Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/18
← 17. Жніво | 18. Восень Абразок Аўтар: Якуб Колас 1927 год |
19. Мяцеліца → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (Колас, апавяданьне). |
18. Восень.
Луг даўно скошаны. Дзе ўлетку калыхалася зялёная трава і блішчалі кветкі, там цяпер пуста, адны толькі дзябёлыя стагі стаяць па грудочках, як вежы. Маладзенькая травіца-атава блішчыць на сонцы. Ёй ужо ня вырасьці да старое. Буслы даўно пазьляталі з гнёзд ды ходзяць чародамі па лузе або кружацца высока-высока ў небе, усё роўна як радзяцца перад далёкай дарогай.
Жыта на полі зжата і зьвезена; авёс і ячмень — сабраны, толькі дзе-ні-дзе жаўцее палоска позьняга аўсу ці ячменю, ды пачарнелыя лапінкі грэчкі чакаюць сярпа. Картаплянік на картоплі павяў і апусьціў сухое лісьце, адны цыбуры тырчаць, як палкі. Глуха і нудна стала на полі. Ужо ня чуваць спакойнай гаворкі ціхага ветру з палоскамі збожжа, толькі іржышча гаворыць, што тут красаваліся пасевы. Ужо не трапечуцца ў небе жаваранкі з мілымі песьнямі. Прайшла вясёлая пара лета! Усё адцьвіло, адкрасавала.
Ціха і глуха стала ў лесе. Птушкі перасталі сьпяваць. Лісьце на дрэвах пасохла ды патроху асыпаецца на дол.
Сонца ня грэе так цёпла, як бывала ўлетку. Яно ўсё ніжэй і ніжэй ходзіць па небе. Неба часьцей і часьцей засьцілаецца хмарамі. Туманы закрываюць ад вачэй белы сьвет. Дробны дожджык імжыць, як праз сіта. Нудна і няпрытульна выглядае ўсё ўвосень!