Беларусь пад Расеяй
Беларусь пад Расеяй Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1919 Крыніца: Ластоўскі В. Выбраныя творы: Уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1997. — С. 311—313. |
Друкуецца паводле выд. „Беларускі каляндар «Сваяк» на 1919 год“. Выдавецтва В. Ластоўскага. Вільня. Друкарня М. Кухты (с. 58—60), дзе апублікаваны ўпершыню; без подпісу. |
Беларусь адыходзіла пад Расею чатырма наваротамі: у 1772, у 1793, у 1795 і ў 1807 гг.
Першым наваротам, у 1772 гаду, да Расеі адышлі ваяводствы: Мсціслаўскае і Магілёўскае, часць Полацкага (па дзвіну) і часць Мінскага. Граніца пайшла ракой дзвіной, друццю і да дняпра. З гэтых зямель царыца Кацярына II[1] утварыла асобнае Беларускае генерал-губернатарства, а для кіравання духоўнымі справамі — Беларускае каталіцкае біскупства ў Магілёве.
Другім наваротам, у 1793 гаду, да Расеі адышла рэшта Міншчыны і ўсходняя часць Віленшчыны.
У 1795 гаду дабравольнай умовай, спісанай на сойме ў Гродні, да Расеі адышла рэшта Віленшчыны і часць Гродзеншчыны. Ва ўмове той, падпісанай царыцай Кацярынай II, царыца абяцалася за сябе і за сваіх патомкаў захаваць у цэласці ўсе правы і прывілеі жыхароў гэтай часці Беларусі, не чапаць спраў веры, мовы і абычаяў.
У канцы, чацвёртым наваротам, у 1807 годзе адышла да Расеі рэшта Беларусі: заходні куток Гродзеншчыны, даўней званы Падляшскі край. Падляшскі, знача пагранічны з ляхамі (палякамі).
Трапіла Беларусь пад Расею пасля бязмала 200-летняга сумеснага пажыцця з палякамі, да каторых за доўгія 200 гадоў адышла бязмала ўся наша шляхта, дык беларусы трапілі пад Расею толькі як стан сялянскі. Расейскае правіцельства, маючы адразу на мэце ператварыць беларусаў у маскоўцаў, старалася не даць нашаму народу права развівацца ў сваёй роднай мове, а з другога боку — кіравалася накінуць нам маскоўскую грамату і мову.
Раней некаторыя уніяцкія і праваслаўныя духоўныя кнігі друкаваліся мовай, вельмі блізкай да жывой беларускай мовы. Калі Беларусь трапіла пад Расею, друкаванне гэткіх кніжак было забаронена, старыя такія кніжкі пазабіраны з цэркваў і заступлены маскоўска-славянскімі.
Бачачы, што беларусы маюць асобную сваю уніяцкую веру і не так лёгка зліваюцца з маскоўцамі, расейскае правіцельства стала ціснуць уніятаў: адбірала цэрквы, манастыры, сілай наварачвала уніятаў на праваслаўе. У канцы ўзгадавала спаміж уніяцкіх духоўнікаў здрадніка свайго народа і веры, нейкага Сямашку[2], высунула яго на біскупскі ўрад і пры яго помачы скасавала саўсім уніяцкую веру ў 1839 годзе. У царскім прыказе Мікалая I гаварылася, што уніятам «позволено» пераходзіць у праваслаўе, а ў той самы час па ўсёй нашай зямлі раз’язджалі ад парафіі да парафіі казацкія сотні і, дзе дабравольна не хацелі прымаць праваслаўя, там пры помачы розаг і нагаек хрысцілі сялян. Усе уніяцкія цэрквы і маетнасці былі забраны на праваслаўе. Апорных духоўнікаў уніяцкіх і болей цвёрдых сялян ссылалі ў Сібір і нават на катаргу.
У тым жа 1839 годзе было забаронена друкаваць якія бы то ні было кнігі па-беларуску. Народу нашаму расейскае правіцельства сказала, што ён нічым не розніцца ад маскалёў, і ўсюды праводзіла гэту сваю думку: і праз царкву, і праз школу, і калі наша маладзёж адбывала ваенную павіннасць.
Многа прыйшлося ўсяго-ўсякага выцерпець народу нашаму ў часе гэнага ліхалецця. тым болей што кіруючыся хутчэй абмасковіць беларусоў, расейскае правіцельства старалася як можна болей абясправіць народ наш. Яно разумела, што чалавек светлы і багаты не так лёгка паддаецца гвалту, як чалавек бяспраўны і цёмны. Вось з гэтай мэтай, каб абясправіць дарэшты і прад тым бяспраўны наш народ, царыца Кацярына найперш узмацавала ў нас прыгонную няволю: забаронена было пераходзіць сялянам ад аднаго да другога пана па сваёй волі, пазволена было панам аддаваць сваіх сялян у арэнду на фабрыкі і падрадчыкам, пазволена было панам сваім судам ссылаць сялян у Сібір і здаваць у салдаты.
Два польскія паўстанні 1833 і 1861 гг.[3] захоплівалі і нашу Беларусь, і хоць народ беларускі ў цэлым і не належаў да іх, але кары за паўстанні сыпаліся на ўвесь наш край і народ.
У 1861 годзе царскім маніфестам цара Аляксандра II[4] была скасавана ў нас паншчына. У канцы народ наш вызваліўся з цяжкой прыгоннай няволі, але нацыянальных правоў беларусам Расея не дала. Наадварот, абрусенне яшчэ болей было ўзмацавана.
Гэтак цягнулася да 1905 года. У 1905 годзе рэвалюцыйны рух дамогся ад правіцельства маніфесту, абяцаючага крыху волі грамадзянам усёй Расеі. У тым ліку і мы, беларусы, дабылі сабе права друкаваць кніжкі ў сваёй мове і гаварыць у нашых газетах аб сваіх патрэбах і жаданнях.
Але і 1905 год не прынёс нам правоў грамадзянскіх. Школ беларускіх не пазволена было адкрываць, расейскае правіцельства ў суд, царкву і касцёл не дапушчала беларускай мовы. У Гасударственную думу беларусам нельга было пасылаць сваіх дэпутатаў: закон аб выбарах дзяліў беларусоў на каталікоў і праваслаўных і адных далучаў да палякаў, а другіх да расейцаў.
Наогул, ад 1863 года правіцельства старалася дзяліць наш народ на двое: на каталікоў і праваслаўных, як быццам гэта быў не адзін суцэльны народ, а два розныя народы.
Гэтак стогадовае наша жыццё ў Расеі не дало нам з нацыянальнага боку ніякіх карысцяў, адно ўціск і абмаскоўленне.
- ↑ Кацярына II Аляксееўна (Софія Фрэдэрыка Аўгуста Ангальт-Цэрбская, 1729—1796) — расійская імператрыцы (з 1762 г.). Пры яе праўленні адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай, у выніку якіх беларускія землі былі прымусова далучаны да Расійскай імперыі.
- ↑ Сямашка Іосіф (1799—1868) — царкоўны дзеяч, актыўна спрыяў скасаванню грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы на Беларусі.
- ↑ Два польскія паўстанні 1833 і 1861 гг.… — В. Ластоўскі недакладны. Відавочна, меліся на ўвазе нацыянальна-вызваленчыя паўстанні 1830—1831 і 1863—1864 гадоў. Недакладнасць і ў тым, што абодва яны названы выключна польскімі.
- ↑ Аляксандр II (1818—1881) — рускі імператар (1855—1881), пачатак праўлення якога адзначыўся пэўнымі ліберальнымі ўступкамі народу ў параўнанні з эпохай Мікалая I.