Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 24. Працяжнік на месцы прапушчаных слоў і злучок § 25. Знакі прыпынку пры прыдатках
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 26. Знакі прыпынку пры зваротках

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 25. Знакі прыпынку пры прыдатках.

Правіла 3. 1) Прыдатак (дапасованы і недапасованы) выдзяляецца ў сказе коскай. Калі прыдатак стаіць у сярэдзіне сказу, то выдзяляецца коскамі з абодвух бакоў. (Сядзелі яны, бедныя, у куточку ды плакалі. Недалёка, пад гарою, было балота. Праляцела борзда лета, наша сьвемлая пара).

2) Прыдатак-іменьнік, на які хочуць зьвярнуць асаблівую ўвагу, выдзяляецца працяжнікам (Сьпераду ляцяць самыя разумныя і дужыя птушкі — правадыры. Я ня вельмі люблю гэта дзерава — асіну).

3) Калі прыдатак-іменьнік і тое слова, да якога ён адносіцца, складаюць назоў аднаго прадмету, то паміж імі ставіцца злучок. (Апранула зямля-матка кажушок зялёны. Стаіць груша-сіраціна на мяжы ў полі. Зара-зараніца, хвоя-веліч, узьвей-вецер, вецер-дуронік, сын-сірата). (Бач. прав. 50, 5).

Але калі прыдатак-іменьнік мае пры сабе адно ці некалькі паясьняльных слоў, то выдзяляецца працяжнікамі або коскамі (Хлебароб — мужык вясковы — вось па межах ходзіць. Крыж хваёвы — знак пакуты — тут і там чарнее. Ваўчанят водзіць аблетак — гадавалы воўк. У Пятруся быў сябра — сын суседа, яго равесьнік Антось).

4) Калі прыдатак-іменьнік — уласнае імя або стаіць пры ўласным імі, то не выдзяляецца ніякім знакам: Аддалі замуж яго дарагую сястру Касю.

5) Калі прыдатак азначае пералічэньне, то перад ім ставіцца двукроп’е. (Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы: казьлякі, асавікі, зялёнкі, лісіцы і іншыя).

6) Калі прыдатак злучаецца з азначальным словам такімі словамі, як або, ці, нават, ажно, асабліва, гэта значыць (г. зн.) і іншымі, то перад гэтымі словамі ставіцца коска: Па моры ходзяць караблі, або вялікія параходы. Просіць шчыра грамацея, ажно шапку скінуў.

7) Калі прыдатак азначае якую-небудзь асаблівую назву — назву кнігі, газэты, твору, мясцовасьці, параходу ці чаго падобнага, то яго бяруць у двукосьсе. (Мы чыталі часопісь „Полымя“. Па Нёмне ходзіць параход „Беларускі Селянін“).

Увага. Калі ў сказе няма таго слова, да якога адносіцца прыдатак, выражаны асабліваю назваю, то ён ставіцца ў форме дапаўненьня. (Мы чыталі „Новую Зямлю“). У праціўным разе ён ставіцца ў назоўным склоне. (Мы чыталі поэму „Новая Зямля“).

Практыкаваньне 2. Сьпісаць і прыдаткі падчыркнуць.

Грышка, хлопчык невялічкі, вышаў з дому ў поле. Янка, брат майго таварыша, надта любіць паляваньне. Вісьне скарга уздоўж Нёмна, Беларусі сына. Устаў назаўтра ён ранютка, да усходу сонца. Будзеш ты чытаць нам, цёмным няўмекам. Горад Полацак пабудован у незапомныя часы. З поўначы холаду, сіверу буйнага, гусі на поўдзень ляцяць. Могілкі ў полі адны-адзінюткі. Два браты, Алесь і Антось, згаварыліся пайсьці ў грыбы. Толькі-ж ня слухае неба іх мовы — жальбы ржаных каласоў. І застогнеш, як над нівай той мужык-араты. Між узгоркаў, над ракою, выглядае сіратою наша беднае сяло. Раніцай, халадком, ісьці было нішто. Доўга, нават цэлыя годы, чуваць пах ляснога пажару. А там, проці сонца, зноў поўзалі хмаркі. Хвоя-веліч стаіць на кургане. Як ліхія думкі-мысьлі, над зямлёю хмары зьвісьлі. Пышны ўбор іх — лісты — пазрывала. Муж-нябожчык усплыў на думку. Вобразы мілыя роднага краю — смутак і радасьць мая! Адпачыўшы зноў конь цягне сошаньку-крывулю. І яго панукі-крыку не чакае Сіўка. У Пятруся быў сябра — сын суседа, яго равесьнік Антось. Няхай жыта — нашу ўцеху — не кране град ніколі! А там, каля агню, варушыліся і бегалі дзеці. Рана ўстала Алена — да сонца. Было тут, у дубох, адно прыгожае месца. І рэчка ў хвалях-жалобе бяжыць, і неба праз сьлёзы глядзіць. У цёмным лесе, у вялікай нары, вывела ваўчыха трох ваўчанят. За вёскай, на полі, узрастае сасонка. І сьніцца ёй, беднай, што вецер зьнямее, настане цяпло і спакой. На чужыне жывуць птушкі ўсе разам: і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі. А навокала — драбяза: валасянкі, падманкі, беражанкі і жаваранкі. За акном, на прызьбе, бачнелася касматая галава сабакі Мушкі. Памаленьку, незаметна для нас самых, у нашу душу засяваецца зерня страху. Расьце добра і прыгожа, ажно глянуць міла. Год мае чатыры пары: вясну, лета, восень і зіму. Скарына — доктар лекарскіх навук — на вежы сочыць зоры. У сваім жыцьці Андрэй кіраваўся прыказкай: „Хто не працуе, той ня есьць“. Раз толькі пасварыліся хлопцы, і пасварыліся за глупства — за ножык-цыганчык. Мы вышлі на палянку „Кірылава Магіла“. Увесь кавалак, аж да крыжовых дарог, засявалі нашы мужыкі. Вечарамі мужыкі зьбіраліся ў крайнюю хату дзеда Юркі.