Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1943)/I/А/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
← § 1. Правапіс галосных § 2. Правапіс зычных
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год
Б. Націск →

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 2. Правапіс зычных

8. Зацьвярдзелыя зычныя

Правіла 13. Пасьля зацьвярдзелых зычных (ж, ч, ш, ц, р, дж) з галосных пішуцца толькі а, о, у, э, ы: часам, жоўты, жыта, чыгун, шыла, шырыня, рэчка, цыбуля, цэрква, дажджы і г. д.

9. Правапіс глухіх і звонкіх зычных

Звонкія: б, г, г (g), д, ж, з, дз, дж.

Глухія: п, х, к, т, ш, с, ц, ч.

Правіла 14. Звонкія зычныя на канцы словаў і перад глухімі чуваць, як адпаведныя ім глухія, і наадварот: глухія зычныя перад звонкімі чуваць, як звонкія. Але пісаць трэба так, як гэтыя гукі чуваць перад галоснымі:

блізка, а ня бліска, бо блізенька
будка„бутка„будачка
дзядзька „дзяцька„дзядзечка
лыжка„лышка„лыжачка
казка„каска„казаць
хлеб„хлеп„хлеба
лёд„лёт„лёду
ладзь„лаць„ладзіць
боб„боп„бобу
еж„еш„ежа, ежма
касьба„казьба„касіць
просьба, а ня прозьба, бо прасіць
малацьба, а не маладзьба, бо малаціць
пяцьдзясят, а не пядзьдзясят, бо пяцёра

Заўважыць напісаньне словаў: надта, кепска, раптам, шмат, нават, скрозь, мяккі.

Але прыйменьнікі і прыстаўкі, якія канчаюцца на б і д, як: аб, ад, пад, над, перад (прад), заўсёды пішуцца нязьменна незалежна ад таго, стаяць яны перад звонкімі ці глухімі зычнымі:

аб пень абсыпаць
ад хаты адхіліць
ад кнігі адскочыў
пад сьвята падкінуў
пад шапкаю падказаць
над табою надсыпаў
над сабою надсек
перад сваймі прадстаўнік

і г. д.

Правіла 15; Прыстаўкі, якія канчаюцца на з, як: з, без (бяз), уз, раз, цераз, перад глухімі зычнымі (к, п, с, т, х, ц, ч, ш) зьмяняюць з на с: скаціўся, скарыстаць, схадзіць, бясконца, беспрацоўны, усход, ускласьці, успомніў, расьціць, раскрыць, рассыпаць, расказаць, растаяць, цераспалосіца і г. д.

Але у гэтых прыстаўках з застаецца бяз зьмены:

1) перад звонкімі зычнымі: згарыць, згінуць, бездапаможны, бяздомны, узгадаваць, зжаліўся, зьбіў;

2) перад в, л, м, н, Р: зваліць, зважыць, злавіць, разламаць, разьмяць, узмацнець, зьняць, узрасьці, разрэзаць, зрабіць і г. д.

3) перад ётаванымі галоснымі е, я, ю: узьехаў, разьязджалі, разьюшаны.

4) Калі з, без (бяз) і цераз пішуцца асобна (прыйменьнікі), дык з на с не зьмяняецца: з хаты, бяз солі, бяз шапкі, цераз сад, цераз поле і г. д.

10. Правапіс д і т (дзеканьне і цеканьне).

Правіла 16. Зычныя д і т у беларускай мове бываюць толькі цьвярдыя: лёд, гарод, вада, другі, хата, халат, плот, бот і г. д.

Пры памякчэньні гэтых гукаў д пераходзіць у дз, а т у ц мяккія (дзь, ць).

лёд на лёдзе
вада у вадзе
гарод у гародзе
буду будзе
хата у хаце
халат у халаце
плот на плоце
бот у боце

і г. д.

УВАГА: Перад мяккім в карэнныя д і т заўсёды памякчаюцца: дзьве, дзьвесьце, дзьверы, Дзьвіна, чацьвер, у Ліцьве, у таварысьцьве, амярцьвелы.
Але перад мяккім в не зьмякчаецца:
а) прыставачнае д: адвязаць, адвезьці (адвязу), адвесьці (адвяду) падвезьці, падвесьці, падвесіў, падвячорак, падвязалі і г. д.
б) суфіксальнае т, перад якім ёсьць дз або ц: у грамадзтве, у супрацоўніцтве.

11. Правапіс памякчаных з, с, дз, ц (з «т»).

Правіла 17. Перад мяккімі зычнымі гукі з, с, дз, ц памякчаюцца — чуваць і пішацца: зь, сь, дзь, ць: зьмена, зьвер, зьняць, сьнег, сьвет, сьляза, посьпех, дзьве, дзьверы, цьвіце, цьвет, дзьмяны і г. д.

