Беларускі правапіс (1943)/II/В

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Б. Правапіс іншамоўных словаў В. Правапіс собскіх іменьняў, прозьвішчаў і геаграфічных назоваў
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год
§ 1. Пункт

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В. Правапіс собскіх іменьняў, прозьвішчаў і геаграфічных назоваў

а) беларускіх

Правіла 129. 1) Беларускія собскія (уласныя) іменьні, прозьвішчы і геаграфічныя назовы запісваюцца паводля беларускага правапісу з захаваньнем мясцовых асаблівасьцяў, якія не супярэчаць літаратурнаму вымаўленьню, прыкл.: Стралкоўскі (а не Стрэлкоўскі), Трыгубаў (а не Трэгубаў), Рабцэвіч (а не Рябцэвіч), Пятухоўскі (а не Піотухоўскі), Ваяводзкі (а не Ваявудзкі), Грыбоўскі (а не Гржыбоўскі), Ганчарэнка, Арцямюк, Федаровіч.

Менск, Віцебск, Полацак, Слуцак, Ворша, Магілеў, Рагачэў, Амсьціслаў; Мікалаеўшчына (а не Мікалаеўшчызна), Мазыр, Рэчыца, Бяларуч, Бяроза, Дзямідаў, Жыткавічы, Езярышча, Пціч, Буда-Кашалёўская, Чырвонапольле.

2) Жаноцкія прозьвішчы у афіцыйных дакумэнтах пішуцца па мужу, за выняткам катэгорыяў прозьвішчаў-прыметнікаў, якія пішуцца у жаноцкім родзе, прыкл.: Ганна Рабцэвіч, Надзея Арцямюк, Вольга Ганчарэнка і г. д.

У такіх выпадках прозьвішча пішацца бяз зьмены ва усіх склонах: з Ганнаю Рабцэвіч, у Вольгі Ганчарэнка і г д.

Але: Юзэфа Кернажыцкая, Натальля Вераб’ёва, з Юзэфай Кернажыцкай, у Натальлі Вераб’ёвай і г. д.

3) Таксама па бацьку пішуцца у афіцыйных дакумэнтах прозьвішчы сыноў і дачок, хоць у звычайным абыходку ужываюцца прозьвішчы сыноў з суфіксамі -онак, -ёнак, -шчык, а дачок — з суфіксам -анка, -янка, прыкл.: Агата Цішкевіч (а не Цішкевічанка), Алена Даўгала (а не Даўгалянка), Ігнат Кулеўскі (а не Кулеўшчык), Язэп Бабчонка (а не Бабчонак), Міхал Даўгала (а не Даўгалёнак) і г. д.

4) У дакумэнтах і афіцыйным абыходку, у тым ліку і у навучальных установах, заміж ласкальна-памяншальных іменьняў людзей ужываюцца незьмяншальныя беларускія мясцовыя формы, як прыкл.:

Не Алесь, а Аляксандар

Антось

Антон

Вінцэсь

Вінцэнт

Ігнась

Ігнат

Міхась

Міхал, Міхаль, Міхайла

Юзік

Язэп

Юрка

Юры

Ясь, Яська

Ян, Іван

Сьцёпка

Сьцяпан

Волька

Вольга

Кася

Катарына
Кацярына

Марыся

Марыля

Марыя

Алеся

Аляксандра

Антоля

Антаніна

Надзя

Надзея

Еўка

Ева

Юзя

Юзэфа

Гануля

Ганна

Юста

Юстына.

а таксама пісаць: Базыль, Васіль, Тодар, Тамаш, Апанас, Мікола, Мікодым, Натальля, Паўліна, Прузына, Сынклета.

б) іншаславянскіх.

Правіла 130. Іншаславяйскія іменьні, прозьвішчы і геаграфічныя назовы запісваюцца беларускім правапісам з перадачаю: І) аканьня, 2) зацьвярдзелых зычных, 3) дзеканьня і цеканьня, 4) ў нескладовага заміж в паміж слова перад зычнымі і у канцы словаў і 5) беларускіх канчаткаў, прыкл.: Катлярэўскі (а не Котляревськый), Сакалоў (а ня Соколов), Рабцоў (а не Рябцов), Чалкашоў (а не Челкашов), Шышкоў (а ня Шішков), Шаўчэйка (а не Шевченко), Ціханаў (а ня Тіхонов), Дзеркачоў (а не Деркачев), а таксама: Міклошыч, Кара-Джорджэвіч, Караджыч, Позднышаў, Кастрама, Разань, Жытомір, Цьвер, Уладзікаўказ, Пабіянцы і г. д.

УВАГА: Іншая фанэтызацыя іншаславянскіх собскіх іменьняў і прозьвішчаў не дапушчаецца, прыкл.: Талстой (а не Таўсты), Удалой (а не Удалы), Волкаў (а ня Воўкаў), Позднышаў (а ня Познышаў), Постнікаў (а ня Поснікаў), Счастліўцаў (а ня Шчасьліўцаў), Берднікаў (а ня Бернікаў), Нікітскі (а ня Мікіцкі), Рузскі (а ня Рузкі) і г. д.

в) іншамоўных

Правіла 131. Іншамоўныя (неславянскія) іменьні, прозьвішчы і геаграфічныя назовы запісваюцца паводля беларускага правапісу напісаньня іншамоўных словаў.

Афэлія, Афэнбах, Араніенбаум (прав. 109).

Карузо, Лёкарно, Анунцыё, Разарыё, Лёнгфэлё, Эміліё, Антарыё (прав. 110).

Вэрсаль, Сэнэгаль, Філёдэльфія, Гергард, Гетынген, Капэнгаген, Палермо, Каледонія, Гегель, Тэгеран (прав. 111).

Мальер, Т’ер, Жус’е, Тард’е (прав. 113).

Цымэрвальд, Рым, Рыга, Шыраз (праве. 114).

Азія, Аспазія, Пэрсія (прав. 114).

Мюзэта, Дуклё, Дусальдорф, Турынгія (прав. 115).

Рака Усуры, рэспубліка Урагвай (прав. 116).

Аўэрбах, Аўстэрліц, Шапэнгаўэр, Нордаў, Фаўст, Бічэр-Стоў (прав. 118).

Фойербах (прав. 119).

Ляйпцыг, Ляйбніц, Райн, Шляйхер, Айхенвальд (прав. 120).

Лёндан, Лёкарно, Брусэль, Мішэль, Поль, Заля (прав. 121, 122).

Тодар, Атэны, Тэадор (прав. 123).

УВАГА: На выпадак дакладнейшае перадачы неславянскіх і славянскіх іменьняў, прозьвішчаў і геаграфічных назоваў, пераважна малаведамых і малапашыраных, дапушчаецца і аўтэнтычнае напісаньне.