Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1943)/II/Б

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 11. Правапіс часьцінак Б. Правапіс іншамоўных словаў
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год
В. Правапіс собскіх іменьняў, прозьвішчаў і геаграфічных назоваў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Б. Правапіс іншамоўных словаў

а) Правапіс галосных

Правіла 109. Словы іншамоўнага паходжаньня падпарадкуюцца правілам аканьня што да о і таму о пішацца толькі пад націскам; ненацісьненае о заўсёды пішацца праз а, прыкл.: рэвалюцыя, каапэрацыя, палітыка, эканомія, арыентацыя, праклямацыя, маналёг, сацыялёгічны, нацыянальны, геамэтрыя, геаграфія, прафэсар, рэдактар, камітэт, сацыялісты, эвалюцыя і г. д.

Але у тых выпадках, калі паўстае небясьпека блытаніны, ненацісьненае о захоўваецца, прыкл.: онталёгія (навука аб быцьці) і анталёгія (выбар вершаў).

Правіла 110. На канцы іншамоўных словаў ненацісьненае о (ё) захоўваецца, прыкл.: нэто, бруто, какао, франко, інкогніто, крэдо; радыё, трыё, солё.

УВАГА: У спэцыяльнай навуковай літаратуры у іншамоўных малапашы́раных словах дапушчаецца напісаньне ненацісьненага о у пачатку і у сярэдзіне слова.

Правіла 111. Іншамоўнае е перадаецца на пісьме літараю э. Толькі пасьля л, г (g), к пішацца е, прыкл.: календар, плеяда, элемэнт, легенда, элеватар, тэлефон, тэлеграф, дэлегат, геолёг, альгебра, геамэтрыя, геаграфія, геадэзія, лягер, генэрал, агент, цынгель, Гедымін, анкета, анкер, букет, як у словах абеларушчаных: лейцы, глеба, талерка, шмалец, колер, ангельскі, гестка, банкет, кецка, кілішак (з «келіх»), кірмаш (з «кермаш»).

У пачатку-ж слова і пасьля іншых зычных пішацца э, прыкл.: фанэтыка, эпапэя, эрмітаж, этыка, элегія, экспэрымэнт, экспэдыцыя, дэбаркадэр, сэрвіз, арсэнал, сэлекцыя, сэнсацыя, сэмэстар, сэанс, сэзон, тэатар, пэдагогіка, мэтодыка, рэспубліка, тэлеграма і інш., як і у словах абеларушчаных: імпэт, пэрлы, сэсія, пасэсар, фэст, хвэбра, экзамэн, хэмія.

Правіла 112. Ненацісьненае э (е) у іншамоўных словах на пісьме захоўваецца, напр.: рэвалюцыя, дэлегат, эканомія, элемэнтарны, дэкрэт, дэкада, рэспубліка, рэвізор, рэпутацыя, тэарэма, рэгістратар, рэзалюцыя, тэмпэратура, тэрмомэтр, тэхнічны, рэжым, рэкорд, рэглямэнт і г. д.

Але у некаторых даўно запазычаных і агульнаведамых словах заміж ненацісьненага э пішацца а, прыкл.: аканом, рамонт, літара, літаратура, сакратар, гандаль, дакляраваць, матар’ял.

Правіла 113. Іншамоўнае je перадаецца праз е: праект, рэестар, рэльеф, бар’ер, траекторыя.

Правіла 114. Іншамоўнае i пасьля зацьвярдзелых (ж, ч, ш, р, ц) і пасьля зубных д, т, з, с перадаецца праз літару ы, прыкл.: рэжым, масажыстка, імажынізм, жырафа, рэчытатыў, чычэронэ, шыфр, шыфраваны, шыфон, нацыя, канстытуцыя, ізаляцыя, паліцыя, аварыя, гісторыя; дырэктар, дысцыпліна, гвардыя, дылема, кандыцыя, індывідуальны, тып, тыран, актыў, актыўны, калектыў, амністыя, пазыцыя, фізыка, сынонім, сыстэма, унівэрсытэт, сынтакс, як у словах, якія ужо даўно абеларусіліся: Сымон, магазын, тыфус, дыямант, даць дыхту, разынка, рызыка.

Але: Сібір, сібірны, тузін пішацца праз і.

Пасьля-ж іншых зычных пішацца і: міністар, маніфэст, архіў, капітал, капітан, пірат, навігацыя і інш.

УВАГА: 1. Але у канчатках словаў на ія, ійны, істы, ізм і пасьля з і с пішацца і, прыкл.:
ія: фантазія, рэцэнзія, аказія, дывізія, калізія, паэзія, гімназія; сэсія, камісія, місія, місіянэр;
ійны: дывізійны;
істы: гімназісты, гімназістка;
ізм: параксізм.
УВАГА: 2. Перад суфіксам ір, а таксама перад суфіксам памяншальнага значаньня -ік, пасьля з, с, д, (дз), т (ц) захоўваецца і, а заміж д і т пішацца дз і ц мяккія, прыкл.: кірасір, касір, блізір візір;
білет — білецік, зкспэрымэнт — экспэрымэнцік, працэс — працэсік, эпізод — эпізодзік.

