Быў калісь слаўны час, калі звон вечавы
Зычны покліч свой слаў за замчышча равы,
Слаў да княжскіх харом, да ўбогіх хацін,
Ен на веча склікаў сярод грозных хвілін.
І люд вольны ішоў. І ждаў Полацк гасьцей,
Князь ждаў гнеў ці хвалу. Дудар граў весялей.
Ня гулі віхры, гром, ня шумеў зелян-бор,
То судзіла суды і давала прастор
Вольным думкам сваім веча верных сыноў
Крывічанскай зямлі, веча шчасных гадоў.
— Князя злыдня прагнаць. Між дружыны ёсьць муж,
— Слаўны добрай душой і на мудрасьць ён дуж.
— Гаспадарыць яму! Князем выбраць яго!
Такі сказ край пачуў, пачуў з веча таго.
Полацк знаў што рабіў, бо калі жмудзь з лясоў
Запалоніла край, што быў згінуць гатоў, Вось тады не мячом Полацк край ратаваў, —
Моцай веды сваей Вільню ён паканаў.
З дзікіх, цёмных лясоў вывеў ворага ён,
У рукі сьветач ім даў, даў ім правы закон.
|