Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/38/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
4. Нашыя гасьцінцы 5. Скрыпач і ваўкі
Апавяданьне
Аўтар: Карусь Каганец
1927 год
6. Мядзьведзь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Скрыпач і ваўкі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




5. Скрыпач і ваўкі.

Жыў на сяле скрыпач. Яшчэ змалку навучыўся ён граць на скрыпцы. Вось прышла восень, пачаліся вясельлі. Клічуць скрыпача то туды, то сюды граць на вясельлі. Раз прышлося скрыпачу варочацца позна ўночы дамоў. Ісьці трэба было лесам. Праз лес ішла ездавая дарога, але сьцежкаю было бліжэй, як тэю дарогаю. Скрыпач і думае: „Пайду проста сьцежкаю, усё-ж бліжэй будзе“. Дый пайшоў.

Ноч была і так цёмная, а то яшчэ ў лесе. Ішоў ён, ішоў ды неяк заблудзіў і раптам, як шабаўтне кудысь пад зямлю! Упаў і ня так пабіўся, як налякаўся: Што яно такое?

Падумаўшы — дагадаўся: гэта была воўчая яма. Гэтак лавілі ваўкоў: выкапаюць глыбокую яму, прыкрыюць зьверху тонкім гальлём і прынаду паложаць. Воўк прынаду счуе, пабяжыць да яе ды ў яму і праваліцца.

Як дагадаўся скрыпач, дык трохі супакоіўся. Калі чуе — у яме штось як завые! Скрыпач так і пахаладзеў. Глянуў — ажно проці яго як-бы дзьве сьвечкі гараць. Скрыпач ведаў, што ў ваўка папоцемку вочы сьвецяцца, і што гэта ваўчок папаўся ў яму ды сядзіць.

— О, гэта добры таварыш! — думае скрыпач: — А ў мяне і паганага пакалка няма, адна скрыпка. Што тут рабіць? Вылезьці з ямы папоцемку нельга, а пачнеш вылазіць, дык воўк цябе ззаду!

— Пагана, — думае скрыпач: — гэта воўк цяпер спалохаўся ды не чапае, а як ачухаецца, то з костачкамі зьесьць.

І запраўды, крыху пачакаўшы, воўк пачаў варушыцца, ня іначай бліжэй падступацца.

— А ну, хіба на скрыпцы заграю! — сказаў сабе скрыпач ды давай іграць.

Скрыпка як загалосіць, а воўк як адскочыць!

— О, — думае скрыпач гэта добра!

Ды давай іграць вясёлае да скокаў. Скрыпач грае, а воўк вые. Калі чуе скрыпач, ажна з лесу яшчэ воўчыя галасы аказаліся.

— Вось, — думае скрыпач, — папрыбягаюць!

Але граць не перастае. І такая ў іх музыка пайшла: скрыпач грае, воўк у яме вые, а другія ваўкі з лесу сабе голас падаюць. Іграе скрыпач, а сам на неба пазірае — ці ня сьвітае часам?

І хто яго там ведае, што-б было, але сапраўды стала на сьвет займацца. Здарылася так, што паляўнічы блізка праходзіў і пачуў, што скрыпка грае, а воўк вые. Ён пайшоў паглядзець, што яно за дзіва такое.

Падышоў паляўнічы бліжэй, глянуў — і праўда: у вадным кутку скрыпач, а ў другім — воўк.

Паляўнічы апусьціў скрыпачу дручка і выцягнуў яго, а тады ўжо ваўка забіў.

К. Каганец.