Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 32. Знакі прыпынку пры адасобленых часьцінах сказу § 33. Знакі прыпынку пры пабочным сказе
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 34. Знакі прыпынку пры чужаслоўі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 33. Знакі прыпынку пры пабочным сказе.

Правіла 12. 1) Пабочны сказ выдзяляецца коскамі, калі ня вельмі пашыраны. (Там, здавалася яму, павінна быць дарога да роднае вёскі).

2) Працяжнікамі або дужкамі, калі пабочны сказ сустаўны па форме або на яго зварачаецца асаблівая ўвага. (Раз пад вечар — гэта было ў нядзелю, калі шмат народу сядзела на прызбах — ішоў Антось з места. На ўсю нашую вёску (а вёска хат трыццаць) ня было набожнейшага чалавека за Пранука Агорчыка).

Практыкаваньне 14. Сьпісаць і пабочныя сказы падчыркнуць.

Стары, кажуць, змуста, да без яго ў хаце пуста. Змораны і сярдзіты — бо шмат сена не ўхапілі — вярнуўся я дадому. Беларускія пляменьні (крывічы, дрыгвічы і радзімічы) здаўна жывуць на сваёй зямлі. Не сьцярпеў (грэшны я чалавек!) — узлаваўся. Налева зноў двор пачынаўся (ён з першым дворыкам стыкаўся) ды ў сад сьцяною упіраўся. Зімою, напрыклад, у вялікі мароз, на акне (адно яно было ў нас) такія бывалі прыгожыя кветкі, што так і глядзеў-бы на іх. Давялося ўдаве-каршунісе (мужа нядаўна на сьметніку забілі: надта ўжо з курыцай завёўся) дачку замуж аддаваць. Нават агульны выгляд яго (дубка) твару (бо і дрэва мае свой твар) меў характар цікавай асобнасьці. Ён пакрашае скрозь (даволі ёсьць знароўкі) свае шматхварбныя застаўкі і канцоўкі. Так мора — у Гданску я чуваў — прымчыць вадой бутэльку, аблітую смалою. Дзеткі, кажа, мае мілы: я ўжо блізак да магілы. Калі ты ідзеш з сахою, з возам ці з сяўнёю, не кажы ідучы з дому „дабрыдзень“ нікому, а другое — знай, ці чуеш? — як арэш ці барануеш ды дадому ўжо адходзіш — абгарадзіць не пашкодзіць. А нарэшце — помні гэта! — ці то восень, вясна, лета ці зіма, каб круглым годам табе яда была з мёдам. Расказаўшы гэта сыну бацька ў тую-жа часіну (так казалі ўсе аб гэтым) і растаўся з белым сьветам. Венцер новы — маеш час — залатай. Два браты (аднаму было сем год, а другому — дзевяць) папрасілі сваю матку пабудзіць іх заўтра рана, каб да сонца зайсьці ў лес: яны надумаліся пайсьці ў грыбы. Ня ведаю, коце (гэтак мама называла мяне заўсёды), ці ўсё тут праўда напісана. Чыста ад пырніку поле апратай — поле тваё гэтым зельлем багата — бо калі ў пырнік зерня пасееш, з працы свае карыстаць не здалееш. Ляжыць дуб-дзядуля на сваім месцы (сукі толькі паабсякалі), а з-пад яго вырасьлі тры тоненькія гладкія дубочкі. З кап’ём (дзідаю) славянін сьмела ішоў на вядзьмедзя, дзіка і лася. Пакланяліся нашыя продкі сонцу (Дажбогу), грому (Пяруну), порам году: вясьне, лету, восені і зіме (Лёлі, Цёці, Жыценю і Зюсі). Багіню лета — Цёцю — старавечны беларусін уяўляў у постаці прыгожай жанчыны, прыбранай сьпелым калосьсем. Клімант Смаляціч (жыў у ХІІ-м веку) вызначаўся як грамадзкі дзеяч, політык і філёзоф. Зайчыкі страпянуліся — яны, мабыць, былі мокрыя ад расы — паднялі вушкі ды пабеглі ў хвайнячок. Выходзячы на вуліцу (іх усяго пяць; найбольшая ўпіраецца ў мост цераз Нёман), я заўсёды натыкаўся на такую сцэну: Заіка стаяў перад пастаўленымі ў рад дзяцьмі ды муштраваў іх пасалдацку.