Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/24
← § 23. Пункт, клічнік і пытальнік | § 24. Працяжнік на месцы прапушчаных слоў і злучок Падручнік Аўтар: Язэп Лёсік 1927 год |
§ 25. Знакі прыпынку пры прыдатках → |
§ 24. Працяжнік на месцы прапушчаных слоў і злучок.
Правіла 2. І. Працяжнік ставіцца:
1) Пасьля пералічэньня, дзе прапушчана некае слова (Вясна, лета, восень і зіма — поры году), або калі хочуць затрымаць увагу чытача, напр.: Глянь — нехта едзе. Падсадзі — сарву я грушку. Тут былі — і старыя, і малыя, бабы і дзеці.
2) У сказе з сустаўным выказьнікам на месцы прапушчанага дзеяслова-сувязі „ёсьць“, напр.: Дабро для ўсіх — наш правадыр. Шчырая праца — мазалёвая. Слова — вецер, а пісьмо — грунт. Курыца — птушка. Атаўка — сену прыбаўка.
3) У сказе, што служыць адказам на пытаньне, часта прапускаюцца ўсе часьціны сказу, апроч таго слова, што перадае зьмест адказу; гэты пропуск таксама азначаецца на пісьме працяжнікам, напр.: Паіў ты каня? — Паіў. А хіба-ж там ён? — Там.
ІІ. Злучок ужываецца ў такіх разох:
1) калі два словы складаюць як-бы адзін назоў (Зара-зараніца, шатавіла-матавіла, узьвей-вецер, вецер-дуронік. Хвоя-веліч стаіць на кургане. Пацяклі-паплылі за гадамі гады);
2) у падвойных фаміліях: Дунін-Марцінкевіч, Лапко-Лабаноўскі, Цьвірка-Гадыцкі, Севятаполк-Мірскі і г. д;
3) у складаных прыметах: сьнежна-белы, цёмна-сіні і г. д. (Бач. прав. 50, 5) і 6);
4) калі слова паўтараецца для памацненьня (Чуць-чуць ліпіць) або для злучэньня складаных прыназоўнікаў (з-за, з-пад, па-над);
5) для злучэньня частак бы (б), жа (ж)[1] з папярэднім словам (Рад-бы даць, каму-б гэта даць. А мой-жа ты саколік! Да куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?),
- Увага. Калі-ж бы, б, жа, ж сходзяцца разам, то яны злучком ня зьвязваюцца. (Куды-ж бы мне пайсьці? Вот быў-бы ж ты рады і г. д.). (Бач прав. 49, 3 і 4).
ЗАДАЧКА 2-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, заместа рысак, злучок або працяжнік.
Галоднаму і пушнінка—малінка. Чужая сіла—асіна. Ішлі—брылі валачобнікі. Лішняя нітка—палатну завада. Зімняя ночка—бацьку сарочка. Усхадзілася шура—бура. Спасаўка—ласаўка, а Пятроўка—галадаўка. Кожны дзень—няўзгода, кожны крок—прыгода. Шчырай праца—мазалёвая. Змоўклі птушкі—пяюхі. Маладзенькая травіца—атава блішчыць на сонцы. Цёмная хмарка адна—адзінютка. Спаленай нівы жаданьне ня збыта—міма хмурынка прайшла. Глянеш—сэрца забаліць. На дварэ—паленьне, трэскі, куча сьметніку ляжыць. Бедна тут жыве народ, а працуе—льлецца пот. Трэскі ўсаджаны ў аконцы, заміж шкла—радняны мех. Зелянеюць два—тры клёны. Блісьне кветка дзе—ні—дзе. Гляне ліпа дзе з—за хат. Дзе—ні—дзе садок зялёны. Луг шырокі, пышны, як—бы цар у кароне. Сьпее—дасьпявае колас сіратой. Цякла крынічка з—пад карча. Стаіць груша—сіраціна на мяжы у полі. Могілкі ў полі адны—адзінюткі. Усё ня гэтак, як там, дома—лава, печ старая. Усё—качэргі і ваконцы на нуду наводзяць. З палетку на палетак скача—ідзе дарога. Устаў пазаўтра ён ранютка—да ўсходу сонца. Вышла матка, плач пачула, бачыць—іх служака! Матку жаласьць агарнула—шкада небарака! У гуменцы—ні збажынкі! Поле—жоўты пясок. Замест хлеба—камень клалі ў мяшок. Муж—нябожчык усплыў на думку. Праляцела борзда лета—наша сьветлая пара. Сонца ўвосень рэдка паказваецца з—за хмар. Дунін—Марцінкевіч—наш пісьменьнік. Гад—удаў есьць толькі адзін раз на месяц, трус—жа—раз дваццаць на дзень. У нашым целе ёсьць трубачкі—жылы. Блескам—дрыгаценьнем зорка замігала. Настала ночка—чараўніца. Сінім стэпам—даліною ходзяць хмары веснавыя. Гром для селяніна—лепшая музыка на сьвеце. Усплывалі хмары—горы белымі клубкамі. Ветрык калыша траву—сенажаць. Край неба зацягнуўся чорна—сіняю хмарай. Яшчэ некалькі часу—і вёска зусім заціхае. Далёка—далёка цягнулася цёмна—зялёная палоска лесу. Куды ні глянь—усюды зелена, усё расьце, усё сьпее, усё наліваецца. Болей навукі—меней страху. А ў полі—нікагутка. Глянуў я—аж гэта воўк!
- ↑ Часткі бы, жа стаяць пасьля зычных (рад-бы даць, а мой-жа ты саколік), а б, ж — пасьля галосных (рада-б даць, а мая-ж ты галубка і г. д.).