Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 31. Знакі прыпынку ў складана-залежных сказах § 32. Знакі прыпынку пры адасобленых часьцінах сказу
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 33. Знакі прыпынку пры пабочным сказе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 32. Знакі прыпынку пры адасобленых часьцінах сказу.

Правіла 11. 1) Калі дзеяпрыметнік-азначэньне з паясьняльным словам ці з некалькімі паясьняльнымі словамі стане пасьля таго слова, да якога адносіцца, то аддзяляецца коскаю, напр.: Зноў на полі рунее збажынка, абуджаная сонцам.

Калі такое дзеяпрыметнае выражэньне стане перад тым словам, да якога адносіцца, то коскаю не выдзяляецца, напр.: „Адны толькі парыжэлыя ад сонца стагі стаялі па грудочках“. Калі выражэньне „парыжэлыя ад сонца“ паставім пасьля слова „стагі“, то яно выдзяляецца коскамі, напр.: Адны толькі стагі, парыжэлыя ад сонца, сталі па грудочках.

2) Але калі ў такіх разох перад дзеяпрыметнікамі ці прыметнікамі з паясьняльнымі словамі можна паставіць дзеяпрыслоўі „будучы“ ці „быўшы“, то такія выражэньні аддзяляюцца ад свайго азначальнага слова коскай; напр.: Зруйнованы (будучы зруйнованы) вайною, багаты край асірацеў. Поўны новых сіл і сьветлых надзей, я сьмела ішоў наперад.

3) Дзеяпрыслоўе з усімі словамі, што да яго адносяцца, заўсёды выдзяляецца коскамі. (Зябнуць вербы на марозе, прытуліўшыся к страсе. Вераценца, з рук упаўшы, грукне).

4) Адно дзеяпрыслоўе, калі стаіць у пачатку або ў сярэдзіне сказу, таксама аддзяляецца коскаю (Пад дуб, рохкаючы, падбегла лапавухая сьвіньня. У хворага пытаюць, а здароваму, ня пытаўшы, даюць. Воўк, не выбіраючы, душыць авечкі. Сядзеўшы, нічога ня высядзіш).

5) Але калі адно дзеяпрыслоўе (без паясьняльных слоў) стане ў канцы сказу, то коскаю не аддзяляецца, напр.: Ой пайду я гукаючы. Ён пайшоў не разьвітаўшыся.

6) Адасобленыя часьціны сказу, выражаныя дапаўненьнямі з прыназоўнікамі, разам з залежнымі ад іх словамі ці без залежных слоў, аддзяляюцца коскамі, напр.: Тоўсты мужчына, бяз шубы і шапкі, хадзіў па тротуары. Мы, пад уплывам вашых слоў, адмовіліся ад падарожжа ў горы.

Практыкаваньне 12. Сьпісаць ды адасобленыя часьціны сказу падчыркнуць.

Тоўстыя, аброслыя мохам старыя хвоі гарэлі, як сьвечкі. Хто з вас ня бачыў круглых кучак мурашніку, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля з жоўценькага пясочку? Як толькі праходзілі гэтыя, няведама адкудь нахлынутыя, думкі, Тадора зноў бралася за сваю работу. Цякла тут з лесу невялічка, травой зарослая крынічка, абодва берагі каторай лазьняк, алешнік абступалі. Густой апрануты ліствой, штось шэпчуць вербы між сабой. На лёдзе паказаліся палонкі, прагрэтыя сонцам. Шмат вады цячэ па рытвах, прамытых у зямлі. Шмат вады цячэ па прамытых у зямлі рытвах. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты з аблеткам, лясьнік загадаў зрабіць аблаву. Зірнуўшы на мурашнік, можна падумаць што мурашкі бегаюць, поўзаюць, кішаць бяз ніякага парадку. Гальлё спусьціўшы над парканам, расла тут грушка з тонкім станам, а каля хаты у садочку, схіліўшысь ціхенька ў куточку, стаялі вербы дзьве старыя. Даганяючы, не нацалуешся. Зваліўшыся з высакосьці, часам паломіш сабе косьці. Ня шукаючы, ня знойдзеш. Апусьціўшы нізка стройны валасок, ные сірацінка, плача каласок. Вышаўшы з душнае школы на прывольле, на прастор, дзеці весела бегалі, крычалі, даганялі адно аднаго. Хто з вас, гуляючы, не ўзьбягаў на круглыя горкі мурашніку, каб толькі пацешыць сябе? Разварачаючы мурашнік, вы не падумалі нават, якую бяду робіце мурашкам. Не пастаяўшы ў парозе, ня будзеш стаяць і ў куце. Баючыся воўка, і ў лес не хадзіць. Ня згубіўшы, нечага шукаць. Пагнаўшыся за двума зайцамі, ніводнага ня зловіш. Пытаючыся, дапытаешся. Чужое бяручы, сваё гатуй. Каля вады ходзячы, абмочышся. Паволі едучы, далей будзеш. Па балоце чайка ходзячы, рагоча.

