Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
16. Мурашкі 17. Жніво
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
18. Восень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жніво (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




17. Жніво.

Рэдкае збожжа — травы палавіна.
Колас ня гнецца зярнём да зямлі.
Знаць, нешчасьліва была та часіна,
Як кідалі зерня сяўцы па ральлі.

Вышлі на поле вось жнеі з сярпамі
Ў лапцях лазовых, а хто без лапцей.
Ніва пустымі шуміць каласамі,
Ніва ня цешыць жаночых вачэй!

Цяжка ўздыхнуўшы, збаны пастаўлялі,
Клункі на межы паклалі жняі;
Бабы старыя свой твар пражагналі,
Ціха за працу ўзяліся дзяўкі.

Горача ў полі. Эх, жар дакучае!
Праца марудна, бясконца цяжка.
Сьпіну і плечы ім боль адбірае,
Аж дзервянее у жнеек рука.

Збэрсана жыта, чапляецца колас.
Жменя нажата, разгнецца жняя,
Жыта паложыць на скручаны пояс.
Цяжкая, жнейка, работа твая!

Ціха на полі ў палудзень гарачы.
Хоць-бы дзе кусьціка рэдкая цень!
Толькі ў калысцы плач чуеш дзіцячы,
Нудна над вухам зьвініць авадзень.

Я. Колас.