай пласт вугля цярэбіць
і чый трактар першы сцеле
Скібы на калгаснай глебе?
Чые звоняць звонка косы
На мурожнай сенажаці?
Хто йдзе першым у пракосах,
Што і ветру не дагнаці?
Глыбей, далей, у прасторы
Па ўраджай з сяўбы багаты,
Комсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
*
Глянь, карабль плыве дасужна,
Дыміць комін параходны, —
Комсамольцы сям‘ёй дружнай
Рэжуць хвалі ў шляху водным.
Ніпачым ім рыфы, скалы,
Ані смерчы, ні бураны, —
З маладым плывуць запалам
Цераз моры-акіяны.
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай з сяўбы багаты,
Комсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
*
Глянь у неба, ў стратасферу,
Дзе сягнуць не можа й вока, —
Комсамолец неба мерыць,
Сячэ крыллем вал аблокаў.
З самалётам днём і ночай
Мігаціцца ў безграніччы,
Днём смяецца сонцу ў вочы,
Ночкай зорнай зоры ліча.
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай з сяўбы багаты,
Комсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
*
На фарпостах, на граніцах
Безгранічных нашых земляў
З карабінам ля стражніцаў
Комсамолец не задрэмле.
З ім не жарты, з ім не гулі, —
Сцеражыся, подлы вораг!
Яго метка цэліць куля, —
Змеле злыдзеня на порах.
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай з сяўбы багаты,
Комсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
*
Я шчаслівы, то я разам
Пяю песні з комсамолам,
Пяем песні складным сказам —
Ажно рэхі йдуць вакола.
Родзіць буйна наша поле,
Сады нашы, агароды,
Гудуць гулка з добрай волі
Нашы фабрыкі, заводы.
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай з сяўбы багаты,
Комсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
Менск, сакавік 1935.
|