Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1943)/III/А/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 4. Шматкроп’е § 5. Коска
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год
§ 6. Кропка з коскаю

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 5. Коска (,)

Правіла 5. Коска ставіцца у сказе:

1) Для аддзяленьня аднолькавых часьцінаў сказу, калі яны нязьвязаныя непаўторнымі злучнікамі: і, ды (= і), або, ці; калі-ж аднолькавыя часьціны сказу зьвязваюцца гэтымі злучнікамі, дык коска ня ставіцца, прыкл.:

Восень халодная, чорная, хмурная сунецца ціха, нячутна штодня.

Кругом круціць завіруха, гуляе, шуміць.

Стаіць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша.

Стогне, плача і галосіць завіруха злая.

Жыта сушаць на сонцы ці дома на печы ды мелюць на жорнах або у млыне.

Калі аднолькавыя часьціны сказу зьвязваюцца паўторнымі злучнікамі, дык паміж імі коска ставіцца, прыкл.:

То лясок, то луг, то поле, то лужок зялёны.

У раньнюю вясну ні у полі, ні у лесе няма ні ягад, ні грыбоў.

Калі аднолькавыя часьціны сказу зьвязаныя злучнікамі а, але, ды (=але), дык яны аддзяляюцца коскаю, прыкл.:

Болей слухай, а меней гавары.

Жыта злажылі, ды не надоўга.

Сонца яшчэ не узыходзіла, але ужо павеяла халадком.

Ідзі, да ня баўся.

2) Для выдзяленьня звароткаў, прыкл.:

Сонейка, чаму Янава ночка невялічка?

Сьпі, мой міленькі сыночак!

Глянь ты, слаўны ўладар, на палеткі свае!

Гэй ты, Нёман, наша рэка!

Эй ты, разводзейка, эх ты, бурлівае!

Ня кукуй ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! (М. Багдановіч).

3) Для выдзяленьня пабочных словаў і сказаў, калі яны не выдзяляюцца дужкамі або працяжнікам, прыкл.:

Напішы мне, калі ласка, пісямко да хаты.

Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае!

На вялікай, знаць, быў згубе у далёкай старане.

Ох, паплыў-бы я, здаецца, хмаркі разам з вамі!

4) Коска ставіцца для выдзяленьня выклічнікаў, калі пасьля іх не стаіць клічнік, прыкл.:

Эх, час касьбы, вясёлы час!

Ах, як стрэлка марудна ідзе!

Вясна, вясна! О, колькі у табе шчасьця! О, колькі радасьці прыносіш ты з сабой!

«Ого-го-го, брат!» — дзядзька кажа, — «цяпер зіма напэўна ляжа».

УВАГА. Калі выклічнае слова цесна зьвязана у вымаўленьні з іншымі словамі, дык коска пасьля гэтага слова ня ставіцца, прыкл.:
Гэй ты, Нёман, быстры Нёман,
Колькі дум ты мне нагнаў!
Ой ты, вецер, ня шумі, не сьпявай так нудна!
Эх ты, разводзейка, эх ты, бурлівае!

5) Коска ставіцца пасьля адмоўных і пацьвярджальных дапаможнікаў, не, так, але, прыкл.:

Не, ня гэтага я спадзяваўся!

Так, так, іначай бывала: не называўся забытым мой край.

Але, гэта было так.

6) Для выдзяленьня адасобненых азначэньняў і дзеяпрыметных зваротаў, калі яны стаяць пасьля слова, да якога адносяцца, прыкл.:

Адны толькі стагі, парыжэлыя ад сонца, стаялі на грудочках.

Таўстыя, старыя хвоі, аброслыя мохам, гарэлі, як сьвечкі.

Дзед, звычайна вельмі гаваркі, цяпер маўчаў.

Лес, атулены змрокам і цішынёй, стаяў нярухома.

Паабапал дарогі стаіць лес, сівы ад інею.

УВАГА: Прыметныя і дзеяпрыметныя звароты перад словам, да якога адносяцца, аддзяляюцца коскамі, калі можна паставіць дзеяпрыслоўі будучы ці быўшы, прыкл.:
Поўны новых сіл і сьветлых надзеяў, я сьмела ішоў наперад.
Густой апрануты ліствой, штось шэпчуць вербы між сабой.

7) Пры дзеяпрыслоўных словазлучэньнях, прыкл.:

Гальлё спусьціўшы над парканам,

Расла тут грушка з тонкім станам,

А каля хаты, у садочку,

Схіліўшыся ціхенька у куточку,

Стаялі вербы дзьве старыя.

Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе і, выцягваючы свае лапы, падпаўзалі да сонца.

Зябнуць вербы на маразе, прытуліўшыся к страсе.

УВАГА: Дзеяпрыслоўі без даданых словаў коскамі не выдзяляюцца, прыкл.:
У хворага пытаюць, а здароваму ня пытаўшы даюць.
Хто з вас гуляючы не узьбягаў на круглыя горкі мурашніку?

8) Для выдзяленьня адасобненага прыдатку, калі ён не выдзяляецца працяжнікам, прыкл.:

Праляцела борзда лета, наша сьветлая пара.

З поўначы холаду, сіверу буйнага, гусі на поўдзень ляцяць.

Грышка, хлопчык невялічкі, выйшаў з хаты у поле.

Мне тыя казкі і легенды, глыбокай спадчыны дары, дзядуля-лірнік падарыў.

Калі прыдатак злучаецца з азначальным словам такімі словамі, як: або, ці, нават, асабліва, г. значыць і іншымі, дык перад гэтымі словамі ставіцца коска, прыкл.:

Па моры ходзяць караблі, або вялікія параплавы.

Ярына, асабліва пшаніца, сёлета была вельмі умалотная.

У поўдзень, у самую сьпеку, нават лісты асіны не варушыліся.

Стэп, ці бязьлесная раўніна, шырака расьсьцілалася перад нашымі вачыма.

9) Для выдзяленьня адасабненых акалічнасьцяў, якія паясьняюць папярэднія акалічнасьці, прыкл.:

А там, проці сонца, зноў поўзалі хмаркі.

На прыгуменьні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам.

Калісьці, даўным-даўно, праз усю Эўропу прайшлі ледавікі.

Там, угары, над галавою, бягуць вагоны чарадою.

Раніцай, халадком, ісьці было добра.

Доўга, нават цэлыя гады, чуваць пах ляснога пажару.

10) Коска ставіцца для разьдзяленьня складана-злучаных сказаў з злучнікамі або кароткіх, прыкл.:

Ня страшыць сьцюжай там зіма, ні злых марозаў там няма, а краскі вечна там растуць, у гаях птушкі там пяюць.

Сьвішчуць птушкі над балотам, аж гамоніць лес і гай.

Ляціць і бусел, і жураў, і дрозд запеў і засьвістаў.

Кінуліся першыя буйныя кроплі, і дождж паліўся, як з вядра.

Сонца шчыра разьлівала блеск гарачы і цяпло, поле жыцьцем трапятала, усё сьпявала і цьвіло.

Нікла жыцьце у лесе шумным, агаляўся твар зямлі, і ляцелі з крыкам шумным над балотам жураўлі.

11) Для аддзяленьня даданых сказаў з злучнікамі ад галоўных, прыкл.:

Ня шукайце кветак у полі, як вясна к нам ня прыйшла.

Люблю я дарогі, што леглі між гор, і грушы старыя, што у жыце шумяць.

За хатай поле пачыналася, дзе жыта хораша гайдалася, і рос ячмень, авёс і грэчка.

Тымчасам пад зямлёй, дзе крэпка сплялося яго (дуба) карэньне, жыло шмат малелькіх злосьнікаў, каторыя дзень і ноч вялі пільную працу.

12) Для аддзяленьня няпоўных сказаў з злучнікамі: як, быццам-бы, як-бы, паводля і інш., напр.:

Як лёгкі дым, як лёгкі пар, расталі у небе кучы хмар.

Спакою тут Міхал ня знае,

Як-бы на колы вада тая,

Ідзе ды ідзе Міхал у вабходы.

І кожны весел, лёгкі, як пташка, хоць усякі працуе, як тая мурашка.

Сьнег блішчыць, як халодная сталь.

13) Аднолькавыя даданыя сказы, зьвязаныя злучнікамі і, ды (= і), або, коскамі не разьдзяляюцца, прыкл.:

Добра было прыслухоўвацца, як шарахціць асака пад вадзянымі струменьнямі, як абарвецца каменчык з высокае кручы і упадзе у ваду ды прыўскочыць шчупак з вады у пагоні за палахліваю рыбкаю.

Як люба на сьвеце, калі кроў буяніць у сэрцы або калі думкі кросны снуюць з пажаданьняў бурлівых.

Прыслухоўваўся Яська Жыгала, як прадаецца зямля і купля якія выгоды казала, як там ураджайна зямля.