ЗАДАЧКА 8-ая. Перанесьці набраныя курсывам даданыя часьціны сказу ў другое месца гэтак, каб яны сталі абасобленымі часьцінамі.

Адны толькі парыжэлыя ад сонца стагі стаялі па грудочках. Тоўстыя, аброслыя мохам старыя хвоі гарэлі, як сьвечкі. На лёдзе паказаліся прагрэтыя сонцам палонкі. Шмат вады цячэ па прамытых у зямле рытвах. Я ўстаў з-за стала не пад’еўшы. Брат лёг спаць не распрануўшыся. Я купіў гэты стол не таргуючыся. Дзеці доўга не маглі заснуць пад уплывам страшных казак. Мы прышлі дадому мокрыя і галодныя. Ён паглядзеў на мяне заплаканымі ад жалю вачыма. Ты пабудуеш сабе новы дзеравяны дом. Воўк душыць авечкі не выбіраючы. Набытая працаю капейка пераважыць лёгкі заработак. Выратаваны з гразі конь і лужыны баіцца. Ад жалю па дзецях маці зусім захварэла. Чарнелі затопленыя да самых стрэх сялянскія хаткі. Пад уплывам вашых слоў мы пабаяліся ісьці ў лес.

Практыкаваньне 13. Сьпісаць звычайнымі радкамі наступныя вершы:

1. Нёман.

Льлецца Нёман паміж гораў,
Сьветлы, чысты, як з расы,
Накапаў ён ям і нораў,
Гоніць году праз лясы.

Гэй ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас,
Бедну чайку, чалавека
Ты з сабой насіў ня раз.

А вясною на прасторы
Дуб стары сярдзіта гнаў,
І насіў ты крыгаў горы,
Луг і поле затапляў.

Разьліваўся па ракітах,
Занімаў і лес і гай;
Доўгавязы плыт за плытам
Носіш ты ў далёкі край.

Колькі раз рыбацкі човен
На грудзёх тваіх гуляў!
Гэй ты, Нёман, быстры Нёман,
Колькі дум ты мне нагнаў!

Чуў ты смутак горкай долі
Свайго сына мужыка,
Чуў ня раз у чыстым полі
Плач і сьлёзы бедака

У ціхі вечар над табою
Дудка плакала ня раз,
І кацілася сьлязою
Песьня ў раньні летні час.

А на беразе, пад дубам,
Ў ночку цёмную рыбак
Спаў ня раз пад мокрым лубам,
Гнуўся з холаду бядак.

А у боры вецер кветку
Да грудзей тваіх схіляў;
І ў табе касец улетку
Пот крывавы абмываў.

Над табою месяц круглы
Ў ясным небе ціха плыў,
І з табой высокі, смуглы
Лес ціхутка гаманіў.

Перарэзаў край ты родны
Беларуса-бедака…
О, наш чысты, наш слабодны,
Нёман, быстрая рака!

Ты цячэш далёка — знаю:
Ў землю Літвы і нямцоў…
Раскажы-ж чужому краю
Пра жыцьцё тваіх сыноў!

Я. Колас.