Беларускі правапіс (1943)/II/А/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 10. Правапіс злучнікаў § 11. Правапіс часьцінак
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год
Б. Правапіс іншамоўных словаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 11. Правапіс часьцінак

І. Правапіс адмоўя не (ня)

1. Правіла 105. Адмоўны дапаможнік не (ня) з наступнымі за імі словамі пішацца зьлітна і асобна.

А. Зьлітна не (ня) пішацца у наступных разох:

1) Калі слова бяз не не ужываецца: нябожчык, небарака, немач, недасол, нягода і др.

2) Калі не (ня) дадаецца да слова не для адмоўя, а для утварэньня новага слова (паняцьця), напр.: няшчасьце — гора, непрыяцель — вораг, няпраўда — ашуканства, нягодны — благі, неразумны — дурны, невялікі — малы, невясёла — маркотна, сумна, неспадзявана — раптоўна, недалёка — блізка, нявысака — нізка.

З) не пішацца зьлітна з неазначальнымі займеньнікамі: некато́ры, не́які, не́якісь, не́хта, не́шта, не́кага, не́чага і прыслоўямі: не́калі, не́дзе, не́куды, не́адкуль, прычым у гэтых выпадках на не прыходзіцца націск.

Правіла 106. Б. Не (ня) пішацца асобна:

1) ад дзеясловаў і дзеяпрыслоўяў: ня чытаў, ня піша, не прайсьці, ня бачыў; не гаворачы, не зрабіўшы, ня лежачы, ня бачыўшы.

Але калі дзеяслоў ці дзеяпрыслоўе бяз не не ужываецца, дык не з дзеясловам або з дзеяпрыслоўем пішацца зьлітна: недамагаць, ненавідзець, няволіць, няможацца, нестае; недамагаючы, няволіўшы і г. д.

2) Калі за сказам з адмоўем ідзе сказ з адваротным, супраціўным значэньнем, напр:

Не векавое, а ракавое. Гэта былі не разумныя, а хітрыя людзі. Ня дзіва, што малако сіва (ня ёсьць дзіва, а штось іншае).

3) Не (ня) ад дзеяпрыметнікаў пішацца асобна, калі у сказе ёсьць супроцьстаўленьне таму, што выражана дзеяпрыметнікам з не, прыкл.: «Не прачытаная, а толькі павярхоўна прагледжаная кніга».

З кароткімі дзеяпрыметнікамі адмоўе не (ня) пішацца заўсёды разьдзельна: Кніга не прачытана. Жыта ня зжата.

2. Правапіс часьцінкі ні

Правіла 107. На пісьме трэба адрозьніваць часьцінку ні ад не.

Часьцінка ні пішацца у наступных выпадках:

1) Калі выражаецца поўная адмоўнасьць: ніхто, нішто, нікога, нічога, ніколі, нідзе, ніадкуль, ні разу, ні грозьбаю, ні просьбаю; ні вала, ні кала.

У такіх выпадках часта заміж ні кажуць ані: Ані вухнуў, ані рухнуў. Ані вухам не вядзе.

2, а) Калі ні можна замяніць на злучнік і, які у сказе спалучаецца з адмоўем не або адмоўнымі словамі няма, нельга, прыкл.: «Ня умее ні чытаць, ні пісаць (… і чытаць і пісаць);

б) калі у сказе пры дзеяслове ёсьць ужо адмоўе не: не сказаў ні слова (не сказаў і слова). Работа ня спынялася ні на часіну;

в) калі у сказе ёсьць слова няма: няма ні сьледу (няма і сьледу); :

г) калі у сказе ні паўтараецца і падразумяваецца дзеяслоў з не або слова няма: Ні мяжы, ні краю нашаму ураджаю. (І мяжы і краю няма нашаму ураджаю). Праз балоты нельга ні прайсьці, ні праехаць.

3) Калі ні наагул зьяўляецца паўторным злучнікам: На дварэ ні то дождж, ні то сьнег.

4) Калі у сказе колькі адмоўяў, дык пры выказьніку пішацца не (ня), а пры іншых словах ні: Ні расінкі ня было у роце. Ні панюхаць не далі. Хворы ня мог чытаць ні кніг, ні газэт. Работа ня спынялася ні на часіну.

5) Часьцінка ні ужываецца для узмацненьня дадатнага значэньня выказьніка, які не выражае адмоўнага сэнсу; такія сказы пачынаюцца выразамі: куды ні, як ні, за што ні, каго ні і падобн.

Куды ні глянь — усюды кіпіць работа (= глянь ва усе бакі). За што ні возьмецца — усё зробіць (= за усё возьмецца). Як ні налягаў ён на вёслы, а човен гнала вада (= вельмі налягаў). Куды ні кінь — усюды клін. Каго ні спытай — ніхто ня ведае.

УВАГА: Часам для узмацненьня дадатнага значаньня выказьніка ужываюцца два дзеясловы (адзін з іх пры гэтым інфінітыў) з адмоўямі не (ня) або не (ня) і нельга: Ня мог ня цікавіцца (= абавязкава цікавіўся). Ён ня мог не зрабіць (= абавязкава зрабіў). Нельга не сказаць.
У такіх выпадках пішацца не (ня).

6) Адмоўе ні пішацца зьлітна з адмоўнымі займеньнікамі і прыслоўямі: ніхто́, нішто́, нічы́й, ніякі́, ніво́дзін, ніко́лі, нідзе́, нічу́ць, ніку́ды, прычым націск ня падае на ні.

3. Ужываньне часьцінак -небудзь, -бы (б), -жа (ж), абы, то

Правіла 108. Часьцінкі -небудзь, -бы (б), -жа (ж), то пішуцца з папярэднім словам праз злучок; часьцінка -абы пішацца праз злучок з наступным за ім словам: абы-хто, абы-што, хто-небудзь, калі-небудзь.

УВАГА: Часьцінкі -б, -ж пішуцца па галосных, а -бы і -жа па зычных і па й, ў, прыкл.: чытаў-бы, але: чытала-б, хадзем-жа, але: ідзі-ж.
Ці-то птушка кінула зярнё, ці-то ветрам занясло яго? Што-то будзе, што-то будзе? Абы-які, абы-куды, абы-дзе.
Калі-ж гэтыя дапаможнікі сходзяцца разам, дык яны паміж сабою злучком ня зьвязваюцца: куды-ж бы мне пайсьці? Вот быў-бы ж рады! То-то б была радасьць!