Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1943)/III/А/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 5. Коска § 6. Кропка з коскаю
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год
§ 7. Двукроп’е

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 6. Кропка з коскаю (;)

Правіла 6. 1) Кропка з коскаю ужываецца для разьдзяленьня аднолькавых часьцінаў сказу, калі ягоныя часьціны значна пашыраны, асабліва, калі у іх ужо ёсьць коска, прыкл.:

Падарожны расказаў людзям аб працы і вялікіх турботах, ім перанесеных; аб вышыні тых гор, якія ён бачыў; аб глебе у тых краёх, надзвычайна урадлівай; пра зьвяроў і птушак, невядомых у нашым краі; пра людзей з непадобнай, інакшаю гаворкай.

2) Кропка з коскай ужываецца паміж складана-злучанымі сказамі, калі яны пашыраныя, або у вадным з іх ёсьць коска, ці яны даволі самастойныя паводля значаньня, прыкл.:

Ціха Нёман калыхаўся у высокіх берагох; дуб магутны адбіваўся у яго дробных грабянёх.

Жарыць сонца бяз літосьці, варам пыша ад палёў, трэцца жыта у пыл на просьце; зерне сыплецца далоў.

Пасьціхалі птушак сьпевы; паскідалі лісьце дрэвы; зьніклі кветкі на палёх; пахаваліся людзі у хаты; сумна лес глядзіць кашлаты; жоўты ліст увесь палёг.

Сонца шчыра разьлівала блеск гарачы і цяпло; поле жыцьцем трапятала; усё сьпявала і цьвіло.

3) Кропка з коскай ужываецца для разьдзяленьня аднолькавых даданых сказаў, асабліва, калі у іх ёсьць ужо коскі прыкл.:

Калі асеньнія навіны
Зьмянілі сад; калі з бяроз
Рваў лісьце вецер, а мароз
Наліўшы ягады рабіны,
Траву губіў, і мы нагой
Узрывалі прэлых лісьцяў слой;
Калі патроху чырванелі
Чаромха, ліпа, стройны клён,
А гнёзды змрочныя варон
Між голага гальля чарнелі,
І грозны вечару пажар
Палаў між бура-сівых хмар;
Калі асеньні вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш жалезны дах, —
Тады да лета Вэраніка
Ад нас зьнікала у інстытут
І ня будзіла згадак тут.

М. БАГДАНОВІЧ.