Але перад г, к, х гэтыя гукі не памякчаюцца: згінуць, схіліць, скінуць.

12. Правапіс злучэньняў зычных.

Правіла 18. Злучэньне дс карэннага д з суфіксальным с у суфіксах ск, ств пішацца праз дз, прыкл.:

заміж: пішацца:
гарадскі гарадзкі
людскі людзкі
суседскі суседзкі
швэдскі швэдзкі

а таксама: суседзтва, сьледзтва.

Правіла 19. У злучэньнях стн, стл, здн, рдц, рдн, ждн сярэднія зычныя т, д у мове ня чуваць і ня пішуцца, напр.:

Заміж: пачэстны пішацца: пачэсны
„ постны „ посны
„ істнаваць „ існаваць
„ карыстны „ карысны
„ злостны „ злосны
„ няшчастны „ няшчасны
„ пастлаць „ паслаць (пасьцель)
„ поздны „ позны
„ сэрдца „ сэрца
„ міласэрдны „ міласэрны
„ каждны „ кажны.

УВАГА: Заміж слова «соўнца» пішацца сонца.

Правіла 20. Калі злучэньне сч чародуецца з ск, дык гэтае злучэньне пішацца праз шч, напр.:

ласка лашчыцца
воск вашчына
трэск трашчыць
піск пішчыць
польскі Польшча
прускі Прушчына
Менск Меншчына
пяскі пяшчаны.

Правіла 21. Калі злучэньне цч чаргуецца з дк, дык пішацца праз чч, прыкл.:

нямецкі Нямеччына
турэцкі Турэччына
полацкі Полаччына
слуцкі Случчына
казацкі казаччына
старасьвецкі старасьвеччына.

Правіла 22. Заміж злучэньняў жс, зс, шс, сс, карэнных ж, з, ш, с з суфіксамі ск і ств, чуваць і пішацца с, прыкл.:

Заміж: прыгожства пішацца прыгоства
„ множства „ мноства
„ божскі „ боскі
„ рыжскі „ рыскі
„ пражскі „ праскі
„ французскі „ францускі
„ каўказскі „ каўкаскі
„ птушства „ птуства
„ харашство „ хараство
„ чэшскі „ чэскі
„ беларусскі „ беларускі
„ палесскі „ палескі.
УВАГА: У дзеяслоўных формах зваротнага стану (з ся на канцы) злучэньні шс, жс пішуцца этымалёгічна:
мыеш мыешся
вучыш вучышся
купаеш купаешся
ня руш ня рушся
не парэж не парэжся

Правіла 23. Злучэньні тс, кс, цс, чс, карэнных т, к, д, ч з суфіксамі ск, ств пераходзяць у мове і на пісьме у ц, прыкл.:

Заміж: братскі пішацца брацкі
„ братства „ брацтва
„ вар’ятства „ вар’яцтза
„ студэнтскі „ студэнцкі
„ сваякскі „ сваяцкі
„ сваякства „ сваяцтва
„ казахскі „ казацкі
„ мастакскі „ мастацкі
„ грэкскі „ грэцкі
„ выдавецства „ выдавецтва
„ купецскі „ купецкі
„ купецства „ купецтва
„ ткачскі „ ткацкі

Правіла 24. Калі карэнныя т, д, ч стаяць перад суфіксальным к, дык тк, дк, чк даюць злучэньні тц, тч, дц, дч і чц, прычым злучэньні тц, дц, чц вымаўляюцца як цц, а злучэньні тч, дч вымаўляюцца як чч, але гэтыя злучэньні пішуцца этымалёгічна, прыкл.:

чуваць:

але пішыцца:

матка пры маццы матцы
нітка на ніццы на нітцы
загадка у загаццы у загадцы
суседка сусеццы суседцы
дачка даццы дачцы
качка каццы качцы
сарочка у сароццы у сарочцы
нітачка па нітаццы нітачцы
матка маччын матчын
суседка сусеччын суседчын
УВАГА: Злучэньне дц у лічбоўніках пішацца фанэтычна праз цц: адзінаццаць, дванаццаць, чатырнаццаць, сямнаццаць, васямнаццаць, дзевятнаццаць, дваццаць, трыццаць.

Правіла 25. Калі прыстаўкі з, раз, без, цераз злучаюцца са словамі, якія пачынаюцца з ч, дык пішацца шч: шчасаць, шчышчаць; рашчасаць, рашчухаць, бяшчынства, бяшчэсьціць, шчасьце, рошчына.

