Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/38/6
← 5. Скрыпач і ваўкі | 6. Мядзьведзь Навукова-папулярны артыкул Аўтар: Язэп Лёсік 1927 год |
7. Птушкі — памочнікі чалавека → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мядзьведзь (Лёсік). |
6. Мядзьведзь.
У нашым лесе мядзьведзь самы вялікі зьвер. Ходзіць ён па лесе, спусьціўшы галаву, і ступае так цяжка, што здалёку чуваць, як суччо трашчыць.
У лесе мядзьведзю ўсякай пажывы даволі. Раньняй вясною есьць ён маладую траву, пучкі на дрэвах, ловіць птушак; улетку хапае на яго долю дзікіх груш, яблыкаў, грыбоў. Спрыцен ён лавіць ракоў і рыбу ў рацэ. А то знойдзе мядзьведзь мурашнік, засуне туды лапу ды аблізвае мурашак, што насядуць на лапу. Але найбольш падабаюцца яму мядовыя соты. Хоць пчолы кусаюць яму морду, ён упорчыва ламае дуплё, дзе сядзіць пчаліная сям’я: разломіць і зьесьць з мёдам усё — соты, кускі дрэва, вашчыньне і самых пчол. Добра, калі яму гэткае пажывы хапае, а не — то з голаду мядзьведзь да скаціны лезе: няхай толькі пападзе, дык заесьць цяля, карову задушыць, нават спутанага каня здолее ў лес пацягнуць.
З людзьмі мядзьведзь ня любіць сустрачацца — здалёку чуе ды ўцякае. На зіму мядзьведзь ліняе, абрастае цёплаю поўсьцю ды кладзецца ў бярлогу. Засыпае бярлогу сьнегам, і толькі праз невялікую шчыліну ідзе пара ад мядзьведжага дыханьня, і гэтак сьпіць ён да вясны. Увясну схудзелы, галодны вылазіць ён з бярлогі.