Правіла 115. 1) Францускае «u» перадаецца праз ю, а пасьля зацьвярдзелых (ж, ч, ш, р, ц) і д, т, праз у, прыкл.:

ю: бюро, бюджэт, бюст, бюракрат, купюра, вэстыбюль, нюанс, мэню, сюжэт, Кюры, Гюго.
у: нактурн, журы, увэртура, брашура, душэс.

2) Нямецкае ü пасьля губных перадаецца праз ю, а пасьля усіх іншых — праз і (ы): Мюлер (Müller), але Брыкнэр (Brükner).

Правіла 116. Прыстаўное в перад у у іншамоўных словах ня пішацца: унія, урна, Уран, уніфікацыя, увэртура, унівэрсытэт, унівэрсальны.

б) Правапіс злучэньняў іа, іе, іо, іу.

Правіла 117. 1) Злучэньні іа, іе, перадаюцца праз ія, іе, а пасьля зацьвярдзелых (ж, ч, ш, ц, р) і д, т, з, с праз ыя, ые, як пад націскам, так і не пад націскам, прыкл.:

іа = ія — ыя: геніяльны, філіял, спэцыяльны, варыянт, сацыялізм, ініцыятыва, дыялект, партыя, дыямэтар, дыямэнт;
іе = іе — ые: гігіена, кліент, піетызм, дыета, аўдыенцыя, арыентацыя.

2) Злучэньне іо перадаецца пад націскам праз іё, а пасьля зацьвярдзелых і д, т, з, с, праз ыё, а не пад націскам праз ія -ыя, прыкл.:

іо = іё — ыё: бібліёграф, біёлёг, амбрыён, афіцыёзны, ідыёт, аксыёма, патрыёта;
іо = ія — ыя: біяскоп, геліятроп, сацыялёгія, бібліятэка, біялёгія, фізыялёгія, мэліярацыя, рацыянальны, нацыянальны, пэрыяд.

3) Злучэньне іу перадаецца праз іу, а пасьля зацьвярдзелых зычных і д, т, — праз ыу, напр.:

іу = іу — ыу: кансыліум, калёквіум, трыумф, трыумвірат, радыус, акварыум, прэзыдыум, натарыус.
УВАГА: У злучэньнях іа, іе, іо, іу першы гук і, а пасьля зацьвярдзелых — -ы, іншыя-ж гукі пішуцца праз я, е, ё, у. Пасьля іншых галосных (не і, ы) іншамоўныя а, о, е заўсёды пішуцца праз а, о, э, напр.: рэакцыя, кааліцыя, актуальны, какао, індывідуальны, ідэальны (але: ідэялёгія — ад ідэя), індывідуум, дуэль, паэта, дуэт, ідэал, тэатар, сылуэт.

в) Правапіс дыфтонгаў і злучэньняў галосных

Правіла 118. Дыфтонгі «аu», «оu» заўсёды перадаюцца праз аў, оў, прыкл.:

аu, оu = аў, оў: аўтар, аўдыторыя, аўдыенцыя, браўнінг, гаўптвахта, аўтамат, аўкцыён, фаўна, лёкаўт, Шапэнгаўэр, Баўэр, Аўэрбах.

Правіла 119. Лацінскае злучэньне «еu» перадаецца праз эў — еў, прыкл.:

еu = эў — еў: нэўрастэнія, нэўралёгія, нэўтральны, нэўтралітэт, фэўдалізм, леўкой.

А нямецкае eu (öu) паводля нямецкага літаратурнага вымаўленьня перадаецца праз ой (ёй): Фойербах, Лёйтэнант.

Правіла 120. Нямецкае злучэньне «еі» перадаецца праз ай — яй паводля нямецкага літаратурнага вымаўленьня, — прыкл.:

еі = ай — яй: райнвайн, партвайн, ляйт-матыў.

г) Правапіс зычных

Правіла 121. 1) іншамоўнае л перадаецца у пачатку і сярэдзіне слова мякка, прыкл.: лябараторыя, ляндшафт, лёгіка, лёзунг, галюцынацыя, фальклёр, блюза, баляда, балён, парлямэнт, філёлёгія, праклямацыя, бульвар, капітуляцыя, спэкуляцыя, рэгуляваць, цэлюлёза, элемэнт, інтэлект, інтэлігенцыя, маналёг, дыплём, марфалёгія, філёзофія, як у словах, якія зьбеларусіліся: лямпа, клямка, пляц, акуляры.

