Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Арлянятам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
І прыдзе Арлянятам
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Комсамолу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Арлянятам (Купала, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АРЛЯНЯТАМ

1

Гэй, узвейце сваім крыллем,
Арляняты, буйна, бурна,
На мінулых дзён магіле,
Над санлівасцю хаўтурнай…

У маланках перуновых,
З гулкім гоманам грымотаў
Для вякоў дыктуйце новых
Нечувалыя ясноты.

Вам сярпы і косы ў рукі
Ды мячы, каваны з сталі,
Далі буры, завірухі,
Што тут вылі, бушавалі.

Цень мінуўшчыны праклятай,
Дзе бізун гуляў з нагайкай,
Змеціцё вы, арляняты,
Сваёй новай сілай, байкай.

Ужо выбіла часіна
На вялікую прыгоду
Выйсці з мутнай каляіны
Беларускаму народу.

У чарадзейным карагодзе,
У неабсяжнае свабодзе,
Без аковаў на прыволлі
Ужо віхрыцца наша доля.

2

Вам на памяць Серп і Молат
Даравала доля,
Каб з вас кожны быў, як волат,
Не гнуў плеч ніколі.

Каб здабытую свабоду
Зналі, шанавалі
І у цяжкую прыгоду
Усталі грознай хваляй.

Зашумелі, загудзелі,
Як віхор сусветны,
Не праспалі у пасцелі
Волі агняцветнай.

*

Вам дасталіся ад продкаў
Сохі і бароны,
Каб вы ўчас, пасля паводкаў,
Вышлі на загоны.

І з‘аралі сваю ніву
Шырака, глыбока,
Зерне ўкінулі шчасліва,
Чыстае, як вока.

Каб рунела зерне тое
Весела, яскрава
Побач з нашай маладою
Сакалінай славай.

*

Вам пакінулі прадзеды
Гартаваны косы,
Каб вы з імі сонца следам
Вышлі на пакосы;

Каб касілі да упаду
Пустацвет і зелле,
Што сваім пякучым ядам
Труціць кроў у целе.

Каб звінелі вашы косы
Над зямлёю соннай,
Ад начных да ранніх росаў,
Звонка, векапомна.

*

Вам у спадчыне ад роду
Засталіся песні,
Каб быць вашай асалодай
У жыцця прадвесні.

Каб вы пелі, не сціхалі
Ў радасці і ў горы,
Гаманілі, нібы хвалі
У бурлівым моры.

Каб шоў гоман няспынны
Ад поля да поля
І людзей, яшчэ скаваных,
Заклікаў на волю.

Менск, 1923 г.