Правіла 26: У злучэньнях сч, зч, пры спалучэньні асновы з суфіксамі пішацца як і чуваць, злучэньне шч, прыкладам:

перапісаць — перапішчык
разнасіць — разношчык
прыказ — прыкашчык
паравоз — перавошчык
паказаць — пакашчык
аб’езд — аб’ешчык
пяскі — пяшчаны (тут ск
чародуецца з шч).

Правіла 27. Злучэньні дч, тч карэнных д, т з суфіксамі чы, чык, пішуцца этымалёгічна:

сьлед следчы
загад загадчык
газэта газэтчык

13. Правапіс падоўжаных зычных («падвойных»)

Правіла 28. На месцы старой групы гукаў: галосны + зычны + j + галосны («весе + л + j + е», «жы + т + j + е») у беларускай мове (звычайна на канцы прадметнікаў) атрымаліся падоўжаныя зычныя з прыціснутым вымаўленьнем («падвойныя»).

Падоўжаныя зычныя могуць быць толькі паміж галоснымі:

дзьдзь: судзьдзя, ладзьдзя, медзьдзю, разводзьдзе, паводзьдзе, дзесяцігодзьдзе.
зьзь: гразьзю, мазьзю, рызьзё, зьзяе, зазьзяць, палозьзе;
льль: ральля, Ільля, вясельле, кольле, сольлю, Купальле, гальлё, зельле, прывольле, ільле, ільлецца (лепш — ліе, ліецца).
ньнь: каменьне, карэньне, заданьне, чытаньне, пісаньне, здарэньне, пытаньне, сумленьне, паведамленьне, узгадаваньне, скарыстаньне, паражэньне, вараньнё;
сьсь: калосьсе, валосьсе, касьсё, двукосьсе, брусьсе, сугалосьсе, гусьсю;
цьць: жыцьцё, вецьце, багацьце, куцьця, разьвіцьцё, пяцьцю, дзесяцьцю, дваццацьцю, трыццацьцю;

Але: моладасьцю, старасьцю, шасьцю без падваеньня ц, бо яно стаіць паміж зычным і галосным: «моладась + ц + ю», «шась + ц + ю».

жж: збожжа, падарожжа, узьбярэжжа;
чч: сук — суччо, лыка — лыччо, запеччу, у ваччу, ламачча, зарэчча, аблічча;
шш: узвышша, зацішша, у вушшу, з роскашшу.

Апрача таго падоўжаныя зычныя з прыціснутым вымаўленьнем зьяўляюцца пры злучэньні прыстаўкі з карэнным гукам, ці карэннага н з суфіксальным н, прыкл.: рассыпаць, ссыпаць, бясспрэчна, расьсьмяяўся, аддаць, паддаць, бяззубы, раззлаваўся; але — расказаць (раз’ + казаць, а ня раз + сказаць);

каменны, насьценны, ячменны, конны, машынны, чыгунны, надзённы, раённы, вапенны, карэнны, страшэнны.

Падвойнае цц пішацца:

а) у лічбоўніках: адзінаццаць, дванаццаць, трынаццаць, дзевятнаццаць, дваццаць, трыццаць;

б) у дзеясловах неазначальнай формы і у 3-яй асобе адзіночнага і множнага ліку цяперашняга або будучага простага часу, калі ц стаіць пасьля галосных: мыцца, вучыцца і вучацца, купацца, сьмяяцца; мыецца — мыюцца — памыюцца, купаецца — купаюцца — пакупаюцца і г. д.

Але калі ц стаіць пасьля зычных, дык пішацца адно ц: здасца, ад’есца, наесца.

УВАГА. Зычныя б, п, м і р, а таксама ў не падвойваюцца, прыкл.: бязрыб’е, куп’ё, сям’я, надвор’е, здароўе, салаўі.

14. Ужываньне ь (мяккага знаку) і (’) апострафу.

Правіла 29. ь (мяккі знак) ужываецца:

1) Пасьля мяккіх зычных для абазначэньня іхнае мяккасьці, прыкл.: зьвер, сьнег, дзьве, дзьверы, дзьме, пень, конь, людзьмі, маладосьць, чытаньне, заданьне, зазьзяе, восьмы і г. д.

2) Калі мяккі зычны ня зьліваецца з наступным ётаваным гукам (е, ё, я, ю), прыкл.: зьелі, зьява, зьяўляюцца, разьюшаны, зьехаліся, зьезд, зьіначыць і г. д.

Правіла 30. Апостраф (’) ужываецца, калі цьвярды зычны ня зьліваецца з наступным ётаваным галосным, прыкл.: надвор’е, п’ю, б’ю, куп’ё, сям’я, бар’ер, п’яўка, бязрыб’е, вераб’і, аб’ява, шматкроп’е, саф’ян, аб’ехаць, аб’есьці, пад’ехаў, пад’еў і г. д.