2) У канцы іншамоўных слоў l перадаецца або мякка, або цьвёрда у залежнасьці ад вымаўленьня:

мужч. род:
ль: аўтамабіль, бінокль, вэксаль, мэталь, стыль, цыркуль, мэдаль;
л: адмірал, артыкул, ідэал, капітал, арыгінал, інтэграл, трыбунал, інтэрнацыянал, пэрсанал.
жан. р.:
ль: дэталь, пастараль.
ля: заля, віялянчэля, карусэля, сэрадэля, роля;
ла: фабула, формула, фістула.
множ. л.: канікулы.

Правіла 122. Злучэньне ло перадаецца праз лё як пад націскам, так і не пад націскам, прыкл.: калёквіум, лёзунг, заалёгія, біялёгія, фізіялёгія, дыплём, балён, цэлюлёза, марфалёгія, маналёг, лёгіка, фальклёр; лёяльны, філёзофія, дыплёмат, біёлёг, філёлёгія, этымалёгічны, марфалёгічны.

Правіла 123. Грэцкае φ, лацінскае ph і f у іншамоўных словах перадаецца праз літару ф, а грэцкае θ, лацінскае «th» праз т, прыкл.:

ф: факт, фабрыка, фамілія, форма, фронт, фартуна, фэст, фігура, філёзофія, тэлеграф, гектаграф, рэльеф, тарыф;
т: тэатар, катэдра, каталік, артаэпія, артаграфія, лёгарытм, арытмэтыка, патос, Атэны, як: Тамаш, Тодар, Агата.

Але калі запазычанае з гукам ф слова ужываецца у нашай мове даўно і зьбеларусілася, дык у такіх зьбеларушчаных словах гук Ф замяняецца гукамі п, х, хв, прыкл.: Піліп, Язэп, Апанас; кахля, Хама; хварба, Хведар, хунт (вага), але — фунт стэрлінгаў.

Правіла 124. Падвойныя зычныя у іншамоўных словах ня пішуцца, прыкл.: акумуляцыя, апарат, асыміляцыя, бруто, баляст, бэлетрыстыка, група, ідылія, нэто, тэрыторыя, каса, маса, сума, камісія, камісар, тэлеграма, Фінляндыя, Галяндыя.

Але у некаторых словах падвойныя зычныя захоўваюцца, прыкл.: манна, ванна, Мадонна, Ганна, Будда, Мэкка.

д) Правапіс суфіксаў

Правіла 125. Францускі суфікс — euraire перадаецца праз эр, а пасьля дз (=д), ц (=т) н, л, г (g), к праз ер або — ёр (пад націскам), прыкл.:

эр: рэжысэр, шофэр, акцыянэр, місіянэр, міліцыянэр, інжынэр, рэзанэр, губэрнэр, парлямэнтэр;
е: квакер, марадзер кантралер;
ё: манцёр, шахцёр, білецёр.

Правіла 126. Лацінскія злучэньні тр, др у канцы слова разьбіваюцца праз «а» (тар, дар), як і у шмат якіх іншых мовах, прыкл.:

тар: магістар, сэмэстар, рэестар, літар, мэтар, тэатар, арэомэтар, дыямэтар, міністар.
дар: цыліндар, кадар, Аляксандар.

Правіла 127. У іншамоўных дзеясловах і у словах, вытвараных ад іх, суфікс ір не ужываецца, прыкл.: рэгуляваць (а не «рэгуліраваць») — рэгуляваньне, вібраваць (а не «вібрыраваць») — вібраваньне, вібрацыя, сымуляваць (а не «сымуліраваць») — сымуляваньне (сымуляцыя), калькуляваць — калькуляваньне (калькуляцыя), спэкуляваць — спэкуляваньне (спэкуляцыя).

Але калі з пропускам суфіксу ір сэнс слова зьмяняецца або станецца нявыразным, дык гэты суфікс захоўваецца, прыкл.: суміраваць (а не «сумаваць»), камандыраваць (а не «камандаваць»), манкіраваць (а не «манкаваць»), манкіраваньне.

Апостраф (’) і ь (мяккі знак)

Правіла 128. 1) Мяккі знак — ь у іншамоўных словах пішацца пасьля мяккіх л, н перад ётаванымі галоснымі, прыкл.: рэльеф, барэльеф, каньюнктура, каньюгацыя, Уільям, більярд, каньяк, пэньюар, кампаньён, Ныютан, Нью-Ёрк.

УВАГА: Словы: батальлён, мільлён, мэдальлён, павільлён згодна з францускім напісаньнем, якое захоўваецца, прыкл., і у нямецкай мове, пішуцца праз падвойнае льл.

2) У іншых выпадках ставіцца апостраф (’): ад’ютант, аб’ект, суб’ект, кур’ер, бар’ер, кар’ера, ар’ергард, Т’ер і інш.